epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Скрыган

Старыя назвы

«Літаратурная газета» завяла рубрыку «Калі б я быў дырэктарам». Вельмі дасціпная рубрыка. Рэч у тым, што на ўсякую з’яву ў кожнага чалавека ёсць свой погляд. Хоць бы нечым нязначным, але ён адрозніваецца ад погляду другіх, і можа менавіта ў гэтай розніцы ляжыць тое рацыянальнае зерне, якое зычыць найбольшы поспех.

Па сабе я ведаю, як хочацца ўмяшацца, калі вакол сябе бачыш нейкі непарадак. Асабліва ў драбязе нашага побыту, ад якой не так лёгка бывае адвыкнуць. Узяць хоць бы звычайныя дзверы ў нашых установах ці ў магазінах. Усю зіму, пакуль стаяць халады, за кожным чалавекам штохвіліны як з гарматы бахаюць пушчаныя з размаху ды яшчэ напятыя спружынаю дзверы. І нікому не наўме, што ёсць самая простая прыдумка: прыбіць да створкі кавалачак гумы. Або другое наплюйства. Цяпер у нас поўна на вуліцах аўтамашын, дастатак жа, дзякуй богу, дазваляе. І хоць вядомы закон руху, па якім машына на павароце робіць закругленне, дарожная служба, насуперак здароваму сэнсу, уезды ў двары па тратуарах робіць толькі пад прамым кутом. І колы машыны, асабліва заднія, абавязкова наедуць на бардзюр. Аж самому баліць, калі бачыш, як дзяруцца пакрышкі на вострых кантах бардзюра.

Ну але гэта заўсяголаў, я веру, што нядбайнікаў дысцыпліна нарэшце прыцісне. Мяне ж тым часам турбуе куды большы клопат — найменні.

У кожнага паселішча, тым больш у горада, ёсць свая асаблівасць, уласцівая толькі яму. Вось як зваліся мінскія ўрочышчы: Камароўка, Весялоўка, Пярэспа, Няміга, Ляхаўка, Доўгі Брод, Старажоўка, Татарскія агароды. Былі і больш дробныя: Залатая Горка, Архірэйшчына, Людамант. Кожнае з гэтых найменняў нясе нашаму часу сваю гістарычную ці этнаграфічную вестку. Можа нават лепш сказаць несла, бо горад расце, урочышчы ім паглынаюцца, назвы іх патроху забываюцца, а многія і зусім знікаюць.

Цяпер горад уключыў у свае межы і такія ўрочышчы, як Чыжоўка, Серабранка, Зялёны Луг, Будзілава, Курасоўшчына, Кальварыя, Тры Карчмы, Козырава, Сцяпянка, Шэпічы, Дражня. Паступова некаторыя з гэтых найменняў падменьваюцца назвамі мікрараёнаў геаграфічнай арыентацыі — Усход, Захад, Паўднёвы Захад — і таксама стаяць на чарзе забытасці і знікнення. Прызнаюся, мне іх вельмі шкода, гэтых колішніх назваў, яны ж тое самае, што ў чалавека біяграфія, па якой відаць, варты ён людской павагі ці не. І міжволі на памяць прыходзіць добрая завядзёнка, калі бывалешнія назвы не перастаюць служыць нашаму савецкаму побыту. Скажам, Сакольнікі, Чаромушкі, Лужнікі. І нашы: Зялёны Луг, Чыжоўка, Серабранка. Колішнія мясцовыя назвы далі імя цэлым гарадам: Гусь-Хрустальны, Крывы Рог, Чырвоны Бераг, Мар’іна Горка. І не ўзнікае нават думкі, каб іх памяняць на нешта самае найноўшае.

Што б я рабіў са старымі назвамі, калі б на тое была мая воля. Калі б я быў дырэктарам, як кажа «Литературная газета»? Паслухайце, можа я гавару й слушна.

Кожны салідны горад, апроч галоўнага цэнтра, павінен мець і дапаможныя мясціны з нейкім сваім архітэктурным акцэнтам. Гэта надае гораду разнастайнасць, робіць яго паэтычным, неспадзеўна новым. У адным месцы гэтакім архітэктурным акцэнтам будзе, скажам, плошча ў Козыраве, дзе размяшчаўся штаб козыраўскіх партызан, то яе і назваць трэба: «Козыраўская плошча». У другім, дапусцім у Чыжоўцы, панаваў бы матыў парка — гэтак і назваць яго — «Чыжоўка». У Серабранцы, здаецца, ужо ёсць такі акцэнт — універсам «Серабранка». Па тым, што дзе мае быць галоўным, дапусцім, у Будзілаве добры кінатэатр — назваць яго «Будзілава». Як маскоўскі — «Зарядье». Добрую назву можа даць «Пярэспа». Уяўляю, як паэтычна, з добрым народным досціпам, выглядаў бы недзе рэстаран, калі б ён зваўся «Тры Карчмы» або «Доўгі Брод».

Я невук у тым, каб падказваць, якім спосабам можна разумна, зычліва і дасціпна арганізоўваць наш горад, мяркую, што такіх спосабаў знойдзецца нямала. Нямала ў нас і здольных людзей, талентаў свае справы. І хочацца, каб у тканіну нашых сённяшніх поспехаў як мага больш утыкалася красы мінулай народнай дасціпнасці.

Мне вельмі імпануюць намаганні дызайнераў, сфармуляваныя імі на семінары, што прайшоў у Мінску ў Палацы мастацтваў. У раёне плошчы Свабоды яны, напрыклад, раяць зрабіць архітэктурна-культурны запаведнік, шмат чаго там рэстаўрыраваць, дамы накрыць чарапіцаю, павесіць каваныя шыльды і ліхтары, вуліцы забрукаваць каменем. Там яны раяць размясціць музеі — этнаграфіі, музычных інструментаў, рукапісаў і старадрукаў, тэатральна-дэкаратыўнага мастацтва. Абсталяваць майстэрні мастакоў, выставачныя залы, клубы, кавярні, усё гэта аформіўшы ў старажытным стылі, дзе можна было б паслухаць даўнюю музыку, народную песню, наладзіць продаж сувеніраў. Усё гэта мяне вельмі радуе.

Хочацца толькі дадаць яшчэ, што нам трэба вельмі дбаць пра самую старажытную нашу старажытнасць — пра Нямігу. Пры новай забудове там, на Замчышчы, не пашкодзіла б паставіць нейкі манументальны знак, які пазначаў бы, дзе цяпер ляжыць пад зямлёю русла тае рэчкі, што дала пачатак летазлічэнню нашай сталіцы.

1976


1976