epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Скрыган

Прыкрасць

Часта я сустракаў чалавека, каторага, нават сам не ведаючы чаму, паважаў. Усё мне падабалася ў ім: і манера адзявацца — вельмі проста і сціпла; і хада — упэўненая, спакойная; і рост — невысокі, але нейкі ладны, дужы; і чыста паголеная галава з харошымі лініямі чэрапа, загарэлая, як бронза.

Усё гэта звычайныя чалавечыя рысы, але от так жа бывае, што наша ўяўленне само дарысоўвае тое, што патрэбна яго эстэтычнаму густу. У гэтым чалавеку я бачыў увасабленне ўсіх лепшых якасцей: сціпласць, духоўную зграбнасць, яснасць розуму, волю — усё тое, што складае высокую чалавечую годнасць. Звычайна больш за ўсё я бачыў на ім лёгкае паліто вольнага крою, і нават складкі, што свабодна падалі ад плеч да долу, таксама падабаліся мне. Яны былі ўласцівы нібы толькі гэтаму паліту і маглі выказваць характар толькі гэтага чалавека. Аднойчы я ішоў за ім некалькі кварталаў, па рухах, паставе і жэстах стараючыся разгадаць, пра што ён гаворыць са сваім прыяцелем. Мне здавалася, што яго размову з вялікаю ахвотаю хацеў бы паслухаць кожны, бо ён не мог — гэта было б не ўласціва яму — гаварыць абы-што. Часам ён жэстам спыняў прыяцеля, каб той уважліва выслухаў тое, што трэба было лічыць асабліва важным у гаворцы.

Я ведаў пра яго толькі адно: што ён мастак. Вядомая рэч, што сам сабе я ўяўляў і яго карціны. Гэта былі палотны незвычайнай яркасці, глыбіні і сілы. У іх чыталася эпоха і лёс народа, як у Рэпіна, Сурыкава ці Сярова; або хвалявала да болю знаёмая і толькі цяпер убачаная спрадвечная краса нашай прыроды, як у Левітана. Не дзіва, што з нецярплівасцю я пайшоў на мастацкую выстаўку, як толькі даведаўся пра яе. Я ведаў, што пазнаёміўшыся з ім мы станем найлепшымі сябрамі.

Выстаўка займала некалькі вялікіх залаў. Сцены былі ўвешаны палотнамі ў рамах з залачонага багету, залы ўстаўлены скульптурнымі і разьбянымі работамі. Як гэта звычайна бывае, у такіх мясцінах адчуваеш нейкую асаблівую ўрачыстасць. Тут, як у храмах, пануе трапяткая цішыня, і людзі, баючыся парушыць яе, пераходзяць ад карціны да карціны нячутна, гавораць шэптам. Роўнае, спакойна разлітае святло падкрэслівае святасць пашаны да таго, што створана ў самыя высокія хвіліны чалавечага роздуму.

Выстаўка была прысвечана змаганню чалавецтва за мір на зямлі. Побач з карцінамі, якія ўслаўлялі радасць жыцця і працы — і панарамы будоўляў, і пейзажы дзівосных куткоў Беларусі, і шчаслівую ўсмешку першага мацярынства, і кіпучую гронку бэзу, і прасторы палёў, і блакіт неба,— побач з гэтымі карцінамі віселі і другія, як напамінак, што ўсё гэта, дарагое і кроўнае, трэба абараняць. На палотнах дыміліся папялішчы сёл, гнеўна нямелі руіны гарадоў, у паветра ўзляталі стальныя фермы мастоў, як абрубкі рук, падымалі ў неба аголенае рэдкае сучча спустошаныя лясы...

Я быў рад, што наведаў выстаўку. Гэтыя кантрасты хараства мірных дзён і жахаў вайны яшчэ больш глыбокім рабілі адчуванне Радзімы. Поўны гэтага ўсведамлення, я збіраўся ўжо выйсці, як увагу маю прыцягнула невялікая групка людзей, што тоўпіліся ў канцы апошняй залы і ўсхвалёвана спрачаліся.

Я зразумеў, у чым рэч: спрэчка ішла пра карціну, якая вісела нізка на сцяне на жоўтым аркушы паперы без рамкі, напісаную спехам, рэзкімі мазкамі акварэлі. На першым часе яна ўспрымалася як набор выпадковых мітуслівых фарбаў і плям, і толькі паступова можна было разабраць, што плямы азначалі ўсход сонца, рэчку і, мабыць, нейкія дэталі пейзажа і з’яўляліся фонам да галоўнай — фігуры жанчыны на пярэднім плане. Жанчына, бясспрэчна, была задумана мастаком для паказу падгледжанага чалавечага хараства. Але, напісаная ў манеры неахайнай лёгкасці, яна выглядала як нешта вельмі ўмоўнае, знарок хваравіта парушанае і перабольшанае ў сваіх прапорцыях і формах, так, як гэта бывае, калі бачыш адлюстровак у неспакойнай, пакаламучанай вадзе. Карціна называлася «Першы мірны дзень», але нічога не мела агульнага з гэтай тэмай.

«Ды гэта ж нешта вельмі бездапаможнае»,— падумаў я і тут жа разгубіўся, прачытаўшы пад карцінаю прозвішча таго чалавека. Мне стала непамысна. Стала нечага шкода — можа ашуканага свайго паважання.

Я пайшоў з выстаўкі з адчуваннем крыўды. І аднойчы, сустрэўшы гэтага чалавека, здзівіўся: усё ў ім было не тое. І ў паголеным бронзавым чэрапе, і ў хадзе, і ў фігуры, і нават у складках паліта я ўбачыў напышанасць, самаздаволенае мяшчанства і пустату.

1933; 1958