epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Судрабкалн

Дзе ты, мой горад?

І
II


І

Дзе ты, мой горад?

Я шукаў цябе між спляценняў з дроту,

Я спыняўся ля цёмных скляпенняў,

Адкуль патыхала цвіллю і дзе

пацукі пішчэлі.

Я чуйна ўслухоўваўся ў антэны

І радасна клікаў: «Алё, Рыга!»

Ды голас твой губляўся,

бы ў лесе рэха...

Мяне гойдала вежа, а я ўсё думаў,

Чаму нідзе цябе не чутно.

І няма ў цябе ні свайго аблічча,

ні думкі:

Няма сваёй богамаці,

Такой, як у вокнах парыжскага сабора.

Не твае яны, англійскія каралі

і вяльможы,

Італьянскі вінароб і манах,

Што ў сутарэннях вякі загарнуў

у пергамент,

Не твае яны, германскія валькірыі,—

Не адшукаеш нідзе народа,

Што Латвіі быў бы кроўны,

Яе разумеў бы душою і сэрцам...

Ідзе земляроб — госць шумлівых

бароў і палеткаў,

І, рукою кранаючы лоб, яшчэ спрабуе

Нешта прыпомніць з часоў Зэмгале,

Відзэме,

У мітусні новай Рыгі.

Усё ў галаве пераблытана.

І толькі прывіды паноў колішніх

Вылупліваюць на яго вочы з-пад вежаў

і дахаў.

Моўчкі, як цень, ступаю я за разгубленым

чалавекам

Па старой Рызе

марна пытаю:

Дзе ты, мой горад?

 

II

Я нагнуўся пад склепам і слухаю —

Як маркотна спявае там певень.

Гэта птушка галаў.

Грабянец у яе пунсовы.

Ад крыві і пажараў

Ён біцца ўмее не толькі з-за рэўнасці.

У яго вострыя шпоры і моцныя крылы —

Ад узмаху іх уздымаецца вецер

І «Марсельеза» гучыць над сценамі

Бастыліі.

Ён у рыжскага бюргера ў склепе

Чакае свайго прысуду — у гаршчок

з супам.

Вольны ж певень спіць на вежы сабора

святога Пятра...

А гэты, жывы ды паўмёртвы, галосіць.

Няўжо кроў лілася дарэмна, скажыце,—

Ты, бездапаможны крыкун у падвале,

Ты, хто знайшоў супакой у маўклівым

балоце,

Ты, каго выгнаў на бульвар голад,—

Вы даўно чужынцы ў сваім горадзе.

Заплюшчу вочы, хачу ўспомніць былое,

А яно расплываецца, нібы ў тумане:

І няма там зялёнага паплаўка,

каб прылегчы.

Калі іду ў сёння — сцінае дыханне.

Столькі людзей, ды рэдка сустрэнеш

Чалавека,

Шмат вежаў, ды не знойдзеш

прытулак нанач,

Шмат новых законаў, ды няма

новых думак.

Як чужаземец, блукае тут летуценнік,

Глядзіць на новых паноў і пытае:

Дзе ты, мой горад?


1969

Пераклад: Сымон Блатун
Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 223-225
Крыніца: скан