epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Скрыган

Нядоўгая сустрэча

Прагледзеў усе здымкі ў энцыклапедыях і даведніках за шмат гадоў — усюды ён з брытым тварам. А я памятаю яго з вусамі. Што ж гэта можа быць? Або здымкі не тыя або не тая ўжо памяць? І тады, ведама, ніякімі ўспамінамі займацца не варта?

І ўсё ж такі паверу самому сабе, бо, памятаю, увесь час я дзівіўся, што праз тыя вусы ён быў не зусім падобны на самога сябе. Яны былі кароткія, даволі густыя і рабілі яго намнога старэйшым, а яшчэ больш — намнога стражэйшым. Што старэйшым, то няхай бы сабе, бо ў нас і напраўду было розніцы на цэлыя два гады, а што стражэйшым, то гэта было падобна на злосную выдумку. Бо з першых жа дзён, як ён паявіўся ў нас у «ЛіМе», мы ўбачылі, што гэта вельмі добры, чулы і мяккі чалавек. І голас у яго быў нямоцны, мяккі, і вочы, не так і вялікія, можна сказаць, проста нармальныя, але шырока расплюшчаныя, як бы загадзя гатовыя вас слухаць. Мы з ім адразу і паразумеліся, ад першае гаворкі. Напрыклад, ён адразу сазнаўся ў сваёй бядзе: што не ўмее папраўляць чужых допісаў.

— Як так? — здзівіўся я.

Папраўдзе, як жа так: рабіць у газеце і не ўмець паправіць чужога допісу? Ды гэта ж самая найпершая рэч! Бадай што кожны допіс у газету пішацца або спешна або чалавекам не надта ў грамаце падрыхтаваным. Тут жа адразу відно, што трэба апусціць, а што паправіць, каб хоць нармальна чыталася.

— Не тое, што не ўмею, а — не магу,— паправіўся Шынклер.— Мне ўсё здаецца, што калі я папраўлю чужы допіс, то ў ім ужо не будзе аўтара. У ім ужо будзе нешта ад майго голасу, а значыцца, і ад мае думкі.

Я не ведаў, як пасупярэчыць гэтаму, бо нейкая ж слушнасць у тым была.

Ён пераехаў да нас са Жлобіна з сям’ёю, дзе сакратарстваваў у райгазеце «Ударнік». Незадоўга перад гэтым выйшла з друку яго аповесць «Сонца пад шпалы», яна ўжо многа нашумела, галоўным чынам тым, што паказвала рабочы клас — чыгунку. Прыехаў ужо даволі вядомым пісьменнікам, і, здавалася, што такая акалічнасць павінна была б пакінуць на ім пэўны след, скажам, фанабэрыі ці зазнайства. Аднак жа нічога гэтакага не было. Наадварот, лішняя ўвага ці абачлівасць бянтэжылі яго.

На першым часе ён асабліва добра чуўся ў кампаніі з Барысам Мікулічам, які рабіў тут жа. Натуральна, абодва, можна сказаць, землякі, з Бабруйскам звязана цэлая літаратурная эпоха: Міхась Лынькоў, газета «Камуніст» з яе дадаткам «Вясна», дрэваапрацоўчы камбінат, што пусціў у свет Шынклера і Мікуліча, Вітку і Грахоўскага, Зарыцкага і Казеку. Сяброўства заўсёды грунтуецца на нейкай далёкай духоўнай агульнасці. Але Мікулічаў клопат быў куды шырэйшы. Ён мог падоўгу недзе прападаць, улятаў у рэдакцыю як на крылах, шумна, порстка, з паэтычна развеенаю светла-русаю шавялюраю, з вечна ахвочаю ўсмешкаю, і тут жа, на хаду ўпомніўшы тую Бабруйшчыну, знікаў.

Часамі пасля работы Шынклер аставаўся папрацаваць над нечым сваім. Я быў упэўнены, што пішуцца «Запіскі інструктара Томана», пра іх мы гаварылі не раз. Аказалася, не: пісаліся папраўкі да «Сонца пад шпалы». Гэта таксама здзівіла, бо аповесць даўно хадзіла па чытацкіх руках. Тлумачэнне было слушнае: калі настане патрэба выдаць кніжку другі раз, то папраўкі не пашкодзяць.

— Хіба так людзі пішуць! — сказаў ён з горкім папрокам самому сабе.

Пасля доўгіх маіх блуканняў па розных навацыях таго часу накшталт Літкамуны; пасля шарахання ў розныя чужыя манеры то Ісака Бабеля і Юрыя Алешы, то Андрэя Белага і Барыса Пільняка; пасля сваіх кніжак «Шугае сонца» і «Недапісаны профіль», якія нічога не давалі, апроч гаркаты,— вельмі хацелася душэўнага спакою, а ад Шынклера якраз гэтым і веяла.

Мы часта з работы ішлі разам. Ён жыў недзе за Прафінтэрнаўскім садам. Паволі гаворачы, мы міналі ціхія вулкі і завулкі, перасякалі той сад, пераходзілі Правіянцкую вуліцу, што шырока жаўцела на самай гары сыпучым пяском, і пападалі ў яшчэ большую цішыню Архірэйскай слабады.

Шынклер вельмі рэдка ўсміхаўся. Ён быў добры, спакойны, разважлівы, але на ўсмешку вельмі стрыманы. Толькі тут, у сям’і, бачыў я ўсмешку, калі ў двары падбягаў да яго хлапчынка гадоў, мабыць, васьмі і пытаўся:

— Дзе ж вы гэтак доўга бавіліся, татка?

Ці калі маладая невысокая жанчына ў простай і як бы радасна-зграбнай сукенцы, у мусліновай танюсенькай хустачцы ў бобачкі, завязанай па самым версе валасоў вельмі фацэтным вузлікам, што вострымі ражкамі тарчаў над ілбом, калі гэтая жанчына неўзабаве запрашала:

— То перастаньце ж вы хоць цяпер гаварыць, мужчынкі, ідзеце да стала. Хвядоска, запрашай чалавека.

Па доме плавалі пахошчы найдзіўнейшай у свеце стравы — капусты, згатаванай у душнай варыстай беленай печы. Строга падсечаныя Шынклеравы вусы і тут не маглі ўтаіць нясмелай, ціхай усмешкі.

Напісаўшы ўсё гэта, я не ўтрываў, каб не пазваніць Сяргею Грахоўскаму, колішняму бабруйчаніну, які на фуговачным варштаце таго дрэваапрацоўчага камбіната колісь пакінуў кончык мезенага пальчыка на левай руцэ.

— Ты пішаш праўду,— сказаў Грахоўскі.— На ўсіх фотакартках таго часу Шынклер быў толькі з вусамі.

Выходзіць, што нават самому сабе яшчэ можна трохі паверыць. Калі гэта надта трэба.

1982


1982