epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Скрыган

Падарожжа ў Сібір

Як толькі стала вядома, што мае адбыцца Дэкада беларускай літаратуры ў РСФСР і што адзін з маршрутаў пройдзе па Сібіры, я папрасіўся, каб мяне ўключылі ў сібірскую групу. Мяне цікавіла не проста падарожжа, а іменна Сібір. Нейкі пэўны час я жыў у Краснаярскім краі, і мне вельмі хацелася паглядзець на яго новымі вачыма.

Тым больш, мне здавалася, што, жывучы там, я мала ведаў яго.

Падарожжа наша пачалося з Тувы. Гэты край мне быў зусім незнаёмы. Я нават не меў пра яго ўяўлення. Ведаў, што гэта вельмі старажытны народ, што ён няспынна знаходзіўся пад каланіяльным прыгнётам енісейскіх кыргызаў, манголаў, манчжура-кітайскіх феадалаў аж да пачатку нашага стагоддзя. Толькі ў 1921 годзе ў выніку нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі Тува стала незалежнай народнай рэспублікай, а ў 1944 годзе надзвычайная сесія Малога хурала рэспублікі звярнулася з просьбаю прыняць яе ў склад СССР.

Прыемна было пераканацца, што мы не ўбачылі ні адной рысы адсталасці. Сталіца рэспублікі Кызыл забудоўваецца шматпавярховымі дамамі, на вуліцах асфальт, поўна зеляніны, тут жа ў межах горада найцудоўнейшы парк, перасечаны пратокамі Енісея. У 1923 годзе ў рэспубліцы распрацаваны свой алфавіт, выдаюцца кнігі, газеты, ёсць свае школы, інстытуты, тэатр.

Мы пабывалі на прадпрыемствах, у калгасах. Дарогі там доўгія: без канца мінаюцца маўклівыя горы, каб нарэшце ў нейкай зялёнай нізіне парадаваць вока купкай вясёлых, жоўта-карычневых дамкоў, як бы пафарбаваных у сонечны колер. Нас здзівіла гэта: няўжо дамы фарбуюць? Аказалася, не — гэта натуральны колер лістоўніцы. Качавы лад жыцця адышоў у нябыт, калгасы будуюцца, як невялікія гарады, купкамі, і жоўты, сонечны колер — след таго, што будынкі яшчэ свежыя, новыя.

І вось маленькая дэталь, як цяжка перамагчы традыцыі, нават калі яны з’яўляюцца анахранізмам. Каля такога новага дамка, што яшчэ пахне жывіцаю, часамі стаіць нізенькая круглая юрта, абцягненая лямцам. Навошта? А проста так, ад прывычкі. Яна непатрэбна, але няхай стаіць.

А ўлетку там вельмі зручна пабыць: па ёй ходзяць пахі зямлі.

У падарожжы па Туве ў нас было многа сустрэч і многа ўражанняў. Скажу пра знатнага чабана Тадароол Хавалыга з саўгаса Улуг-Хая. Высокі, загарэлы, у карычнева-сінім халаце, падпяразаным тоненькай касыначкай, развітваючыся з намі, пасля таго як паказаў сваю гаспадарку і пачаставаў аракой і баранінай, ён прасіў перадаць, што хоча перапісвацца з лепшым брыгадзірам жывёлагадоўлі ў Беларусі. Я выконваю яго просьбу, даю адрас: Тува, Улуг-Хемскі раён, саўгас Улуг-Хая, аддзяленне Арыг-Бажы.

Раскажу і пра канцэрт. Нам паказалі нацыянальныя танцы, спявалі нацыянальныя песні. І раптам мы пачулі нашы беларускія — «Бульбу», «Застольную» і «Жаніхі». Нам здалося, што нават у нас, у Беларусі, мы не слухалі іх у такім дасканалым выкананні. І вельмі здзівіла зусім неспадзеўнае сцэнічнае вырашэнне «Жаніхоў». За кожным разам, калі гаварылася пра нялюдскіх жаніхоў — што другі ходзіць да падругі, а трэці, як у полі вецер,— перад хорам праходзіў гэты жаніх. І так па чарзе ўсе сем тыпаў: то дзяўчур, то п’яніца, то недарэка. Уражанне ў публікі было надзвычайнае, і нам падумалася, што выкананне «Жаніхоў» у такім жанравым плане было надзіва ўдалай знаходкай тувінскіх акцёраў.

Да граніцы рэспублікі нас праводзіў першы сакратар Тувінскага абкома КПСС пісьменнік Салчак Тока. Негаваркі, дзелавіта-гаспадарны і душэўны, ён скіраваў сваю машыну з дарогі на зацішную палянку сярод нізкарослай зеляніны горнага дубняку. Мне першы раз даводзілася бачыць, з якім спрытам ходзіць шырокі нож у барановай тушы, як глыбока заходзяць пальцы ў свежа адрэзаны кавалак, якім цябе частуюць, і стараюцца, каб гэты кавалак не выслізнуў з рук, бо ён увесь яшчэ гарачы і дымны, сплывае мяккім блішчастым тукам.

Скінуўшы пінжак і закасаўшы рукавы бела-белай кашулі, гэтую работу, падобную на набажэнства, адухоўлена рабіў сам Тока.

Кіруючыся да Краснаярска на машынах, мы перасеклі Саянскі хрыбет. Хараства гэтых мясцін не апісаць. Горы, цясніны, вечназялёная маўклівая тайга, дарогі, што павісаюць над кручамі і вывіваюцца на многа раз, каб падняцца на вяршыню. А тады спуск, таксама зігзагамі, таксама па кромцы круч, пад якімі ў самым нізе, як срэбраная нітачка, паблісквае рэчка.

І так з гары на гару.

На самым перавале, на шырокай палянцы ўсе нашы «Волгі» спыніліся. Мы павыходзілі з машын, каб паглядзець на дзіва. Казалі, што з гэтага месца, калі азірнуцца назад, можна ўбачыць «каменную жанчыну». Распластаўшыся на самай вяршыні далёкай, зацягнутай сіняй смугой гары, яна ляжыць у спрадвечным сне, і можна пазнаць раскіданыя валасы, профіль твару, грудзі, выцягнутыя рукі, усю закамянелую фігуру — такое дзівоснае падабенства зрабіла фантазія прыроды. Але дзіва пабачыць не ўдалося: вяршыня дымілася кудлатымі воблакамі. Пахадзіўшы па густой траве, набраўшы цяжкіх кветак і надыхаўшыся густых смалістых пахаў, мы паехалі далей, цяпер ужо спускаючыся ўсё ўніз, дзе ў шырокай даліне раскінуліся палі і лугі, з кустамі, з пералескамі, з вясёлымі сінімі далямі, гэтакімі, як у нас, у Беларусі.

 

У Шушанскім мы перш за ўсё наведалі ленінскія мясціны. Па літаратуры і фатаграфіях мы добра ведалі і дамок, дзе жыў Ленін, адбываючы ссылку, і закінутае ў далёкай сібірскай глушэчы сяло. Уяўлялі мясціны, куды хадзіў Ленін на паляванне, людзей, з якімі ён знаўся. Вобраз тых мясцін даў сам Ленін у пісьме да сястры Мар’і Ільінічны: «Сяло вялікае, на некалькі вуліц, даволі брудных, пыльных,— усё як мае быць. Стаіць у стэпу — садоў і наогул расліннасці няма. Абкружана сяло... гноем, якога тут на поле не вывозяць, а звальваюць проста за сялом...»

І да чаго ж затрапяталася сэрца, калі па асфальтавай дарозе мы пад’ехалі да раскінутага паміж зялёных садоў шырокага мястэчка і пасля ступілі на роўную, чыстую плошчу пасярод яго. Вось і домік Зыранава, прыкрыты лістотаю паўднёвага дрэва, не то ясеня, не то акацыі. Здзівіла, што ён куды меншы, як выглядае на здымках, куды прасцейшы: і шэрая шарахаватасць вымытых дажджамі і вятрамі сцен, і патрэсканыя камлі вуглоў. Чыста падмецены двор, высокі ганак, і вось, налева, той самы пакой... Якая цішыня. І сціпласць. Адразу пры дзвярах просты, збіты з дошак ложак, пафарбованы ў цёмна-карычневы колер. Наперадзе пры сцяне столік пад белым абрусам, на якім стаіць лямпа з зялёным абажурам і ляжыць разгорнутая газета. Некалькі крэслаў, на сцяне паміж акон барометр. Усё, да чаго дакраналіся Ленінавы рукі...

Другі дом, удавы Пятровай, стаіць далей, на беразе Шушы,— больш прасторны, падобны на гарадскі. Ён будаваўся па праекту дзекабрыста Фралова для дзекабрыста Фаленберга. Сюды Ленін перабраўся пасля таго, як да яго прыехала, таксама на ссылку, Надзея Канстанцінаўна. І тут усё як бы адзначана яго прысутнасцю. Вось канапа ў сталовай і адстаўленыя пры стале крэслы, як бы з іх толькі што нехта падняўся. Вось кабінет, паліцы з кнігамі і канторка, за якой працаваў Ленін. І тая самая цішыня. Здаецца, усё застыла з таго часу, каб нічога тут не парушыць, каб усё асталося так, як было, нават Ленінавы крокі, што ступалі тут у цішыні доўгіх сібірскіх ночай, калі трэба было думаць аб лёсе Расіі...

Як добра, што ўсё гэта мы пабачылі сваімі вачыма і адчулі сэрцам пачатак нашай гісторыі. Тут былі вынашаны планы аб стварэнні партыі і дзяржавы. І тут, далёка ад дому, я думаў пра свой народ. Толькі дзякуючы генію Леніна ён стаў роўны з усімі і ў мяне ёсць свая бацькаўшчына — Беларусь.

 

Я не думаў, што мяне так усхвалюе Краснаярск. Бываў я ў ім не вельмі часта, толькі па абавязку службы, праўда, аднойчы жыў запар месяцаў з два, займаючыся на курсах па павышэнню кваліфікацыі бухгалтараў сістэмы камунальнай гаспадаркі. І вось, як толькі на аэрадроме прызямліўся самалёт і я ўбачыў спічак старой каплічкі, што стаіць на гары, за невялікай, але наравістай рэчкаю Качай, у мяне тарганулася сэрца. І першае, што я зрабіў,— пайшоў аглядаць горад. Гэтак жа, як некалі аглядаў Мінск, вярнуўшыся з доўгай дарогі. Было радасна, што я яго не пазнаю. Цэнтральная вуліца стала называцца вуліцай Міру. Пачаты некалі толькі адным будынкам на пустой плошчы перад паркам Горкага,— цяпер закончаны велічны архітэктурны ансамбль. Горад стаў прыгожы, чысты, зялёны. Некалі пылная і ўся раз'езджаная вуліца Леніна зіхаціць асфальтам. Я наведаў скверык, дзе пры мне пачыналі ставіць бюст вялікаму краснаярцу Сурыкаву. Схадзіў на мост, на гэтае дзіва хараства і тэхнікі. Ажурны, лёгкі, ён нарэшце злучыў правы і левы бераг Енісея, пазбавіўшы краснаярцаў ад вечных пакут.

Бывала, дзве палавіны горада жылі як чужыя. Зімою ўвесь транспарт ішоў толькі па лёдзе, і трэба было мець спецыяльную службу рэгуліроўшчыкаў, якія не давалі густа збірацца машынам, асабліва аўтобусам і цяжкім грузавікам. А ўлетку з вялікай асцярогай транспарт калыхаўся на пантонах, і толькі ўдзень, бо ўночы пантоны разводзіліся, каб прапусціць судны. Калі хто не паспяваў пераехаць — на тым беразе чакаў да раніцы.

Цяпер жа, звязаны мастом, правы бераг разбудаваўся так, што адна вуліца імя «Красноярского Рабочего» цягнецца на 25 кіламетраў. І першая наша сустрэча з насельніцтвам горада адбылася на правым беразе ў клубе імя Маякоўскага. Няхай сабе жартам, але было прыемна, што ў гэтым клубе мяне назвалі ганаровым краснаярцам. Нездарма я хваляваўся, пасля дзесяці гадоў ступаючы на гэтую зямлю: тут пакінуў я нешта сваё або павёз з сабою нешта набытае, дарагое.

І праўда, назаўтра раніцаю, толькі спусціўся я ў вестыбюль гасцініцы, як сустрэўся з чалавекам, які мяне тут чакаў ужо. Карэнны сібірак, мясцовы энтузіяст і філосаф, галоўны бухгалтар пошты Аляксей Авечкін прыкаціў аж за сто кіламетраў з Вялікай Мурты.

— Ну вось, дазнаўся, што едзе група вашых пісьменнікаў па нашай Сібіры. Здорава гэта, панімаеш. А ўчора гляджу па тэлевізары — ты! Званю туды, пытаюся, ці паедзеце трактарам праз нашу Вялікую Мурту. Не, кажуць, у Мурце не будуць, паедуць Енісеем. Ну, я тут жа залыгаў нашу машыну і да цябе. Давай, брат, расказвай, а?

Я спяшаўся на сустрэчу з рабочымі камбайнавага завода, але ж і Авечкіна пакінуць не мог. І мы паехалі з ім разам, разам сядзелі ў прэзідыуме, разам абедалі і напярэхваткі адзін аднаго распытвалі пра навіны.

— Ну што ж, навін у нас многа. Сібір, брат, красуе, панімаеш. Раён узбуйнілі — раз, і наша мястэчка расце, скора стане горадам. Народу многа новага ў нас, ды ўсё, брат, з агнём, з душою, разумных,— гэта два. Шастова памятаеш?

— Ну а як жа!

— Старшынёю ў райвыканкоме, мужык — дай божа. А Вялічку не забыў?

Як жа я яго забуду. Працаваў інструктарам у райкоме, пасля яго паслалі ў партыйную школу. Высокі, светлавалосы, непадкупна справядлівы і чалавечны. Я сам не раз хадзіў да яго на параду, калі што было цяжка.

— На райкоме цяпер. Ну яго, панімаеш, усе любяць, ого.

— Чакай, а наш сакратар, Анфінагенаў, што з ім?

— Праваліўся з трэскам, даўно ўжо. Панімаеш, чалавек ніяк не навучыўся шанаваць людзей. І Карпушава таксама няма. Хіба забыў? Тоўсты такі, як бочка, усё мацюгаўся, пунктам па загатоўлі жывёлы загадваў.

Пра хамства Карпушава хадзілі чуткі, падобныя на анекдоты. Вітаецца з ім чалавек, падае руку: «Як здароўечка, Павел Кандратавіч?» — «А ты клапаціся пра сябе»,— адкажа Карпушаў. Неяк зайшоў да яго сусед, Карпушаў якраз снедаў, на стале стаяла пляшка гарэлкі. Наліў шклянку, сказаў суседу «Будзь здароў», выпіў. Крактануў, зноў заткнуў. Падняўся, чырвоны як памідор і такі ж круглы, пратэпаў да граткі, паставіў пляшку на палічку пад паркалёвай фіранкай. Суседу паясніў: «Многа знойдзецца ахвотнікаў частавацца,— не прывучаю».

— Дзе ж ён цяпер? — папытаўся я.

— На пенсіі. Гуркамі ды цыбуляю на базары, панімаеш, таргуе.

Як перамяніўся лёс людзей за некалькі год. Я і радаваўся, і дзівіўся.

З Авечкіным мы рассталіся толькі пад вечар. Мне і самому было шкода, што не мог пабываць у яго Вялікай Мурце, а заадно і ў колішніх сваіх мясцінах. Мне вельмі хацелася пабачыць людзей, між якіх пражыў столькі часу. Сярод іх былі і такія, што сталі героямі маіх твораў. Яны пра гэта і не ведаюць. Ганна Бараўлёва з Міндзерлы, што стала Волькаю ў «Месячнай ночы», Якаў Майбарада — шафёр з «Паваротка каля хвоі», Пятро Крывец, з якога я пісаў Усевалада ў апавяданні «Як спявалі песню». Калі прызнацца, то мне хацелася параўнаць, на каго яны больш падобны: на саміх сябе ці на тых, што я напісаў. Дарэчы, Крывец нядаўна быў у Мінску і сказаў, што Сібіры не пакіне. Як старога беларуса, яго цягне дадому, ён хацеў бы паступіць у хор Цітовіча ці Шырмы, але ж у Сібіры вельмі многа пачатай і намечанай работы, і кінуць яе ён не можа. І я падумаў, што нездарма выбраў яго сабе за персанажа.

Наогул дарога заўсёды і трывожыць і радуе.

І сустрэчы ўзрушаюць. Вось хоць бы яшчэ адна, у Дзіўнагорску.

Пра яго цяжка пісаць, да таго ён нязвычны. Уявіце сабе магутную раку, што велічна цячэ паміж гор, укрытых векавечнаю тайгою. Горы падступаюць да берагоў то лясістымі мяккімі спадамі, то аголенымі бакамі дзікіх стромкіх скал. На сотні кіламетраў толькі вось гэты першабытны пейзаж: суровая рака і велічны спакой тайгі, такой спрадвечнай, што, здаецца, тут не можа нарадзіцца нават голас птушкі.

І вось робіцца цуд. Раптам сярод гэтай спрадвечнасці вы бачыце новенькі дах дома, што высіцца над макаўкамі лістоўніц і хваін. У гушчар лесу паверне дарога, штораз віляючы і ўзбіраючыся на схілы гор. І тут вам адкрываецца цэлы горад з працярэбленымі між гонкіх ствалоў вуліцамі, з шматпавярховымі дамамі, упісанымі ў рэльеф сваімі лёгкімі лініямі, шклом вітрын і шырокіх акон. За медзянымі стваламі вы ўбачыце новыя вуліцы і новыя дамы, размешчаныя тэрасамі і звязаныя між сабою цэлай сістэмай праездаў, пераходаў, крутых і спадзістых усходак. Усё гэта так незвычайна, што падобна на дзіва. Самы сучасны горад у лесе. Так, як я некалі марыў у апавяданні «Паваротак каля хвоі». Нават здалося, што ён мне знаёмы ці нечым блізкі.

У гэтым горадзе жывуць будаўнікі Краснаярскай электрастанцыі. І вось тут адбылася тая нечаканая сустрэча.

Пасля агляду электрастанцыі мы ішлі ў клуб. Каля самых прыступак мяне нехта аклікнуў. Я азірнуўся: прабіраючыся сярод натоўпу, да мяне спяшалася ўзрушаная маладая жанчына. Я збянтэжыўся: хто гэта? Але праз хвіліну пазнаў: Тоня Майсеева. Адкуль яна тут? І, божа, якая стала прыгожая! І сукенка сонечнага колеру, і прычоска, чутачку паднятая стаўбунком, і загарэлыя папаўнелыя рукі, і твар узрушаны, таксама сонечны — усё так міла і так хораша ёй.

— Я тры гадзіны чакаю вас. Па радыё пачула, што сёння будзеце ў нас, адпрасілася з работы, і вось кручуся тут каля клуба. Падумаць толькі, якая нечаканасць! Усё глядзела і глядзела, каб вас не прапусціць.

Яна гаварыла, а я думаў, што таксама рад ёй. Чаму? Няўжо толькі таму, што сустрэча на далёкіх землях заўсёды ўзрушае? Па сутнасці, мы з ёю былі мала знаёмыя, як кажуць, толькі афіцыйна. У тым сяле, дзе некалі я жыў, яна была бібліятэкаркаю. Бывала, кожны раз я бачыў, як яна ішла на работу з маленькім сынам Вовікам. Мне думалася, чаму яна адна? Хто той нягоднік, што пакінуў яе, адцураўшыся нават сына? Як можна пакінуць такога цудоўнага чалавека? Гэта ж толькі праз яе мы так часта любілі бываць у бібліятэцы. Калі вы прачыталі, яна з вамі пагаворыць пра гэтую кнігу. І параіць другую, якраз такую, што будзе па вашай душы. А калі не акажацца на паліцы, скажа, у каго на руках, колькі чакаць яе, і запіша, каб падрыхтаваць на наступны раз. Была асалода не толькі ад кнігі, а і ад таго, што разам з кнігаю вам перадавалі як бы і любоў да яе. Здаралася, калі не было Тоні, выдачай займалася сама загадчыца, сухая, паджарая, танкагубая жанчына. Яна не пыталася, што каму трэба, а сама падавала са стопкі, што тут жа ляжала за бар’ерам, з тых кніг, што паздавалі другія. А калі вы хацелі выбраць, яна крывіла свае тонкія губы: «Падумаеш, грамацеяў панабіралася, ім яшчэ трэба выслугоўваць». І мы не здавалі кніг, чакалі да заўтра, калі прыйдзе Тоня. Вось хто была гэтая жанчына.

— Як жа вы тут апынуліся, Тоня? Што тут робіце?

— Працую. Мы тут разам з мужам, вы, мабыць, і не ведаеце, што я выйшла замуж. І сын расце, вучыцца. Дый мы і працуем, і вучымся. Ён — электрык. Мне вельмі, вельмі добра тут, і я рада, што адтуль паехала.

І яна расказала, чаму паехала. Аказваецца, наша павага да яе дарам не прайшла. Танкагубая загадчыца западозрыла, што ў Тоні з некаторымі чытачамі падазроныя сувязі, і вынесла яе справу на абмеркаванне калектыву.

— Пасля таго я вымушана была перайсці на другі аддзел, каб не знацца з хатнім абанементам. Ніхто з вас пра гэта не ведаў, а я перажывала, што незаслужана была па падазрэнні. Ну і вось вельмі рада, што цяпер тут, бо там працаваць усё роўна мне было ўжо цяжка.

Пасля гэтай сустрэчы я доўга думаў пра Тоню. Як часта мы не здагадваемся, што вакол нас так многа добрых, цудоўных людзей.

 

Само сабою зразумела, што нас цягнула далей, на поўнач. Што там за Ігарка, Дудзінка ды Нарыльск, пра якія мы так багата чулі і чыталі? Аж чацвёра сутак Енісей не даваў нам заснуць: на свае вочы нам хацелася бачыць яго магутнае хараство. На сотні кіламетраў суровыя берагі з вечным маўклівым лесам, з парогамі і шыверамі між скал, з сінім абрысам далёкіх гор на гарызонце, бо часамі ён разліты так шырока, што падобен на мора, і далеч адкрываецца аж да самай смугі. Усё радзей і радзей на берагах паселішч, дзе паглядзець на электраход выходзяць людзі. Усё радзей і радзей на прыстані мясцовыя жанкі выносяць кошыкі з гароднінаю — бульбу, цыбулю, радыску, парэчкі, гуркі. У Казачынскім прадаюць пяць гуркоў на рубель, у Ярцаве — чатыры, у Ворагаве — тры, а там, далей, не прадаюць нічога: усё суровей становіцца поўнач. Вось нарэшце вядомыя па гісторыі рэвалюцыйнага руху Туруханск і Курэйка, невялікія паселішчы сярод тайгі.

За Курэйкаю Палярны круг сустрэў нас першай палярнай ноччу, і, можа з непрывычкі, не прыходзіць сон, і на сэрцы нейкая шчымлівая трывога. А далей і зусім не заходзіць сонца, і не хочацца верыць, што настала ноч. Ходзіш па палубе, усё чакаеш, калі дакранецца яно да зямлі, аж не — падымаецца зноў угору. Зойдзеш у каюту, але цягне зноў выйсці, бо баішся нечага прапусціць у тайнах нараджэння новага дня.

Нават нічога блізкага не рысавала нам уяўленне пра Ігарку. Горад на вечнай мерзлаце, і хоць месціцца ён на высокім беразе, але такое адчуванне, што стаіць на балоце. Зямля беспярэстанку сочыцца, адтайваючы ў верхніх гарызонтах, і ўсе пераходы, пад’езды, подступы да дамоў, двары вылажаны тратуарамі і драўляным насцілам. А вуліцы з бетонных пліт, шэрых, масіўных, каб не карабаціліся ад грунтовых зрухаў. Каля прычалаў на прыстані стаяць акіянскія караблі: нашы, замежныя, яны прыходзяць сюды па лес. Ігарка — горад лесу. Тут працуе магутны лесаапрацоўчы камбінат, і штабелі яго прадукцыі — дошкі, брусы з найлепшай у свеце ангарской хваіны — высяцца, як дамы. І праўда, гэта цэлы горад адсартаванага лесу, з сваімі бетаніраванымі вуліцамі, завулкамі, кварталамі, у якіх ёсць свае назвы і нумарацыя. І існуе свой закон, мабыць, такога закону няма нідзе ў свеце,— у горадзе забаронена курыць.

І яшчэ адна славутасць ёсць у Ігарцы — мярзлотная станцыя. Пад зямлёю, у вечнай мерзлаце, на глыбіні 16 метраў. Там стаіць вечная цішыня, пануе холад, сцены ўкрыты крышталікамі лёду, і яны пераліваюцца на святле, як у казачным царстве. Тут вывучаюць законы і пасцігаюць тайны гэтай зямлі, каб іх прымусіць скарыцца перад чалавекам.

І ўсё ж самае большае дзіва — Нарыльск. Мы прыехалі туды ноччу, але сонца свяціла гэтак жа, як і ўдзень, і на карнізе гасцініцы мы прачыталі транспарант, напісаны па-беларуску: «Сардэчна вітае вас сцюдзёная поўнач, сябры!»

Нарыльск не падобны ні на якія гарады, можа, толькі здалёк яго можна назваць маленькім Ленінградам. Шырокія праспекты, гмахі шматпавярховых дамоў, архітэктурна ўпісаных у навакольныя горы і суровае неба.

Адразу кідаецца ў вочы, што нарыльчане берагуць свой горад і любяць яго. У Запаляр’і, дзе навокал ляжыць тундра і жывыя кветкі з’яўляюцца рэдкасцю, ён увесь у кветках, дагледжаных чалавекам. Кветкі стаяць у магазінах, у сталовых, у цэхах прадпрыемстваў, усюды, куды б вы ні пайшлі. Іх цэлыя аранжарэі — пышных, сакаўных, яркіх такіх, што колер аж гарыць. І яшчэ: у які б магазін вы ні зайшлі, то перш за ўсё кідаюцца ў вочы вялізныя фотамалюнкі, размешчаныя над вокнамі ўдоўж сцен, з відамі Запаляр'я. Вы здзівіцеся хараству гэтых мясцін: і пейзажам вясны і зімы, і велічнай суровасці гор, і вадападу, і паэзіі пургі, і мілай цнатлівасці аленя, што сашчыквае з куста першы вясновы ліст.

У сакратара гаркома партыі Івана Саўчука мы папыталіся, адкуль у нарыльчан такое тонкае адчуванне прыгожага. Аказваецца, пры гаркоме існуе «Штаб хараства». Гэты штаб пасылае сваіх прадстаўнікоў у розныя гарады — у Маскву, Ленінград, Мінск, Вільнюс, Рыгу, Баку,— едзьце, глядзеці, што ў каго добра, і рабіце так, каб і ў нас было не горш. Пасля гэтага мы не здзівіліся, што стары, пачварна пампезны рэстаран «Таймыр» выглядае, як самы сучасны. І зроблена гэта вельмі проста: каб прыкрыць тлустую навараць лепкі, павешана новая авальная столь з прарэзанымі кружкамі і праз іх спускаюцца цыліндрычныя ліхтарыкі.

І людзі ў Нарыльску, як адзін,— патрыёты і энтузіясты. З захапленнем яны расказваюць пра багацці свайго краю, дзе ляжаць найбагацейшыя ў свеце паклады поліметалічных руд.

І цэнтрам гэтых горнарудных багаццяў з’яўляецца Талнах. Гэта горад-спадарожнік Нарыльска. Ён яшчэ толькі будуецца, і побач ідзе расчыстка тайгі. Я не агаварыўся: не тундры, а іменна тайгі. Бываюць жа такія анамаліі: у Талнаху вечная мерзлата ўлетку растае не на метр ці нават меней, як звычайна ў Запаляр’і, а на дваццаць пяць метраў, і тут расце не тундравы карлікавы хмызняк, а сапраўдны лес.

Рысы новага, самага перадавога ляжаць тут на ўсім: на адносінах да працы, на профілі будоўлі і ў першую чаргу на побыце і на людзях. Згуртаванасць і сумленнасць калектыву лічыцца за найбольшы гонар. На большай палавіне Талнаха пануе сухі закон, тут няма ні разбэшчанасці, ні хуліганства, а значыць, няма і міліцыі. Працоўная геральдыка ляжыць у аснове чалавечай годнасці, пра старажылаў гавораць з любоўю: той пражыў тут пятнаццаць гадоў, той дваццаць, а той дваццаць пяць — такому чэсць, хвала і пашана.

Мы сабраліся на сустрэчу з будаўнікамі ў клубе, яшчэ не закончаным, але яго лёгкія, простыя лініі сведчылі, што «Штаб хараства» існуе нездарма. На сцэне няма прывычных цяжкіх сукнаў і трыбун, а стаяць нізенькія столікі і крэслы, каб было адчуванне цеплыні і ўтульнасці. Залу запоўнілі маладыя дзяўчаты і юнакі, здаровыя, вясёлыя, са смелымі, адкрытымі тварамі. Хлопцы папрыходзілі ў лёгкіх тэнісках і блузонах, дзяўчаты ў самых модных сукенках, з самымі моднымі прычоскамі, на самых тонкіх шпільках.

Было такое адчуванне, што гэта не далёкае Запаляр’е, а Масква ці Мінск з яго Ленінскім праспектам у вячэрні час.

Тут жыве многа беларусаў, і нас прасілі гаварыць і чытаць па-беларуску. Усё непасрэдна і жыва. І нават прамова сакратара камсамольскай арганізацыі была самая непасрэдная і свежая па кароткасці і энергічнай дзелавітасці.

— Товарищи,— сказаў ён,— у нас в гостях Белоруссия, это же чертовски здорово! Давайте будем рукоплескать им стоя. И скажем спасибо за литературу и МАЗы. И попросим: присылайте МАЗов побольше, ой как они нас выручают. И нельзя ли побольше габаритом — двадцатипятитонные малы. А мы вас награждаем самым редким нашим подарком: таежными цветами.

Гэта былі букеты жаркоў, як іх тут завуць, жоўтых, яркіх, са слабенькім, як сон, пахам, бадай што адзіных кветак суровай поўначы. Мілая прыгажосць гэтага ўчынку да нас дайшла пасля, калі мы даведаліся, што па кветкі дзяўчаты хадзілі ў тайгу за дваццаць кіламетраў.

І яшчэ адзін штрых. У апошні вечар, калі мы выступалі ў Нарыльску па тэлевізары,— нам слалі адну за адной тэлеграмы не толькі нарыльчане, а ўсе жыхары Таймырскага паўвострава. На ўсіх тэлефонах у тэлецэнтры сядзелі дзяжурныя, і гэтыя прывітанні тут жа зачытваліся перад гледачамі.

Я ведаю, што, вярнуўшыся дадому, буду яшчэ доўга перад вачыма прапускаць усю стужку гэтай цудоўнай сібірскай дарогі. Няхай сабе з часам нешта ў ёй паблякне, але ўсё бачанае астанецца ўжо частачкаю твайго жыцця. Цяпер ты часцей будзеш шукаць пра тыя мясціны ў газетах; калі сустрэнеш каго адтуль — будзеш распытваць, як бы табе вельмі важна знаць, што там сталася пасля цябе. І ў думках зноў і зноў пабываеш і ў Саянах, і каля капліцы за рэчкаю Качаю, і сустрэнеш нечыя вочы ці пачуеш поціск рукі...


1964