epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Скрыган

Выборы

— Хочаш, я раскажу табе казачку? — папыталася мая даўняя знаёмая, якая прыдумала сабе пацешнае імя Цаца.

— Калі ласка,— сказаў я.— Толькі яна павінна быць кароткая, як усе казкі, і не мець голай павучальнасці, як усякі досціп.

— Якраз я і маю на ўвазе варыянт, у якім нічога не падкрэсліваецца. А казкі ж усе павучальныя.

— Калі ласка,— зноў сказаў я, трошкі, аднак, пабойваючыся яе калюча-незалежнага характару, бо ведаў, што, любячы да страхаты літаратуру, яна можа падстроіць якую-небудзь містыфікацыю. Напрыклад, выдаць чужое за сваё, злавіўшы цябе на недасведчанасці.

— Ну дык вось,— сказала яна,— жылі-былі на свеце дзве сяброўкі: сіньярына Фантазія і сіньярына Логіка. І захацелася сіньярыне Фантазіі выдаць замуж сваю сяброўку. Нядоўга думаючы, пазнаёміла яна сіньярыну Логіку з сіньёрам Талентам. Сіньёр гэты быў разумны, расказваў сіньярыне Логіцы дасціпныя, цалкам верагодныя гісторыі і... вельмі хутка надакучыў ёй.

Тады сіньярына Фантазія пазнаёміла сіньярыну Логіку з сіньёрам Гумарам. З ім было весела і проста, і, магчыма, выйшла б за яго замуж сіньярына Логіка, ды вельмі ж яна неўзлюбіла яго дзеда — сіньёра Смеха і яго бабкі — сіньёры Іроніі, якія кожны раз на нешта намякалі, робячы гэта так, каб у праўду адначасна верылася і не верылася.

Задумалася сіньярына Фантазія, з кім бы ёй яшчэ пазнаёміць сяброўку. І нечакана ўспомніла сіньёра Тэмперамента.

Першага ж дня сіньёр Тэмперамент прызнаўся ў каханні да сіньярыны Логікі; на другі дзень пачаў вымагаць інтымнай сустрэчы; патрабаваў сустрэчы і на трэці дзень, але, не дамогшыся згоды, на чацвёрты дзень не прыйшоў. Зласлівыя языкі чаўплі, што гэтага ж дня ён пры людзях абдымаўся з сіньёраю Чуллівасцю.

Зусім апала духам сіньярына Фантазія, бадай што страціўшы надзею, што можна выдаць замуж сяброўку Логіку. Але ўсё ж пазнаёміла з апошнім, хто астаўся нежанатым сярод сваіх прыяцеляў: з сіньёрам Здаровым Сэнсам. Ён быў памяркоўна разумны, памяркоўна вясёлы і, мабыць, меў памяркоўны тэмперамент.

Неўзабаве згулялі вяселле. Сябры віншавалі маладых, крычалі «горка», зычылі ім шчасця.

А праз год, кажуць, нарадзіліся ў іх блізняты: сын Недарэка і дачка Дурнічка.

1975


1975