epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Скрыган

У тэатры

Я глядзеў першы паказ «Бацькаўшчыны». Ішла сцэна, дзе Гушка прадаваў сваю маёмасць, каб знайсці грошай на кавалак зямлі. Ён прынёс на рынак усе свае лахманы, да апошняга ачысціўшы хату. Перакупшчыкі заплацілі, але грошай было мала. Не хапала чатырох рублёў. Гушка скінуў палітон — не хапала. Сарваў з сябе шапку, кінуў у кучу рыззя і стаяў, голы як кол, у зрэбнай сарочцы, у белых майтках і без шапкі, з ускудлачанымі валасамі. Не было чаго больш прадаць чалавеку, а грошай яшчэ не ставала.

І от Гушка ўспомніў, што на ім яшчэ асталіся боты. Радасна ўскінуўшы рукі, ён адною абапёрся на нечае плячо, а другою, нагнуўшыся, пачаў скідаць боты з ног.

Гэты жэст скалануў мяне. У ім я бачыў жахлівую праўду вельмі яшчэ недалёкіх часоў, калі абяздолены селянін мусіў усё да ніткі прадаваць за адну надзею, што нарэшце стане чалавекам.

І ў гэты час, калі спазма перахапіла мне горла ад чужой непапраўнай бяды, дзве мае суседкі разрагаталіся. У напятай, да болю аголенай цішыні гэты рогат прагучаў як найдзічэйшае святатацтва.

У антракце я ўбачыў сваіх суседак у фае. Яны прагульваліся, адна адну ўзяўшы за рукі, гучна шапталіся і былі ў найлепшым настроі. На іхніх шыях і аголеных плячах паблісквалі каралі. Зіхацеў, пераліваўся і па сцёгнах абцякаў дадолу чорны шоўк.

Я падышоў і папытаўся, чаго смяяліся яны на паказе. — Бо ён вельмі смешны і фацэтны, гэты Гушка. У яго быў такі зухаваты і дзівацкі жэст,— весела адказалі мае суседкі і пайшлі, холадна разліваючы бляск чорнага шоўку.

1935


1935