epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Скрыган

Той нядобры вечар

Колісь на вельмі зручным месцы, каля цяперашняга рэстарана «Нёман» у Мінску, стаяў самы вялікі, самы новы, тэхнічна самы дасканалы кінатэатр «Чырвоная Зорка». Я любіў яго за прасторную залу, шырокі экран, хоць сціплую, але раскошу; нават яго гук заўсёды быў крыху ўрачысты.

І вось аднаго разу, зайшоўшы ў фае, я ўбачыў Янку Купалу. І цётку Уладзю з ім. Яна вельмі ласкава ўмела прывячаць: яшчэ здалёк засвяціліся цяплом яе вочы.

Аказалася, што ў зале нашы месцы побач. Я сеў каля цёткі Уладзі. Прызнаюся, адчуваў я сябе не надта ўтульна: першы раз мне давялося быць з Купалам, па сутнасці, адзін на адзін. Трэба было не паказваць свае разгубленасці, і мне здалося, што згладзіць такую ніякаватасць можа толькі гаворка. Зала «Чырвонай Зоркі» нечым нагадвала залу ў клубе Барысаўскай запалкавай фабрыкі, дзе мне выпала выступаць разам з Янкам Купалам. Я сказаў:

— Народу, як у тым Барысаве на вашым выступленні, дзядзька Янка.

— Ціха вы! — энергічна перапыніла мяне цётка Уладзя, штурхнуўшы локцем і сярдзіта бліснуўшы вачыма.

Я зірнуў на Купалу. Ён некага ўбачыў на пярэдніх радах і, здзіўлена ўсміхнуўшыся, пакланіўся яму. Дзякуй богу, мяне ён не пачуў.

— Нашто вы напамінаеце, ён жа ўсю ноч спаць не будзе,— шапнула мне, паспакайнеўшы, цётка Уладзя.

Я зразумеў, як шчасліва яна перасцерагла мяне ад нетактоўнасці. Іменна на тым вечары ў Барысаве нехта з залы папікнуў Купалу, што ў яго ёсць памылкі. На чалавека з усіх бакоў закрычалі, засарамацілі, патрэбавалі, каб ён пакінуў залу. Усё абышлося як найлепш, аднак той выпадак Купала вельмі перажываў. Як жа я мог забыць пра гэта?

— Вы нешта сказалі? — папытаўся Купала, апошні раз кіўнуўшы галавою таму чалавеку ў першых радах і павярнуўшыся да мяне.

Не памятаю, што я мог выдумаць, каб адказаць больш-менш гладка, бо быў у вялікім здранцвенні. Добра ведаючы Купалаву чуллівасць да самай малюсенькай крыўды, напамінкам аб Барысаве я мог надоўга вярнуць яму боль таго вечара.

1968


1968