epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Скрыган

Калыхаў музыку вецер

Нельга, каб парк быў як суцэльны глухі лес. Яму патрэбны прагалкі, лугавіны, палянкі, трава, адзінокія дрэвы з шырокімі кронамі — дуб, клён, ліпа, ясень, вяз, таполя,— і азярыны. На такую думку наводзяць найперш нясвіжскія паркі, дзе яны разрасліся ад свае даўняе даўнасці, можа нават збярогшы яшчэ і колішнія эстэтычныя замыслы. Асабліва ўгадваецца гэта ў Старым і Англійскім парках, на жаль, за немалым усюды нашым клопатам трошкі запушчаных.

Вось за гэтым трошкі запушчаным і азёрамі аддзеленым англійскім Марысіным паркам, цераз прагаліну ў састарэлай агароджы — відно поле. Восень. Іржэўнік. Цішыня.

На дарозе, што на не вельмі далёкай далечыні ідзе за тым іржэўнікам, паволі рушыць працэсія: наперадзе аднаконная фурманка, а за ёю грамадка людзей, цяснейшая адразу за возам, і ўсё радзейшая, з усё большымі прагалкамі ззаду. Налева, адкуль ідзе працэсія, за пагоркам відно некалькі стрэх вясковых хат, направа, яшчэ далекавата, куды працэсія кіруецца — кучаравы чубок лесу, якім звычайна зарастаюць могілкі. Як бы дзеля таго, каб пацвердзіць здагадку, пачулася адтуль музыка, даносячыся з ветрам то грамчэй, то ледзьве чутна.

Сышоўшы са сцежкі, я стаю ў прагаліне агароджы, праняты неспадзеўнасцю гэтай працэсіі. Што гэта? Каго хаваюць? Чаму гэтак да няўтульнасці занядбана і малалюдна?

Тою ж сцежкаю босымі нагамі прайшла і спынілася, і падышла да мяне жанчына, невысокая, пажылая, але па-маладому зграбная і жвавая, у адзенні будзённым — шэрая мультановая кофтачка, цёмная баваўняная спадніца, хустка на галаве каптурыкам. Твар заклапочаны, з рысамі даўняй, як бы нетутэйшай красы. Няйначай як яна ішла на работу і сунялася на музыку.

Яна вачыма зразумела, пра што я хачу папытацца.

— З Каралін. Маладая дзяўчына памерла.

— Ад чаго ж?

— Рак. Сказалі, рак крыві. Семнаццаць гадоў. А то ж днямі хлопец, на доктара вучыўся, канчаў. Утапіўся ў возеры. Таксама адтуль. Онё ж стрэхі відны за пагоркам, хат пяць асталося, ссялілі ўсіх у адно. Ну, няхай дзяўчына ад раку, дык жа і шкадуюць, і плачуць, і музыку далі. А той жа ад рызыкі боўтнуўся з разгону ў халодную ваду і не вылез. А кажуць, што можа нават выпіты быў, цяпер жа надта не шануюцца ў гэтым.

Памаўчала.

Не пераставала жалобная музыка. Вецер як бы знарок калыхаў яе, балесна даносячы чужую жальбу.

— А можа й няпраўда. Нагаварыць лёгка, цяперака панавучваліся гэтаму каторыя,— недзе ў самой ёй жыло іншае перакананне і не тое, мабыць, і сказала, што самой хацелася.— Шкада от. Нельга, каб паміралі маладыя. І хваробы гэтыя модныя. Божухна, што робіцца,— свет трасецца! А нам, старым, жыць трэба, бо трэба ж рабіць.

І як бы ўспомніўшы, што забавілася, абачліва кіўнула галавою, нахмурыла заклапочаны свой твар і скоранька патупала далей сцежкаю ў парку.

1979 — 1982