epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Скрыган

Па людзях

Адзін з персанажаў нарыса «Ключы ад Сезама» Сямён Аляксеевіч папытаўся ў карэспандэнткі:

— От да нас прыязджаюць па мясу, па малаку, па птушкаферме. А вы — па чым?

— Як вам сказаць? Найбольш — па людзях.

Сямён Аляксеевіч быў здзіўлены: ніхто да іх «па людзях» не прыязджаў.

А між тым уся прывабнасць нарысаў Веры Палтаран у тым, што яны напісаны іменна пра людзей. Пра іх турботы, думы, пра іх боль і трывогі, радасці і спадзяванні. У гэтым сэнсе нарысы Веры Палтаран выгадна адрозніваюцца ад усіх нарысаў за апошнія гады на калгасныя тэмы. У іх вы мала знойдзеце агульных фраз, апісальніцтва і статыстыкі. Гэтыя атрыбуты вам заменіць цётка Насця з сваёй чулай душою да рознага калгаснага клопату, з ласкавым словам да чалавека; Алеся з сваім некалі ашуканым і нанава знойдзеным сямейным і грамадскім шчасцем; мілая, слаўная дзяўчынка Міхаліна, ад якой проста іскрыцца яе маладая, чыстая душа. А старшыні калгасаў — у розных калгасах розныя; а брыгадзіры, а самі калгаснікі — кожны з сваім непаўторным абліччам як па характару, так і па мове. Часамі ў іх аднолькавы лёс: вайна, фашысцкая няволя, дык што ж зробіш, калі такая доля многіх. Словам, хочацца сказаць, што нарысы Веры Палтаран надзіва праўдзівыя і чалавечныя.

Апроч таго што яны вельмі мілыя «па людзях», дык яны яшчэ больш важныя па пытаннях, якія падымаюцца ў іх. Ну вось хоць бы ў двух першых: «Ключы ад Сезама» і «На зямлі Палескай». Яны — самая найсучаснейшая сучаснасць па сваіх праблемах. У іх відзён не толькі духоўны дзень сённяшняга сяла, а і тая складанасць, у якой нараджаецца і праходзіць ён. Хоць бы новае і старое. Палтаран знайшла спосаб паказаць гэта глыбока і ярка: вуліцаю, на якой стаяць з аднаго боку старыя, трухлявыя хаты, з другога — новыя клубы, новыя абліччы вокан, фіранак, двароў, новыя звычаі і новыя інтарэсы; сутыкненнямі такіх канфліктаў, як праступак перад народам (калі стары чалавек быў у паліцаях, а цяпер як жа будзе — даць ці не даць яму пенсію); і чалавечнасцю сённяшніх гаспадароў свайго жыцця, калі яны не даюць волі помслівасці і па-чалавечы шануюць старасць; роздумам пра людзей, прагных да славы, і пра тое, як цяжка згладжваць сляды памылак ад яе; мужнасцю ў змаганні за чалавечы гонар (калі колішні старшыня не ўцякае, а становіцца брыгадзірам, каб на людзях даказаць, што памылку сваю стражэй за людзей судзіць ён сам).

Словам, я ўзрушаны нарысамі Веры Палтаран. Бо ўсе яны патрыятычныя, светлыя, бо паказваюць вялікую любоў людзей калгаснай вёскі да свайго побыту, да жыцця, вялікую веру ў тое, што яны робяць і чым жывуць. І што напісаны яны вельмі сардэчна, таксама з любоўю да гэтых людзей, з вельмі лірычнаю, жаночаю непасрэднасцю.

1966


1966