epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Скрыган

Перападлік

Аднаго разу, прыйшоўшы з работы, дома я застаў невясёлую карціну. Каля пісьмовага стала на нізенькім зэдліку сядзела бабуля, вельмі расстроеная. Аказалася, перад святам яна хацела ў пакоі навесці чысціню, знячэўку з палічкі скінула пляшачку з чарнілам, і яно заліло стол, кнігі на ім, канапу, крэслы.

— Што ж будзем рабіць? — пыталася яна голасам, поўным слёз.

— Кнігі і стол няхай сабе астаюцца з плямамі, нічога страшнага няма, а на крэслах і на канапе давядзецца мяняць абшыўку. Пазвонім на фабрыку, прыедуць, забяруць, а прывязуць новым. Вось і ўся бяда.

Але праз хвіліну я паправіўся.

— Чакайце,— сказаў я.— Цяпер век высокай хіміі, не можа быць, каб не знайшлося спосабу ад чарнільных плямаў. Схаджу, пашукаю.

Самы папулярны магазін у нас, ведама, «Тысяча драбязы». Але ў секцыі хімікатаў ад сцяны да сцяны была працягнута вяроўка, а на ёй прычэплены ліст паперы з надпісам: «Перападлік».

Усё там, за вяроўкаю, было зрушана з сваіх месцаў, папераварочвана, састаўлена з паліц на падлогу. Пры сцяне стаялі вінаватыя гэтага пярэтрусу — тры дзяўчынкі, усе маладыя і гарэзна прыгожыя. Яны зрабілі сабе перапынак у нудным пералічванні ўсіх гэтых слоікаў, цюбікаў, бляшанак, скруткаў, скрынек, і адна з іх, сярэдняя, самая маладая, самая гарэзная і мілая, з валасамі мяккімі, відаць, нядаўна пафарбаванымі ў светла ільняны колер, весела расказвала нешта сяброўкам. Даволі гучна. Я зразумеў, што расказваўся ўчарашні выпадак: яна не хацела знаёміцца з хлопцам, якога звалі Васем. «Ні Васі, ні Вані мне не патрэбны!» — аглушыла яна хлопца. І цяпер усе трое яны заходзіліся найшчаслівейшым маладым смехам, што ўчора не пашанцавала ў заляцанні нейкаму Васю. Я вычакаў хвіліну зацішку ў іх размове і папытаўся:

— Дзяўчаткі, скажыце, ці ёсць у вас плямазмывальнікі?

Тая сярэдняя, самая мілая і гарэзлівая, бліснуўшы рассмешанымі вачмі, бойка адсекла:

— А мы не працуем!

— Бачу,— згадзіўся я.— Але я прасіў бы сказаць, каб ведаць, ці трэба будзе мне прыходзіць да вас другі раз.

— Надакучыла гаварыць! — яшчэ раз секанула дзяўчына і пачала далей расквечваць сваю ўчарашнюю прыгоду.

Многа пра што падумалася мне ў гэтую хвіліну. І пра яе маладую, чыстую прыгожасць, і пра школу, дзе яна вучылася ці можа вучыцца і цяпер, і пра дом, дзе яе, мабыць, вельмі любяць і аберагаюць ад усякае крыўды. І пра тое, што ў яе наперадзе ўсё жыццё, ад якога яна чакае ласкавасці, чуласці, добрасці, далікатнасці душы.

Гэтым разам доўга ішлося мне дадому.

1977


1977