epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Скрыган

Карла

1
2
3
4
5
6


1

 

Карла была ўпэўнена, што ні ў кога другога няма такога харошага сяброўства, як у яе з Міхалём Ермаліцкім. Яна нават не памятала, як гэта пачалося, і не сказала б, чым лепш за другіх быў Міхаль. Каб сказаць, што ён быў надта прыгожы, дык не — звычайны, нават крыху нелюдзімы, як бы сярдзіты або нездаволены чым. Адно, што кідалася ў вочы ў яго, дык гэта чорныя кучаравыя валасы і бялявыя бровы. Можа іменна ад гэтай бялявасці броў здавалася, што трохі рэзка глядзяць з-пад іх зусім шэрыя вочы. Хацелася, каб яны былі мяккія, каб усміхаліся, але яны былі халаднавата-дзёрзкія. Гэтую асаблівасць Карла заўважыла першы дзень, калі паступала на завод. Галоўбух прызначыў яе да Міхаля ў памочнікі — рахаўніком. Міхаль распытваў, што яна можа рабіць. Аказалася, што да гэтага яна працавала касіркаю, па бухгалтэрыі ведала мала, і Міхаль адмовіўся ад яе.

— Тады вам трэба і паступаць у касіркі,— сказаў ён.

— Мне там надакучыла, таварыш бухгалтар,— адказала Карла.— Я б хацела чаму большаму навучыцца. Няўжо ж мне так век і быць касіркаю?

— То перш трэба навучыцца, паважаная дзяўчына. Бо мне трэба такія, каб ужо працавалі. А то што ж — замест помачы я буду мець дакуку: абучаць вас.

Галоўбух наш, Мікалай Варанецкі, меў вельмі добрае сэрца. Ён не захацеў крыўдзіць Карлы. Ён ведаў, што іменна з гэтае маладое пары трэба вельмі беражліва і чула ставіцца да чалавека. Карла спадабалася яму найбольш, мабыць, тым, што прасілася на такое месца, дзе было б цяжэй і дзе б яна чаму навучылася. Паглядзеў ён на яе — госпадзі, такая маладая і так хораша думае! — і не захацеў адпусціць ад сябе. Паабяцаўшы, што пазней усё само стане на месца, ён выклікаў старога касіра Клакоцкага.

— Андрэй Рыгоравіч,— сказаў ён,— вы даўно скардзіліся, што не па вашых гадах бегаць па банках ды стаяць там у чэргах. Вы стары рахаўнік. То можа вы пойдзеце да Ермаліцкага? А на ваша месца мы паставім вось гэтую дзяўчыну.

— Калі ласка, Мікалай Сямёнавіч. Не толькі згодзен, а вельмі прашу.

Так Карла і асталася ў нас на заводзе.

 

2

Міхаль Ермаліцкі працаваў бухгалтарам па заработнай плаце. Ці то таму, што па характару работы ён быў найбольш звязаны з касаю, ці то таму, што аднойчы раптам заўважыў Карліны тонкія і вельмі зграбныя пальцы, калі яна перагортвала выплатныя ведамасці, але яго пачало цягнуць туды. Пасля нечакана для сябе ён заўважыў і другое: што светлыя валасы Карле вельмі да твару, што яна не па-дзявочы сур’ёзная, што не надта падае на гаворку і нават усміхаецца не так, як усе: рэдка, але так, што ад усмешкі яе хораша і цёпла. Карла не ведала, што Ермаліцкі раскайваўся цяпер, не ўзяўшы яе ў свой аддзел, і разумела ўвагу яго як чыста дзелавую: чалавек хоча, каб яна дзе не памылілася. Гэта вось так робіцца, гэта вось так...

— Дзякую, таварыш Міхаль, але ж гэта я крыху сама ведаю.

— А я думаў, што вы на першым часе...

— От бачыце, як мне шанцуе. На першым часе,— знарок падкрэсліла Карла Міхалёвы словы,— вы баяліся, што я буду ў вас не помач, а немач, а на другім часе самі напрошваецеся ў настаўнікі...

— Ну, мала што,— сканфузіўся Ермаліцкі, добра зразумеўшы гэты папрок.— Вам жа сказаў Мікалай Сямёнавіч — ваша ўсё не за гарамі. Ды я і не вучу, а... проста каб мець упэўненасць.

Напачатку Ермаліцкі ў касу заходзіў часта, бо гэта ўспрымалася як клопат пра маладога работніка. Але з часам рабіць гэта стала нязручна. Кожны ведае, як не хочацца паказваць другім, калі пачынаецца першая духоўная патрэба часцей бачыцца з чалавекам, які нечым кінуўся табе ў вока. Гэта як бы нейкая маленькая тайна, у якой вельмі многа трывожнай няпэўнасці, і хочацца, каб ніхто не ведаў пра гэта. Ермаліцкі пачаў цікаваць той час, калі канчаецца работа, каб неяк знячэўку апынуцца каля Карлы і правесці яе дахаты. Пасля іх часта пачалі бачыць разам у парку, у кіно. Ужо нікому не было тайнай іх сяброўства, і яны ні ад каго не хавалі яго. Мы не пазнавалі Карлы. Яна неяк перамянілася на вачах. І да гэтага ўся яна была харошая, зграбная, неяк вельмі ў меру сціплая і самастойная, маладая і дарослая, а то адразу стала яшчэ харашэй. Ці заўважалі вы, што ад шчасця нават непрыгожыя людзі свецяцца нейкім надзіва празрыстым веснавым святлом? А што ж было гаварыць пра Карлу: нават хада ў яе стала такая, што можна было стаяць ды любавацца, калі яна ішла. Поруч з ёю Міхаль Ермаліцкі здаваўся проста нязгрэда: ступаў шырока, непаваротліва, як бы ўвесь час баяўся стаць з ёю ўпоравень. І твары ў іх былі розныя: у Карлы ясны, адкрыты, на ім адразу былі відны яе вочы, у якія хацелася доўга глядзець; у Ермаліцкага — роўны, занадта спакойны, і вочы на ім запаміналіся толькі пасля.

Так дружба іх цягнулася можа з год. Яны ведалі, што былі патрэбны адно аднаму, і нават тых слоў, якія гаворацца ў такіх выпадках, калі ўпамінаецца каханне, не сказалі адно аднаму. Можа гэта залежала ад іх характараў, а можа ад таго, што сустрэчы іх былі адначасова ж і лірычныя і дзелавыя. Хто яго ведае, але яны не любілі пераказваць у словах таго, што і так адчувалася кожным. Нават першае прызнанне ў пачуццях было выказана не зусім звычайна. Летась, нешта пад восень, Міхаль прынёс у касу ведамасці на выплату заработнай платы. Карла, як заўсёды, прагледзела іх, малюсенькім дотыкам рукі паправіла валасы, хоць яны ляжалі вельмі акуратна.

— Па ўсіх ведамасцях плаціць? — папыталася яна.

— Па ўсіх. Як і звычайна — кацельнай, механічнаму, кіслароднаму ў першую чаргу. Адмперсанал пачакае.

Каса была маленькая: выплатное акенца, столік каля яго. З адного боку сейф, з другога — за кратамі — акно ў двор. Карла сядзела на тонкім гнутым крэсле, Міхась стаяў у яе за плячыма. Мабыць, і паправіла яна валасы, ведаючы, што ён глядзіць на яе.

— А навошта ж, каб адмперсанал чакаў? — цераз плячо павярнула яна галаву.— Грошай жа ўсім хопіць.

— Ну, так ужо заведзена. Каб не было гаворкі, што мы перш самі палучаем, а тады ўжо рабочым даём...

— Смешна трохі,— памаўчаўшы, сказала Карла.— Чаму гэта мы так папрывыкалі ўсё рабіць казённа? Кожны ж ведае, што гэта толькі форма. Грошай хапае: у каго ёсць палучыць, няхай прыходзіць і палучае, і якая розніца, хто за кім?

— Ну, мала што,— пагадзіўся Ермаліцкі. Але тут жа паправіўся, як бы спахапіўшыся, што ў такіх прынцыповых выпадках пагаджацца ён не мае права.— Парадак ёсць парадак. Папускацца ў гэтым нельга. Будзем рабіць так, як рабілі.

Карла паціснула плячыма, як бы сказаўшы: «А мне што да таго? Як хочаце, так і рабіце».

Ермаліцкі трохі пастаяў у яе за спінаю. Хораша, неяк не так, як у другіх, была нагнута над сталом яе галава. Не так, як у другіх, былі плечы. Ермаліцкі сказаў:

— От выплацім, і адразу стане лягчэй. У мяне заўсёды так: пакуль не выплаціш, то як бы нешта вісіць над галавою. І субота якраз... Я гэта от што хацеў сказаць, Карла. Няхай толькі вам не падумаецца чаго. Мы б маглі заўтра паехаць у Ждановічы. Вельмі добра там, лес, і наогул... Калі толькі вы... Як вы думаеце?

Па тым, як застылі Карліны плечы і чуць-чуць прыўзнялася над сталом галава, Міхаль зразумеў, што Карла думае. Думала яна не доўга. Павярнулася, зірнула ў вочы і сказала:

— Як вы хочаце, Міхаль, так і зрабіце. Добра?

Гэта было сказана так шчыра і так даверліва, што больш не трэба было ніякага прызнання.

 

3

І от здарыўся выпадак, які парушыў нечакана спакой і ў нашым службовым, і ў Карліным жыцці.

На работу да нас паступіў Собіч. Невысокі ростам, сціпла, але акуратна адзеты, чалавек гадоў за трыццаць пяць, ён здаўся нам вельмі непрыкметны і звычайны. Пачыналася квартальная справаздача, старшы наш бухгалтар Наўроцкі збіраўся пасля яе пайсці на пенсію, трэба было даць яму некага ў памочнікі. Якраз на гэты час натрапіўся Собіч. Справаздачу згарнулі вельмі скора і ўдала, Собіч бадай што ўсё зрабіў за Наўроцкага, і Мікалай Варанецкі неўзабаве прызначыў яго старшым бухгалтарам.

Звычайна кожны чалавек па сабе ведае, што калі ён трапляе на новае месца, то яму ўсё здаецца не так, як яно павінна было б быць. Ён адчувае сябе не зусім зручна. І людзі незнаёмыя, і ты не ведаеш, як з імі трымаць сябе, і працуюць яны быдта не так, як ты хацеў бы, і парадкі не такія, да якіх ты прывык. Тут адно з двух: калі ты радавы работнік, то пачнеш да ўсяго пакрысе прывыкаць і неўзаметку асвойтаешся і ўцягнешся ў чужы парадак; калі ж у тваіх руках будзе хоць невялічкая магчымасць камандаваць, то пачнеш усё ламаць і перарабляць па-свойму. Такая ўжо наша навука бухгалтэрыя, што з тых далёкіх часоў, калі італьянскі вучоны-манах Лука Пачыолі выдумаў яе, яна не перастае быць актыўным удзельнікам эканамічнага прагрэсу. Яна можа быць мёртвай у руках чыноўнікаў і бюракратаў і можа тварыць цуды, калі хоць трошкі ўдыхнуць у яе творчай неспакойлівасці.

От Собіч якраз і трапіўся такі няўрымслівы. Увесь наш прывычны парадак механічнай работы пачаў трашчаць на ўсіх застаўках. Калі фігуральна сказаць, то да гэтага часу кожны з нас быў як бы моцна прыкуты да свайго стала, каб выконваць адну і тую ж даўно завучаную функцыю. Пад канец кожнага месяца нам пададуць справаздачы. Кожны бухгалтар перагорне іх, стукне для прыклёпу на лічыльніках ці крутне арыфмометрам, каб зрабіць выгляд, што правярае, і настрочыць праводак. Рахаўнікі разнясуць гэтыя праводкі па картатэках. Старшы бухгалтар зробіць абаротны, пасля сальдавы баланс, прыложыць да яго калькуляцыі і формы, патрэбныя па наменклатуры,— і справаздача гатова. Галоўбух Варанецкі падпіша ўсё гэта, занясе на подпіс дырэктару; баланс адправяць у дзяржбанк, адашлюць у глаўк, і — зноў бухгалтэрыя паціхеньку варушыся, абы дзень прайшоў, да наступнай справаздачы. Прыблізна вось так роўна і гладзенька круцілася наша службовая машына. Варанецкі надта ў нашы справы не ўмешваўся, паверыўшыся цалкам на старшага бухгалтара, а таму, старэнькаму,— абы спакой ды цішыня.

Як толькі за старшага стаў Собіч, мы адразу адчулі, што ўсё гэта скончылася. Пачалося з таго, што ён вярнуў праводку Валі Арэшцы.

— Валянціна Андрэеўна,— пазваў ён яе да сябе.— Вы спісваеце фільтравое палатно з дапаможных матэрыялаў. Гэтага не можа быць. Гэта ж — асноўныя матэрыялы.

— Ой, няўжо ж я памылілася? — усклікнула Валя, уся загарэўшыся чырванню, як гэта заўсёды было з ёю, калі нечакана хто рабіў ёй заўвагу.— Ну нічога, я дам сторна.

Такі тэрмін у нас азначае, калі няправільны запіс трэба скасаваць. Гэта запісваецца чырвоным чарнілам і ў падлічванні мінусуецца.

— Не, сторна тут не трэба. Трэба проста даць правільную праводку. Каб не прывыкаць да неахайнасці,— спакойна, не то раячы, не то загадваючы, сказаў Собіч.

— Добра, Усевалад Кірылавіч, зараз перараблю.

Яшчэ большы канфуз выйшаў, калі новую праводку Собіч зноў вярнуў назад.

— Вы, мабыць, паспяшаліся, Валянціна Андрэеўна. Цяпер вы спісваеце добра, але на вытворчасць адносіце няправільна. Вы адносіце на цэхавыя расходы, а гэта ж — асноўныя затраты.

Валя зноў загарэлася чырванню. Ведаючы, што да іх гаворкі прыслухоўваюцца, Собіч пачаў ціха паясняць Валі, чаму ў яе так здарылася. Нельга апрацоўваць дакументаў спехам, выбіраючы на выпадковых кавалках паперы лічбы. Трэба дакументы сістэматызаваць, парабіць ім рэестры, каб было добра відаць, што, адкуль і куды ідзе. Каб гэта было гаспадарліва і культурна.

— Гэта не толькі вам патрэбна, Валянціна Андрэеўна, і не толькі сёння,— тлумачыў Собіч.— Трэба, каб ваш дакумент чытаўся ясна і мною, і другімі, і праз любы час. А найбольш гэта патрэбна, каб вы самі ўявілі сэнс свае работы: кожны ваш запіс абавязкова адгукнецца на вытворчасці. Пад канец месяца ён пакажа, як мы працавалі: добра ці дрэнна, дорага ў нас выйшла наша прадукцыя ці танна. Калі добра — мы будзем рады. Калі дрэнна — павінны падымаць трывогу, шукаць прычын. Вось чаму вы павінны быць упэўнены ў сваёй рабоце... Давайце я пакажу вам, як гэта ўсё можна зрабіць. А тады вы будзеце так ужо і пільнавацца. Добра?

— Вядома, Усевалад Кірылавіч! Я буду дзякаваць вам...

Валя Арэшка была чалавек пакладзісты, ахвочы. Але не ўсім спадабалася такое настойлівае ўмяшанне ў наш бесклапотны лад жыцця.

Найбольш трывожна аднесліся да гэтага мы — рахаўнікі ды картатэтчыкі. Мы баяліся аднаго — хаця б уся гэтая пературбацыя не дала нам больш работы. А пературбацыя ішла ўсё далей і далей. Собіч заявіў, што няправільна ў нас вядзецца каса — калі там быць з галавою, то можна добра грэць рукі. Што па-панібрацку ўлічваем аўтатранспарт, даючы шафёрам магчымасць не толькі рабіць левака, а ўсе гэтыя штукарствы спісваць на дзяржаву. Што ў рабочых нарадах ёсць пабочныя работы, не аднесеныя на заказчыка. Што прадукцыя на старану адпускаецца без праверкі запазычанасці і такім чынам без патрэбы растуць дэбіторы. Словам, я пачаў расказваць можа вельмі нудныя рэчы, але ж без гэтага нельга абысціся, каб можна было зразумець хоць трошкі характар нашых перамен. Кожны пачаў адчуваць, што ён не толькі павінен адбываць работу, а нешта рабіць, у нечым даваць сябе знаць.

Міхась Ермаліцкі адразу неўзлюбіў Собіча. Ён быў наогул не вельмі прыязны да людзей і крыху закаханы ў сябе. Ва ўсякіх размовах ці спрэчках ён перш доўга маўчаў, выслухоўваючы другіх, а тады ўжо любіў сказаць, каб яго слова было апошняе і, вядома, аўтарытэтнае. Свой аддзел ён лічыў самым важным і цяжкім, і само сабою зразумела, што пасля Наўроцкага сябе лічыў як самага моцнага бухгалтара. Усведамляючы гэта, ён і трымаў сябе наводдаль ад другіх і трохі фанабэрыста.

Калі ж сказаць праўду, то ён ведаў работу толькі свайго аддзела і быў чалавек вузкі. Аднак жа яго вельмі пакрыўдзіла, што Варанецкі назначыў на пасаду старшага бухгалтара не яго, старога кадравага работніка, а нейкага прыблуду Собіча. Кожнае Собічава слова ці заўвага да каго-небудзь ці нават простая гаворка з кім выклікала ў ім злосць. Не маючы сілы стрымаць сябе, ён падыходзіў да Бабыркі, да Клакоцкага ці яшчэ да каго, прасіў прыкурыць і, нагінаючыся, стараўся шапнуць:

— От бог начальніка нам даў! Штучка...

Ведаючы слабасць Валі Арэшкі пагаварыць з Ленай Сініцкай пра жаніхоў, якіх бог да гэтага часу не даў ёй, і тое, што яна ахвоча ўспрымала ўсе Собічавы заўвагі, ён нагінаўся і да яе вуха:

— Ну, Валя, нарэшце і табе жаніх знайшоўся. Больш, больш завіхайся каля яго, а то прамаргаеш... Спяшайся!

— Дурань! — адказвала Арэшка, заліваючыся чырванню і чуючы, як тохкае яе сэрца, і папраўдзе злоўленае на гэтым слабенькім спадзяванні.

Ермаліцкі шукаў выпадку, каб чым падкалоць і самога Собіча. Аднаго разу, як звычайна, Собіч сядзеў за сваім сталом, разносячы праводкі па журнале. Але ён разносіў не так, як мы прывыклі бачыць: ён перш праглядаў канціроўку — так завецца ў нас зашыфрованы запіс на праводцы,— перагортваў дакументы, зноў варочаўся і чытаў канціроўку, даставаў прамфінплан, нешта правяраў, над нечым падоўгу думаў. Ермаліцкі разы два з папяросаю ў зубах прайшоўся па канторы, а тады суняўся каля яго стала і гучна, каб усе чулі і, відаць, падтрымалі яго, папытаўся:

— Мабыць, таварыш старшы бухгалтар, усё прыкідваеце, якую б нам яшчэ работу прыдумаць? Дарэмна гэта, мы і так загружаны.

Ермаліцкі зірнуў на сталы. Праўда, усе перасталі рабіць, яўна зацікаўленыя такой размовай.

У гэты час зайшла Карла. Яна, мабыць, зайшла, як гэта рабіла часта, да Ермаліцкага, каб можа чаго папытацца ці проста пабыць каля яго. Думаючы, што ён заняты па справе, яна прайшла і села за яго стол пачакаць.

— Хочаце, каб мы круціліся, як машыны? — больш настойліва, відаць, каб Карла звярнула ўвагу, папытаўся Ермаліцкі.

— Навошта ж мне гэта рабіць, Міхаль Пятровіч? — здзівіўся Собіч.

— От і я так думаю. Працавалі мы дагэтуль не дрэнна, усё ў нас ішло добра, а вы ўсё хочаце перакруціць. Толькі горш гэтым робіце!

— Не, не, Міхаль Пятровіч. Усё якраз будзе вельмі добра, самі пабачыце. Я хачу, каб ніхто не гаварыў пра бухгалтэрыю, як гэта гавораць цяпер, што мы толькі блытанікі, канторскія пацукі ці чарнільныя душы. Нас з вамі павінны паважаць, Міхаль Пятровіч, як гэта і належыць па нашым абавязку дзяржаўнага кантролю.

— От цяпер ясна, таварыш Собіч! — яшчэ больш упэўнена і рэзка сказаў Ермаліцкі.— Вы хочаце выслужыцца на нашым гарбе. Ордэн зарабіць! Але нешта не чуваць, каб бухгалтараў дзе ўзнагароджвалі. Дарэмна будзеце напінацца. На ордэны хапае рабочых ды інжынераў, хто ўсё-такі нешта робіць. А мы з вамі толькі люстэрачнікі, разумееце?

— Як гэта люстэрачнікі?

— А так, як напісана ва ўсіх падручніках. Нават падручнікі не даюць вам права на ордэн, бо там сказана ясна: улік з’яўляецца адлюстраваннем гаспадарчай дзейнасці прадпрыемства. Вы можаце толькі адлюстроўваць чужое, а не лезці ў стваральнікі, таварыш старшы! І не выдумляйце нам усякай непатрэбшчыны!..

Собіч таксама дастаў папяросу, але не прыкурыў яе, а пакруціў у пальцах і палажыў каля чарнільнага прыладку. Ён не разумеў, ад каго гаворыць Ермаліцкі — ад сябе ці за ўсіх? Зірнуў на сталы: не, спагады Ермаліцкаму ў іх вачах ён не знайшоў. Скарэй за ўсё на тварах у іх можна было прачытаць збянтэжанасць, здзіўленасць, нават горыч. Карла глядзела ў стол, нешта калупаючы на ім. Стары Бабырка, абапёршы галаву на руку, як бы гаварыў: «Скажы ты, да чаго дакаціўся чалавек». Валя Арэшка глядзела ў акно, і неўзвычай твар яе быў не чырвоны, а белы; яна прыкусвала губу, мабыць, стараючыся не заплакаць.

— Ясна,— сказаў, падумаўшы, Собіч і пералажыў папяросы з месца на месца.— Не ведаю, Міхаль Пятровіч, ці трэба нам спрачацца з вамі. Вы нават падручнікі ўзялі сабе ў падмогу — як тэарэтычнае абгрунтаванне. То можа нам варта прачытаць падручнік і трошкі далей. Там жа, проста ў тым самым месцы, сказана і другое, Міхаль Пятровіч, можа вы не ўспелі дачытаць. Што ўлік з’яўляецца сродкам кантролю і кіравання вытворчымі і гаспадарчымі з’явамі. Што на аснове ўліковых паказчыкаў складаюцца планы і правяраецца іх выкананне. Што ўлік аберагае сацыялістычную маёмасць, умацоўвае працоўную дысцыпліну. Што правільны ўлік дае магчымасць зніжаць сабекошт прадукцыі, а значыць, даваць прыбыткі прадпрыемству. От бачыце, як многа залежыць ад бухгалтэрыі. Дык трэба ж усяго гэтага дамагчыся, каб не быць толькі люстэрачнікамі, як вы гаворыце. Я не паверу, калі вы скажаце, што адмаўляецеся ад ордэна, а заслужыць яго ўсюды можна, таварыш Ермаліцкі. Але калі не заслужыць яго завод, то не заслужыце і вы... Вы шкадуеце, што кончыцца ваша прывычка спакойна сядзець за сталом, больш нічога... Не будзем лепш гаварыць пра гэта, я думаю, што ваша сённяшняя зласлівасць — проста памылка.

Нарэшце Собіч узяў і прыкурыў папяросу. Яшчэ было вельмі ціха, і хоць не моцна, але ўсе пачулі, як Бабырка сказаў:

— От смаркач які знайшоўся. Зазнайка!

— А вас ніхто не просіць лезці ў чужыя дзіркі! — агрызнуўся Ермаліцкі.

З усведамленнем таго, што апошняе слова сказана ім, Ермаліцкі пайшоў за свой стол. Карла ўстала, даючы яму месца, і прайшла міма.

— Ты чаго хацела, Карла? — наўздагон папытаўся Ермаліцкі.

Нічога не адказаўшы, Карла выйшла з канторы.

 

4

Закаханыя людзі бываюць крыху сляпыя. Яны бачаць у другім толькі тое, што ўбачылі ўпершыню і за што пакахалі. Створаны ўяўленнем вобраз, тым больш любага чалавека, не так лёгка разбурыць. Усё ў ім толькі самае лепшае, толькі тваё. І няйначай як стаўшы збоку, зірнуўшы другімі, чужымі вачыма, можна заўважыць і тое, што здалося не сваім, непатрэбным.

Карле было горка раптам не пазнаць Міхаля, даведацца, што ён трошкі не той, якога яна пакахала. І гэта была першая крыўда ў яе ад Міхаля і першая сварка з ім. Яна цягнулася доўга, можа тыдняў са два. Было відаць, што яна пазбягала яго.

Часамі здаралася так, што ў касе аперацый было мала, рабіць не было чаго, а аставацца там ёй адной было цяжка. Яна прыходзіла да нас у кантору і падоўгу сядзела каля стала то ў аднаго, то ў другога, просячы даць ёй чым заняцца. Найбольш яна сядзела каля Валі, памагаючы рабіць ёй то рэестры, то што-небудзь падлічваючы.

— Я зайздрошчу табе, Валя,— гаварыла яна.— У цябе так многа клопату, і ты бачыш, што папраўдзе нешта робіш.

— Не кажы, Карлачка. Я і сама не ведала, што ў мяне можа быць так многа гэтага клопату. Ты разумееш, у мяне цяпер нават прамфінплан ляжыць у шуфлядзе, і ліміты ляжаць. Я цяпер, як той прафесар — сама да ўсяго дападаю і скажу табе — што так, а што не гэтак.

Трэба сказаць, што сапраўды ў нас стала ўсё цікавей, бо мы адчулі, што кожны з нас абавязкова звязаны нечым з другім. Цяпер нярэдка было, калі не толькі бухгалтары, а нават мы, рахаўнікі, пачыналі спрачацца адзін з адным, што на нас няправільна альбо не тое, што трэба, запісана.

І от недзе ў гэты час здарылася такая падзея. Цяпер у нас увайшло ў абавязак кожны раз пасля справаздачы правяраць усё зробленае. На гэты раз Собіч выклікаў начальніка кацельнай Касцюкевіча.

— Я слухаю вас,— сказаў той, увайшоўшы. Гэта быў мужчына вельмі мажны, высокі, з вялікімі рукамі, з буйнымі рысамі твару, непаваротлівы і нават, здавалася, нясмелы, як гэта звычайна бывае ў людзей такой пароды. Гаварыў ён таксама не спяшаючыся, паважна.— Я вам патрэбен быў, таварыш бухгалтар? — папытаўся ён, павольна выгаворваючы словы.

— Але, вельмі добра. Мне хацелася разабрацца з кацельнай,— сказаў Собіч.— Сядайце... У нас з вамі вельмі дорага выходзіць пара. Вельмі дорага — аж на чатыры рублі даражэй на кожнай мегакалорыі супроць плана. А значыць, дорага пайшла і ўся прадукцыя.

— Не ведаю, як у вас, а ў мяне нармальна,— паволі сказаў Касцюкевіч, апускаючыся ў крэсла, якое аж застагнала пад ім.

— Як гэта?

— А так. Я сябе скрозь сам правяраю — у мяне ўсё запісана. Гэта, мабыць, як звычайна, вы ў сябе тут у бухгалтэрыі наблыталі.

Касцюкевіч дастаў з ісподняе кішэні спяцоўкі блакнот, і разам з Собічам яны пачалі правяраць усе выдаткі. У Касцюкевіча было запісана надзіва ўсё дакладна: колькі ён страціў вугалю, колькі ўзяў вады — і прэснай, і хімічна ачышчанай, колькі спатрэбіў на бягучыя рамонты, звыдаткаваў масла, нават пакулля. Усё гэта з бухгалтарскімі запісамі сышлося, не сыходзілася толькі заработная плата і паслугі дапаможных прадпрыемстваў.

— Добра, дзякую,— сказаў Собіч.— Мы тут праверым, пашукаем, што за разрывы.

— Калі ласка,— пагадзіўся Касцюковіч і падняўся.— А вы што,— папытаўся ён здзіўлена,— выпадкова гэта праверылі ці што падазравалі можа?

— Не, мы будзем так правяраць не толькі вас, а ўсіх кожны месяц. Трэба ж нам аналізаваць сваю работу.

— От гэта правільна. Гэта, я вам скажу, проста надзвычай важна. От слухайце...

Касцюкевіч зноў сеў, зноў прымусіўшы жаласліва застагнаць крэсла, і пачаў расказваць, чаму іменна важна, каб штомесячна цэхі маглі правяраць сябе.

Касцюкевіч пайшоў, а Собіч пачаў корпацца то ў праводках, то ў запісах. Разрывы ў зарплаце знайшліся вельмі лёгка: аказалася, што на кацельную быў запісаны цэхавы персанал хімводаачысткі. А от з паслугамі дапаможных прадпрыемстваў разабрацца было цяжэй: трэба было правяраць нарады. Работа гэта была Ермаліцкага. Але Ермаліцкі правяраць адмовіўся.

— У вас памылкі павылазілі, вы і займайцеся імі,— сказаў ён.

Але тут яшчэ пра сеё-тое трэба расказаць.

 

5

Вынікі нашага лёгкага жыцця то там, то сям цяпер давалі сябе знаць. За гэты час здарылася гісторыя з фальшывым касавым ордэрам. Сам галоўбух ледзьве выблытаўся з гэтай гісторыі і пасля яе адразу даў дазвол завесці ў касе новы парадак афармлення дакументацыі. Не будучы ні ў чым вінаватай, Карла плакала і яшчэ больш неўзлюбіла сваю работу. Ермаліцкі стараўся ўпэўніць яе, што ў непрыемнасці гэтай вінаваты толькі Собіч.

— Я ж казаў, што яму трэба выслужыцца. А ты яшчэ хацела, каб я перапрошваў яго. От цяпер сама бачыш, што гэта за чалавек.

— Адчапіся ты,— гаварыла Карла.— Лезеш сляпіцаю толькі з сваім. Ты нічога не хочаш бачыць... апроч сябе.

— Не, мабыць, трохі пачынаю бачыць,— спрабаваў рабіць намёкі Ермаліцкі, добра памятаючы, што іменна праз Собіча да гэтага часу яшчэ не прытухла як след іх сварка.

Карла казала, што кіне работу, Ермаліцкі ўпрошваў яе не рабіць гэтага.

— А што ж ты параіш? — пыталася Карла.— Ну скажы, Міхалька, што?

— Пачакаць,— адказваў Ермаліцкі.— Я думаю, што гэты злыдзень доўга не будзе. Накаламуціць тут у нас, папераварочвае ўсё дый дасць лататы яшчэ куды. Або дачакаецца, што высвецяць.

Але Карла на параду пайшла да Собіча. І нечакана лёгка ўсё ўладзілася як лепш не трэба. Лена Сініцкая даўно прагла самастойнасці, яна згадзілася пайсці на касу, а замест яе да Валі Арэшкі пайшла Карла. Яна была рада, павесялела, ажыла, зноў засвяціліся яе на ўвесь свет адкрытыя вочы.

У гэты вось час і здарылася, што Ермаліцкі адмовіўся правяраць нарады. Ён сам ведаў, што робіць гэта нядобра, у душы даўно раскайваўся і разумеў, што натварыў глупства, і нават хацеў бы, каб настала якое прымірэнне. Але прымірэнне павінна было пайсці так, каб Собіч у нечым прызнаў сябе вінаватым. Ці хоць бы зрабіў такі выгляд. Каб, скажам, правяраць нарады загадаў не Собіч, а галоўбух. Ермаліцкі так і чакаў, што Собіч пойдзе са скаргаю да Варанецкага, і калі той скажа, то ён пачне правяраць. Але гэтым самым будзе падкрэслена, што ў Собіча аўтарытэту няма. Тады можна будзе нават паціху і прымірыцца.

Собіч жа за праверку нарадаў узяўся сам. Каб рабіць гэта спакойна, не адрываючыся, ён заняўся гэтым вечарамі, пасля работы. Перш-наперш ён уважліва прагледзеў усе нарады і размеціў па шыфрах. Тут таксама трэба паясніць, што гэта такое. Звычайна ў нарадах пішацца рабочае заданне, а зверху ставіцца шыфр аддзела, цэха ці аб’екта, куды будзе аднесена гэта работа. Па гэтых шыфрах і размяркоўваюцца затраты. Ужо з самага пачатку знайшліся недакладнасці. Шыфр наверсе стаяў адзін, а работа была розная — для розных цэхаў і гаспадарак. Выдзяляючы дакладна сумы, Собіч сваім тоўстым сінім алоўкам пачаў стаўляць новыя шыфры, не зважаючы на старыя.

На другі вечар, калі Собіч у нязвычна ціхім, пустым і ад гэтага вельмі прасторным пакоі адзін сядзеў за сваім сталом, перачытваючы аднастайнае апісанне работ, у кантору нячутна ўвайшла Карла. Яна пастаяла каля дзвярэй, не асмельваючыся парушыць гэтай адзінокай, чужой цішыні, аж пакуль Собіч не заўважыў яе.

— От не чакаў. Як жа гэта вы тут? А чаму адны? — папытаўся ён, разумеючы пад некім другім Ермаліцкага.

— Я прыйшла памагчы вам, Усевалад Кірылавіч. Чаму гэта вам трэба больш за другіх рабіць?

Собіч рассмяяўся. Ён зразумеў гэта як жарт.

— А не шкодзіла б, каб у мяне было больш такіх памочнікаў. Ну, пасядзіце трошкі ды раскажыце што. А я буду і рабіць, і слухаць. Каб было весялей... Куды вы ідзяце?

— Да вас, я сур’ёзна сказала, Усевалад Кірылавіч. Хіба гэта нядобра?

Собіч нахмурыўся. Ён як бы толькі цяпер заўважыў, што апроч Карлы-работніка ёсць яшчэ Карла-чалавек, жанчына, і цяпер дзівіўся, гледзячы на яе. Іменна толькі цяпер ён заўважыў і дзівіўся, што ў яе хороша выгінаецца лінія пляча; што ў сукенку, аж выхільваючыся краямі, уядаецца чорны паясок; што ў яе светлыя валасы і, мабыць, з такім жа, як у другіх, п’янючым пахам. Невядома, па якой сувязі і чаму іменна цяпер Собіч асабліва востра адчуў, што ён адзін і ўсё тое, што цяпер кранулася яго, баліць яму. Нешта вельмі знаёмае, патрэбнае і дарагое было ў гэтых пачуццях.

— Вас Ермаліцкі паслаў? — папытаўся ён.

— Не, я сама. Папраўдзе, дайце я памагу вам. І мне ж лепш будзе, калі я навучуся чаго ад вас.

— Вам небяспечна брацца за гэта. Тут будзе многа нядобрага, і ён падумае бог ведае што. Можа разладзіцца ваша дружба.

— Значыць, будзе ясна: патрэбна такая дружба ці не.

— Добра,— згадзіўся Собіч.— Магу загадзя падзякаваць. Тады зробім так: я буду далей праглядаць нарады, шыфраваць іх, а вы будзеце па гэтых шыфрах набіраць у ведамасці. Толькі... як жа гэта, мне проста нязручна — вы столькі змарнуеце часу.

— Усевалад Кірылавіч, я вам кажу — гэта мне нават вельмі хочацца.

Карла працавала не адрываючыся, каб не перашкаджаць ні сабе, ні Собічу. Сям-там хіба папытаецца чаго, і — зноў над сталом нагінаецца яе бялявая галава...

Прыйшла яна і назаўтра. Гэтыя доўгія вечары, аж да летняга змяркання, праходзілі вельмі скора. Не разумеў Собіч — чаму ж усё-такі яму добра, што яна сядзіць каля яго? Ведаў жа ён добра, што толькі збоку, толькі збоку можа глядзець на яе...

 

6

Назаўтра ўвечары зайшоў і Ермаліцкі. Надзіва ён мякка сказаў «добры вечар», хоць удзень усе яны бачыліся, і відно было, што гэтая мяккасць адрасована Собічу. Нават па твары было відаць, што ён хвалюецца. Каб не паказаць, аднак, што яго цікавяць вынікі перагляду, ён адразу загаварыў да Карлы:

— А я думаў, што вы ўжо кончылі, ды зайшоў па цябе. Можа пойдзем?

— Не, Міхаль, яшчэ не ўсё. Тут работы яшчэ многа,— адказала Карла.

— Ну і як? — не ўтрываў-такі Ермаліцкі.— Многа блох налавілі?

— Тут, Міхаль Пятровіч, будуць не толькі блохі, а нават сланы,— сказаў Собіч, адчуваючы, што Міхалёва пытанне было накірована не да Карлы, а да яго.— І вельмі шкода, што вы самі не захацелі паглядзець на ўсё гэта. Больш як каму гэта патрэбна было б вам.

— Яно так, вядома,— нават нечакана для сябе пагадзіўся Ермаліцкі.— Ну, але... заўсяголаў,— махнуў ён рукою.

Яны з Карлаю адышліся ўбок, аб нечым пашапталіся. Пасля Карла сказала «ідзі» і правяла яго на вуліцу. Вельмі хацелася Собічу падняцца і падысці да акна, каб паглядзець на іх, але ён стрымаў сябе.

Гэтым вечарам яны скончылі ўсю работу. Падбілі калонкі, праверылі напярэкрыж — зарплата сышлася адразу як мае быць. Гэта была проста ўдача. Собіч нават здзівіўся.

— Гэта ж рэдка бывае, Карла Янаўна. Вы проста малайчына — так акуратна разнесці.

— А што цяпер рабіць?

— Зараз зробім новыя падрахункі, пагледзімо, што ў нас выйшла...

Карла цяпер сядзела збоку; усё-ўсё, што рабіў Собіч, было цікава ёй. Ён перш напісаў новую праводку — усю чырвоным чарнілам, старніровачную, як у нас кажуць,— каб зняць тую, што даваў Ермаліцкі. Пасля напісаў другую — чорным чарнілам — па выніках праверкі. Собічаў твар быў светлы. Карла не бачыла ў яго такога твару і не думала, што можа быць вось такі — не начальніцкі, не дзелавы, а самы звычайны, нейкі хатні, просты.

— Здорава! Ой, здорава, Карла Янаўна! Вы бачыце, што ў нас выходзіць цяпер? — падняўшы высока бровы, гаварыў Собіч не то з сабою, не то сапраўды з Карлаю. Ён браў то адны карткі, то другія, запісваў на аркушах паперы лічбы, паціскаў плячыма, дзівіўся, хмурыў бровы, усміхаўся.

— То што ж вы там бачыце, Усевалад Кірылавіч, хоць раскажыце.

— Любата, Карла Янаўна! Бачыце, пара ўжо нават дзешавей, чым па плану. Ай, які маладзец гэты начальнік кацельнай Касцюкевіч, які гаспадар!

— А што ж здарылася, чаму вы не скажаце? — Карла не ведала, адкуль бачыць усё гэта Собіч.

— Здарылася вельмі важнае. Тое самае люстэрка, пра якое гаварыў Міхаль Ермаліцкі, стала не крывое, а сапраўднае. Бачыце, чаму абзываў нас блытанікамі Касцюкевіч? Усю разгрузку вугалю Ермаліцкі аднёс не на вугаль, як гэта трэба было б, а на кацельную. Ды гэта ўжо драбяза, Карла Янаўна, адначасна мы з вамі зрабілі так многа другіх, нават больш важных паправак, што цяпер мяняюцца усе калькуляцыі, уся прадукцыя мае зусім іншы выгляд...

Здаецца, усё ўжо было гатова, можна было, лёгка ўздыхнуўшы, цяпер падацца дахаты ці пайсці адпачыць, разгуляцца, але Собіч не мог адарвацца ад сваіх паперак, бясконцых лічбаў. Гледзячы на іх, ён забываўся, відаць было, што ў галаве ў яго ішла нейкая работа, што за лічбамі і паперкамі ён бачыў нешта трапяткое, жывое, што магло яго або радаваць, або засмучаць.

— Ясна,— гаварыў ён сам сабе і браў у рукі то баланс, то журнал, усыпаны лічбамі, нанізанымі ў радкі, як у нейкім стройным парадзе. Там не было ні адной літары, ні аднаго слова, Карле яны былі, як кажуць, цёмным лесам, а Собіч нібы гаварыў з імі.

— Трэба будзе паправіць... Трэба будзе мець на ўвазе і гэта,— мармытаў ён сабе.

— Ніколі не думала,— сказала Карла,— што вы такі рамантык. Што вы там бачыце? Што шэпчаце?

— Карла Янаўна! — сказаў Собіч, згарнуўшы нарэшце паперы і беручы даўно паложаную каля чарнільнага прыладку папяросу.— Можа і вам калі-небудзь адкрыецца гэтая паэзія. Мудрая, добрая паэзія чалавечага неспакою. Далёкія ад нашай прафесіі людзі лічаць яе сухой, нецікавай. Гэта няпраўда. Усё, што ты робіш з любасцю, будзе цікава, ва ўсім убачыш карысць. Вы кажаце — рамантык. Хіба ж не паэзія ў тым, што, беручы вось гэтыя сухія лічбы, дзе няма ні аднаго слова, я чытаю цэлую найцікавейшую кнігу. Кожная з гэтых лічбаў гаворыць мне сваёю моваю, кожная або хвалюе, або радуе мяне, бо яны мяне выводзяць за межы вось гэтае канторы, раскрываючы перада мною такія прасторы чалавечае дзейнасці, што кружыцца галава. Праз іх я бачу ўвесь наш завод, праз іх магу кіраваць ім, камандаваць, прымушаць усю дзівосную тэхніку, якая размешчана на многіх кіламетрах тэрыторыі нашага завода, рабіць тое, што трэба мне, чалавеку. Ні з кім не гаворачы, нікога не пытаючыся, па гэтых лічбах я магу сказаць, што ў нас сёння вельмі трывожна ў галоўным корпусе, што механічны не ўкладваецца ў накладныя выдаткі, што мы працуем з прыбыткамі або з датацыяй, што рабочыя зарабляюць у нас многа або мала. Бачыце, колькі творчасці можа быць у нашай сухой, як многія кажуць, прафесіі. Хіба не паэзія лічбаў, не іх найдзівоснейшая музыка адкрыла і разгадвае тайну атама, хіба не яна нарадзіла і закінула у космас наш савецкі штучны спадарожнік Зямлі! Ва ўсім, што любіш, Карла Янаўна, будзе і рамантыка, і паэзія. Нават у нашых лічбах.

Карла нават збянтэжылася ад такой неспадзеўнасці. Зноў Собіч здаўся не такі, як толькі што яна яго бачыла: яна думала, што ён хатні і просты, што з ім можна сядзець поруч, як з роўным, а ён, аказваецца, вунь як далёка ад яе.

— Божа мой,— са шчырай непасрэднасцю сказала Карла,— як добра, што вы так многа ведаеце і так разумееце ўсё. Я, мабыць, ніколі такая не буду.

— Будзеце, Карла Янаўна. Ермаліцкі не будзе, а вы будзеце, гэта я вам прарочу. У вас душа такая... харошая, чалавечая. Вы не можаце крывіць або любіць што напалавіну... Ну, усё, Карла Янаўна, усё. Цяпер можам пайсці. Ах, як добра сёння мы з вамі папрацавалі! Якія мы з вамі малайцы! Мне б нават хацелася за гэта...

Ён не дагаварыў. Як бы апамятаўшыся, ён пачаў прыбіраць са стала. Карла надзела пыльнік, адышлася да акна. Заходзіла сонца, на макаўках заводскіх дымароў слізгалі апошнія яго промні, а ўнізе, у прысадах, што цягнуліся ад заводакіраўніцтва да вуліцы, клаліся першыя вечаровыя змрокі. З заводскага двара выязджала нечая запозненая машына, вахцёр са стрэльбаю на плячы правяраў у шафёра пропуск. Праверыўшы, ён стаў на падножку, зазірнуў у кузаў, а злезшы, махнуў рукою: праязджай!

Собіч даўно прыбраў стол, але чакаў, глянуўшы на Карлу: яна стаяла каля акна задумаўшыся. Собічу не хацелася чапаць яе. Пра што яна думала? Чым хвалявалася яе душа? Чаму такія неспакойныя цені ляглі на твар? Собіч ціха падышоў, ледзьве крануў за локаць. Карла ўздрыгнула.

— Усевалад Кірылавіч,— горача загаварыла яна.— Вы такі разумны, добры, харошы — памажыце мне. Скажыце, чаму я не люблю Міхаля?

— Як? — здзівіўся Собіч.

— Вы разумееце, тут нейкі фальш. Мне здавалася, што я ўжо самая шчаслівая, што мне добра, хораша з ім, але нешта скрозь насцярожвала мяне. Той, каго ты кахаеш, павінен быць даражэй за самога сябе, у ім нельга сумнявацца, нельга дрэнна думаць пра яго, а я часта ў сябе пытаюся,— ці той Міхаль, каго я шукаю? Нешта ў ім ёсць такое, чаго я не магу прызнаць.

Яна памаўчала, правяла пальцамі па лбе, як бы супакойваючы самую сябе. Але тут жа загаварыла зноў:

— Мне цяжка пра гэта гаварыць, Усевалад Кірылавіч, але я чую, што мне трэба ў нечым разабрацца, што я як бы трошкі заблыталася. І мне ні кропелькі не брыдка сазнацца, што ў гэтым вінаваты вы, Усевалад Кірылавіч... Заўсёды шукаеш нечага харошага, такога... вельмі табе патрэбнага, і — я думала, што знайшла. Але ж я пачынаю параўноўваць вось... вас і Міхаля. А якое ж гэта каханне, калі пачынаеш параўноўваць? Гэта ўжо — нешта вельмі грэшнае.

— Вы раней кахалі каго? — папытаўся Собіч.

— Не.

— То, мабыць, Міхаль такі не суджаны вам, і гэта не першае каханне. Першае каханне яшчэ будзе ў вас, Карла Янаўна. І яно будзе вось такое, як вы хочаце, вы адразу адчуеце яго. Толькі трэба да яго як след прыгледзецца, не надта бегчы яму насустрач... Прыгледзецца да яго не пасля, а спачатку... Я вельмі баюся, каб вы, барані божа, не падумалі, што я хачу вам нагаварыць на Міхаля. Ён не дрэнны хлопец, са сваімі маленькімі слабасцямі, як і ўсе мы, грэшныя. Але ж сям’я — гэта на ўсё жыццё, і памагчы вам у гэтым...

Гледзячы на тое, як Карла хвалюецца, папраўляючы то пасамку валасоў над ілбом, то мнучы манжэту рукава, Собіч зразумеў, што ён не мае права жартаваць тут нічым. Трэба, каб Карла пачула нейкую яснасць для сябе, дзеля якой яму трэба нават пакрывіць душою, схлусіць, бо ён не можа, не мае права жартаваць яе лёсам. Яна маладая, яна павінна быць шчаслівая па-сапраўднаму. Розніцы ж у іх больш за пятнаццаць год...

— Я б хацеў, каб у вас была хоць такая сям’я, як у мяне,— сказаў ён.

— А вы жанаты? — палахліва павярнуўшыся, папыталася Карла.

— Жанаты.

— А дзе ж ваша жонка?

— У экспедыцыі. І сын з ёю. Дванаццаты год яму. Мабыць, таксама геолагам будзе. От чакаю ўвосень іх. Жду. І больш нікуды не адпушчу ад сябе... І такая от, як вы, жонка ў мяне. Можа таму мне добра было на нейкую хвілінку бачыць вас каля сябе...

Карла глыбока, як гэта звычайна бывае пасля вялікай трывогі, уздыхнула. На дварэ ляжалі ўжо густыя змрокі, у заводскіх прысадах, прасвечваючы лістоту маладых яшчэ ліп, гарэлі ліхтары. У іх няпэўным цьмяным святле здалося Собічу, што ён убачыў, як бліснула і скацілася па шчацэ ў Карлы сляза.

— Я рада гэтаму,— праз хвіліну сказала Карла.— Я так рада, што мы сёння пагаварылі, і... рада за вас. Вучыце мяне, Усевалад Кірылавіч, каб я была такая, як вы. Каб магла так думаць, як вы, працаваць, усё ведаць, разумець ясна і чыста. Каб была такая харошая, як вы. Каб і я гэтак ва ўсім бачыла паэзію, пра якую вы так добра гаварылі сёння. Я буду вас слухацца ва ўсім. Добра?

— Мне самому хочацца ва ўсіх вучыцца, Карла Янаўна. Нават у вас... У вас тым больш...

На паваротцы з прысадаў на вуліцу іх чакаў Ермаліцкі. Гэта было неспадзявана і для Собіча, і для Карлы.

— А я думаў, цябе трэба правесці,— сказаў ён збянтэжана.

— Давай, Міхаль, мы разам правядзём Усевалада Кірылавіча, Усевалад Кірылавіч, як вы — згодны? — папыталася Карла, вачыма просячы, каб ён згадзіўся.

Недзе глыбока ў душы Собічу стала шкода Ермаліцкага. Ён добра бачыў, што дружбы тут ужо не будзе. І можа ад гэтай шкадобы сказаў:

— Не, дзякую. Я трошкі прайдуся адзін, падумаю... Карла з Ермаліцкім пайшлі паперадзе, але здавалася, што Карла марудзіла, што ёй не хацелася пакідаць Собіча аднаго.

«Вось так будзе і добра,— думаў Собіч.— Няхай сабе я сказаў і няпраўду. А жонка... што ж, яна і папраўдзе была. Але калі б яна была такая, як Карла, то ніколі не пакінула б мяне...»

1958


1958