epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Скрыган

Юбілейная дата

Недзе я сказаў прыблізна гэтак: чаму крытык, добра разумеючы і разбіраючыся ў чужым мастацкім творы, не можа напісаць яго сам. Я не вельмі намагаю на бясспрэчнасці такога меркавання, бо калі гаварыць пра Янку Казеку, то мне здаецца, што ў яго ёсць усе падставы, каб і самому быць мастаком. Гэта я гавару не таму, што ў Казекі юбілейная дата і трэба вытрымаць урачысты, святочна-прыўзняты тон, а таму што ва ўсёй Казекавай творчасці поўна мяккасці, цеплыні, зычлівасці, добрасці, усяго таго, на чым замешваецца мастацкі твор. Таму што ў яго вельмі тонкае і беражлівае адчуванне мастацкага, меры і такту — у дачыненні да твора, які ён разглядае, да аўтара, да яго персанажаў, да ўсяе атмасферы, якой акружаны мастацкі твор. Часамі ён сам ператвараецца ў паэта. Паглядзіце, колькі паэзіі ў тых мясцінах яго артыкулаў, дзе ён гаворыць пра ўлюбёныя ім творы, скажам, Якуба Коласа ці Кузьмы Чорнага. Забыўшыся пра дзелавітасць свайго артыкула, раптам ён пусціцца ў такое лірычнае падарожжа, што вы губляецеся: ці то вы чытаеце артыкул, ці то гэта выпіска з разглядванага твора, бо там будуць і кветкі, і ветрык, і пахі травы. У такіх мясцінах я бачу, як блізка стыкаюцца межы крытычнага артыкула з творам, пра які так замілавана гаворыць крытык.

Гэтым я хачу сказаць пра вельмі прывабную рысу Казекавай творчасці — умець увайсці ў мастацкі твор так, каб разгляд, аналіз і меркаванне аб ім ішло з сутнасці самога твора, а не з загадзя пастаўленай схемы, да якой прымерваецца твор.

Пра любоў і ўмеласць ужывацца ў чужы твор найбольш гаворыць тая акалічнасць, што Казека, калі можна так сказаць, адналюб: яго даследчыцкая ўвага скіравана толькі на тых пісьменнікаў, творчасць якіх яму блізкая па матывах.

Адчуванне мастацкага, любоў да літаратуры ідзе ў Казекі мабыць, ад самага маленства. Выйшла так, што ўжо тады на фармаванне яго эстэтычных вызнанняў зрабіла ўплыў літаратурнае, ці, лепш сказаць, паэтычнае акружэнне. Нарадзіўся і рос Янка Казека ў вёсцы Кострычы на Бабруйшчыне, атуленай лясамі, а хто не ведае, што лясы і паэзія заўсёды поруч.

Бацька быў лесніком, ён выпісваў бабруйскую газету «Камуніст», а пры ёй штомесяц выходзіў літаратурны дадатак «Вясна», і там друкаваліся творы Васіля Віткі, Міколы Лобана, Хвядоса Шыклера. У Любоніцкай сямігодцы, дзе вучыўся Казека, выкладчыкам беларускае мовы і літаратуры быў маладняковец Рыгор Бахта, у нумары другім бабруйскага літаратурнага альманаха «Уздым» за 1928 год ён надрукаваў сваё апавяданне «Падарунак на пазіцыі» пра салдата Першай сусветнай вайны, у пекле якой пабываў сам — толькі падумайце, якое гэта магло зрабіць уражанне на вучня! Потым Казека вучыўся ў лестэхнікуме (зноў, бачыце, лес!). Потым, калі вучыўся ў Мінскім педінстытуце, яго акружала такое маладое літаратурнае асяроддзе, як Іван Грамовіч, Мікола Лупсякоў, Янка Непачаловіч, Васіль Івашын, Вісарыён Гарбук, а ўлетку прыязджалі завочнікі Пімен Панчанка, Алесь Бачыла, Рыгор Няхай. Ведама, удосталь хапала гаворкі і гарачых спрэчак пра літаратуру. Вось якая атмасфера жывіла інтэлектуальныя імкненні Янкі Казекі. І ў 1935 годзе, у няўрымслівыя студэнцкія гады, паявіліся ў «ЛіМе» першыя Казекавы артыкулы і рэцэнзіі.

А ў школьныя гады, у вёсцы, Казека зачытваўся байкамі Кандрата Крапівы. І няйначай як той час і з’явіўся прычынаю даследчыцкай цікавасці Казекі да творчасці народнага пісьменніка Беларусі.

Я не стаўлю сабе за мэту разглядаць і аналізаваць крытычную дзейнасць Янкі Казекі, гэта зробяць спецыялісты. Аднак мне хочацца сказаць, што ў Казекавай творчасці мне падабаецца яго даследчыцкая добрасумленнасць. Падабаецца, што ў сваёй рабоце ён абыходзіцца не толькі тэкстам твора, а далучае да яго многа пабочных дапаможнікаў — архіўныя дакументы, перапіску, роспыты. Падабаецца, што творчасць пісьменніка ён бярэ пад сваю ўвагу надоўга, такім чынам прасочваючы эвалюцыю. Апроч грунтоўных артыкулаў пра Коласа, Крапіву і Чорнага, мне вельмі падабаецца артыкул пра Васіля Каваля. Нават не ведаю, чым ён мне мілы, можа хіба тым, што Каваль у ім стаіць перада мною як жывы з усім яго складаным творчым лёсам.

Хочацца пагаварыць і пра што іншае. Мяне, напрыклад, дзівіць Казекава працавітасць. Дзівіць яго сціпласць: нідзе, нічым і ніколі ён не стараецца сябе выставіць; ён нават не ўмее гаварыць пра сябе. Калі я чытаю пісьменніка, якога ведаю асабіста, я чую яго голас, інтанацыю, бачу яго манеру, увесь яго, як кажуць, духоўны партрэт; гэтак жа чуцён у сваіх творах і Казека. Я бачу яго душэўнасць і мяккасць, даследчыцкую сумленнасць і клапатлівую асцярогу, каб усё было не забыта, праверана, вывучана, разгледжана з усіх бакоў. Памятаю, калі складаўся біяграфічны даведнік «Пісьменнікі Савецкай Беларусі», многія артыкулы пісаў ён сам і, даведаўшыся, што я перапісваюся з Сымонам Хурсікам, папрасіў, каб я ў сваіх лістах з ім сёе-тое ўдакладніў. Хурсік прыслаў некалькі старонак свайго дробнага почырку, і Казека быў невыказна рад, што матэрыялы не толькі ўдакладніліся, а зусім абнавіліся.

Памятаю і іншы выпадак, трошкі з другім душэўным знакам якасці, калі ён ратаваў мяне ад графамана. Выдавецтва «Беларусь» дало мне на рэцэнзію рукапіс рамана. Я яго добрасумленна прачытаў і добрасумленна напісаў рэцэнзію, сказаўшы, што гэта халтура, што не толькі друкаваць, а нават папраўляць яго нельга. Аказалася, што аўтар хадзіў колісь каля вялікіх чыноў і, ведама, быў упэўнены, што яго рукапіс самы аўтарытэтны і самы патрэбны. Ён напісаў скаргу ў высокія інстанцыі, абвінаваціўшы рэцэнзента далёка не ў літаратуразнатоцкіх грахах. Казека рабіў тады галоўным рэдактарам выдавецтва. Калі праз нейкі час я зайшоў туды, то застаў Казеку за пісьмом, у якім і аўтару, і высокай установе даваўся грунтоўны аналіз рукапісу з безумоўнаю ўхвалаю мае рэцэнзіі.

Памятаю і яшчэ адзін эпізод з маіх творчых з Казекам узаемаадносін. Тады Казека рабіў у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва». Ён папрасіў даць што-небудзь для газеты. Я намерыўся пісаць ці то аповесць, ці раман з умоўнаю назваю «Галоўны бухгалтар». Было ў мяне некалькі накідаў асобных эпізодаў. Наспех перапісаўшы нейкі голы дыялог, я і аддаў яго Казеку. Мяне дзівіць, і тады дзівіла, колькі трэба было знайсці душэўнай далікатнасці і такту, каб, пры самым шчырым спачуванні, бо я тады толькі паявіўся пасля доўгага перапынку ў друку, каб пры самым шчырым спачуванні Казека начыста забракаваў той урывак, бо мастацкае яго выкананне было не на маю карысць. Я ніколі не гаварыў пра гэта Казеку, але і цяпер дзякую за такую мастацкую непадкупнасць.

Не магу, каб прамаўчаць пра Казекаву работу над словам, фразаю. Вы заўважалі, якая ў яго простая і ясная мова? Вы ніколі не пачуеце, каб у ёй фальшывіла нейкае слова, каб у тэксце гулялі канцылярыты, калька, каб вас працінала ад манернасці ці хадульнасці. Усё натуральна, лёгка і дакладна. Казекавы кнігі чытаюцца без намагання, у іх няма і зухаватага павукападобнага форсу, на што хварэе вельмі многа навуковага люду. Нездарма ж яму нададзена ганаровае званне заслужанага работніка культуры Беларускай ССР.

1975


1975