epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Скрыган

Добрасць

Пад весну мне захацелася купіць новы плашч. І пайшоў я ў «Сінтэтыку» — магазін на праспекце, светлы, раскошны, нейкі вельмі ж лёгкі на чалавечую зычлівасць.

Дзяўчынка, што стаяла пры ўваходзе ў аддзел, чарнявая, высокая, тоненькая, з гладка спушчанымі доўгімі валасамі, скупая на ўсмешку, нават строгая, сказала, што ад леташняга завозу ў іх мала чаго асталося. На ўсякі выпадак я перамераў увесь астатак тых леташніх плашчоў — яны не маглі парадаваць ні матэрыялам, ні колерам, ні фасонам. Засмучоны, я ўжо выходзіў з магазіна, калі дзяўчынка захацела мяне абнадзеіць.

— Заходзьце да нас,— запрасіла яна.— Неўзабаве мы чакаем новага завозу.

— Дзякую.

— Чакайце! — гукнула дзяўчынка, калі я быў ужо ў дзвярах.— Можа дома ў вас ёсць тэлефон?

— Ёсць.

— Дайце я запішу.

І праўда, можа праз тыдзень у тэлефонным званку я пазнаў голас дзяўчынкі з «Сінтэтыкі». Яна сказала, што ў магазін прывезлі новыя тавары і каб я прыйшоў.

Гэтае дзяўчо перамерала на мне бог ведае колькі плашчоў. Розных фасонаў, колераў, доўгіх і кароткіх, шырокіх і вузкіх, з гесткамі, з блішчастымі спражкамі, з кішэнямі накладнымі і ўшыўнымі, з буйным і дробным швом,— прыглядаючыся, што больш ідзе да майго росту, паўнаты, да маіх воч, круціла мяне і зблізку, і здалёк і нарэшце сказала:

— Вазьміце вось гэты: ён вас і маладзіць, і страйніць, наогул гэта вельмі добры плашч.

А спакаваўшы і аддаючы мне ў рукі пакунак, светла ўсміхнулася сваёю ўжо не строгаю, а самаю цёплаю ўсмешкаю і сказала:

— Дзякую.

Нічога не здарылася вялікага ці важнага. Але я ішоў дадому, лёгка несучы свой пакунак, і на вуліцы было многа сонца, і ўсе твары насустрач ішлі шчаслівыя, як бы да ўсіх людзей сёння дакрануліся нейкія добрыя тайны.

1979


1979