epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Скрыган

Падзяка

На Вакзальнай плошчы, у трамваі, поблізу мяне сеў чалавек. Па ўсім відаць было, што ён нетутэйшы. Ён агледзеў вагон, як бы ўпершыню бачыў яго, пасля пачаў узірацца ў вуліцу.

— Што гэта за будыніна? — запытаўся ён, калі мы павярнулі ад вакзала.

— Дом урада,— не без гордасці адказала дзяўчына, што стаяла побач.— Толькі пабудавалі.

— Якое хараство! — чалавек аж прыліп да шыбы акна, каб як мага больш ахапіць яго вокам.

Дом праплываў, паварочваючыся і паказваючы свае строгія, стромкія грані, выступы, балконы і незлічоныя квадраты акон. Перад ім гладка слалася залітая асфальтам плошча, а пасярод яе стаяў бронзавы Ленін, гаворачы прамову чырвонаармейцам перад іх адпраўкаю на белапольскі фронт. Глянцаваўся і пабліскваў чорны граніт пастамента. Гарачае полымя кветак пляскалася ў яго доле.

Трамвай імчаў далей, і чалавек спяшаўся, каб па дарозе нічога не асталося без яго ўвагі. Толькі краем паспелі астацца ў яго зроку контуры Універсітэцкага гарадка, газоны і павысаджваныя маладыя дрэўцы, у кронах якіх настойвалася сінь будучага парку.

Мільгалі квартал за кварталам, вуліца за вуліцаю.

— Я мала чаго тут пазнаю,— сказаў чалавек, звяртаючыся да свайго суседа, флегматычнага дзядка.— Я паехаў адсюль даўно, у чатырнаццатым годзе, калі мяне мабілізавалі на імперыялістычную вайну. А тут усё так перамянілася. Пазнаў толькі гасцініцу «Бельгію» ды чырвоны касцёл.

Дзяўчына, што ахвоча гаварыла з чалавекам, даўно выйшла, а дзядуля быў негаваркі. Мяне пачынала злаваць, што ніхто не хоча памагчы чалавеку. «Чаму яны так мала гавораць яму? — думалася мне.— Чаму не ганарацца? Хіба яны не разумеюць, што значыць вярнуцца на радзіму і не пазнаваць яе? От жа ён і не ведае, што чырвонага касцёла ў нас даўно няма, а ёсць дзяржаўны тэатр. Што будынак, які здзівіў яго шклом сваіх сцен,— гэта фабрыка-кухня. Што гасцініцы «Бельгіі» ён бачыць не мог, ён памыліўся, бо ад яе не асталося нават і следу. На тым месцы стаіць цяпер Дом урада. Нельга ж, каб ён гэтага не ведаў!»

У трамваі рабілася цесна. На Камсамольскай вуліцы дзядуля сышоў, і я перасеў на яго месца. Чалавек сядзеў супраць мяне. Я толькі цяпер добра ўбачыў яго твар. Твар быў немалады, абвеяны вятрамі самых далёкіх земляў краіны. Ён цяпер глядзеў, як у прасторныя дзверы будынка з расквечанымі вітрынамі ішлі і ішлі натоўпы людзей.

— Універсальны магазін,— кажу я, хоць ведаю, што тут не трэба і тлумачыць.

Мы разгаварыліся. Трамвай ішоў, то высаджваючы, то набіраючы новых пасажыраў. Я даўно прамінуў свой прыпынак. Я гаварыў з чалавекам, які хадзіў цяпер слядамі свайго дзяцінства. Бываюць харошыя сны, каторых шкадуеш, што яны не спраўдзіліся. Чалавек бачыў сон, што быў яваю. Дзяцінства рабілася сном. Ён бачыў горад, каторага не было ў яго памяці. Ён і цяпер мяняўся ў яго на вачах. На вуліцах дыміўся свежы асфальт і слаліся ўзоры брусчаткі. Брукар любоўна прыганяў камень да каменя і падняўся з каленяў, каб прапусціць наш вагон. За скверам высілася рыштаванне Дома Чырвонай Арміі. У перспектывах вуліц над дахамі падымаліся надбудовы. Восень рассыпала па тратуары пажоўклае лісце клёнаў.

— Мой брат на восем гадоў маладзей за мяне,— казаў чалавек.— Ён цяпер у Калхідзе, у геалагічнай экспедыцыі Акадэміі павук. Нас было двое. Калі мяне забралі на вайну, ён астаўся сам на сябе. Чым толькі ён не быў — беспрытульнікам, злодзеем, хуліганам. Ён прасіў, каб я напісаў яму, што тут робіцца. Мы жылі на Ляхаўцы...

На Ляхаўцы мы ішлі новым горадам. Чалавек яшчэ больш хваляваўся. Тут ляжалі сцежкі яго дзяцінства. Але следу іх нельга было пазнаць. Мы бачылі горад заводаў, шклом крытыя дахі і кварталы рабочых пасёлкаў. Мы хадзілі па вуліцах, на якіх я сам быў упершыню.

— Я напішу, каб ён сам прыехаў сюды. Бо што я яму раскажу — тут трэба ўсё перажыць.

Тады я стаў дакучлівы. Я захацеў паказаць яму ўвесь горад, каб тут нічога не асталося яму невядомым.

Мы пачалі мяняць маршрут за маршрутам, раён за раёнам. Я паказаў яму тэхнікумы, клінікі, інтэрнаты, паркі. Паказаў стадыён, гасцініцы, клубы. Мы бачылі, як падымаліся сцены Камвуза, Акадэміі навук, Дома друку, Дома спецыялістаў. Мы чулі гудкі заводаў усяе сталіцы, калі на работу заступала другая змена. Я звадзіў чалавека на месца, дзе будзе пабудаваны тэатр оперы і балету, які падымецца вышэй над усімі будынкамі Мінска.

...Разам з ім мы бачылі будучыню. Унізе плешчацца і паблісквае рэчка. Паўз бераг дыміцца зялёны, разложысты парк і, перасекшы Савецкую вуліцу, зліваецца з паркам «Прафінтэрн». Па гранітным узбярэжжы рушаць машыны, і натоўп моладзі па каменных ступеньках спускаецца на водную станцыю. Па рэчцы слізгаюць лодкі. Недзе за паваротам яе чуцён сігнал парахода. Ён праходзіць, успеньваючы ваду,— грузны, затомлены,— несучы ў сябе дыханне Вялікага Дняпра...

Мы стаімо на плошчы Парыжскай камуны. Яна ўзвышаецца, як купал. Адсюль нам відны контуры горада. Над ім сцелецца тонкая, празрыстая сінь, і абрысы дамоў зліваюцца з гарызонтам.

— Я абавязкова напішу, каб ён прыехаў сам,— гаворыць чалавек, усё яшчэ не могучы патушыць хвалявання.— Няхай паглядзіць...

Ён паціснуў мне з удзячнасцю руку. Я таксама падзякаваў.

— За што ж? — запытаў ён.

Я ўсміхнуўся. Хіба мог я сказаць, што быў горды самаю большаю гордасцю — правам паказваць усё гэта, як сваю радасць.

1934


1934