epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Скрыган

Скажы адно слова

Круг першы
Круг другі
Круг трэці
Круг чацвёрты
Круг пяты
Круг шосты
Круг сёмы


Круг першы

Як заўсёды, Барыс Галубовіч вярнуўся дадому шчаслівы. А папраўдзе, як гэта добра быць шчаслівым чалавекам! І ці многа на гэта трэба? Мабыць, як у каго. Аднаму трэба, каб кожны яго дзень быў новы, не падобны на ўчарашні, каб яго нешта турбавала, каб ён нечага дамагаўся і быў не рад, што дамогся мала; каб у яго быў клопат пра нейкую справу, задуманую ці зробленую; каб ён мог кожнае раніцы прачытаць газеты, праслухаць апошнія паведамленні па радыё і ведаць, што робіцца ў свеце: і на Генеральнай Асамблеі, дзе вырашаецца лёс міру і людскога спакою, і ў сябе на радзіме — у сваім горадзе, у Брацку, у Запаляр'і... і за ўсё хвалявацца.

Гэта прагавітыя, непаседлівыя натуры, і ў тых не пазнаеш, дзе пачынаецца і дзе канчаецца іхняе шчасце.

А другому хопіць свае дарогі на службу і тае ж дарогі са службы. Госпадзі, якая гэта любата! Нідзе цябе не страсяне, не падкіне: загадзя ведаеш, як пройдзе ў цябе дзень на рабоце, як пасля званка пойдзеш паволі дахаты. На душы роўна, спакойна. Усё, што робіцца ў свеце,— гэта недзе далёка за сценамі твайго дома. Гэта на старонках газет — проста каб людзі ведалі, і толькі. А ў цябе, у тваім уласным царстве — утульнасць, лагода і цішыня. І нават што робіцца на сваім заводзе, пасля званка, ужо не турбуе цябе. Можна хіба толькі пасля вячэры сесці ў крэсла пад таршэрам і, перагортваючы газеты, сказаць жонцы, як звычайную навіну:

— Проста смех, Рытачка: Арсена Уладзіміравіча ў гарком вызывалі. Не выконваем плана!

— Дзіва што,— адкажа жонка, седзячы на тахце за вышываннем.— Не ўсе ж так сумленна робяць, як ты...

Але сёння ў Барыса Галубовіча ёсць невялікі клопат. Гэта яму нават прыемна — прасіў зрабіць сам Арсен Уладзіміравіч. Ён садзіцца за пісьмовы столік у кутку і пачынае пісаць. Няраз ён рабіў такія паслугі дырэктару.

У пакоі цішыня. І ўтульнасць. Такая ўтульнасць, калі кожная рэч тут мае сваю сурвэтку, зробленую рукой самой гаспадыні, калі на канапах ляжаць яе ж работы падушачкі, на сценах вісяць аплікацыі і вышыўкі, у рамках і без рамак: нацюрморты, пейзажы, ля мора царэўна з закінутымі рукамі... Нацягнуўшы на більцы, Маргарыта вышывае дарожку: гэта можна будзе прышпіліць наўскасяк на сцяне па дывану. Але робіцца нудна, што Барыс так доўга маўчыць. Яна пытаецца:

— А чым ты там заняты, Барыс?

— Ды дырэктар прасіў — адну паперку напісаць трэба.

— То хіба ты не мог зрабіць гэтага на службе?

Гэта такі праўда. Ён не ведае, што сказаць. Нарэшце падумаў:

— Яно, ці бачыш, на службе не так складна выходзіць. А тут трэба як мае быць усё абмазгаваць...

Ага! Маргарыце гэта толькі і трэба. Яна кажа:

— Ну, а як жа, табе абы-чым заняцца. Абы з жонкаю не пасядзець.

— Рыта, ты да мяне несправядлівая,— пярэчыць Барыс.— Хто-хто, а ты не можаш паскардзіцца, што я бяздомнічаю. Ты паглядзела б, як у другіх сем’ях.

Ён падымаецца, падыходзіць і садзіцца поруч.

— Што мне да другіх сем’яў? Я ведаю толькі адно, што другія не строчаць дома паперак для дырэктара, а можа, дзе ў тэатрах сядзяць, каб на іх людзі паглядзелі.

— У тэатры, дарагая, ходзяць не каб сябе паказаць, а каб паглядзець творы мастацтва.

— А гэта як хто, Барыс. Табе добра: ты і ўдзень каля людзей аціраешся, і цяпер от нечым сваім заняты...

Ну, гэта ўжо несправядліва. Дакараць за тое, што ён дамагаецца, каб яго імя нешта значыла? Гэтым жа даражыць трэба! Ён падымаецца з тахты, ідзе за свой стол, пакрыўджаны:

— Ты не хочаш нават падумаць, Рыта, што калі я ў пашане, то гэта дарам не даецца. Ты павінна была б радавацца, што твой муж...

— Мне — радавацца! Сядзець дома і радавацца! От сукенку пашыла, дык і абнавіць няма дзе. Парадуешся.

— Рыта, я ж юрыст. Заводу можа быць непрыемнасць або нават і самому Арсену Уладзіміравічу. Нельга ж, каб я не думаў пра гэта.

Ах, от як. Ну, канечне, гэта сур’ёзная рэч. Маргарыце нават становіцца няёмка.

— У цябе бо такое сэрца: аб усім думаеш, апроч мяне,— кажа яна.— Хоць бы Галачка забегла, дык і яе гэтыя дні не відно... Божа мой, як мне яе, бедненькай, шкада: так пакалечыць маладое жыццё...

— Я думаю, што ў іх з Мікалаем яшчэ ўсё наладзіцца.

— Барані божа, Барыс. Не кажы ёй пра гэта...

Галіна Альшэўская — гэта малодшая Маргарыціна сястра. Яна прыгожая, і не так з выгляду, як нейкім унутраным хараством. У ёй у меру ёсць тых пачуццяў, якія выказваюць і весялосць, і строгасць, і сціпласць, і нават дзёрзкасць. З вуліцы яна ўваходзіць свежая, трохі вясёлая.

— Вось і наша Галачка прыйшла,— кажа Барыс.— Лёгкая на ўспаміне.

Ён памагае ёй зняць пыльнік.

— Хіба мяне ўспаміналі? — пытаецца Галіна.

— А як жа,— кажа Маргарыта.— Гневаліся, што да нас даўно не заходзіш. Дзе ты запрапасцілася гэтыя дні?

Галіна цалуецца з сястрою.

— Ды ўсё неяк не магла дабраць часу. Работы многа. От і сёння дагэтуль на службе была.

Барыс. Да гэтай пары? А што здарылася?

— Новаму галоўнаму бухгалтару спатрэбілася расшыфраваць нашы цэхавыя выдаткі. Мабыць, хоча як след пачаць папраўляць завод.

Барыс. Значыць, нарэшце нешта пачынае рабіць... Дзякуй богу. А то я за яго пачынаў баяцца.

— Чаму — ты? — пытаецца Галя.

Барыс усміхаецца. Ён рад пра гэта пагаварыць:

— Ну што ты: мая ж рэкамендацыя! Мала таго што параіў, дык яшчэ запэўніў Арсена Уладзіміравіча, што толькі ён, мой найлепшы сябар, можа паправіць нашы фінансавыя справы, вывесці завод у людзі.

Маргарыта. То, можа, і паправіць, рана ж яшчэ гаварыць.

— От я і перажываю,— уздыхае Барыс.— Два месяцы, як ён на гэтай пасадзе, а хоць бы знак які дзе быў. Учора якраз Арсен Уладзіміравіч далікатна папікнуў мяне. Нешта, кажа, Барыс Віктаравіч, ад твайго хвалёнага няма ніякага толку. Ці не перахваліў ты яго? Мабыць, дарэмна мы мянялі бы*ка на інды*ка.

— Ну, што ж, і гэтага прагоняць,— кажа Галіна.— Не можаш — не бярыся.

— Не,— не згаджаецца Барыс,— Усевалад чалавек разумны, гэта ты не кажы.

— Не веру, каб людзі гэтай прафесіі былі разумныя.

— Галя, ты на яго за нешта сярдзітая! — умешваецца Маргарыта.

— Яшчэ чаго, хто ён мне такі? Але ж звычайна ўсе яны абмяжованыя, бяздушныя — сухары. Толькі адно і ведаюць: не магу, не дазволю, незаконна — у іх нават душы няма!

Барысу няёмка, што Галіна так нападае на яго сябра. Ён хоча за яго заступіцца:

— Гэта ты, ведама, перабольшваеш,— кажа ён.— Прафесія адно, а чалавек...

Не, у Галіны ёсць свае меркаванні. Яна не паддаецца:

— От прафесія ў іх і губіць чалавека,— горача пярэчыць яна.— Дзе ты бачыў бухгалтара, каб ён любіў кнігу, тэатр, умеў захапіцца вершамі, пабыць у канцэрце? Невукі! З імі нават пагаварыць няма пра што.

— Аж нядобра слухаць цябе, Галя,— папракае Маргарыта сястру.— Ён госць нашага дома, Барысаў таварыш, а ты так гаворыш пра яго.

— Ды я не пра яго, а пра ўсіх іх. Не люблю іх, от і ўсё. Дзе толькі Барыс яго выкапаў?

Барыс рад, што тэма гаворкі мяняецца. Ну, пэўна ж: каб нападаць на чалавека, то трэба перш сёе-тое ведаць пра яго. Такога сяброўства, як у яго з Усеваладам, не так часта знойдзеш.

— Некалі нават вучыліся разам,— кажа ён.— І хлебам, і лыжкаю, як кажуць, дзяліліся. А сустрэліся проста выпадкова. Летась, як на нарадзе ў Маскве быў, заходжу ў буфет у гасцініцы, ну, і — аж вачам не паверыў... Гэта ж так бывае толькі ў раманах ці ў п’есах.

Маргарыта. Я памятаю, вярнуўшыся, ты толькі пра яго і гаварыў.

— Божа мой, як роднага брата знайшоў! Ну, як вярнуўся, адразу да дырэктара пайшоў: так і так, кажу, не работнік, а золата, давайце запрашаць да нас.

Ну, цяпер ёсць чым падкалоць. Галіна кажа:

— А цяпер баішся, што толькі клопату набраўся?

— Не, не баюся, але ж нядобра, калі пачынаюць так гаварыць: быка на індыка.

— А ты яму пра гэта скажы, Барыс. Няхай і ён ведае, як пра яго думаюць. Чаго ён варты.

— Ну, што ты, Галачка, ён і так перажывае. Думаеш, яму гэта лёгка?

— Усё роўна нячэсна, калі ты яму пра гэта не скажаш. Так сябры не робяць.

Маргарыта. Нешта ён да нас даўно не заходзіць. Шкода мне яго: адзінокі, няма дзе і прытуліцца яму.

Барыс. Няхай бы ён хоць сталавацца да нас перайшоў.

— А што ж,— згаджаецца Маргарыта,— трэба будзе сказаць... От дарэчы ўспомніла: пайду-тка я чаю пастаўлю хоць...

Маргарыта выйшла. Барыс доўга маўчыць, але відаць, што нешта хоча сказаць Галіне і не адважваецца. Нарэшце кажа:

— Пакуль няма Рыты, то я хачу, каб ты ведала... Я палучыў ліст ад Мікалая.

Галіна аж пужаецца і злосна глядзіць на Барыса:

— Навошта ты зноў мне пра гэта гаворыш?

— Вам трэба памірыцца з ім.

— Не магу я гэтага, Барыс.

— Ён жа цябе кахае, Галіна. Ну, быў малады, дурны, трохі з ветрам у галаве, трохі памаўзлівы, трохі пакрыўдзіў цябе. То ён жа адумаўся. Ты бачыш, колькі часу, як не можа забыць цябе?

Галіна прымаўкае, як бы нават верыць гэтаму. Праз хвіліну гаворыць не то сабе, не то Барысу з ласкавым болем у голасе:

— Я кахала яго так, як, можа, больш нікога не пакахаю...

— Ну, от — тым больш.

І раптам у вачах у Галіны блішчаць іскры гневу.

— То хіба я магу забыць, што ўсё гэта ён згнюсіў, растаптаў разам і мяне, і каханне маё?

— Ён сам каецца ў гэтым,— пераконвае Барыс.

— Хіба я забуду, што тады, калі я глядзела на яго як на бога, ён хадзіў шукаць другіх? Я ж ніколі не буду больш верыць яму!

— Ён піша: усё гэта забыта ім. Ён вельмі няшчасны і адзінокі.

— А я забыць не магу.

— Можа б, ты хоць дазволіла прыехаць яму? Сустрэліся б, пагаварылі. Можа б, што стала ясней.

— Мне тады стане не ясней, а цяжэй. Заўчора я таксама атрымала ад яго пісьмо.

— Ну?

— Я не чытала яго. Разарвала і выкінула.

— Страшны характар у цябе, Галя.

— Што ж зробіш? Пакіньма, каб хоць Рыта не ведала. Яна мяне шкадуе больш за цябе.

Чуецца званок — нехта прыйшоў. У цыратавым фартуху, Маргарыта першая выскачыла з кухні і пабегла ў пярэднюю. Гэта ў яе характары — быць вельмі папярэдлівай да гасцей. За дзвярыма чуцён яе вясёлы голас:

— Ой, як вы добра зрабілі, што прыйшлі.

Нехта гэтак жа весела пытаецца:

— Барыс дома?

— А як жа, дома,— адказвае Маргарыта.— Заходзьце.

Зайшоў той самы чалавек, пра якога так нешаноўна гаварыла Галіна,— Усевалад Собіч. Маргарыта адразу адабрала ад яго мяккі плашч, а Барыс радасна расставіў рукі.

— Сева! От малайчына! — кажа ён.— А мы думалі, што ты ўжо адцураўся нас.

Дарэмна Галіна нядобра гаварыла пра Собіча і яго прафесію — ён вельмі звычайны для таго, каб быць прадметам такіх гарачых размоў. Сярэдні рост, гадоў за трыццаць, сціпла апрануты і сам увесь сціплы. Хіба толькі лоб трохі высокі, непакойлівы, ды вочы нейкія цвёрдыя. І гэтыя вочы ўжо спыніліся на Галіне, як бы здзівіўшыся.

— От ужо не думаў, што Галіна Казіміраўна тут,— кажа Усевалад.— Далібог, каб ведаў, што ў вас госці, то і не зайшоў бы... Добры вечар.

Ён вітаецца з Маргарытаю, з Барысам. Галіне толькі ківае галавою.

Галіна. Значыць, я тут праўду казала, што вы дзікун. Хіба вы баіцеся мяне?

— Можа, нават і так.

— Ну, добра,— перабівае гэтую размову Барыс.— Ты, Рыта, здаецца, нешта там рыхтавала?

— Ой, а я нават і забылася, што ў фартуху... Канечне, Барыс.

— Вельмі добра: давайце павячэраем. Там жа недзе ў цябе і пляшачка аставалася?

— То яна недзе ў цябе, паглядзі сам.

— Ага! Зараз мы яе знойдзем.

Барыс выходзіць разам з Маргарытаю.

Усеваладу вельмі патрэбна такая хвіліна, каб астацца адзін на адзін з Галінаю.

— Чаму вы на мяне злуяцеся? — пытаецца ён.

— Барані божа. Завошта?

— Мне здаецца, што вы ўвесь час або староніцеся мяне, або...

— Што?

— Непрыязнасць нейкая ў вас да мяне ёсць.

— Не.

— Не хочаце пагаварыць са мною, выслухаць.

— Пра тое, што вы хочаце, нам гаварыць не трэба.

Усё ў тым жа цыратавым фартуху, Маргарыта ўваходзіць заклапочаная.

— Барыс сваіх запасаў не знайшоў,— кажа яна.— Пабег у краму. Ён зараз будзе.

Усевалад. Мне проста няёмка, Маргарыта Казіміраўна. Забег на хвіліну і нарабіў столькі клопату.

— Ну які там клопат, Усевалад Кірылавіч. Пасядзіце трошкі, пагаворыце. Весялей стане... То ты, Галачка, прыбяры стол, а я яшчэ чаго падгатую.

Зноў яна выходзіць. Галіна пачынае прыбіраць: бярэ з шафы абрус, засцілае стол.

— Я цяпер стаў як хлопчык,— кажа Усевалад.— Дзе б ні ішоў, што б ні рабіў, а вы не выходзіце з галавы. Вы скрозь каля мяне, і я без канца гавару з вамі.

— Нават не думала, што і вы можаце быць рамантыкам,— здзекліва спакойна, нават насмешліва гаворыць Галя.— Можа, скора пачняце і вершы чытаць?

— Без канца гавару з вамі і... так хочацца, каб хоць раз вы мне ўсміхнуліся, каб хоць раз сказалі ласкавае слова.

— А вы пакіньце думаць пра мяне. І ўсё пройдзе. Гэтак жа, як праходзіла няраз.

— Я б хацеў гэта зрабіць — і не магу. З таго часу, як прыехаў да Барыса. Я спужаўся тады, калі ўбачыў вас: мне здалося, што я шукаў вас усё жыццё...

Ах, як недарэчы з’явіўся Барыс! Няўжо ён не разумее, што Усевалад мог бы век не бачыць гэтага чортавага пітва, абы толькі якую хвіліну пабыць з Галінаю? А Барыс уваходзіць скоранька, з размаху кідае шапку ў куток на крэсла і прабачліва тлумачыць:

— А каб яно спуставала: тут зачынена, прыйшлося бегчы ў гастраном. А дзе Рыта? Рыта!

Галіна. У нас ужо ўсё гатова, чаго ты клапоцішся. Цябе чакаем.

Галіна ідзе на кухню памагчы што Маргарыце. Барыс адкаркоўвае пляшку і налівае чаркі.

— Ну, от, так будзе весялей,— кажа ён.

Усевалад глядзіць, як увішна ходзяць рукі ў Барыса, але думае не пра гэта. У яго сваё на душы.

— А ўсё-такі ў цябе тут хораша, Барыс,— выказвае ён гэта нешта сваё.— Сям’я добрая...

— Не магу паскардзіцца, Сева. І сям’я і... наогул не магу ні на што паскардзіцца,— ахвотна згаджаецца Барыс.

Маргарыта з Галінаю прыносяць закускі, расстаўляюць. Пачынаецца вячэра, гаворацца тосты.

Барыс. Ну, так: першую чарку падымем за нашага госця і за найлепшага майго сябра Усевалада Собіча.

— Не, чакай, Барыс, я з табою не згодзен. У нас ёсць жанкі, то я думаю, што перш за ўсё трэба выпіць за іх. За тых, хто робіць нашу ўтульнасць, хто спадарожнічае нам усё жыццё. Я думаю — так?

Ён глядзіць на Галіну, бо яму важна, каб такі тост зразумела яна.

Маргарыта. Такі тост мы прымаем.

— А цяпер наліём, каб жанкі выпілі за нас,— кажа Барыс.— Няхай яны тост гавораць.

Галіна. Мне больш не трэба, Барыс.

— Ясна, значыць, тост не прыняты.

Усевалад. Галіна Казіміраўна піць за мужчын не хоча.

Маргарыта. Вы занадта не прыдзірайцеся да нас, Усевалад Кірылавіч.

Барыс. Давай лепш самі за сябе.

Налівае зноў чаркі.

— І больш, калі ласка, не налівай,— просіць Усевалад.

— Трэба ж табе хоць трошкі прасвяжыць галаву,— не слухае сябар.— А то ўсё на рабоце ды на рабоце. Скора і папраўдзе, як наша Галачка кажа, сухаром станеш... Ну хоць у цябе што-небудзь там выходзіць?

— Баюся нават сказаць, Барыс. Вельмі ж у цяжкую справу ты мяне ўсватаў. Усё так запушчана ды заблытана — як знарок. Трэба заводзіць зусім новыя парадкі. Магу сабе галаву зламаць.

Маргарыце такая размова не цікава.

— Няхай мужчыны пасядзяць ды пагавораць,— кажа яна да Галіны.— А мы хадзем з табою да мяне...

Праўда, бываюць такія размовы, што без жанок іх весці куды лягчэй, зручней проста. У мужчын таксама бывае свая дзелавая інтымнасць.

Барыс. Не, ты ўжо мяне не падвядзі, Усевалад... Мо табе трэба, каб дырэкцыя што памагла? То ты скажы, я перагавару.

Усевалад. Дарэчы, ты мне скажы от што, Барыс. Я так і не разумею — хто ты і што тут? Да гэтага часу не разабраўся.

— На заводзе?

— Але. Калі ты прыслаў тэлеграму, дакляруючы і работу, і пад’ёмныя, і кватэру, то я думаў, што ты тут няйначай як намеснік дырэктара ці галоўны інжынер.

Барыс ад душы смяецца:

— Аж выходзіць, што ўсяго толькі маленькі юрысконсульт?

— Ну але. А цяпер ізноў кажаш: калі трэба, то перагавару з дырэктарам. Неяк у цябе гэта вельмі проста.

Гэта пытанне далікатнае. Гм...

— Бачыш ты... Па-дружбацку скажу табе, што ён мяне вельмі паважае. Калі хочаш, у нас з ім... нават па-свойску ўсё.

— А чаму?

— Як я сюды паступіў, то ў дырэктара былі сякія-такія непрыемнасці. Нават даволі сур’ёзныя, магла быць вымова, а можа, што і горшае. Не зусім разумная адна аперацыя. Ну, я ўзяўся за гэтую справу і ўсё ліквідаваў.

— Махінацыя якая?

— Не, па дурасці, проста глупства, калі хочаш, але яго вельмі раструбілі. Ну і з таго часу я стаў як бы асабістым дарадчыкам.

— Пасада ў цябе добрая,— падумаўшы, кажа Усевалад.

— Лепшага і хацець не трэба. У мяне ўсяе і работы тае, што якую іскавую заяву напісаць ці рэкламацыю. І то больш, калі сам ужо скажа...

— Ясна.

— Ну і сам знаеш, усім гэтым я даражу...

Усякая размова павінна спыніцца на той патрэбнай хвіліне, пасля якой яна ўжо становіцца цяжкай. Вельмі ў час зайшлі Маргарыта з Галінаю, бо сяброўская гаворка была ўжо на грані фальшу. Тым больш што Маргарыта прынесла новую тэму. Яна кажа Галіне, толькі паказаўшыся ў дзвярах:

— І ты сабе абавязкова пашый такую. Самая модная сукенка.

— Не, Рытачка, я шыць такой не буду.

— Я проста не разумею цябе, Галя. Гэта ж хораша!

— Як каму. А мне не падабаецца.

— На цябе ж усе глядзець будуць!

— А мне якраз гэтага і не трэба.

— Госпадзі, проста дзіва: каб маладая жанчына і так гаварыла. Я ж хачу, каб мая сястра выглядала лепш за ўсіх!

— Рытачка, дарагая, ну не злуй ты на мяне.

І гэтую тэму Барыс хоча перамяніць. Ён налівае чаркі:

— Галачка, ідзі памажы, без цябе не можам кончыць.

— Дзякую, Барыска, я збіраюся ўжо ісці.

Усевалад. І мне не налівай, не буду.

— Чаму гэта так?

— Адурнее галава, а мне так многа яшчэ хочацца сёння падумаць. Ёсць пра што падумаць у мяне сёння, Барыс...

Усевалад глядзіць на Галіну, як бы гэта яна павінна ведаць, пра што ён збіраецца думаць.

Маргарыта. Ну, я вам скажу, гэта не работа. Такі-та два мужчыны, і каб не маглі па людскай чарцы выпіць.

Усевалад. Вельмі дзякую, Маргарыта Казіміраўна.

Галіна збіраецца ісці.

— Бывайце здаровы,— кажа яна ўсім.

Усевалад. Чакайце, дык і я ж з вамі.

Галіна. Не, дзякую, я пайду адна.

Маргарыта. Ну, як гэта так? Позна, цёмна.

Барыс. Лепш, калі цябе будзе хто праводзіць.

Усевалад. А ў нас з вамі ў дарогу і гаворка асталася няскончаная.

— Не, Усевалад Кірылавіч, гаворка ў нас кончана.

Выходзіць. Усевалад хоча ісці разам, але Галіна спыняе яго:

— Усевалад Кірылавіч, я вас прашу — не трэба.

Пайшла. Усе трохі збянтэжаны. Усевалад адчувае сябе няёмка, а Барысу з Маргарытай няёмка перад Усеваладам. Маргарыта шукае, чым бы згладзіць уражанне:

— От якая яна ў нас: упартая і незалежная.

Барыс хоча ўдакладніць, перапрасіць за Галіну:

— Галачцы нашай вельмі цяжка. Ты ж ведаеш, у яе быў муж... ну і...

Усевалад зусім па-свойму разумее і Галіну, і сябе, і адчуванне ў яго зусім другое. Ён як бы пра нешта марыць, бачачы перад сабою яшчэ Галінін вобраз:

— Якая толькі яна харошая ў вас. Якая харошая!..

 

Круг другі

У гэтым вялікім кабінеце нічога няма лішняга: шафа пад дакументы, сейф, вешалка ў кутку, на якой вісіць плашч з шапкаю, строгая канапа, некалькі крэслаў. За сталом сядзіць Усевалад Собіч, відаць, што ён даўно ўжо ў рабоце.

Уваходзіць начальнік аддзела аховы працы і тэхнікі бяспекі завода Міхаіл Каляда. У руках ён трымае невялікую паперку і на ненкі час не асмельваецца парушыць цішыні. Нарэшце кажа:

— Добры дзень, таварыш галоўны бухгалтар.

Собіч як бы дзівіцца, што да гэтага часу не заўважыў чалавека:

— Добры дзень, таварыш Каляда. Як бачу, дык маеце нейкую патрэбу?

Гэта ён кажа, маючы на ўвазе паперку.

— Маленькую. Клопаты па лініі аховы працы і тэхнікі асцярогі.

Усевалад бярэ паперку і чытае. Але Каляда хоча паясніць:

— У нас на вытворчасці ёсць невялікая майстэрня па рамонту абутку. Як той казаў: наша Сора то шые, то пора. Ну, трэба ім матэрыялу трохі выпісаць: скуры, падэшвы, акраўкаў усялякіх.

Усевалад кладзе паперку ў шуфляду стала:

— Трошкі пачакаем з гэтым, таварыш Каляда.

— Чаму ж, таварыш галоўны бухгалтар?

— Учора я быў у гэтай майстэрні і знайшоў там дзве пары мадэльных туфель. Харошыя туфлі, залюбавацца можна.

— Што ж там за туфлі?

— Я іх забраў і аддаў на склад апрыходаваць. Зроблены яны, вядома, без нараду і без заказу, з гэтай самай скуры, што вы выпісваеце на рамонт. Што вы на гэта скажаце?

— Мабыць, нейкае непаразуменне, таварыш галоўбух. Як той казаў...

— Не, ніякага непаразумення няма. Загадчык майстэрні сказаў, што іх заказваў начальнік аддзела забеспячэння і збыту.

— Дзялендзік?

— Але.

Каляда садзіцца ў крэсла ўражаны:

— Здорава!

— Вельмі здорава, таварыш Каляда. А яшчэ здаравей, што заказваў іх Дзялендзік пры вас.

От тут ужо нічога не скажаш. Каляда доўга маўчыць. Але ж маўчанне не паможа.

— То што вы думаеце з гэтым рабіць?

— Параімся,— кажа Усевалад.— З вамі параімся, з другімі. У дырэктара папытаемся.

— Са мною параіцца лёгка. А от з другімі...

— А што ж зробіш?

Гэта папраўдзе лагічна.

— Вы трошкі пачакайце, таварыш галоўбух, дайце мне самому падумаць,— кажа Каляда.— Вельмі ж няхораша гэта. Як той казаў: не думала сама, што нараблю сарама...

— Але, няхораша.

— Дазвольце мне трошкі пасля зайсці да вас пагаварыць. Па-чалавечы, па душах.

— Калі ласка, таварыш Каляда.

Каляда падымаецца, збіраецца выходзіць. Але нешта яшчэ карціць.

— Я думаю, вы зразумееце мяне.

— Пастараюся, вядома.

«Нішто сабе выпадак,— думае Усевалад.— Пра што ж яшчэ думае пагаварыць начальнік аддзела аховы працы? Мабыць, прыдумае які ход? Няйначай як пайшоў цяпер з кім параіцца. Можа, з тым жа Дзялендзікам?»

Усевалада Собіча, аднак, цікавіць зусім не гэта. А сам факт злачынства. Гэта страшна, калі людзям нельга верыць.

— А верыць трэба. Абавязкова трэба верыць, бо іначай чалавек будзе ворагам табе,— кажа сам сабе Усевалад.

Гэтай думкі ён не можа дадумаць да канца, бо заходзіць Алена Замша, дырэктарава сакратарка. Гэта пышная, дагледжаная жанчына, нафарбаваная модна і ярка. Яна любіць, каб мужчыны адразу бачылі яе.

— Няшчасны чалавек! — кажа яна.

— Хто няшчасны чалавек? — пытаецца Усевалад, не паспеўшы яшчэ адысціся ад гаворкі з Калядою. Ён нават падумаў, што іменна з Калядою нешта здарылася.

— Вы! — кажа Алена.— За гэтым сталом я вас бачу і ўдзень, і ўвечары. Можа, нават і ўночы седзіце тут.

Ну, дзякуй богу, гэта лягчэй. Гэта звычайны флірт. Яму даўно здалося, што Алена хоча звярнуць на сябе яго ўвагу. Калі так, то на жарт можна адказаць жартам.

— А што ж мне іначай рабіць? — кажа ён.

— Хоць бы дзе схадзілі ў кіно ці ў тэатр.

— Хаджу. Часамі хаджу. Але і там аднаму нуднавата.

— Як аднаму? Трэба каго запрасіць.

Але, гэта праўда. Як бы яму хацелася, каб прыняла яго запрашэнне тая, другая жанчына. Няхай сабе гэта скарга, але ён скажа яе:

— А калі не захоча той, каго я запрашу, Алена Сцяпанаўна?

— Глупства, не выдумляйце! Не люблю, калі мужчыны напрошваюцца на кампліменты. Зрэшты, магу памагчы: сёння ўвечары запрашаю вас у парк. Добра?

Нечакана Усевалад сазнаецца сабе, што Алена такі папраўдзе нечым інтрыгуе яго. Нечым вымушае заўважыць яе, даўжэй як трэба пакінуць у сваім зроку. Але не, гэта, мабыць, проста ад звычайнай чалавечай адзіноты. Ён злуецца на гэтую хвіліну слабасці.

— Бачыце...— хоча ён нешта растлумачыць.

— Нічога не бачу і прашу не пярэчыць!.. Дарэчы, я зайшла сказаць, што вас кліча дырэктар.

Выходзіць, але ў дзвярах стыкаецца з дырэктарам.

— А вось і сам Арсен Уладзіміравіч, не дачакаўся вас,— дадае яна.

Арсен Курловіч на першае вока нават не падобны на дырэктара, да таго ён просты. Ён выглядае вельмі стомлена, гэта, мабыць, ад тых няўдач і цяжкасцей, якія так доўга цягнуцца на заводзе і проста знясілілі яго. Ён, можа, нават страціў веру ў сябе — гэта вельмі нядобра для дырэктара. Ён і гаворыць неяк занадта пакорліва.

— Да мяне вельмі многа людзей папрыходзіла, Усевалад Кірылавіч,— кажа ён.— Грошай просяць. Што мы можам зрабіць?

Усевалад. Цяжкая рэч, Арсен Уладзіміравіч.

— Ведаю, што цяжкая, таму і зайшоў.

— На заработную плату ў нас няма ні капейкі.

— Ну але ж якія-небудзь грошы ў касе ёсць?

— Ёсць. Выручка. Мы павінны здаць яе ў банк.

Відаць, што ў Курловіча ідзе не ўласцівае яму змаганне. Ён хоча нешта сказаць, але не знаходзіць прывычнай дырэктарскай формы.

— Я не загадваю вам, бо ведаю, што гэта незаконна,— кажа ён.— Але вельмі прасіў бы, калі што можна — зрабіце гэтым людзям.— І такі не вытрымлівае ўзятага тону, канчае гнеўна: — Не яны вінаваты, што мы да гэтага часу заработнай платы не можам выплаціць.

— Вы ўсё роўна як дакараеце за гэта мяне?

— Не ведаю каго — ці вас, ці сябе, ці таго, хто быў да вас. Але мне хацелася б цяпер хоць бы самага маленькага: прайсці па заводзе, і каб кожны рабочы з радасцю сустрэў цябе. Каб ён захацеў пагаварыць з табою, а не адвярнуцца спінаю, як гэта робяць цяпер. От да чаго дажыліся...

— А між тым, Арсен Уладзіміравіч, у гэтым вінаваты больш за ўсё вы самі,— кажа Усевалад.

Не, Курловіч не такі ціхі і пакорлівы, як здавалася. Гэта проста ён быў не ў сваёй сферы, бо прыходзілася не загадваць, а прасіць. А тут ужо закранаецца сфера яго непасрэднай дзейнасці.

— Як гэта — я сам? — ужо з гаспадарскай ноткай у голасе пытаецца ён.

— Ды вельмі проста. Больш як два гады таму назад вы накуплялі дарагога абсталявання на пяць мільёнаў рублёў і палажылі яго на склад. Гэта пяць мільёнаў замарожаных абаротных грошай.

— Чакайце, што вы гаворыце? Дык гэта ж абсталяванне для новага цэха! Мы маем будаваць новы цэх, мабыць, гэтага вы не ведаеце?

— Будаваць цэх будзем не мы, а Управа капітальнага будаўніцтва. Яна і дастане гэтае абсталяванне, Арсен Уладзіміравіч. Там будуць спецыяльныя грошы на гэта.

Ага. вось яно што! Пачынаецца тая самая радасць: апека бухгалтара над дырэктарам. Заўсёды яны адной маркі, аднаго калібру, работнікі гэтай прафесіі, іх абсалютна не цікавіць комплекс усяе гаспадаркі. Толькі тормаз.

— Не з гэтага пачынаеце, таварыш галоўбух.— кажа Курловіч ужо рэзка.— Лезеце не ў сваю каманду. Камандуйце тым, на што пастаўлены, а ў мой клопат не лезьце!

Ясна. Гэтага Усевалад не чакаў. Тут становішча даволі цяжкае. Дырэктар не любіць, каб яму пярэчылі. Мабыць, тут была такая завядзёнка. Значыць, пачынаць прыйдзецца з вызначэння сваіх пазіцый.

— Вы забываеце, Арсен Уладзіміравіч, што і мне дадзена права каманды. На маім, вядома, участку. Гэтае абсталяванне трэба ліквідаваць.

Колькі пагарды ў прыжмураных вачах і ў сціснутых губах у Курловіча.

«Ух, штучка,— думае ён пра бухгалтара.— Уявіў, што мне вельмі патрэбны яго парады. Ды хоць разумеў бы што».

— Вы што — думаеце, калі гаворыце? Новы цэх нам патрэбен як хлеб! Мне трэ было сем галоў мець, каб дастаць такое абсталяванне. Праз яго я траха з дырэктарства не паляцеў, а вы — ліквідаваць.

— Абавязкова! Бо наш завод цяпер — гэта не завод новага, перадавога тыпу, а міжведамасная шайка-лейка. Не дзівіцеся, я гавару тое, што ёсць. Мы выкінулі нашы грошы на сметнік і вінавацім людзей, што яны не ўмеюць гаспадарыць. Нам хочацца больш нахапаць сабе, у запас, на сто гадоў. Няхай хоць гіне, але ў мяне будзе многа, а ў другога нічога, і мне будзе гонар... Гэта ганебна для нашай сістэмы. Самаашуканства, каб зрабіць выгляд перадавога...

— Хопіць! Гэта не ваш клопат! — гнеўна перабівае Курловіч.

— Мой! Самы непасрэдны мой клопат памагаць, каб вас не гналі з дырэктарства, а былі рады, што вы займаеце гэтае месца. Нездарма ж вы кажаце, што траха з дырэктарства не паляцелі, бо гэта, калі хочаце, шальмоўства.

— Ну от што — пра гэта гаварыць не будзем. Ліквідаваць абсталявання я вам не дам. А не — дык будзьце здаровы! Я чалавек круты.

Што ж тут рабіць? Можна, вядома, рассварыцца, перанесці гэтую сварку наверх, у міністэрства, там, безумоўна, падтрымаюць. Але ж гэта ўжо будзе не работа. Грызня. Нездаровая напружанасць, і заводу яна карысці не дасць.

— Вы ставіце мне ультыматум: або працуй так, як мне трэба, або — не замінай.

— Правільна.

Як бы гэта стрымаць сябе, каб гаварыць спакойна? Вельмі ж спірае дыханне.

— Але я пакідаць завода не збіраюся,— нарэшце кажа Усевалад. Гэтым як бы ставіцца нейкая кропка, становіцца лягчэй. Пазіцыі вызначаны. Цяпер можна гаварыць нармальна.— Шкада... А я памятаю, як вы гаварылі, Арсен Уладзіміравіч, прымаючы мяне на работу: пачынайце, таварыш галоўбух, сказалі вы, даводзьце ўсё да ладу, а я, калі трэба будзе, ва ўсім памагу вам.

— Памятаю. І цяпер скажу: памагу, але толькі не ў гэтым.

А можа, і папраўдзе не трэба пачынаць з самага балючага? А? Тым больш што пасля непатрэбнай сваркі заўсёды хочацца хоць невялікага прымірэння.

— Добра,— кажа Усевалад.— Тады папрашу падпісаць такі загад.

Ён перадае Курловічу праект загаду. Той чытае яго, то хмурыць, то падымае бровы.

— Гм,— кажа ён.— Зрабіць налічэнне начальніку аддзела забеспячэння на паўтары тысячы рублёў? Здорава!

Усевалад. Тут не якая прафесійная амбіцыя, Арсен Уладзіміравіч, а службовая неабходнасць. Дзялендзік разбурае ўсю маю дысцыпліну. У яго свой камерцыйны інтэрас: жыць на подмазках, на хабарах. Каб падкупіць каго, ён раздае бог ведае колькі дабра, бясконца робячы безнадзейных дэбітораў.

От тут такі правільна. Ён сам заўважаў за Дзялендзікам шахрайства. Нічога не скажаш, ёсць у яго такая спекулянцкая прывычка.

— Ёсць у яго такая спекулянцкая прывычка, нічога не скажаш,— уголас паўтарае сваю думку Курловіч.— Добра, згодзен. Адаб'ём трохі ахвоту... Але от з другім пунктам цяжэй.

— Пра Барыся Галубовіча?

— Але. Ці будзе гэта справядліва?

— Гэта трэба, Арсен Уладзіміравіч, дзеля карысці справы.

— Перадаць юрысконсульта пад ваш загад? Гэта ж самастойны аддзел!

— Часова. Як крайнюю меру. Вы разумееце, як гэта важна!

— Ды разумею.

— Каля чатырох мільёнаў рублёў нашых грошай ляжаць у чужых кішэнях — у дэбітораў. Страшней за ўсё тое, што шмат каму з іх канчаецца тэрмін іскавой даўнасці і грошы вось-вось прападуць. Трэба хутчэй перадаваць іх — каго ў суд, каго ў арбітраж.

— Чортведама што рабілася тут у вас у бухгалтэрыі!

— І гэтай справы я не магу даручыць абы-каму. А Галубовіч юрыст — каму ж, як не яму, узяцца за гэта.

— А што скажа на гэта сам Галубовіч?

— Пакрыўдзіцца, ну дык што ж зробіш? У мяне няма ніякага выхаду.

Курловіч думае. Вядома, гэта сур’ёзна. Нават вельмі сур’ёзна. І нельга сказаць, каб ён гэтага не ведаў. Сам падпісваў баланс штомесяц. А колькі разоў папярэджвалі з банка? Але ж каб хто другі, а то — Галубовіч. Не зусім гэта прыемна...

— Ну але. Пакрыўдзіцца, вядома. На мяне, можа, больш, як на вас,— кажа Курловіч і бярэцца за ручку, каб падпісаць загад.— Ну што ж, давайце. Папробуем. На гэта я яшчэ пайду...

Ён падняўся, збіраецца выходзіць, але ў дзвярах сунімаецца:

— То я прашу — зрабіце там што-небудзь людзям...

— Памногу не дам, Арсен Уладзіміравіч, а што магу — зраблю.

За час гаворкі ў дзверы раз-пораз заглядалі рабочыя. Як толькі пайшоў дырэктар, яны адразу нахлынулі ў кабінет. Робіцца гаманліва.

Нехта першы працягвае паперку. Усевалад падпісвае і кажа:

— Да Марыны Барысаўны.

— Вось тут дырэктар дазволіў,— кажа наступны.

І гэтую паперку Усевалад падпісвае. Людзей у кабінеце поўна, але да стала праціскаецца і працягвае дакумент экспедытар чужога завода.

— Мне часу няма, таварыш бухгалтар, я здалёк. Прашу падпісаць.

— Што тут у вас?

— Ды от заказ трэба забраць.

Сярод сваіх папер на стале Усевалад шукае ведамасць, у якую запісаны ўсе злосныя даўжнікі. Паглядзеўшы ў яе, здзіўляецца:

— Гм... Вы нам багата вінаваты: больш за восемдзесят тысяч рублёў. Не магу адпусціць.

— Ды што вы, таварыш бухгалтар, гэта ж не першы раз — заплацім,— лёгка абяцае экспедытар.

— Ну от — заплаціце — тады і забераце.

Варочае дакумент. Кажа да наступнага рабочага:

— Давайце!

Экспедытар. Ды не, таварыш бухгалтар, вы не жартуйце. Я ж не буду ўлегцы машыну ганяць!

— Хоць сто разоў будзеце ганяць, пакуль не заплаціце. І заказу, і старых даўгоў.

Экспедытар траціць цярплівасць. Гэта яго абурае:

— Вы што ж, з мяне здзекавацца думаеце? Тут жа дырэктар падпісаў, чаго вам больш трэба? Хто вам даў такое права! Я зараз да парторга пайду, адпусціце! Бюракрат!

Ніхто нават не заўважыў, калі зайшла Галіна. Няйначай як у яе была патрэба да Собіча, бо ў руках яна трымае скрутак паперы. Бачачы, што Собіч заняты, яна прытулілася да сцяны і чакае, наглядаючы за ўсім, што тут робіцца.

Рабочы. Хоць паўтары сотні дайце, таварыш галоўбух. Дырэктар на сотню падпісаў, але што гэта значыць.

Усевалад падпісвае. Узяўшы паперку ад наступнага, здзіўлена падымае вочы:

— А вам што?

— Як што — грошы!

— Няма грошай, таварыш Назарэнка,— раптам рэзка гаворыць Усевалад.— Не магу даць.

— Каму ёсць, а мне дык няма?

— Другім разам, як будзем плаціць усім.

— Не другім разам, а вы мне дайце цяпер! — абурана гаворыць чалавек.— Што я — горш за другіх? Чаму гэта толькі мне няма?

— Бо вам даваў пазаўчора,— кажа спакойна Усевалад.— А вы адразу ж і прапілі, я нават пра гэта ведаю.

Аддае паперку назад. Кажа да жанчыны:

— Давайце вашу.

— Вось як цэняць рабочага чалавека! Разбойнікі! Управы на вас няма! — выходзячы, крычыць Назарэнка.

З падпісанымі Усеваладам паперкамі шустра ўваходзіць Марына. Яна трохі ўзрушана, трохі занепакоена, бо гэта ж яна з’яўляецца бухгалтарам па заработнай плаце.

— Усевалад Кірылавіч, што вы робіце? — кажа яна.

— А што?

— Вы нападпісвалі бог ведае колькі заяў, а ў касе ж ні капейкі няма на зарплату. Можа, вы забыліся?

— Не, Марына Барысаўна, не забыўся. Выдавайце.

— То як жа гэта? Нам жа зноў у акт запішуць, калі правераць.

— Вядома, запішуць. І насварацца, і вымову дадуць, і, можа, санкцыі якія прымуць. Але ўсё роўна выдавайце.

— Раней мы так не рабілі. Мікалай Мікалаевіч быў вельмі строгі ў грашах.

— Так і трэба, Марына Барысаўна.

— Дык няўжо вы не баіцеся?

— Чаму ж не — баюся.

— Дык, можа, не выдаваць?

— Выдавайце, Марына Барысаўна.

Паціснуўшы плячыма, Марына пайшла. Толькі цяпер ад сцяны адыходзіць Галіна:

— Нарэшце прыйшла і мая чарга.

— Я б хацеў папрасіць прабачэння, бо вы, мабыць, доўга чакалі,— кажа Усевалад збянтэжана.— Сядайце, прашу вас.

— Прабачэння ніякага не трэба. Я рада, што мне пашчаслівіла падгледзець ваш дзелавы дзень.

— І, мабыць, яшчэ больш пераканаліся, якая бяздушная, чыноўніцкая ў мяне работа. Нічога не дае ні розуму, ні сэрцу, высушвае душу. Агрызацца, сварыцца — хіба многа ў гэтым хараства?

— Не, якраз, пабыўшы тут, я трохі перамяніла думку. Вы мала крычалі, у вас ні на кроплю не было чыноўніка ці бюракрата. Пры вашай прафесіі так не робяць.

— Па прафесіі вы, мабыць, ацэньваеце і чалавека?

— Бывае... І от я нават падумала, што вы не можаце быць добрым бухгалтарам. Калі-небудзь вас возьмуць дый прагоняць з работы.

— Можа быць. Я ў гэта нават веру.

Галіна трошкі памаўчала.

— Дарэчы, вам Барыс нічога не гаварыў пра дырэктара? Як ён пра вас думае. Як ацэньвае.

— Не.

— Дырэктар вамі недавольны. Баіцца, што вы нічога не зробіце. Каецца, што браў вас на работу.

Усевалад пагладзіў лоб.

— Што ж, гэта нармальна, Галіна Казіміраўна. Я папраўдзе яшчэ нічога не зрабіў. Ды, можа, і не зраблю, хто яго ведае.

Цяпер Галіна можа перамяніць тэму. Яна перадае скрутак:

— Я прынесла вам тое, чаго вы прасілі. Пералічыла ўсе планавыя калькуляцыі, расшыфравала іх... Калі ласка.

— Дзякую,— кажа Усевалад. Але яму хочацца сказаць не пра гэта.— Тое, што вы сказалі пра Барыса,— вельмі важна і гаворыцца не кожнаму. Я буду памятаць гэта.

Галіна разгубілася. Кажа рэзка:

— Мне здавалася, што я не маю права не сказаць. Мабыць, я гэта зрабіла нядобра, дурная.

— А вы іначай не маглі, вам было брыдка за Барыса. Бо вы такая ёсць. І такой я скрозь бачу вас каля сябе.

— Як гэта — каля сябе? — спалохана пытаецца Галіна.

— Бо я ні на адну хвіліну не разлучаюся з вамі. У маім, вядома, уяўленні. Хіба я вінаваты, што вы сталі маёй праўдай, маёй верай, маёй смеласцю. Я нічога не раблю, каб не параіцца з вамі.

— Вы, мабыць, хочаце мне зла. Я ж вас прасіла ніколі пра гэта не гаварыць.

— А я не магу. Я хачу, каб вы сказалі мне хоць адно слова... хоць адно слова уцехі, радасці, надзеі.

— Вы вельмі нядобры, от што...

Пайшла.

Нейкі час Усевалад сядзіць, абхапіўшы галаву рукамі. Пасля глядзіць перад сабою. Што ж гэта выходзіць?

— Што ж гэта выходзіць? — сам у сябе ён пытаецца ўголас.— Я сам над сабою трачу волю. У мяне няма ніякае гордасці. Чаго мне трэба там, дзе мяне не хочуць? Не, трэба... узяць сябе ў рукі.— Паступова ўглядаецца ў паперы, і да сэнсу даходзіць другое.— От і з Барысам нядобра выйшла, з яго прызначэннем. Цяпер яна падумае, што я помшчуся: знарок перавёў да сябе, каб яго прынізіць. За тое, што тайком шэпчацца з дырэктарам і не мае смеласці сказаць мне праўды ў вочы... Ну — хопіць! Так трэба — значыць так трэба! — рашуча падыходзіць да дзвярэй у бухгалтэрыю і гукае: — Папрасіце, каб зайшоў да мяне Барыс Галубовіч!..

Як заўсёды, Алена ўваходзіць шустра і незалежна. На стол яна кладзе паперы:

— Вось тут вам пошта. Ізноў на ноч хопіць сядзець, праўда ж?

Усевалад ходзіць на пакоі. Відаць, што ён думае пра нешта другое.

— Палажыце на стол, Алена Сцяпанаўна. Якраз мне сёння і трэба чым-небудзь галаву заняць.

— Не, сёння ваша галава будзе занята мною. Хіба вы забыліся? Я сказала, што над няшчасным адзінокім бяру шэфства.

Усевалад нахмурыўся. Праўда, гэта, мабыць, добрае выйсце. На злосць... каму ж? Ды хоць бы на злосць ёй, той, недаступнай. І самому сабе. Забыцца! На ўсё! На крыўды, знявагі!

Ён гаворыць рашуча:

— Добра! Згодзен! Сапраўды — «адзінокі». І зусім вольны. Я нават сам сабе гэта нядаўна сказаў. Пойдзем. П-правільна!

— От які вы харошы!

Барыс уваходзіць, стыкаючыся ў дзвярах з Аленаю. Пахмура ён сунімаецца супроць Усевалада.

— Ты мяне зваў?

— Але. Садзіся.

— Пачынаеш выклікаць? Афіцыйна, ці як гэта зразумець?

— Не крыўдуй. Я не выклікаў, а прасіў.

— Не, твой пасыльны сказаў вельмі строга: галоўбух выклікае! Я здзівіўся. Што гэта — жарты?

— Не, пачытай загад.

Барыс чытае, усё больш хмурнее.

— Цяпер ясна. Ніякіх жартаў няма. Дзякую.

Усевалад. Барыс!..

— Навошта тлумачыць, усё ясна. Мой сябар зрабіў мяне сваім работнікам. Не чакаў ад цябе такой адплаты.

— Паслухай, гэта ненадоўга. Я не думаў, што ты можаш адмовіцца, і не хацеў пакрыўдзіць цябе. Я ж меркаваў...

— Хто б мог чакаць. Найлепшы госць мае сям’і...

— Я хачу, каб ты памог мне.

— Не, няхай ужо хто другі памагае. А я падам заяву, каб звольнілі.

Чортведама як няскладна выходзіць. Чалавек, на якога больш за ўсё спадзяваўся Усевалад, не хоча нават дазнацца, чаму гэтак трэба. Адразу кінуўся ў фанабэрыю, забыўшыся на справу, на сяброўства, нават на звычайную грамадзянскую годнасць. Можа, вінаваты і сам Усевалад, што занадта паспадзяваўся на даўнюю дружбу. Але саступаць не варта. Адно што, дык гэта вельмі няёмка перад Галінаю. Падумае, што на яе пераношу помсту. Чортведама як няскладна выходзіць.

— Ну што ж, як хочаш, Барыс. Тут гаворка не пра цябе ці пра мяне або пра нашу фанабэрыю,— гаворыць Усевалад, усё яшчэ шукаючы прымірэння. Але самі па сабе прымірэнчыя ноткі пераходзяць у рэзкасць.— Тады я папрашу, калі будзеш падаваць заяву, то падавай скарэй. Бо мне трэба браць каго другога. Чакаць няма калі!

— Перашкаджаць табе не буду. Выходзь у людзі... Заўтра ж падам.

Няўжо ён так і зробіць? І навошта папракае бог ведае чым?

— Мне брыдка слухаць цябе, Барыс. Ты хоць бы падумаў, што гаворыш. І што робіш... Каб прамяняць высокую дзяржаўную справу на пакаёвую крыўду. С-сорам!

Ох, як кіпіць у Барыса ў душы. Ён нават не чуе, што гаворыць яму прыяцель.

— Як нізка падаюць людзі, каб зрабіць сабе кар'еру. Усё пад ногі топчуць: удзячнасць, прыстойнасць, сумленне...

Не, ясна, што цяпер ніякага прымірэння не будзе. І шукаць яго не трэба. Бо тут ужо не толькі папрок, а варожасць. Як бы толькі стрымацца ад гневу, бо ўсё-такі нешта святое, нешта святое астаецца ў гэтай страчанай дружбе. Увесь час як бы недзе тут стаіць Галіна, і Усеваладу цяжэй за ўсё адчуваць яе нямы, маўклівы дакор.

— Ну добра, не можаш, не хочаш астацца — не трэба,— кажа Усевалад з пачуццём горычы і расчаравання. Але хочацца сказаць нешта большае за гэтыя бяскрыўдныя словы, і, ужо не стрымліваючы гневу, ён гаворыць з пагардаю: — Не думаў я, што так лёгка страчу цябе. Ідзі! Не чалавек ты больш!..

 

Круг трэці

Нейкі драбочак чалавечае радасці, і як хораша ўсё наўкруга! І ў чым яе сакрэт, гэтае радасці? Проста не разбярэш. Але ты нейкі новы, табе ўсё лёгка, усё ласкава і прыемна, хочацца нечага чакаць, нечага спадзявацца, нечага хацець і — не ведаць канца гэтаму. Вось так, як сёння ў Маргарыты.

Яны збіраюцца з Барысам ехаць на курорт. Цяпер яна дома адна, чакае Барыса з работы і тым часам робіць зборы ў дарогу. Парасчынены чамаданы, шафы, тумбачкі. Яна праглядае і сартуе сукенкі.

— У гэтай я буду хадзіць на бераг,— кажа яна.— На пляж. Якраз такая — у палоску, лёгкая, вясёлая,— як у лермантаўскай зладзейкі з «Тамані»... А ў гэтай — о, гэта будзе шыкоўна! — увечары выйсці на шпацыр. Або хадзіць у тэатр. Проста не дачакаюся, калі ж мы паедзем. Адно слова, і якое харошае — Сочы!

У яе вясёлы, найлепшы настрой. Яна ўся ў марах. Аддаўшыся гэтым марам, яна напявае мелодыю без слоў — першы куплет. Словамі канчае толькі апошні радок:

 

Падмаскоў-ныя ве-ча-ры...

 

— І песня якая харошая! Так і ўспамінаецца маладосць. Сядзіш гэта прыцемкам дзе на беразе рэчкі, кусцікі, месяц кругом, цішыня. І толькі нас двое... А ну яго, лепш не ўспамінаць!..

Але яна не можа не ўспамінаць і, пакуючы чамаданы, намармытвае гэтую мелодыю.

— Проста любата гэтыя «Падмаскоўныя вечары». А як падумаеш, дык хіба нашы вечары горшыя? Можа, яшчэ лепшыя! Я б нашым паэтам ды кампазітарам галовы паадкручвала, што не могуць напісаць людскае песні.— Напявае зноў першы радок мелодыі.— Гэта ж бы от як хораша выглядала, каб напісалі пра нашы вечары.

Цяпер яна пяе ўжо словы:

 

...Усё заціхла тут да зары.

Каб вы ведалі, як мне любыя

Нашы мінскія вечары...

 

— От адразу б я сябе і пазнала ў маладосці, як цёмначы ў парку Горкага на беразе Свіслачы сядзела... Ох, гэта ж было да майго Барыса яшчэ...

Праходзіць па пакоі, зазірае ў акно.

— Дзе ж гэта Барыс задзержаўся?.. Ой, яшчэ ж як басаножкі ў мяне будуць, што Зміцер Пятровіч абяцаўся дастаць. Гэта будзе зусім шыкоўна.— Укладае ў чамадан басаножкі.— А гэтыя ўжо,— робіць жэст рукамі,— фі!..

Уваходзіць Дзялендзік:

— Добры вечар! Магу ручацца, што мяне не чакалі.

Ён вельмі пашаноўна цалуе руку.

— Чаму ж не, якраз чакала. От толькі што ўспамінала, пакуючы рэчы на курорт, што ў мяне няма абяцаных вамі басаножак. Чакаю іх — ой як!

Дзялендзік уздыхнуў:

— На вялікі жаль, басаножак не будзе.

— Як не будзе, Зміцер Пятровіч? У мяне ж да іх і сукенка гатова!

— Не будзе, Маргарыта Казіміраўна. Прапалі.

— Не ўдаліся?

— Удаліся. Ды яшчэ і як! Цацка, толькі любавацца на іх было. Майстар жа — рыжскі стары шавец. Мастак! І от — такі мярзотнік!

— Хто? Зміцер Пятровіч, як жа гэта?

— Былі ўжо гатовы. Я іх сам бачыў, у руках дзяржаў, любаваўся. І чаму не забраў адразу — проста розуму не дабяру. Мабыць, што не было куды палажыць, партфеля з сабою не меў. Ну, а назаўтра ў майстэрню зайшоў ваш гэты залаты чалавек, Барысаў прыяцель, Собіч,— і забраў.

От тут Маргарыта ўжо дзівіцца:

— Як гэта — забраў? Якое ён мае права браць чужое?

— Ну, у майстэрні пашыта, без нараду, з казённага дабра — незаконна, грабеж! Рэквізаваў і аддаў на склад.

Але Маргарыта не верыць:

— Я думала, што горшае, а гэта не страшна. Дазнаецца, што гэта мне,— і аддасць.

— Не, Маргарыта Казіміраўна, не аддасць, не такой ён натуры. Словам сказаць, ваш прыяцель — гэта вельмі нядобры чалавек.

— Ну што вы, Зміцер Пятровіч. Ён проста дзелавы, строгі, але ж і... добры. Барыс яго, ведаеце, як паважае.

— От-от, і вы паважайце, а ён вам наробіць бяды... Дарэчы, што ж з Барысам, дзе ён? Я хацеў бачыць яго.

— Забавіўся недзе, я яго таксама чакаю. Нам пара ўжо білеты заказваць у дарогу... А мне здаецца, што я ўжо то еду, то ляжу на пляжы ды загараю...

Дзялендзік падумаў. У яго нешта сваё на душы.

— Зайшоў, думаў, дома, каб трохі лягчэй было яму. Яго ж ваш гэты Собіч да сябе ў работнікі перамясціў. Сам, мабыць, нічога не можа адзін, а славы хочацца, ну дык няхай прыяцель выручае. Ён ведае, што ў Барыса галава. А ў самога ў яго яна, мабыць, не вельмі петрыць.

Нарэшце Маргарыта насцярожваецца:

— Што вы кажаце, а божа мой! Як жа гэта магло здарыцца?

Д з я л е н д з і к. Барыс, вядома, абураны, у памагатыя да яго не пайшоў — хоча пакінуць работу.

Цяпер ужо даходзіць да яе, што гэта вельмі сур’ёзна.

— Якія ж бываюць людзі, толькі падумайце. А Барыс жа на яго маліўся. І ў доме ў нас ён усё роўна як свой. І ўсё-такі не хочацца верыць. Ды не, тут нешта не тое, нешта не тое, Зміцер Пятровіч, я гэтаму не веру!

Барыс прыходзіць нахмураны, абмяклы. Ён ніколі яшчэ не быў такі.

Маргарыта кідаецца яму насустрач:

— Барыс, гэта праўда? Што ж ты маўчыш? Гэта праўда, што Усевалад аказаўся такі гадкі?

— На жаль, Рытачка, праўда.

Ну от і канец радасці, спадзяванням і лятункам. А яна, дурная, ужо бачыла, як едзе ў вагоне, ляжыць на пляжы і — колькі там мора і сонца! Божухна, як жа гэта ўсё так перавярнулася праз аднаго несумленнага чалавека! Што ж яму Барыс сказаў на гэта?

— Ну, а ты што яму сказаў на гэта, ты? — пытаецца Маргарыта.— І яму не брыдка? Дзе ж у яго вочы, дзе сумленне?

— Не кожнаму яно патрэбна, сумленне гэтае,— кажа Дзялендзік.

Маргарыта не адстае ад Барыса:

— Не, дык ты раскажы, як было? З чаго пачалося? Што ты яму сказаў на гэта?

— Сказаў што трэба, Рытачка, не перажывай надта. Словам, завод я пакідаю і... адсюль мы таксама паедзем. У другі які горад. Не хачу нават бачыць яго.

— Божа мой, няўжо ж і Мінск прыйдзецца пакінуць? Такі горад, такое хараство, ды што ты, Барыс!

— Паедзем, можа, у Віцебск, работу я сабе знайду... Дарэчы, і Мікалай там, паможа ўладкавацца. Чалавек ён — найлепшы. Якраз і Галачка скарэй памірыцца з ім... От і разам усе будзем.

— Хіба што толькі. Бо без Галі куды я паеду. Але табе не трэба так лёгка саступаць з дарогі.

— Правільна! — падхоплівае Дзялендзік.— Дарэчы, Барыс, і я зайшоў да цябе пагаварыць...

— Ну ідзі, Рытачка, пазаймайся чым сама,— ласкава дакранаецца да Маргарыцінага пляча Барыс.— Мы тут паседзімо адны.

— Мяне аж носіць! Я на яго цяпер глядзець не магу. Калі ён да нас яшчэ зойдзе, то я яго выганю!

Маргарыта пайшла. Дзялендзік падсаджваецца бліжэй.

— Галавы, Барыс, не апускай.

— Не, проста я, папраўдзе кажучы, ашаломлены. Ён так неспадзеўна паказаў самога сябе.

— Але, але... Я, як толькі дачуўся, дык адразу пабег да цябе. Думаю, параіць, памагчы чалавеку што трэба... Трэба яго асадзіць, даць па руках, паставіць на месца.

— Не, у такія дужа*кі я не падыду,— безнадзейна ўздыхнуўшы, кажа Барыс.— Дый занадта многа гонару для яго.

— Дарэмна. Бо сёння ён цябе праглыне, заўтра мяне, адале яшчэ каго... Ты павінен пра яго напісаць.

— Што напісаць? Куды?

— На ўсе інстанцыі: у міністэрства, у пракуратуру, нарэшце, у газету або нават у ЦК.

— Што ты, Зміцер Пятровіч, што ты!

— А як жа іначай?

— Гэта мая хатняя сварка, то хіба я магу гаварыць яе на такі голас.

— Хатняя сварка? Пачаўшы з хатняе, ён так скора ўвесь завод распатрошыць... А што, калі я табе скажу, што ён ужо і да мяне дабраўся!

— Як? — пытаецца Барыс, але тут жа з непрыемнасцю ўспамінае загад.— А-а, ведаю, ведаю: налічэнне зрабіў. Я ж чытаў у загадзе.

— Ну от бачыш...

— Дык пра што ж ты хочаш, каб я пісаў?

Дзялендзік здзіўляецца:

— Як пра што — пра самаўпраўства! Што чалавек несумленны, чужы, прыйшоў на завод і робіць смуту ў калектыве, разганяе кадры. Гэта раз. Падрывае аўтарытэт, сее атмасферу недавер’я і падазронасці сярод апарату — гэта два. Перавышае ўладу, самаўпраўнічае, робіць з сябе культ. Культ, от што самае важнае! Ты як юрыст гэта ўсё можаш распісаць як след.

Не, тут трохі не тое. Няйначай як тут Дзялендзік больш за ўсё хоча паквітацца з Собічам за самога сябе. Аж непрыемна, што гэтая дурная сварка набывае такі характар. Але як жа далікатна пра гэта сказаць Дзялендзіку?

— Ты мяне не зразумеў, Зміцер Пятровіч,— кажа Барыс прабачліва,— ці яшчэ што — не ведаю, але ўсё ты вельмі перабольшваеш. Не збівай мяне на гэта.

— Я не збіваю, але хачу, каб ты зразумеў, як гэта сур’ёзна. От слухай жа...

Маргарыта не можа доўга аставацца адна. У яе свой клопат, ад якога яна не можа супакоіцца:

— Гэты курорт у мяне з галавы не выходзіць,— кажа яна, увайшоўшы.— Можа б, ты, Барыс...

Барыс не слухае. Яму трэба яшчэ адказаць Дзялендзіку:

— Не, не, нічога гэтага я пісаць не буду. Што ж ты думаеш, што я ўжо зусім сумленне страціў?

Маргарыта не разумее, у чым рэч:

— Мужчыны, чаго гэта вы?..

Дзялендзік. Баішся? Дарэмна! Сам пасля раскаешся, ды будзе позна.

Усё больш да Барыса даходзіць, што іменна пра сябе клапоціцца Дзялендзік. Што з Собічам ён хоча разлічыцца Барысавымі рукамі і самымі нягоднымі сродкамі — паклёпам. Цяпер ён гатоў пакрыўдзіцца нават за Собіча.

— Калі ты прыйшоў да мяне з такой прапановай, то можаш пакінуць мой дом!

— Ну, што ж, бывай здароў,— збянтэжана гаворыць Дзялендзік.— Я думаў, што ты ў жыцці большае месца займаеш.

Ён пайшоў не развітаўшыся.

— Нягоднік! Падумаць толькі! — кідае яму наўздагон Барыс.

— Чаго вы рассварыліся? — папікае Маргарыта.— Ён жа табе дабра зычыць.

Барыс горка ўсміхаецца:

— Хм, дабра зычыць... Прыбег, каб я на Собіча пачаў паскудства пісаць. Гадасць!

— Ніякае тут гадасці няма. Як сам робіць, так трэба рабіць і яму...

Ніхто не чакаў у такі час Усевалада. Ён прыйшоў і адразу адчувае, што яму сёння тут не рады. Гаворыць стрымана:

— Добры вечар.

На нейкі час настае агульнае замяшанне, ніхто не ведае, што сказаць. Гэта адчувае і сам Усевалад.

— Я ведаю, што мне сёння тут не рады, але мусіў зайсці.

Маргарыта першая хоча знайсці нейкую яснасць. Яна кажа суха:

— А хіба вы вінаваты ў чым перад гэтай сям'ёй?

— Не. Але ведаю, што мяне вінавацяць.

— Не чакалі мы гэтага ад вас, Усевалад Кірылавіч. Не чакалі,— гаворыць Маргарыта, намагаючыся, каб трымаць сябе ў рамках прыстойнасці.

Барыс адчувае, што пазіцыі павінен вызначыць ён:

— Праходзь, чаго ж стоячы ў парозе гаварыць.

— Нават не ведаю, як цяпер сустрэць вас,— не можа супакоіцца Маргарыта.

Усевалад. А я больш да вас, як да Барыса, зайшоў, Маргарыта Казіміраўна. Я не веру, каб чалавек з такой чулай і харошай душой, як у вас, быў помслівы і зласлівы. Нічога благога я Барысу не жадаў і не зычу. Гэтак жа, як і вам.

— А з работы прагналі?

— Барыс, навошта Маргарыта Казіміраўна так гаворыць? — з болем у голасе пытаецца Усевалад.— Хто яе на такія думкі настроіў? Дарагая Маргарыта Казіміраўна, гэта няпраўда. Наадварот, я без Барыса не магу і хачу, каб ён памог мне.

— Давай пра гэта не будзем гаварыць. Усё ясна,— кажа Барыс.

Усевалад. Слухай, Барыс, ты не хочаш зразумець становішча: мне трэба або ўцячы адсюль, каб не ганьбіць ні цябе, ні сябе, або як след узяцца і паправіць. Ты што мне раіш рабіць? Уцякаць?

Такое пытанне застае Барыса знянацку.

— Як гэта — уцякаць? Хто табе раіць гэта?

— Не варта? І я так думаю. Дык чаму ж ты не хочаш памагчы мне?

Маргарыта. Не хапала яшчэ, каб вы яго сваім бухгалтарам зрабілі.

Можна падумаць, што яго ўчынкамі кіруе жонка. І Барыс гаворыць строга:

— Рыта, перастань! Хопіць! Не з табою гавораць!

Маргарыта. Ах, от як! Ну пагавары ты, цябе паслухаюць!

Дэманстрацыйна яна выходзіць.

Усевалад. Я хачу, каб ты выслухаў мяне. Ты ведаеш, у якім стане завод? Яго фінансавая гаспадарка даведзена да крайнасці. Мы задыхаемся без грошай, а іх у нас поўна, у гэтым самае трагічнае і смешнае.

— Ну?

— Я пасварыўся з дырэктарам, але ад свайго не адступлюся, толькі трошкі перачакаю: як бачыш, я адкрываю табе ўсе карты. Хачу пачаць з другога, ты разумееш, пра што я гавару: з дэбітораў. І ўсю гэтую работу я меў даручыць табе.

— Пачэсна, так сказаць, перавёў да сябе ў работнікі.

— Ды не, Барыс, зразумей ты — ты астаешся юрыстам з поўным правам самастойнасці. Гэта трэба для агульнай справы, для завода. Такой работы, апроч цябе, даручыць няма каму. Я дам табе памочнікаў колькі хочаш — двух, чатырох,— толькі камандуй і адказвай.

— Я ж сказаў, Усевалад, што заўтра падам заяву.

Гэтая ўпартасць злуе Усевалада, але яму трэба стрымаць сябе.

— Ну добра,— кажа ён праз хвіліну,— калі не хочаш — падавай. Але толькі не заўтра. Астанься хоць на колькі дзён. Бранскі завод нам вінаваты семсот тысяч рублёў — аформі хоць толькі яго. Гэта вельмі складаная аперацыя, як знарок заблытаная. Праз чатыры дні гэтыя семсот тысяч прападуць, іх у нас спішуць. Ты падумай, Барыс, што гэта значыць для нашага завода.

Прыйшла Галіна. Яна адразу тут адчула нязвычную атмасферу і, здзіўленая і трывожная, садзіцца на канапу.

Барыс. Не магу, Усевалад, не прасі.

Усевалад падымаецца і з вялікім болем кажа:

— Як жа высока ты нясеш свой гонар. Ён табе даражэй за ўсё...

Галіна. Што ў вас тут такое, Барыс? Што здарылася?

Усевалад. А я так спадзяваўся на цябе. Так верыў.

Усевалад пайшоў. Галіна кідаецца да Барыса з нецярплівым запытаннем:

— Што ў вас тут было? Дзе Рыта?

Уваходзіць Рыта.

— У нас, Галачка, непрыемнасці.

— Якія?

— З Собічам Барыс пасварыўся. Той перавёў яго да сябе ў памагатыя, ты чула такое хамства?

— Пра загад я чула, але хамства ў гэтым ніякага не бачу.

— А што ж гэта такое? — пытаецца Барыс.— Прыехаць сюды з мае ласкі... Яго лічылі за друга, за найлепшага госця, а ён нада мною камандаваць захацеў! Самае сапраўднае хамства, калі не больш!

Маргарыта. Адкуль ён такі сыскаўся над Барысам начальнік? Як ён мог сабе гэта дазволіць? Дзе яго сумленне?

Галіна. Ён хоча паправіць завод, якога ж большага сумлення вам ад яго трэба? Калі яму іначай, можа, нельга. І ты, Барыс, сам выдумляеш трагедыі...

Барыс. . Словам, я завод пакідаю.

Маргарыта. Барыс хоча пераязджаць у Віцебск. Мікалай там паможа ўладкавацца... Ты з намі паедзеш?

Галіна некаторы час думае.

— Я з вамі на край свету паеду, калі гэта трэба, ты ж ведаеш. А тут чаго ехаць, калі ва ўсім вінаваты Барыс?

Маргарыце яшчэ нешта хочацца сказаць. Яна адводзіць Галіну ўбок:

— Каб табе лепш было, Галачка. Можа, Барыс і праўду кажа, што табе трэба памірыцца з Мікалаем. І будзем зноў усе разам...

Галіна гаворыць шчыра, з болем:

— Рытачка, сястрыца мая! Я вельмі хацела б калі з табою пагаварыць. Думаеце, чаго я так баюся, калі вы мне гаворыце пра яго,— бо сама не магу яго забыць.

— Ну от бачыш, так што гэта, можа, і найлепш. Усё як бы само сабою зробіцца,— ужо новыя планы строіць Маргарыта.

Але зноў усё зблытаў, нечакана паявіўшыся, Каляда.

— Ой, божа мой, каб вы ведалі: я сёння, як той казаў, на сёмым небе! — крычыць ён яшчэ ў дзвярах.

— У Міхала Сымонавіча заўсёды якая-небудзь навіна,— недаверліва сустракае такую ўзрушанасць Маргарыта.

— Навіна! І самая лепшая навіна!.. Ты, Барыс, нават не ведаеш, які ты малайчына. Дзе ты яго толькі вынюхаў?

Барыс. Каго?

— Ды галоўнага нашага — Собіча!

Барыс пытаецца вельмі падазрона:

— Што ты маеш на ўвазе?

Маргарыта таксама ў трывозе:

— Можа, ён яшчэ чаго натварыў?

— Хо, натварыў! — рад Каляда.— Пачынае шэльмаў на чыстую ваду выводзіць, от што! Нарэшце ў нас на заводзе пойдзе парадак. І справядлівасць! Самае галоўнае! Так што, Барыс, хвала табе за такога чалавека.

— Не ведаю, пра што ты гаворыш,— паціскае плячыма Барыс.

Каляда. Пра Дзялендзіка я гавару. Ён жа не можа без круцельства нагою ступіць. А я ад яго ласкі залежу. Па тэхніцы бяспекі і ахове працы мне трэба на аддзел бог ведае чаго ўсякага — і спецадзення, і абутку, і матэрыялу на розныя рамонты, і нават смятаны,— дык от, калі не падзялюся з ім — не выпіша. Вы разумееце, у якой я пастцы быў?

— Не думала я, Міхал Сымонавіч, што і вы можаце шальмоўствам займацца,— здзіўляецца Галіна.

— На жаль, Галіна Казіміраўна. Ды пра сябе я ўжо не кажу, а от другія, на яго гледзячы, што рабілі толькі... Але ж нарэшце знайшоўся гаспадар. Усё гэта ён цяпер прыкрые.

Маргарыта. Як абухам па галаве вы мяне стукнулі.

— А пачалося з маленькага,— гаворыць далей Каляда,— з майстэрні: і тавару на новае шальмоўства не даў, і туфелькі яго рэквізаваў.

— Няйначай як вы пра мае басаножкі гаворыце,— насцярожваецца Маргарыта.— Зміцер Пятровіч сказаў, што іх забраў Собіч. Цяпер, кажа, ваш прыяцель спажывацьме іх.

Барыс. Пра якія басаножкі ты гаворыш, Рыта?

Маргарыта. Ну, ён абяцаўся дастаць ці зрабіць мне нейкія адмысловыя. Да курортнай сукенкі. У нейкага рыжскага майстра.

Каляда разрагатаўся:

— Так і сказаў? Ай, які круцель. Басаножкі гэтыя ён сваёй жонцы заказваў, я ж ведаю.

— А божа мой, што я чую,— дзівіцца Маргарыта.

— Шавец з яе нагі нават мерку здымаў, а ножка ў яе дай божа, не вашай роўня. Тавар на майстэрню праз мяне выпісваў.

Барыс. Як толькі табе не брыдка, Рыта. Ці ты без басаножак была?

Галіна. Як жа здорава вы ўсе заблыталіся, Барыс. Агідна! А яшчэ гаворыш...

Маргарыта. А табе абы напасці на мяне, Галя. Ты вельмі рада.

— Шчыра кажучы,— кажа Каляда,— я думаў, што яго ў вас застану. Мне хацелася пагаварыць з ім, бо вельмі ж было брыдка стаяць у яго перад сталом... Калі ён гэты дакуменцік сабе ў шуфляду палажыў. Як той казаў...

Ён махае рукою, не знайшоўшы, што сказаць.

Галіна. Я пайду, Рыта, сёння мне ў вас нядобра... Можа, вы праведзяце мяне, Міхал Сымонавіч?

Каляда рад гэтаму:

— З вялікаю ахвотаю, Галіна Казіміраўна, вы ж гэта ведаеце.

Галіна. Ну-ну, не вельмі. Памятайце, што ў вас ёсць жонка.

Каляда. Ох, не кажыце. Не напамінайце лепш гэтага.

Ужо каля дзвярэй Галіна спыняецца:

— Я вельмі рада, Барыс, што ты паслухаў тут пра Собіча. Можа, і сам цяпер падумаеш трохі іначай. Не будзеш трагедый строіць, а як чалавек — паможаш, калі цябе просяць. Ты павінен толькі так зрабіць, Барыс! Калі хочаш, каб цябе паважалі. Дарэчы, і я думаю зрабіць іначай: нікуды адсюль — ні ў Віцебск, ні за Віцебск — я з вамі не паеду. Астануся тут.

Маргарыта. Ой! А як жа з Мікалаем? Ты ж казала...

Галіна. З Мікалаем?.. Я напішу, каб ён прыехаў сюды сам...

 

Круг чацвёрты

Вось так і мяняецца ўсё ў жыцці. Думаеш, мяркуеш адно, а выходзіць зусім другое. Але ў гэтым, можа, і ёсць свая прыгажосць. Неспадзеўна прыходзяць новыя акалічнасці, якіх ты не чакаў, новы рупесак, пра які не думаў. І па-новаму глядзіш на свет, на людзей, як на разгорнутую кнігу, у якой усё цікавае яшчэ наперадзе. І добра, што мы не ведаем, чым сустрэне нас заўтрашні дзень. Ведаем толькі адно: ён павінен быць самы найлепшы, бо новы, і ў нас будуць новыя спадзяванні.

От так і Маргарыта. Ці думала яна, што будзе сядзець поруч з Усеваладам. Вышывае свае бясконцыя ўзоры, перакідваецца з ім словамі, і ёй хораша, што ён памагае ў яе чаканні.

— Не, не,— кажа яна,— я на вас даўно перастала злавацца. Мала што бывае. А от за тое, што Барыса ў Маскву паслалі,— злуюся.

— Ну, гэта ж справы, Маргарыта Казіміраўна. Пабудзе — і прыедзе. А вы пасумуеце трохі, то яно, можа, і лепш.

— Вельмі ж я не прывыкла, каб ён дзе ездзіў з дому надоўга. Адна — як дурная. Ні рабіць нічога не магу, ні думаць. Хіба толькі кніжку якую пачытаю, дык і то толькі таму, што фантазія забірае. Там развітваюцца, чакаюць, ну, а я параўноўваю сябе з імі... Ён вам нічога не пісаў?

— Не.

— Не думала, што ён не дабярэ часу пісьма людскага напісаць. Адну тэлеграму адбіў: не турбуйся, цалую. Ай, мне гэтыя папяровыя пацалункі!.. А чаму конча трэба было Барыса пасылаць, а не каго другога?

— Можна было і без яго, але гэта самая сур’ёзная справа, Маргарыта Казіміраўна. Там трэба ўмець абараніць свае інтарэсы.

Маргарыта ўздыхнула летуценна:

— Ой, Барыска мой! Хоць бы скарэй прыехаў. Ён жа ў мяне такі: нават паесці забудзецца.

— Як я гляджу, дык ненадоўга разлучацца нават не шкодзіць.

— Гэта пра другіх толькі лёгка так гаварыць. А каб у вас была жонка, ды харошая, ды маладая, ды якую б вы кахалі, ой, хацелася б мне паглядзець, як бы вы тады гаварылі.

— Такая магла б быць толькі адна, гэта ваша сястра, Маргарыта Казіміраўна. Але ж... як мне здаецца, дык яна мяне проста ненавідзіць.

— Я сама не ведаю, што з нашаю Галачкаю робіцца,— кажа, счакаўшы, Маргарыта.— Яна вельмі кахала Мікалая. Ну от, а калі ён пакрыўдзіў яе, то ў ёй нешта як бы абарвалася. Нікому не верыць. І яго забыць не можа. Ёй вельмі цяжка, яна гордая.

— Такой я больш не сустрэну ў жыцці ніколі. Ніколі!

— А што ненавідзіць вас, гэта няпраўда. Наадварот — вельмі паважае. От скажу: каб не яна, то Барыс з вамі не памірыўся б. Як пачала прабіраць нас...

— А са мною скрозь — як у сварцы. Усё роўна як помсціць за што. То я ўсё не разумею: што я мог зрабіць ёй калі благога? Перш думаў, што, можа, за тое, што з Барысам так было выйшла ў нас.

— Не, перад Барысам яна сама заступалася за вас. Так што вы не думайце... Дый той звадыяш не адступаецца, можа, нават памірацца яшчэ...

Але вось нарэшце дачакаліся Барыса. Ён уваходзіць з чамаданам, з пакункамі ў руках і пад пахамі. Маргарыта саскоквае з месца, падбягае да яго, цалуе, распранае.

— Толькі пра цябе гаварылі,— кажа яна.— Дзе ж ты так задзержаўся, і тэлеграмы не даў, што едзеш.

— Не тое ў галаве было, Рытачка, дый якая там тэлеграма, калі ўсё нармальна... Ну, што ў вас тут?.. Здароў, Сева, як у цябе? Што тут робіцца ў нас?

Яны вітаюцца, нават абняліся. Усевалад кажа:

— Ды ў нас што — памаленьку цягнем. Гавары ты — бач, як чакаем цябе.

Маргарыта. Усевалад Кірылавіч ужо каторы вечар тут чакае цябе. Мяне развясельвае.

Барыс. То за гэта я вам гасцінца дам.

Распакоўвае чамадан. Заходзіць Галіна.

— Ой, і Барыска прыехаў! — кажа яна, таксама вельмі радая.— Што ў вас тут за распрадажа? — пытаецца яна весела.

Барыс накідвае на яе лёгкі шалік.

— Гэта табе! — кажа ён. Адчыняе кардонку і перадае Маргарыце.— А гэта табе, каб не заказвала ў Дзялендзіка.

Маргарыта любуецца басаножкамі.

— Ой, ды якія ж харошыя! — Прымервае, тупае на адной назе і зноў цалуе Барыса.— Ты ў мяне вельмі клапатлівы.

Маргарыта разглядае то Галін, то свой падарунак. Яна шчаслівая, як дзяўчынка.

— Ленінградскія! — кажа яна на басаножкі.

— Але ж,— адказвае Галіна, але падарункі яе не займаюць.— Барыска, дарагі, як жа табе ездзілася?

— Зараз раскажу,— Барыс яшчэ поркаецца над чамаданам і гаворыць да Усевалада: — А табе — мудраваў, мудраваў і не ведаю, ці спадабаецца. На! — падае ён гальштук.— А то я не бачыў у цябе людскага гальштука.

Усевалад. Няйначай як ты з мяне хочаш зрабіць вельмі дасціпнага кавалера. Але нешта гэта не па маёй натуры.

Галіна. Калі дасціпнасць будзе толькі ў гальштуку, то ўцехі, вядома, мала.

Усевалад. Асабліва, калі ацэньвацьме Галіна Казіміраўна.

Галіна. А яе ацэнкі вам — вельмі вялікае здарэнне.

Маргарыта. Ціха, ну што гэта вы! Чаму вы ўсё сварыцеся?

Усевалад. Я зараз пайду, Барыс, бо мне некалі. То хоць бы ты расказаў, як твае поспехі.

Маргарыта. Пасля, Усевалад Кірылавіч. Дайце я яго з дарогі трохі да ладу прывяду. Хадзем, хоць апаласніся.

Барыс. Зараз, зараз, ты пачакай, Сева.

Яны выйшлі. На нейкі час у пакоі ціха. Ні Усевалад, ні Галіна не ведаюць, з чаго пачаць гаварыць. Галіна стаіць наводдаль. Усевалад падыходзіць і спыняецца ў яе за плячыма.

— Няўжо нам суджана быць ворагамі, Галіна Казіміраўна? — пытаецца ён.

— Чаму? Навошта?

— Я адчуваю, што да гэтага ідзе, і мне робіцца страшна.

— Усевалад Кірылавіч, можа, гэта вы сабе нагаворваеце?

— Усё больш і больш вы пачынаеце мяне стараніцца. Калі я сустрэну вас на хвіліну, то вы стараецеся, каб не ўбачыць мяне. Што гэта — няўвага, ці вы знарок хочаце, каб мне балела?

— Што яшчэ?

— Яшчэ?.. Ну, што ж, раскажу. Любячы вас, я таксама пачаў старацца не хадзіць там, дзе ходзіце вы. Я пачаў гаварыць сабе, што вы нядобры, злы чалавек, што я сам сабе выдумаў вас. Што вы нячулая, бесчалавечная, гордая, што ў вас няма ні душы, ні сэрца, што вы можаце здзекавацца з другіх і ад гэтага вам весела...

— Я ўважліва слухаю вас, — абрывае паўзу Галіна.

Усевалад. Бо я хацеў разлюбіць вас... І каб заглушыць у сабе боль, я спрабаваў знайсці другіх... жанок, нават да гэтага даходзіў. Буду гаварыць вам усё... Але і тут вы стаялі ў мяне на дарозе, як бы знарок пацяшаючыся, што нават на гэта ў мяне няма волі.

На нейкую хвіліну Галіна траціць уладу над сабою.

— Што ж мне рабіць?

Усевалад бліжэй падыходзіць да яе, рукі дзяржыць каля плячэй, як бы хочучы і не смеючы дакрануцца:

— Вы павінны сказаць хоць адно слова, хоць адно толькі слова, каб я ведаў нейкую праўду. Я павінен або... знаць, што вы мне родная, або...

Галіна трывожна перапытвае, зрабіўшы паварот галавы да яго цераз плячо:

— Або?..

Усевалад кранаецца-такі асцярожна яе пляча:

— Або назаўсёды пакінуць думаць аб вас... Не ведаю, як пасля гэтага мы будзем з вамі: незнаёмыя ці ворагі.

Галіна паціху зняла яго руку з пляча:

— Не скажу я вам гэтага слова, Усевалад Кірылавіч. Не магу. Не маю права. Але ворагам вашым быць не хачу, гэта вы памятайце...

Прыйшоў Каляда.

— Добры вечар! — Убачыўшы Усевалада з Галінаю адных, трохі збянтэжыўся.— З прыездам!.. Не, чакайце, дзе ж Барыс? Я думаў, што Барыс прыехаў. Як той казаў: недабачаю, каго прывячаю... Проста на хвіліну забег...

Галіна. Не, не, Барыс прыехаў, так што вы прывячаеце бадай што правільна. Ён дома, зараз прыбярэцца.

— Ну от і добра. То як жа ён — на кані ці пад канём?

Усевалад. Яшчэ не бачылі, Міхал Сымонавіч. Але здаецца, на кані.

— Хо! Так і трэба. Не магло быць, каб праўда стала не на нашым баку.

— Добры вечар, Міхал Сымонавіч! — кажа Барыс, уваходзячы. Цісне руку яму.— Мне дык здаецца, што я вас усіх не бачыў, можа, з год.

— Барыс кажа, што я памаладзела,— не стрымлівае свае радасці Маргарыта.

Галіна. Рыта, дай мужчынам пагаварыць.

Барыс корпаецца ў партфелі.

— Дык, словам, Сева,— кажа ён,— наша поўная перамога. Цяжка было — страшэнна. Два разы адкладалі справу — не жартам. Бранскі завод якіх толькі хітрыкаў не пускаў. Ну, не ведаю, як сказаць, але я давёў, што яны... абармоты. Нашы станкі... з нашага боку — поўны парадак. Ну, і вось табе рашэнне.— Ён перадае гэтае рашэнне Усеваладу.— Арбітражу пры Савеце Міністраў СССР, не абы-што! Семсот тысяч маеш у сваёй кішэні.

Усевалад. Ты, Барыс... не ведаю, які табе помнік ставіць, якую ўзнагароду даваць. Тут нават, калі ўжо так гаварыць, справа не ў грашах, а ў справядлівасці, у дзяржаўнасці нашае лініі, калі хочаш. Дзякую, Барыс. Ды пасля гэтага мы — сіла! Ты разумееш?

Каляда. Ну і людзі ў нас падабраліся, а? Любата!

Барыс. Словам, Сева, от так. Усё гэта мне надта спадабалася, ты мяне навучыў біцца як мае быць. Давай і далей! Усё там, што асталося, трэба зараз жа расчысціць да канца.

Усевалад смяецца:

— Ох, які ты мне дарагі за гэта, Барыс. Ты так і мне духу паддасі.

Маргарыта не ўнікае ў мужчынскую гаворку, яна гаворыць да Галіны:

— Барыс кажа, што яму не было толькі часу пахадзіць там як след. Давай мы з табою з’ездзім — і табе ж трэба сяго-таго купіць.

Галіна не слухае яе:

— Чакай, пра што яны там? Барыс нешта вельмі рад.

Каляда. Дзе б і мне работу якую баявітую далі. А то я ўсё роўна як абознік: майстэрні па рамонту, спяцоўкі, ці няма дзе аварый... Што гэта за інжынер...

Барыс. Там яшчэ, я памятаю, у гэтых дэбіторах тваіх, асталося пару добрых зуброў — я іх аформлю, я ім пакажу, як мудраваць!

Усевалад. Магу цябе засмуціць, Барыс: тут мы самі без цябе гэтых зуброў аформілі. Пасля цябе ў мяне асталася цэлая школа юрыстаў. Ты можаш цяпер варочацца назад, на сваю работу, калі хочаш.

Б а р ы с. Шкада. У самы смак увайшоў. Мне там ужо будзе нудна.

— А наогул, калі сказаць праўду, то я думаю, што тваю пасаду на заводзе цяпер можна ліквідаваць,— заключае Усевалад.

— Як гэта так? — трывожна пытаецца Барыс.

— Яна скора будзе непатрэбна або нават і цяпер непатрэбна ўжо. Тым больш што і пасады такое няма ў нас, табе яе прыдумалі. Ты ж ведаеш, што лічыўся на пасадзе старшага дыспетчара.

Маргарыта. Зноў нешта пачынаецца, падумайце!

Усевалад. Слухай, Барыс. Юрысты на прадпрыемствах— перажытак. Гэта адзнака адсталасці і адсутнасці вытворчай культуры. Нашы прадпрыемствы цяпер — гэта высокая, перадавая сістэма. Планавая, адзіная гаспадарка.

Каляда. Яшчэ нешта прыдумае Усевалад Кірылавіч. Люблю ўсякую навіну. Далібог!

Усевалад. Разумна пастаўленая, гэтая гаспадарка не можа парадзіць якіх-небудзь непаразуменняў. Няма з кім спрачацца і няма за што. Няма ніякіх бар’ераў. Нездарма ж перабудова прайшла. Павінна так быць пры сацыялістычнай арганізацыі! Так, хіба дробязь якая. І калі якая дробязь будзе раз ці два на год — рэкламацыя якая або ведамасная няўвязка,— то я табе лепш заплачу акордна.

Барыса ахапіла тая самая старая трывога, што Усевалад такі не можа быць яму другам.

— От як,— пакрыўджана кажа ён.

Галіна даўно прыслухоўваецца да гэтай гаворкі. Не тоячы непрыязнасці, яна кажа Усеваладу:

— Я думала, што вы на нешта больш разумнае здатны.

Усевалад. Наўрад ці чакалі вы ад мяне здатнасці, Галіна Казіміраўна... Дык от як я думаю, Барыс.

Барыс каецца ў той слабай хвіліне, калі быў даверыўся Усеваладу. Ён кажа з горкім папрокам да сябе:

— Усё-такі я вельмі дурны...

Усевалад. Не, Барыс, не дурны. Я раіўся з дырэктарам: ты нам патрэбен на больш важнай справе, не бойся, крыўдзіць цябе не будзем. Проста кажу табе: калі мы выбілі з рук у Дзялендзіка блат, ён перастаў быць работнікам. Нічога ў яго не выходзіць. Аддзел забеспячэння і збыту, такі важны наш орган, цяпер усюды трашчыць. Правал. Ты павінен узначаліць гэты аддзел. А на юрыспрудэнцыі, калі гэта спатрэбіцца, будзеш падрабляць. Я ўжо гаварыў з дырэктарам.

Барыс зразумеў. Зноў на твары ў яго ажывае ўсмешка.

— Онь ты пра што, Усевалад.

Маргарыта. І я ж была падумала бог ведае што. Як ты, Барыс, згодзен ці не?

Каляда. Мудрэй я нічога не прыдумаў бы. Правільна! Вельмі правільна, Усевалад Кірылавіч. Туды трэба чалавек проста святы, ну, як Барыс, адным словам.

Усевалад. Я не падганяю цябе з адказам. Падумай, прыкінь сам, парайся от з сям’ёю, ды калі што — так і зробім. Мы з табою хоць трошкі салдаты, Барыс, а салдаты вельмі добра ведаюць, што такое таварышаў локаць.

— Я і забылася, што нам трэба павячэраць,— ззяючы нейкім новым святлом, ажыўляецца Маргарыта.— І Барыс мой з дарогі. Ой, якая ж я!

Яна выходзіць. Барыс пасля доўгага роздуму кажа:

— Не чакаў я гэтага, Сева, не чакаў. За тое, што верыш так мне,— дзякую... Проста, гэта сказаць — вельмі пачэсна... Можа, я нават...

Усевалад. Чаму я хачу, каб ты ўзначаліў такі важны аддзел? Бо ты сумленны — гэта раз. Працавіты, клапатлівы — гэта два. А пасля — ты цяпер тонка ведаеш увесь падыспад гэтае машыны. Ты сам будзеш поўны гаспадар — я ўсё магу на цябе паверыць. І буду спакойны: у мяне не будзе тады ні безнадзейных дэбітораў, ні санкцый ад банка. А да цябе прымацую бухгалтара: з ім і камандуйце. От як, Барыс.

Галіна. Я вас не зразумела, Усевалад Кірылавіч, калі вы пачалі гаварыць адразу. Пра гэтую пасаду. І калі вас пакрыўдзіла, то прашу прабачыць.

Усевалад. Навошта ж? Ад сябе адракацца не варта.

Галіна. Як бачыце, гонару ў мяне не так і многа.

Усевалад глядзіць на яе доўга, у яго душы ідзе барацьба.

— На жаль, вы сказалі ўсё, што хацелі...— Збіраецца выходзіць, кажа да ўсіх: — Тым часам. Дабранач... А ты, Барыска, заўтра скажаш мне, калі падумаеш.

Усевалад пайшоў. Пасля агульнага даволі доўгага маўчання Барыс кажа:

— Харошая галава ў хлопца.

— Міністэрская! — пацвярджае Каляда.— Толькі шкода, што Галіна Казіміраўна заўсёды настаўляецца супроць яго...

 

Круг пяты

Вось як склаўся лёс у Галіны.

Аднаму чалавеку цяжка ўсё: нават свая ўласная радасць, калі яе ні з кім не дзеліш. Ды можна сказаць, наогул няма чалавечае радасці для сябе: яна мысліма толькі тады, калі ты нясеш яе для другога.

Галіна адна. Сядзіць над сталом, апусціўшы галаву на рукі, відаць, даўно ў цяжкім роздуме. Яна піша пісьмо.

— Дарагі Мікалай,— кажа яна, выходзячы з одуму.— Каб ты ведаў, як цяжка мне пісаць табе гэты ліст. Я сябе прывучыла маўчаць з табою, а цяпер трэба такі сказаць. Ты не ведаеш, як я кахала цябе, дарагі мой, любы і такі нядобры. Навошта ты пакрыўдзіў мяне? Чым я была табе нехарошая? Апроч цябе мне ж нікога не трэба было, я малілася толькі на цябе. І от два гады разлукі і пакуты...

Яна падымаецца, ходзіць па пакоі. Спыняецца каля акна.

— О, як я злавалася на цябе! Мне ўсё ўспаміналася тая жанчына, нават не жанчына, а ліст яе да цябе — нахабны, цынічны,— ад чаго мне яшчэ горш балела, бо я бачыла, якая гразь прыліпае да цябе... Ты адумаўся вельмі скора, але я не ўмею дараваць грахоў. Ты хадзіў за мною — я табе не давала нават наблізіцца да сябе. Пісаў пісьмы — я не чытала іх. Я хацела вырваць цябе з свайго сэрца. Я ненавідзела цябе, праклінала і яшчэ больш кахала цябе...

Падыходзіць да стала, бярэ ліст, глядзіць на яго.

— А цяпер от пішу сама. Прыязджай, дарагі Мікалай, пакуль я не страціла цябе. Я помсціла табе, пакуль ведала, што сама гаспадыня і свае пакуты і свайго шчасця. Я магла гэта рабіць, як хацела. А цяпер пачынаю баяцца за сябе. Часамі мне здаецца, што ён харашэй і дабрэй за цябе... От бачыш, і я саграшыла перад табою, і я не святая, як думала сама сабе.

Піша колькі слоў, а тады аберуч бярэцца за галаву.

— Божа мой, чаму ж мне страшна ад гэтага пісьма? Хоць бы пагаварыць з кім! Хоць бы паглядзеў хто ў душу ды памог разабрацца! Дык каму ж пра гэта раскажаш? Найдаражэйшы чалавек — сястра, Рыта, дык яна ж больш разбярэцца ў сукенках, як у чалавечай душы... Смешна сказаць: лаўлю сябе на тым, што хочацца, каб ён пасядзеў і пагаварыў са мною...

Кладзе галаву на рукі, і па плячах відаць, што плача. Уваходзіць Каляда, вельмі паволі, гэта нават не падобна на яго. Убачыўшы, што Галіна плача, кідаецца да яе.

— Галіна Казіміраўна, Галя, што такое?

Галіна нават рада яму:

— Ах, гэта вы?

— Што ў вас нядобрае, Галіна Казіміраўна? Я ж ніколі не думаў, што вы можаце плакаць. Хто вас пакрыўдзіў?

Галіна падымаецца, вельмі скоранька змахвае слёзы і не хоча паказаць, што ў яе гора.

— Ніхто, Міхал Сымонавіч. Проста села і задумалася над сабою. Ну, стала крыўдна трошкі, што ва ўсіх такое харошае жыццё, што радасці гэтулькі кругом, а я... нічога не магу дадаць свайго да гэтай радасці.

— Не ведаю, што вы за чалавек, Галачка. Нават пра гэта ў вас знайшліся такія праўдзівыя словы. Ай, якая гэта шчырая праўда! Як той казаў: той не будзе багаты, у каго сэрца без хаты. Сам сабе чалавек як бы нічога і не значыць, калі ў яго няма чым падзяліцца з другімі.

— От бачыце, настроіла і вас на сумную філасофію.

— А як жа! Бо я ж кажу: вы сказалі вялікую праўду. У наш час, такі харошы і радасны, такі вялікі і шчаслівы, такі нейкі рамантычны і малады, нельга, каб у цябе на душы быў хмурны неспакой. А вы ўсё роўна як пра мяне сказалі.

— Ну што вы, Міхал Сымонавіч, у вас расце такі харошы сын...

— Сын... У гэтым уся ўцеха мая. Але ж, вы разумееце, гэтага мала. Калі я прыходжу дадому і не магу нічым падзяліцца з жонкаю, то ў мяне як бы і радасці мае няма. Сын не можа рашыць задачы, дык яна яго дурнем абзывае. А сама памагчы рашыць яму не можа, не ўмее і вучыцца не хоча... От якое ў мяне шчасце...

— Гэта значыць, што ў жыцці бываюць вельмі вялікія памылкі. І памылкі на ўсё жыццё.

— Ото-та ж. І паправіць іх, бывае, што ўжо і нельга. От як у мяне — дзеля сына і дзяржуся. А пасядзець, пагаварыць — іду к вам. Мне ў вас цёпла, хораша. Ад вас я заўсёды панясу ў душы нешта такое, што мне яго хопіць і на заўтра, і на паслязаўтра, і... назаўсёды. Смешна сказаць, а душа мая не дома, а каля вас...

Галіна. Мне здаецца, што вы можаце вельмі шчыра любіць.

Каляда горача:

— Толькі шчыра! І, можа, таму мне хочацца, каб і вас нехта вельмі шчыра любіў. Бо вы... бо вы... як той казаў... ну як жа можна не любіць вас?

Галіна трывожна ўслухоўваецца ў гэта:

— Таксама, мабыць, не ўсе. А Мікалай жа?..

— І Мікалай! Гэта ўжо я добра ведаю, што любіць!

Галіна адважваецца прызнацца:

— Я надумала памірыцца з ім. От скажыце, дарагі Міхал Сымонавіч, ці добра я раблю?

— Не ведаю, Галіна Казіміраўна. Баюся, што гэта тая самая памылка, якой я паправіць ужо не магу, а вам яшчэ варта паправіць.

Яшчэ з большай трывогай Галіна пытаецца:

— Вы думаеце, што ён нядобры?

— Не, не тое, Галіна Казіміраўна. У яго няма... ну, як вам сказаць... ён любіць сябе больш за другіх. Бляску многа ў яго. Чужога, паназбіранага ад другіх. А як той казаў: з пазычоным не будзеш вучоным.

— Гэта, можа, і праўда.

— Не варты ён вас. Можа, я і памыляюся, бо я на яго надта сярдзіты, што ён з вамі так абышоўся. Так што не вельмі і слухайце мяне. Сэрца таксама ўмее гаварыць.

— Ой, колькі ў гэтым сэрцы трывогі...

— Калі я думаю, што вы шчаслівая,— прабачце, я разумею гэта не як вузенькае, асабістае шчасце, а так, каб і людзям ад яго было хораша,— то ўсё ж бачу вас не з Мікалаем, а з некім другім.

— Навошта вы гэта гаворыце мне, Міхал Сымонавіч? Гэта ж нядобра!

— Я ж кажу, можа, мяне не варта і слухаць. Ну, тым часам. Пайду, а то сёння толькі на вас нуду наганяю... Калі з вамі нешта робіцца, то няхай робіцца добра...

Галіна адна. Ёй цяпер яшчэ больш ёсць над чым падумаць. Яна глядзіць на няскончаны ліст, бярэ яго ў рукі, як бы хоча спрачацца з ім.

— Чуеш, Мікалай, што пра цябе гавораць? Ты эгаіст! — гаворыць яна з адчаем, гатовая парваць пісьмо. Але раптам спахапілася.— Не, але гэта няпраўда! Каб ты быў эгаістам, то даўно адцураўся б мяне.

Праз хвіліну новыя думкі абступаюць яе.

— А можа, і гэта няпраўда? «Калі я думаю, што вы шчаслівая, то бачу вас не з Мікалаем, а з некім другім...» Хто ж гэты другі? Мікалай, ты чуеш? — гэтага другога завуць Усеваладам. Ён мяне любіць. Ён не зрабіў бы мне гэтулькі гора. Ён лепшы, харашэйшы за цябе, от што... Ты бессардэчны, Мікалай...

Яна як бы ўслухоўваецца ў свае думкі — ці то нешта намагаецца ўспомніць, ці ў нечым хоча разабрацца. Чуе словы, сказаныя ёй як дакор, і паўтарае іх.

— «Усё больш і больш вы пачынаеце мяне стараніцца... Я пачаў гаварыць, што вы нядобры, злы чалавек...» Не, не злы я чалавек, Усевалад, гэта мне так трэба рабіць. Бо я многа выпакутавала за сваю веру і шчырасць. І вельмі хачу, вельмі хачу чалавечае ласкі і спагады. Я пачала адвыкаць ад яе, а ты зноў усё перайначыў. «...І каб заглушыць у сабе боль, я спрабаваў знайсці другіх... жанок...» Нават гэтага не ўтаіў, сазнаўся. Не так, як Мікалай... Навошта ты мне пра ўсё гэта сказаў, Усевалад? Думаеш, мне лёгка было маўчаць?

Прыйшла нечакана Алена.

— Божа мой,— кажа яна весела,— а ты ўсё адна! Як ты толькі так можаш? Што ты тут робіш?

Галіна скоранька папраўляе валасы, гэтым стараючыся не паказаць твару.

— А хіба мала знойдзецца работы? То насценгазету памагчы выпусціць, то пачытаць, то да заняткаў падрыхтавацца.

— Да якіх заняткаў? Хіба ты дзе вучышся?

— Ну, а як жа. Хіба мала дзе можна вучыцца. І курсы розныя, і гурткі. І універсітэт культуры. Толькі захацець.

— Ой, а я дык нідзе не займаюся, дурная... Ты што гэта — плакала, ці што? Вочы напухлі.

— Ну от яшчэ, чаго ж мне плакаць. Паспала трохі нядаўна.

Алене трэба не гэтая гаворка.

— А я да цябе, Галачка, знарок. Можа, ты што паможаш.

— А што, Аленка?

— Ну, ты ж ведаеш маё жыццё. Мне адной даўно так абрыдзела. Каля мяне іх круціцца поўна, а ніяк не дабяру сабе па душы.

— Перабіраеш, мабыць?

— Дзе там, няма з чаго перабіраць. Я ж ім патрэбна найбольш для пацехі, хіба я не бачу. І загадчык гаража гэты круціць усё, каб завезці дзе ў лес — пад Уручча ці пад Каралішчавічы, і толькі. І новы інжынер зменны,— гэты, у зялёным капелюшы,— мудруе толькі на цукеркі мяне купіць... Ай, ды што там, усіх я іх бачу як аблупленых. А для сэрца чалавека няма.

— Дык чым жа я табе памагу тут?

— Параіцца хачу. Вельмі ж мне адзін чалавек даўпадобы.

— Хто?

— Галоўбух наш — Собіч.

Галіна пужаецца:

— Ён... што, бывае з табою?

— Ну, як табе сказаць... канечне. Не так, каб надта,— ён нейкі вельмі нясмелы,— але ж у тэатр хадзілі, на вуліцы пагулялі...

Галіна разгублена:

— Ну але... Што ж, гэта добра.

Алена. Калі табе сказаць, то чалавек ён разумны, самавіты, сур’ёзнага характару. Не тое, што гэтыя ганчакі. І не відно, каб надта дзе падаў. Як ты думаеш, Галачка?

Галіна адказвае механічна:

— Але, але.

— Неяк я запрашала яго да сябе. Вельмі такі ўзрушаны быў. Не шанцуе мне, кажа, Алена Сцяпанаўна, мабыць, мяне ніхто ніколі не палюбіць... От бачыш, так што ён ясна даў паняць. Але не зайшоў. Ну, гэта я разумею: калі чалавек сур’ёзны, то не будзе надта кавалернічаць. Другім разам, сказаў.

— Што ж ты хочаш, каб я табе сказала на гэта, Алена?

— Як бы ты зрабіла, Галачка, на маім месцы? Я ведаю, калі я захачу, то ён будзе мой, не такіх скручвала. Але боязна ўсё ж, каб не выйшла так, як у цябе з тваім Мікалаем.

Галіну гэта глыбока раніць. З Мікалаем? Але яна пакутліва шукае выйсця.

— Аленка мая,— кажа яна раптам з парывам,— я скажу табе, скажу ўсё. Слухай жа: Усевалад вельмі харошы чалавек, вельмі харошы. Другога такога не будзе,— гаворыць яна, як бы пераконваючы самую сябе.— І калі ты хочаш ведаць...— рукамі яна сціскае то грудзі, то галаву, у яе вялікая барацьба.— Госпадзі, як мне нядобра сёння, мабыць, захварэла... Калі ты хочаш ведаць... абы ён палюбіў цябе — выходзь за яго замуж. Выходзь, я прашу цябе, Аленка, і ты будзеш самая шчаслівая!

Яна садзіцца ў знямозе на канапу.

Алена адразу павесялела, радасць засвяцілася ў яе ў вачах:

— От дзякуй табе, Галачка, як ведала, што забегла да цябе. Ой, як я рада! Якая ты разумніца, якая залатая! Я пабягу, я не магу цяпер больш сядзець!

Яна падбягае да Галіны, схіляецца, цалуе яе ў галаву і выбягае.

Галіна нейкі час так сядзіць скамянеўшы.

— Божа мой, што я нарабіла. Што я нарабіла!.. Якая ты бессардэчная, Алена!.. Ну от, цяпер я ўжо не грэшная, Мікалай, перад табою. Усё. Кончана. Цяпер я буду чакаць толькі цябе...

Падыходзіць да стала і запячатвае ў канверт ліст.

 

Круг шосты

Ну, вось, і нарэшце можна было б лічыць, што ўсё ідзе на лад. На папраўку. А? Завод акрыяў. Але ўласнае жыццё, уласнае жыццё!.. Без яго ўсё роўна не хапае чалавечага заспакаення.

Усевалад разбірае пошту.

— Можна, Усевалад Кірылавіч? — пытаецца Марына.

— Вядома, можна. Па справе ніколі не пытайцеся, а заходзьце адразу... Маеце што сказаць?

— Нам пара даваць бронь на зарплату.

— А ці варта? Як думаеце?

— Боязна, Усевалад Кірылавіч. А раптам што здарыцца там, у банку, ды нашы грошы спішуць? А хацелася б на гэты раз усім, усім заплаціць адразу. Няхай у людзей будзе радасць. Гэта ж і на рабоце ў іх будзе весялей, і... вас яны палюбяць.

Усевалад усміхаецца, ён ведае Марыніну клапатлівасць.

— Мяне палюбяць... Ой, і хітрая вы, Марына Барысаўна. Трэба ж так прыдумаць!

— Дык як жа зробім, Усевалад Кірылавіч?

Усевалад робіцца дзелавы:

— Добра. Давайце зробім так, як вы кажаце. А то папраўдзе, той жа банк можа пазыку спісаць, не падумаўшы, што мы яшчэ не так і багатыя. Давайце дамо бронь! Каб, як вы кажаце, і ў нас, і ў людзей было хораша на душы.

— Ну от і добра. Тады я буду спакойная.

Яна збіраецца выйсці, але Усевалад спыняе яе:

— Марына Барысаўна, перадайце там дакументы, на банк няхай выстаўляюць ды сыскваюць.— Ён перадае з разабранай пошты колькі паперак.— Усё рашэнні судоў ды арбітражаў... Вы адчуваеце, што ў нас стала весялей? Што ў нас сілы прыбаўляецца, а?

— Дзіва што адчуваю, Усевалад Кірылавіч. Усё ж на заводзе стала іначай, не верыцца нават. І от гэтая зарплата нават: гэта ж будзе ўсё роўна як свята ў нас. Падумайце: не будзе ніякага наракання, спакойна, хораша, як у людзей...

Марына пайшла. Усеваладу хочацца хоць трошкі памарыць. У летуценным задуменні хоць трошкі ўсміхнуцца самому сабе.

Вось нарэшце і першая перамога. Першая радасць. А цяпер іх будзе ўсё больш і больш. І гэта толькі пачатак. А цяпер, мабыць, можна і за абсталяванне брацца. Цяпер, мабыць, пара!

Бярэ трубку тэлефона, звоніць. Заходзяць двое рабочых, чакаюць, адзін каля стала, другі — каля дзвярэй.

— Парторг? Рыгор Паўлавіч, у мяне да вас тая самая просьба — пра абсталяванне. Прабачце, што так часта турбую вас. Пагаварыце яшчэ раз з дырэктарам. А? Усё роўна трэба ліквідаваць. Абавязкова! Ну, што ж, сварка дык сварка. Абы вы былі за мяне. Скажаце? Добра.— Кладзе трубку. Да рабочых: — Што хацелі, таварышы?

— У адпачынак збіраемся, таварыш галоўбух,— кажа першы.

Другі перадае паперкі, гаворыць больш строга:

— У адпачынак пускаеце, а грошай — фігу!

— Тут і даведку аддзел кадраў даў, што мы едзем на Украіну,— высоўваецца першы і кладзе гэтую паперку на стол. Яму нязручна, што гэтакім чынам прыходзіцца даводзіць, як важна ім сёння атрымаць усе заробленыя грошы.— Трэба ж нарэшце і сваякоў праведаць.

— Прывыклі авансамі карміць, а куды мы з вашымі авансамі паедзем? Дарога не абы-якая, а там і радні колькі,— больш настойліва намагае другі.

Усевалад. Што ж, едзьце, таварышы, няхай вам добранька адпачываецца.

— Праўда, і грошы не малыя: тысяч з восем набярэцца,— паведамляе першы, спадзеючыся хоць бокам дазнацца, як паставіцца да такой сумы галоўбух.— А ехаць трэба.

Усевалад падпісвае паперкі:

— Ідзіце да Марыны Барысаўны, таварышы. Яна вам выпіша з вялікаю ахвотаю. А там у касу — і атрымлівайце.

— Дык жа па колькі дасце?

— Усё, што зароблена. Будзьце здаровы. Адпачывайце як мае быць.

— Нешта не верыцца.

Стыкаючыся з рабочымі, уваходзіць Алена.

— Нарэшце вы адны,— кажа яна.— Бо ў мяне гаворка толькі для вас.

— Я вас слухаю, Алена Сцяпанаўна.

— Сёння субота, вы ведаеце?

— Ведаю. А што павінна здарыцца?

— Невялікая падзея. Але важная. Для мяне.

— Слухаю вас.

— Сёння мае імяніны. Вельмі сціплыя такія. Хачу, каб вы былі ў мяне. Толькі самыя лепшыя сябры мае будуць.

— Праўда, падзея важная.

— Я ж не думаю, каб вы адмовіліся?

— Бачыце, мне не будзе часу. Дый...

— Я вас прашу. Вельмі сціпла — трошкі патанцуем... Няўжо вы можаце прымушаць, каб вас прасіла жанчына?

Усевалад вагаецца.

— Ну... можа, і зайду. Можа, і зайду.

— Не, я буду чакаць вас пэўна.

— Далібог, не ведаю. Ну... добра...

Не паспеў Усевалад сабрацца з думкамі, як зайшоў Барыс. На пінжак з гальштукам у яго надзета целагрэйка. Кепка накінута неахайна, як гэта бывае ў інтэлігентаў, калі яны забываюць на сябе. У руках у яго поўна папер — акты, ведамасці, накладныя. У яго паявілася нейкая нязвычная рухавасць. У крэсла ён садзіцца з размаху.

— Ну, цяпер, Усевалад, я ўжо буду сварыцца, што ты мяне ў такую работу ўсватаў. Братка ты мой, колькі ж там клопату! Адгрузка, пагрузка, прыёмка, разнарадкі, накладныя, спецыфікацыі — што, куды, як? — чорт яго разбярэ!

Усевалад усміхаецца ад душы:

— Затое бачыш, што робіш нешта.

— Гэта так. Ні дня, ні галавы не хапае... Скажы ты, Усевалад, навошта нам сталь-вугалок, трохміліметровае палоснае жалеза ды дванаццаты швелер, калі іх у нас на год хопіць?

Як жа часам неспадзеўна прыходзяць рашэнні!

— Чакай,— кажа Усевалад.— От гэта правільна, якраз ты мне і думку падаў. Гэта ж таксама тыя лішнія запасы, у якія мы бог ведае колькі грошай усадзілі. Я збіраўся перагаварыць, каб іх перадаць якому заводу.

— От гэта было б правільна. Дый другіх матэрыялаў залішне знойдзецца.

— Але цяпер мы зробім іначай. На ўсе гэтыя матэрыялы мы паменшым заяўкі і не будзем атрымліваць. Гэтак і зрабі. Я перагавару з планавым.

— Добра. Можна і так... А цяпер слухай: Дзялендзік да мяне прыходзіў. У экспедытары просіцца.

Усевалад думае. Хм...

— Экспедытар — гэта, брат, вельмі сумленная работа павінна быць,— кажа ён.

— Не ведаю, што і рабіць. Шкада яго. Куды яму цяпер дзецца.

Не, Усеваладу таксама не хочацца, каб чалавек быў забыты. Вядома, трэба падумаць.

— Ты ведаеш, пры табе яго баяцца нечага,— кажа ён.— Пры табе ён паправіцца, гэта я ўпэўнены. Вазьмі.

— Давай папробуем... Ну, пайду. Во мне яшчэ ў планавы трэба забегчы.

— У планавы? Папрасі, каб Галіна Казіміраўна зайшла.

Нешта яшчэ хацеў сказаць Барыс, але на стале ў Собіча зазваніў тэлефон, і, махнуўшы рукою, ён выходзіць.

— Слухаю. Магу, Арсен Уладзіміравіч. Зараз прыйду. Ведамасць на абсталяванне? У мяне, прынясу. Добра.

Ён хвалюецца, прадбачачы цяжкую і непрыемную размову. Як на злосць, невядома куды дзявалася гэтая ведамасць. Нарэшце знаходзіць яе сярод папер і скоранька ідзе.

Дзверы адчыніў Каляда. Зірнуў, здзівіўся: нікога няма.

— Нікога няма. От табе маеш. Ну, другім разам зайду.

Але тут жа паказалася Галіна, і Каляда вярнуўся.

— Ну от, разам і пачакаем. Як той казаў: што б ні рабіць, абы не рабіць.

— Не, гэтая прыказка ў вас нядобрая. Я так не ўмею,— кажа Галіна.

— А я і не пра вас, а пра сябе, Галіна Казіміраўна. Усё роўна як без работы хаджу.

— Чаму?

— Не магу, не мірыцца душа мая. Я інжынер-механік, мае рукі павінны нешта выдумляць,— ён робіць трапяткі жэст рукамі.— А я на гэтай ахове працы сяджу. Што мне там рабіць?

— Не, Міхал Сымонавіч, пасада ў вас важная. Каб рабочы быў здаровы, адзеты, абуты па сваёй спецыяльнасці, каб не пагражала яму якая небяспека — онь у вас якая высокая задача.

— Разумею, але гэтага мала мне. Дзень таўкуся як дурны, а ў мяне душа кіпіць, бо не па натуры работа ў мяне. Дык от зайшоў пагаварыць з Собічам, а яго няма.

— То гэта ж не з Собічам, а з галоўным інжынерам або з дырэктарам трэба.

— Ну, проста параіцца хацелася як з чалавекам...

Каляда пайшоў. Галіне здалося, што нязручна аставацца адной у чужым кабінеце, яна таксама падалася ў дзверы, але зайшоў Усевалад разам з дырэктарам. Мабыць, у іх была гаворка яшчэ недзе там, у дырэктарскім кабінеце, а цяпер яны толькі як бы ўспамінаюць пра яе.

— Дарэмна, дарэмна так думаў. Тады было ўсё іначай, чалавеча ты мой,— успамінае дырэктар, ідучы наперадзе.— Тады ў мяне ўсё з рук валілася, я сам не ведаў, што рабіць. А ты запомніў адно — гразіліся прагнаць...— Ён суняўся сярод кабінета.— Ніхто цябе праганяць не збіраецца, не хітруй. Куды хочаш дзявай гэтае абсталяванне, калі гэта на карысць пойдзе.

Усевалад. Не, бо вы тады так сярдзіта гаварылі, Арсен Уладзіміравіч.

— Сярдзіта, бо на ўсіх сярдзіты быў. А цяпер няма за што. Дый параіўся я — з людзьмі, з парторгам. І ты з ім гаварыў?

— Гаварыў.

— Хм... Ну, і добра. Правільна. Так што — от так. Пра нас яшчэ ў газетах павінны пісаць і на пленумах ЦК гаварыць...— Толькі цяпер заўважае Галіну.— От і Альшэўская паможа табе. Усё, пра што гаварылі — і абмеркаванне работы ў кожным цэху, і планавыя папраўкі,— гэта вельмі добра.

Выходзячы, затрымліваецца ў дзвярах і дадае:

— Можаш так і далей: калі ты цвёрда ведаеш, што робіш правільна,— біся і дамагайся да канца. Ніякае сваркі не бойся і не адступайся. А як жа! Калі што разумнае, то я пайму...

Галіна счакала, пакуль зачыняцца дзверы.

— Мне здаецца, я ўжо зразумела вас: мне трэба пералічыць свае планы на аснове вашых фактычных паказчыкаў?

— Але, Галіна Казіміраўна. Бо, бачыце, у нас пачынаецца многа работы — па выяўленню рэзерваў вытворчасці, зніжэнню сабекошту...

— Ну, я разумею.

— Намячаем сякія-такія мерапрыемствы...

— Я чула. Вядома, зраблю.— Яна падымаецца, збіраецца выходзіць, але нешта яшчэ трымае яе.— Гэта ўсё, што вы хацелі мне сказаць?

— На жаль, усё. Больш — баюся, не маю права. І, мабыць, не трэба.

— Я прашу мне прабачыць, Усевалад Кірылавіч, калі часам была нядобрая з вамі. У мяне было гора, вы ж ведаеце... з мужам. А цяпер ён прыязджае да мяне.

— От як? — пужаецца Усевалад.— Ну што ж... я гэтага не ведаў.

— Бачыце, я адразу хвалюся сваёю радасцю. І цяпер вы разумееце, чаму я... старанілася вас. Я сама жыла ў трывозе, і мне было цяжка сказаць... тое слова, якога вы ў мяне прасілі...

— Цяпер вы паедзеце да яго?

— Не, буду тут. Ён сюды прыедзе.

Каб хто ведаў, як палахліва забілася ў Собіча сэрца. Ну от і ўсё. І канец.

— Усё роўна я люблю вас, Галіна Казіміраўна,— нарэшце кажа ён.— І буду любіць. І добра, што вы нікуды не паедзеце. Адно тое, што я буду ведаць, што вы недзе тут блізка, мне давацьме шчасце. Сяды-тады я вас сустрэну, азірнуся, пагляджу ўслед...

— Я буду рада, калі вы астаняцеся нашым сябрам,— як на розвіт гаворыць Галіна. Звініць званок на канец работы. Вядома, гэта і ёсць развітанне.— Ну от, нарэшце мы трошкі і пагаварылі. Гэта я вінавата была. Канец работы. Ідзіце адпачываць. Памятайце, што я хачу вам зычыць толькі шчасця, бо вы варты яго...

Доўга думае Усевалад адзін. Чуваць, як па калідоры чохкаюць дзверы, тупаюць ногі, чутны галасы так, як звычайна, калі ўсе ідуць з работы.

— Ну от. І ўсё. Ізноў толькі адно — баланс, калькуляцыі, планы...

 

Круг сёмы

Але кожны дзень пакідае на чалавеку свой след. І, можа, не пазнаў бы чалавек, як ён мяняецца сам, каб не аставалася за ім тое, што зрабіў ён. Ці то працаю рук, ці сваімі думамі.

От быў Барыс як Барыс, меў свой дом і ўтульнасць і не ведаў, што радасць не толькі ў гэтым. А Маргарыта сядзіць з Калядою і чакае яго.

Маргарыта. Так і не ўдалося нам сёлета на курорт з’ездзіць. А я гэтак збіралася, гэтак чакала.

Каляда. Чаму ж?

— Ну, у Барыса як пачаліся гэтыя мітрэнгі — то з работаю, то ў Маскву ездзіў — і не паспелі.

— На здароўе ўсё гэта Барысу. Я за яго вельмі рад.

— Ат, няма чаго і радавацца — вельмі многа работы ў яго. Онь нават дадому стукалкі гэтыя прынёс,— яна паказвае на лічыльнікі, што вісяць на сцяне,— дык цэлы вечар стукае.

— Я скажу, гэта шчасце, што Арсен Уладзіміравіч згадзіўся яго на гэтую работу паставіць. Каб вы ведалі, як цяпер усюды ўсё гладка ды добра. Ні прастояў, ні перабояў праз гэты аддзел на заводзе няма. Нашто ўжо, калі нават па маёй лініі і то я ніякага клопату не маю. Як толькі што, то ўжо і звоніць: чаму лімітаў не выбіраеш?

— Ну, Барыс такі, я яго ведаю... Ай, а як жа ён быў сярдзіты на Усевалада адразу. Ды не толькі ён, а і я! Жарты сказаць: прыехаў на Барысава запрашэнне і пачаў Барысам жа камандаваць!

Каляда рагоча:

— Як той казаў: прыйшоў у маю хату дый б’е майго тату! Памятаю, памятаю... Што ж яго доўга няма?

— Няйначай як пабег зноў на работу, бо там жа вагоны выгружаюць. Каб прастояў не было. Штрафы ж вялікія за гэта... Ну, яшчэ хадзіў на вакзал Мікалая сустракаць. Мікалай жа да Галачкі прыехаў.

— Хіба?

— Але, але. Ну, я ёй сказала, каб яна сама страчаць не хадзіла. Не надта, кажу, паказвай, што рада яму.

— Дык от якая навіна.

— А ўсё роўна ў мяне сэрца не на месцы, Міхал Сымонавіч. От сяджу і думаю: а што там у іх? Як сустрэліся? Ці будзе ў іх жыццё?

— Чорт яго ведае, як яно ўсё робіцца. Збоку дык быдта і відно ўсё, і параду лёгка даць другому, а як да сябе дойдзе — хоць ты гвалт крычы.

— А каб гэта маладым ды старэйшым розум! То не глядзелі б, дзе што блішчыць, а што добра. А то — пасля толькі вочы расплюшчваеш... А я і сама, памятаю, колькі над Барысам сваім мудравала. Але от нішто, дзякуй богу.

Каляда раптам спахапіўся:

— Ой, дарагая Маргарыта Казіміраўна, сяджу, балбачу з вамі, а сам жа і забыўся, што ў мяне заняткі на гуртку самадзейнасці. Ну што за дурань! Як той казаў... Пабягу ж скарэй, можа, хоць пад канец заспею... Дабранач!

Але што з Барысам? Чаму яго так доўга няма? Не любіць Маргарыта дома быць адна. Гэта жахліва — не ведаеш, якую работу прыдумаць сабе. Але галоўнае нават не ў гэтым: мог бы на хвілінку забегчы ды расказаць, як сустракаў Мікалая. Што ён — усё такі ж фарсісты? Ці крылцы, можа, трохі абмяклі? А можа, не дай божа, і Галя прыходзіла на вакзал? Гэта ўжо нікуды не варта было б. Гаручы ад нецярплівасці, Маргарыта збіраецца зараз жа сама пайсці на завод і пабачыць Барыса. Яна не можа, каб не ведаць, што з Галяю. Але, як на тое, зайшла Алена.

— Добры вечар, Маргарыта Казіміраўна. Некуды сабраліся?

— Але. Барыса майго доўга дома няма, дык думала збегаць на завод ды праведаць. Ці там ён.

Ну то я на адну хвілінку. Просьбу невялікую маю да вас.

— Якую ж? Можа, чым і памагу?

— Мне здаецца, у вас дарагія чарачкі такія былі. То мо б вы мне пазычылі іх на вечар? Нават брыдка і прасіць, але ж хочацца, каб хораша было.

— Ну што ж. Чаго-чаго, а гэтага можна. Вечарынка, мабыць, нейкая? А талерак не трэба?

— Не, дзякую, з талеркамі абыдуся. А от чарачкі захацелася, каб былі добрыя.

— Ну але. Вазьмі, вазьмі. Недзе яшчэ асталося штук колькі, не растаўклі...

Алена падсаджваецца бліжэй, ёй хочацца сказаць нешта большае. Можа, дзеля гэтага яна і прыйшла сюды.

— Гэта ж каб якая вечарынка, як кажаце, дык вялікі клопат. Абы-чым можна было абысціся. А тут хочацца як найлепш... Ведаеце, Маргарыта Казіміраўна, у мяне вялікая радасць.

— Ды што ты! Мабыць, замуж выходзіш?

— Не, але няйначай як скора выйду. Чалавек адзін натрапіўся. Ну гэта яго і хачу сустрэць. Сказала, што ў мяне сёння імяніны, хоць імянін ніякіх і няма.

— Ну, ну, няхай бог памагае.

— Дык жа спяшаюся, бо там ужо ўсё гатова.

— Ну хадзем, забяры. Яны ў мяне недзе ў буфеце стаяць.

Не прыйшлося Маргарыце ісці на завод, Барыс нарэшце прыйшоў сам. Ён стаміўся. Кінуў на стол папку, у куток — целагрэйку. Пагладзіў лоб, уздыхнуў.

— Ну, нарэшце,— кажа ён.— Ох, і дасталося сёння.

— Чаго ты так забавіўся? — нездаволена пытаецца Маргарыта.

— Ну ты ж сама ведаеш, разгружаўся. А пасля так пашанцавала, што яшчэ і адгрузіў два вагоны.

— Падумаеш, шчасце. Гэтая работа твая мне абрыдзела: абы дома не быць.

— Рыта, ты мне больш гэтак не кажы! — павышае голас Барыс.— Усё ж такі на мне нейкая паверка ляжыць!

— Ну добра, добра,— згаджаецца Маргарыта. Ёй зусім не хочацца ўшчынаць цяпер спрэчкі пра нейкія вагоны, калі яна чакае больш важных: навін.— Мікалая бачыў? Як ён выглядае? Усё такі ж фарсісты?

— Кланяўся табе. Заўтра збіраецца да нас зайсці. Разам з Галяю.

— Ах, патрэбен ён надта. А Галачка як?

— Ну, прывіталася за руку, запрасіла сесці.

Маргарыце важней за ўсё, што Галіна абышлася з Мікалаем сурова.

— Добра робіць. Так яму і трэба!

— Толькі ты не збівай цяпер з тропу Галі, не ўмешвайся ў іх жыццё,— просіць Барыс.— Няхай яны ўжо цяпер хоць жывуць шчасліва...

— Добры вечар! — заходзячы, кажа Усевалад.— Гэта ж як прыемна, што ў мяне ёсць такая мілая хата, куды я магу ў любую хвіліну зайсці. Які сёння вечар харошы, божа мой! Месяц, цішыня, з ліп ападае лісце... Грэшна быць аднаму ў такі вечар, ну от і да вас завітаў.

— Вельмі добра зрабілі, Усевалад Кірылавіч. Вы ж ведаеце,— кажа Маргарыта,— як мы вам заўсёды рады.

— Праўда, што Арсен Уладзіміравіч згадзіўся ліквідаваць абсталяванне? — пытаецца Барыс.

— Праўда, Барыс, я сам не чакаў. Разумны чалавек наш дырэктар, як ты ні кажы. Строгі, але ж так і трэба. А табе работы прыбавіцца — адгружаць. Ну, але ў складзе прастарней стане.

— Яго ж там немаведама колькі, ды ўсё дарагога металу.

— Грошы вернуцца назад, багацей станем.

Маргарыта. Ну што гэта, мужчыны, за работа. Як толькі збяруцца, дык і пойдзе такая нудная гаворка, што хоць з дому ўцякай.

Усевалад. Правільна, Маргарыта Казіміраўна, не будзем. Прабачце. Пачынайце вы, у вас папраўдзе весялей выходзіць.

Маргарыта. Хоць бы калі песню паспявалі.

Усевалад. Не, сёння ў мяне песні не выйдуць, Маргарыта Казіміраўна. На душы няхораша, вы ж, мабыць, ведаеце і чаму.

— Ды ведаю, Усевалад Кірылавіч.

— Нічога, Сева, гэта пройдзе,— суцяшае Барыс.— Зрэшты, каб яна была незаняты чалавек, то я сам толькі рад быў бы.

Усевалад выходзіць у пярэднюю. Варочаецца з пакункамі, разгортвае іх: пляшка шампанскага і каробка цукерак.

— Дарэчы ўспомніў,— кажа ён, адкрываючы каробку.— Калі ласка. Частуйцеся.

Маргарыта. Што вы гэта! З якое прычыны сёння ў нас павінен быць такі пір?

— Навошта ты гэта надумаўся? — дзівіцца і Барыс.

Усевалад. Не надумаўся, а перадумаў. Цукеркамі прашу частавацца, а пітво прыбярыце, Маргарыта Казіміраўна. Схавайце. Бо піць сёння не буду. Ні кроплі.

Барыс. А навошта ж нёс?

Усевалад. Хацеў напіцца сёння ўшчэнт. Як ніколі. А якраз і выпадак натрапіўся: адна асоба запрасіла на імяніны.

Маргарыта. А-а... То я нават ведаю, мабыць, і хто.

Усевалад. Можа быць. Толькі гэта не для мяне, Маргарыта Казіміраўна. Узяў гэтую пляшку, пахадзіў па вуліцы дый падумаў: куды ж я іду ад свайго сэрца? Навошта? Што мне ад гэтага, стане лягчэй? Завярнуўся і пайшоў да вас.

— Вельмі добра зрабіў, Сева,— кажа Барыс.— Толькі я б не хацеў, каб ты адчайваўся.

— Не, я не адчайваюся, ты ж бачыш. Толькі неяк крыўдна трохі — чаму такая несправядлівасць? Мне здаецца, будучыня — гэта перш за ўсё хараство. Чыстае, без дамешкі сумняванняў, непатрэбных ваганняў. Непасрэднасць. Яснасць...

Ніколі нельга было падумаць, што ў гэтага чалавека так многа набалела на душы. Маргарыта пытаецца:

— Мне часта хочацца папытацца: а чаму да гэтага часу не ажаніліся вы, Усевалад Кірылавіч? Няўжо ніколі не кахалі?

— Хм... Кахаў, ды яшчэ і як, Маргарыта Казіміраўна,— кажа Усевалад.— Але гэта гісторыя можа быць прытчай. Пра тое, як часам адно наша неасцярожнае слова можа пакінуць след у чалавеку на ўсё жыццё.

Маргарыта. Ой, дык гэта, мабыць, нешта вельмі цікавае.

Барыс. Я, між іншым, трохі памятаю гэтую гісторыю, здаецца.

Усевалад. Ну але, як я канчаў інстытут. Мы толькі збіраліся пажаніцца. Яна была такая летуценная, русявая дзяўчынка, Люся. Нас запрасіла яе сяброўка, як цяпер памятаю, на Уфімскую вуліцу, хоць ніяк не дабяру розуму, пры чым тут Уфа. Ну, на вечарынку невялікую, дзела ж маладое, а мы тады не танцавалі такіх танцаў, як часам цяпер, што аж прыкра глядзець. І от Люся і кажа: давай мы будзем на гэтым вечары як чужыя — ты што хочаш рабі, і я буду рабіць, што захачу.

Маргарыта. Ой, што гэта яна?

Усевалад. Ну от бачыце, бываюць жа такія нявінныя жарты. Але ад гэтага мне стала горача.

Маргарыта. Дурная нейкая была ваша гэтая Люся.

Усевалад. Мы рассварыліся. На вечарынку, вядома, не пайшлі. Ну і... я ўжо не верыў, што яна любіць мяне. Любячы так не жартуюць. З таго часу і астаўся адзін.

Маргарыта. Ну, я вам скажу, гэта вы ўжо занадта. Можа, яна і не хацела вас так моцна пакрыўдзіць.

Усевалад. Можа быць, а душа ў чалавека адна. Яна хоча толькі шчырага хараства. І мы любім другіх толькі за гэта, праўда ж?.. Ну от што, заседзеўся я — пайду. Тым часам.

— Сядзі, куды ты спяшаешся,— кажа Барыс.— З добраю гаворкаю і пасядзець добра.

— Праўда ж, вы б нават у нас начаваць асталіся,— яшчэ больш спагадліва просіць Маргарыта.— Давайце, Усевалад Кірылавіч. Што ў вас там дома з такімі думкамі — адна нуда.

Усевалад ужо стаіць каля дзвярэй.

— Не, Маргарыта Казіміраўна, я — рамантык. От паправіўся трохі завод, а я ўжо думаю — што і як мне рабіць далей. Якія намячаць перспектывы... Дарэчы, Барыс, і нам з табою трэба падумаць пра нашы справы, каб яны не нагадвалі сабою гэтай сумнай гісторыі з Люсяю.

— Ну давай, Сева.

— У нашых з табою справах ёсць яшчэ многа такога, што прыніжае чалавечую годнасць. Калі чалавечую прыгожую душу мы падменьваем паперкаю, бюракратызмам.

— Не кажы ты. Да гэтага часу я і не ведаў, якую сілу мае бюракратычная паперка.

— Колькі траціцца разумнага чалавечага часу на гэтую бяздушную работу. Фактуры, накладныя, нарады, даведкі, ведамасці, ліміткі, акты... А подпіс на іх даведзены да святога рытуалу: іх бягуць падпісваць да дырэктара, інжынера — галоўнага, зменнага, дзяжурнага,— да нарміроўшчыка, кладаўшчыка, да мяне, і цябе, і яшчэ бог ведае да каго. Бывае, што справа стаіць дзень, другі або і месяц толькі таму, што не падпісаў нехта паперкі. Жах! І ўсё гэта ідзе найбольш ад прывычкі.

— Але, але, пакланяемся паперцы, як ідалу.

— Гэта вельмі сур’ёзна. Паперкі так наліплі на разумны працэс стварання, што пра іх пачынаюць гаварыць на высокіх дзяржаўных трыбунах. І нам з табою трэба падумаць, Барыс, як усё гэта зрабіць прасцей. Каб у аснове ляжала вера у чалавечую душу, у сумленне, а не ў паперку.

Барыс зачарованы. Божа мой, як ён зненавідзеў за кароткі час свайго гаспадаравання гэтую папяровую мітусню. Ён толькі паўтарае:

— Але, але.

Ды Усевалад яшчэ не выгаварыўся. Хто б мог падумаць, што нават пра гэта можна гаварыць, як пра музыку.

— Перад намі ж стаіць заўтрашні светлы дзень, і нельга, каб дзеля яго чаго-небудзь не зрабілі і мы. Памятай, што няма маленькай або непатрэбнай работы,— усё трэба! Рытміка ўсяе работы намнога залежыць ад нас...

Маргарыта. Ізноў нудная гаворка пайшла.

Усевалад. Затое патрэбная, Маргарыта Казіміраўна. На гэты раз і прабачэння не прашу... Ну, але ўсё ж такі прабачце, што набалбатаў... Дабранач. Бывайце здаровы.

Пайшоў. А Барыс усё яшчэ думае. Што гэта за дзівоснае хараство — твар у чалавека, калі ён марыць.

— І думаеш, ён не зробіць? Зробіць! Прыдумае!

Маргарыта. Каб на сваю галаву толькі не навыдумляў.

— Ты проста вельмі адстала, Рыта! — строга і з крыўдаю гаворыць Барыс.— Дзялендзік і той у мяне ўжо больш толку набіраецца. Табе трэба вучыцца! Кінь ты гэтыя свае прошвы ды пошвы, каму яны патрэбны! Толькі пылам абрастаць! А не, дык давай я сам буду табе што памагаць, каб ты ад людзей не адставала. Брыдка ж будзе табе самой.

Маргарыта. Ах, памагаты мне! Ці даўно сам толькі прашэнні пісаў...

Уваходзіць Галіна, узрушаная і прыгожая ў сваёй рашучасці.

— Рыта, я ў цябе буду начаваць.

— А што такое? — аж спалохана пытаецца Барыс.

Маргарыта надзіва спакойная:

— Што такое, Галачка?

— Рыта, сястрыца, ты ніколі не папыталася нават, што ў мяне на душы,— кажа Галіна.— І не ведаю цяпер — ці я вінавата, ці не.

— А дзе Мікалай? — нарэшце хвалюецца і Маргарыта.

Галіна. Там. Астаўся, сядзіць у мяне. А можа, пайшоў.— Трошкі памаўчала.— Мы гаварылі з ім. Ну і... я проста забылася і назвала яго Усеваладам. Бачыш, што са мною тварылася. То што ж я буду цяпер крывіць душою...

1959 — 1960