epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Скрыган

На кроквы шыферу не кладуць

Найперш думка такая: як трэба пісаць імя — Марыя ці Мар’я? Памятаю, чытаючы «Вайну і мір», мяне вельмі дзівіла і радавала, што Леў Талстой, нават пішучы пра вялікасвецкае грамадства, князёўну Балконскую зваў не Марыяй, а Мар’яю, хочучы пакінуць за гэтым імем не замежнае вымаўленне, а славянскае, гэта значыцца, чыста рускае, народнае. Беларускім імёнам тым больш уласціва традыцыйнае Мар’я. Гэта пра тое, што і Філіповіч дома, мабыць, таксама звалі Мар’яю.

Па сутнасці ж хочацца сказаць, што Мар’я Філіповіч надумала напісаць добрую і карысную кніжку для дзяцей. Яна хоча памагчы дзецям пазнаць сваіх, як кажуць, малодшых сяброў, свойскіх жывёлін — сабак, кошак, курэй, кароў і іншых, патрэбных і карысных нам. Яна расказала пра іх звычкі, прыроду, характар, паказала, як яны могуць дружыць з чалавекам і служыць яму, як яны прывыкаюць да чалавека і сумуюць па ім. Трэба сказаць, што ў Мар’і Філіповіч ёсць не малая здольнасць наглядання і педагагічны такт.

Аднак жа да ўсяго гэтага добрага ніяк не хоча стасавацца нядобрае. Першае, што дзецям трэба простая, натуральная мова, каб можна было лёгка чытаць, а значыцца, і лёгка ўспрымаць напісанае. У Мар’і Філіповіч, на жаль, з гэтым не ўсё ладна. У яе мове многа канцылярыту, калькі, цяжкай будовы фразы, а проста кажучы, яна слаба ведае народную мову і лексічна, і сінтаксічна.

Ну вось лексічная бяда: часта яна карыстаецца недакладнымі, прыблізнымі словамі або яшчэ горш — з зусім не тым значэннем. Калі ласка: «...паклалі кроквы і заслалі іх шыферам». А на кроквы шыферу не кладуць. Да крокваў прыбіваюць перш латы (латы, рашэтнік; абляціць, абрашэціць,— на жаль, у Тлумачальным слоўніку беларускай мовы гэтых слоў ужо няма), і толькі тады ўжо, па латах, кладуць шыфер; скрозь напісана цыпляняты, а гэта ж кураняты; напісана ветка таполі з ліпучымі почкамі, а гэта ж галінка таполі з ліпучымі пупышкамі; сказана таргануў за клямку, а калі правільна, то трэба ўзяўся за клямку або ўхапіўся за клямку, бо таргануць можна што, а не за што; прашчоўкваючыся да кален у снезе, а гэта ж — правальваючыся да кален, бо такога слова, як прашчоўквацца, наогул няма.

Замнога, калі можна так сказаць, неэмацыянальных, службова-канцылярскіх слоў, далёка не дзіцячага карыстання. Калі ласка: «з вялікім энтузіязмам стукалі па цвіках малаткамі», «яно (кацяня — Я. С.) энергічна заперабірала лапкамі»; «важнасць і адказнасць даннага моманту». Нямала цяжка зробленых фраз. Калі ласка: «Алесік хуценька нацягнуў штонікі, цёплы свіцер, усунуў ногі ў боцікі і зусім забыўшыся, што ўсякі дзень, нават да краёў напоўнены самымі важнымі і неадкладнымі справамі, трэба ўсё ж пачынаць з умывання і чысткі зубоў, зноў пабег да канапы». А фраза ж гэта, калі яе дагледзець, будзе выглядаць куды ясней і прасцей: «Алесік хуценька нацягнуў штонікі, надзеў цёплы світэр, усунуў ногі ў боцікі і, забыўшыся, што кожны дзень трэба пачынаць з умывання і чышчэння зубоў, зноў пабег да канапы». Або такая фраза: «...без якіх ён не ўяўляў сабе надыходзячага лета».

Ёсць залішняя ці, лепш кажучы, заўчасная навуковасць. Калі ласка: «Свежая рыба вельмі карысная для здароўя. Кажуць, што ў ёй фосфару многа. А ад фосфару людзі разумнейшыя робяцца». Хіба можна вуснамі дзеда і з дазволам аўтаркі чытаць дзецям гэтакія лекцыі? Ад іх жа і дарослыя засынаюць! Або што дае дзецям вось гэтакая апісальная павучальнасць: «А хутка выспяе ў нашым гародзе клубнічка... Мы з унучкам будзем яе прапалваць, даглядаць і вырасце клубнічка вялікая, будуць на ёй ягады буйныя-буйныя...» Па-першае, трэба не прапалваць, а праполваць, па-другое: як жа гэта на клубнічцы будуць расці ягады? На ягадзе — ягада? Ну і па-трэцяе: дзецям варта не расказваць, што будзе, а паказваць, што ёсць, каб яны самі бачылі і градкі, і праполванне, і клубнічку,— увесь працэс. Так, як бы яны самі ўдзельнічаюць ва ўсім гэтым.

Па сутнасці ўсе заўвагі мною пароблены на палях рукапісу. Ёсць мясціны, якія трэба скарачаць, сціскаць, каб пазбегнуць аднастайнасці і паўтораў, ёсць проста лішняе, што толькі спыняе ўвагу.

Словам, над тэкстам трэба яшчэ працаваць. Вялікі пісьменнік сказаў: дзецям трэба пісаць гэтак жа, як і дарослым, толькі значна лепш. Нешта ў гэтакім сэнсе. Трэба падумаць і над тым, ці варта зваць казу Разаліяй, а свінню Хаўроняй, гэта ўсё-такі чалавечыя імёны. Ці трэба так многа ўсяго пералічваць у жывёльнай гаспадарцы, бо сюжэта ў аповесці няма, запамінаць цяжка?

Словам, да дзяцей трэба прыходзіць з кніжкаю такою, каб яна палюбілася ім.

На астатак хочацца сказаць яшчэ раз: шаноўная Мар'ячка, што б Вы ні чыталі, што б ні рабілі, ні думалі, ва ўсім Вы павінны слухаць мову. З моваю трэба працаваць штодня. Запісваць словы, запісваць фразы, фразеалагізмы, прыказкі, параўнанні, выслоўі. Без гэтага пісьменніку быць нельга.

І пытанне вельмі нерытарычнае для пісьменніка: ці ёсць у Вас слоўнікі нашай мовы? Мабыць, няма? Ніякіх?

Як жа так!

1982


1982