epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Скрыган

Пусты кошык

Яшчэ раз перапытаўшы, ці ўсе ўзялі білеты, шафёр загарнуў сваю зашмальцаваную папку, нацягнуў на яе гумку і павярнуўся на сядзенні, каб узяцца за руль. У гэты час да аўтобуса падбег міліцыянер і папрасіўся падвезці яго да Маладзечна.

— Толькі загадзя кажу, таварыш шафёр, што еду я на правах прыватнага пасажыра і грошай у мяне ў кішэні рублёў з восем. Не хопіць на поўны білет, ну але ж зрабі ласку — падвязі. Так выйшла, што быў у дарогах каторы дзень, абязгрошаў.

Шафёр падумаў, пачухаў патыліцу. Згадзіцца — няёмка перад другімі. Усялякія ж ёсць людзі, другі скажа — а чаму з мяне ўзяў? Адмовіць — нязручна перад сабою: чалавек жа, а з усялякім можа быць такая нагода.

— Ды я-то мог бы. А от калі кантралёр наскочыць? Мяне не пахваліць, і вам не паздаровіцца.

— Не, я ўжо на сябе ўсё вазьму. Уваж, чалавеча.

Шафёр зноў разгарнуў зашмальцаваную папку, акуратна нажніцамі адрэзаў яшчэ адзін білет.

— Калі што, то скажаце, што едзеце не ад Мядзеля. А калі дзе ўпачатку наскочыць, то скажаце, што да Вілейкі ці да якога там бліжэйшага сяла. Я вам такі білет дам, без маршруту, каб можна было выблытвацца. Словам, самі ўжо здагадвайцеся, па акалічнасці.

Так ужо заведзена ў нашага чалавека, што ён не любіць пакідаць другога ў бядзе. Лёгкай, шумнай гаворкай пасажыры выказалі поўную згоду з такім дыпламатычным вырашэннем справы.

Без канца можна ехаць селавымі дарогамі і ніколі не перастаць любавацца наваколлем. Мінулася невялічкае азярко, што краем падступіла да самай дарогі. Па нізкім травяністым беразе вузенькая сцежачка вяла да прымкнутага чоўна. Так і здавалася, што тут ад шуму нашай машыны падымуцца і закружаць імклівыя куртатыя качкі. Пасля пацягнуўся шырокі поплаў з тою празрыстаю сінізною далечы, ад якой замірае сэрца. Кіламетры праз тры пачаўся лес, і тут адразу стала спакойна і ціха. Можа, таму беларускі чалавек прывык да роздуму і жыццёвай разважлівасці, што спрадвеку знаўся з лясамі. Прырода ўмее гаварыць і ствараць і настрой, і лагоду, толькі трэба ўмець яе слухаць. Здаецца, усё адны і тыя ж то сосны з чырвонымі гонкімі стваламі, то падлесак з кустамі арэшніку ці чаромхі, а глядзіш і глядзіш, як мінаецца ён, і кожны раз усё нова, і свежа, і хораша. То мільганула палянка, то прыступіў аж да самай дарогі звінючы бор, і ствалы яго доўга прасвечваюць, перабягаюць і хаваюцца адзін за адзін, нібы хочучы перагнаць цябе і зноў выскачыць і стаць там, наперадзе, перад табою. То пні, паточаныя шашалем, з карою, што валяецца тут жа на доле, і па ёй поўзаюць мурашкі; то малады, радкамі пасаджаны хвойнік, з мяккім, сіваватым колерам ігліцы. То голы, усыпаны шышкамі дол, то параснік траў, верасоў, дзеразы, такі ласкавы, што хочацца пайсці пахадзіць па ім.

Як толькі скрануліся з месца, міліцыянер, прайшоўшы да задніх лавак, папрасіў прабачэння ў маладога чалавека, знячэўку штурхнуўшы яго. Чалавек сама што загаварыў з дзяўчынаю на пярэдняй лаўцы і толькі сабраўся ўсміхнуцца ёй, але ўсміхнуўся міліцыянеру, ахвотна прыбраў свой невялічкі чамаданчык, з якім звычайна ходзяць спартсмены і студэнты, пасунуўся і даў месца.

— Сядайце, калі ласка.

— От каму-каму, а міліцыянеру-то я б і не паспагадала,— заўважыла жанчына, што сядзела на лаўцы з другога боку. На каленях у жанчыны быў кошык, завязаны зверху рабою хусткаю, але відаць, што парожні. У ёй можна было прызнаць калгасніцу сярэдняга дастатку. Мабыць, у Мядзелі яна сёе-тое прадала і варочалася дахаты. Гадоў ёй было так за сорак, і выглядала яна вельмі рухава. Сказаўшы, яна акінула вачыма аўтобус, і на твары яе засвяцілася жартаўлівасць. Можна было здагадацца, што загаварыла яна, каб завязаць толькі гаворку.

— Чаму ж так, цётачка? — папытаўся міліцыянер.— За нешта вы, мабыць, сярдзіты на нас.

— Бо такая ў вас заслуга. Вам абы страх на людзей наганяць: то не так ступіў, то не так павярнуўся, то не так сказаў, то яшчэ якая правінка — плаці штраф! Што, мо не, скажаце? — жартаўліва акінула яна аўтобус.

— Значыць, толькі дзякаваць трэба! Каб парадку чалавек пільнаваўся, а такая навука нашаму брату патрэбна! — умяшаўся мужчынскі голас ззаду. Пасажыры азірнуліся, бо голас быў не жартаўлівы. Гаварыў чалавек стары, перад сабою трымаў арэхавы кіёк. Акурат такія дзядкі былі раней інспектарамі па якасці ў добрых калгасах. Была ў яго чыста выбрытая барада, доўгія вусы і шырокія цяжкія бровы. Вочы глядзелі быстра.

— Калі ж бо занадта многа парадкаў гэтых завялося,— не на жарт ужо сказала і жанчына.— Аб іх, куды ні ступі, як у лесе за пень, зачэпішся.

Машына імчыць, гудзе, адкрываючы на кожным павароце ўсё новыя і новыя дзівы. Здаецца, што ты чуеш і вільгаць, і пахучую парнасць сонца, і незлічоныя перамешаныя лясныя пахі — і грыбоў, і смалы, і ягад, і лісця, і — нават вятроў. Лясныя вятры таксама пахнуць — нечым такім глыбокім і бясконца знаёмым, што вечна хвалюе. Машына імчыць і гудзе, а ўсё роўна ты чуеш, што недзе ў верхавінні на розныя лады звіняць і пяюць птушкі, а ўнізе ідзе і ідзе няўтомная работа жыцця: то снуюць мошкі, то точыць парахню чарвяк, то дыша і праціскаецца пругкі, напоўнены сокамі ліст.

Апроч дзядка і жанчыны ў аўтобусе пасажырамі былі найбольш селавыя інтэлігенты або прадстаўнікі той шырокай, універсальнай цяпер прафесіі, што называюцца камандзіровачнымі. Іх адразу пазнаеш па нейкай няпэўнай характэрнасці,— мабыць, па здольнасці вельмі прывычна адчуваць сябе ў любых умовах.

У дарогах знаёмяцца вельмі лёгка, найбольш за ўсё тыя, хто любіць заглянуць у незнаёмы свет чужой душы. То там, то там пачнецца далікатная першая гаворка, асабліва калі будзе сядзець жанчына. У дарогах сустракаюцца людзі розных узростаў, прафесій, прывычак, характараў, схільнасцей, і кожны з іх — гэта толькі свой, асаблівы, нідзе не паўтораны вобраз, толькі свой, ні на кога не падобны духоўны свет. Адзін будзе глядзець за акно, каб не прапусціць ні аднаго кадра з найдзівоснейшага фільма прыроды. Другі, прывычны ў дарогах, адразу застыне на сваім месцы і будзе ехаць сотні кіламетраў моўчкі, як загадка, паглыблены ў свае думы. Думы ў чалавека ніколі не перастаюць працаваць — з іх сплецена ўсё чалавечае жыццё. Трэці не можа, каб, будучы сярод людзей, маўчаць хоць на хвілінку, ён будзе гаварыць так, каб яго чулі ўсе, не цікавячыся нават — слухаюць яго ці не. Найлепшая ўцеха яму адчуваць, што ён не адзін, што ад яго агеньчыка грэюцца ўсе, каму хоць трошкі халаднавата. І няважна яму — будуць яго ўспамінаць ці не, бо ўсё роўна кропелька яго недзе астанецца ў другім як памяць бясконцых чалавечых сустрэч. Так кожны заўсёды заняты пошукамі свайго аблічча. Аднак жа ўсе пачулі, што ў дзеда з жанчынай пачынаецца сур’ёзная размова.

— Першы раз чую, каб людзі парадкаў баяліся, кабеціна,— непахвальна сказаў дзед.

— А гледзячы якіх, дзядзечка,— жанчына павярнулася на сваім сядзенні вельмі рухава, на твары і следу не асталося жартаўлівасці.— Бываюць жа і разумныя і неразумныя парадкі.

— Як гэта так?

— А так! От, скажам, парадак у нас адзін, а не ўсе ж людзі роўна жывуць. Праўда ж? І не аднакава ўсім шанцуе. Адзін — як сыр у масле пялегуецца — усё яму можна, усяго хапае. І на людзях ён знакаміты, і да начальства дарогу простую мае. Адна любата глядзець на яго! Кругом яму і пашана, і спагада: і пасобяць яму, і паспрыяюць. А другі, бывае,— пад такою планетаю, ці што, народзіцца? — як ні таўчэцца ўвесь век, а ўсё яму не шанцуе. І хоць ён прападзе няхай, то нікому да яго і клопату няма.

— То якую ж раду гэтаму гору вы хочаце даць, цётачка? — запытаўся міліцыянер. — Тут жа мы, міліцыянеры, ужо не вінаваты?

— А бывае, што і вінаваты. Бо першаму можаце і добранька пакланіцца, і дзе трэба якую папуску даць. А на другога адразу пратакол напішаце. Што, мо няпраўду кажу?

— Няпраўду, вядома. Калі мы на каго пратакол складаем, то нават не ведаем,— багаты ён ці не.

— І гэта дрэнна, а трэба ведаць! Бо калі багаты што мудруе — то здуру, а бедны — ад беднасці свае. Гэта трэба ведаць адразу.

— А пра якіх гэта багатых і бедных ты гаворыш, кабеціна? — запытаўся дзед.— Калі былі багатыя ды бедныя — даўно мінулася.

— Мінулася, ды не вельмі. Можа, у вас дзе мінулася. А я от пра сябе скажу: чаму гэта ў калгасе я маю права карову трымаць, а сенажаці на яе не даюць?

— Як не даюць? Павінны даць! Працэнты! Дзесяць працэнтаў жа ты маеш права палучыць ад пакошы?

— Ага, маеш права,— жанчына паправіла хустку.— Але ж іх запрацаваць трэба, а ці кожны гэта можа зрабіць? У мяне от няма ні работнікаў у сям’і, ні свае тае сілы ўжо не асталося, то што мне — прападаць трэба? Не конча працэнты, можна было б і дзялянку даць. Або, скажам, ну хіба гэта добра зрабілі — узялі ды ўчасткі пры сядзібе абрэзалі!

— Чакай, кабеціна, тут трэба разабрацца,— дзед дастаў акуляры, але надзеў іх на самы кончык носа і зірнуў на жанчыну паўзверх іх.— Тут нешта трошкі не так. От скажы ты мне: то вы ж самі гэта рабілі?

— Што? — не зразумела жанчына.

— Ну хоць бы ўчасткі. Што, вам загадалі ці вы самі гэта — і на сходзе абмеркавалі, і пастанову прынялі?

— Ды самі, вядома, я пра гэта нічога не кажу,— памаўчаўшы, сказала жанчына.— Але можна было паглядзець, як хто жыве. Можа, у каго можна было і не чапаць. Бо ў аднаго, скажам, і работнікаў у сям’і поўна, і працадзён гэтых хапае — ён бог ведае чаго напалучае. Ну, а як, скажам, у другога чамяры гэтай, дзятвы, поўны двор дый сам ледзьве ў целе трымаецца, то таму можна было б і палёгку якую даць. А можа, нават і памагчы. От у мяне, скажам,— капейкі ніколі за душою няма, а што мне — жыць, як другім, не хочацца?

— От гэта ты праўду кажаш, кабеціна,— пагадзіўся дзед.— Вядома, пакідаць чалавека ў бядзе нельга, а калгасам можна і памагчы. Не так ужо гэта і цяжка.

— От я ж і кажу,— павесялела жанчына.

— Але ж вы самі гаспадары, і самі ўсё гэта рашыць павінны. У вас жа ёсць свае ўправіцелі — і праўленне, і сход, і старшыня. Не так ужо гэта і цяжка, кажу.

— Ой, каб так усё гэта рабілася, як гаворыцца. А то хіба вы не ведаеце, як з гэтымі старшынямі бывае?

Жанчына задумалася. Ёй і праўда захацелася паспачуваць. Кожнаму падумалася, што доўга яна, мабыць, была нечым пакрыўджана і от да гэтага часу не можа яшчэ акрыяць. Прабачліва зразумелі, што нават і старшыню яна ўспомніла толькі як старую больку, якая хоць і зажыла, але яшчэ доўга карціць. Цяпер лепш заўважылі, што, і праўда, адзета яна хоць чыста, але бедна. Нават кошык і той пусты.

Праехалі лес, зноў шаша пайшла між палёў па прысадах то старых, то маладых. Мабыць, ад вятроў прысады пахіліліся ўсе ў адзін бок і забягалі далёка, як хапала воку глядзець, хістаючы паапусканым уніз, як каснікі, галлём.

Раптам аўтобус сцішыў ход — на дарозе стаяў чалавек з паднятаю рукою, і ў руцэ была такая ж, як у шафёра, перацягнутая гумкаю папка. Толькі шафёр узяўся за ручку (доўгую, як гэта бывае ў невялікіх аўтобусах маркі «ГАЗ-51», прымацаваную каля шафёрскага сядзення), толькі ўзяўся за ручку, каб адчыніць дзверцы, як жанчына выхапіла з-за пазухі рубель і працягнула наперад.

— Шафёр, сынок, на скарэй грошы, дай білет!

Але чалавек ужо ўскочыў у аўтобус.

— Позна,— сказаў ён жанчыне, заўважыўшы рубель у працягнутай руцэ.— Трэба было трошкі раней. Спазнілася, цётачка.

Шафёр здзіўлена паглядзеў на жанчыну: няўжо ж яна не брала ў яго білета?

Кантралёр узяў у шафёра папку, праверыў усё тое, што належыць правяраць кантралёрам, і папрасіў пасажыраў падрыхтаваць білеты. Аўтобус пайшоў далей.

— А вас, цётачка, прашу ўзяць білет і адразу ж заплаціць пяць рублёў штрафу.

— Што ты, сынок, адкуль жа я вазьму грошай? — сказала жанчына з той жа жартаўлівасцю ў твары, з якой пачынала гаворку.— От ёсць рубель, то і вазьмі яго, я ж яго і шафёру давала.

— Позна давала, дый малавата. Плаці, цётачка, не спрачайся, бо будзе горш.

Кантралёр, поўны, дужы хлапчына гадоў дваццаці шасці, у туга нацягнутай тэнісцы, з зачэсанымі назад валасамі і аж да белага выцвілымі бровамі на загарэлым твары, паволі пераходзіў ад лаўкі да лаўкі, праглядаў у кожнага білет, складаў яго ўдвая, надрываў і варочаў пасажырам. Жанчына сядзела, у руках пад кошыкам трымаючы свой рубель. Яна то згортвала яго, то разгладжвала. Ну, што ты зробіш, калі больш няма? Не пазычыш жа ў незнаёмых людзей! А калі б хто і пазычыў, то дзе і калі аддасі яму?

— Плаці, плаці, цётачка, не чакай, каб горш было. Так я цябе ўсё роўна не пушчу.

— Ды няўжо ж ты папраўдзе, сынок? Што ў цябе — ні сэрца, ні сумлення няма, каб ты мяне да сораму даводзіў? Дзе ж я табе вазьму? — ужо ўстрывожана гаварыла жанчына.

— Дзе хочаш бяры, я нічога не ведаю. А што ж ты думала, калі садзілася?

— Ну, не села б, дык пехатою пайшла б. Няўжо ж табе лягчэй было б ад гэтага? Я ж табе — маці!

— Нічога не ведаю, кажу. Я чалавек пры службе, а не на ігрышчы. Майго сумлення не чапай. От першага міліцыянера сустрэну і здам цябе яму. Або вунь у нас свой ёсць — паможа. Гэта шмат зойме ў цябе і клопату, і часу, і грошы ўсё роўна аддасі.

— Божа ж мой!

Кантралёр пераходзіў ад лаўкі да лаўкі. На міліцыянераў білет ён доўга глядзеў, пакруціў галавою і аддаў назад, нічога не сказаўшы, хоць было ясна відаць, што ён усё зразумеў. Машына ішла роўна, пакідаючы за сабою то адно, то другое сяло. Мабыць, жанчыне трэба было ўжо недзе блізка злазіць, яна хвалявалася, рубель у яе руках зусім скамячыўся.

— На, сынок, забяры, ды не здзекуйся з мяне. Больш няма, богам бажуся, каб мае дзеці так жылі.— Жанчына ўстала з лаўкі, падалася да дзвярэй, але і кантралёр адступіўся туды і прыпёрся да іх плячыма.— Таварыш дарагі, будзь чалавекам, не з дабра ж я так езджу старцам,— прасіла жанчына.— Можа, яшчэ і зяцем будзеш,— паспрабавала яна пажартаваць,— у мяне ж вунь якія дзеўкі растуць: паглядзіш — адразу ўтрэскаешся.

— Няхай зяць, няхай яшчэ якая вада на кісялі, а я сказаў, што не пушчу, а здам у міліцыю, пакуль не заплаціш,— з каменнай упартасцю гаварыў кантралёр.

— То дзе ж я вазьму! — у голасе жанчыны чуўся адчай.

— Дзе хочаш! Пашукай і знойдзеш!

Ад гэтай сцэны рабілася цяжкавата. Пасажыры маўчалі, але кожнаму хацелася сказаць, што, можа, і не варта так сурова абыходзіцца з жанчынаю. Калі і папраўдзе няма ў яе грошай, то дзе яна возьме? Нарэшце, можна і ўважыць — яна ж і папраўдзе яму маці! Маладыя работнікі звычайна любяць вельмі ж заўзята спраўляць свае абавязкі, не разбіраючыся нават, дзе трэба быць і суровым, і мяккім. Не такая ўжо вялікая страта дзяржаве падвезці бедную жанчыну.

— Таварыш кантралёр! — рэзка падняў руку пасажыр у капелюшы, у добрым лёгкім паліце. У ім кіпела абурэнне.— Колькі з гэтай жанчыны патрэбна? Урэшце, нельга ж быць такім бессардэчным! Я плачу за яе, ці мы от усе пасажыры зложымся. Чорт ведае што такое!

— Але, але, нарэшце трэба і меру знаць! — пачулася некалькі таксама абураных галасоў.— Службіст! Дарваўся да камандзірства!

Кантралёр паглядзеў на пасажыраў з дакорам і цвёрдым жэстам рукі як бы сказаў: не лезьце.

— Хоць цётка і сказала, што мы толькі ганяемся, каб штрафы браць,— не вытрываў і міліцыянер,— але я таксама прасіў бы вас, таварыш кантралёр, не быць да яе такім строгім. Пусціце яе, не такі ўжо гэта вялікі грэх. Тым больш што я вінаваты не менш за яе, вы гэта самі бачылі. А мне, як прадстаўніку закону, гэта зусім не да твару.

Кантралёр зноў зрабіў жэст рукою: не лезьце.

— Дазвольце мне самому адказваць за сваю справу, таварышы,— холадна і нават варожа сказаў ён.— Ваша спагада тут недарэчы. Я сам вельмі добра ведаю, што раблю.

Аўтобус імчаў і імчаў па разасланым ценю прысадаў. Мільгалі кіламетровыя слупы, раскрыжаванні дарог. Зноў наплыло ў вокны і адплыло апошняй наводшыбе хатай сяло. Жанчына праводзіла яго вачыма безнадзейнай тугі.

— Ну, то як жа будзе? — у роспачы папыталася яна.

— От так і будзе: або плаці, або — от толькі першага паставога ўбачу — здам у міліцыю. А не ўбачу па дарозе — да Вілейкі, да Маладзечна завязу.

— Пусці, сынок,— маліла жанчына.— На, от маю гэты рубель няшчасны — забяры яго... Другім жа ты робіш палёгку,— намякнула яна на міліцыянера, гэтым як бы спадзеючыся і на сваё нейкае права.

— На другіх не паказвай, абыдуся без гэтага. А табе я не папушчуся.

Чалавек у капелюшы дастаў партманет, у яго дрыжалі рукі.

— І не думайце! — перапыніў яго кантралёр.— Білета на вашы грошы я не вазьму... я не прызнаю яго. Яна заплаціць сама! Дастане! — у голасе чулася нават пагроза.

Твар у жанчыны раптам змяніўся: яго перакасіла нянавісць.

— На, жары, каб ты падавіўся, нягоднік!

І тут жа рашучым жэстам жанчына расшпіліла жакетку, засунула руку глыбока ў разрэз блузкі і дастала туга загорнуты ў не зусім чыстую хустачку пакецік. Хапатлівымі пальцамі развязала вузлікі, з размаху разгарнула хустачку па ўсёй далоні. Акуратна паскладаныя, перагорнутыя на некалькі складак, пругка варухнуліся хрусткія паперкі сторублёвак.

— Колькі ж табе трэба на тваю беднасць, злыдзень пракляты? — жанчыну аж насіла ад гневу.

— Не мне, а дзяржаве,— спакойна сказаў кантралёр.— Дванаццаць рублёў за білет і пяць рублёў штрафу.

Шукаючы дробных, што ляжалі ўсярэдзіне, жанчына шастала паперкамі, і ў сцішаным аўтобусе гэтае шастанне грымела як выбух.

— От бачыш, знайшлося! Тут жа больш за тысячу рублёў будзе,— гаварыў кантралёр.— А добрыя людзі за цябе заплаціць збіраліся, га?.. Гэты рубель я ў цябе ў руках бачу не першы раз. Ты мне трапляеш са сваім кошыкам на кожным перагоне — як пералётная птушка. Ты такі пазнала мяне, цётка?

— На, на, падавіся! — сунула жанчына некалькі паперак, злосна адкінула білет і квіток на штраф і выскачыла ў адчыненыя шафёрам дзверцы.— Каб ты не дажыў да заўтрашняга дня, каб табе бокам вылезлі гэтыя мае грошы, гіцаль няшчасны! — ужо з долу крыкнула яна свой бяссільны праклён і скоранька махнулася з дарогі.

Шафёр пацягнуў ручку, зачыніў дзверцы і паволі, як у сне, скрануў з месца машыну. На нейкі час у аўтобусе было вельмі ціха — аж балюча.

Кантралёр выцер хустачкаю лоб. Дастаў папяросу, закурыў — у яго таксама дрыжалі рукі, і ад гэтага было яшчэ больш няёмка.

— Яшчэ адна навука мне на старасць,— нарэшце сказаў дзед і зняў акуляры.— Добрая навука: і парадкі навяла, і спагады папрасіла, і пра багатых і бедных нагаварыла — цьфу! — нібы сам сабе сказаў дзед, але ўсім ад гэтага стала адразу лягчэй. Патроху загаманілі другія.

Чалавек у капелюшы загарнуў партманет, палажыў назад у кішэню.

— Ідзіце сядайце, дарагі таварыш,— сказаў ён кантралёру.— Тут жа і месца ёсць, чаго ж стаяць? — Ён пасунуўся да акна, прыбраў крысы свайго паліта.

Сонца залівала млявую стому палёў. Пад колы аўтобусу прысады рассцілалі і рассцілалі свой мяккі і ласкавы цень.

1956


1956