epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Скрыган

Ненадрукованыя апавяданні

Размова першая
Размова другая
Размова трэцяя
Трохі пра другіх
Як напісаны апавяданні


Ёсць у Івана Буніна невялічкае, на дзве старонкі, апавяданне «Лапці». Здавалася б, нічога асаблівага ў ім і няма. Недзе на далёкім хутары зімою гудзе завіруха, а ў хаце ляжыць хворае дзіця. Яно трызніць і ў трызненні просіць даць яму чырвоныя лапці. Работнік, стары Няфёд, кажа гаспадыні:

«— Значыцца, трэба даставаць. Значыцца, душа просіць. Трэба даставаць.

— Як даставаць?

— У Навасёлкі ісці. У краму. Пафарбаваць фуксінам няхітрая работа.

— Бог з табою, да Навасёлак шэсць вёрст! Дзе ж у такое страхоцце дайсці!»

Падумаў.

«— Не, пайду. Нічога, пайду. Даехаць не даедзеш, а пешкі можна, нічога. Яна будзе мне ў спіну, завея гэтая...»

І пайшоў — у шалёную, страшэнную завіруху. А пад раніцу на другі дзень чужыя людзі заехалі на двор і ў развалках прывезлі здубянелае цела. «За пазухаю ў Няфёда ляжалі новенькія дзіцячыя лапці і пляшачка з фуксінам».

Вось і ўсё. А прачытаўшы гэтае апавяданне, ужо не можаш на яго забыцца. І перад вачыма ў цябе будзе не Няфёд, а цэлае чалавечае жыццё. Адлюстровак нейкага часу, вобраз хараства і высакароднасці простай чалавечай душы. Нешта вельмі вялікае і важнае ты пазнаеш з гэтага апавядання.

У чым жа тут сакрэт? Якімі чарамі ўздзейнічае пісьменнік на наша ўспрыняцце? Мабыць, у першую чаргу, тым, пра што ён піша, чым кранае нашу душу. Бясспрэчна, гэта будзе чалавек. Яго жыццё, пачуцці, хваляванні, дзейнасць, узаемадачыненні з другімі людзьмі і ўсё тое, што звязана з яго духоўным светам і дзейнасцю. А другая тайна, мабыць, будзе ў тым, як пісьменнік піша. Гэта значыць, як глыбока ён раскрые і пакажа чалавечае жыццё, што адкрые ў ім новага, неспадзеўнага, непаўторнага. Як данясе да нас тое чужое жыццё, каб мы бачылі яго, як сваё, каб перажывалі і верылі ў яго. Вось у гэтым ва ўсім, мабыць, і тояцца ўсе чары. З чаго ж яны складаюцца? Гэтага сказаць нельга, бо іх вельмі многа, бясконца многа, і ў кожнага свае. Тут будзе залежаць і ад таго, як пісьменнік бачыць свет, як ведае жыццё і самога чалавека. Ад яго агульнай культуры і ад культуры работы і мыслення. Ад філасофскай і эстэтычнай сістэмы поглядаў. Ад пачуцця меры, ад выбару мастацкіх сродкаў і адчування слова. Нарэшце, ад пісьменніцкай практыкі. Можна пералічыць многа індывідуальных чалавечых якасцей пісьменніка, і ўсе яны нарэшце даюць сябе знаць у творы. Не будзе памылкі, калі мы скажам, што па творах можна ўбачыць самога пісьменніка.

Гэта — індывідуальныя «сакрэты» і «тайны» мастацкага твора, якія цесна звязаны з інтэлектуальнай асаблівасцю пісьменніка. Але ёсць і агульныя, якія кожнаму даступны і пільнавацца якіх павінен кожны. Гэта ў першую чаргу элементарная пісьменнасць і ахайнасць, культура работы, адчуванне мастацкай праўды і слова, адчуванне меры патрэбнага і лішняга, галоўнага і другараднага. І любоў да галоўнага свайго аб’екта — да чалавека і яго душы.

Я не выпадкова назваў апавяданне Івана Буніна «Лапці». У ім гэтыя абавязковыя для кожнага пісьменніка ў той ці іншай меры агульныя нормы даведзены да гранічнай дасканаласці. Нічога няма лішняга, усё эканомна, рэльефна і ярка. Такую сілу апавяданню дало адчуванне меры патрэбнага. А значыць, і меры мастацкага. І няйначай як пра адчуванне гэтага ў меру патрэбнага вядомы савецкі пісьменнік Ісак Бабель сказаў: ніякая зброя не можа скасіць гэтак жахліва, як кропка, пастаўленая на сваім часе. Тут, вядома, справа не ў кропцы як у знаку прыпынку. Гэта сказана фігуральна. Іменна пра тое, як важна для апавядання, каб у ім не была парушана мера патрэбнага.

 

Размова першая

Кароткі пераказ апавядання Першага Аўтара «Русалка» такі. Студэнт Янка летнія канікулы праводзіць на сваёй радзіме ў калгасе. Аднаго разу, гуляючы па лесе з фотаапаратам, сустрэў дзяўчыну. Сфатаграфаваў яе і, вядома, закахаўся. Аказалася, што яна таксама студэнтка і таксама адпачывае на канікулах у суседнім сяле Багушы. Завуць яе Валяй. Ледзьве дачакаўшыся нядзелі, Янка пайшоў у Багушы, каб перадаць Валі карткі. Ён быў поўны самых высокіх і гарачых пачуццяў, і раптам яго як бы аблілі халоднай вадою. За карткі яму працягнулі грошы. Расплаціўшыся, Валя пайшла спакойна дахаты — яе звалі піць чай.

Тэма як тэма, так жа ў жыцці можа быць. Але вельмі кідаецца ў вочы, што апавяданне зроблена знарок дзеля маралі. Гэта не дрэнна — зрабіць дзеля маралі. Дрэннае ў тым, што мараль аголена, жыве самастойна. Яна не выцякае з унутранай логікі і жыцця персанажаў, а сама дыктуе персанажам учынкі, паводзіны і фразы. І гэта прыводзіць да няпраўды, да таго, што мы не верым ні персанажам, ні ўчынкам і падзеям.

Здавалася б, што такое апавяданне з унутраным псіхалагічным канфліктам павінна было быць энергічнае і густое. Праз нейкі адзін момант жыцця можна было паказаць і характары, і розныя жыццёвыя прынцыпы Янкі і Валі. Сама па сабе вынікала б і мараль. Іначай кажучы, зрабіць так, каб мы ўвесь час адчувалі чалавека з яго трывогамі і спадзяваннямі, а пасля бачылі б і крах яго спадзяванняў. Першы Аўтар страціў адразу меру патрэбнага: ён даў нам безліч другарадных, абсалютна лішніх даведак і інфармацый, якія не маюць ніякага дачынення да раскрыцця канфлікту — да абразы Валяй Янкавых пачуццяў. Вось пачатак гэтага апавядання.

«Прызнацца, студэнцкімі канікуламі я крыху не задаволены. Былі б яшчэ сябры-аднагодкі, а то разляцеліся па месцах вучобы, а мне чакай тут — дзе той яшчэ кастрычнік. Праўда, сумаваць асабліва няма калі. Моладзі ў нашым калгасе многа, спраў для маладых непачаты край.

У вольную часіну люблю пабыць сам-насам з прыродай. Можа гэта так выразна кідалася ў вочы, не ведаю, толькі маю гэтую рысу падмецілі яшчэ ў дзяцінстве і з лёгкай рукі знахаркі бабкі Насты празвалі мяне лесавіком. Вядома, перабаршчвалі крыху бабулькі, але нейкая доля праўды ўсё ж была — моцна сябраваў я з лясным царствам. Надакучыць, бывала, сядзець у хаце, пайду ў лес і цэлы дзень там баўлюся. Дзе ручаёк звініць — паслухаю, сойка дзетак корміць — бачыць цікава, а то проста, прылёгшы на паляне, гляджу ў празрысты блакіт неба, слухаю, лаўлю чароўную музыку.

Пражытыя ў горадзе гады не парушылі гэтай дружбы. У нядзелю на золаку з кошыкам спяшаюся ў лес. На ўскрайку між дрэў — парэзаныя карані грыбоў. Спазніўся. Я не шкадую — няхай. Ёсць месцы, якія толькі мне аднаму адкрываюць свае тайны. Іду на Заям'е і неўзабаве вяртаюся з поўным кошыкам.

Спяшацца няма куды. Ля Чорнага Яра спыняюся, доўга стаю ў задуменні. Мілы, чароўны куток майго дзяцінства! Сярэбраны пераліў пастушынага ражка на зары, і шумныя хованкі, і ўрачыстасць піянерскіх кастроў...»

Я знарок зрабіў такую доўгую выпіску, каб можна было ўбачыць не адно, а адразу некалькі парушэнняў, калі можна так сказаць, мастацкага такту. Першае — што гэты ўступ і даведкі з біяграфіі героя абсалютна непатрэбны. Яны не кампануюць апавядання, а разбураюць яго, адводзяць у зусім другое русло. Калі б гэтыя даведкі «працавалі» на характар, фармавалі яго, то яшчэ можна было б сказаць, што яны ў некаторай ступені патрэбны. Але, прачытаўшы да канца апавяданне, становіцца ясна, што ўсе гэтыя разважанні пра «непачаты край работы» ў калгасе, хвіліны, калі хочацца пабыць «сам-насам з прыродай», прыметы бабкі Насты, сяброўства з лясным царствам, празрысты блакіт і чароўная музыка, звон ручайкоў, сярэбраны разліў пастушынага ражка і шумныя хованкі,— што ўсё гэта непрадуманыя лішноты. Гэта як бы рэклама, якая зазывае зайсці ў апавяданне.

А само апавяданне пачнецца куды пазней, калі сустрэнуцца Янка і Валя. Але на гэтую частку аўтар звярнуў найменш увагі. Яна тут пайшла бегла. Аўтар кажа, што Янку спадабалася Валя,— а мы не бачым, за што яна спадабалася. Што яна харошая, як русалка,— а мы не бачым у ёй хараства. Што Янка перажывае і хвалюецца,— а мы не адчуваем гэтага хвалявання. Вось, напрыклад, як паказана самая чуллівая хвіліна:

«З хваляваннем дастаю з кішэні здымкі, падаю ёй.

— Вось.

Не зводжу з яе вачэй. Па твары бачу — задаволена. Усміхаецца мне. Я на сёмым небе ад шчасця».

Вось і ўсё. Сказана пра задаволенасць, хваляванне і сёмае неба ад шчасця, а нас гэта не кранае. Бо мы не бачым унутранага рысунка гэтага шчасця. Гэтак жа да нас не дойдзе і трагедыя расчаравання, абраза, калі за чыстыя пачуцці герою будзе заплачана грашыма. Пра ўсё гэта будзе сказана вось такімі ж гуллівымі словамі замест рысунка душэўнага болю. Не дойдзе і ўсё апавяданне, бо яно голае, пазбаўленае жывых, праўдзівых рыс у чалавека.

Дарэчы, я хачу, каб зразумелі ясней, што я маю на ўвазе, гаворачы пра ўнутраны рысунак. Гэта лепш будзе, калі я спашлюся на прыклад. У Аляксея Кулакоўскага ў яго рамане «Сустрэчы на ростанях» камандзіра партызанскага атрада Ладуцьку напаткала вялікае гора. Ён сядзіць у зямлянцы ў камандзіра злучэння Сакольнага, які толькі што з ім сурова пагаварыў. На вуліцы даўно ідзе вялікі дождж, зямлянка працякае. Ладуцька сядзіць за сталом, абхапіўшы галаву рукамі, аглушаны неспадзяваным няшчасцем. Ідзе час, а Ладуцька не чуе, як яму на казырок шапкі кропля за кропляю пачынае капаць са столі вада. Праз нейкі час кропля капае ўжо за каўнер, на сагнутую шыю, а Ладуцька і гэтага не чуе.

Вось і рысунак чалавечага гора. Можа б, ён нават не запомніўся, каб не гэтая невялічкая дэталь — кропля. І цяпер вы бачыце ўсяго чалавека, увесь яго ўнутраны стан. А калі б Кулакоўскі напісаў: у Ладуцькі было вялікае гора, ён вельмі перажываў і хваляваўся, не ведаў, што рабіць, сэрца яго разрывалася на часткі,— то ўсё гэта было б пустое. Вы не ўбачылі б у гэтым Ладуцькі. А ў апавяданні Першага Аўтара сказана агульнымі словамі: «Не зводжу з яе вачэй. Па твары бачу — задаволена... Я на сёмым небе ад шчасця».

Дарэчы, пра гэтае «шчасце». Мы не верым у яго яшчэ і таму, што на адносіны Янкі і Валі паложаны не тыя фарбы. Гэтыя фарбы прадыктаваны не адчуваннем мастацкай праўды вобраза, а жаданнем аўтара скарэй нарысаваць схему адносін. Янка закахаўся ў Валю і быў упэўнены, што закахаўся ў добрую, душэўную дзяўчыну. Расчаруецца ён толькі пасля, калі ўпэўніцца, што памыліўся. Значыць, і мы павінны былі ўбачыць Валю як нешта сапраўды вельмі нязвычнае, прыгожае — нават самі павінны былі б закахацца ў яе, каб пасля самім жа і адчуць боль Янкавага расчаравання. Але аўтар не даў развіцця вобраза, ён паказаў нам Валю бадай што адразу такой, з якой мы і развітваемся — пасрэдным, пустым дзяўчом. «Прыгожая, як русалка» — гэтае параўнанне дае нам адчуванне нечага халоднага, абыякавага, як папяровая кветка. Духоўны партрэт мала чаго дадае да гэтага аблічча — дзяўчына толькі смяецца. «Яна лёгка скача між дрэў, сыпле смехам», «І вось смех, той самы мілы дзявочы смех...» Вядома, смех мог бы быць «мілым», калі б ён дапаўняў нейкія другія рысы, а калі з’яўляецца адзінай прыметай унутранага хараства, то гэтага вельмі мала.

Пра мову я збіраўся гаварыць пад канец, але не магу хоць бегла не спыніцца на ёй цяпер, каб відно было, якая гэта важная рэч у мастацкай тканіне твора. З мовай у Першага Аўтара вялікія нелады.

Першае: няма адчування народнасці мовы, а значыць, няма і натуральнасці яе гучання. Чытаючы, мы ўвесь час спатыкаемся аб нейкія ненармальнасці, нешта нам здаецца нязвыклым, надуманым.

«Былі б яшчэ сябры-аднагодкі, а то разляцеліся па месцах вучобы». Мы адчуваем, што ў гэтай фразе або нечага не стае, або нешта перашкаджае яе натуральнаму гучанню. Не будзем гаварыць, што гэтае «па месцах вучобы» ўзята з канцылярска-пратакольнай, а не вобразна-мастацкай скарбніцы,— скажам пра больш важнае: фраза разарвана папалам. Першай палавіне не хапае развіцця, а другая не выцякае з першай. Першая палавіна фразы не адказвае на пытанне: што было б, калі былі б сябры-аднагодкі? І калі нармальна выказаць думку, то фраза магла б выглядаць прыблізна так: «Былі б яшчэ сябры-аднагодкі, то можна было б цярпець»,— тады з першай выцякала б і другая палавіна фразы.

Яшчэ горш далей. «У вольную часіну люблю пабыць сам-насам з прыродай. Можа, гэта так выразна кідалася ў вочы, не ведаю, толькі маю гэтую рысу падмецілі яшчэ ў дзяцінстве...» Тут няма ні лагічнага, ні граматычнага дапасавання. Што «выразна» кідалася ў вочы — «люблю пабыць сам-насам з прыродай»? Як гэтую рысу прымецілі яшчэ ў дзяцінстве? Дзе і ў чым была рыса? Гэтыя сказы проста не хочуць звязвацца, яны стаяць у розных сінтаксічных парадках. Або як можна «пабыць сам-насам з прыродай» ці «моцна сябраваць з лясным царствам»? Мастацтва дапускае толькі канкрэтны вобраз і канкрэтныя разуменні, а прырода і лясное царства разуменні шырокія. Нельга даць веры, каб можна было сябраваць з кветкамі, з грыбамі, з подыхам ветру. Як жа ўявіць і ўспрыняць усё гэта чытачу?

Ёсць і трохі драбнейшыя парушэнні граматыкі. У дапасаванні да «люблю пабыць» (цяперашні час) сказана «кідалася ў вочы» — у мінулым часе. Праўда, можна гаварыць і ў розным часе, але дзеля гэтага трэба было б зрабіць пераход, іначай пабудаваць сказы.

Гаворачы пра адсутнасць адчування законаў мовы, заадно мы сказалі і пра граматычныя і сінтаксічныя парушэнні, бо ўсё гэта між сабою цесна звязана. А ёсць парушэнні, якія прыводзяць да блытаніны ці нават супярэчнасцей. Наўрад ці добра напісана, напрыклад, вось гэта: «З лёгкай рукі знахаркі бабкі Насты празвалі мяне лесавіком», і тут жа сказана: «Вядома, перабаршчвалі крыху бабулькі». Дык колькі ж з адной Насты стала бабулек? Або вось яшчэ: Янка быў «як ашпараны», калі яму за карткі сунулі грошы ў кішэню, і тут жа гаворыцца: «Новенькія паперкі хрумсцелі у маім кулаку».

«Тайны» пісьменніцкай працы, яе культуры і дасканаласці выяўляюцца перш за ўсё праз мову. (Мы прывыклі да гэтага ў мастацкіх творах.) Праз яе мы пазнаём і сам вобраз, і аўтарскі роздум, і каларыт, і хараство пейзажу. Яна дзівіць нас і гранямі дэталей, і бляскам параўнання. І таму не толькі сказ, напісаны няправільна ці нядбайна, а нават слова, ужытае хоць трошачкі не па сваёй прыродзе, адразу насцярожвае нас. У Першага Аўтара вельмі многа такіх парушэнняў адчування прыроды слова. Нават у тым урыўку, якім мы карысталіся. Ну хоць бы ў сказе: «Вядома, перабаршчвалі крыху бабулькі». Адразу чутно, што гэтае «перабаршчвалі» просіцца, каб на яго месца паставілі нешта другое, больш блізкае і арганічнае самой прыродзе сказа. Больш прывычнае. Можа, нават «перабольшвалі». Не сваё, не зусім арганічнае адценне нясуць словы і ў такіх сказах: «Сойка дзетак корміць — бачыць цікава», «можа гэта так выразна кідалася ў вочы», «спраў для маладых непачаты край», «на ўскрайку між дрэў». Па сэнсу гэтыя словы, можа, нават і на месцы, а адценне даюць не тое, якога просіць сама прырода сказа. Можа, нават лепш было б сказаць «на ўзлеску», чым «на ўскрайку між дрэў»; «паглядзець цікава», чым «бачыць цікава».

Заадно, мабыць, варта сказаць і пра лішноты ў «харастве». Такія, напрыклад, як «Сярэбраны пераліў пастушынага ражка на зары», «Слухаю, лаўлю чароўную музыку», «Задумлівая гладзь ляснога возера», «Белы твар, вочы блакітныя як неба, а косы — доўгія, шаўкавістымі пасмамі ляглі на гнуткі стан». Многім здаецца, што ўзнёслыя, пышныя словы з’яўляюцца адзнакамі высокага хараства. Але гэта няпраўда. Найлепшае хараство ў самай звычайнай прастаце. І ў тым, каб сказанае выглядала свежа. Пышноты нас не дзівяць, як і ўсякая ненатуральнасць. Тым больш што ўжываліся яны даўно і многа ў кнігах не надта высокага густу і здаюцца пазычанымі адтуль. Трэба шукаць сваіх слоў і сваіх азначэнняў, якія ішлі б не ад чужой, а ад сваёй душы.

 

Размова другая

Сутнасць апавядання Другога Аўтара «Неспадзяванае пісьмо» коратка будзе такая. Юрыст Алесь напісаў рэцэнзію на кнігу прафесара Дзядко па тэорыі дзяржавы і права. Алесь спрачаўся з прафесарам: выступаў супраць новага палажэння, што грамадскасць мае права браць злачынца на парукі. Нечакана ў друку паявіўся артыкул нейкай настаўніцы Ясновай, якая не згаджалася з Алесем і падтрымлівала прафесара. Алеся гэта ўзлавала, бо па пытаннях дзяржавы і права палемізаваў не спецыяліст ад юрыспрудэнцыі, а звычайная настаўніца.

Аднаго разу, калі Алесь адпачываў у сваім калгасе, здарылася непрыемная падзея. Мясцовы хуліган Кастусь Рабцэвіч збіў кладаўшчыка Грабілку. Прыехаў народны суд. Суддзю замяшчала засядацелька — настаўніца Яснова. Яна вынесла лёгкае пакаранне Рабцэвічу, і за гэта Алесь паспрачаўся з ёю. Яснова трымала сябе з вялікім тактам і на развітанне сказала:

«— Бывайце здаровы, Алесь. Рада была сустрэцца з вамі. Гэта ж столькі часу не бачыліся».

Алесь быў ашаломлены нечаканасцю. Аказалася, што гэта тая самая дзяўчынка Маша, з якой ён некалі вучыўся ў школе і якую бязлітасна крыўдзіў: тузаў за касу, даваў пстрычкі, а аднаго разу нават выкінуў з саней у снег.

Суд прайшоў, Яснова паехала, а Алесь увесь час мучыўся і перажываў: на чыім жа баку праўда? Як цяпер трэба судзіць? Ці так, як кажуць прафесар Дзядко і Яснова — дазваляючы суду аддаваць вінаватых на парукі або выносіць умоўнае пакаранне, ці судзіць строга і бязлітасна, адразу ізалюючы злачынца ад грамадскасці? Прыйсці да ісціны памог выпадак. У газеце Алесь прачытаў пісьмо былога злачынца, у якім той дзякаваў калектыву, што яго ўзялі на парукі. Ён пісаў, што ніколі не забудзе той мінуты цішыні ў цэху, пакуль рабочыя думалі...

Алесь зразумеў, што ён памыліўся. Расчулены, ён пачаў пісаць пісьмо: «Паважаная Мар'я Харытонаўна...» Заныла сэрца, і, ахоплены далёкімі, дарагімі пачуццямі, Алесь сам сабе шэпча:

«— Маша, шчырая, добрая Маша, даруй мне, усё даруй...»

Вельмі нядрэнны замысел. І магло б выйсці добрае апавяданне. Але сапсаваў яго сам аўтар.

Другі Аўтар хацеў сказаць многа, куды больш, як гэта трэба для апавядання. Таксама не прадумаў кампазіцыі, не вызначыў галоўнага, нагаварыў шмат непатрэбшчыны. На прыведзены тут пераказ яно нават не падобна, да таго многа там выпадковага і стыхійнага. І, канечне, стылістычна сырога.

Вось з чаго пачынаецца апавяданне:

«У дзяцінстве быў я забіяка і распуснік. Што граха таіць, даводзілася плакаць ад мяне і равеснікам і нават старэйшым хлопцам. Але і сам часцяком прыходзіў дадому з акрываўленым носам. Бацька, гледзячы на мяне, толькі дакорліва ківаў галавой і ўгаворваў, каб я «перастаў сваволіць». Маці, наадварот, адразу ж ужывала больш дзейсныя захады. Праўда, на падставе адных толькі ўскосных улік яна ніколі мяне не карала. Затое, калі мая віна не выклікала ў яе сумненняў, мне доўга даводзілася з-пад шырокага сасновага ложка вымальваць памілаванне.

Але вучыўся я выдатна, бо быў самым здольным вучнем у класе. Па паспяховасці мяне заўсёды ставілі ў прыклад іншым. Аднакласнікі мне зайздросцілі, а я ганарыўся, задзіраў нос. Паступова прывык да думкі, што на заўвагі аб недысцыплінаванасці можна і не звяртаць увагі, бо яны ніколі не зменшвалі мой «аўтарытэт» у вачах блізкіх сяброў-хаўруснікаў, якімі я верхаводзіў».

Біяграфія героя пойдзе вельмі надоўга. Будзе сказана, што пасля канікул у школе паявілася новая вучаніца Маша Гардзіенка «з вялікімі чорна-карымі вачамі і чорнымі валасамі, заплеценымі ў дзве доўгія касы». Што герой вучыўся на «выдатна», і Маша вучылася на «выдатна», і за гэта герой яе ўзненавідзеў. Што герой і Маша разам удзельнічалі ў драмгуртку, і Маша на рэпетыцыях «так рашуча загадвала пайсці да залатой рыбкі ў сінім моры», што герой «сапраўды на нейкі момант адчуў сябе падуладным яе волі». Што аднойчы, ідучы з рэпетыцыі, яны ўдваіх з Машай «гаманлівай гурбой уселіся ў сані» да дзядзькі Логвіна, і як толькі «стаеннік ірвануў з месца», герой «штурхануў дзяўчынку, і яна потырч паляцела ў снег». Што школа «знаходзілася на ўзгорку непадалёку ад чыгункі» і хлопцы «часта бегалі глядзець, як грукочуць па рэйках, імчацца кудысьці ўдалечыню цягнікі», а «доўгі эшалон, на платформах якога стаялі новенькія трактары, цягнулі, цяжка пыхкаючы, два паравозы». Што героя пакусаў суседскі сабака Валет, але герой «так штурхнуў яго нагой», што той «адразу адскочыў». Што ў героя быў бацька і дзве сястры — Вера і Надзя. Яшчэ раз, што «Маша вучылася выдатна. Яе адказы на ўроках былі чоткія, упэўненыя». Гэта вельмі «кранала самалюбства» героя і «яшчэ больш вар'явала». Ён зноў «пачаў чапляцца да дзяўчынкі з рознымі прыдзіркамі, насмешкамі...». А яна «ніколі не выходзіла з раўнавагі».

А пасля Маша паехала ў другі раён, і «з тых пор дзяўчынку з чорнымі касамі» герой больш не бачыў. Сам ён «паехаў набываць адукацыю ў горад». Паступіў у юрыдычны інстытут. «І вось з таго хударлявага кірпаносага забіякі вырас дацэнт, кандыдат юрыдычных навук».

Надта вялікі ўступ. Але і пасля гэтага апавяданне яшчэ не пачнецца. Пойдзе яшчэ другі раздзел, дзе аўтар будзе знаёміць нас з рознымі поглядамі на пытанні дзяржавы і права. Будзе спрачацца з невядомым нам прафесарам Дзядко вось у такім тыповым канцылярска-бюракратычным стылі:

«Прафесар Дзядко стаяў за так званую гібкую тактыку судоў у прымяненні юрыдычных норм. Гэта значыла, што калі ўнутранае перакананне суддзяў разыходзіцца з патрабаваннямі санкцый той ці іншай юрыдычнай нормы, то аддаваць перавагу трэба яму, кіравацца ім.

Я лічыў гэта няправільным. Унутранае перакананне — паняцце суб'ектыўнае. У аднаго яно такое, а ў другога інакшае... Вось і будуць судзіць, як каму ўздумаецца. На маю думку, усё павінен рэгуляваць толькі закон. У ім — воля ўсяго народа. І калі ў суддзяў у якім-небудзь канкрэтным выпадку іх унутранае перакананне разыдзецца з патрабаваннямі санкцыі артыкула крымінальнага кодэкса, то ўсё роўна яны абавязаны падначаліць сваю волю патрабаванням закону».

Пасля гэтага пойдзе новы раздзел, як прыехаў герой у калгас адпачываць. Будзе сказана, што бацька «не прыйшоў з вайны, і маці жыла з самай малодшай незамужняй дачкой... весялухай Любай». Такім чынам мы даведаемся, што ў героя была яшчэ адна, трэцяя сястра. Што герой аднойчы пайшоў да клуба. «Сядзеў з калгаснікамі на лавачцы, з асалодай удыхаў духмяны водар садоў і слухаў цікавыя разважлівыя гаворкі аб жыцці калгаса». Тут паявіцца на вуліцы хуліган Рабцэвіч, зняважыць героя. Ён скажа герою над вухам: «Устаць, суд ідзе!» — і зарагоча. І «скрыпучы рогат нахабніка» будзе «яшчэ больш абураючым». Пасля прыедзе настаўніца Яснова, і толькі вось тут, нарэшце, мы дойдзем да таго, што павінна складаць сутнасць апавядання.

Ідэя апавядання — процілегласць двух поглядаў на практыку судоў. Па сутнасці, трэба было б толькі гэты матэрыял і ўзяць у аснову. Калі спатрэбілася б аўтару паказаць, што Яснова і Алесь былі некалі знаёмыя, то гэта было б лёгка зрабіць нейкім кароткім штрыхом ці малюнкам. На вырашэнне канфлікту не кладуць абсалютна ніякага знаку выдатная вучоба, акрываўлены нос, сабака Валет, драмгурток і дзядзька Логвін, сёстры і бацька, чыгунка і эшалоны з трактарамі. Таксама, як і антымастацкія «доследы» ў юрыспрудэнцыі.

Але нават ўсё гэта выглядае яшчэ не так страшна ў параўнанні з другой, куды большай бядой. Тут можна было б механічна многае скараціць. А другая прычына больш арганічная. Рэч у тым, што мы не верым у праўду напісанага. Далей пойдзе самы адказны момант — у апавяданні паявяцца людзі, яны будуць жыць, нешта рабіць, думаць, гаварыць, а нам будзе здавацца гэта няпраўдай. Вось што галоўнае.

Перш за ўсё — суд над Рабцэвічам. Мы не ўбачым ні злачынцы, ні яго віны, ні пакарання. Бо не ўбачым самога суда. Пра гэта будзе сказана вось як:

«Настаўніца хвалявалася, але не выходзіла з раўнавагі, не ўзвышала голас. Уважліва сачыла за кожным словам, за кожным рухам і нават позіркам падсуднага. Усё дапытвалася і натужліва намагалася нешта ўлавіць, усвядоміць». Вось і ўсё, толькі агульнымі словамі. І калі пасля будзе сказана: «У апошнім слове Рабцэвіч не прасіў літасці», мы паціснем плячыма: калі ж было гэтае апошняе слова і пра што ў ім гаварылася?

Наш недавер да такой карціны суда падмацуе яўны фальш чалавечых паводзін. Суддзі пойдуць у дарадчы пакой, і ў гэты час падсудны скажа: «Шкада, што не бачыць мне больш трактара, як адседжу». Мы здзівімся няпраўдзе гэтых слоў. Мы не паверым, каб чалавек, якога чакае невядомы прысуд, у якога ломіцца жыццё, пачаў цяпер думаць пра трактар.

Надуманымі, знарок для схемы зробленымі нам здадуцца і спрэчкі Алеся з Ясновай аб юрыспрудэнцыі. Перш за ўсё таму, што людзі ў жыцці ніколі не гавораць між сабою такімі нежывымі, казённымі словамі:

Алесь: «Значыць, новае, як яго адчуваеце вы, заключаецца ў аслабленні карацельнай палітыкі?»

Яснова: «Так, суды цяпер не павінны азірацца на сцвярджэнне аб выключнасці умоўнага пакарання. Там, дзе яго дастаткова, каб перавыхаваць чалавека, неабходна рашуча, без ваганняў прымяняць толькі яго. Але гэта азначае не аслабленне карацельнай палітыкі, а ўзмацненне выхаваўчага ўздзеяння суда».

І самае галоўнае, мы не паверым, што ў Алеся адбыўся душэўны пералом. А дзеля гэтага пералому пісалася апавяданне. Увесь час праўдамі і няпраўдамі нам гаварылася, што Алесь і Яснова — ворагі ў сваіх поглядах. Што Алесь ненавідзеў Яснову, бо яна дылетант. Няраз супраць яе ў Алеся «злосць бурліла, распірала грудзі». Няраз ён гаварыў пра Яснову: «Так заўсёды бывае, калі пірагі бярэцца пекці сапожнік». І раптам ён адразу ж пагаджаецца з поглядамі Ясновай. Каб адмовіцца ад сваіх перакананняў, патрэбен быў нейкі глыбокі душэўны працэс. Але Алеся пераканала даведка, якую Яснова дала пра Рабцэвіча:

«Ён вучыўся ў нашай вячэрняй школе ў восьмым класе. Хапілі з ім пакуты настаўнікі. Бывала, тлумачу што-небудзь пра Дзяржавіна ці Жукоўскага, а ён трактар ці аўтамабіль малюе. «Ты чаму не слухаеш?» — пытаюся. А ён у адказ: «Вы пра машыны расказвайце, дык буду слухаць».

Вось што, аказваецца, пераканала Алеся. Тое, што нас каробіць аголенасцю схемы,— спрошчанасць і прымітывізм. Аказваецца, Рабцэвіч быў чалавек вельмі складанай натуры: любіў машыны, а яго напакоўвалі такой драбязой, як Дзяржавін ды Жукоўскі... І мы ў гэта павінны верыць.

Адзін фальш цягне за сабой другі. Напаследак Алесь прачытае ў газеце пісьмо невядомага хулігана, у якім той дзякуе калектыву рабочых, што яго ўзялі на перавыхаванне. Алесь проста шчаслівы, што перамагла тэорыя Ясновай. Ён так расчуліцца, што раптам успомніць і школьныя гады і тую далёкую Машу, і яму цяпер захочацца напісаць Ясновай пісьмо. Ён напіша першыя радкі: «Паважаная Мар'я Харытонаўна», але зразумее, што гэтага мала, каб выказаць свае пачуцці, і ўскрыкне: «Маша, шчырая, добрая Маша, даруй мне, усё даруй...»

Нам стане няёмка ад гэтага фальшу і прымітывізму. Ні ў шчаслівы канец апавядання, ні ў хваляванне і намёкі на нейкія даўнія пачуцці да Машы, ні ў права нават называць цяпер яе Машай мы не верым, бо ўсё гэта ідзе не ад праўды і глыбіні жыцця, а ад аголенай схемы.

 

Размова трэцяя

Хацелася б яшчэ спыніцца трошачкі на апавяданнях Трэцяга Аўтара. Яны таксама няўпэўненыя, але ў іх ёсць нешта, што выгадна вылучае Трэцяга Аўтара сярод другіх імён. Ён любіць на рэчы зірнуць па-філасофску, глыбей за тое, што ляжыць на першым воку. Яго цікавіць чалавечы лёс, роздум над ім.

Усё гэта добра. Дрэнна тое, што мастацкая тканіна яго апавяданняў часта жыве сама па сабе, а роздум і філасофія — самі па сабе, не выцякаючы з апавядання. Або што аўтар вельмі настойліва падкрэслівае акцэнты, і, такім чынам, мы павінны ўспрымаць не тое, што выцякае з атмасферы і характараў апавядання, а тое, на што нас увесь час накіроўвае аўтар.

У апавяданні «Плятун» расказваецца, як стары рыбак Бамбала не можа пагадзіцца з тым, што ён ужо стары і не мае сілы рыбачыць. У арцелі ён ужо не работнік, не так дае карысці, як замінае. Тайком ад другіх, успамінаючы свае маладыя гады, спрыт і сілу, ён выязджае на рыбу адзін.

Яму цяжка справіцца з рыбацкім начыннем, ён траціць апошнія сілы, але ўсё-такі пнецца і тужыцца выцягнуць сеці.

Вельмі многа кладзе намаганняў Трэці Аўтар, каб паказаць, як цяжка Бамбалу даецца барацьба, як гарыць яго душа па рабоце і як гняце ўсведамленне бездапаможнасці. Па-філасофску ён разважае над трагічнасцю старасці,— а мы вельмі спакойна гледзімо на гэта, нават не бачым трагічнасці, бо ведаем, што гэта нармальна, што гэта закон жыцця. Нам проста хочацца сказаць Бамбалу: не ад душы ты робіш гэта,— і пнешся, і пакутуеш не ад душы,— не сам ты, а аўтар прымушае цябе ехаць на гэтую рыбу. Пражыў ты хораша век, дык пасядзі і хораша адпачні, не дзяцінься, не сарамаці сябе.

У другім апавяданні — «Трэба змагчы так крануць чалавека» — аўтарскі роздум зусім адарваны ад апавядання. Два хлопцы-сябры, Мікалай і Павел, працуюць на будоўлі. Аднаго разу Мікалай пачуў, як Павел закахана і ўзнёсла прызнаваўся лабарантцы Веры, што ён, футруючы печ, на яе скляпенні чырвонаю цэглаю вылажыў слова «Радзіма», а побач імя Вера. Мікалая глыбока кранула такая чысціня чалавечай душы. Увечары ён не можа заснуць, усё думае, як нечакана раскрыўся перад ім сябар, і дзівіцца, што да гэтага часу нават не ведаў пра яго каханне да Веры. Ён просіць: «Павел, раскажы... »

Як бачым, нічога тут няма такога, каб выклікала роздум ці «змагло так крануць чалавека». Ёсць невялікі намёк на нейкую думку — і толькі. Але Трэці Аўтар падымае гэта да ступені вялікай незвычайнасці і філасофскай урачыстасці. Пад канец, словамі Мікалая, ён кажа:

«Не пытайся ў мяне, дарагі Павел. Я падумаў аб нашай просценькай маленькай лабарантцы і аб тым, як гэта здарылася, што імя яе лягло незгараемым подпісам на свод клінкернай печы побач з другім вялікім імем «Радзіма». Аб ёй ты мне не сказаў ні слова — я не злую за гэта, бо і сам аб такім не сказаў бы нікому. Але ведаю, калі часцей за ўсё чалавек прагна шукае на жыццёвых шляхах тое, што яму найдаражэй. Ведаю, як у хвіліну нязмернай радасці ці адчаю чалавек імкнецца да сваёй вялікай любві, да той пуцяводнай зоркі, у святле якой можна заўжды сагрэцца, абласкаць пакрыўджаную душу, аблегчыць няўёмную радасць і гора».

Гэтыя высокія, узнёслыя разважанні пра жыццёвыя шляхі, хвіліны невымернай радасці і адчаю, вялікую любоў і пуцяводную зорку, у святле якой можна сагрэцца, так і павіснуць у канцы апавядання невядома на што прыдуманым «хараством». Мы толькі будзем дзівіцца няпраўдзе, бо само апавяданне не напоўніць нас такім адчуваннем, не дасць нам падстаў да такой філасофскай думнасці.

 

Трохі пра другіх

Усё сказанае мною пра апавяданні Першага, Другога і Трэцяга Аўтараў у той ці іншай меры ўласціва і апавяданням другіх таварышаў, якія часта пішуць у «Маладосць». Можа, нават яшчэ ў большай меры. Яны то не арганізаваны, то занадта схематычныя і павярхоўныя, нейкія дробныя па думцы і вельмі слабыя па мастацкіх сродках. Вельмі цяжка бывае аўтарам выказаць думкі, напісаць добрую пісьменную фразу.

Вось апавяданне Чацвёртага Аўтара «У салдата суровая служба» — пра тое, як салдат, неслух і няўдаліца, раптам становіцца героем. Цяжка зрабіць тут апавяданне, бо геройства ніякага і няма. Ну што ж за геройства, калі салдат Купрацэвіч у часе ваенных заняткаў наладжвае перарваную сувязь? Але аўтар увесь час намагаецца нам давесці, што гэта нешта незвычайнае, што тут трэба многа сілы і вытрымкі, што на дарозе ў яго столькі цяжкасцей — і балота, і гразь, і сцюжа. Апавяданне зроблена па лёгкай схеме: ужо ў пачатку мы ведаем, што ўсё кончыцца так, як і напісана ў гэтага пісьменніка — шчасліва і добра.

Не лепш выглядае і другое апавяданне — «Крок у жыцці». Брыгадзір трактарнай брыгады Федзя грэбліва ставіцца да дзяўчат і кахання. Ён накрычаў на практыкантку Ніну, што яна нешта папсавала ў трактары. А пасля, калі паправіў і залез у кабінку, крыкнуў нешта вясёлае, чаго Ніна не разабрала нават. Але Ніна цяпер падумала, што ён не грубіян.

Думку тут улавіць можна: як часта мы памыляемся, ацэньваючы чалавека па першым уражанні аб ім. Але такой думкі з апавядання не вынікае. Бо першы план быў заняты другім — вячэрай, спрэчкамі аб каханні, хлапечымі жартамі. Вера ў апавяданні бадай што ніякай ролі не іграла, і яе «філасофская» выснова не падрыхтавана.

Перачытваючы апавяданні Пятага Аўтара, прыходзіш да думкі, што яны вельмі цяжка даюцца. Ці, лепш кажучы, вельмі лёгка. Усё тут проста — і сюжэт, і мастацкая тканіна, і сама думка. І той жа самы грэх — усё апавяданне адразу свіціцца ад пачатку да канца. Вось першае — «А шчасце так блізка». Адразу, з першых штрыхоў, мы ўжо бачым, што Лёля — гэта модніца, марнатраўка і ў Петруся з ёю шчасця не будзе. Нам становіцца няёмка за Петруся: чаму ён такі сляпы? Аўтар добрасумленна сказаў нам адразу, што за цаца гэтая Лёля, а Пятрусь увесь час мучыцца і нічога не бачыць. Лёля ўся ў марах пра сукенкі, моды, тэатры, і ўся яе гаворка толькі пра грошы і грошы, а Пятрусь суцяшае яе тым, што гаворыць пра станкі і рацыяналізатарскую работу. Толькі нарэшце ў яго адкрываюцца вочы на тое, што нам вядома было з першых радкоў.

Такім жа спрошчаным спосабам, дробна і наіўна, напісаны і другія апавяданні — «Стары знаёмы», «Кнопачка», «Бабульчына свяча». Яны больш нагадваюць газетныя допісы ці фельетоны. За галоўнае тут бярэцца не паказ і раскрыццё характару, каб гэта выглядала мастацкім абагульненнем, а расказваецца дробны факт.

Трохі ўбаку стаіць апавяданне «Чаканы ранак» — пра людзей, якія папалі пад фашысцкую няволю. Натуральна, што галоўнае, пра што тут можна гаварыць,— гэта здзекі гітлераўцаў з мірных людзей. Але, на жаль, усё апавяданне напісана агульнымі словамі, прыблізна ў такім плане: «І лютавалі ўсё больш, і больш... Білі і забівалі. Ад цёмнага да цёмнага гаціць прымушалі. А харч — кавалак цяслявага ячменнага хлеба і конаўка крышачку падсоленага варыва з сушанай капустай і бульбянога шалупіння». Усё гэта толькі даведкі і пералік. А ў мастацкім творы трэба карціна. Мы павінны бачыць гітлераўца — яго хаду, паставу, маральнае аблічча. Калі «білі і забівалі», то мы павінны бачыць гэта забойства. Павінны бачыць таго, хто паміраў, як паміраў; павінны адчуць яго думкі, яго нянавісць. Павінны самі адчуць пакуты, барацьбу. А пераказ пакут ці барацьбы нам нічога не дасць.

У кожным з апавяданняў Шостага Аўтара ўзяты які-небудзь выпадак. На крадзяжы злоўлены калгасны брыгадзір («Піліпок»), школьнік-сын выкрыў бацьку як хлуса і манюку («Двойка»), падшывальцы-хлапчукі загаворваюць зубы вартавому калгаснага агарода, каб у гэты час іх сябрук мог нарваць спелых памідораў («Спелыя памідоры»). Але, на жаль, кожны з гэтых выпадкаў перададзены не як мастацкая з’ява, якая павінна нечым крануць нас, нешта адкрыць нам, даць нам эстытычны адпачынак, а проста як пераказ выпадку, бяздумны, абыякавы. Аўтар баіцца зірнуць глыбей за вонкавасць з’явы. Часамі нават пытаешся сам у сябе: навошта напісана апавяданне? Паводле аўтаравых намаганняў можна здагадацца, што апавяданне «Спелыя памідоры» пісалася дзеля таго, каб паказаць, як нельга крыўдзіць даверлівасці старога вартаўніка, а выйшла іначай — яно выглядае інструкцыяй: як трэба ўмець красці і ашукваць.

Ёсць у Шостага апавяданне «Гануля». Пра тое, як жанчына знішчыла некалькі гітлераўцаў: аднаго забіла, а рэшту спаліла ў хаце. Але мы ў яго не верым. Думка была добрая, а апавяданне сапсавана тым, што аўтар зрабіў з Ганны асілка: вельмі лёгка і скора яна знішчыла гітлераўцаў. Мы не паспелі ўбачыць ні драмы, ні гераізму. Выйшла наіўна і прымітыўна.

А пісаць Шосты мог бы куды лепш. Мабыць, там, дзе ён больш сур’ёзна паставіцца да работы і знойдзе правільны тон, у яго выходзіць вельмі нядрэнная апавядальнасць. Роўная, удумная. Нават з адчуваннем мастацкага вобраза. Ні ў аднаго з аўтараў, чые апавяданні тут разглядаліся, не было і спробы на вобразнасць мовы. А ў Шостага, напрыклад, вельмі прадметна перададзена, як гітлеравец па агародзе ішоў да Ганны. «Тоўсты ішоў цяпер да яе цераз градку гуркоў. Гануля чула, як лопаюцца яны пад падэшвамі ботаў». Гэта ўжо мастацкае мысленне. Але, на жаль, такіх пошукаў мала. Бо поруч пойдзе зноў шэрая, канцылярская мова: «Цяпер кожны рух Ганулі набыў вялікую дакладнасць».

 

Як напісаны апавяданні

І, нарэшце, пра мову. Агульнавядома, што толькі цераз мову пісьменнік даносіць свае творы да чытача. Мы часта самі на сабе адчувалі, што адной кнігі не можам чытаць, а другая чытаецца лёгка, ад яе нельга адарвацца. Усё ў ёй хораша, натуральна. І вы нават не заўважаеце, што ўсё гэта перададзена цераз мову. Мовы тут як бы і няма, вы нават як бы не чытаеце, а бачыце, перажываеце, жывяце ўнутраным жыццём твора. Вы сочыце за падзеямі, зжываецеся з вобразамі, адчуваеце каларыт, атмасферу, характары. Вось гэта і ёсць майстэрства. І сакрэт гэтага майстэрства просты — мова. Трэба ведаць яе чараўнічае багацце і законы будовы, лад яе.

Калі пісьменнік ведае прыроду слова, на сваім часе, на сваім месцы, у залежнасці ад карціны, ён можа сказаць: падмерзла, падмарозіла, умарозіла, умерзла, падшэрхла, прыстыла, зацягнула лядком, стужэла; у залежнасці ад рысунка можа даць адценні: гушкацца, гоцкацца, гутатацца, калыхацца, люляцца, гойдацца, чакацца. Мы ж, на жаль, найчасцей прывыкаем да якога-небудзь аднаго слова і карыстаемся ім ва ўсіх выпадках, напрыклад: «накіраваўся», забываючыся, што ёсць сінонімы, якія адразу могуць ажывіць карціну сваім асаблівым каларытам: пайшоў, падаўся, пашыбаваў, папраставаў, скіраваў; узяў кірунак, узяў напрамак, пасігаў, пакрочыў.

Веданне законаў будовы мовы, ладу яе памагае дасягнуць натуральнасці гучання, даступнасці розным колам чытачоў. Можна, напрыклад, сказаць: «Гаспадыня гатавала снедаць»,— гэта будзе натуральна і проста. А можна сказаць: «Гаспадыня займалася гатаваннем снедання»,— гэта будзе цяжка, вы адчуеце, што тут нешта робленае і лішняе.

Адыходзячы не ад народнай мовы, а вось ад такой робленай, пісьменнік збядняе сваю літаратурную мову, пачынае штукаваць, і тады мы ўжо не можам лёгка ўжывацца ў кнігу, а ўвесь час як бы спатыкаемся аб слова, бо адчуваем яго непрывычнасць і хадульнасць. Пісьменнік як бы задыхаецца, яму не хапае сілы перадаць нават простай думкі, а не то што зрухаў душы, тонкасцей чалавечых адчуванняў, каларыту і атмасферы. Вернемся да ўжо знаёмага нам тэксту Другога Аўтара: «Маці... ужывала больш дзейсныя захады. Праўда, на падставе адных толькі ўскосных улік яна ніколі мяне не карала. Затое, калі мая віна не выклікала ў яе сумненняў, мне доўга даводзілася...» і г. д. Нідзе ніколі мы не чулі, каб так гаварылі жывыя людзі. Дык як жа можна на такой мове перадаць жывыя з’явы?

У Трэцяга Аўтара лірычная хвіліна між сяброў паказваецца так: «Калі ў сцішаную мінуту я рабіў захады на развітанне, кожны раз да маіх плечаў працягваліся белыя манжэты на руках Паўла». «Сцішаная мінута», «рабіць захады на развітанне», «да маіх плечаў працягваліся белыя манжэты»,— гэта не кніжнасць, не літаратуршчына, як часта мы называем некаторую квяцістасць мовы, а страшэнная бездапаможнасць, бо ідзе не ад жадання «хораша» напісаць, а ад таго, што аўтар не адчувае мовы і падмяняе хараство яе прыроды «хараством» канцылярскіх вымудраў. Нават назва апавядання «Трэба змагчы так крануць чалавека» насцярожвае нас непрывычным і няправільным наборам слоў. Што тут трэба змагчы, навошта змагчы? Да нас перш за ўсё даходзіць не сэнс сказа, а што ў ім нешта няправільнае, фальшывае. І папраўдзе, паспрабуйце выкінуць гэтае лішняе і фальшывае тут слова «змагчы», як усё адразу набывае прастату і яснасць: «Трэба ж так крануць чалавека».

Вось некалькі сказаў з апавяданняў Чацвёртага Аўтара: «Вецер з сілаю аж да прыкрасці скуголіў і вар'яцеў за сцяной, бязлітасна трапаў кволую бярозку. Здавалася, няхай ён во трохі яшчэ памацнее, і тады выдавіць, скруціць раму, завіхурыць па казарме, што і месца сабе не знойдзеш». Гэтая карціна напісана сілком, без адчування меры слова. Калі можна сказаць «прыкры вецер», то «з сілаю аж да прыкрасці» — нядобра, бо да сілы не стасуецца прыкрасць. Калі добра сказаць: «вецер за сцяной скуголіў», то дрэнна, калі ён «за сцяной вар'яцеў», бо вар’яцтва за сцяной мы не ўбачым. Калі добра, што вецер «завіхурыць па казарме», то «выдавіць, скруціць раму» — занадта і зусім не тое, чаго патрабуе характар карціны.

А вось прыклад таго, як бледна выглядае ўнутраная характарыстыка вобраза або як цяжка перадаць думку, калі не хапае моўных сродкаў і прыходзіцца карыстацца якім-небудзь адным прывычным зваротам, які пераходзіць у штамп. У Другога Аўтара: «Маша вучылася выдатна», «Маша рашыла на «выдатна», «Напісала правільна і атрымала выдатна», герой таксама «вучыўся выдатна». Дзяўчынка Маша, калі яна вучылася ў школе, «ніколі не выходзіла з раўнавагі». Прайшлі гады, Маша стала Мар’яй Харытонаўнай, вядомым чалавекам, грамадскім дзеячом, а характарыстыка яе асталася тая ж самая: «Настаўніца ніколі не выходзіла з раўнавагі». У Алеся з настаўніцай былі складаныя адносіны, але фарба на іх паложана адна: «Прыкрасць успыхнула ў мяне да настаўніцы», «У сэрцы маім закіпала злосць», «Злосць бурліла, распірала мне грудзі».

У Трэцяга Аўтара: Вера «пачынала спяваць крышку грубаватым для яе знешнасці, але прывабным грудным голасам», «...бачыў... аднолькавае і прывабнае, якое існавала толькі знешне», «Даступная воку прывабнасць толькі нагадвала...» і г. д.

Робленай, заштампаванай пад газетную агульшчыну мовай піша Пяты Аўтар: «Спакуса ж абагрэцца была настолькі вялікай, што хто-ніхто з мужчын не ўтрымаўся, пранік у памяшканне. Засвяцілі нівесь дзе здабытую стэарынавую свечку, вялі размовы пра радасці і нягоды мінулага, марылі пра заўтрашні дзень». Або: «Галаву свідравалі назойлівыя думкі», «Колы вагонаў рытмічна пастуквалі на стыках рэек», «На поўныя грудзі ўдыхаў вільготнае паветра».

Шосты Аўтар піша: «Час ад часу, калі грымне дружны рогат, мужчыны скіроўваюць у бок хлопцаў галовы», хлопцы і дзяўчаты «шушукаюцца і раз-пораз кідаюць у бок мужчын загадкавыя позіркі», «...пытае Анатоль і касавурыцца ў бок моладзі»; «зрэдку кідаў у бацькаў бок касыя погляды». Усе тут глядзяць адзін аднаму чамусьці толькі ў бок, і нават не глядзяць, а касавурацца, скіроўваюць галовы, кідаюць позіркі і касыя пагляды. А хіба не харашэй і не лепш было б сказаць: «шушукаюцца і загадкава паглядаюць на мужчын», так, як гавораць у жыцці?

Яшчэ горш, калі напісанае чытаецца не так, як хацеў бы гэтага аўтар. У Шостага напісана: «шкрабнулі дзверы» ў тым сэнсе, што яны рыпнулі, адчыніліся ці, можа, нават бразнулі, грукнулі. У Пятага Аўтара чытаем: «вельмі цяжка згубіць блізкага чалавека», а трэба было б «страціць», бо «згубіць» можна рэч: ножык, гадзіннік. Гэты дзеяслоў ужываецца і ў сэнсе знішчыць, разарыць, давесці да няшчасця: згубіў гаспадарку, гарэлка згубіла чалавека.

Другі Аўтар: Маша з Алесем «гаманлівай гурбой уселіся ў сані», «Хапілі з ім пакуты настаўнікі», «Мне карцела распачаць гаворку». Але ніколі не можа быць гаманлівай гурбы з двух чалавек, на гэта трэба добры гурт дзяцей. Не з вучнем «хапілі пакуты настаўнікі», а праз вучня хапілі яны гэтай пакуты. Правільна ж напісаная граматычна гэтая фраза адразу на месца паставіць і сэнс і будзе выглядаць так: «Хапіла з ім пакуты настаўнікам». «Карцець» распачаць гаворку — нядобра, бо слова «карцець» перадае турботы і неспакойства, а не жаданне (увесь час мне карціць, што я пасварыўся з ім), а тут найлепш сказаць «мне захацелася пагаварыць».

На жаль, на ўсіх апавяданнях ляжыць адбітак нейкай гуллівай бесклапотнасці, страшэннай неапрацаванасці, спрошчанасці і кволасці. Уражанне такое, што ўсё гэта яшчэ толькі чарнавыя накіды, не прагледжаныя і не ачышчаныя, у якіх усё пісалася абы-як і як мага скарэй.

Усе вялікія пісьменнікі вучылі, што мова — найпершая зброя літаратара. Вядома, пад гэтым яны разумелі народную мову. Бо яна з'яўляецца найдаражэйшым духоўным скарбам. Яна ствараецца і ўзбагачаецца беспярэстанку. Яна з’яўляецца першаасновай і літаратурнай мовы. Яна ж і звязвае пісьменніка з народам, дае магчымасць быць выказнікам яго душы. Не ведаць мовы народа пісьменніку проста нельга, калі ён папраўдзе збіраецца служыць яму сваім талентам. Можна смела сказаць, што калі б не такая бедная і бездапаможная слоўная палітра ў апавяданнях, якія мы тут разглядалі, то іх лёс быў бы куды лепшы.

«Роднае слова — гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет»,— пісаў Якуб Колас. «Трымайцеся бліжэй да народнай мовы, шукайце прастаты, сціпласці, сілы...» — вучыў Максім Горкі.

Літаратура — гэта цяжкая работа. Мастак увесь час шукае дасканаласці. Хто хоча звязаць свой лёс з літаратурай — няхай не адчайваецца ад першых няўдач. Ён будзе вучыцца, шукаць і дамагацца праз усё жыццё, і кожны раз яму будзе здавацца, што яшчэ нічога не дамогся. У гэтым, можа, і ёсць закон творчасці.

1961; 1983