epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Скрыган

Калегаванне

Вельмі ж добрае калегаванне пачалося з адным чалавекам. У далёкім уплывовым горадзе ў яго была ўплывовая пасада, якая нейкім чынам магла даваць адлюстровак і на мяне. Ён любіў літаратуру, і гэта як бы давала поўнае права на наша калегаванне.

Аднаго разу ў рэдакцыю прыйшла акуратна запакаваная бандэроль. А ў ёй апавяданні. Ад таго чалавека.

Ну, таварыш Калегаванне, давай параімся, што рабіць, сказаў я сам сабе. Будзем адкрываць новае імя? Але ж пад апавяданнямі трэба падпісаць, што яны перакладзены з другой мовы? А з другой мовы звычайна перакладаецца нешта лепшае з твораў ужо вядомага ці слыннага пісьменніка. Які займае пэўнае месца ў сваёй літаратуры. Як жа нам з табою быць, таварыш Калегаванне? Тым больш што апавяданні яшчэ слабенькія, адразу відно, што першыя. І якую старану павінен заняць у гэтым наш стары добры памочнік — Такт?

І я, ведама, пераканаўся, што Такт і Калегаванне не вельмі дружаць паміж сабою.

1972


1972