epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Скрыган

Прададзены аўтограф

У букіністычным магазіне гартаю кнігі. Колісь я вельмі любіў шворыць па паліцах, на якіх стаялі старадрукі. Цяпер хадзіць няма калі, дый кніг на самай праўдзе букіністычных няма. Найбольш збываюць непатрэбшчыну, якую купілі учора, а сёння ужо могуць развітацца з ёю. Старыя, папраўдзе дарагія кнігі да магазінаў не даходзяць, іх скупляюць на хаду або непасрэдна ў таго, хто мае патрэбу прадаць, бог ведае якім спосабам пранюхваючы чужую бяду. Бо добрая кніга прадаецца толькі калі напаткае чалавека бяда.

Па даўняй прывычцы часамі я і цяпер заходжу ў букіністычны магазін.

І вось гартаю толькі летась выдадзеную кнігу. Раман. А на ім надпіс: «Дарагому Сяргею. На добры і доўгі ўспамін аб нашай школе і аб нашай самай шчырай дружбе. На дзень тваіх, ужо дарослых, імянін — таксама ад бадай што дарослай ужо Валі».

Я загарнуў кнігу і скоранька выпусціў з рук. Здалося, што на імгненне я ўбачыў тую тоненькую, ласкавую і чыстую дзяўчынку Валю, і ў вачах яе боль, што ўсе мы цяпер чытаем яе надпіс, давераны толькі аднаму чалавеку.

1969


1969