epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Скрыган

Найпершая тайна ў слове

Мяне папрасілі сказаць колькі слоў пра маладую нашу літаратуру. Вось мой роздум з гэтае нагоды.

1. Пра майстэрства пісьменніка я ўжо недзе гаварыў, паўтарацца не буду. Практычна гэта значыць, што трэба нястомна працаваць. І калі ў чалавека ёсць схільнасць і любоў да літаратуры, то гэта ўсё набудзецца. Асноўная «тайна» творчасці ў слове, бо яно — адзінае, дакладна знойдзенае сярод многіх — дасць і яснасць думкі, і яркасць карціны, і глыбіню вобраза. Другая «тайна» — трэба навучыцца бязлітасна выкідаць усё лішняе і прыблізнае.

Гаворка мая датычыць галоўным чынам малых формаў прозы, апавядання. Бо ў пераважнай большасці цяперашніх аповесцей і раманаў, калі пачаць выкідаць, то можа стацца, што ад іх мала што і астанецца.

2. Не зусім разумею пытання. Вось і прыклад, як небяспечна гаварыць прыблізнымі словамі. Пад словам «праблема» разумець можна многае. Выручае, хіба, другая палавіна яго — ці не маглі б Вы падзяліцца яе «сакрэтамі»? — якая дае падставу думаць, што мне трэба расказаць пра тое, над чым працую.

Я ніколі не ўмеў скора і многа пісаць. Ніколі не было ў мяне дэвізу «Ні дня без радка», калі я не гатовы на гэты радок. Выгадней памаўчаць ды падумаць, як зрабіць той радок лепш, бо нават непрадуманы зачын можа загубіць увесь твор. Другое: прыйшла пара, калі дзень становіцца вельмі малы і цесны: не паспееш прагледзець пошту, навесці каля сябе нейкі парадак, зрабіць праходку, як надыходзіць час уключаць тэлевізар, каб паглядзець, што робіцца дома і ў свеце. І дзіву даешся: колькі за гэтакі ж дзень рабілася ў маладосці!

І аднак жа ў гэтыя кароткія часіны пішу кнігу «Шуфляда майго стала»,— пра ўсё тое, што асталося ў памяці або валяецца ў шуфлядах, запісанае на шматках паперы.

Паралельна ідзе і другая работа,— гэта расказы пра пісьменнікаў, з якімі пашчасціла ці разам жыць, ці працаваць, лепш кажучы, проста іх ведаць. Апроч тых, што сабраны ў кнізе «Некалькі хвілін чужога жыцця», напісаны новыя: пра Сяргея Фаміна, Алеся Пальчэўскага, Івана Мележа. На чарзе Аркадзь Куляшоў, Уладзімір Карпаў, Барыс Мікуліч, Юрка Гаўрук. А цяпер у гэту чаргу стаў і яшчэ адзін, вельмі дарагі мне чалавек, з якім прайшлі гады і работы, і вучобы, і светлага таварышавання больш за паўвека — Пятрусь Броўка.

А калі астанецца час, вазьмуся за тое, што ўсё адкладаю ды адкладаю: пра самога сябе.

3. Традыцыі і наватарства? Папраўдзе сказаць, я гэтых слоў баюся. І не люблю іх. Бо яны, будучы надта безразмернымі, часта падменьваюць сабою нешта больш важнае — самую сутнасць. Скажам, маю творчую ўвагу хвалюе самае дарагое — Радзіма, бацькаўшчына, адданасць, сумленне, добрасць, хараство, праўда. Пра ўсё гэта трэба пісаць простым народным словам і натуральнаю моваю, каб яно як найлепш дайшло да чытача. Дык пры чым тут традыцыі і наватарства? На вялікі жаль, часта хто пад традыцыяй разумее нешта такое, што адышло, безнадзейна састарэла, а пад наватарствам — усё тое, што непрывычна, хадульна, настаўбурчана, «модна», каб здзівіць не яснасцю і прастатою, а мудрагельствам, за якім нават не дойдзеш сэнсу.

4. Спецыяльная адукацыя не шкодзіць ні маладому, ні «пажылому» пісьменніку. Гэтак жа, як не шкодзіць яна нікому. Але не яна робіць чалавека пісьменнікам, на гэта трэба мець прыроду ці, як кажуць, дар. Гэтак жа, як у кожным мастацтве — у музыцы, спевах, маляванні, скульптуры. Наогул, усякая прафесія патрабуе схільнасці.

5. Адносіны прызнаных майстроў слова і пачаткоўцаў? Дай божа, як кажуць, каб яны пладзіліся больш, гэтыя новыя, здольныя пачаткоўцы. Трывогі за іх долю я не бачу, ведаю, што многія «пажылыя» ахвотна памагаюць маладым. І чытаюць іхнія рукапісы, і даюць парады, і памагаюць надрукавацца.

Асабіста я, прызнаюся, ад кожнага новага здольнага імя таемна чакаю, што яно стане гонарам нашай літаратуры, што праз яго ў свеце будуць пазнаваць Беларусь. Гэтак як я сам цэлыя народы і краіны пазнаваў праз мастацкую літаратуру. Расійскую дзяржаву на ўсіх яе гістарычных этапах — галоўным чынам праз трох Талстых; Ісландыю — праз Лакснеса; Польшчу — праз Сянкевіча, Жаромскага; Францыю — праз Бальзака, Гюго, Заля.

Бывае часам і так, што не «майстры слова», а, наадварот, нехта з «пачаткоўцаў» на «пажылых» глядзіць ужо як бы прабачліва: чаму ў іх навучышся? яны ж даўно адсталі! Але гэта хутка праходзіць: як толькі настае неабходнасць самому стаць папраўдзе пісьменнікам.

6. Якія творы маладых пісьменнікаў апошняга часу я лічу найбольш удалымі, гаварыць баюся. Можа я не ўсё і не вельмі ўдумліва прачытаў і, такім чынам, магу памыліцца. А калі скажу думку заўчасна, то яшчэ горш: магу пашкодзіць.

Але ўсё ж скажу пра тое, што мяне радуе ці абнадзейвае.

Даўнавата часу таму назад у «ЛіМе» прачытаў апавяданне незнаёмай аўтаркі. Спадабалася рэдкае цяпер імя — Хрысціна, затрымала ўвагу і прозвішча — Лялько. У прозвішчы я адразу ўлавіў падробку: гэта агульная наша слабасць — у друкаваным варыянце выглядаць хоць трошкі не па-свойму. У беларускіх прозвішчах свая завядзёнка: калі яны прадметныя, то гэтак і выгаворваюцца — Касіла, Кукса, Лялька, Цвірка, Хоцька, Лапа. Але як толькі даходзіць справа да напісання, яны адразу набываюць кніжнасць, якая, трэба меркаваць, пайшла ад царкоўна-папоўскага запісвання ў метрыкі. І прозвішчы пачыналі гучаць іначай: Касіло*, Куксо*, Лялько*, ІІвірко*, Хацько*, Лапо*. Першааснова прападала, сэнс зацямняўся, у канцы ставілася заўсёды націскное «о», прозвішча рабілася проста біркаю. А такім прозвішчам, як Сукала, Забела, Спрытула часта надавалася акраса замежнага паходжання, іх пачыналі пісаць праз падвойныя зычныя: Забелло, Сукалло, Спрытулло. У Хрысціны ж мне спадабалася вельмі мілая, нейкая чыстая і ласкавая першааснова прозвішча — Лялька. Асабліва ў спалучэнні з імем — Хрысціна Лялька. Гэтак я яе і буду зваць.

Апавяданне Хрысціне не надта ўдалося: яно зроблена на матэрыяле вайны, не перажытым аўтаркаю, не адсееным ад лішнаты. Але мяне зачаравала мова. Натуральны лад, жывая лексіка, гнуткасць і музыкальнасць фразы, кожнае слова як бы мае свой жэст. Праўдзівасць. А, як вядома, за праўдзівасцю мовы заўсёды відзён жывы чалавек. У яго вобраз верыш.

Чытаў я тое апавяданне з вялікаю асалодаю, даруючы аўтарцы нават яе неспрактыкаванасць. І шкадаваў, што ў сваім артыкуле Уладзімір Юрэвіч папракнуў Ляльку за стыхійнасць мовы. Варта было, наадварот, пахваліць. Бо стыхійнасць мовы — гэта зусім не страшна, яна дала нам Кузьму Чорнага. І Лукаша Калюгу. Час і практыка яе шліфуюць, пакідаючы нам узоры непаўторнага, класічна-народнага ладу. Як Мележавы «Людзі на балоце». Куды страшней неахайнасць мовы. Не разабраўшыся, яе часта таксама падводзяць пад стыхійнасць.

А самае наймілейшае, што мяне ўзрадавала бясконца — гэта невялікая аповесць «Іван Аляксеевіч» Міхася Клебановіча. Якою паэтычнаю рукою напісана яна! Колькі замілавання ў свабодным жэсце слова! Гэтак узнёсла, эканомна, імпэтна паказаць нейкі невядомы куточак нашай зямлі, каб мы ўбачылі і гарэзнасць, і адчай, справы і клопат мілых, заўзятых у сваім клопаце людзей — і ў гурце, і кожнага паасобку, кожнага з сваім характарам, ды якою непасрэднасцю, жывою моваю,— гэта не вельмі часта бывае. Каб паверыць, што я гавару праўду, трэба яе прачытаць самому, бо пераказаць усяго таго, чым і як яна зроблена, проста нельга. Тут адразу відно, што найважнейшым інструментам у пісьменніка з’яўляецца мова. Калі б не яна, то не забруілася б усімі пералівамі хараства, глыбіні, свабоднасці жывапісання гэтая аповесць. Можа мне асабліва люба было чытаць яе, што я пазнаваў у ёй сваю Случчыну, а кожнаму ж мова свайго кутка заўсёды і бліжэй, і харашэй, і радней, гэтак, як маці. І толькі шкода робіцца, як жа глыбока і лёгка мы яе забываем. Асабліва вінаваты ў гэтым, на жаль, найбольш маладыя пісьменнікі. Не менш і рэдактары.

І яшчэ адзін чалавек запомніўся: Святлана Алексіевіч сваім апавяданнем «Цётка Стэфа». Я маю прывычку ўсё чытаць з алоўкам у руках і, прызнаюся, усе яе апавяданне скрэсліў найбольш добрымі паметамі. За спробу паказаць душэўны рух вобраза. І падзівіўся, што яно перакладное. І яшчэ больш падзівіўся, што нават пры перакладзе яно свіціцца талентам.

Тры аўтары, і вельмі прыемна, што кожны з іх не падобны на другога. Хацелася б, каб кожны з іх пайшоў самастойна і далей.

А ў Клебановіча я чую ўпэўненую пісьменніцкую руку і добрую манеру: не спяшацца. Думаю, што яму пісаць нялёгка.

7. Што параіць маладым? Добра ведаць тое, пра што пішаш. І моваю бацькоў, гэта значыць, моваю, якую ведаеш найлепш. Тады гэта будзе патрыятычна, душэўна і праўдзіва.

1980


1980