epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Скрыган

Петрык

1
2
3
4


1

 

Не адно жахлівае апавяданне з пагранічнага жыцця чуў Петрык. Але асабліва ярка асталося ў памяці і заўсёды хвалявала яго дзіцячае ўяўленне адно — гэта забойства калгасніка Рымшы.

Здарылася так. Далёка за поўнач да Рымшы пастукаліся ў акно.

— Хто там?

— Свае. Адчыні, Васіль.

Рымша накінуў на плечы кажушок. Цёмначы ў сенцах намацаў клямку. У адчыненых дзвярах, на фоне чорнага неба, выразалася чатыры фігуры ў доўгіх шынялях, з вінтоўкамі за плячыма.

— Заходзь,— шырэй адчыніў дзверы Рымша, пазнаючы ў цьмяных сілуэтах пагранічнікаў.

Пярэдні курыў папяросу. Ён прагавіта высмактаў недакурак, кінуў яго на дол. Растаптаў недакурак ботам і, выпускаючы глыбокую зацяжку дыму, сказаў:

— Дзякаваць, дзядзька Рымша. Няма часу. А от што — мы да цябе з просьбаю: патрэбна твая дапамога. Хадзем.

Адвечны парабак і бясхатнік, Рымша навучыўся адчуваць і ненавідзець ворага з малых гадоў. Ён першы пайшоў у калгас, першы пачаў раскулачваць свайго былога гаспадара, стаўшы на чале калгаснага руху ў сяле. Ён лавіў кантрабандыстаў, выкрываў белагвардзейцаў, стоеных паліцэйскіх. Пагранічнікі былі ў яго частымі гасцямі. І цяпер лёгка адгукнуўся, калі спатрэбілася яго дапамога.

Восеньская ноч была цёмная. За сялом разам з ветрам дыхнула вільготнай зямлёй і бульбоўнікам.

Яны прайшлі кіламетраў з два, паварочваючы ўлева, управа, спатыкаючыся на куп’і, налазячы на кусты вербалозу. Па халявах з шоргатам білася высокая, не скошаная ў пару трава... Ішлі моўчкі, прыслухоўваючыся, насцярожваючыся. Пачаўся лес. Вузкая сцежка павяла ў глыбіню.

Дарога ішла то глушэчаю, то прагалкамі. Нарэшце першы, той, што прыходзіў курачы папяросу, суняўся і запаліў запалку, як бы збіраючыся зноў закурыць. Але запалку ён затрымаў перад сабою і рэзка павярнуўся да Рымшы.

— А ну-тка, зірні мне ў твар. Пазнаеш?

Рымша падняў густыя белабрысыя бровы. Нябрыты, у рыжай шчаціне, высечаны з цемры чырванаватым святлом запалкі, перад ім стаяў Некраш Сцяпан. На момант у памяць дыхнула дваццатым годам. Іх партызанскі атрад змагаўся з Булак-Балаховічам. Вузкія сцежкі мазырскіх лясоў вадзілі іх з краю ў край, палохаючы самазванага бацьку. Але аднаго разу іх атрад быў напалову перабіты неспадзяванай засадай. Партызаны пасля біліся над загадкаю — хто даказаў бандытам іхнія аперацыйныя планы? Урэшце правакатар быў разгаданы. Але калі ўвечары пры зборы групы думалі выкрыць яго, было ўжо позна — на вараным стаенніку Некраш гойсаў ужо разам з Балаховічам.

— Пазнаеш? — паўтарыў ён, знаёмай, грэблівай усмешкай крывячы рот.

— Пазнаю. Правакатары і шпіёны не забываюцца,— сказаў Рымша.

Раніцаю яго знайшлі каля дарогі, на ўзлеску, знявечаным да таго, што на ім нельга было пазнаць чалавечага твару.

 

2

Петрык няраз чуў гэтую гісторыю. Яна расказвалася не яму, ён падслухоўваў яе ад дарослых, і хоць шмат чаго не разумеў, але галоўнае было даступна і трывожыла яго дзіцячае ўяўленне. Яшчэ больш гэта хвалявала таму, што Рымшу бачыў ён самога. Неяк ён прыязджаў да іх у калгас. Пасля сходу з бацькам яны зайшлі тады да іх у хату. Прысадзісты, вусаты, з косым шрамам над густым брывом, ён здаваўся суровы. Але гэтая суровасць знікала, калі ён пачынаў гаварыць. Мужчыны сядзелі доўга за поўнач. Петрык таксама кружыў каля іх, не так цікавячыся гаворкаю, як проста чужым чалавекам.

— А ты ж чаго не спіш, падшыванец? — папытаўся Рымша, калі Петрык разглядаў яго рубчасты шрам над брывом.

— Бо яшчэ не хачу,— адказаў Петрык.

— А ў школу ходзіш?

— Хаджу.

— Добра вучышся?

— Мішка лепш за мяне.

— Чаму ж так?

— А я яго абганю яшчэ.

— Глядзі ж,— сказаў Рымша і пакамлычыў яго па галаве.

Загаварыўшы зноў з бацькам, Рымша так і забыўся зняць з галавы сваю руку, і Петрык стаяў побач, адчуваючы дужае, цвёрдае чужое калена.

Так Петрыку запомніўся Рымша. Часта, калі ён клаўся спаць, Рымша праходзіў перад яго вачыма ўспамінамі, і ўвесь той вечар як бы паўтараўся зноў. Ён чуў, як бразгае клямка ў дзвярах, на парозе паяўляецца Рымша, за ім ідзе бацька і кідае ў качарэжнік недзе падняты аскабалак. Па падлозе стукаюць боты, Рымша гучна вітаецца, і калі здымае шапку, то відна шырокая, незагарэлая палоса лба... Пасля карціна мянялася. Недзе ў далёкім маўклівым лесе Рымша ляжаў нерухомы, вялікі — быццам адзін на ўвесь свет — гледзячы нежывымі вачыма ў далёкае неба. Па твары поўзае вялікая сіняя муха, а ён не можа сагнаць яе... І тут жа, аднекуль з ночы, выплываў другі твар — нябрыты, драпежніцкі, скрыўлены грэбліваю ўсмешкаю, асветлены ў цемры чырванаватым святлом запалкі.

Петрык тады пытаўся ў бацькі:

— Тата, а ён нічога не крычаў?

— Хто?

— Рымша.

— Ніхто не чуў. Можа, і крычаў. Каб чулі, памаглі б.

Петрык задумваўся, але праз хвіліну пытаўся пра новае:

— Тата, а Восава яны таксама спалілі?

— Хто? — санліва пытаўся бацька.

— Бандыты.

— Ну але, а то хто ж. Адзінаццаць разоў падпальвалі.

— А чаму яны так робяць?

— Бо не любяць нас. Яны хочуць, каб людзі не ішлі ў калгасы. Спі.

Петрык змаўкаў, але не спаў яшчэ доўга. Ён прыгадваў другія выпадкі, чутыя ці вычытаныя ім з кнігі, і сіліўся зразумець, як гэта можна падпальваць сёлы і забіваць такіх добрых людзей, як Рымша? І навошта жывуць дрэнныя людзі? Не, гэта шкодныя людзі, іх трэба не пускаць да нас, іх таксама трэба забіваць,— думаў Петрык.

 

3

У восені шмат прыгажосці. Можна не заўважыць, як пройдзе цалюткі дзень. На дарожных прысадах пачынаюць гарэць жаўталісцем бярозы. Выгінаючыся ржэўнікам, шырока і маляўніча ляжаць пазжынаныя палеткі. На поплаве маўкліва пасецца чарада пярэстых кароў. Курлыкаючы, раздумна ўзмахваючы крыламі, у далёкую дарогу плывуць журавы.

Аднаго разу, ідучы са школы, Петрык з Мішкам спусціліся з моста і пайшлі ўздоўж рэчкі. Па дарозе яны пужалі каля берага маленькіх рыбак, вымацвалі пад слізкімі карэннямі вярбы ракаў. Над чаротам падымаліся качкі. На чоўне ў плёсе праплыў рыбак. Дзень быў пагодны, сябрукі далёка зайшлі і варочаліся назад напрасцяк, паплавамі.

Удава Макарыха перабралася ў калгас, і на яе колішніх выселках пры лесе аставаўся разбураны хляўчук, печ ад перавезенай хаты, некалькі жэрдак плота і зямлянка. Зямлянка была старая, абваленая. Каля яе валялася некалькі цаглін, драўляны абруч і ржавая падкова. Праходзячы каля гэтае старажытнасці, хлапчукі спыніліся. Ім захацелася зірнуць і ў сярэдзіну зямлянкі. Петрык адчыніў набрынялыя сырасцю дзверцы. Дыхнула сапрэлай саломай. З землянога долу падымаўся бледны, кволы храсток бульбы. У глыбіні, укрытая змрокам, стаяла лопнутая, пачарнелая бочка. Хлапчукі хацелі выкаціць бочку на двор. Але да чаго ж вялікае было здзіўленне, калі яны ўбачылі, што ў бочцы, прыкрыўшыся саломаю, спаў чалавек. Ён спаў сагнуўшыся, падкурчыўшы ногі і схаваўшы галаву ў каўнер кажуха. Мішка сабраўся крыкнуць, але Петрык прыкрыў яму рот рукою і даў зразумець, што трэба маўчаць. Чамусьці ён раптам успомніў Рымшу і свае думкі пра нядобрых людзей. Каля бочкі ляжалі мокрыя лапці. Чалавек адпачываў спакойна. Сябрукі выйшлі на двор. Асцярожна прычынілі дзверы і азірнуліся. Кругом нікога.

Петрык папытаўся:

— Ты думаеш, хто гэта?

— Лодыр, ад работы хаваецца,— сказаў Мішка.

— Не, не ведаеш,— таямніча не згадзіўся Петрык.

— А хто?

— Ты ж казаў, што таксама хочаш быць пагранічнікам, а гэта, можа, і ёсць бандыт.

Сябрукі кінуліся бегчы. Яны беглі так, як не бегалі яшчэ ніколі. Але ім здавалася, што бягуць яны вельмі паволі, што зямля перад імі выпучваецца і ногі не могуць зрабіць поўнага кроку. У калгас яны прыбеглі засопшыся, ледзь стоячы на нагах. У вушах яшчэ гуў і разрываўся вецер. Знайшоўшы старшыню, Петрык схапіў яго за руку і страшным шэптам крыкнуў:

— Дзядзечка, у зямлянцы нядобры, чужы чалавек!

 

4

Вельмі шпарка прамчаўся гэты кавалак дня. У зямлянцы чалавека не знайшлі. Бочка была пустая. Каля яе так і асталіся нетутэйшыя лапці. Народу збіралася ўсё больш і больш. Босыя сляды з двара павялі па дарозе, але раптам зблыталіся і прапалі. Сабака, вынюхваючы іх па траве, павёў у лес. З-за лесу выплыла чорная, цяжкая хмара, буйны дождж змыў сляды, і сабака закружыў на месцы. Адна з жанок, падбегшы, сказала:

— Мужычкі, далібог, сама бачыла — пабег забалацкімі кустамі.

У забалацкіх кустах садзіўся густы кастрычніцкі вечар. Два дні цягнуліся пошукі. Чалавек прапаў.

Граніца была насцярожана. Петрык жыў такім трывожным жыццём упершыню. Ён нецярпліва чакаў бацькі, калі той прыходзіў дахаты, і засыпаў яго пытаннямі:

— Ну, як? Не знайшлі? Зноў пойдзеш? Я таксама.

Бацька не ўзяў Петрыка. Але ноччу, калі той варочаўся на варту, нечакана яго нагнаў Петрык. Усю дарогу ён сцежыў за ім і аказаўся толькі тады, калі ведаў, што бацька яго ўжо не верне. Ноч была строгая і ўрачыста маўклівая. Петрык чуў, як гэтае ночы ён станавіўся дарослым.

Лежачы ў кусце разам з бацькам, ён выслухоўваў падазроныя шорахі. Але шорахаў не было.

Урэшце на золку недзе далёка пачуўся стрэл. Петрык ускочыў на ногі. Стрэл паўтарыўся яшчэ і яшчэ. Абганяючы бацьку, Петрык кінуўся туды, дзе пачыналася перастрэлка. Але дабегчы не ўдалося. Неўзабаве на дарогу выйшлі чырвонаармейцы, калгаснікі, яны вялі перад сабою чалавека. Петрык агледзеў чалавека доўгім, па-дзіцячы строгім поглядам і сказаў, сам сябе супакойваючы:

— От бачыш. Я ж казаў, што гэта ён.

1935; 1973