epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Скрыган

Начны рэйд

1
2
3
4
5


1

 

Першы раз я сустрэў яго ў праўленні калгаса. Мы сядзелі там увечары пасля работы. Як заўсёды, тут было чалавек колькі мужчын, якія прыходзілі паталкаваць перад сном пра дробязі жыцця ці пра што-небудзь даведацца ў старшыні. Тут сядзеў селавы гарэза і жартаўнік Мірон, рыжабароды, з канавамі маршчын на твары, і цягнуў сваю вечную казіную ножку. Казіную ножку ён скручваў з добры палец, з самасейкі, прычым ніколі не даваў, каб яна зусім патухала, а зараз жа даставаў пузаты капшук і скручваў новую, прыкурваючы яе ад старое. І так селавікі за ўсё жыццё ніколі не бачылі Мірона без гэтае суслы.

Ён сядзеў на лаве крышку наводдаль стала і выдумляў сваю новую гісторыю. Ён расказваў, і сам рагатаў усімі сваімі маршчынамі, і гэтым заражаў смехам больш, як самімі анекдотамі. Папяроса звісала тады на губе, разжованая і абсліняўленая да палавіны, і недзе глыбока ў рыжым імшэўі броў блішчалі яго маленькія, вечна гаручыя вочы.

Мірон пачаў быў новую выдумку, калі на вуліцы пачуўся звон мандаліны. Мандаліна паступова набліжалася, і ў яе з кожным разам усё больш умешваліся чалавечыя вясёлыя галасы. Неўзабаве музыка пачулася пад самым акном, і адтуль молада і бойка крыкнуў голас:

— Хто на рэпетыцыю — у школу!

— Зайдзіце сюды, пайграйце трохі,— пазвалі з хаты.

З шумам, з гамонкаю і прыпеўкамі ў хату ўвайшло чалавек колькі хлопцаў. Першы, самы высокі, перад сабою нёс мандаліну. Ён перастаў іграць, але заднія яшчэ падпявалі яму, робячы ўражанне, што тут цэлы натоўп. Яны адразу напоўнілі хату новым настроем, прынёсшы з сабою размашыстасць, весялосць, непакойлівы жар маладосці.

— Ну-ну, браткі, пайграйце.

— Падвесялі ты нас, Міхась.

— От тут, музы*ка, садзіся,— усхапіўся Мірон з лавы, даючы сваё месца.

Але Міхась іграць перастаў, а за ім змоўклі галасы і яго кампаньёнаў. Гэта настала тая хвіліна ніякаватасці, калі непасрэднае выяўленне настрою адчувае на сабе чужую ўвагу. Але праз хвіліну ўсё наладзілася і пацякло па-ранейшаму. Міхась пачаў закурваць. Да яго пападсядалі мужчыны. Адразу знайшліся шырокія і патрэбныя тэмы работы ў брыгадах, заўтрашніх разнарадак. Пацякла цягучая гаворка гаспадарскае рупнасці і турботаў. Нехта зноў упрошваў пайграць, але Міхась прапускаў гэта міма ўвагі, як бы і не чуў. Каля яго сабраўся цэлы гурт, зрабіўшы нібы невялічкі бурлівы сход. Міхась то слухаў, то гаварыў,— пярэчыў ці заахвочваў,— высока і горача падымаючы голас, то раптам раскаціста рагатаў, і тады твар яго быў шырокі, адкрыты, малады і здаровы.

Але яго такі ўпрасілі пайграць. Ён сеў на Міронава месца і ўдарыў медыятарам па струнах. Мандаліна гойкнула і задрыжала. Ён іграў, пераменьваючы танец за танцам, песню за песняю, але ўжо не так, як тады, увайшоўшы, а спакойна, паволі, лоўка пагойдваючы пальцам, каб дрыжала струна, і размерна выбіваючы такт. Ён іграў доўга, забываючыся і сам сябе слухаючы. Пасля пакідаў, зноў гаварыў, гарачыўся і зараз жа смяяўся.

Неўзабаве на вуліцы пачуліся новыя галасы, звонкія і ўжо жаночыя. Яны звалі хлопцаў. І калі пайшлі хлопцы, зноў з шумам, з гамонкаю, пеючы і іграючы, па вуліцы, я ўжо ведаў, што Міхась — брыгадзір палявое брыгады, камсамолец, селавы энтузіяст, завадзіла ўсялякіх новых пачынанняў і душа калгаснікаў.

 

2

Быў адзін з тых восеньскіх дзён, калі па небе паволі і нізка плылі купчастыя воблакі і праз іх прагаліны прарывалася яркае, але ўжо халоднае сонца. Пахла сытаю вільгаццю зямлі і набутлым бульбоўнікам. Далёка ў сінец гарызонта забягалі шырокія папрыбіраныя палі. У паветры чулася ціхая сцюдзёнасць. Наводдаль ярка жаўцеў і асыпаўся бярозавы гай. Над балотцам за палеткамі то кружылі, то ключом адплывалі гусі.

Мы ўтрох ішлі па полі, перасякаючы малады калгасны сад. Наперадзе, за дарогаю, стаяла невялічкая група мужчын. Гэта былі члены рэйду, наладжанага МТС па праверцы калгасаў у зоне свайго абслугоўвання. Міхась быў членам камісіі. Узрушаны і непаседлівы, ён радаваўся, што сёння будзе свежая работа, што яны да малюсенькае драбязы правераць усё гаспадарчае жыццё свайго калгаса. Шырокі, плячысты, ён ішоў наперадзе нас, размашыста сігаючы нагамі і раз-пораз сунімаючыся і чакаючы, каб сказаць якое новае слова.

Побач першая брыгада выбірала бульбу. Жанкі стаялі, панагінаўшыся над радкамі, кожная на сваёй дзялянцы. Хлопцы пазнавалі сярод іх дзяўчат і жартавалі. Я сіліўся нагнаць Міхася. Я папытаўся ў яго:

— А дзе ж ваша брыгада?

— Мая — дома.

— Як дома?

— Мы скончылі ўжо,— растлумачыў ён.— Скончылі да часу і цяпер прыбіраем кожны сваё. На сваіх агародах.

Ён памаўчаў і крокаў праз два павярнуўся зноў.

— А заўтра будзем памагаць ім,— паказаў ён на жанок.— На буксір возьмем.

І яшчэ раз спыніўся і растлумачыў:

— Я ж з імі спаборнічаю. І калі б не адна штука, то яны б мяне, мабыць, адолелі. У іх многа рабочае сілы. Я нават, па праўдзе кажучы, і не спадзяваўся, што гэтак выйдзе.

Мяне зацікавіла гэтая «штука», якая вырашыла поспех Міхасёвае брыгады. Але Міхась не паспеў расказаць, як мы падышлі да мужчын.

— Міхась! — гукнуў яго нізкі, але ладны чалавек.

— Я.

— Ты куды гэта ўцёк?

— На таку, да малатарні забягаў. Там у мяне малоцяць.

— Та-ак,— працягнуў Мінін,— а мы без цябе пасевы аб’язджалі і, ведаеш, знайшлі, што ты здорава напаскудзіў.

— Як? — адразу перамяніўся Міхась, чырванеючы і трывожна перабягаючы вачыма з аднаго на другога.— Не можа быць. Дзе напаскудзіў?

— А вунь там, каля дарогі, жыта забаранована як на смех. Гэта твая брыгада? — спакойна гаворыць Мінін, гледзячы Міхасю ў вочы.

— Не можа быць! Тады гэта вы не на маёй дзялянцы былі.

— Ну, як жа. Самі вашы хлопцы бачылі, яны ж знаюць. Папытайся ў Сяргея.

— Праўда, Сяргей?

Міхась падыходзіць да Сяргея. Той ляжыць на калёсах, на якіх яны кагадзе прыехалі на гэты ўчастак. Сяргей ківае галавою. Міхась прыкусвае губу і думае.

— Ну, дык што, усё не верыш? — азываецца Мінін.

— Не веру.

— Што ж, давядзецца паехаць зноў, разам з табою.

Яны садзяцца і едуць зноў у толькі што агледжаны палетак. Мінін ведае Міхасёву ўпартасць і хоча, каб ён пераканаўся сам.

 

3

 

Увечары я доўга не бачыў Міхася. Выйшла, што дэфект з баранаваннем зрабіла-такі яго брыгада. Прыехаўшы туды, Міхась доўга стаяў і глядзеў. Ён не мог даўмецца, як гэта магло здарыцца. Каля самае дарогі, паўз край, некалькі загонаў толькі для прыклёпу пацягнена бараною. Не паразбіваны груды, тарчаць дзярна. І як назнарок каля самае дарогі, каб кожнаму кідалася ў вочы. Што ж гэта — шкодніцтва? Ці неахайнасць? І чаму ён усё кругом праверыў, мог ручацца за сваю брыгаду на адрэз галавы, а тут прапусціў? Хто гэта тут баранаваў?

З поля Міхась пайшоў адзін. Ён ішоў напрасцяк, праз палеткі, у сяло. Ён нават забыўся, што можна было б куды хутчэй даехаць фурманкаю. Ішоў па раллі зябліва і спатыкаўся. Ішоў па ржэўніку, і ржэўнік шабуршэў пад нагамі. Ён перасек дарогу і пайшоў агародамі. Змяркала. З лагчыны пацягло вільгаццю і туманом.

«За ўсю брыгаду мог ручацца галавою, і такое злачынства. Хто ж гэта там баранаваў?»

Ён пайшоў з хаты ў хату да тых, што працавалі на гэтым палетку. Ён пералазіў цераз платы, натыкаўся на патарчакі. Плёхаў па гразі па вуліцы, не заўважаючы, што поўныя чаравікі вады. Ён лазіў цёмначы і не прымячаў, што настала ужо ноч.

Хто баранаваў?

І калі знайшоўся вінаваты, яшчэ больш узяла злосць, што нельга было яго як след і пакараць. Выйшла, што гэта малады калгаснік, які яшчэ не зразумеў, што такое калгасная стараннасць і дысцыпліна, што такое адказнасць за работу перад усімі калгаснікамі. Яго там захапіла ноч. Ён пакінуў, спадзеючыся дакончыць заўтра, а назаўтра пайшоў на другую работу, а пра клін і забыўся.

— Як жа ты мог, калі на цябе была паверка? Які ж ты калгаснік, які гаспадар?

— Ну, вылецела з галавы, ну... братка...

— Ты разумееш, што ты нарабіў? Гэта ж калгас! І пры самай дарозе. Сарамата! Добра, што хоць агледзелі. На гэтым жа могуць іграць багатыры. Ты разумееш, што значыць у калгасе зрабіць дрэнна?..

Ён прыйшоў у праўленне цяжкі, нахмураны, і ў ім нельга было пазнаць ранейшага Міхася. Гаварыў ён мала і скупа. Рэйдавікі не напаміналі пра гэта, але ён сам загаварыў, як бы хочучы скончыць нейкую мулкую неадчэпную думку.

— Добра, што агледзелі хоць, а то...— ён вяла махнуў рукою і абвёў усіх вачыма, гэтым нібы гаворачы: «Во, брат, бывае».

Неўзабаве рэйдавікі разбіліся на тры групы і, пабраўшы «лятучыя мышы», пайшлі правяраць гумны і клеці. Я далучыўся да Міхасёвай групы.

 

4

Нас было чацвёра. Была густая цёмная восеньская ноч. «Лятучая мыш» мігцела наперадзе ў Міхася і перабягала з рукі ў руку, то хаваючыся за ім, то зноў выбліскваючы, гледзячы па тым, як варочаўся ён, абыходзячы лужы. Ад тумановай сырасці зямля стала ліпкая і цягучая. На яе мокрай і бліскучай паверхні клаліся даўжэразныя цені нашых ног, пачварна выгінаючыся і перабягаючы з месца на месца. Мы прабіваліся ў цемры, распіхваючы яе бязгучную падатлівасць. Хадзілі з гумна ў гумно, пералазячы цераз платы, абходзячы загуменнямі. Рыпалі варотамі, заходзілі на такі, лазілі па стаўпах, разварочваючы і нюхаючы сена. Мацалі снапы, прабіваючы іхнія калючыя камлі і затыкаючы глыбока руку, каб знайсці, ці няма дзе мокрага ці гнілога. Мы доўга шворылі там рукою, прыслухоўваючыся, ці не гарачае збожжа. Мы грукалі па таках абцасамі, аглядаючы кожны закутак, ці па-гаспадарску тут дагледжана і прыбрана. Замыкалі і зноў ішлі ў цемень, да наступнага гумна. Мы абыходзілі паклажы другое брыгады, правяраючы Міхасёву дбайнасць. У запакованых дашчэнту гумнах не адчыняліся вароты. Мы пралазілі зверху, адтульваючы невялікія шчыліны, як мышы. Забіраліся пад самыя стрэхі, стукаючыся галовамі аб ключы. На прыгуменнях мы аглядалі сцірты саломы. На сціртах ляжала тумановая раса; яна ападала ад першага дотыку рукі, пяклася холадам і, падаючы, блішчала ў палосах ліхтаровага святла. Мы правяралі кожную драбніцу гаспадарчае рупнасці,— усё было ў найлепшым парадку, і да Міхася варочаўся ранейшы вясёлы настрой.

Мы зайшлі ў апошняе гумно. У кутку стаяла малатарня. Пахла малочаным збожжам і нядаўна падмеценым токам. Мы абыходзілі стаўпы, прабіваючы іх сваімі рукамі. Маўклівы і флегматычны рэйдавік надоўга суняўся ля вікі.

— Сыра!

Мы сабраліся ўсе гуртам, выскубваючы з сярэдзіны жмені вікі. Камячылі яе ў руках, нюхалі, раскалупвалі струкі. Віка падатліва згіналася ў жмені і сціскалася ў кулаку, як пакулле.

— Сырая!

Зноў пільней прыглядаемся. Міхась сам як мага глыбей прабівае руку, выскубае новую пасму, камечыць і нюхае.

— Добрая,— гаворыць ён.— Бачыш, не пахне і не гарачая. Такая віка не папсуецца.

Мы спрачаемся. Міхась гарачыцца, што іначай нельга было яе прыбраць. Умешваюцца другія члены камісіі. Нашы думкі разыходзяцца. Мы забіраем падазроную пасму, каб паказаць яе ўсяму рэйду і вырашыць разам. Мы ідзём назад па вуліцы, плёхаючы ў густых восеньскіх лужах і прабіраючыся паўз платы. Першыя два рэйды яшчэ не вярнуліся. Мы заглядаем пад акно праўлення — там нікога няма, і Міхась дае прапанову:

— Хадзем да Мірона. Да дзяўчат. На трохі перадыхнуць.

 

5

У Мірона бадай штовечар збіраецца моладзь. Але сёння яшчэ нікога няма, і Міронава хата выглядае пуста. На лаве робяць панчохі і шэпчуцца двое дзяўчат. Міронава дачка, мабыць, толькі што прыбрала вячэру і мые пасудак. Сам Мірон сядзіць на ўслоне тварам на хату і б’е масла. На ягонай губе вісіць бясконцая казіная ножка, разжованая і насліняўленая да палавіны. Ён моршчыцца і закідае назад галаву, прыплюшчваючыся ад дыму. Каб не адвалілася папяроса, ён гаворыць шапялявячы, адным краем губ:

— Здаровы, здаровы, хлопцы,— заходзьце.

У хаце пачынаецца ажыўленне. Міронава дачка ўвіхаецца, каб скарэй кончыць з пасудкам. Дзяўчаты перакладаюць у прыполе клубкі і папраўляюць хусткі. Рэйдавікі прысядаюць да іх. Мірон адсоўваецца на ўслоне, падкочваючы за сабою бойку. Каля яго ляжыць пузаты капшук з тытунём і запалкі.

— Ну, як жа, хлопцы, рэйд? Усё ў парадку, Міхась? — апошнім запытаннем звяртаецца ён да свайго брыгадзіра.

— На яць! А то што ж бы мы за гаспадары з табою былі? Што ж з нас былі б за калгаснікі? От толькі адна загагуліна ёсць, дзядзька Мірон. Ты, як старэйшы, век свой гаспадарчы пражыў — разваж.

Мірон доўга варочае ў руках прынесеную пасму вікі. Ён хоча разабрацца як след, па-знатоцку, каб ягонае заключэнне было папраўдзе словам аўтарытэту. Няхай сабе гэта свая брыгада, а што праўда, то павінна быць праўда.

— От што, хлопцы,— кажа ён, пагадзіўшы.— Віка добрая, гэта нічога, што яна здаецца вільготная. Папсавацца яна не можа. Глядзі, якое здаровае зерне. Яе толькі малаціць трэба, калі ўжо крыху сцісне марозік... Віка, хлопцы, добрая,— канчае ён цвёрда і ўпэўнена.

Міхась зноў ажыўляецца. Яго твар святлее і робіцца па-ранейшаму адкрыты, шырокі, ясны. На губах расплываецца ўсмешка. Гонар брыгады апраўданы.

— Я ж ім казаў! А што, хлопцы, маніў я вам? — звяртаецца ён да рэйдавікоў, буйна рагочучы і размашыстым жэстам выкідваючы ўгору руку.

Ён пачынае порстка хадзіць па хаце, самаздаволена паціраючы рукі. Пасля нешта ўспамінае і падыходзіць да мяне.

— Ага,— гаворыць ён,— я ж тады і не сказаў. Пра спаборніцтва. Было так,— ён адсоўвае Міронаву шапку і садзіцца каля мяне.— Пачыналі выворваць бульбу. Я з першаю брыгадаю даўно спаборнічаю. І скрозь яе пабіваю. А гэта, бачу, не выкарабкаюся. Дзялянкі ў нас-то роўны, але ў мяне малавата жанок. Як на злосць, радзіць пачалі. Ну, а мужчыны ж, бывае, на другой рабоце заняты — зябліва ці што там. Мала людзей, бачу, у мяне. І от падыходзіць аднойчы да мяне Павал. Брыгадзір іхні, Жук.

— Здаешся? — пытаецца са смяшком, як бы жартам.

Я пачухаў патыліцу. Што тут сказаць, думаю. А ў самога хоць бы каліва падзеі.

— Падумаю,— кажу.

— Падумаеш? — і ўсміхаецца ўсё, як бы гаворачы: «Тут, брат, і думаць няма чаго».

— Падумаю,— кажу.

Так і разышліся. Ну, я і пачаў мазгаваць. І так і гэтак прыкідваю — трудна. І што я прыдумаў? Яны сабе спакойна робяць, спакваля, выхадны дзень устроілі, а я — без выхаднога. Брыгада ўся — проста кіпіць. І другое, мабыць, самае галоўнае, і я яму пра гэта не сказаў. Паставіў я першы дзень рабочую сілу — кожнай жанчыне па адным радку. Гляджу, прыглядаюся — цеснавата ім. Штурхаюцца адна аб адну локцямі, кошыкі адзін аднаму замінаюць. Назаўтра расстаўляю іначай — на кожную па два радкі. Жанкі ў крык, у пратэст — не хочам, налаўчылі ўжо рукі. «Хто не хоча, кажу, не трэба — ідзіце дахаты, от як». Жанкі ўламаліся. Гляджу я — спарней работа пайшла. Дый самі жанкі ўжо рады, што я на іх накрычаў. «Можаце, кажу, цяпер станавіцца, як і раней». Гудуць — не хочам.— Ну, мы і зырнулі. І на тры дні абагналі. Павал ажно за вушы схапіўся. Ён не ведаў, што за праява.

У хаце таксама знайшлася агульная гаворка. Мірон расказваў, як сёння адваяваў на трактар газы. МТС не давала, дык паслалі Мірона, і Мірон такі дабіўся. Яму памаглі ўскаціць вялізазную бочку на воз. Бочка разагналася і бабухнула на ўвесь перадок. Мірон выехаў на дарогу і збіраўся сесці. І от тут-та і не пашанцавала. У перадку ляжала бочка, аставалася месца ззаду, але адтуль не даставалі кіраваць лейцы.

— От, брат, гора было,— канчае Мірон і сам ужо трасецца ад смеху.— І так жа лягла, на яе агні, што я ўсю дарогу ад Слуцка клыпаў узбоч воза ў гэтых сваіх самаходах.

Ён расказаў гэта да таго смешна, што ўсе мы качаемся з рогату. У самога Мірона пацякла ад смеху і заблішчала ў маршчынах сляза. Але калі супакоіліся, Міхась зноў падыходзіць да мяне і, як бы не скончыўшы яшчэ самае думкі, гаворыць:

— Можа, і нядобра, што я не сказаў Паўлу пра гэта. Выходзіць, што я тайком перахітраваў яго, а?

1933


1933