epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Скрыган

Ратуша

Гарады, у якіх пааставаліся гэтыя помнікі даўніны, неяк іначай нават выглядаюць. Ратуша — гэта як бы гістарычная даведка на тое, што горад быў самавіты і слынны, што ён быў асяродкам грамадскага, палітычнага і культурнага жыцця свае акругі і варты цяпер павагі нашчадкаў. Вось якое азначэнне дае гэтаму слову тлумачальная літаратура: 1) органы грамадскага самакіравання, 2) будынак, у якім мясціліся гэтыя органы самакіравання.

Грунтоўныя весткі дае пра гэта Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Ратушы ставіліся ў цэнтры горада, звычайна на рыначным пляцы ці на ўзбярэжжы рэчкі, завяршаліся шмат'яруснаю вежаю з гадзіннікам, звонам, назіральнымі пляцоўкамі. Галоўным памяшканнем у ратушы была парадная зала для ўрачыстых актаў, пасяджэнняў магістрата, тэатральных паказаў.

На Беларусі ратушы ставіліся звычайна з крамамі, аўстэрыямі, гасцінымі дварамі. Наезджыя купцы ў падвалах і на першых паверхах маглі хаваць свае тавары, там жа стаялі мерныя бочкі на збожжа, гарадская вага. У ратушы мясцілася канцылярыя самакіравання, гарадская казна, зберагаўся архіў з ухваламі рады і выракамі ратушных судоў.

Словам, ратуша надае гораду свой адмысловы, непаўторны сілуэт. І калі я бываю ў горадзе, у якім па шчаслівым выпадку асталася ратуша, я перш-наперш іду паглядзець яе. Яна — як сімвалічны знак: калі на месцы, значыцца, усё тут у поўным парадку. Мне падабаецца ратуша ў Рызе, у Таліне — якое стромкае, імклівае хараство! Талінская асабліва — з яе аркаднаю галерэяю, чорным дрэвам разьбяной аздобы, велічна-халодным змрокам пакояў; з фігурнаю вежаю над тарцоваю сцяною, з танюткім спічаком у блакітнай вышыні, на які нанізаны блазнотна-слухмяны флюгер у выглядзе гарадскога воіна, якога завуць Стары Тоомас; з брукаваным шэра-выслізганым пляцам перад ёю, з нізкім, у зямлю ўплясканым дамком ратушнай аптэкі, заснаванай больш за пяцьсот гадоў таму назад, аб чым на металічным ажурным кранштэйне паведамляе шыльда з змяёю, што, абкруціўшыся колцам на тоненькай ножцы, у медыцынскую чашу аддае свой яд.

На Беларусі, па прычынах розных, найбольш ад заваёўніцкіх ліхалеццяў, а часамі ад звычайнай нашай неахайнасці, многа дзе ратушы не зберагліся. Як навіну можна іх убачыць у Віцебску, у Нясвіжы. Зніклі яны ў Магілёве, Чавусах, Шклове, Слоніме, Гродні. Мінская ратуша знікла пасля вайны ўжо. Яна стаяла на плошчы Свабоды, на самым пачатку цяперашняй Рэвалюцыйнай вуліцы. Чатырохкантовая вежа была як бы прыстаўлена да фасаднай сцяны і вытыркала на пляц так, што тратуар праходзіў пад скляпеннем яе першага паверха.

Дасціпнага хараства Мінская ратуша не мела, але мне шкода яе. Яна звязвала наш дзень з даўніною, без якой ні ў чалавека, ні ў горада не хапае ў біяграфіі. Мне шкода яе эмацыянальна. Тым больш што памятаю яе каменныя ўсходкі, строгую немату гулкага калідора, вузкія падслепаватыя вокны, глуха ўмураваныя ў тоўстыя сцены. Нечаканая і апошняя сустрэча ў ёй была ў мяне з Міхасём Зарэцкім, Платонам Галавачом і Васілём Кавалём.

Калі б я быў дойлід ды меў нейкае горадабудаўнічае права, дык і цяперашнія гарсаветы праектаваў бы з вежамі, як ратушы. З гадзіннікамі, з іх заўсёды нейкім роздумным, свойскім звонам. І на плошчах.

1974


1974