epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Скрыган

Хвіліна

У вагоне са мною ехала дзяўчына, з якою я пазнаёміўся на Палессі. Даволі доўгі час я жыў там, вывучаючы матэрыялы да свае работы.

У Сабіны было многа свавольства і гарэзнасці. Часамі яна цэлымі днямі памагала маёй рабоце. А часамі звонка ўрывалася ў пакой з такою бураю настрою, што работа спынялася. Яна прыносіла з сабою светлую радасць дзяцінства. Мы ішлі тады ў поле, у мядовыя пахі лугоў і сонца. Мы выходжвалі за дзень бог ведае колькі дарог і сцежак, і нам усё было нова і весела. Мы не ведалі, што б нам такое яшчэ прыдумаць, і вывучалі мясцовую старажытнасць. Аглядалі старое рэчышча Прыпяці, мамантавы раскопкі і стаянкі першабытных людзей. Купаліся на чыстым плёсе рэчкі, а вечарамі заблуджвалі ў лес і раскладвалі агні.

Мы падружыліся з Сабінаю, і мне цяжка было думаць, што прыходзіць канец майму падарожжу і нам трэба будзе развітацца.

У вагоне было душна. Я выйшаў у тамбур і стаў каля адчыненага акна. За акном была густая, мяккая ноч. Я локцямі ўспёрся на раму і глядзеў у змрок, у твар мне біў свежы, ласкавы вецер.

Выйшла Сабіна. Яна палажыла на маё плячо сваю тонкую загарэлую руку. Яна стала поруч са мною, і мы абое глядзелі ў ноч, удыхаючы свежую, астуджаную яе цяплынь. Вецер нёсся насустрач, біўся ў нашы твары і калаціў танюсенькі шоўк Сабінінай блузкі ў яе на грудзях. Праходзілі людзі, часамі яны мелькам паглядалі на нас, а Сабіна не здымала свае рукі, і гэта было добра. Я думаў, што яны, мабыць, хораша зайздросцяць нам, і ў глыбіні душы быў рад, бо таксама зайздрошчу, калі бачу чужыя харошыя дачыненні.

На наступнай станцыі мы павінны былі развітацца. Я думаў пра тое, як цяжка разрываць прыгажосць чалавечае цеплыні.

Сабіна, мабыць, угадала мае думкі. Яна пацягнулася ўся к акну, каб папасці тварам у вецер, і стала так блізка, што я чуў яе дотык.

— Хочаш, я не буду злазіць тут, а паеду з табою? Хочаш?

Сказаўшы, Сабіна спужалася сама сваіх слоў і скоранька зняла з майго пляча руку.

— Прабач, я дурная. Я заўсёды была дурная,— сказала яна, і ў вачах у яе жахнуўся спалох.— Цяпер, мабыць, мы ніколі з табою не ўбачымся больш.

Можа на нейкую хвіліну мне здалося, што мы з Сабінаю былі разам вельмі даўно, можа ад самага нараджэння, а я толькі цяпер заўважыў гэта і дзівіўся, што не ведаў, як гэта добра.

— Стань бліжай,— сказаў я Сабіне.— Пакладзі руку на плячо. Мне вельмі добра ад твае рукі.

1935


1935