epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Скрыган

Шчаслівая літара

1
2
3
4


1

 

На біржы далі пісульку. На заводзе з пісулькаю паслалі ў цэх, сказаўшы, да каго звярнуцца. У канторцы Каця застала нейкіх людзей. Людзі талкавалі, спрачаліся, пальцамі паказваючы ў спісаны аркуш паперы. Каця запомніла, што гаварылі пра чыгун і пра лічбы. І яшчэ запомніла: непадатліва спрачаўся невялікі, з шырокім тварам чалавек, гаворачы цяжка, як не умеючы, і то насоўваючы, то назад адкідаючы шапку. Пасля яна дазналася, што гэта быў начальнік цэха.

Калі выйшлі мужчыны, Агурскі заўважыў яе.

— А ты ж чаго хочаш, дачушка?

Каця паказала пісульку.

Прачытаўшы, Агурскі зірнуў на Кацю, і адтаго, што рыўком адкінуў назад шапку, Каці запомнілася белая незагарэлая палоса лба.

— Ну і малайчына... Нідзе не працавала да гэтага? — запытаўся Агурскі, гаворачы па-свойску, так, як бы ён даўно ведаў Кацю.

— У калгасе.

— Не — на вытворчасці?

— Я працавала ў пральні... бялізну мыла,— паправілася Каця. І, не ведаючы, ці так адказала, зашчыпала пальцамі стол.

— А так, на заводзе,— не?

— Не.

— Ну, нічога, навучышся. Хадзем жа, я цябе і завяду,— і ён зноў неяк па-свойску ўзяў за плячо.

Цэх Каці здаўся страшны. Фармоўка. Ніколі не бачыла. На ўсю залу — чорная пухкая зямля. Па зямлі шныпарацца людзі, поўзаюць, набіваюць ёю нейкія формы. І, можа, ад зямлі — і цэх, і формы, і людзі здаліся чорныя. І над усім — маўклівая глухая работа. Мелькам яна заўважыла, як, нізка прыгнуўшыся над формаю, нейкі чалавек абхарошваў земляную дэталь. Якая вялікая патрэбна асцярога ды ўвага! Яна ніколі не навучыцца такой тонкай рабоце. Можа, адмовіцца ды пайсці дахаты?

— Мы цябе прымацуем да харошага хлопца... Навучыць, нічога,— як бы дагадваючыся пра Каціну думку, гаворыць Агурскі.— Пагарэльскі! — заве ён яшчэ здалёк.— Вось табе памочніца. Навучай і глядзі, каб не надта нудзілася...

Не падымаючыся ад работы, хлопец зірнуў на яе быстрымі вачыма. З-пад пляскатае кепкі Каця ўбачыла толькі гэтыя вочы ды высока паднятыя светлыя бровы.

— Сядай,— сказаў хлопец, не перастаючы працаваць рукамі.— Глядзі ды пераймай. Ты ў мяне, дзяўчына, адразу прафесарам станеш.

Каця не ведае — жартаваць ёй ці не? Яна нагінаецца і глядзіць, як ходзяць у Пагарэльскага рукі. У чыгуннай раме шчыльна набіта зямля. Пагарэльскі здымае з рамы цяжкую накрыўку, і ў зямлі відно, як ляжаць мадэлі. Каця не ведае, навошта і як гэта робіцца. Адкуль тут пачынаць. Але Пагарэльскі пераймае Каціны сумняванні і тлумачыць:

— Гэта робіцца так... Цяпер трэба асцярожна павымаць мадэлі, і ў зямлі паастаюцца формы. Уся гэта рама з зямлёю — апока. Наверх наложыцца такая самая апока з формамі, але так, каб кожная палавіна формы папала адна ў адну. Збоку вось — вушкі. Налажыўшы, трэба моцна заклінаваць вушкі чокамі — зачыкаваць. Клінаваць трэба асцярожна, каб не здрыганулася зямля...

Чутачку пабіваючы, Пагарэльскі асцярожна дастае мадэль з зямлі. Адну, другую... і ў роўнай раме апокі астаюцца формы. Пасля беражкі ён папраўляе маленькімі жалезнымі лапатачкамі.

— От так вымаючы, бывае, што зямля дзе-небудзь падымецца або распіхнецца. Тады яе трэба паправіць вось гэтаю ланцэткаю ці кручком. А каб зямля была тужэй, дык яна змочваецца памачком, тады яна не так абсыпаецца.

— А навошта парашок? — пытаецца Каця, гледзячы, што ўвесь верх апокі пасыпаны белым мучнаватым пылам.

— Гэта лікаподзі. Парашок такі, праўда. Ад яго будзе тужэць зямля, і калі налажыць верхнюю форму, дык зямля верхняе апокі не прыстане да ніжняе. А яшчэ і тое, што калі будзе залівацца чыгун, дык лікаподзі выгарацьме, выносячы з сабою і чыгунную пару.

Каці здалося, што яна ніколі не асіліць гэтага. Вырабіць з зямлі дэталь такую, каб у яе пасля заліваць чыгун? Гладзіць, абрэзваць, баючыся, каб не скранулася з месца ніводная драбніца? Не, у яе ніколі не зложацца рукі, каб так смела, як воскам, валодаць зямлёю, адрэзваючы і прыкладваючы яе скібкамі.

Але праз пару дзён падыходзіць Агурскі. Ён нагінаецца і глядзіць, як нясмела ходзяць Каціны рукі. Яны баяцца, каб не разбурылася ад неасцярожнага дотыку зямля. І інструменты ніяк не слухаюцца: выпадаюць, чапляюцца за кожны замятак. Яна ніяк не можа добра абрэзаць лішняга крайка, што, як накепства, аціснуўся ў форму. Агурскі памагае і кажа, што вельмі добра. За такі невялікі час і такая складнасць. Дзе ж складнасць, калі яна катора пара, як марудзіць над адною дэталлю? Але ўсё ж падымаецца ахвота. Каця раптам верыць Агурскаму, што, можа, яна і папраўдзе сама сябе занадта баіцца? Агурскі пайшоў, і ў Каці смялей захадзіла лапцэтка. Не, праўда,— яна такі моцна трымаецца, гэта зямля!..

А яшчэ праз дзень Каця спяшалася, ледзь не бегла дахаты: ёй далі самастойную работу, і за дзень яна зрабіла шаснаццаць апокаў! Хацелася хутчэй расказаць дома, што яна ўжо сапраўдная фармоўшчыца. І якою доўгаю зрабілася тады дарога дахаты — ніяк не дабегчы.

 

2

Браку ў Каці бадай што не было. Хто яго ведае — ці то гэта залежыць ад рук, ці ад стараннасці, ці ад умельства, ці, можа, ад таго, што любіш сваю работу, але Каці здавалася, што працуе яна зусім звычайна, так, як і ўсе, і ніякае асаблівае здатнасці ў яе няма. Але Мурашова, суседка па рабоце, русавалосая, з быстрымі і вясёлымі вачыма дзяўчына, кожны раз не магла ўтрымацца, каб не здзівіцца:

— Ну, як у цябе, Каця, так выходзіць?

— Што?

— Ды работа. Я от катора пара на фармоўцы, дый то... А паглядзіш — быдта ў цябе ўсё ідзе вельмі лёгка.

— Ну, не так-то і лёгка,— кажа Каця.— Спіна-то гудзе...

— А паглядзець — і не скажаш.

— Мала што.

Мурашовай вельмі не хочацца адставаць ад Каці, тым больш што лічыцца яна спрактыкаванай фармоўшчыцай.

— Ды яно ж,— кажа яна,— збоку ўсё вельмі лёгка здаецца. А калі сам папалазіш у гэтай зямлі... Ведаеш, што я хачу сказаць табе, Каця?

— А што, Анэля?

— Усё роўна ў нас аднакія дэталі — давай разам і рабіць будзем. І весялей, і зручней, і папытацца, калі што, дык можна адна ў аднае.

— Давай,— згадзілася Каця.

І праўда, стала куды весялей і ямчэй. Нават спарней. Бывала, сядзіш адна над апокай, маўчыш ды сама сабе думаеш, дзень доўга працягнецца, а так, калі ў цябе сяброўка ёсць, то і пагаварыць можна, і час прабяжыць непрыметна. А ў дзяўчат шмат можа знайсціся цікавай гаворкі. Заходзіў Агурскі разоў колькі — адкіне з ілба сваю шапку, прысядзе, паталкуе, паглядзіць на шырокія рады гатовых апокаў і скажа:

— От, каб усе ў нас былі такія малайцы.

Сур’ёзна прымаць пахвалы неяк нязручна, і гэта дае магчымасць пажартаваць.

— Толькі брыгадзір нас трохі крыўдзіць,— кажа Мурашова.

— Хто?

— Пагарэльскі.

— Чым жа гэта?

— Цукерак не купляе. І не заляцаецца да нас.

— Ай, нягоднік,— вельмі сур’ёзна кажа Агурскі.— От анціхрыст, куды ж ён іх дзявае? А кожны ж дзень купляе ў ларку.

— Праўда, Каці-то трохі перападае.

— Кінь ты, Анэля,— пачырванеўшы, кажа Каця.

Яна ні на кога не глядзіць, увесь час ходзіць і ходзіць ланцэтка ў яе ў руках, але яна добра бачыць, што ў канцы цэха паяўляецца Пагарэльскі і проста ідзе да іх. Яна папраўляе касынку, але так, каб больш прыкрыць ёю твар.

— Валодзя! — здалёк крычыць Пагарэльскаму Агурскі. А калі той падыходзіць і сунімаецца, шырока расставіўшы ногі, Агурскі строга гаворыць: — Тут на цябе вельмі сур’ёзная скарга.

— Кіньце, Назар Данілавіч! — перабівае Каця.— Не слухай, Валодзя.

Агурскі падымаецца, махам рукі з патыліцы на лоб збівае шапку і, звонка разрагатаўшыся, выходзіць з цэха. Замест яго каля Каці прысаджваецца Пагарэльскі. І Каця зноў папраўляе касынку, але ўжо так, каб твар быў відней. Яна глядзіць на Валодзю, хітравата ўсміхаючыся, нібы гаворачы: «Ты не злуешся? Не злуйся, гэта ж жарты».

Калі Каця з Мурашовай зноў астаюцца адны, Мурашова гаворыць:

— Далібог, Каця, я не думала, каб пасмяяцца. Можа, у цябе і папраўдзе сур’ёзна?

— От хіба.

— Ну, а чаго ж?

— Ён такі сур’ёзны хлопец, што мне да яго далёка.

Памаўчаўшы, Мурашова кажа:

— А яно і праўда. Са сваімі хлопцамі гуляць нецікава.

— Чаму? — ужо насцярожана пытаецца Каця.

— Ат, усіх іх ужо неяк вельмі добра ведаеш, усе як бы адзін на аднаго падобны. Пойдзеш з такім ці то ў парк, ці то ў кіно, думаеш, весела будзе, а ён табе ўвесь час то пра апокі будзе гаварыць, то пра працэнты. Хіба гэта кавалер?

— То што ж тут дрэннага?

— Ай, гэта і тут надакучае.

— А па мне, дык...

— І слухаць не хачу.

Каця нікому не скардзілася ні на работу, ні на сваё жыццё: ёй здавалася нармальна раніцаю спяшацца на завод, старацца, каб была зроблена работа, пабыць на камсамольскім сходзе, памагчы выпусціць насценгазету, а дома — памагчы мацеры ў хатніх клопатах, пачытаць кніжку ці схадзіць у кіно. Хадзіла яна ў кіно найбольш з мамай, але, вядома, куды цікавей стала, калі пачаў запрашаць Валодзя. Праўда, гэта бывала не часта, а калі Пагарэльскі запрасіў першы раз, то яна нават збянтэжылася. Бо і выйшла зусім нечакана. Хадзіў, хадзіў Пагарэльскі каля апокаў, а тады падсеў да Каці.

— От задача ў мяне, Каця: ніколі такое цяжкае задачы не было.

— А што такое?

— Ты разумееш: выпадкова мне ў кішэню трапілі два білеты ў кіно. На адзін-то я знаю, што сам пайду, а от каму другі... Можа б, ты схадзіла, Каця?

У Каці закалацілася сэрца. Яна добра ведала, што не таму падышоў да яе Валодзя, што няма куды дзяваць білетаў. На гэтай хвіліне Каця зразумела, што ў яе жыцці робіцца нейкі пераварот. Яна сказала так, каб не паказаць гэтых сваіх думак, але і так, каб Валодзя пачуў, што яна цэніць яго прапанову.

— Зрабі, Валодзя, так, як ты сам гэтага хочаш.

Гэта было ў той першы раз. І цяпер Каці было добра і ад гэтай дружбы з Валодзем, і ад сяброўства з Мурашовай. І тое і другое было патрэбна. Праўда, з Валодзем дружба была толькі сваёю, яна не выносілася на людзі. Калі нават было б няёмка прызнацца аб гэтым перад другімі, ды, уласна, і прызнавацца не было ў чым. Можа, гэта вельмі нешта звычайнае, такое, як і ва ўсіх, і ёй толькі самой здаецца, што... От жа ў Мурашовай, мабыць, зусім не так: усё хораша ў яе, на людзях, і лёгка, і весела. Можа, толькі там усё сапраўднае? Часамі Каці рабілася нават зайздросна. «Яна, мабыць, вельмі шчаслівая,— думала Каця.— Усё ў яе нейкае святочнае, прыгожае, непакойлівае».

Як бы адчуваючы Каціны думкі, Мурашова аднойчы сказала:

— Слухай, Каця, табе пара і на людзі паказацца. Давай разам у нядзелю паедзем на Мельнікаў луг. Усё работа ды работа — так і адурнець можна. А там хлопцаў — на выбар. Пакупаемся, на лодцы паездзім. Музыкі там колькі — патанцуем хоць удоваль...

Каці захаладала ў грудзях. Такой нечаканасці яна спужалася. Толькі цяпер яна зразумела, што нінавошта не можа змяняць таго, што ёсць у яе з Валодзем. Тут жа прыгадалася, як прысеў ён тады каля яе з білетам, і гэта было харашэй і даражэй за ўсё.

— Не, Анэля, не трэба. Мне і так вельмі добра,— сказала Каця.

 

3

Каця вельмі любіла тыя часы хвалявання, калі разлівалі расплаўлены метал на формах. Ёй здавалася, што і людзі, якія насцярожана пратыкалі вочка ў вагранцы, праз якое выбівалася іскрыстае жывое золата, не зусім простыя людзі, а — чараўнікі, і сам метал, што агнянымі змейкамі бег па жалабах і зацякаў і хаваўся ў літніках,— што гэта не метал, а надзіва прыгожая і разумная істота. Метал, здавалася, сам знаходзіў літнік, каб папасці і забегчы ў форму. Як жывы, ён злаваўся да таго часу, пакуль не знаходзіў літніка, патрэскваў, кіпеў, іскрыўся. А ў апоку забягаў ужо рахмана, ласкава і як бы супакойваўся, што нарэшце трапіў на месца. Чуць-чуць па краях апокі паказвалася гарачая пара — гэта метал там, у цёмных сваіх закавулках, лажыўся на спакой і выдыхаў апошнюю сваю злосць.

Каця хвалявалася галоўным чынам таму, што кожны раз, пакуль не астыне чыгун і не раскрыюць апокаў, невядома было: ці ўсе формы заліліся як мае быць, ці не будзе там браку. І калі пасля перад людскімі вачыма ўжо раскрываліся гатовыя дэталі, яна нават не ведала, чыя гэта ўдача — ці яе, ці ліцейнікаў. Але ўсё роўна было радасна.

Але ў апошні час гэтая радасць зацягнулася змрокам: у Кацінай графе пачаў падымацца брак. Што здарылася? Якая прычына? Што ў яе — рукі развучыліся? Не так упэўнена ходзіць ланцэтка? Не такая паслушная стала зямля? Можа, больш як трэба яна мочыць яе? Можа, лікаподзі нядобры? Можа, яна спяшаецца? Можа, занадта вялікую паверку дала рукам, не правяраючы іх работы?

Зноў заходзіў Агурскі — пасядзіць, пагаворыць, сам праверыць усю работу і — не можа даўмецца.

— Што ж гэта такое ў цябе, Каця?

— Не ведаю, Назар Данілавіч. Проста рады не дам.

— А як пачуваеш сябе — не хворая? Можа, стамілася? Можа, цяжка табе?

Каця моўчкі махае галавою: не.

Але аднойчы Каця такі захварэла. Прыйшла на работу, а галава трашчыць — аж папалам расколваецца. Работа не спорыцца, рукі ходзяць вяла, ланцэтка не слухаецца. Раней нібы і не чула Каця, што ланцэтка звініць, а сёння аж здзівілася: упадзе, ударыцца аб апоку і — такі тонкі звон у яе. У перапынку Каця не выйшла, як звычайна, на двор, каб пабыць там на сонцы ды пажартаваць з хлопцамі. Мурашова таксама асталася. Каця нават не думала, што ў сяброўкі яе такое харошае сэрца: яна сама выбрала больш зручнае месца, зняла і падаслала свой халат, пабегла прынесла гарачага чаю. Усё намервалася збегаць у санітарны пункт, але Каця запярэчыла.

— То хоць накрыйся,— сказала Мурашова і накінула на плечы ёй хустку.

«Я і не ведала, што ты такая добрая»,— думала Каця, гледзячы, як прысмірэла яе сяброўка. Нават дзіўна было бачыць такія сумныя вочы ў Мурашовай. Каці аж шкада стала яе.

— Пройдзе. Проста — прастудзілася, мабыць,— сказала яна, тулячыся у хустку.

— Не шануеш ты сябе, Каця,— уздыхнуўшы, сказала Мурашова.

— Як не шаную?

— А так — пра сябе забываеш. Каму гэта патрэбна, што ты так вельмі шчыруеш? Век вялік, наварочаешся яшчэ.

— Кінь ты, Анэля, не ад работы гэта.

Мурашова памаўчала. Прылягла на локаць, завадзіла пальцам па мяккай фармовачнай зямлі. Пасля сказала, далоняю згладжваючы ямкі:

— Маладая ты яшчэ, а славу ўжо любіш, от што. А таго не ведаеш, што калі ў каго слава, то нехта будзе абавязкова ў цяні ад гэтай славы. Што, я не ведаю?

— Як табе не брыдка, Анэля! — з абурэннем сказала Каця.

«У чым яна мяне папікае? Хто яе чым пакрыўдзіў? — думала Каця, ясна пачуўшы ў словах сяброўкі не толькі спагаду, а — крыўду.— Няўжо яна мне ў чым зайздросціць? Божухна, як гэта бывае — я ёй зайздрошчу, што ў яе так хораша і весела заўсёды на душы, а яна — мне. Ці, можа, папраўдзе падумала, што ад работы я занядужала?»

Каця гэтую гаворку вельмі запомніла. Можа, ад гэтай гаворкі яна стала як бы больш старэйшая і яшчэ больш цішэйшая. І было дзіўнае адчуванне: ёй здавалася, што да гэтага часу яна Мурашову бачыла не так, як трэба. І здалося, што ў Мурашовай нічога няма ні вясёлага, ні лёгкага, ні завідлівага. Што гэта толькі выгляд. Проста смешна — як гэта здалёк усё ў другога можа здавацца прыгожым?

 

4

Вонкава нічога не змянілася ў дачыненнях у сябровак, толькі пасля гэтага Каці ўсё ж было нечага шкода. Мурашова як бы стала чужой. І іменна вось цяпер не хапала Каці сапраўднай сяброўкі, каб пагаварыць пра ўсё, што здавалася вельмі важным. От хоць бы з гэтым бракам. Адкуль ён? Як ён бярэцца? А Мурашова скажа, што яна хоча славы. Якая ж тут слава, калі проста — ганьба!.. Добра: тады яна пагаворыць з Валодзем. Ну, чаго ж тут саромецца? Даўно трэба было гэта зрабіць. Кожны раз, калі пачынаў ён пра гэта, яна адмахвалася, як ад авадня, а цяпер возьме дый папросіць, каб ён сам усё, усё праверыў у яе — ад самай першай жменькі зямлі да вылітае дэталі. Няўжо і ён не знойдзе?

Задумаўшыся пра Валодзю, Каця згладжвае крайкі зямлі ў форме і неўзаметку, вельмі лёгкім дотыкам ланцэткі выводзіць літару «В». Паглядзела на яе, усміхнулася. Хацела згладзіць, але падумала, што нікому яна не замінае. Такая ледзьве відная, што ніхто і не заўважыць, а дэталі гэта нічога не шкодзіць. Выдумка так спадабалася Каці, што на кожнай форме яна пачала ставіць гэтую непрыметную літару. Валодзя нават і ведаць не будзе. А калі ўведае, то што скажа? Эх, Валодзя, цяжкавата мне, каб ты толькі знаў. Усё, усё раскажу, каб ты ведаў, якая нехарошая я: толькі нахвалілі мяне, а от як прыйшлося ў бяду папасці, то не ведаю, як яе і паправіць.

Калі выводзіла Каця па форме ледзьве відную літару, яна і не ведала, што гэта паможа ёй. От як смешна часамі бывае! У той дзень яна так сачыла за сваімі рукамі, што запомніла, здавалася, кожную дробязь. Яна памятала, дзе які краёк мачыла памачком, дзе хадзіла ланцэткаю, нават помніла, як зачыкоўвала кожную апоку — кожны клінок і кожнае вушка. Перад вачыма стаялі ўсе апокі яе — доўгімі радамі аж да самага канца цэха — з утоптанай каля іх зямлёю. А калі назаўтра не знізілася злавесная цыфра браку — не вытрывала і пабегла ў бракоўню

— Я хачу паглядзець свой брак,— сказала яна начальніку.— Пакажыце мне тыя дэталі.

Агледзеўшы шурпатыя, з цьмяна-сінім, яшчэ яе астоеным колерам шасцёркі, яна не ўбачыла свае тоненькае літары «В».

У перапынак яна знайшла Валодзю, завяла далёка ад людзей у нейкія чортавы дылі, панакіданыя абы-як, села на гэтых дылях і скоранька сказала:

— Валодзя, добранькі, толькі я папрашу — не пярэч мне.

— Што такое, Каця?

— Пабажыся, што не будзеш пярэчыць.

— От якая ты смешная — то гавары ж.

— Я хачу перайсці ў другую брыгаду — к Дорашу.

— Чаму гэта?

— Так трэба, Валодзя. Я прашу цябе.

— То раскажы ж толкам.

— Не магу. Пасля ўсё раскажу, а цяпер не магу. Зрабі, Валодзя, вельмі прашу цябе.

— Можа, злуешся на мяне за што?

— Не, Валодзя. Дык можна? Ты толькі скажы, бо без цябе я не хачу. Гэта будзе лепш, от пабачыш. Ну, хоць ненадоўга. Ну, кажы, бо я пайду да Назара Данілавіча.

— Каця! — раптам пакорліва і жаласліва гаворыць Пагарэльскі,— ты ж ведаеш, што я зраблю, калі гэта так патрэбна табе. Толькі я ж павінен ведаць прычыны.

Прычыны? Праўда, Каця і не падумала, што тут жа трэба падставы.

— Добра, Валодзя,— кажа яна, адразу згадзіўшыся.— Ну, слухай жа...

Каця гаворыць, спяшаецца, раз-пораз дакранаючыся да Валодзевай рукі. Хаця б расказаць да канца перапынку.

— А на шасцёрцы твае літары і няма,— кажа Каця.— Значыць, не мой брак, а Анэлін.

— Хто б мог падумаць? Што яна, знарок ці мо знячэўку? Ды якое знячэўку!.. Чаму ж ты дасюль не сказала, што вы робіце разам? От неразумніца... Не, бачыш як: робіце разам — значыць, і брак папалам. Здорава!

— Толькі ты нічога не рабі, Валодзя.

— Чакай,— пытаецца Пагарэльскі.— Дык чаму ты хочаш у другую брыгаду?

— Мне брыдка цяпер разам быць.

— Нячэсна! Наадварот — расказаць ёй усё. І нават пасля гэтага можна было б на спаборніцтва выклікаць... От было б здорава! А?

— Стой! — раптам Каця наморшчвае лоб і далоняю пачынае гладзіць яго.— А можа, ты і праўду кажаш? Мне лепш проста самой пагаварыць з ёю, каб не было ёй ніякага сораму. Ты нікому не кажы толькі... Ведаеш, Валодзя,— кажа Каця, успамінаючы сваю апошнюю гаворку з Мурашовай.— Мне здаецца, што яна вельмі добрая — і разумная, і чулая, і жвавая такая,— толькі ці не пакрыўдзілі вы яе чым? Неяк забыліся на яе, ці што?

Пагарэльскі нахмурвае лоб, і Каця разумее, што нібы гэтым гаворыць ён: «А што ты думаеш — можа, і праўда гэта? Вядома, усё можа быць...»

1932; 1956