epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Скрыган

Думкі аб мове

1
2
3
4


1

 

У госці да мяне прыехала пляменніца. Даўно не бачыліся, захацелася пагаварыць, распытаць пра жыццё. Тым больш што чалавек яна ўжо дарослы, мае сваю інтэлігентную спецыяльнасць — медыцыну. Гаворка наша перарвалася, бо Вера падышла да кніжнае паліцы. Перабрала некалькі кніг, як бы гэтым вывучаючы мае густы. Звычайна па бібліятэцы можна дазнацца пра чалавечыя схільнасці або слабасці.

— Многа беларускіх,— сказала яна.— А я дык па-беларуску мала чытаю.

Такая заява мяне здзівіла. Карэнны жыхар Случчыны, там вырасла, жыве і працуе, з маленства ў сям’і гаварыла па-беларуску, і раптам...

— Чаму ж так? — папытаўся я.

— Бо калі я чытаю, то вельмі злуюся на вас, на пісьменнікаў. Мабыць, вы трошкі не так пішаце, як мы гаворым, ці што. Цяжкавата чытаць вас. Ну от глядзіце....

Мая госця дастала з паліцы кніжку і, адгарнуўшы самы пачатак яе, прачытала:

— «Зімчук гаварыў стрымана, нават некалькі суха». Ну што, добра? — папыталася яна.

Папраўдзе кажучы, я нават не адразу зразумеў, што не спадабалася маёй госці. Але яна тут жа растлумачыла:

— Калі б у нас захацелі сказаць гэта, то сказалі б так: «Зімчук гаварыў стрымана, нават крыху суха». А калі вы гаворыце некалькі, то скажыце колькі, бо ў нас могуць сказаць «некалькі» толькі да таго, што можна палічыць: некалькі чалавек, гэта значыць тры або чатыры, некалькі рублёў, некалькі кніг. А тут жа трэба «крыху» або «трохі».

— Ты надта строгі крытык...

— Не, вельмі не строгі,— перабіла яна.— Гэта ж я вам прачытала першае, што трапіла на вочы, ды яшчэ з мастацкай літаратуры. А як жа нам чытаць газеты, калі там часам аб напісанае можна язык паламаць... Чакайце, тут, пакуль вас не было, я газету чытала. Ну от паслухайце, як мне тут што зразумець. Пра тэатр, а я тэатр люблю.

Пашукаўшы сярод газет, яна знайшла «Літаратуру і мастацтва».

— Ну от слухайце, дзядзечка: «Другое вяртанне тэатра імя Янкі Купалы да сцэнічнага ўвасаблення вобразаў аповесці З. Бядулі «Салавей» не выпадковае». Словы-то беларускія, а фраза выкручана. У нас бы прасцей пра гэта сказалі: «Тэатр імя Янкі Купалы другі раз вярнуўся да сцэнічнага ўвасаблення вобразаў аповесці З. Бядулі «Салавей», і гэта не выпадкова». Або: «Не выпадкова тэатр імя Янкі Купалы другі раз вярнуўся да сцэнічнага ўвасаблення вобразаў аповесці З. Бядулі «Салавей».

Бачачы, што я хачу нешта сказаць, госця зноў перапыніла мяне:

— Не, дзядзечка, вы мне не кажыце. Не ўмеюць некаторыя пісьменнікі пісаць проста, так, каб нам лёгка было іх чытаць. Гэта ж выходзіць так, як недзе я ў банку чытала: «Крэдытныя аперацыі вытвараюцца з 12 да 3 гадзін дня». Або як у нас на пошце напісана: «Тут вытвараецца продаж марак». А чаму б не напісаць проста: «Крэдытныя аперацыі з 12 да 3 гадзін дня», «Тут прадаюцца паштовыя маркі»?

 

2

Цяпер гэта можа гучаць як анекдот, але ў свой час, вельмі даўно, на мінскай гуце «Пралетарый» была вывешана такая абвестка «Тут прадаецца шлюбнае шкло». Ясна, што такую абвестку пісаў не літаратар і не работнік літаратурнага фронту, але ж ён быў упэўнены, што піша па-беларуску. Чалавеку таму здавалася, што ведаць мову — гэта самая лёгкая рэч: узяў слоўнік, паглядзеў, як перакладаецца з мовы на мову такое або такое слова,— і работа зроблена. У слоўніку супраць рускага слова «брак» стаяла адно з азначэнняў «шлюб». Вось такім чынам і паявілася абвестка з шлюбным шклом.

Ведаць мову — значыць ведаць законы яе будавання, ведаць яе народную аснову. Бо толькі ведаючы народную аснову мовы, можна ведаць, як правільна і проста выказаць думку, як натуральна, паводле законаў гэтай мовы, пабудаваць фразу, дзе якое сказаць слова, патрэбнае іменна да гэтага месца, дзе зрабіць націск, дзе і як вымавіць галосныя, зычныя, цвёрдыя, мяккія, уласцівыя гучанню гэтай мовы. Ведаць мову — гэта ў першую чаргу ведаць, як гаворыць народ, бо яна — сродак зносін людзей.

Слоўнік — вельмі патрэбная пры рабоце рэч. Ён можа памагчы знайсці неабходнае слова, даць тлумачэнне, абагаціць лексіку. Але ж ён не падменіць сапраўднага адчування мовы.

На вуліцах часта мы можам сустрэць такія транспаранты: «Грамадзяне, захоўвайце правілы вулічнага руху». Паводле слоўніка гэтая фраза зроблена таксама правільна: движение — рух, граждане — грамадзяне, соблюдайте — захоўвайце. А ўся фраза не дае ўражання пісьменнасці. Такой фразы нельга ўявіць у жывой, народнай гаворцы. Больш натуральна, мабыць, фраза гучала б так: «Грамадзяне, пільнуйцеся правіл вулічнага руху» або: «Грамадзяне, трымайцеся правіл вулічнага руху».

Часта я саджуся да радыёпрыёмніка, каб паслухаць апошнія паведамленні, праслухаць якую карысную гутарку. Вядома, мне хочацца, каб па радыё са мною гаварылі так, як я гавару дома або як гавораць са мною мае суседзі, знаёмыя — звычайныя людзі. Дык пра самыя простыя рэчы па радыё гавораць іначай. Вось, скажам, гаворка ідзе пра кантралёра кіно, які добра спраўляе свой абавязак. Дыктар скажа так: «А цёця Маша працягвае ахоўваць парадак». Або: «Пасля заканчэння спектакля адбудзецца канцэрт», «Выкладанне ў студыі будуць весці артысты», «Ні яна, ні ўрачы, ні таварышы... не маглі і думаць аб працягванні вучобы», «...працягваць працу з далейшым унясеннем пытання...» Самым лепшым спосабам праверыць нармальнае гучанне фразы, гэта ўзяць ды папытацца ў сябе: а ці сказаў бы хто гэтак дома, у сваёй сям'і або свайму знаёмаму? Жывыя людзі, у тым ліку і складальнік тэксту і дыктар, гэтыя простыя думкі сказалі б прыблізна так: «А цётка Маша глядзіць за парадкам», «Выкладаць у студыі будуць артысты», «Пасля спектакля будзе канцэрт».

Тут, вядома, віна не дыктара ці артыста, якія перадаюць тэкст, а складальніка тэксту і рэжысёра. Але ж і выканаўцы тэксту часта таксама ведаюць мову толькі ў межах службовага карыстання і таму лёгка павялічваюць непісьменнасць. У розныя часы, з розных перадач мне ўдалося запісаць такое вымаўленне: «Скончылася вайна, і я паехала ў горад на Волге», «Вінцук пасварыўся з суседам», «Дзяўчына засталася ў горадзе і займалась», «Адразу пачаліся сумесныя спрэчкі», «Працоўныя паднялі сцяг барацьбы».

Агульнавядома, што калі вы бачыце добра апранутага і, здавалася б, культурнага чалавека і раптам гэты чалавек гаворыць портфель замест партфель або доцант замест дацэнт, то вам становіцца няёмка за гэтага чалавека, і вы пачынаеце здагадвацца, што ён невук, які толькі падрабляецца пад культурнага. Такое ж адчуванне, калі з няправільным націскам гаворыць дыктар або артыст па радыё, бо кожнаму вядома, што гаварыць трэба на Волзе, пасвары*ўся, займалася, пачаліся, паднялі.

На жаль, так гавораць не толькі на радыёцэнтры. Аднойчы па тэлевізары перадавалася камедыя Мальера «Скупы» ў пастаноўцы тэатра імя Янкі Купалы. Мы ўсе прывыклі думаць, што старэйшы тэатр рэспублікі ва ўсіх адносінах з’яўляецца прыкладам для другіх. Гэтае права ён заслужыў. Але, на жаль, у гэтым тэатры не ўсе артысты працуюць над моваю. Няёмка было слухаць іменна сярод купалаўцаў такое вымаўленне: «Раскайваецеся, што да*лі слова! (замест «далі слова»), «Вось чаго я баюсь» (замест «баюся»), «Калі б яны ў мяне былі б» (з непатрэбным другім «б»), «Прызнаюсь бы зрабіў» (замест «Прызнаюся, зрабіў бы»), «Я не хлУшу» (замест «не хлушУ»).

Непрыемнасць павялічылася тым, што са сцэны гучыць сухая аканцылярная мова: «Як вам будзе ўгодна, татачка», «Ледзь здолеў захаваць сваё хваляванне», «Увесь горад смяецца над намі», «Скажыце нам усё, і ваш гаспадар вас аддзячыць», «Чакаў падыходзячага моманту», «Мы хочам падзякаваць вас» і г. д. замест: «Як будзе ваша ласка, татачка», «Ледзь здолеў не выказаць свайго хвалявання», «Увесь горад смяецца з нас», «Скажыце нам усё, і вага гаспадар вам аддзякуе», «Чакаў зручнага моманту» (або зручнай хвіліны), «Мы хочам падзякаваць вам».

Праўда, апошняя віна, можа, нават не тэатра, а няўдалага перакладу, але ж тэатр таксама павінен адчуваць натуральнасць і культуру мовы, бо яго работа — гэта работа са словам.

Калі чытаеш кнігу і заўважаеш нейкія фальшывыя, непісьменныя мясціны, то хоць ведаеш, што ніхто не бачыць, як табе брыдка і няёмка, і цябе гэта не так шакіруе. А калі фальш гучыць са сцэны, то непрыемнага адчування няма куды дзяваць, і гэта падобна на тое, што твой сорам вынеслі на людзі, каб усе бачылі, як ты чырванееш.

 

3

Здавалася б, што ў першую чаргу мову павінны адчуваць літаратары. Іх друкованыя органы павінны былі б вызначацца і пісьменнасцю, і культураю, і багаццем мовы.

Аднак калі чытаеш нашы часопісы і газету «Літаратура і мастацтва», відна нейкая наўмысная неахайнасць. Як ні парадаксальна, але найбольш гэта бывае ў артыкулах па мастацтву і літаратуры. Іменна там, дзе больш за ўсё трэба было б чакаць культуры мовы. Вось, напрыклад, артыкул Д. Арлова «Аповесць і спектакль», пра сцэнічны варыянт аповесці З. Бядулі «Салавей». Нават высокапісьменнаму чалавеку не так лёгка прачытаць гэта.

«Вельмі прывабная задума перанесці вобразы Сымона (Адама — Салаўя) і Язэпа з аповесці на сцэну, імкнучыся захаваць усю разнастайнасць адценняў і фарбаў, сілу і хараство гэтых галоўных герояў твора». Фраза выпісана ад кропкі да кропкі, і разам з тым яна не закончана. Яна пабудавана так, што, пачынаючы чытаць «вельмі прывабная задума», міжволі чакаеш, што павінна быць сцвярджэнне: ...удалася ці не ўдалася яна аўтару.

Я разумею, чаму так здарылася. Аўтар па-руску думаў правільна: «Весьма привлекателен замысел...» А пры няўдалым перакладзе фраза чытаецца не як «привлекателен», а як «привлекательный», бо зроблены слоўнікавы пераклад, а не творчы, падпарадкаваны законам мовы. Можна было б сказаць, што і «імкнучыся захаваць» не вельмі на месцы, бо трэба, мабыць, не «захаваць», а «пакінуць» і не «імкнучыся», а «хочучы». Наогул фраза выйшла вельмі «вучоная», больш канцылярская, чым літаратурная.

Возьмем артыкул «Далей ад торных дарог!». Артыкул напісаны Алесем Кучарам, і нельга сказаць, каб аўтар не ведаў мовы. Тут, мабыць, самая звычайная непатрабавальнасць: артыкул жа пішацца для газеты. Чытаем: «Амаль такі ж лёс сустрэў кожны твор Шамякіна». Хто каго сустрэў? Кніга сустрэла лёс ці лёс сустрэў кнігу? Няхай гэта будзе прыдзірка, бо сэнс тут ясны, але ж фраза неахайная. Будзем чытаць далей: «А пры з'яўленні першага яго рамана «Глыбокая плынь» разыходжанне паміж ацэнкай крытыкаў і чытачоў было яшчэ большым». Таксама можна смела сказаць, што ў жыцці А. Кучар так не гаворыць. Артыкул напісаны спецыяльна для друку, знарок для газеты. І больш за ўсё крыўдна за гэтую прывычку думаць, што ў газеце трэба гаварыць нейкай другой хадульнай мовай. А я ўяўляю, як сказаў бы А. Кучар гэтую фразу, сустрэўшыся са мной або яшчэ з кім-небудзь. Ён сказаў бы, можа, так: «А калі паявіўся першы яго раман «Глыбокая плынь», дык чытачы з крытыкамі яшчэ больш разыходзіліся ў яго ацэнцы».

Самым звычайным канцылярытам можна лічыць такія фразы: «Працяжны гудок абвясціў аб заканчэнні працоўнага дня», «Наведвальнікі з задавальненнем чытаюць кнігі», «Несумненна, што на развіццё мастацтва зрабіла ўплыў васьмігадовае знаходжанне каля Віцебска. І. Рэпіна», «Пасля вайны яны былі дастаўлены ў Мінск і захоўваюцца ў фондах...», «Вобразы Алешкі, Понтуса, ды і раман у цэлым — сведчанне таго, што Карпаву пад сілу ўздымаць пласты жыцця», «Створаны спецыяльны гурток, прысвечаны знаходжанню І. Рэпіна ў Здраўневе», «...Мы выпісваем літаратуру толькі згодна з патрабаваннямі бібліятэчных работнікаў», «Я хацеў папярэдзіць хворага аб прыходзе госці».

Усё гэта можна сказаць куды прасцей і натуральней. Хоць бы вось гэтак: «Працяжны гудок абвясціў, што скончыўся працоўны дзень», «Наведвальнікі з прыемнасцю чытаюць», «Несумненна, на развіццё мастацтва зрабіла ўплыў тое, што непадалёку ад Віцебска каля васьмі гадоў жыў І. Рэпін», «Пасля вайны яны былі прывезены ў Мінск і зберагаліся ў фондах...», «Вобразы Алешкі, Понтуса, ды і раман у цэлым сведчаць, што...», «Мы выпісваем толькі тую літаратуру, якую патрабуюць бібліятэчныя работнікі», «Я хацеў папярэдзіць хворага, што прыйдзе госця».

Тая самая хвароба і ў такіх канструкцыях: «Колькі разоў узнімалася ў друку пытанне аб выданні фальклорных зборнікаў», «Між тым Вучэбна-педагагічнае выдавецтва мала клапоціцца аб іх папаўненні». І вось натуральнае гучанне гэтых фраз: «Колькі разоў гаварылася, каб пачаць выдаваць фальклорныя зборнікі», «Вучэбна-педагагічнае выдавецтва мала клапоціцца, каб іх папоўніць».

Склоны. І імі мы карыстаемся не вельмі ўпэўнена. У аднолькавых канструкцыях то вінавальны, то родны. Вось сказы, напісаныя ў вінавальным склоне: «Чаму б не адшукаць больш адпаведнае памяшканне» (дарэчы, не адшукаць, а знайсці), «Чаму б не падрыхтаваць тэматычныя зборнікі». А вось аналагічныя сказы ў родным склоне: «...рэцэнзіі не змяшчаюць неабходнага аналізу», «Нельга знайсці падручніка па беларускай мове» (а тут, дарэчы, ужо добра сказана: не адшукаць, а знайсці).

Правільнасць напісання падказвае народная гаворка. Успомнім прыклады: «Не магу дастаць сабе ботаў па назе», «Не магу знайсці сваіх рукавіц», «Я не чытаў гэтай кнігі», «Мне не налічылі яшчэ працадзён». Успомнім і правілы: адмоўе «не» патрабуе роднага склону.

 

4

За гады Савецкай улады наша мова вельмі ўзбагацілася, асабліва за лік тых галін грамадскага жыцця, якія пачалі развівацца толькі пасля таго, як Беларусь атрымала сваю дзяржаўнасць. Развілася тэрміналогія эканамічная, палітычная, філасофская, юрыдычная, тэхнічная. Гэта не цяжка заўважыць, калі параўнаць мову дваццатых гадоў з моваю нашых дзён.

Асноўным сродкам вытворчасці для пісьменніка з'яўляецца мова. Але мне здаецца, што часта мы карыстаемся толькі пэўным, я б сказаў, службовым запасам слоў, набытых за час нашай літаратурнай практыкі найбольш з кніг і газет, прывыклі да іх і на гэтым заспакоіліся.

Літаратар павінен быць вельмі чулы да слова. Ён павінен адчуваць, што для таго, каб перадаць розныя адценні думак ці пачуццяў, трэба і рознае слова. А ў нас часта бывае, што на адны словы мы ўскладаем вельмі вялікую, нават не ўласцівую ім службу, а другіх не заўважаем, і іменна тых, якія нясуць на сабе найбольш адценняў.

Вось, скажам, слова «з’явіўся». Гэтае слова стала бадай што адзіным для перадачы ўсяго багацця адчуванняў, звязаных з гэтым паняццем. А ў народзе на роўных правах жывуць яго паплечнікі: з’явіўся, паявіўся, наявіўся, заявіўся, явіўся, і ўсе яны ўжываюцца іменна толькі там, дзе якраз патрэбны. Можна прыгадаць некалькі фраз: «Усё было добра, пакуль не заявіўся гэты дурань», «От і птушкі паявіліся — вясна!», «Заўтра табе трэба явіцца ў райвыканком», «Нідзе не дзенецца — з'явіцца», «Ужо ніхто не чакаў, аж раптам і ты наявіўся».

Я не скажу, што ва ўсіх мною ўзятых выпадках скажуць толькі так, але ва ўсіх выпадках словы перадаюць пэўнае адценне. Кожнае з іх па-свойму перадасць або нечаканасць, або непажаданасць, або разважлівасць, або настрой, або якую другую фарбу. Кожным з іх карыстаецца народная мова, і кожнае нясе сваю службу.

Калі натуральна і ўпэўнена адчувае сябе слова «трымаць» (і яго паплечнікі «затрымаць», «падтрымаць», «утрымаць» і г. д.), дык затое «атрымліваецца» не мае такое ўпэўненасці. Мы нават не ведаем, як правільна яго пісаць: атрымліваецца ці атрымоўваецца. Яно захапіла функцыі другіх слоў і жывую гаворку робіць падобнай на калькавы пераклад. Мы пішам: «З-пад яго рук усё атрымліваецца (або атрымоўваецца) вельмі зграбна», «З навукаю ў яго нічога не атрымліваецца» (або не атрымоўваецца). А жывая гаворка скажа: «З-пад яго рук усё выходзіць вельмі зграбна», «З навукай у яго нічога не выходзіць». Або нават іначай: «З навукай у яго нічога не ладзіцца».

«Здавальняць» і «задавальняць». Гэтыя словы таксама нясуць большую службу, чым ім належыць.

Літаратурная практыка ўжывае гэтыя словы для перадачы многіх разуменняў, якія на рускай мове маюць аж пяць азначэнняў: «получить удовольствие, получить удовлетворение, быть довольным, ублаготворить, пресытиться». Можа, варта разабрацца, у якой жа ступені адпавядаюць нашы «здавальняць» і «задавальняць» гэтым азначэнням?

Мабыць, таксама прыйдзецца звяртацца да народнай практыкі.

Слова «здаволіць» найбольш адпавядае, мабыць, рускаму «удовлетворить». Возьмем такія сказы: «Трэба будзе здаволіць яго просьбу», «Яго не так лёгка здаволіш». Але народная мова гэтым словам перадае і другое адценне: «Еў, еў, аж здаволіўся». «Нарэшце я здаволіўся: на сала аж глядзець не хачу». Тут ужо ёсць элемент «пресыщения». Значыць, слова «здаволіць» перадае, мабыць, два азначэнні: «удовлетворение» і «пресыщение». А калі мы скажам: «Я са здавальненнем (або з задавальненнем) з табой пасяджу», «Я са здавальненнем (або з задавальненнем) прачытаю гэту кнігу», «Я быў вельмі здаволены (або задаволены), што пабываў у Маскве», то гэтыя фразы гучаць не зусім натуральна. Мабыць, іх трэба сказаць так: «Я з прыемнасцю пасяджу з табой» або «Я з ахвотаю пасяджу з табой», «Я з прыемнасцю прачытаю гэту кнігу» або «Я з ахвотаю прачытаю гэту кнігу», «Я быў вельмі рад, што пабываў у Маскве» або «Я быў вельмі давольны, што пабываў у Маскве». Нават слова «давольны» будзе стаяць тут больш нармальна, як «здаволены» або «задаволены».

Больш правільна было б перадаваць рускае азначэнне «с удовольствием» напісаннем «з ахвотаю» або «з прыемнасцю», а рускае азначэнне «доволен» — «вельмі рад» або «давольны». Без слова «давольны» абыходзіцца вельмі цяжка, яно ў народзе бытуе, і мне здаецца, што літаратура толькі выйграе, калі прыме яго на сваю службу. У словах «здаволіцца» і «задаволіцца» ляжыць жа яго корань.

Слова «задаволіць» найбольш адпавядае, мабыць, рускаму «ублаготворить». Яно так стаіць і па слоўніку і адпавядае народнай практыцы. Калі, скажам, гаспадар пачаставаў добра гасцей, то ён скажа сам сабе: «Ну, усіх задаволіў як мае быць». Ва ўсякім выпадку, слову «ублаготворить» больш адпаведнага ў нашай мове няма. Праўда, адценне паміж словамі «здаволіць» і «задаволіць» нібы і невялікае, але характэрна, што слова «здаволіцца» ёсць, а слова «задаволіцца» няма.

Аб слове «зараз». У літаратурнай практыцы яно аднолькава ўжываецца ў такіх фразах: «Я зараз быў у яго», «Я зараз сяду ў яго», «Я зараз буду ў яго». У народнай практыцы слова «зараз» звязана з будучым часам: «Я зараз буду ў цябе», «Я зараз прыбягу», «Я зараз распрануся». Калі ж гэта датычыць мінулага часу, то будзе сказана: «Я толькі што быў у яго», «Я толькі што адтуль», «Я толькі што абедаў». А калі дзеянне адбываецца ў цяперашнім часе, то так і скажуць — цяпер: «Цяпер я займаюся на курсах», «Цяпер я ўжо гэта разумею», «Цяпер мы сталі багатыя».

Не заўсёды ў правільным значэнні літаратурная практыка ўжывае слова «жадаць». Звычайна яго літаральна перакладаюць з рускага «желать». А між тым у іх не заўсёды аднолькавая нагрузка.

Скажам, «желаю успеха» трэба перакласці «жадаю поспеху»; а «не желаю разговарнвать» перакласці як «не жадаю размаўляць» вельмі дрэнна. Натуральна будзе, калі скажам: «Я не хачу з табою гаварыць».

У слова «жадаць» ёсць элемент прагавітасці, смагі, большай напружанасці, жадобы. Калі дзіця доўга просіць: «Мама, я хачу есці», то маці можа ў злосці сказаць: «От зажадалася, і пачакаць не можаш!» Гэта значыць — вельмі захацелася.

Словы «іншы» і «другі». Бадай што ўсюды заваявала папулярнасць слова «іншы»: «Прыехалі госці: Пятрок, Апанас і іншыя», «Адным усё, а іншым нічога», «Табе трэба, а іншым хіба не трэба?» Але гэта нядобра. Гэта проста кніжная інерцыя. Вельмі несур’ёзнае ўяўленне, быццам «другі» можа пісацца толькі ў сэнсе чарговы: першы, другі. Няпраўда гэта. У народнай мове слова «іншы» ўжываецца ў сэнсе «иной», «прочий»: «Іншым разам і гэта не шкодзіць», «У яго іншы (або не той) інтэрас», «Іншы табе нічога не скажа, а падумае». Рускае ж «другой» і «второй» найбольш перадаюцца праз «другі»: «Адны плакалі, а другія смяяліся», «У цябе ўсё так: аднаму поўна, а другому нічога», «Ты-то скажаш, а другі ці скажа?», «І адзін, і другі — абодва здарожыліся».

Хочацца сказаць яшчэ пра слова «задума» ў сэнсе «замысел». Няўдалае слова, выдуманае без патрэбы. Яно азначае не «замысел», а «задумчивость»: «Чаго ты ў такой задуме сядзіш?» У яго корані ляжыць іменна «задумчивость» — одум. Для «замысла» другога слова як «замысел» і не патрэбна. Іменна замысел, які ідзе ад мыслі. Бо мы ж гаворым і «мысліць», і «мысліцель», і «мысленне». І народная мова добра ведае гэтае слова: «Я мыслю, што сяўбу трэба будзе пачынаць заране», «А іначай я гэтага сабе і не мыслю». І іменна ў тым выпадку, калі ў фразу закладаецца больш важная думка. Адсюль вялікая неабходнасць ужываць і другое слова — «вымысел», бо ў ім стаіць той жа корань — «мысль»,— яно таксама не будзе гучаць штучна. Нават калі такога навуковага, спецыяльнага слова ў мове не было, то па прыродзе сваёй яно вельмі натуральна ўваходзіць у плынь гаворкі.

Вельмі часта ў літаратараў няправільна будуюцца фразы: «У руках Апанаса была пуга» замест «У руках у Апанаса была пуга» або «У Апанасавых руках была пуга»; «Яна была памочніцаю Пракопа» замест «Яна была памочніцаю ў Пракопа»; «Больш усяго людзей сабралася каля канторы» замест «Больш за ўсё людзей сабралася каля канторы»; «Пад лаваю стаялі боты Івана» замест «Пад лаваю стаялі Іванавы боты»; «Алена доўга працягвала плакаць» замест «Алена доўга не пераставала плакаць»; «Імкненне было такім вялікім» замест «Імкненне было такое вялікае»; «Я хачу ведаць пра тваё стаўленне да работы» замест «Я хачу ведаць, як ты ставішся да работы».

Дарэчы, пра слова «бок». І ім мы карыстаемся вельмі прыблізна. Мы пішам: «Ён зірнуў у бок бацькі», «Ён пайшоў у бок сяла», «Мы звярнулі ў бок лесу», «Дарога павярнула ў бок поля», «З боку сенажаці пацягнула ветрам». А ці не лепш будзе вось гэтак: «Ён зірнуў на бацьку», «Ён пайшоў пад сяло» (або па сяло, або ў сяло, гледзячы па сэнсу), «Мы звярнулі пад лес» (або да лесу), «Дарога павярнула ў поле» (або на поле), «Ад сенажаці пацягнула ветрам» (або з-пад сенажаці).

Нярэдка, па аналогіі з рускай мовай, слова «глупости» перакладаецца як «глупствы». Гэтае ж слова не мае множнага ліку.

А з другога боку, трапляецца, што словы, якія маюць толькі множны лік, пішуцца ў адзіночным. У апавяданні А. Чарнышэвіча «Свой лес», напрыклад, Клеманс кажа, што яму хочацца «хоць гонейку» канюшыны засеяць. Няма такога слова «гонейка», ёсць толькі ў множным ліку — «гоні»: адны гоні, паўтара гоней, двое гоней.

Яшчэ хочацца выказаць думку, што напісанне слова «асталіся» мае большую будучыню, чым «засталіся». Літара «з» у слове «засталіся», мабыць, асталася як дыялектная.

Хочацца сказаць і пра тое, што і мы, літаратары, часта бываем нячулыя да мовы. Лёгка прывыкаючы да калькі і канцылярытаў, мы трацім вельмі многа: багацце лексікі, красу і трапнасць слова. Чым, як не нячуласцю да слова, можна растлумачыць тое, што літаратурная моладзь карыстаецца толькі штампамі «мінулагодні», «у гэтым годзе», забыўшыся на такія яркія, каларытныя словы, як «сёлета», «летась», «залетась», «сёлетні», «леташні», «залеташні». Або ці шмат дзе можна прачытаць фразы з такімі сакавітымі народнымі словамі: «Цеперся гэта было», «Вельмі здоўжыўся мне гэты тыдзень», «Надоечы ён да мяне зайшоў», «Мы з ім як бач паразумеліся».

Я ведаю, што ёсць погляды на мову, як кажуць, чыста цэхавыя: я газетчык, у нас свае законы — неадкладная інфармацыя, і нам хапае нашай бегла штампаванай фразы; я займаюся навукай, і мне няма ніякага клопату да вашай бытавой, як вы кажаце, народнай мовы, мне трэба свая, навуковая. Думка такая толькі ў нейкай долі правільная, у той долі, што кожная галіна чалавечай дзейнасці мае сваю спецыфіку і патрабуе свайго спосабу перадачы інфармацыі аб гэтай дзейнасці. Адпаведна такой неабходнасці літаратурная мова выпрацоўвае стылі: газетны, навуковы, энцыклапедычны, канцылярскі, дыпламатычны, стыль мастацкай літаратуры і г. д. Але ж кожны з гэтых стыляў літаратурнай мовы не можа быць адарваны ад народнай мовы і законаў яе будавання, бо іначай ён стане ўжо другой, штучнай мовай. Вось што пра гэта сказана ў такім навукова аўтарытэтным выданні, як Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. «Народная мова — адно з найменняў жывой гаворкі народа, разам з літаратурнаю моваю складае нацыянальную мову... Выкарыстанне лексічнага і словатворчага багацця беларускай народнай мовы мае першаступеннае значэнне ў развіцці літаратурнай мовы». І яшчэ: «Нацыянальная літаратурная мова складаецца на базе народнай мовы. У працэсе фарміравання літаратурнай мовы адбіраюцца найбольш тыповыя з’явы, характэрныя ўсім дыялектам».

Агульнавядома, што і Пушкін, і Талстой, і Горкі, і ўсе вялікія пісьменнікі ставілі абавязковай умовай літаратурнай працы ведаць скарбніцу народнай творчасці — фальклор. Ідучы ад народнай мовы і фальклору, Пушкін стаў зачынальнікам рускай сучаснай літаратурнай мовы. Горкі неаднойчы пісаў і заклікаў літаратараў вучыцца багаццю мовы ў народа. Калі мы гаворым пра Янку Купалу, Якуба Коласа, Змітрака Бядулю, Кузьму Чорнага, мы таксама гаворым, што яны добра ведалі народную мову.

Чаму ж яны ведалі яе? І чаму нам трэба вучыцца ў іх, у той час, як сучасная наша мова стала багацейшай за мову таго часу, калі працавалі нашы вялікія папярэднікі?

Па-першае, таму, што яны сапраўды былі шчыльна звязаны з народам — і сваімі думамі, і сваёй тэматыкай, і сваім бытам. Па-другое, таму, што яны вывучалі фальклор. Гэта жывіла іх мову, іх фразу рабіла простай, даступнай, трапнай, вобразнай, багатай.

Мы ж зарана адрываемся ад народнага творчага асяроддзя і, не паспеўшы прычасціцца яго народнаму багаццю, адразу пападаем на работу ў кабінет. Праз сцены кабінета да нас ужо вельмі трудна даходзіць і бляск народнай думкі, і гнуткасць фразы, і стройная прастата мовы, і трапнасць прыказкі, і мудрасць наглядання. Усё гэта мы ўжо чэрпаем толькі з газет ды з чужых кніг. Ад гэтага часам і наша сухасць, і беднасць, і канцылярыт, і аднастайнасць.

Не малая бяда і ў тым, што мы рэдка калі звяртаемся да фальклору. Кніг Сержпутоўскага, Раманава, Шэйна багата хто з нас нават не трымаў у руках. Мы не ведаем, якія былі абрады на радзінах, хрэсьбінах, шлюбе ды пахаванні, не ведаем загавораў, казак, прыказак, песень. А гэта ж духоўная гісторыя народа, яго побыту, укладу жыцця, культуры, і не ведаць яе літаратуру проста грэшна. Тым больш што вялікія пісьменнікі ніколі не пераставалі настаўляць, каб на фальклоры мы вучыліся мове — самай простай, дасціпнай, невычэрпна багатай і вобразнай.

 

У выхаванні культуры мовы важную ролю павінна іграць таксама крытыка. Аднак літаратурная крытыка выбрала вельмі лёгкі шлях у сваёй практыцы. Звычайна пераказваецца асноўная лінія твора, даецца агляд асноўных вобразаў, некалькі разважанняў пра іх асаблівасці — што яны або яркія, або бледныя,— а пад канец будзе сказана пра недахопы. Крытыка павінна даць глыбокі і ўсебаковы аналіз твора не толькі як літаратурнай, а як і грамадскай з’явы. Абавязковым элементам крытыкі павінен быць аналіз мастацкіх сродкаў, якімі пісьменнік карыстаецца пры выкананні свайго замыслу: кампазіцыі, дэталей, пейзажу, мовы. Цяжка зразумець, як гэта можна, каб мова, як галоўны сродак пісьменніцкай творчасці, крытыкай не разглядалася. Мова дае каларыт твору, робіць яго баявым або спакойным, паэтычным або нудным, лірычным або суровым, дае кожнаму пісьменніку свой почырк, сваю манеру, а крытыка пра гэта скажа бачком: вельмі добрая, сакавітая мова або — нудная, сухая мова. Гэта значыць — нічога не сказаць. Бо гэта, вядома, цяжка: трэба і самому крытыку сёе-тое ведаць.

Такі ўсебаковы агляд даў бы карысць і пісьменніку, і чытачу. Чытач бачыў бы твор, раскладзены на элементы. Ён бачыў бы, як і якімі спосабамі ствараецца вобраз; якую ролю іграе пейзаж, як і чаму ён памагае; бачыў бы, якімі сродкамі аўтар дамагаецца адчування нянавісці або сімпатыі, павагі або пагарды; зразумеў бы, чаму ў творы адно запамінаецца, а другое забываецца адразу; зразумеў бы, якімі элементамі дасягаецца праўдзівасць; адчуў бы сілу эпітэта, метафары, параўнання, сілу або слабасць твора. У чытача выхоўваліся б культура чытання, мастацкі густ, пашана да мовы.

Можна ж, не будучы надта дасведчаным у жывапісу, спакойна прайсці каля выдатнай крыніцы. А варта нейкаму пісьменнаму ў гэтай галіне чалавеку раскрыць яе сэнс, асаблівасці, сакрэты майстэрства, сакрэты святла, ценяў, ліній, прыёмаў, і карціну адчуваеш іначай. Або ў музыцы: не заўсёды слухачу зразумелы змест яе да таго, пакуль нехта збоку не раскажа, што яна раскрывае або што заключае ў сабе. Тады адразу стане ясна, навошта бравурныя мясціны, спады, імклівыя або мяккія плыні. Хваляванне прыходзіць тады, калі з’яву адчуваеш не толькі зрокава або слыхам, а калі пачуеш яе сэрцам.

 

Слова ў літаратурным мастацкім творы — гэта чарадзейны знак. От жа напісаў Аляксей Кулакоўскі нешта прыблізна так: «Пад раніцу падшэрхла зямля», і слова гэтае «падшэрхла» мала хто ўспамінаў ужо, а так яно зразумела і так перадае адчуванне, што нават і бачыш гэты маленькі марозік, і чуеш ранішні халадок. Або напісаў Янка Брыль нешта вось так: «Аслоненае вербамі, стаіць возера», і чуеш, што лепшага слова, як «аслоненае», тут і не трэба. Самае звычайнае народнае слова, а ці шмат хто ім карыстаўся.

Вялікую чарадзейную сілу мае слова. Сапраўды, варта быць пісьменнікам, каб любіць яго і адчуваць!

1956; 1973