epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Скрыган

На выселках

1
2
3


1

 

Леўка варочаўся дахаты.

Палявая дарога вывівалася па загонах. На ёй відны былі нядаўна пазасыханыя пасля дажджу сляды калёс.

Леўка ішоў, несучы ў сабе добры гаспадарлівы клопат. Шырокія халявы яго ботаў біліся па тонкіх старэчых галёнках. Ён курыў люльку і, папыхкваючы, сяды-тады сунімаўся і глядзеў на загоны.

Сяўба была зроблена як мае быць. Ён нагінаўся, браў у рукі грудку зямлі, узіраўся, дзівячыся, як набрынялае зерне ўпляталася ў яе сваімі кволенькімі парасткамі. Калі ногі замлявалі, падымаўся і ішоў далей.

На душы ў Леўкі было хораша. Хораша ад таго, што ён бачыў сябе гаспадаром усёй гэтай шырокай зямлі. «Во, брат Леўка, які ты стаў вялікі начальнік,— думаў ён.— Інспектар па якасці. Над усім калгасам нагляд. Хто б дзе што ні рабіў, а Леўка праверыць. І не абы-як: прызнае Леўка, што нядобра — круці не круці, а пераробіш. А вока ў Леўкі спрактыкаванае, нічога ад яго не схаваеш. Во, брат Леўка, якая сіла ў цябе на старасць. Во да якое паверкі ты дажыў пры сваім народзе, а?»

У сяло ён прыйшоў ужо прыцемкам. Па дарозе зайшоў у праўленне. Старшыня Грыбаль, накінуўшы шынель на адно плячо, за сталом чытаў газету. Лямпа звісала над сталом, і ад яе бляшанога кружка на столь клаўся шырока раскінуты цень. На лаве, успёршыся рукамі на кій і выставіўшы сваю пакамлычаную бараду, сядзеў Шкаруба.

— Дык як жа будзе? — з адчаем, відаць, не першы раз папытаўся Шкаруба.

Грыбаль перагарнуў газету і адсунуў яе ўбок.

— Так і будзе, Шкаруба. Не можам... Ну, што добрага, дзядзька Леўка?

— Ды ўсюды быдта парадак,— Леўка падсунуў да стала ўслончык.

— Стараюцца, каб не было брыдка перад вамі... А што вы, дзядзька Леўка, скажаце пра Шкарубу?

— А што ён?

— Ды от...

— Я табе кажу, Рыгор, што не мудрую я,— перабіў Шкаруба, падымаючыся з лавы і адстаўляючы перад сабою кій.— Думаеш, я гэта з бухты-барахты? Я, брат, пападумаў ужо колькі над гэтым. Можа, я начамі не спаў перад тым, як прыйсці сюды. Ну, а што было раней, то сам ведаеш — нярозум мой быў. Дый калі гэта было? А што я за апошнія гады зрабіў ці сказаў дзе?.. У калгас прасіцца прыйшоў,— паясніў ён Леўку.

Леўка глядзеў на Шкарубу доўга і ўпорыста. Шкаруба чакаў. Ён раптам убачыў, што ў Леўкі надта цяжкія бровы.

— Што вы скажаце, дзядзька Леўка, на гэта? — папытаўся Грыбаль.

Лямпа сінела нейкім сінім бясконцым тоненькім піскам. На канцы стала ляжала пакамечаная газета. Леўка палез у кішэню па люльку.

— Нельга,— спакойна і холадна сказаў ён.— Каб хто другі, а Шкарубу нельга. Шкарубу кожны ведае — колькі гадоў ваяваў з намі. Што, мо няпраўду кажу? — сказаў ён да Шкарубы.— От бач! Нечалавек ты нам, от што, і не паверу я, што ты прыйшоў на сумленне гаварыць, гэта я кажу табе ў вочы...

— Леўка! — Шкаруба ступіў да стала.— Вы от не верыце, мужчыны. Але ж я кажу, што, можа, я начамі не спаў, пакуль адважыўся пераступіць гэты парог. Не на смех жа я прыйшоў да вас. Што было, таго ўжо даўно няма. Чым хоць бажуся, што я... ну, як тут сказаць? Ат, усё адно ж не паверыце,— махнуў ён рукою. Пасля раптам сутула і неяк нязграбна павярнуўся і, цягнучы за сабою кій, скоранька выйшаў з хаты.

 

2

Шкаруба жыў наводшыбе, каля лесу. Цяпер у яго быў там хутар. Праўда, хутарам яго нельга было і назваць, так сабе — хатка-дрындушка. Раней ён жыў на сяле, разам з усімі, і на гэтыя выселкі пайшоў не з вялікае ахвоты. Пачалося гэта гады чатыры ці больш назад, і ніхто нават не мог і падумаць, што Шкаруба паверне на такую дарогу.

Жыў ён некалі так, што ледзь ставала ў гаспадарцы зводзіць канцы з канцамі. Да вайны больш хадзіў па людзях, парабкаваў. За вальнадумства на сяле яго звалі «дэмакратам», і ў старасты ён лічыўся за лядайкага чалавека. Пасля ён пайшоў у салдаты і вярнуўся ўжо толькі пасля рэвалюцыі.

На сяле ён стаў адразу прыкметны. Без яго не абыходзіўся ніводзін мітынг. Усюды відна была яго знакамітая сівая папаха. Ён быў і камбедам, і ў дэпутатах, яго баяліся ўсе самагоншчыкі і дэзерціры.

Першыя часы Шкаруба не вылазіў з даўгоў ды з адработкаў. Але год за годам гаспадарка пачала папраўляцца. І асабліва пачаў папраўляцца Шкаруба, калі далі прырэзку. Ён набыў ужо і карову, і каня і сама што станавіўся на ногі, як у сяле пачалі арганізоўваць калгас. Шкаруба ў калгас не пайшоў, а разрагатаўся. Хто гэта выдумаў такую праяву — калгасы? — гаварыў ён. Як жа можна будзе ў чарадзе гаспадарыць? Не, брат, я яшчэ не здурнеў, каб пайсці на такую штуку... Ён хадзіў па сяле і пацяшаўся з таго, як, не ўмеючы і часта яшчэ нясмела, бедната зносіла хамуты, звозіла сані, бароны ды плугі на двор новага праўлення і наспех будавала з гумнаў агульныя стайні.

Рагатаў і пацяшаўся Шкаруба з год. Але з кожным разам яго рогат слабеў і рабіўся больш трывожны. Бедната ішла ў калгас. Шкаруба пачаў адзіночаць. Ад злосці і на людзей, і на самога сябе ён захацеў выбрацца з сяла, каб нават і не быць разам з імі. На ўзлеску стаяў недавеяны вятрамі хутарэц Есіпа Бенькі. Шкаруба надумаў прасіць памяняцца сядзібамі. Хутарэц быў як порхаўка. Абмен быў не вельмі выгадны, але Шкаруба спадзяваўся хутарэц паправіць.

От тут і пачалося тое, чаго Шкаруба ніколі не спадзяваў. Ён пачуў, што пачынае дзічэць. Да яго нават ніхто не заходзіў. Цёмнымі начамі ў чыстым полі воўчым вокам свяцілася акенца яго хутаранскай хаты.

Звычайна ў цяжкія часіны людзі шукаюць уцехі ў сям’і. Але Шкаруба адчуў, што і сям’і ў яго больш няма. Жонка нядужала і няраз папікала, што ў калгасе, сярод людзей, і яна магла б дастаць якой лягчэйшай работы. У дзеўкі выбіралася дачка, у яе плечы круглелі і вылузваліся з тонкай сарочкі. Шкаруба няраз заставаў, як яна плакала. Не, без людзей чалавеку нельга. Можа, узяць ды схадзіць да Грыбаля? — каторы раз пытаўся ў самога сябе Шкаруба, але тут жа і ахалоджваў: — Дык жа не прымуць!

Ён выходзіў на двор і шукаў якое работы. Але і работа не давалася ў рукі. Ён садзіўся ў дрывотні, курыў і глядзеў на паломанае кола, бог ведае кім і калі прыстаўленае к сцяне.

 

3

Да чаго прыгожая гэта вясновая раніца! У паветры яшчэ сыра. На лістах вішняку вісяць буйныя кроплі начных туманоў. На платах і на стрэхах ляжыць яшчэ вільгаць. За сялом густа і тучна зеляніцца поле. Загоны перасякаюцца то тонкімі, то шырокімі завілінамі дарог. На пагорку стаіць і яшчэ дрэмле вятрак, але, здаецца, ён ужо сіліцца ўзмахнуць паднятымі крыламі. Узыходзіць сонца. Яно паволі і баязліва паказваецца з-за гарызонта — першыя прамяні яго кладуцца шырока — густым і нібы цягучым золатам. Над стрэхамі хат вывіваюцца лёгкія празрыстыя дымкі. За імі на небе такое ж самае лёгкае ружаватае воблачка. Здаецца, што яму нудна быць невялічкаму, аднаму на гэтай галубовай бясконцасці неба, але запрапасціўся недзе гэты чортаў свавольнік вецер, і яно не можа скрануцца. За сялом паказваюцца і рыкаюць каровы, падымаючы на дарозе за ноч пахаладалы і злежаны пыл. Неспакойна ў гурце снуецца бык. Сонца падымаецца над лесам. Яно слізгае па вяршалінах дрэў і западае ў прагаліны. Лес пачынае дыміцца густымі пахамі. Бесклапотна цвыркаюць птушкі. Яны то, гойдаючыся, пырхаюць з дрэва па дрэва, то вылятаюць у поле, дзе, падняўшыся ў неба, сваім танюткім і несканчоным звонам заліваюцца жаўранкі... Чорт на цябе, якая слаўная ты, селавая, вечна маладая і вечна пявучая раніца!

Леўка ішоў і ўдыхаў гэтую бясконцую веснавую радасць. Ён рабіў сваю ранішнюю праходку па полі. Хоць усюды сяўба была ім даўно ўжо праверана, але яму хацелася бачыць, як падымаецца рунь. Такія праходкі рабіў ён штодня. Яму было невыказнаю ўцехаю бачыць, як зелянеюць і ўбіраюцца ў сілу загоны.

Праходзячы каля дзялянкі, на якой гэтымі днямі засеялі пшано, Леўка суняўся. На твары ў яго паказалася здзіўленне. Ён нават выняў з зубоў люльку і патрымаў яе колькі часу ў руках. На дзялянцы матляліся пастаўленыя пудзілы. На поплаве за дарожкаю каркала цэлая зграя варон. На Шкарубавым двары цвыркалі, грэбаючыся ў конскім гнаі, вераб’і. Пудзілы на загонах стаяць, коса паўтыкаўшыся ў зямлю, і звісаюць сваімі пустымі рукавамі. Здаецца, яны зараз пачнуць матляць імі і прытанцоўваць, перакрыўляючы адзін аднаго, як блазны. У крайняга прымайстраваны пад пахаю венік. На адным надзета зімовая шапка, з якое праз прарэхі павылазіла вата. А ў таго крайняга і касабокага толькі адзін рукаў звісае да самае зямлі. Леўка глядзіць і дзівіцца.

— От, гэта дык мне ўжо не падабаецца,— гаворыць ён сам сабе.— Гэта ўжо, брат Леўка, нікуды не варта. Які ж ты ў чорта гаспадар, калі сам не прыдумаў пастаўляць гэтых пудзілаў. Што ж з цябе за інспектар, калі і не дагадаўся, што птушкі зерне выклёўваюць. Але хто ж бы гэта мог пастаўляць?

Леўка падумаў, што Шкаруба, жывучы тут пад бокам, павінен быў бачыць. Ён застаў яго на двары. Шкаруба папраўляў дзераўляную барану.

— Гаспадарыш, Ігнат? Дзень добры!

— Дзень добры... А от папраўляю. Бо яшчэ ж думаю... грэчкі трохі збіраюся пасеяць. Дык от барана рассохлася.

У Шкарубы быў абабіты палец, болька на ім закарэла. Твар, абросшы шчацінаю, таксама, здавалася, быў закарэлы. Пакруціўшы ў руках кавалак пацёртай газеты, Шкаруба выдраў больш цэлы край на папяросу. Леўка дастаў свайго тытуню.

— Сей-сей.— Тытунь у Леўкавых пальцах прасыпаўся за паперку і церусіўся на пахучыя, свежыя трэскі.— Сей-сей. Я так уважаю, што сёлета грэчка добра парасце... То чо ж вулей у цябе пад сцяною валяецца? Няхай бы пчол развёў.

— Ат, дзе там,— махнуў рукою Шкаруба.

Абодва памаўчалі. На старую бярэзіну, што стаяла за варотамі, шумна прыляцеў бусел, умасціў у гняздо прынесеную ў дзюбе галінку і заклекатаў. Сонца трапятала і гушкалася ў яго прыўзнятых крылах.

— Ты тут часам, Ігнат, не бачыў, хто гэта на нашым пшане пастаўляў пудзілы? — папытаўся Леўка.— Ты ж тут блізка.

— Не,— Шкаруба глядзеў на свой закарэлы палец.— Я бачыў раніцаю, як яны ўжо стаялі, а хто іх стаўляў, то не ведаю.

Дым засланіў Шкарубаў твар, і Леўка не бачыў, як яго вочы шукалі, на чым бы спыніцца. Яны спыніліся на пальцы, і Шкаруба пачаў старанна выціраць яго аб край сарочкі, хоць палец быў сухі.

— Добра, што нехта дадумаўся, а то ў мяне і з галавы выпала, што тут гэтулькі птушак. Дык я думаў, што ты тут прымячаў...

— Не, не бачыў,— паўтарыў Шкаруба.

Леўка ішоў і гнуў у руках паднятую ў Шкарубы трэску. Над сялом радзелі дымкі. У полі паявіліся людзі. За вятрак пад гору паехала фурманка. Воблачка на небе расплылося і знікла. Падымалася сонца, зямля пад ім парылася, і паветра пачынала трымцець. Наперадзе паказаліся калёсы ўлегцы і неўзабаве параўняліся з Леўкам. Выцягнуўшыся ў возе, ляжаў крамнік.

— У Слуцак? — папытаўся Леўка.

— Тпру! У Слуцак.

Мужчыны хвілін колькі пагаварылі, і Леўка не забыўся папытацца пра пудзілы.

— Дзе? Каля хутара?

— Але.

— Шкаруба пастаўляў.

— Як? — не паверыў Леўка.

— Шкаруба, я сам бачыў. Учора прыцемкам ехаў я з горада, дык ён іх стаўляў. То я падумаў, што яго папрасілі.

Леўка павярнуў у сяло і пайшоў байчэйшай ступою. Ён раптам заспяшаўся. Раптам яму стала вельмі важным зараз жа бачыць Грыбаля. На душы было хораша: быў знойдзены чалавек.

Быў знойдзены чалавек. Неўзабаве з Грыбалём яны сядзелі ў праўленні і пісалі позву, у якой прасілі, каб Шкаруба з’явіўся ў калгас па неадкладнай і вельмі важнай для яго справе.

1933 — 1934