epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Скрыган

Імя

Як толькі ў Ленінградзе выйшла кніжка «Поворот у сосны», тут жа Усесаюзная кніжная палата прыслала мне ліст. У ім пісалася, што ў Генеральным каталогу кніжнай палаты я зарэгістраваны як Янка Скрыган, а на кнізе стаіць імя Ян.

Што лічыць правільным?

«Вельмі просім Вас неадкладна паведаміць нам... а таксама сказаць, як у далейшым Вы будзеце пісаць сябе на кнігах.

Весткі патрэбны нам на тое, каб уніфікаваць інфармацыю аб аўтары ў Генеральных каталогах Усесаюзнай кніжнай палаты, Дзяржаўнай бібліятэкі СССР імя У. І. Леніна і другіх буйнейшых бібліятэк краіны».

Вунь якая гэта сур’ёзная рэч.

Вядома, я тут жа адказаў, што ўсё будзе так, як было: за літаратурнае імя астанецца Янка.

Пыталіся і сябры: што здарылася? Я тлумачыў, што выйшла непаразуменне: мастак на вокладцы прапусціў кропку, бо я звычайна пісаў імя скарочана — Ян., а папраўляць не было ўжо калі.

Але і там, і там я гаварыў няпраўду. З сваім імем у мяне нелады ішлі даўно. Яшчэ на самым пачатку, калі была завядзёнка друкавацца пад псеўданімам, я не без вагання напісаў імя Янка. Напісаў і сумеўся: ці добра зрабіў? Мне здавалася, што гэтак звацца можа толькі Купала, што нікому другому гэтакім імем карыстацца няможна.

Час ішоў, але адчуванне няёмкасці не праходзіла. І ўжо тады, у маладосці, каб хоць трошкі, хоць зрокава зняць падабенства з Купалавым імем, сваё імя я пачаў пісаць скарочана — Ян.— з кропкаю. А часта ставіў проста адну літару — Я. Але карысці ад гэтага было няшмат, бо, не ведаючы маіх хітрошчаў, рэдактары ці карэктары найчасцей замест кропкі дапісвалі імя да канца, каб выходзіла Янка.

Такая дваістасць у напісанні спадарожнічала мне даволі доўга. Аднак жа перайсці на Івана я не мог асмеліцца: гэта было не ў нашых літаратурных традыцыях і не ў маім жаданні, бо імя гэтага я не любіў ніколі. І больш за ўсё за памяншальна-ласкальную яго форму Ваня. Імя ж Іван упершыню ў нас паявілася, здаецца, толькі ў пасляваеннай літаратуры: Іван Шамякін, Іван Мележ. Потым больш смела пайшлі і другія Іваны: Новікаў, Пташнікаў. Традыцыя пахіснулася.

Тым часам я пачаў сур'ёзна схіляцца да думкі, што Янка — гэта памяншальная форма. У народзе так бытавала. Я ўспамінаў, каго ў нас, у Труханавічах, гэтак звалі. І выходзіла, што найбольш малалетак ці старых дзядкоў. З імі і гаварыць стараліся ласкава, палюбоўна. Дарослых жа, і наогул сталых людзей звалі Іван. Я папытаўся ў самога сябе: а адкуль жа тады ўзяўся Янка? Адказ кожны раз быў той самы: толькі ад Яна. Выходзіць нешта нялюдскае: вытворнае ёсць, а асноўнага няма. Але ж гэта не значыць, што не было. Ці не дала сябе знаць тут рэлігія, якая заўсёды дамагалася свайго падманам і гвалтам? Было ж прымусовае акаталічванне? То можа было і прысваенне сабе гэтага імя?

Гісторыя вельмі не любіць падробак. Я прагледзеў назвы паселішчаў, утвораных ад імёнаў Ян і Янка. Ад карэнных жыхароў бог ведае якога даўняга часу. Па Віцебскай вобласці аказалася: ад імя Ян утворана 22 паселішчы (Яновічы, Янава, Янаўшчына, Янушова і пад.); ад імя Янка — 8 паселішчаў (Янкавічы, Янкава, Янаўшчына і пад.). Па Мінскай вобласці: ад імя Ян утворана 12 паселішчаў (Янавічы, Яноўка, Янава, Янаўшчына і пад.); ад імя Янка — 5 паселішчаў (Янкавічы, Янкава, Янкоўцы і пад.).

Пасля гэтакай экскурсіі ў тапаніміку я паспакайнеў: выходзіць, што ў мяне імя даўняе, тутэйшае, не чужое.

Аднак жа прывычкі — таксама сіла, іх трэба ўмець прыручаць. Як толькі паявіўся «Слоўнік асабовых уласных імён» Міхаіла Судніка, у якім не толькі Янкі, а ўсе Петрусі, Міхасі, Кастусі, Юрасі, Алесі абвяшчаліся імёнамі гутарковымі і размоўнымі, юрыдычна неправамоцнымі,— памятаю, як пісьменнікі абураліся такою неспадзяванкаю. Дык што,— значыцца, наша літаратура яшчэ падлеткавая? Нясталая? Нават імёны нашы толькі бытавыя? Юрыдычна закасаваныя? Абураўся і я, скажу праўду. Вельмі непрывычна было стыкнуцца з такою навіною. Думалася, што ці не вельмі спяшаемся мы ўсе папраўляць нашу мову. Што можа не варта гэтак жорстка касаваць нашы традыцыі, няхай бы была варыянтнасць і няхай бы сама практыка вырашыла, чаму трэба жыць, а чаму знікнуць. Дый наогул, якая карысць, калі нешта жывое гіне сілком? Хіба такія імёны, як Міхал, Якуб, Язэп, напрыклад, не могуць аставацца сярод законных? Як Васіль, Рыгор, Аркадзь. У іх жа і шырокае народнае бытаванне, і сталасць формы, і класічная наша літаратура. І чым жа, напрыклад, блага, што Іван Шамякін назваў сваю дачку Алесяю?

Дарэчы, карыстаючыся выпадкам, што гаворка ідзе пра імя, хачу выказаць свае адносіны да яго наогул. Я лічу яго галоўнаю прыналежнасцю ў чалавечым існаванні. Імя чалавеку даецца адразу ж пры яго нараджэнні і з малаком мацеры, як кажуць, праймаецца істотаю на ўсё жыццё, да самага скону. Яно заслугоўвае, каб яго шанавалі і лічылі на першым месцы, каб яго вымаўлялі, а не падменьвалі ініцыялам — літараю з кропкаю,— па сутнасці, зневажаючы яго. Паглядзіце, як аўтарытэтна і ганарова гучаць Аляксандр Пушкін, Леў Талстой, Янка Купала, Якуб Колас. Ініцыял жа абыякавы, халодны, часамі ён нават не ведае, як завуць чалавека. Ім можна карыстацца толькі пасля таго, як напачатку ўжо ўпомнена поўнае імя.

Але вярнуся да перарванай гаворкі, скажу на першае вока пра зусім нязначны выпадак. Зайшоў я неяк у адну паважаную сям’ю, і гаспадыня, толькі адчыніўшы дзверы, на ўвесь дом узрадавана апавясціла:

— А да нас Янка Аляксеевіч прыйшоў!

Ніхто мяне гэтак не велічаў, і вельмі падкрэслена адчулася, што нездарма турбавала мяне маё імя Янка. Велічанне з ім выглядала штучна, фальшывіла. Гэтакая форма не дапасавана да велічання.

Нарэшце ўсе згрызоты і ваганні канчаткова зняў дакумент, які дзівам знайшоўся ў маіх паперах. Невялікія з чорнай танюсенькай скуры абкладкі, на якіх залатымі літарамі выціснута: Союз советских писателей СССР. Першы білет члена Саюза пісьменнікаў, падпісаны Максімам Горкім, выдадзены ў студзені 1935 года пад № 2005. Подпіс і пячатка ад даўнасці ледзьве значны. Разгарнуўшы абкладкі, можна ўбачыць маладую фотакартку і ўласнаручны подпіс каля яе. Збоку цёмна-сінімі літарамі надрукавана, што і картка і подпіс — Скрыгана Яна Аляксеевіча.

З таго часу я й пачаў падпісвацца толькі Янам.

1979 —1985