epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Скрыган

Знакі сардэчнасці

Пасля афіцыйнай часткі людзі спяшаліся выйсці ў фае. Абмахваліся хто хустачкаю, хто газетаю: вельмі ж многа гарачыні нарабілі юпітэры, бо ўрачыстасць здымалася на тэлебачанне.

Выбраўшы больш спакойнае месца, Ліда прыхілілася плячом да калоны. Яна пачувала сябе адзінока. Праўда, у зале яна бачыла шмат каго з даўніх знаёмых па універсітэту. Але з таго часу, як паехала на перыферыю, яна нікога бадай што не бачыла. Кожны, як кажуць, пайшоў па сваёй дарозе.

Ды вось у натоўпе паказаўся колішні, бадай што найлепшы яе сябар Аз, цяпер распаўнелы і трохі азызлы кандыдат хімічных навук. Ён павітаўся з адным, з другім прыяцелем, не гасячы прыязнай усмешкі агледзеўся, як бы шукаючы, каго яшчэ павінен адзначыць сваёю ўвагаю. Калі яго позірк упаў на Ліду, яна зарадавалася: пазнаў. Яна сабралася зараз жа пайсці яму насустрач, але Аз пагасіў усмешку і ледзьве кіўнуў галавою.

Тут жа Ліда ўбачыла другога сябра, Букі. Залажыўшы рукі за спіну, ён пагойдваўся на сваіх цыбатых нагах і здалёк раскідаў паклоны з самай галантнай пачцівасцю. Механічна кіўнуў ён галавою і Лідзе, але як бы спужаўся гэтага: зараз жа адвярнуўся.

На прыступках каля хораў стаяў і яшчэ адзін чалавек — Ведзі, адказны работнік міністэрства культуры. Кучаравы, з круглым гутаперчавым жывоцікам, ён міла гаварыў з рыжаю жанчынаю, аднак увесь час сачыў за рухам натоўпу і не пераставаў схіляць галаву то ў адзін, то ў другі бок. Некалькі разоў ён зірнуў і на Ліду, але ад прывітання ўстрымаўся.

Праходзілі і яшчэ яе даўнія сябры — Іпсілоны, Іжыцы, Фіты,— направа і налева яны ўкланялі галовы, рабілі шырокія жэсты ці выказвалі якія другія знакі пачцівасці. Тыя ж паклоны, якія выпадалі на Лідзіну долю, можна было чытаць так: «Ах, і вы тут? Гм... не чакаў».

Ліда задумалася. Яна як бы нечакана ўбачыла, што навука далёка не ўсім дала ў дарогу зерне падзвіжніцтва. Але разважанні перапыніліся нечаканаю акалічнасцю. У фае паказаліся два чалавекі. Адзін — вядомы на ўсю рэспубліку, высокі, з сівымі скронямі і пячаццю дзяржаўнай мудрасці ў твары; ён толькі што займаў пачэснае месца ў прэзідыуме. Другі — маладзейшы, але таксама адзначаны рысамі самавітасці і гэтак жа вядомы сваёй грамадскай славай — сённяшні юбіляр. Ён угледзеў Ліду і з прасветленым тварам пашыбаваў да яе, ведучы за сабою і высокага чалавека.

Парад імі пачціва расступаліся.

— Пазнаёмцеся з маім універсітэцкім сябрам,— сказаў юбіляр высокаму чалавеку.— Гэта знатны педагог рэспублікі.

— Дык я ведаю Ліду Сяргееўну: наша партызанская сувязная.— Высокі чалавек паціснуў Лідзе руку, прыпыніўся. Хвілін колькі яны пагаварылі, успомніўшы той партызанскі час.

— Дзякую, што прыехалі, Ліда Сяргееўна,— сказаў юбіляр,— што адгукнуліся на маё запрашэнне. Пасля ўрачыстасці прашу да майго дому. Абавязкова. Машына чакацьме тут жа каля пад’езда.

Не паспела Ліда апамятацца ад гэтай сустрэчы, як яе здзівіла другая нечаканасць. Забыўшыся на сваю жанчыну, Ведзі прылажыў правую руку да грудзей і пакланіўся ёй. Спяшаючыся некуды, міма прабег Аз і весела кіўнуў галавою. Ліда сумелася: ці ёй гэта? Але Аз вярнуўся, паціснуў і нават пацалаваў руку і тут жа знік, пакінуўшы ёй сваю найпякнейшую ўсмешку. У цэнтры фае на сваіх цыбатых нагах паявіўся Букі — ён таксама глядзеў на Ліду шырокімі вачыма захаплення аж да таго, пакуль яна не адвярнулася.

Выплывалі з натоўпу і стараліся паказацца на вочы і другія — Іпсілоны, Іжыцы, Фіты, ашчасліўленыя тым, што бачаць яе.

Лідзе здалося, што яна стаіць на скрыжаванні дарог, такі ажыўлены рух пачаўся каля яе. Яна аддзялілася ад калоны і, наўскасяк перасякаючы фае, пайшла ў залу.

А непадалёк стаяў і ўкланяў, і ўкланяў галаву яшчэ адзін даўні знаёмы — Глаголь, чакаючы, каб Ліда абавязкова заўважыла знакі яго сардэчнасці.

1962


1962