epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Судрабкалн

Летуценнік у бэзавым сурдуце

Калі на залатыя прыступкі выходзіць

Яе Вялікасць Ноч,

Перад ёю Вечар падае ніцма,

Чорны, як слуга-гатэнтот.

Пагойдае плаўна хвастом ён паўлінавым,

А на блакітным фаянсавым сподачку

Пераліваюцца касякі драбнюткіх

зорак,—

Якія потым сыпане ў студню

Захмялелая ад птушыных песень

Ружовашчокая Раніца.

Калі ж расплюшчвае сваё вока,

Вялізнае лімоннае вока

Свяцейшая Вялікасць Ноч,

Нібыта ў таямнічае блакітнае мроіва

Трапляеш ты...

Дык гэта ж так! Цяпер я ўжо ведаю,

Цяпер я дакладна памятаю:

Як толькі агнём загарэўся захад,

Я зноўку спаткаў яго

Пад бледна-зялёным шатром алеі —

Джэнтльмена ў бэзавым сурдуце,

Таго, што прыходзіў з казкі

Майскімі цёплымі вечарамі

У добры далёкі час...

Крый мяне божа! А я сабе думаў,

што знік ён,

Як войны грымелі і спелі разлады,

Як падалі ніцма званіцы,

Старыя законы і догмы,

Старыя казкі і вершы.

Бо гэта здорава,

Што жывы яшчэ летуценнік

І нават яшчэ не знасіўся

Ягоны бэзавы сурдут.

Ах, гэты Брэмель у бэзавым сурдуце.—

З найчысцейшага бэзу,

Такога не ўбачыш нідзе,

І нават на Калькю і Шцюню1 яго

не знайсці!

З правілаў ён — выключэнне,

Зусім як у той граматыцы

Няправільныя дзеясловы.

Вітанне табе, бэзавы дэндзі,

Герцаг майскага вечара.

Не змогуць забраць у цябе зямлі

ні з падэшву

Ніякія законы.

Падданых тваіх не палохае ссылка —

Для іх яна быццам родная маці,

А той, хто цябе сустрэне,—

Нібыта ўваскрэсне мараю.

Далі бог! Ён марыць пачне —

Ён зможа яшчэ закахацца,

Вітанне табе, о блакітны сіньёр,

Толькі ідэі з перасцярогай:

На небе цяпер шмат трансмісій,

Плывуць яны з грузам сталёвым

У розных кірунках,

А ўсімі кіруе волат адзін — чалавек.

Душу пякуць раны балючыя,

Як быццам туды насыпалі солі,

Ды не сыходзіць з губ

Салодкі марцыпан летуценняў.

І навошта магічныя лічбы тыя,

Усё новыя тэорыі,

Калі з дапамогаю іх на новых крылах

Чалавек зноў не змог бы ўзняцца

На новыя Кардыльеры спадзяванняў,

Адкуль яму дыхнула б

у разгарачаны твар

Вечна Нязведаная Даль.

Неўміручы капітан

У бэзавым сурдуце,

Перад табою схіляю калені!

Шчаслівы той, хто цябе сустрэне

Пагодлівым майскім вечарам,—

Той зможа жыць і кахаць,

Той адчуе сябе маладым.

1 Вуліцы ў Старой Рызе, дзе былі магазіны лепшых фірм.


1969

Пераклад: Сымон Блатун
Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 221-223
Крыніца: скан