epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Скрыган

Тыдзень на Украіне

У Кіеве дождж
Нас не пакідаюць сябры
Дзень асабістых сустрэч
Падарожжа па маршруту
Данбас
Машыны ідуць у Горлаўку
Жданаў — Азоўскае мора


У Кіеве дождж

Нарэшце ў самалёце зачыніліся дзверцы. Як толькі падняліся ў паветра, танклявая сцюардэса ў чорнай сукенцы з белым каўнерыкам абвясціла, што ляцець мы будзем высока, бо па ўсёй дарозе воблачна. Звычайна з самалёта вельмі добра глядзець на зямлю. Перад вачыма праплывуць то азярко, то рэчка, то пойдуць масівы лясоў, то поле. Поле выглядае так, як гэта звычайна бывае на карце — роўнымі квадратамі, расквечанымі ў розныя колеры. А на гарызонце будзе смуга, у якой знікнуць межы зямлі і неба. Самалёт будзе пакалыхваць — крыло ўніз, крыло ўгору,— і зямля будзе гойдацца, то наплываючы блізка ў акне, то знікаючы ў бездані. Але на гэты раз мы пазбаўлены былі гэтай асалоды — наўкруга відна была бясконцая бель туману. Адчуванне палёту давала толькі роўнае гудзенне матораў ды тое, што гэтая бель часамі прарывалася і ў правалінах відаць было, як варушацца, сплятаюцца і разрываюцца чорныя камякі хмар.

— У Кіеве дождж! — агаласіла, зноў паявіўшыся, сцюардэса.

Можа, каб адагнаць ад нас невясёлыя думы і нейкую трывожную няпэўнасць, што ляцім мы ўсляпую, сцюардэса яшчэ раз пачала частаваць нас цукеркамі. Кожнаму, вядома, захацелася пажартаваць. Пакрысе завязалася гаворка. Чуваць было, як на пярэднім сядзенні нешта расказвае і смяецца сваім вечна вясёлым, бадзёрым смехам Пятрусь Броўка, як грыміць бас Уладзіміра Корбана. Анатолю Вялюгіну не сядзелася на месцы: свайму сябру Змітру Белавусу ён вёз галубоў і штораз хадзіў у канец кабіны, каб праверыць, як сябе пачуваюць яго спадарожнікі ў фанернай скрыньцы.

Час ішоў, недзе блізка быў канец нашага маршруту, а нам здавалася, што мы ніяк не здолеем прабіцца праз гэты шэра-белы туман. А між тым прыборы паказвалі, што мы спускаемся ўсё ніжэй і ніжэй. Нарэшце паказаўся кавалачак зямлі, праз хвіліну ўгадалася роўная палоска дарогі, зусім пад намі пацягнуліся тэлеграфныя правады, бліснула ўзлётная дарожка аэрадрома.

Ішоў дождж, наўкруга стаялі лужы, але да самалёта спяшаліся і спяшаліся людзі. Не паспелі мы ступіць на зямлю, апамятацца, як у кожнага з нас ужо былі букеты кветак, людзі абдымаліся, цалаваліся, і на губах мяшаліся з пацалункамі кроплі дажджу.

— Як жа прыляцелі?

— Мы вас заждаліся!

— Давайце хутчэй на машыны!

Але перад тым як сесці ў машыны, на ганку аэрапорта Мікола Бажан сказаў нам сардэчнае слова прывету. За нас усіх так, як ён умее, па-братняму шчыра і ўсхвалёвана, адказаў Пятрусь Броўка.

Мы на кіеўскай зямлі.

Мы ў гасцях у братняй рэспублікі, дзе будзе праходзіць Тыдзень нашай літаратуры.

 

Нас не пакідаюць сябры

Размясціліся ў новай гасцініцы «Украіна». Увесь дзень нас не пакідаюць сябры. Хто сустрэўся як стары знаёмы, хто пазнаёміўся па дарозе з аэрадрома. Хто вядзе да сябе ў госці, хто хоча паказаць нам Кіеў. Гэты кавалачак часу ў акружэнні кіяўлян праляцеў, як адна хвіліна, і трэба было ўжо спяшацца, каб не спазніцца ў тэатр на сустрэчу з грамадскасцю сталіцы.

Мы былі ўстрывожаны: зноў, як і ўдзень, дождж, вуліцы і тратуары блішчаць, абмытыя вадою. Хто ж пойдзе ў тэатр у такую непагадзь і хлюпоту? Эх, як жа нам не пашанцавала! Мы сабраліся ў бакавым пакоі каля сцэны, чакаем, хвалюемся — як мы, так і нашы ўкраінскія сябры. Стаіць сіні дым ад папярос, у попельніцах усё больш і больш дабаўляецца недакуркаў, прытоптаных пальцамі, памятых у зубах, часамі толькі прыкураных і кінутых. Стаіць гамана: хто ходзіць сюды-туды па мяккіх дарожках, хто сабраўся купкамі, прычым купкі тут жа мяняюцца — то Максім Танк стаяў поруч з Міколам Нагнібедам, то ён ужо з Алесем Ганчаром ці з Уладзімірам Сасюрам. Пімен Панчанка то гаворыць з Любоўю Забаштаю, то ўжо стаіць з Андрэем Малышкам. Анатоль Вялюгін не разлучаецца з Змітром Белавусам. Рыгор Няхай адразу папаў пад бацькоўскую руку свайго былога камандзіра партызанскага злучэння Юрыя Збанацкага. А найбольшы поспех выпадае, вядома, на долю Петруся Броўкі. Кожны рад пабыць у тым гуртку, дзе чуецца яго смех і гаворка, яго шукаюць, каб пабачыцца, рэпарцёры. Рэпарцёраў наогул тут поўна — ад тэлебачання, ад радыёвяшчання, ад газет, ад тэлеграфнага агенцтва. Яны стараюцца як мага больш набраць інтэрв’ю або просяць то артыкульчык, то верш, то хоць колькі слоў запісаць на плёнку.

Нарэшце нехта кажа:

— Пара! Усе на сцэну!

І мы здзівіліся, не паверыўшы сваім вачам. Вялізная зала Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета імя Тараса Шаўчэнкі і ўсе ярусы паўнюткі людзей. Ніякі дождж не пашкодзіў. Тысячы воч праменяцца радасцю і шчырасцю, і зала стогне ад воплескаў. І з мора бясконцых воплескаў хлынула на нас бура кветак...

Нарэшце сяк-так Алесь Ганчар дачакаўся, каб сказаць сваё слова. Пятрусь Броўка падзякаваў за гасціннасць. Пасля чыталі вершы паэты, спявалі і танцавалі артысты.

Мы чулі, што ўся зала як бы абдымае нас...

 

Дзень асабістых сустрэч

Назаўтра дзень, мабыць, знарок быў прызначаны на тое, каб нам можна было агледзецца. Ніякіх мерапрыемстваў не планавалася, мы маглі адпачываць. Толькі было сказана, што ўвечары могуць быць сустрэчы на заводах, у навучальных установах ці ў клубах. Каб мы былі напагатове.

Мы пайшлі па сваіх справах: хто аглядаць горад, хто ў Мастацкі музей. Але ўсё роўна нас знаходзілі работнікі тэлецэнтра і радыё, карэспандэнты і рэпарцёры.

У гэты дзень ніхто з нас не паявіўся на абед у рэстаране гасцініцы, як аб гэтым было дамоўлена загадзя. Каго знайшоў і запрасіў да сябе Міхайла Стэльмах, каго Багдан Чалы, каго Нагнібеда. За бяседнымі сталамі ўсюды вяліся гаспадарскія, гэта значыць літаратурныя, размовы. І мне давялося пачуць, як вельмі сур’ёзна і шчыра за сталом у Алеся Ганчара быў падняты тост за беларускую паэзію, як за з’яву высокага паэтычнага класа. Мы не згадзіліся з такой высокай ацэнкай, але Навічэнка не прызнаў нашага пратэсту.

— Паэзія ў вас высокая, мужная, і няма чаго прыбядняцца,— сказаў ён.— А проза... прозе яшчэ трэба даганяць нас. Што ж, давайце спаборнічаць...

Час ляцеў скора. Не заўважылі, як надышоў вечар. Нам з Іванам Шамякіным, Кастусём Кірэенкам, Міхайлам Стэльмахам і Антонам Хіжняком трэба было на восем гадзін паспець на Дарніцкі вагонарамонтны завод...

 

Падарожжа па маршруту

Маршруты ў нас былі розныя: на Палтаву і Харкаўшчыну; на Канеў, Днепрапятроўск і Запарожжа; на Львоў і Драгобыч; на Ужгарад. Разбіліся на чатыры групы. У кожнай былі беларускія і ўкраінскія пісьменнікі. У нашу групу на маршрут Данецк — Горлаўка — Жданаў увайшлі беларускія пісьменнікі Мікола Аўрамчык, Васіль Вітка і Уладзімір Корбан, украінскія — Андрэй Галаўко, Мікола Гірнык, Валянціна Ткачэнка і Антон Хіжняк. На месцы ўжо да нас далучыліся і данбасаўскія пісьменнікі — Клочча, Байдабура, Крыўда, Сокалаў. У Горлаўцы чакаў нас і старэйшы паэт Данбаса Павел Беспашчадны.

 

Данбас

Кожны, каго б вы ні сустрэлі ў Данбасе, з гонарам пачне расказваць і пра свой горад, і пра сваю зямлю. І абавязкова дадасць:

— О, а каб вы ведалі, як тут людзі даўней жылі! Гэта было страшна. А цяпер — у нас лепш як дзе! Пабачыце самі.

Вы здзівіцеся, бо не заўважыце, чым жа можна захапляцца, калі ваша прывычнае да лясоў вока ўбачыць тут шырачэзны стэп або голыя, перакацістыя палі, зацягнутыя вечнай смугою ўдалечы не то ад спёкі, не то ад дыму, што ўсюды курыцца з заводскіх труб. Аматару маляўнічай прыроды здасца тут вельмі сумна. Што ж, трубы — гэта, вядома, індустрыяльная адзнака, і яны могуць сцвярджаць эканамічную магутнасць, але эстэтычных пачуццяў не крануць. Што ж, тэрыконы, падобныя на піраміды, што высяцца наўкруга гэтых індустрыяльных цэнтраў і хаваюцца аж у смузе гарызонта,— грандыёзная рэч, але ж гэта не ўпрыгожвае краявіду. Але так можа здацца толькі на першае вока, пакуль не пакажацца за ўсім гэтым чалавек з яго любоўю да свае гісторыі, да свайго краю. І вельмі скора вы пачняце ўсім захапляцца і дзівіцца — як жа ўсё магло быць іначай?

У Данецк мы прыляцелі раней часу на цэлую гадзіну па той прычыне, што самалёт не спыняўся па дарозе, як гэта было заведзена па раскладу. «Зімы» і «пабеды» прымчаліся на аэрапорт у той час, калі мы пасля самалёта разміналі ногі на прывакзальнай плошчы. Гэты «канфуз» даў яшчэ больш ажыўлення і непасрэднасці. Прадстаўнікі абкома, аблвыканкома і іншых грамадскіх арганізацый, пажартаваўшы, што не гаспадары сустракаюць гасцей, а госці гаспадароў, паабяцалі нам за гэта «адпомсціць». І «помста» была суровая: толькі мы паспелі ўладкавацца ў гасцініцы, як тыя ж «зімы» і «пабеды» падхапілі і павезлі нас хто ведае куды.

Загадчык аддзела навукі і культуры абкома Гурэнка ўзяў нас у свае рукі па-гаспадарску. Ён не пытаўся, што мы хочам, а чаго не хочам глядзець. Машыны панеслі нас па цэнтры, па ўскраінах горада. Мы бачылі Рутчанскі палац шахцёраў, дзе любаваліся і заламі, і бібліятэкаю, тэлецэнтр, шахты, заводы, рабочыя пасёлкі. Нарэшце недзе за мастком машыны нашы павярнулі ўлева і суняліся. Гурэнка вылез, жэстам рукі запрашаючы і нас зрабіць тое самае. Мы не ведалі, што павінны тут глядзець.

— Я заехаў сюды знарок, каб вам усё само стала ясна,— сказаў ён.— Бачыце? — Ён паказаў рукою за рачулку.— Вось такая была наша Юзаўка.

Уціскаючыся ў бязладныя награмаджэнні пароды, умітусь адзін да аднаго ціснуліся маленькія катушкі, злепленыя не то з дзёрну, не то з гліны, закураныя, з пляскатымі стрэхамі, папрыцісканымі кавалкамі цэглы ці каменнем. Гэта былі рэшткі колішняга шахцёрскага жылля. Пасля ўсяго таго, што мы бачылі дасюль, нам стала цяжка. Мы доўга маўчалі, нарэшце Васіль Вітка сказаў:

— Не ведаю, ці правільныя мае думкі, але мне хочацца, каб нейкі куточак гэтага вы пакінулі, не разбуралі. Няхай ён астанецца як музей, як сведка мінулага, каб на гэта маглі паглядзець патомкі.

— Ваша праўда,— згадзіўся Гурэнка.— Вось такія мясціны і называліся ў нас сабачэеўкамі, пахалаўкамі ды шанхаямі. Цяпер усё гэта можна толькі ўспамінаць, як нядобры сон...

Мы ціха паехалі дадому па вуліцы, якая называлася Універсітэцкай.

— А хіба ў вас ёсць універсітэт? — запыталіся мы.

— Не, няма яшчэ. Мы размясцілі на гэтай вуліцы ўсе нашы інстытуты, лабараторыі, вышэйшыя навучальныя ўстановы і хочам, каб тут заснавалі універсітэт. Спадзяёмся, што так яно і будзе, бо як жа можа быць Універсітэцкая вуліца без універсітэта.

Усмешка ў Гурэнкі была хітраватая, але вельмі харошая. Так усміхацца могуць людзі, якія любяць і свой народ, і сваю работу.

За дзень мы натаміліся страшэнна, але гэта была прыемная стома. Можа таму, што мы чакалі яшчэ адной вельмі важнай падзеі: неўзабаве мы павінны былі пайсці ў абласную бібліятэку імя Крупскай на сустрэчу з насельніцтвам сталіцы Данбаса.

 

Машыны ідуць у Горлаўку

Ад Данецка да Горлаўкі дарога скрозь ідзе па маладых, але густых прысадах. Мы маглі б любавацца наваколлем, але зараснік акацый пакідаў для вока толькі гладкую стужку асфальту, якая то вывівалася, то ляжала перад намі проста, як лінейка. Ды, зрэшты, мы не былі і настроены сузіральна. Нас больш трымалі ў сабе ўражанні ўчарашняга дня.

Нам успаміналася наша трывога перад тым, як пайсці на вечар сустрэчы з грамадскасцю горада. Да гэтага мы былі ў складзе дэлегацыі толькі членамі яе і не адчувалі асаблівай адказнасці за брыгаду, цалкам пакладаючыся на кіраўніка яе Петруся Броўку. Цяпер жа мы сталі самастойнай адзінкай, і натуральна, што нам было не ўсё роўна, як выканаем мы ўскладзеныя на нас задачы. Нам хацелася, каб наша прадстаўніцтва было тут, як кажуць, на самым высокім узроўні.

На знаёмства з намі прыйшло так многа народу, што зала не ўмяшчала яго.

Там жа на вечары намеціўся як бы сталы профіль нашай работы. Вечар адкрывае нехта з прадстаўнікоў мясцовых арганізацый. Антон Хіжняк робіць уступнае слова — трошкі пра літаратуру, трошкі для таго, каб пазнаёміць прысутных з тымі, хто да іх прыехаў. Мы ўжо высветлілі, што Антон Хіжняк вельмі добра ўмее гэта рабіць: ён гаворыць свае слова з уласцівай яму манерай лёгкага гумару, весела і проста. Пасля яго ўступу ідзе маленькае слова ад нашай беларускай дэлегацыі. А тады пачынаецца ўжо сам вечар — чытаюцца вершы, задаюцца пытанні, пачынаюцца асабістыя знаёмствы.

Другое, чым мы былі заняты ў дарозе,— гэта ўражанні ад сустрэчы з сакратаром абкома таварышам Белаколасам. Ён расказаў нам пра Данбас, гэтым як бы сістэматызаваўшы нашы першыя ўражанні, і памог больш ясна арыентавацца ў тым, з чым мы будзем знаёміцца далей. Да гэтай гутаркі Данбас мы ўяўлялі даволі схематычна: усесаюзная качагарка, вугаль. Ажно тут у роўнай ступені развіта прамысловасць і металургічная, і машынабудаўнічая, і коксахімічная. Нас здзівіла і карціна сельскай гаспадаркі. Аказваецца, тыя ўкрытыя смугой, пазбаўленыя лясной маляўнічасці палі даюць найлепшыя ўраджаі. Як жа так, калі данецкай зямлі не стае вады?

— Вада? А вось вы, можа, бачылі, а не, дык яшчэ пабачыце — у нас цэлая сетка штучных стаўкоў, азяркоў, прыручаных крыніц, сабраных у адно рачулак і ручаінак. Па дарозе ў Горлаўку вы якраз і ўбачыце магістраль канала, які мы пускаем ужо часткова ў эксплуатацыю. Усё гэта нашы прамысловыя воды.

У Горлаўцы мы ўбачылі той жа самы краявід: заводскія трубы, піраміды тэрыконаў. Асаблівае хіба толькі ў тым, што бадай у самым цэнтры горада стаіць агульнавядомая шахта «Качагарка». І яшчэ хіба ў тым, што проста над вуліцамі праходзяць паветраныя дарогі, па якіх выводзіцца парода не ў тэрыконы, а ў яры, лагчыны, равы, каб раўняць мясцовасць. Але самая істотная асаблівасць Горлаўкі ў тым, што горад падобен на парк. Усё засаджана дрэвамі і кветкамі: вуліцы, двары, тэрыторыі заводаў, нават трамвай ідзе як сярод лесу.

У Горлаўку мы прыехалі недзе каля гадзіны дня. Адразу ж нам сказалі, што нас чакаюць шахцёры-«качагарцы». Трэба спяшацца, бо праз некалькі хвілін яны павінны спускацца пад зямлю, заступаць змену. Мы сабраліся на трэцім паверсе шахтакіраўніцтва ў вялікай зале-нараднай. Каля сцэны ў канцы залы аднекуль паявіўся стол, нехта яго накрываў чырвонаю крамнінаю, нехта падносіў сюды крэслы. Зала поўнілася людзьмі, нас акружылі землякі-беларусы.

Дарэчы, у газеце «Радзянська Донеччина» ад 19 верасня мы прачыталі «Ліст гарнякоў-беларусаў да сваіх землякоў — работнікаў літаратуры», у якім пісалася:

«Шаноўныя таварышы, дарагія нашы землякі!

З вялікаю радасцю сустрэлі мы вестку, што ў наш данецкі край прыязджаюць работнікі літаратуры і мастацтва нашай роднай Беларусі. Вам, безумоўна, вядома, што ў склад шматнацыянальнай арміі гарнякоў Данбаса ўваходзяць і беларусы.

...Нам прыемна ўсведамляць, што, можа, і наш вугалок даходзіць да Мінска і што ў лёгкіх трактарах «Беларусь» і ў магутных аўтасамазвалах МАЗ ёсць частка і нашай працы, бо адзіная ў нас мэта — камунізм, да якой паспяхова ідуць усе народы СССР пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі.

Дарагія сябры, нашы родныя беларускія пісьменнікі, горача вітаем вас на зямлі данецкай. Хочацца вам сказаць, што любім вас, ведаем і чытаем. Але як бы мы хацелі, каб вы ўсёй Беларусі ў сваёй творчасці расказалі пра нашу працу, пра беларусаў-данбасцаў, пра іх працоўныя справы».

Землякі не далі нам прайсці нават да стала, яны абступілі нас з роспытамі — хто пра Магілёў (як вядома, Магілёўшчына вельмі многа дала гарнякоў, і аказалася, дарэчы, што нават начальнік шахты Мікалай Канаплёў з Магілёўшчыны) , хто пра плошчу Перамогі ў Мінску, хто пра Кандрата Крапіву. Нам здавалася, што мы папалі на нейкае свята. І яшчэ больш усё ажывілася, калі высветлілася, што Мікола Аўрамчык два гады вось тут, у Данбасе, працаваў крапільшчыкам. Яго верш «Беларуская сасна» меў тут незвычайны поспех. Апошнія радкі верша, дзе гаворыцца, што наша сасна, моцна трымаючы скляпенне ў забоі, «не аддасць ў крыўду земляка», выклікалі буру апладысментаў.

У той час, калі чыталіся вершы, мы заўважылі нейкую трывожную гаворку непадалёку ад прэзідыума. Шапталіся і, відаць, спрачаліся старшыня шахтнага камітэта «Качагаркі» Панчанка, начальнік шахты № 1—6 Канаплёў і сакратар Горлаўскага райкома партыі.

«Мабыць, людзям трэба спяшацца заступаць змену, а мы затрымліваем,— падумалі мы.— Трэба скарачацца».

Але прычына высветлілася тут жа. Панчанка падышоў да стала з запаленай шахцёрскай лямпай.

— Гэтай лямпачкай у шахтах мы ўжо не карыстаемся, яна адышла ў нябыт,— сказаў ён.— Але мы перадаём яе вам як сімвал шахцёрскай працы. Прабачце нам, дарагія госці, што робім мы не так, як хацелася б. Мы хацелі, каб у кожнага з вас асталася ад нас памяць, але знайшлі толькі тры такія лямпачкі, а вас жа чацвёра. Каб нікога з вас не пакрыўдзіць, мы надумаліся даць вам адну лямпачку на ўсіх. Прыміце, дарагія сябры...

Увечары ў Доме культуры «Шахцёр» мы сустракаліся з насельніцтвам горада. Тут Антон Хіжняк здорава «падвёў» Уладзіміра Корбана. Звычайна Корбан чытаў апошні, бо яго байкі ўсім падабаліся. Перад яго выступленнем Хіжняк сказаў:

— Толькі вельмі прашу, таварышы, каб было абсалютна ціха. Бо ў таварыша надта слабы голас, а вы ж самі ведаеце, як цяжка чытаць, калі... ну, няма адпаведных умоў.

Уся зала замерла. Кожны, мабыць, спачуваў кволаму пісьменніку. А Корбан выйшаў да трыбуны на ўвесь маладзецкі рост і сваім грамавым голасам, ад якога звіняць шыбы, грымнуў:

— Я прачытаю вам байку «Бык і дом».

На першым жа слове зала выбухнула такім рогатам, што сам Корбан не асмельваўся пускаць свайго баса, пакуль не стала больш-менш ціха.

 

Жданаў — Азоўскае мора

Туды павёз нас абкомаўскі шафёр Паўло. Усю дарогу, больш за 150 кіламетраў, Паўло не пераставаў нам паказваць і расказваць пра ўсё, што траплялася на вока. Ён паясняў нам асаблівасці кожнага населенага пункта, гаварыў пра кірунак і характар гаспадаркі. Паказваў стаўкі і азяркі, пра якія ў свой час расказваў сакратар абкома, і тут жа тлумачыў іх прызначэнне або спосаб злучэння іх у сістэму. З правага боку бліснулі два азяркі, якія здзівілі нас тым, што знаходзіліся як бы адно над адным.

— Яны запаўняюцца з розных крыніц,— паясніў Паўло.— А злучаць іх не варта, бо гэта было б горш для гаспадаркі.

Праехаўшы ад Данецка да Жданава, мы ўсё ўжо ведалі тут як найлепш. Мы ведалі і заводы, і школы, і паркі, і нават дырэктара «Азоўсталі», «галавастага мужыка». У Жданаў, такім чынам, мы ўязджалі спакойна і ўпэўнена, як у даўно знаёмы горад. І ўсё ж разгубіліся і збянтэжыліся мы так, як ніколі і нідзе, іменна вось тут, у Жданаве.

Першую прамашку даў сам Паўло: нас чакалі каля райвыканкома, а ён затармазіў машыну каля райкома і, такім чынам, даў нам магчымасць як бы заспакоіцца, падумаць, што на гэты раз мы прыехалі, як дадому, без ніякага шуму. І іменна ў гэтую хвіліну засцігла нас нечаканасць. Проста невядома адкуль нас акружылі піянеры і пачалі засыпаць букетамі кветак. Не паспелі мы апамятацца, як тут жа падбеглі нейкія людзі, пачалі паціскаць нам рукі, вітаць з прыездам, і нехта ўжо гаварыў кароткую, але імклівую і палкую прамову. Мы толькі цяпер убачылі, што на вуліцы мора людзей, што ўсе яны махаюць рукамі, нешта нам гавораць. Мы так разгубіліся, што нават забылі, што трэба ж і нам нешта сказаць.

Пасля мы ўжо даведаліся, што чалавек з харошым адкрытым тварам, з маленькім гузырком на шчацэ, які сказаў нам тое першае гарачае слова прывету, быў сакратар Жданаўскага гаркома партыі Валянцін Бялецкі. З гэтага часу і аж да канца нашага гасцявання ён не пакідаў нас ні на хвіліну.

Гэта быў апошні дзень нашага падарожжа, і нам так многа паказвалі і так многа мы сустракаліся з людзьмі, што гэты дзень прабег, як адна хвіліна. У першую чаргу мы былі на «Азоўсталі». Пра гэты завод проста цяжка гаварыць, да таго грандыёзна ўсё тое, што мы бачылі. Тэрыторыя завода займае такую плошчу, што з цэха ў цэх нам прыйшлося ездзіць на машынах. Але сапраўдным дзівам было тое, што мы бачылі ў цэхах: усімі самымі цяжкімі і адказнымі працэсамі ішло кіраванне з пультаў, тэхніка тут нагадвала проста чарадзейства. А чарадзей быў звычайны русавалосы хлопец у зашклёнай кабінцы наверсе. Мы глядзелі на яго малады твар, на спакойныя рукі, і ніяк не верылася, што іменна гэтыя рукі пераносяць па паветры мнагатонныя агнявыя балванкі металу, кідаюць іх на валы, перакручваюць, падкідаюць, мнуць, запускаюць у прэсы, каб праз колькі хвілін ператварыць іх у пракат, які тут жа, млява астываючы, выпаўзае з цэха.

З людзьмі, якіх мы тут бачылі толькі мелькам, мы сустракаліся ўвечары, у летнім тэатры. Перад тым як пайсці ў залу, мы гулялі па парку, у якім стаіць гэты тэатр. Нас распытвалі пра Беларусь, пра нашы заводы. Па сутнасці, афіцыйнае часткі не трэба было і рабіць, бо вечар адкрыўся тут жа: нам пачалі чытаць нашы вершы.

Тады пачалі чытаць і самі паэты — Валянціна Ткачэнка, Мікола Аўрамчык.

Валянцін Бялецкі не захацеў адпусціць нас з чыста дзелавымі ўражаннямі. Назаўтра ён запрасіў нас на катэр, каб паказаць яшчэ і мора. Мы аб’ездзілі ўвесь бераг, любуючыся на Жданаў здалёк. З мора здавалася, што ўвесь горад стаіць на самай вадзе. Гэта была дзівосная пагулянка. Нават не забываючы на марскі рытуал: без закускі, так, як заведзена гэта, кажуць, у маракоў, мы выпілі па чарцы каньяку і заспявалі песню...

На беразе нас чакалі машыны. Трэба было збірацца дадому, пакідаць нашых сяброў. Поціскі рук, пацалункі.

Ну што ж, бывайце здаровы, дарагія!

І зноў перад намі ляжаць дарогі. І мы вязём з сабою самы дарагі скарб — нашы думы, уражанні і хваляванні ад шчырых, незабыўных сустрэч...

1957


1957