epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Скрыган

Яшчэ трохі аб мове

На старонках цэнтральнага друку, асабліва ў «Известиях», прайшла шырокая гаворка пра культуру мовы. Што гэтая гаворка была патрэбная і карысная, мы пераканаліся на свае вочы. У тралейбусах, у кіно або так дзе сустрэўшыся, людзі часта, як бы нават жартам, рабілі адзін аднаму заўвагі: «А гэта няправільна: трэба гаварыць не хто крайні, а хто апошні», і ніхто ні на кога не крыўдзіўся, бо сапраўды нейкі час была ў нас такая гуллівая абыякавасць да культуры наогул, да культуры абыходжання ў прыватнасці і да культуры мовы асабліва.

Калі такая вялікая і такая магутная мова, як руская, адчувае неабходнасць аберагаць сябе ад выпадковай засмечанасці, то гэтакай засмечанасці ў нас куды больш. Гэта тлумачыцца многімі акалічнасцямі, і ў першую чаргу бурным узбагачэннем і развіццём літаратурнай мовы. Якое дзіва, што ў часе такога імклівага развіцця могуць даваць сябе знаць выпадковасці. Часамі яны выяўляюцца ў звычайных шарахаватасцях, часамі ў механічным разрыве з сінтаксісам, часамі ў нашай нядобрай прывычцы да лёгкага, беглага скарапісу. Часамі ж проста ад таго, што мы павярхоўна ведаем народную мову і не хочам турбаваць сябе, каб зірнуць хоць трошкі глыбей за прывычную газетную або канцылярска-бюракратычную лексіку.

Што там гаварыць, побач з агульным развіццём і ўзбагачэннем мовы трапляюцца ў нас яшчэ і паўзучая спрошчанасць, і архаізмы, і дыялектызмы, карыстанне якімі наўрад ці можна апраўдаць; часта мы пішам шэрай, бяскроўнай калькай, парушаючы прыроду і законы мовы, і пасля дзівімся, як некаторыя пацешнікі скардзяцца, што беларуская мова непрыгожая, што гэта нейкая мешаніна з усіх моў і што яе цяжка чытаць. І сапраўды, хіба лёгка прачытаеш, калі будзе напісана вось так: «Уздоўж тулава рыбы некалькімі правільнымі радамі размяшчаюцца свецячыяся кропкі... Кожны свецячыйся орган мае складаную будову». Прастата, даступнасць, моўная пісьменнасць — найпершая задача друку, тым больш публіцыстычнага, бо ён абслугоўвае найшырэйшыя пласты народа. То нельга ж, каб у нашым пісьме народ не пазнаваў свае мовы.

Аднойчы па радыё дыктар сказаў: «...Новыя механізмы валодаюць радам пераваг». Валодаць можа жывая істота, чалавек, гэта значыць — распараджацца нечым: «Так пакалечыўся, што не валодае ні рукою, ні нагою». Можна валодаць, авалодаць, завалодаць маёмасцю, навукаю, гэта значыць дамагчыся сілаю, розумам, намаганнем, над нечым мець сваю волю. Чым жа, якім сваім органам валодае станок па свайму жаданню? Чым можа ён распарадзіцца? Так жа можна хіба толькі жартаваць, каламбурыць. Куды прасцей было сказаць, што станок мае перавагі, а не валодае перавагамі.

А не так даўно ў газеце я прачытаў прыблізна такую фразу: «Нават перад тварам смерці яны не страцілі мужнасці». У мове кожнага народа ёсць свае ўстойлівыя фразеалагічныя спалучэнні, якіх часам нельга літаральна перакласці на другую мову. Яны перадаюць не сэнс слова, а цалкам нейкае разуменне, можа, нават далёкае ад сэнсу самога слова. «Твар смерці» — такога вобраза ў беларускай мове няма, народная практыка не ведае такога спалучэння. Ёсць другое — «вочы смерці». І калі б было сказана: «Нават гледзячы ў вочы смерці», то ўсё было б на месцы.

Многа пра што можна пагаварыць у моўнай гаспадарцы. Мне, тым часам, хочацца падзяліцца думкамі толькі пра некаторыя словы, якія, мне здаецца, мы непамерна нагрузілі работаю, зрабілі іх як бы універсальнымі, карыстаемся імі не зусім дакладна і ў той жа час выключаем з ужытку другія словы, можа, куды больш трапныя. А гэтым, вядома, звужваем свае моўныя сродкі, абядняем самую мову.

Вось яны, гэтыя словы.

Вырашыць. Мы пішам прыблізна так: «Была вольная часіна, і я вырашыў схадзіць у тэатр», «Так расхвалілі гэтую кнігу, што я вырашыў пачытаць яе», «Я вырашыў купіць сабе новае паліто», «Цяжка быць непісьменным, і я вырашыў вучыцца», «Думаў я, думаў і вырашыў заняцца пчалаводствам», «Доўга не было вестак ад брата, і я вырашыў наведаць яго».

Нельга сказаць, каб гэта было няправільна. Сэнс перададзены. Але ж ці хапае гэтага? Ці не абакралі мы сябе, заспакоіўшыся толькі на сэнсе? А дзе ж каларыт мовы, дзе тыя адценні, якія кожнаму выпадку надаюць свой характар? Дзе ж багацце, якое так і пераліваецца ў жывой гаворцы? Ясна, што калі б гаварылі жывыя людзі, то яны не абышліся б толькі гэтым «вырашыць». Давайце падумаем, як бы яны маглі сказаць, хоць прыблізна. Можа, нават сказалі б і так: «Была вольная часіна, і я надумаў схадзіць у тэатр», «Так расхвалілі гэтую кнігу, што я захацеў пачытаць яе», «Я сабраўся купіць сабе новае паліто», «Цяжка быць непісьменным, і я насмеліўся вучыцца», «Думаў я, думаў і намысліў заняцца пчалярствам», «Доўга не было вестак ад брата, і я намерыўся з'ездзіць да яго».

Я не кажу, што сказалі б іменна так. У кожным сваім выпадку ўсё гэта магло быць сказана і іначай: не «намысліў», а «захацеў», не «намерыўся», а «сабраўся», у залежнасці ад таго, што трэба падкрэсліць, бо ў кожным з гэтых слоў ёсць свой унутраны жэст. «Насмеліўся» — калі доўга не адважваўся, «намысліў» — калі перад гэтым быў нейкі роздум, «намерыўся» — калі асабліва падкрэслена мэта і г. д. Але «вырашыў» нідзе не было б сказана, бо ў гэтым слове ёсць пэўная акраса афіцыйнасці. Яно было б на месцы толькі ў такім сказе: «Цяжка было вырашыць гэтую справу». Дый то невядома. Маглі б яшчэ сказаць: разабраць гэтую справу або разабрацца ў гэтай справе. Ва ўсякім выпадку чутно было б, што гаворыць гэта не падстаўны персанаж трошкі ўжо бюракратычна-канцылярскаю моваю аўтара, а жывы чалавек.

Накіравацца. У народзе звычайна гавораць: «пайшоў на сяло», «пайшоў з хаты»; «паехаў у лес», «паехаў па дровы», «паехаў у горад». Усё гэта мы цяпер найбольш пішам іначай: «накіраваўся ў сяло», «накіраваўся з хаты», «накіраваўся ў лес», «накіраваўся па дровы», «накіраваўся ў горад» і г. д. І, канечне, у гэтай схільнасці да кніжнасці пераходзім меру. Добра, напрыклад, сказаць: «Чалавек злез з цягніка і накіраваўся ў сяло», бо ў фразе адчуваецца і кірунак і адлегласць. Але сказаць: «Ён павячэраў і накіраваўся спаць» або: «Распрануўся і накіраваўся да стала» — дрэнна. Які тут кірунак? Мы падмянілі жывое слова простым умоўным знакам. Бо хада ж не заўсёды аднолькавая. Народ куды багацей перадае характар кожнай хады. Калі чалавек пайшоў нацянькі, нягледзячы на дарогу, кажуць «папраставаў». Калі пайшоў напорыста, заўзята — «пашыбаваў», «пасігаў». Калі пайшоў невядома куды і нам не кажуць пра кірунак — «падаўся» («Пабыў трохі з намі дый падаўся немаведама куды»). А яшчэ ж ёсць і другія спосабы перадаць характар руху: «улёг у дарогу», «пусціўся ў дарогу», «узяў кірунак», «пашкандыбаў», «пацягнуўся», «павалокся» і г. д. Вунь колькі свае акрасы нясе кожнае гэтае слова.

Шлях. Мы пачалі карыстацца ім супроць законаў мовы. Пішам: «добрага шляху табе», «у добры шлях», «пайшоў у шлях», «у далейшы шлях». Гэтым мы навязваем мове сваю недасведчанасць у ёй і непісьменнасць. Рэч у тым, што ў беларускай мове разуменне «шлях» толькі канкрэтнае. Калі мы гаворым «шлях», то нават уяўляем сабе шырокую наезджаную дарогу. «Праедзеш палявою дарогаю, а там выедзеш па шлях». Мы нават прывыклі бачыць такую дарогу з прысадамі, уяўляем, як далёка наперад забягае яе палатно. А ў адцягненае разуменне ў нас пераходзіць не шлях, а дарога. Кажуць: «Добрай дарогі» або «шчаслівай дарогі», «пайшоў у дарогу», «пусціўся ў дарогу», «выбраў сабе дарогу». Якраз тое, што па-руску перадаецца словам «путь». А мы літаральна гэта перакладаем, думаючы, што пішам па-беларуску. Бо нават формы такой — «у добры шлях», «у шчаслівы шлях» — няма, а ёсць «добрай дарогі», «шчаслівай дарогі».

Стан. І гэтым словам мы не ўмеем карыстацца. На сваім месцы яно вельмі добра можа служыць, напрыклад: «Стан прамысловасці дазваляе выканаць гэтыя задачы», «Пасевы сёлета ў найлепшым стане». Але як жа можна разабрацца ў такіх фразах: «Яна такая хворая, што не ў стане падняцца», «Ад шчасця ён не ў стане быў выгаварыць ні слова», «Я не ў стане тут ні ў чым разабрацца». Літаральны пераклад не толькі пазбавіў фразу свае натуральнасці і хараства, а зрабіў з яе каламбур: на слых «у» зліваецца з наступным словам, і мы чуем замест «не ў стане» — «не ўстане»; «не ўстане падняцца», «не ўстане выгаварыць». Выходзіць бязглуздзіца. А як проста зрабіць, каб усё было хораша: «Яна такая хворая, што не мае сілы падняцца», «Ад шчасця ён не мог выгаварыць ні слова».

Гэтым словам тым больш небяспечна карыстацца абыяк, бо ў бытавым плане «стан» — гэта талія ці торс у чалавечай фігуры. І нездарма ж у жанок ад гэтага слова называецца і прыналежнасць жаночага туалету — станік.

Імкнуцца. Чым дрэнна чытаюцца такія сказы: «Я ведаў, што без навукі жыць цяжка, і стараўся вучыцца», «Мой брат заўсёды цягнуўся да навукі», «Вельмі ён хацеў папасці ў горад», «Увесь час ён сіліўся ўзбіцца на гаспадарку», «Усім сэрцам я імкнуўся да яе». Усё выглядае нармальна. А між тым мы і тут часта абкрадаем сябе і ўсё гэта пачынаем пісаць праз «імкнуўся»: «Я ведаў, што без навукі жыць цяжка, і імкнуўся вучыцца», «Мой брат заўсёды імкнуўся да навукі», «Вельмі ён імкнуўся папасці ў горад», «Увесь час ён імкнуўся ўзбіцца на гаспадарку». На ўсе сказы гэтае «імкнуўся» налажыла адну фарбу, дый то штучную. У слове «імкнуўся» прысутнічае момант парыву, палёту, нястрымнага жадання, і сапраўдную сілу яно дало толькі апошняму сказу: «Усім сэрцам я імкнуўся да яе».

Таропка. І гэта выпадковае слова. У народнай гаворцы яго нідзе няма. Нават цяжка знайсці да яго корань. Не можа ж яно ўтварыцца ад слоў з вельмі далёкім сэнсам «атарапець», «утаропіцца». Яно нават шкодзіць тым, што, будучы само бледным, невыразным, вельмі ахвотна падменьвае сабою другія словы, куды каларытнейшыя на сваім месцы. Вось можна сказаць: «Скоранька паеў і падаўся ў дарогу», «Хуценька, паеў і падаўся ў дарогу», «Спехам паеў і падаўся ў дарогу», «Нахапкам паеў і падаўся ў дарогу»,— усюды той самы фізічны рысунак, а эмацыянальная акраса другая. Можна яшчэ сказаць: «Ён усё робіць порстка», «Сабраўся і шпарка паехаў», «Рухі ў яе былі хапатлівыя». А дзе трэба, то можна сказаць і «борздзенька», і «быстра».

Узняць. Нават слоўнік дае тлумачэнне, што «ўзняць» больш стасуецца да «вознести», «возвысить» — у духоўным значэнні, а фізічны рух выказваецца словам «падняць». А мы бадай што скрозь пішам: узняў руку, узняў галаву, узняў мяшок, узняў бервяно; узняўся на другі наверх, узняўся ў космас — якраз наадварот. Гэта ж не цяжка праверыць на самым простым прыкладзе. Калі, дапусцім, са стала ўпала кніга, то мы скажам не «ўзнімі кнігу», а «падымі (або паднімі) кнігу».

Узводзіць. Звычайна гэтае слова адказвае на пытанне: каго, куды ўзводзіць. «Узвёў яго на другі паверх», «узвёў на гару». Мы цяпер усюды пачынаем ужываць яго замест «будаваць» у літаральным перакладзе з рускай «возводить»: «На вуліцы Міру ўзвялі мікрараён», «Мы ўзводзім цэлыя гарады». Няўжо горш сказаць «забудавалі мікрараён», «будуем гарады», «вылажылі» або «змуравалі» сцяну, як гаворыць народ? Чытаюць жа нас якраз людзі, якія гавораць не «ўзводзім», а «будуем», дык навошта нам вучыць іх гаварыць не па-свойму, а кніжна?

Захапіліся мы словам «трапіць», падмяніўшы ім усе сінонімы і ўсе сэнсы: собіць, папасці, выпасці, пашчаслівіць, пашанцаваць. Скрозь пішам «з задавальненнем», калі можна сказаць «з прыемнасцю», «з ахвотаю» («З прыемнасцю прачытаў кнігу», «З ахвотаю папрацаваў»). Калі можна сказаць: «я быў рады» ці «быў давольны», гаворым «я быў задаволены». Прывыклі да «сапраўды», забыўшыся, што існуюць яшчэ словы «папраўдзе», «упраўду», «напраўду», «дапраўды». Пішам: «Па ўзросту ён быў ужо не малады», «Ён быў чалавек не маладога ўзросту», забыўшыся, што можна гаварыць іначай: «Гадамі ён быў ужо не малады», «Ён быў чалавек не маладога веку». Пішам: «Што прадпрымаецца ў мэтах паляпшэння прыёму шклатары ад насельніцтва» замест: «Што робіцца дзеля таго, каб палепшыць прыём шклатары ад насельніцтва». З бяздумнай лёгкасцю засмечваем мову канцылярытамі накшталт таго, што нейкая ўстанова «вытварае набор студэнтаў», а арцель «вытварае рамонт гадзіннікаў», калі можна сказаць проста і даступна, што ўстанова «набірае студэнтаў», а арцель «прымае на рамонт» (або рамантуе) гадзіннікі.

Усё гэта я гавару з адным добрым пажаданнем: каб мы больш уважліва ставіліся да таго, як пішам. Каб пазбягалі канцылярска-бюракратычнай штучнасці, не пісалі шэрай перакладной калькай, не вымудроўвалі, а гаварылі проста, даступна, па-народнаму свабодна. Каб больш шанавалі народнае слова. Я не хачу, каб мяне зразумелі, што я супрацьстаўляю літаратурную мову народнай і арыентую на спрошчанасць або на стыхійнасць мовы. Ні ў якім разе. Я гавару пра культуру літаратурнай мовы, пра тое, што ў ёй павінна быць народная аснова, як гэтаму вучылі нас нашы вялікія настаўнікі Пушкін, Талстой, Горкі, Тургенеў, Колас, Чорны і вучаць выдатныя сучаснікі Шолахаў, Федзін, Паустоўскі, ды ці толькі яны. Мы ж часта выпрацоўваем пэўныя шаблоны, застываем на іх і пасля гэтыя шаблоны ператвараем у норму.

Ніхто не сумняваецца, што, скажам, Максім Лужанін, Янка Брыль або Язэп Семяжон пішуць на літаратурнай мове, але колькі ў ёй народнага багацця, хараства, колькі і добрай усмешкі, і гневу, як бруіцца ў ёй гэтая народная свежасць. А, скажам, у Уладзіміра Карпава надзвычай вялікі запас слоў, куды як багатая лексіка, а натуральнай, свабоднай фразы няма, мова робленая, цяжкая. Ад гэтага трудна Карпаву нарысаваць і характар, і вобраз, і даць атмасферу — усё гэта выходзіць як бы ўмоўна, адчуць душы, хвалявання нельга. Бо фраза, зробленая не па законах мовы, не перадае праўды. А Мікола Лобан, наадварот, вельмі траціць на тым, што не можа падняцца над стыхійнасцю мовы. Гэтым ён звужвае дыяпазон сваіх выяўленчых сродкаў. Яму (у рамане «На парозе будучыні», напрыклад) лёгка даецца вобраз селяніна, а вобраз рабочага або інтэлігента не ўдаецца, бо тут трэба палітра другая. Гэта ўжо прыклад таго, як нядобра ў літаратурнай мове капіраваць народную, быць у яе ў палоне.

Найбольш шкодзяць нам сінтаксічныя парушэнні ад механічнага перанясення законаў адной мовы на другую (пры літаральных перакладах), як, скажам, тыя ж «Перад тварам смерці» альбо «Механізмы валодаюць перавагамі». Лёгка ўпэўніцца, як гэта нядобра, калі ўявіць, што гэтакім жа чынам будзе зроблены пераклад з беларускай мовы па рускую. Скажам, калі «Ужо добра ўднела» ці «Бралася на вечар» перакласці літаральна: «Уже хорошо вднело», «Бралось на вечер», дык гэта будзе проста смешна, і такога перакладу ніхто не прапусціў бы ў друк. А ў нас такіх штукарстваў многа.

Асабліва непрыемна слухаць непісьменную мову са сцэны тэатра або па радыё, бо фальш выносіцца на людзі як рэклама. Хто паверыць у праўду вобраза, калі селянін, напрыклад, будзе гаварыць той жа робленай фразай: «Я не ў стане пайсці на работу»? Кожны ўбачыць, што гэта гаворыць падстаўны чалавек, дрэнны артыст, а за ім, вядома, і дрэнны аўтар. Або як прыкра, калі артысты купалаўскага тэатра і артысты радыё не могуць правільна сказаць нават такога простага і самага народнага слова, як «хлушу», яны гавораць «хлушу»: «Я пішу для Сашы, а я ёй ніколі не хлусіў». Трэба толькі дзівіцца, як можа рэжысёр выпускаць на сцэну ці да мікрафона акцёра, які не ўмее зрабіць націску на слове.

Праўда мовы — гэта і праўда вобраза, і праўда душы, і праўда атмасферы. І нам, пісьменнікам і журналістам, нельга не мець гэтага на першай сваёй увазе. У мове нават маленькае парушэнне можа пачапаць нашу веру ў праўду. Мы, напрыклад, прымушаем селяніна (у нашых творах) гаварыць: «Якая табе справа» або «Не твая справа», а селянін свае мовы тут не пазнае, бо ён гаворыць: «Што табе да таго», «Які табе клопат», «Не твой клопат» або нават «Не тваё дзела». І гэта натуральна, бо «справа» ў такім кантэксце ніколі народам не практыкуецца, а «дзела» бытуе вельмі шырока. Мне здаецца, што мы дарэмна баімося некаторых слоў, лічачы іх рускімі, як «свабодны», «давольны», «прамы», «пастаянна», «апаска». Якое б ні было іх паходжанне, але яны лёгка становяцца ў моўны рад, прыжываюцца самі, бо не супярэчаць законам мовы і яе сінтаксічным формам. А вось такія формы, як «свецячыйся», не хочуць прыжывацца, бо ідуць уразрэз прыродзе мовы, жывая гаворка імі карыстацца не можа.

Можна было б пагаварыць пра вымаўленне, калі нават па ўсіх законах зробленая фраза не дае адчування натуральнасці, бо ў ёй страчана прырода мяккіх зычных дзь, зь, ць, сь, пь. Але гэты папрок, на жаль, прыходзіцца рабіць нашай граматыцы. З таго часу, як мы выкінулі памякчальны знак, вымаўленне перастала перадаваць асаблівасць мовы, літаратурная мова аддалілася ад народнай. Спадзяванні, што мяккая галосная будзе перадаваць памякчэнне на папярэднія зычныя, не апраўдаліся. Замест сьвет, сьнег, сьмех, цьвік, жыцьцё, шчасьце, дзьверы, зьвер, каханьне, світаньне мы цяпер скрозь чуем падкрэслена цвёрдыя зычныя съвет, сънег, съмех, цъвік, жыцъцё, шчасъце, дзъверы, зъвер, каханъне, съвітанъне. Ды іначай і быць не можа: пры фанетычным прынцыпе нашай граматыкі мы чытаем так, як напісана. Я глыбока ўпэўнены, што скасаванне памякчальнага знака нам карысці не дало. Наадварот, яно ўнесла многа ўскладненняў, у якіх мы часта блытаемся. Пры абсалютна аднолькавым памякчальным гучанні слоў сесьці і калісьці трэба, напрыклад, «сесці» пісаць без памякчальнага знака, а «калісьці» з памякчальным. Ясна, што гэтае правіла прымушае нас у адным выпадку вымаўляць слова нармальна, мякка, а ў другім цвёрда — «сесъці». Вось так гавораць цяпер і артысты, не перадаючы ўласцівасці мовы: чацъвер, чацъвёрты, цъвёрды замест чацьвер, чацьвёрты, цьвёрды, і мы абураемся, што яны не ўмеюць гаварыць. Так чытаюць свае вершы нават маладыя паэты, навучыўшыся мове «пісьменнай», але не народнай.

Наогул граматыка нарабіла цяпер столькі правіл і столькі выключэнняў з іх, што стала цяжка быць пісьменным чалавекам. Нездарма ж работнікі рэдакцый газет, часопісаў і выдавецтваў вечна поўзаюць па слоўніках і ўсякіх даведніках, каб упэўніцца — як правільна напісаць. І, можа, варта было б зноў вярнуцца да ўдасканалення нашага правапісу, каб зрабіць яго больш лёгкім і больш блізкім да прыроды і законаў самой мовы.

1902 — 1064