epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Скрыган

Дысертацыя

Я быў неафіцыйным апанентам у чалавека, які абараняў дысертацыю на годнасць кандыдата гістарычных навук. Пасля ён папрасіў — ці не магу я накідаць сваю прамову на паперку, бо яе трэба далучыць як дакумент да абароны.

Назаўтра па тэлефоне я папытаўся, дзе ён жыве, сказаўшы, што збіраюся рабіць праходку, дык заадно прынясу яму і тую паперку.

Гэта былі малады хлапчына і яго маладая жонка. Яны ўпрасілі мяне зайсці на хвілінку да іх.

Пасля, пад вечар ужо, яны правялі мяне дадому. Па дарозе мы гаварылі ўсё пра яго ж дысертацыю, часамі нават спыняліся, калі гаворка патрабавала нейкіх экскурсаў. Ён распытваў пра тых, каго не заспеў убачыць — Платона Галавача, Васіля Каваля: той час быў тэмаю яго даследавання.

Калі развіталіся, я зірнуў ім услед. Яны пайшлі ў кірунку да парку, узрушана заспяшаўшыся. І я падумаў: колькі ў іх было добрага такту, каб не даць мне здагадацца, што я адабраў у іх гэтулькі маладога, шчаслівага часу.

1972


1972