epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Скрыган

Вашаю моваю лёгка тварыць характары

Шаноўны Пятро Ламан!

Выдавецтва «Юнацтва» перадало мне папку з Вашымі празаічнымі творамі. Няйначай, як яны павінны скласці першую кнігу Вашай прозы. На жаль, рукапіс не мае ні тытульнага ліста, з якога можна было б даведацца, як будзе звацца кніга, ні зместу, які сказаў бы, што ў ёй будзе надрукавана.

Я пагавару пра Вашу кнігу ў тым парадку, у якім панумараваны творы.

Аповесць «Астравы». Толькі на ёй і сказана, што гэта аповесць. У аснове сваёй яна зроблена не блага. Не трафарэтна, па-свойму Вы пабудавалі сюжэт. Коратка, сцісла перадалі мастацкую тканіну. Перакажу яе для рэдактара.

Грышаў сябар Генюсь жэніцца, ён запрасіў на вяселле і Грышу, бо яны амаль аднагодкі, разам вучыліся. Едуць яны па маладую аж за Нёман, пад Налібоцкую пушчу, у Астравы. На вячэры ў маладой, ужо ў позні час, калі запалілі святло, Грыша адчуў, што з таго боку стала на яго глядзяць нечыя вочы. Зірнуўшы, ён «убачыў жывую, сляпучую прыгожасць, ад якой, як ад сонца, хацелася засланіцца даланёю». Хто яна? Калі сюды прыйшла? Чаму раней не бачыў яе? Потым яна з нейкімі дзядком і бабуляю спявала. Тая песня асталася яму «як світальны праменьчык». І вочы. Грышу здавалася, што гэтыя вочы ён ведаў даўно, такія вочы былі ў мацеры, не раз ён сніў іх.

Словам, аповесць пра каханне. Нечаканае, незвычайнае, як успышка магнію — самае дарагое, што чалавеку дадзена спазнаць у жыцці.

Яно будзе цяжкае, трагічнае і разам з тым чыстае, сонечнае, святое.

Вярнуўшыся да сябе дадому, Грыша пакутуе. Праходзіць год, другі. Нарэшце ён падгаворвае суседа, каб з’ездзіць зноў у Астравы і забраць Гелену. Ён не ведае, што Гелена ўжо два гады як уцякла ад мужа, нікому, нават бацькам не аказваецца, невядома, дзе яе шукаць.

Грыша ў адчаі. А ў гэты час Гелена памірае ў далёкай сталіцы ад раку крыві. Тэлеграма ад бацькоў прыйшла са спазненнем, Грыша не паспявае нават на пахаванне.

І ён вернецца дадому не адзін — з двухгадовым сынам.

Трэба сказаць, Пятро Ламан, што ў Вас не благое пісьмо, скупое, энергічнае. Добрая мова, гэта асабліва прыемна, бо часамі маладыя пісьменнікі прыходзяць з вельмі абмежаванаю, канцылярска-хадульнаю моваю, якую чытаць цяжка. У Вас яна натуральная. Мне здаецца, што Вашаю моваю лёгка ствараць характары, што яны ў Вас не будуць фальшывіць. Бо калі мова фальшывіць, то, вядома, будуць фальшывіць і вобразы.

Спадабалася мне ў «Астравах» адчуванне добрага такту і меры мастацкага. Звярнуў я ўвагу на такія дэталі.

Першае — Вы вельмі тонка апісалі хвіліну, якая ўразіла Грышу, калі ён зірнуў на Гелену. Успышцы Геленінага кахання верыш, асляпляльнаму хараству Гелены таксама верыш, хоць ні таго, ні другога Вы не апісваеце. Усё гэта Вы перадалі ўскосным спосабам: сказалі, што ў Гелены былі вочы, як у Вашай мацеры. А матчына ўсё самае прыгожае, самае дарагое і самае святое. Гэтым Вы бясспрэчна паланілі чытача, ён адразу палюбіў і Гелену і Грышу.

Другая тактоўнасць — Грышава з Геленаю спатканне на возеры, пад зорамі. Звычайна неспрактыкаваныя пісьменнікі, тым больш маладыя, вельмі смакуюць інтымныя імгненні, апісваюць іх натуралістычна, нават пускаюцца ў смакаванне сексу. Вы падалі хвіліны блізкасці як найчысцейшае каханне і вельмі скупа.

«— Пацалуй мяне, Гелена,— сказаў Грыша.

— Зараз,— выгукнула яна.

Гелена скінула з сябе сукенку, бо не было на ёй нічога, апроч сукенкі. Палыхнуў белы кіпень цела, і яе грудзі, як дзве поўні, павольна схіліліся над ім. Пяшчотная, шалёная хваля ўзняла іх і шпурнула да зор, і яны ляцелі між імі, у прасторы і часе, той дарогаю, якой у іх не было».

Трэцяя тактоўнасць — таксама скупая. Пасля таго як Грыша спозніцца на Геленіна пахаванне, будуць такія аўтаравы радкі: «З Астравоў Грыша вернецца з сынам — ціхім двухгадовым хлопчыкам...»

Чытач сам успомніць нешчаслівае Геленіна замужоўства, што з п’яніцам-брыгадзірам дзяцей у яе не было, успомніць спатканне пад зорамі і зразумее, што Грыша папраўдзе прывёз дадому сына.

Сімпатычную аповесць напісалі Вы, Пятро Ламан. Але пачакайце, ёсць жа ў мяне і заўвагі. Канец аповесці філасафічны, толькі ён павінен быць яснейшы і прасцейшы. Паглядзіце, чаго Вы там накруцілі. «Яго вялікія васільковыя вочы (сынавы — Я. С.), даверліва гледзячы на гэты пакуль яшчэ незразумелы свет, падораць Рыгору той глыбінны сэнс (які той, які глыбінны, у чым мы яго бачылі? — Я. С.), адкрываючы яго сэрцу горкую соль жыцця» (якую соль? — Я. С.). І апроч усяго — фраза ж няскончаная, пачатак і канец яе не звязаны.

«Так яно ўсё і будзе...» (Як — так? Што — яно? Што — усё?)

І пачатак не надта ўдалы. Да каго Вы звяртаецеся: «Я хачу растлумачыць табе», «Магчыма табе гэта будзе здавацца», «Вось бачыш». З кім Вы гаворыце? Чытач павінен гэта бачыць.

Наогул увесь пачатковы дыялог з Астравамі нічога не дае. Сэнсу ў Вашых узрушаных воклічах няма. «Астравы... Астравы... Астравы... Архіпелаг мае маладосці». У чым той архіпелаг, дзе тая маладосць, якой мы не бачылі? Бо маладосць жа (вяселле) была не Ваша, а Грышава, Вашага героя. Або вось мудраванне словамі: «Світанне пачынаецца незаўважна (слова-то якое інертнае, тут жа хочацца сказаць па-народнаму, па-простаму: памаленькуЯ. С.), яго зярнятка расце, прарастае з лёгкай раллі летняй ночы, пачынае каласіцца і красаваць». Тут жа ўсё чужароднае адно аднаму: дзе ў світанні зярнятка, што за ралля ночы, як світанне каласіцца і красуе? Як хвоі могуць «фізічна дакранацца да сэрца цяплом дабрыні»? Як гэта нам уявіць? Як адчуць? Якім «трывалым карэннем» тыя хвоі робяцца? Усё гэта вымучана, штучна, незразумела.

Наогул, уся першая старонка непатрэбна, аповесць павінна пачынацца з абзаца «Было лета». Дый тут шкодзяць гэтыя шаснаццаць, бо лічба міжволі звязваецца з Грышам, і тады робіцца немагчымым такое недаспелае яго каханне.

У тэксце памечаны і другія заўвагі, прагледзьце іх. Можа варта замест кніжнага «нічога не атрымліваецца» сказаць па-народнаму: «нічога не выходзіць». Усечанае «ля» лепш пісаць поўным словам — «каля». «Хват-акардыяніст» трэба напісаць «зух-акардыяніст». Маці дзяўчынкі — бясспрэчна трэба: дзяўчыніна ці дзяўчынчына маці. Або дзе Вы чулі, каб гаварылі «заходзячае сонца»?

Словам, аповесць можна лёгка давесці да ладу, а вось з «Купалінкаю» і з апавяданнямі справа стаіць куды горш.

«Купалінка» — гэта не аповесць. Яе можна назваць рэпартажам ці накідамі, бо гэта не мастацкі твор па адным ужо тым, што ў ім няма вобразаў. Нікога з герояў ці з гераінь нельга запомніць, бо ніхто з іх не мае свайго аблічча. Як толькі мінецца старонка, дзе пра іх гаворыцца, яны тут жа забываюцца. Няма ў іх і свайго асяроддзя, ні тады, калі яны працуюць у СКБ, ні тады, калі ператвараюцца ў артыстаў. З усяго твора запамінаецца толькі адзін момант: калі герой у ванне траціць прытомнасць.

Не ўдаліся і апавяданні, бо таксама няма ў герояў ні абліччаў, ні ўнутранага жыцця. Яны напісаны ўрыўкамі, воклічамі, абарванымі фразамі. Гэтакімі сродкамі жывога псіхалагічнага рысунка не дасі.

Шкада, што да не благой вашай аповесці нельга нічога далучыць з астатняй вашай прадукцыі, бо над ёю яшчэ трэба многа працаваць.

Тым часам зычу Вам поспехаў. Веру ў гэта, бо тут Вам павінны памагчы адчуванне і роднай мовы і мастацкага такту.

1983


1983