epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Скрыган

Залаты крыжык

Ульяна ляжыць у пасцелі. Цвёрдай, уплясканай безнадзейным ляжаннем ужо каторы год. Пры светлым розуме і здаровым сэрцы. Не валодаюць ногі.

Яна ведае чаму. Памятае, як вялі яе за сяло шасцёра фашысцкіх вылюдкаў і іх паслугачоў з прыстаўленымі к спіне штыкамі, каб сказала, што ў спіску, які ёй прачыталі, усе семнаццаць чалавек камуністы і партызаны. Божухна, сама сабе шаптала яна, не карай, што была трохі адступілася ад цябе, я зноў пачну верыць самаю вялікаю вераю, толькі дай мне сілы сцерпець любыя катаванні і здзекі, не назваўшы ні аднаго імя.

Пасля таго адабрала ў яе паясніцу: яна ледзьве магла дайсці да парога. Потым адпусціла і нават не абзывалася, можна было думаць, што ўсё шчасліва прайшло. Ды вось жа праз многія гады вярнулася і прыкавала назусім к пасцелі.

Распытаўшы, як звычайна, пра ўсё ў мяне, яна расказала пра калгас,— што ў іх цяпер талкавіты старшыня, што нарэшце і Труханавічы пачалі жыць заможна. Раптам задумалася, нешта ўспамінаючы.

— Мабыць, ты, братка, і не ведаеш,— сказала яна,— што хросны ж некалі надзеў табе залаты крыжык. Ну не тады, як знячэўку трапіўся тату на дарозе, а на хрысцінах, бо перш з’ездзіў жа дадому. На вельмі далікатным, тоненькім ланцужку, аж у рукі яго браць было боязна. Мама тады яго недзе схавала, той крыжык, а потым і не знайшла. Мы ўжо і маўчалі пра яго, і не ведалі, што думаць: на дабро гэта ці на бяду.

Яна памаўчала, як бы выбіраючы, гаварыць далей ці не.

— Ды неяк жа, незадоўга перад тым, як мне легчы,— сказала яна далей,— папрасіла я суседскіх хлопцаў, каб паправіць паркан ад бацюшкавага дворышча, дый знайшла яго, калі папраўлялі шулы. Здалося, нешта бліснула ў зямлі, я капянула рукою, і аж сэрца закалацілася: ён.

Зноў памаўчала, не асмельваючыся ў нечым адкрыцца. Але нарэшце слабенька махнула рукою.

— То от жа і сазнаюся табе: дачакалася я вечара, і калі добра ўцямнела, выйшла за агароды, размахнулася і кінула яго як можна далей. Не гневайся, братка, але я была не рада, што ён знайшоўся. Не трэба табе той крыжык. Долі табе ён не даў, а няшчасця й так хапіла.

Ні тады, ні пасля я не ўмеў пагадзіць са знойдзеным крыжыкам Ульянінае трывогі. І ўсё мне здаецца, што скрозь яна ведала нейкія чалавечыя тайны, якіх ніколі не ўведаю я.

1982


1982