epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Скрыган

Пракурорава слова

— Хто яшчэ хоча выступіць? — пытаўся старшыня сходу, пажылы маёр у адстаўцы, на кіцелі ў якога яшчэ значны былі сляды ад пагонаў.

У зале стаяла нерашучае маўчанне. Адчувалася, што людзі нечым знявераны, што ім цяжка ўзысці на шчыры тон размовы.

— Дык што, больш няма пра што гаварыць? — з папрокам сказаў старшыня.— Прайшоў год работы партыйнай арганізацыі нашага домакіраўніцтва, сёння мы падводзім вынікі гэтай работы, і ў нас няма пра што гаварыць? А пра тое, як мы абслугоўваем людзей і што зрабіць, каб абслугоўваць лепш, гаварыць не варта? Ці, можа, у нас ужо ўсё так складна і ладна, што нічога і папраўляць не трэба? А давайце пагледзімо, можа, у нас часамі яшчэ і бюракрат сядзіць, і чыноўнік, хоць маленькі ды паганенькі, як усякі перажытак. Хіба не бывае, скажам, у нас, што чалавеку трэба на кухні перамяніць кран, а мы робім выгляд, што не можам дастаць таго крана, валаводзімся, каб даражэй садраць з чалавека? Нарэшце, можа, на нашым клопаце павінна ляжаць і тое, як людзі засяляюць новыя дамы, як будуць жыць там, ці ўсё будзе іх радаваць? Клопат пра чалавека павінен быць пашаю найпершаю нормаю, вось з якога боку трэба абмяркоўваць нашу работу. А мы сёння ўсе няшчасці ўбачылі ў гэтых дурных грашах і ў мітрэнгу гатовы ўблытаць нават пракурора.

Гісторыя з дурнымі грашыма, як назваў іх старшыня, была папраўдзе не вельмі зграбная. Сёлета домакіраўніцтва пераехала ў новы дом, у чыстых, светлых пакоях якога лёгка размясціліся ўсе аддзелы. У зальцы, дзе ішоў гэты сход, меркавалася зрабіць чырвоны куток. Ахвоча склалі каштарыс, каб прыдбаць сюды не толькі мэблю, а і гульні, кнігі, тэлевізар, усё тое, што арганізоўвае чалавеку і добры настрой, і адпачынак, і аказалася, што ўсё гэта дарэмна. Пад той зручнай прычынай, што домакіраўніцтва можа пачакаць, райвыканком за гэтыя грошы купіў мэблю ў кабінет свайго старшыні.

І вось, як толькі маёр у адстаўцы папрасіў, каб сход не адхіляўся ад тэмы, у зальцы спаважна паднялася пажылая жанчына з моднай, высока ўзбітай прычоскай, у зялёным плацці, глыбока адкрытым на спіне, і з вялікім пярсцёнкам на сярэднім пальцы правай рукі. Гэтаю рукою яна паправіла прычоску і абмахнула плацце на грудзях, як бы абхарошваючыся перад люстэркам. Яна не выйшла да трыбуны, як гэта робіцца звычайна, бо трыбуны і не было. Зальца выглядала няўтульна і бедна, у прэзідыуме стаяў невялікі столік, пакрыты чырвонаю крамнінаю, а на ёй — графін з вадою і шклянка.

— Таварыш старшыня вельмі правільна звярнуў нашу ўвагу, што нам трэба дбаць, як людзі засяляюць дамы,— сказала жанчына да прэзідыума.— Але, таварышы,— тут яна павярнулася ў зальцу,— чаму на нашых вачах робяцца злачынствы, а пракурор не бачыць іх? Дапусцім, ён не ведаў, што выканком забраў нашы грошы. Але ж пра тое, што Гузоўская самаўпраўна заняла кватэру, ён ведаў, і не толькі не выселіў і не аддаў пад суд, а нават заступіўся за яе. Пракурор, таварыш Кульбацкі, прысутнічае ў нас як прадстаўнік райкома, сядзіць у прэзідыуме, дык няхай раскажа, як ён абыходзіць законы. Да гэтага часу на тую Гузоўскую не знойдзена ўправа. Гэта ж бандытка, вунь паглядзіце, што яна зрабіла з домакіраўніком — увесь у бінтах!

У зальцы стала так ціха, што чутно было, як пракурор перагарнуў старонку блакнота і пачаў пісаць у ім. Вокны з зальцы выходзілі на двор — ён быў яшчэ пусты, не абжыты, на свежым пяску нават не паспела пабрацца трава. Стаялі тры маладыя, толькі сёлета пасаджаныя ліпкі, за іх рэдзенькім лісцем прасвечвалі жалезныя вароты нізкіх самадзельных гаражоў. У крайнія, адчыненыя задам уязджаў смарагдавы «масквічок», і гаспадар яго, вываліўшыся ў адчыненыя дзверцы, глядзеў, каб машына не зачапілася за сценкі.

І двор, і ліпкі, і «масквічок» у варотах гаража жылі як бы самі па сабе, у другім, нерэальным свеце, у нейкім бакавым зроку ўвагі, бо ўсе цяпер бачылі толькі адно — домакіраўніка. Ён сядзеў на пярэднім крэсле з высокаю, перавязанаю белымі бінтамі галавою. Да гэтага часу ніхто пра Гузоўскую не ведаў, і на перавязку ў домакіраўніка глядзелі зусім іначай. Думалі, можа, выцяўся, можа, болька якая ўскочыла, ці мала чаго можа здарыцца з чалавекам. А тут, аказваецца, вельмі сур’ёзна.

— Таварышка Браслаўская, пра якую Гузоўскую вы гаворыце? Раскажыце, каб мы зразумелі толкам,— папрасіў старшыня сходу.

Але падняўся і павярнуўся на зальцу домакіраўнік — перавязка наўскасяк абвівала яго лоб і спаўзала на скроню, прыкрываючы левае вока і пляміну разлітае пад ім сінізны.

— Я, таварышы, магу расказаць, як гэта было...

Карціна раскрывалася невясёлая. Дзён колькі таму назад, ідучы вуліцаю, домакіраўнік быў уражаны і здзіўлены, што на двары невялікага драўлянага дамка, з якога толькі ўчора выселілі людзей па аварыйнасці, гаспадарыць незнаёмая жанчына. Аб вушак яна выбівала вылінялую коўдру, каля ганка стаяла мокрае вядро з уваткнутым у яго венікам. На домакіраўніка яна зірнула непрыязна, назвала сябе — Гузоўская — і заявіла, што хоць усялілася сама, але выязджаць і не думае. Гаворку пачала ціха, але вельмі лёгка раскрычалася, і, ведаючы, што сваёю сілаю тут нічога не зробіш, домакіраўнік заспяшаўся да пракурора.

Увечары, маючы санкцыю на высяленне, ён прыйшоў разам з міліцыянерам. На стук у дзверы Гузоўская выйшла і тут жа, стаўшы на ганку, прычыніла іх і прыціснула спінаю. Ясна, што яна наважылася не пускаць у дом прадстаўнікоў закону. Домакіраўнік ускіпеў, цяпер пачаў крычаць ужо ён, грозячы, што калі яна не выселіцца дабром, то зараз ён сам павыкідае на вуліцу ўсе яе транты. «Не пушчу! — уліпшы спінаю ў дзверы, распяўшы па іх рукі і пекучы раз’ятранымі вачыма, глуха гаварыла жанчына.— Хоць забіце, не пушчу, я таксама чалавек, і мне жыць недзе трэба». Мабыць, напужаўшыся чужога крыку, за дзвярыма паднялі плач дзеці. Домакіраўнік ірвануў за дзверы, паспрабаваў адціснуць жанчыну; яна на нейкую хвіліну хіснулася ўбок, і тут жа домакіраўнік пачуў, як яго скроні кранулася гладкая качалка.

Сведак мець не было ніякай патрэбы; хоць маўкліва, але прысутнічаў і ўсё бачыў міліцыянер, і да пракурора пайшоў новы дакумент па ўсёй форме крымінальнага заканадаўства, які даваў права цяпер не толькі выселіць, а і пакараць жанчыну. Аднак жа і да гэтага часу яна жыла ў тым дамку, і пракурор не чапаў яе. Вось як выглядала гэтая гісторыя.

Не дзіва, што ў зальцы ўсё больш і больш нецярпліва пачыналі шумець, гамонка глуха перакочвалася з месца на месца, напаўняючыся абурэннем. На пракурора глядзелі цяпер зусім па-новаму: не толькі недаверліва, а нават падазрона. Як ён мог называцца пракурорам, а яшчэ больш — як сёння мог быць прадстаўніком райкома? І найбольш абурала, што гэты чалавек сядзеў у прэзідыуме, сашчапіўшы рукі на чырвоным сукне, і спакойна глядзеў у зальцу, як бы ўся гэта гаворка ішла не пра яго. Спакойна сядзеў, сашчапіўшы рукі, і ганяў укруга адзін за адным два верхнія адстаўленыя пальцы — усё роўна як насміхаўся.

— Трэба прасіць, каб райком партыі ўмяшаўся ў гэта! — крыкнуў нехта.

— Няхай домакіраўнік падасць у суд на пракурора. Не на Гузоўскую, а на пракурора!

— Дык як жа гэта зразумець, таварышы? — пытаўся яшчэ нехта.— Таварыш пракурор... таварыш Кульбацкі, можа б, вы расказалі народу, што ўсё гэта значыць?

Галасоў было многа, за тлумам і гаманою іх нельга было разабраць.

Старшыня пастукаў алоўкам па графіне. Сакратар, седзячы поруч і перажываючы з-за такога нялюдскага абмеркавання яго даклада, стараўся не глядзець у залу.

Пракурор падняўся, не чакаючы, пакуль яму дадуць слова. Выйшаў за край чырвонага стала — высокі, яшчэ малады, але раздабрэлы, што вельмі не пасавала яму.

— Адкажу на першае пытанне, таварышы,— сказаў ён і, адвярнуўшыся, кончыкамі пальцаў паправіў разгорнуты на стале блакнот.— Грошы на чырвоны куток вам будуць вернуты. Мы разглядалі на бюро райкома. Мэблі чапаць не будзем, няхай сабе выканком карыстаецца ёю, а старшыню... яму за гэта як след нагарэла.

Пачакаў, зноў адвярнуўся і паправіў блакнот. Відаць, не ведаў, з чаго пачаць далей.

— Пра Гузоўскую. Правільна, яна самавольна ўсялілася і прычыніла домакіраўніку, як ён піша, «цялесныя паўраждзенні». На гэта ў мяне ёсць дакументы. Значыць, так. Але чаму да яе не прыняты ніякія меры?

Яшчэ раз павярнуўся да стала, але блакнота не паправіў — тут ужо плынь гаворкі пайшла сама сабою.

— Таго ж дня, як у пракуратуру паступілі дакументы,— свежым, упэўненым голасам пачаў пракурор,— я ўзяў з сабою следчага, і мы пайшлі да Гузоўскай. Прызнаюся, я быў вельмі абураны і нават баяўся, што буду занадта строгі. Следчы быў у курсе справы і ўжо таксама загадзя ведаў, як напіша пратакол. Дзверы адчыніла сама Гузоўская, мы ўвайшлі дзелавіта, можна было адразу пазнаць, што прыйшлі мы не ў госці. Гузоўская паглядзела на нас і нічога не сказала, яна ціхенька апусцілася за стол і заплакала. Што было нам рабіць? З чаго пачынаць? Следчы глядзеў на мяне, а я памятаў, што мне трэба быць строгім.

З бакоўкі выйшла двое дзяцей: хлопчык гадоў шасці і дзяўчынка гадоў трох, вельмі бледная і тоненькая. Мне гэта кінулася ў вочы, тады я ўгледзеў, што хлопчык таксама мог бы быць куды здаравейшы на свае гады, што і жанчына змардованая і знясіленая, нават узрушанасць не ажывіла яе шчок. Я зразумеў, што ў гэтай сям'і пасялілася вялікае гора.

Дзеці абступілі яе з бакоў, жанчына абняла іх, але тут жа адправіла назад, сказаўшы, што мы харошыя дзядзькі, нічога ліхога не зробім і няхай яны сабе спакойна гуляюць.

— Куды ж мне цяпер ісці? — папытала жанчына як бы ў самое сябе.— Што ж мне з імі рабіць? Я ведала, што рабіла нядобра... Толькі дзеля іх, мне нічога самой не трэба. А цяпер — куды дзенуся?

Апроч століка, за якім сядзела жанчына, у доме не было бадай што нічога: стаялі дзве табурэткі, у кутку чамадан з адчыненым векам і параскіданымі каля яго дзіцячымі цацкамі, пры парозе ў бакоўку — цэлулоідная лялька з адломанымі рукамі.

Я ўспомніў, чаго прыйшоў, і акінуў вачыма кватэру. Гэты дом даўно чакае, каб яго знеслі. Пакуль там жылі людзі, усё яшчэ ліпела і магло выглядаць іначай — было то падмазана, то заткнёна, то заклеена шпалерамі, а цяпер усё агалілася, з правалін у падлозе несла сырою парахнёю; у такіх дамах мы, дзякуй богу, ужо стараемся не жыць. Увосень, падумаў я, калі пачне ўсё мокнуць, альбо зімою, у лютую халадэчу,— чым тут усё гэта абсушыш ды абагрэеш? І што будзе з дзецьмі? Жывучы тут, ды яшчэ ў нястачах, можна спадзявацца толькі на хваробы і немач. Я зразумеў, што следчы мне тут не паможа, што ён лішні тут, і адпусціў яго. Мне хацелася пабыць у гэтай сям'і аднаму.

Пракурор цяпер больш не паварочваўся да стала, не папраўляў блакнота і нават не зазіраў у яго. Ён выйшаў яшчэ больш наперад, засланіўшы сабою прэзідыум, і тое, што ён яшчэ малады, але раздабрэлы, цяпер вельмі пасавала яму. Стала відно, што па скронях, нядаўна падстрыжаных, упарта прабіваецца сівізна,— і гэта было яму да твару.

— Усе ведаюць, што я пракурор,— пасля маленькае нахмуранае паўзы гаварыў далей Кульбацкі,— але, мабыць, мала хто дапускае, што кожны пракурор — перш за ўсё чалавек. Павінен быць перш за ўсё чалавекам! І камуністам! Дарэчы, ці быў хто з вас у гэтай жанчыны? Ці бачыў яе? Ці ведаеце вы, хто яна такая, як і з чаго жыве, дзе працуе, чаму ўсялілася ў гэты дом, якая ў яе сям’я? Мабыць, ніхто не цікавіўся гэтым. То якое ж мы маем права так строга гаварыць пра яе — «бандытка, разбойніца, яе трэба судзіць»? Калі б мы ўсё ведалі, то сёння, мабыць, прыйшлося б гаварыць тут не пра яе, а пра нас, таварышы. І судзіць не яе, а каго-небудзь з нас, што мы забыліся на першы свой абавязак — быць чалавеку братам. Можа, таго самага вашага домакіраўніка, які дзеля жаласлівасці тут — такі ўжо нядошленькі! — пастараўся выставіць сваю перавязаную галаву. Толькі ён забыўся сказаць, што на качалку сам наляцеў, калі штурхануў Гузоўскую, а тая ўзмахнула рукамі, каб не ўпасці. Або тую ж таварышку Браслаўскую, якая, нічога не ведаючы, так весела патрабавала кары. Каму-каму, а ёй, як жанчыне, варта было ў першую чаргу ўсё ведаць пра Гузоўскую. Не вельмі добра выглядае тут і ваш сакратар, які да гэтага часу не параіўся з вамі і занадта паверыўся на домакіраўніка...

Дык хто ж такая Гузоўская? Перш за ўсё маці. Лёс яе склаўся не зусім удала: муж п’яніца, лайдак і дармаед. Увесь час туляўся ад работы. Абкрадаў жонку, хату, дзяцей. Чыніў бясконцыя п’яныя гідоты, тэрарызаваў і бэсціў сям’ю. Калектыў прамкамбіната, дзе яна працавала, таксама нічога не ведаў, яна старалася нічога не выносіць на людзі, хацела быць гордай, у гэтым была яе высакароднасць і бяда. Каб выратаваць дзяцей ад нядобрага маральнага ўплыву, яна магла зрабіць толькі адно: усё ўзяць на сябе, пакінуць п’янае мужава кодла. І от, як толькі надарыўся выпадак, яна ўсялілася ў гэты дом, пра які мы сёння гаворым. Гэта наша няшчасце і ганьба. Зранку сяк-так на бягу даглядае дзяцей і спяшаецца на работу. Дзяцей пакідае на суседак. Як вы думаеце, ці можа спакойна працаваць маці, пакінуўшы гэтак дзяцей? А яна працавала, мы ніхто не ведалі пра гэта, і нікому яна не паскардзілася...

Я пайшоў ад яе з адчуваннем цяжкай віны. Тут жа далажыў на бюро. Мы зрабілі ўсё, што маглі: дзеці цяпер ходзяць у садзік. І заўтра яна павінна выселіцца — ёй далі кватэру ў новым доме... Вось і ўсё, што я мог сказаць.

Пракурор ужо сеў на сваё месца, загарнуў і палажыў у кішэню блакнот, а ў зальцы стаяла і стаяла нарэшце такая патрэбная ўсім цішыня...

1961


1961