epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Скрыган

Першая кніга

Вельмі рад, што купіў гэтую кніжку. Не выпадкова, ведама, бо даўно ў друку прымеціў нейкае нетутэйшае прозвішча Басуматрава, праўда, з вельмі тутэйшым і ласкавым імем Святлана. Вершы былі мужныя, энергічныя, заўсёды з добрым роздумам, напісаныя спрактыкавана, добраю моваю. І кніжка кінулася ў вочы найперш тым, што названа проста, па-хатняму — «Белая бярэзіна». Замест прывычнай кніжнасці, паводле якой павінна была б гучаць як «Белая бяроза».

І з якою ж асалодаю я прачытаў яе, тую «Белую бярэзіну»! Усе вершы, з пачатку да канца. Кожны з іх абуджаў у мне нешта вельмі патрэбнае, тое, што жыло спакойна, пакуль не закранулі яго радкі з гэтае кніжкі. Спакойна, напрыклад, жыло адчуванне Радзімы, бо яно было заўсёднае, упэўненае, сталае. І раптам ажыло нейкім непазнана новым хваляваннем:

 

Калі гляджу увосень на рабіну я

І ліст маленькі на далонь лаўлю,

Зямлю сваю адзіную, любімую,

У гэты міг яшчэ мацней люблю.

 

Здаецца, што пра любоў ужо больш нічога не трэба й гаварыць, але вось робіцца зусім невялікі паварот, і як усё ўзвышае ён:

 

Не дай мне, лёс, радзімай быць забытаю.

Ад далячынь, вышынь і ад глыбінь,

Прайшоўшы нават зорнаю арбітаю,

Хачу вяртацца да яе рабін.

 

Але робіцца яшчэ адзін непрыкметны паварот:

 

Не дай мне, лёс, забыцца мовы матчынай,

Бо без яе зраблюся немаўлём,

Ёй даражу, як самай шчодрай спадчынай,

Як восеньскай рабінай за сялом.

 

Гэтакае гучанне вершаў будзе чутно на ўсёй кнізе. Пра што б ні гаварылася: і пра дзеда Маковіча, якому вельмі ж хацелася, каб яго працавітая радаслоўная мела слыннасць не меншую, як у князёў; і пра начную змену, якой ганарышся, бо нешта добрае паспеў за яе зрабіць; і пра мамін родны дворык, з якога пачынаюцца дарогі ў Радзіму; і пра гарадскія сады, дабраце якіх сярод камяніц выжываць вельмі ж цяжка; і пра белыя панамкі на дзецях, дзеля якіх мы не павінны забывацца на трывогі («Давайце успомнім Паранены выбухам ранак, Дзіцячыя крыкі Над вірам свінцовай вады... Хай тыя журботныя Плямкі дзіцячых панамак Рака нашай памяці Вечна нясе праз гады»); і пра паласканне бялізны на рэчцы, гэты просты занятак, праз які вельмі няпроста бачыцца чужое адзінокае жыццё («Мне лашчыла калені хваляй лета. Я прабыла на рэчцы дацямна. Ужо даўно пажылая кабета Пайшла дамоў. Не бачыла яна, Як білася ў руках маіх гарачых Бялізна, быццам белае крыло. Сярод кашуль жаночых ды дзіцячых І у мяне мужчынскай не было»).

Да ўсяго ёсць клопат паэтычнаму Святланінаму радку. І ўсё гэта не проста той ці іншы выпадак, а нешта — сваё ці чужое,— глыбока прапушчанае праз сэрца. Праз высокі грамадзянскі неспакойны роздум.

У кніжцы ёсць два характэрныя прысвячэнні: Аляксею Пысіну і Юліі Друнінай. А прысвячэнні ж звычайна робяцца людзям, блізкім па строю думак і душы. І не дзіва, што Басуматрава, чый век пачаўся пасля вайны і не зазнаў самых жудасных знішчэнняў, спусташэнняў і бедаў, гэтак горача ўскрыкне ў тых жа «Белых панамках»:

 

Мо хтосьці пакрывіцца:

«Зноў на ваенныя тэмы,

Навошта трывожыць былое,

Тым больш маладым...»

 

Няпраўда, хай пішуцца

Вершы, балады, паэмы,

Мы права не маем забыцца

На тыя гады.

 

Мне падабаецца карпатлівая работа Святланы Басуматравай над словам, прастата і свабоднасць яе радка, не мудраванне і перайначванне ладу мовы, а яе тутэйшасць, калі можна так сказаць, абвыкласць. Чуласць да акрасы слова. Бо ў паэзіі гэта вельмі тонкая рэч: адчуць неспадзеўную акрасу слова. Вунь жа як па-хатняму проста магла сказаць Басуматрава: «Мы і дарослыя — вечныя дзеці Нашых сівых мацярок» (бо вельмі ж многія з нас, стаўшы кніжнікамі, перасталі скланяць слова «маці», як бы яно не самае роднае нам, а замежнае); сказала па-хатняму, што сланечнік «Зазелянеў, як дзіва на пляцоўцы», хоць кніжна-прывычным стала пісаць як цуд; напісала «Мне мроіцца мядзяных бубнаў звон», а магла ж напісаць свяжэйшым словам — медных і пазбавіла б гэты «бубнаў звон» яго этнаграфічнага каларыту.

Нарэшце нельга не сказаць пра экспрэсіўнасць і вобразнасць верша ў Басуматравай. Паслухайце, калі ласка, гэтыя чатыры радкі:

 

Стаю над неспакойнаю вадой,

Над морам, старажытным, як паданне,

І ў сэрцы абуджаецца жаданне

Стаць зноў недаравальна маладой.

 

Паспрабуйце замяніць любым іншым словам гэтае недаравальна, ў вас не будзе адчування адкрыцця.

Або:

 

Уздоўж дарог сумёты, нібы гусі,

Імкнуцца ў неба, толькі крыл няма.

 

Хіба вы не бачыце жывое карціны, нават белага колеру, пра які тут і не гаворыцца? Не радуецеся, што нешта невядомае пазналі? Што тут як бы нейкія чары?

Гэтыя радкі з самай паэтычнай, пяшчотна-строгай і неспакойна-летуценнай нізкі «Крымскія матывы». Восем строфаў, класічна пазначаных не назвамі, а рымскімі лічбамі, як знакамі адзінага дыхання. Не магу абысціся, каб не працытаваць хоць адной з іх:

 

Як слепіць вочы сонечны прастор —

Марскі прастор, прастор вады і неба.

Як непадобная на нашу глеба

Крутых сцяжын на схілах сініх гор.

Вядома, я спрачацца не бяруся,

Чаруе позірк гэта прыгажосць.

Даруй мне, Крым, я твой няўдзячны госць.

Мой позірк тут, а сэрца — ў Беларусі.

Сваім блакітам слепіш ты дарма.

Мне ўсё ж мілей рудыя сенажаці,

Бо родная зямля, яна як маці,—

Ёсць прыгажэй, а даражэй няма!

 

Якая свабодная плынь радка, якая натуральнасць мовы, як бы яна і нарадзілася дзеля гэтага верша. Яе зусім не чутно, а гэта ж найвышэйшая адзнака майстэрства. Няхай мне будзе дазволена такая вольнасць: калі чытаеш гэтакія радкі, міжволі, не асмельваючыся на параўнанні, успамінаеш добрую класіку, дзе б яна ні была. І радуешся за цяпершчыну.

Можа я трохі перабольшваю, бо захапляцца напалавіну не ўмею. Ды, нарэшце, можа гэта й не важна, бо куды важней сказаць, што сцвердзілася таленавітая паэтка. Па першай сваёй кнізе.

Але няўжо ж у яе няма да чаго нават прычапіцца? Ёсць, чаму ж не, без гэтага хіба можна хваліць? Прычапіцца можна хоць бы да таго, што пры агульнай высокай моўнай культуры, пры гутарковай строгасці мовы часамі праскоквае ў Святланы як бы газетна-кніжная прыблізнасць: «Палямі тымі крочыла жанчына», «Ёй спаць перашкаджаюць па начах», «Што ж адбываецца з намі», бо ўсюды тут можна было б сказаць натуральней: жанчына — ішла, ступала, спаць нехта — не дае, з намі нешта — робіцца. Ці прычапіцца да таго, што недзе на апошніх старонках кнігі ёсць трохі зніжаныя вершы, як бы выпадковыя ці то ад спяшання ці ад нейкай асабістай неўладкаванасці. Падобна, што апошняе мае больш праўды, і таму тут віна можа і не толькі адной аўтаркі. Гэтаму хочацца пашукаць апраўдання, бо калі ў Басуматравай можна знайсці адзін ці другі верш не бездакорны, то пустых вершаў у яе няма.

1981


1981