epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Скрыган

Пярэгалас

1. Бацькаўшчына
2. След памяці
3. Бог
4. Распрыгожаныя пакуты
5. Аздоба і сутнасць
6. Пераклады
7. Дамавіна
8. Прага
9. Аблічча
10. Незбытэчнасць
11. Наступны дзень
12. Ісціна
13. Наведзенае хараство
14. Кніга і пісьменнік
15. Святы грэх
16. Бабка Рудзінская
17. Юбілеі і пахаванні
18. Паўната
19. Каханне
20. Высокія хвіліны
21. Мова
22. Жаданне
23. Сусвет
24. Няхай маўчаць
25. Ухваленае глупства
26. Кірунак
27. Неспакой
28. Заўчасная хвала
29. Дарагая абсада
30. Расчуленасць
31. Галоўная фраза
32. Нячуласць
33. Мары
34. Букіністычная кніга
35. Паспешнасць
36. Несправядлівасць
37. Страты
38. Хада
39. Патрэба душы
40. Кветкі
41. Маленне
42. Аўтар і перакладчык
43. Ноч


1. Бацькаўшчына

Кожны раз, калі спяваюць «Русское поле» ці «Белая Русь», у мяне замірае дыханне. Як многа ў гэтых песнях нечага вечна свайго, дарагога, роднага.

Так і не разумееш тайны слова. І музыкі. Як яны могуць несці ў сабе цэлую бацькаўшчыну.

 

2. След памяці

Увесь мудры, дзівосны свет, кожны раз па-новаму пазнаны, я бачу толькі сваімі вачыма. І нават не думаю, што гляджу праз акуляр, у якім асталіся сляды ўсіх, хто жыў і глядзеў да мяне — тысячы і мільёны гадоў чалавечае дзейнасці.

Па праву пераемнасці гэтакі след нашчадкам павінен пакінуць і я, сённяшні чалавек.

 

3. Бог

Бог — гэта тое, у што верыш. Без бацькаўшчыны ў душы не будзе ніякага бога.

 

4. Распрыгожаныя пакуты

Чытаў кнігу, якую вельмі паслужліва ўславіла крытыка. І кінуў, дайшоўшы да самай, як пісалася, кульмінацыйнай мясціны.

Як гэта нетактоўна: старацца як мага прыгажэй і танчэй апісваць чалавечыя пакуты.

 

5. Аздоба і сутнасць

Звычайна мясціны, якія не ўдаюцца, над якімі доўга працуеш, думаючы, што яны вельмі важныя, пасля выкрэсліваеш як лішнія. Гэта значыць, што ты рабіў іх сілком, як аздобу, а не як сутнасць.

Няма лепш, калі думка запісваецца на першым імгненні.

 

6. Пераклады

Як перакласці на другую мову слова «мудраванне»? А яшчэ ж ёсць «мудрошчы», «мудрагельства», «мудроты», «вымудры».

Я ведаю людзей, якія лёгка і перакладаюць, і папраўляюць. Вядома, не думаючы, што дзеля гэтага трэба ведаць мову.

 

7. Дамавіна

Я баюся людзей з упартымі поглядамі, яны могуць нарабіць многа бяды.

Упарты чалавек нечым падобны на дамавіну: у ім нічога няма жывога.

 

8. Прага

Калі я чытаю добрую кнігу, мне здаецца, што я чую голас пісьменніка. Вельмі важна гаварыць так, каб ты думаў, што пісьменнік гаворыць толькі з табою, толькі табе і толькі такое, якога яшчэ ніхто не бачыў і ніхто не чуў.

 

9. Аблічча

Вучачыся толькі ў некага нават самаму добраму — нельга навучыцца нічому свайму.

 

10. Незбытэчнасць

Чалавек вечна некуды йдзе, нечага ці некага вечна чакае. Там жа, наперадзе — усё непазнана-жаданае. І колькі сілы дае тая незбытэчная далячынь, як бы цябе заве яна ў тваю не да канца пражытую юначасць.

 

11. Наступны дзень

Ніколі не пераставаў я дзякаваць лёсу, што шчасліва пражыў яшчэ адзін дзень. Ён заўсёды прыходзіць з непахіснай дакладнасцю, але не заўсёды можаш дачакацца яго. Мушу прызнацца, што я няраз баяўся гэтага.

 

12. Ісціна

Часам бывае, што найкарацейшую дарогу да ісціны дае памылка.

 

13. Наведзенае хараство

Як жа многа нячыстасці астаецца за жанчынаю пасля наведзенага ёю сабе хараства.

 

14. Кніга і пісьменнік

Што калі б выдаваць кнігі без прозвішчаў аўтара? Хоць бы да таго часу, пакуль яны не атрымаюць ацэнкі ў грамадскасці.

Было б цікава паглядзець, хто каму робіць славу: аўтар кнізе ці кніга аўтару.

 

15. Святы грэх

Нават самае святое каханне чакае на свой чалавечы грэх.

 

16. Бабка Рудзінская

Усё, што пішацца пра Мінск, асабліва пра тое, як ён будзе выглядаць наперадзе, я чытаю ўзахваткі. Бабка Рудзінская, у якой я наймаў кватэру, таксама любіла яго і гаварыла, што ён куды большы за Маскву. Калі ёй пярэчылі, крычала:

— Замоўкніце, і слухаць не хачу, я больш за вас пражыла на свеце!

 

17. Юбілеі і пахаванні

У юбілеях і пахаваннях ёсць нешта агульнае: і там, і там гавораць толькі прыемныя рэчы.

 

18. Паўната

Нават першыя, можна сказаць, яшчэ не зусім дасканалыя творы Кузьмы Чорнага забіраюць нашу ўвагу, бо яны — пра чалавечы лёс.

Часта мы праз меру займаемся пейзажамі, ненагружанымі дыялогамі, пустымі азначэннямі (злосна зірнуў, ласкава сказаў), калі гэтых азначэнняў сам тэкст не нясе.

Толькі рух — паварот душы, думка, з'ява — дае твору паўнату.

 

19. Каханне

Мне здаецца, што і пасля смерці я буду памятаць і буду шчаслівы, што нехта на зямлі вельмі любіў мяне.

 

20. Высокія хвіліны

Самыя дарагія мне мае дні, калі я хворы. Толькі тады я паспяваю падумаць, што вельмі мала зрабіў, што ўсё тое, што трэба зрабіць,— яшчэ наперадзе.

І хвалявацца гэтым, і перажываць. А ў творчым хваляванні, можа, самыя высокія хвіліны.

 

21. Мова

Можна грэбаваць чалавекам, а моваю нельга грэбаваць, бо гэта народ.

 

22. Жаданне

Паляванне. Рыбацтва. Колькі пра гэта напісана! А мне якраз прычына падумаць, як многа чаго ў жыцці астаецца няздзейсненым.

З самых юначых гадоў марыў стаць паляўнічым, а ніколі не ўдалося нават пахадзіць па лесе са стрэльбаю. Даўно чуў, што рыбацтва — найлепшы спорт і найлепшы адпачынак, што, седзячы за вудаю, можна забыцца на ўсё на свеце, а я нават не ведаю, як трэба закідваць тую вуду.

Ні на што не хапала часу.

А цяпер мару павандраваць па Беларусі. Каб сваім ходам дабрацца да мясцін, дзе здабываюць нафту, дзе гадуюць найлепшыя сады, сеюць найлепшы лён, дзе пяюць найгаласнейшыя песні.

Божа, якая гэта дабрыня — усюды самому быць, усё самому бачыць, пачуць. У гэтым жа — бацькаўшчына!

 

23. Сусвет

Калі я ўяўляю бясконцасць сусвету, я бачу, як мой мысленны зрок недзе там, у самай далёкай далечыні, згінаецца, як бы агібае нейкі схіл, за якім зноў ідзе бясконцасць. І колькі б ні заходзіла ў далячынь уяўленне, яно ўсё больш і больш западае за ўсё новыя і новыя гарызонты, агібаючы іх.

Можа, прырода нашага мыслення адпавядае аб'ектыўнай прыродзе сусвету? І ў доказ таго, што прастора скрыўлена, можна браць і наша ўяўленне аб ёй?

 

24. Няхай маўчаць

Вельмі ж ён мнагаслоўны, гэты паэт. І шкода, бо ёсць мясціны бясспрэчнай паэтычнай удачы. І, можа, дзеля гэтых мясцін варта прымірыцца з «тонамі славеснай руды».

Куды горш, калі шэрасць і халтура з іх замагільнай бясстраснасцю. Гэтыя хай маўчаць вечна.

 

25. Ухваленае глупства

Нават глупства можа набыць славу мудрасці, калі яму не пярэчыць.

 

26. Кірунак

 

Вялікая хвала ўсім літаратурным кірункам і плыням — рэалізму, сімвалізму, імажынізму, футурызму і многім іншым, бо, дзякуючы ім, іхняму змаганню між сабою, вырасла, узмужнела, набыла мэтанакіраванасць і стала перадавой у свеце наша савецкая літаратура.

І вынайшла свой кірунак.

 

27. Неспакой

Трывалыя адносіны да чалавека ўсталёўваюцца толькі пасля яго смерці. Пакуль ён жыве, адносіны жывых да яго неспакойныя: ніхто не ведае, якую нечаканасць ён можа выкінуць заўтра.

 

28. Заўчасная хвала

Баюся верыць у мастацкую бясспрэчнасць аўтара, якога вельмі скоранька хваляць. У паспешлівасці заўсёды ляжыць нешта не надта дружнае з ісцінаю.

 

29. Дарагая абсада

Жанчына! Ва ўсе часы і ўсімі народамі колькі напісана хвалы яе хараству!

Я таксама яго палоннік. Але, божачка, як цяжка падумаць, што яно патрабуе вельмі дарагой абсады.

 

30. Расчуленасць

 

Трэці том Купалавага новага выдання твораў. Успомніў быліну ці выдумку майго сябра скульптара. Адзін чалавек. Ён ведаў Купалаву творчасць на памяць, гэты, вельмі ўжо пажылы чалавек, любіў яе да самазабыцця.

І калі паставілі помнік паэту, пусцілі фантан з дзяўчатамі, што кідаюць на ваду вянкі, ён так расчуліўся, што пераступіў мураваны край басейна і па вадзе пайшоў цалаваць бронзавых дзяўчатак.

 

31. Галоўная фраза

Чытаў чужое апавяданне, і яно мне здалося вельмі спакойным. Падумалася: навошта пісаць вось гэтак, без ніякай іскры?

Ды раптам гераіня, маладая калгасная звенавая, калі ў яе папыталіся, чаму на прысядзібным участку ў яе адны толькі кветкі і няма дабра, гэта значыць, пасеваў карысных, сказала:

— А маё ўсё там,— і махнула рукою ў поле.— Усё маё там, і я ўся там.

І ўсё засвяцілася іначай. Падумалася, што дзеля аднаго гэтага душэўнага руху варта пісаць апавяданне.

І што ў кожнай рэчы, мабыць, павінна быць вось такая, свая, галоўная фраза.

 

32. Нячуласць

Ларыса Рэйснер пісала дэкадэнцкія вершы. І асталася найчысцейшым, бясстрашным рэвалюцыянерам.

А бывае, што дэталь нам важней за сутнасць. Было ж такое адкрытае пісьмо крытыка аднаму пісьменніку, якое, мабыць, наблізіла яго трагічную хвіліну.

 

33. Мары

Мы заўсёды любім больш мару, як яву. Кожная ява абавязкова шукае новай мары.

Гэтак, мабыць, і трэба, каб ніколі не пераставаць шукаць.

 

34. Букіністычная кніга

Не дай божачка бачыць сваю кнігу ў скупачным магазіне. Міжволі тады падумаеш: значыцца, ты напісаў дрэнна і на нечай паліцы тваёй кнізе месца няма.

Усё роўна як цябе выракліся самыя лепшыя твае сябры.

 

35. Паспешнасць

 

Здагадаўся, чаму я не люблю аднаго моднага, даволі вядомага пісьменніка. Нечым ён падобен на мяне ў пару мае літаратурнае маладосці. Ад тых маіх твораў мне цяпер аж нядобра, лепш бы іх не было.

 

36. Несправядлівасць

Дарэмна людзі ў гняву абзываюць другога сабакам. Шмат калі яго вернасць вышэй за чалавечую.

 

37. Страты

У кожнага з нас ёсць сябры, таварышы, знаёмыя. І мы думаем, што добра іх ведаем. Божухна, як гэта далёка ад ісціны! Папытайцеся ў самога сябе — перад кім вы адкрыліся хоць бы за гэты дзень? Ні перад кім! Проста вас бачылі такім, як даўно прывыклі: вонкавы вобраз.

А ўвесь той працэс, што ў вашым духоўным жыцці ідзе кожную хвіліну, астаўся ад усіх закрыты.

Калі вось гэтак вы хаваеце сябе ў літаратуры, вы многа траціце.

Чытач адразу пазнае, што гаворыце вы языком, а трэба — душою.

 

38. Хада

Многа напісана пра вочы, што яны з’яўляюцца адлюстроўкам душы, псіхічнай арганізацыі чалавека. Напісана і пра губы. Але, можа, нічога не выяўляе чалавека так, як яго хада.

Вось прайшоў нехта наперадзе, і табе робіцца нядобра ад адчування, што гэта рушыць цяжкая, упартая, сляпая сіла, якая не знаецца з такімі тонкімі нюансамі душы, як ласка, пяшчота, дабрата, каханне, чуласць, спагада.

І ўся гэтая трывога толькі ад таго, што чалавек прайшоў непрыгожа, няўклюдна, як кажуць, па-мядзведжы — наскамі ўсярэдзіну.

На жаль, бывае, гэтак ходзяць і жанкі, нават маладыя дзяўчаты. Дзе ўжо там думаць пра нейкую жаноцкасць.

Хаду таксама трэба выхоўваць. Як інтэлект. А яны звязаны між сабою, я ў гэта веру. Чалавек не мае права быць непрыгожым. І нядобрым.

 

39. Патрэба душы

Вечар. Цішыня. Кнігі за шклом на паліцах. Што пачытаць?

Адны даўно прачытаныя, другія — нават нечапаныя. Дзіва: і чытаць іх не хочацца. Спрабую каторы раз — не ідуць яны. Нікуды цябе не завуць.

І тады зноў бяруся за тыя самыя, па многа разоў чытаныя, перачытаныя, кожны раз кратаныя, варочаныя — і зноў чуеш у іх нешта вечна патрэбнае тваёй душы.

Мабыць, таму, што пісаліся яны даверліва, як споведзь перад табою. Як жа мала трэба мець вялікаму пісьменніку, каб да яго ўсе гарнуліся — толькі самога сябе. І як многа — каб у ім кожным бачыў таксама самога сябе.

 

40. Кветкі

Кветкі. Вельмі люблю, калі нехта паставіць іх на маім стале. Міла, хораша, добра. Тайная размова душ. Чые? Хто? Або нават без гэтага запытання. Калі адрасат вельмі вядомы. У мове кветак звычайна куды больш таго, пра што не гавораць словы. Або — пра тое, што ўжо даўно адгаворана. Заўсёды — загадка.

Люблю збіраць кветкі сам, асабліва лугавыя, калі яны — як мора чалавечай радасці: яе чысціня, яе непасрэднасць.

Але сабраных самім кветак я ніколі не пастаўлю сабе на стол. У іх не будзе ніякай загадкі, яны нічога не дадуць душы. Можа, хіба толькі адчуванне сумленна зробленае работы.

 

41. Маленне

Кожны чалавек у некім пакідае ўспамін пра сябе. Хто быў знаёмы, хто блізкі, хто любы — кожнага ў свет павяла свая дарога. Як жа не хочацца думаць, што ў чыёй-небудзь памяці мог ты пакінуць горкі след.

 

42. Аўтар і перакладчык

І ў пісьменніцкай, і ў перакладчыцкай рабоце ёсць свая вышыня. Адзін лунае толькі ў высокіх сферах чалавечага духу, другому хапае людское мітрэнгі, побыту, замілавання прыродаю. Адзін робіць сваю работу страшэнна цяжка, пакутуючы над кожнаю фразаю, усё роўна як падымае на плячах цэлы сусвет. Другі — лёгка, ахвоча, весела, як бы яму гэта проста забаўка.

Дай жа божа, каб кожны пісьменнік напаў на свайго перакладчыка, а перакладчык на свайго аўтара. Бо іначай можа стацца несумяшчальнасць. Хіба мала мы ведаем, як часам добрая кніга блякне пад перакладам і — наадварот,— як нечакана блісне і ўзвысіцца пад ім твор пасрэдны.

 

43. Ноч

Якая гэта мілата — праседзець ноч за сваім сталом! За работаю, што табе даражэй за ўсе адпачынкі.

Астаешся на зямлі толькі ты і створаны табою свет чужых жыццяў, лёс якіх ты будзеш вырашаць сам.

1962 — 1982