epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Багдановіч

На жыццёвым шляху

З мінулых дзён
  І
  ІІ
  ІІІ
  IV
  V
  VI
Барунскі прытулак
Беларускі прытулак у Вільні і Віленская беларуская гімназія
  ПЕРШАЕ СНЕДАННЕ Ў ВІЛЬНІ
  ПЕРШАЯ МАЯ НАСТАЎНІЦА Ў ВІЛЬНІ АЛЁНА САКАЛОВА
  МАЛОДШАЯ ЗАГАДЧЫЦА ПРЫТУЛКУ МАРЫЯ ШУТОВІЧ
  СТАРШАЯ ЗАГАДЧЫЦА ПРЫТУЛКУ ЛЮБА ВАСІЛЕЎСКАЯ
  НОВАЯ ЗАГАДЧЫЦА ПРЫТУЛКУ
  ЛЮДЗІ З ДОБРАЙ ДУШОЙ І МЯККІМ СЭРЦАМ
  М. КРАСІНСКІ — ІНСПЕКТАР ВІЛЕНСКАЙ БЕЛАРУСКАЙ ГІМНАЗІІ
  НАВАГОДНЯЯ ЁЛКА Ў БЕЛАРУСКІМ КЛЮБЕ НА ВУЛІЦЫ БІСКУПЯЙ, 12
  ПІСЬМЕННІКІ, МАСТАКІ І МУЗЫКАНТЫ
  «КАШАЕДЫ»
  НАСТАЎНІК Н. СІНЯЎСКІ
  «ПАСТУХІ»
  НАСТАЎНІК А. МІХАЛЕВІЧ
  НАСТАЎНІК ЯН КАТОВІЧ
  ДРУЙСКАЯ ГІМНАЗІЯ
  НАСТАЎНІК ВІЛЕНСКАЙ БЕЛАРУСКАЙ ГІМНАЗІІ ДАНІЛЕВІЧ
  ДЫРЭКТАРЫ ВІЛЕНСКАЙ БЕЛАРУСКАЙ ГІМНАЗІІ
  КАРОТКІ ЎСПАМІН АБ НАСТАЎНІКАХ, ЯКІЯ ПРАЦАВАЛІ Ў ВІЛЕНСКАЙ БЕЛАРУСКАЙ ГІМНАЗІІ
Беларуская друкарня імя Францішка Скарыны ў Вільні
  ВЫБАРЫ Ў ПОЛЬСКІ СОЙМ
  МІТЫНГ У ЗАЛІ КРЭНГЕЛЯ ПА ВУЛІЦЫ ЛЮДВІСАРСКАЙ, ЯКІ ПРАВОДЗІЎ ДВАРЧАНІН
  ЯКАЯ ПРЭСА ДРУКАВАЛАСЯ Ў ДРУКАРНІ ІМЯ ФРАНЦІШКА СКАРЫНЫ Ў ВІЛЬНІ
  БЕЛАРУСКІ КАЛЯНДАР НАСЦЕННЫ І КНІЖКА
  ПЕРАМЯШЧЭННЕ ДРУКАРНІ З ВУЛІЦЫ ЛЮДВІСАРСКАЙ, № 1 НА ВУЛІЦУ ЗАВАЛЬНУІО, № 6—10 І № 1
  ДРУКАРНЯ«РАЙДА»
  ЗАКЛЮЧЭННЕ АБ ПРАЦЫ ДРУКАРСКАЙ
Поўнач
  ЛЕНІНГРАД
  НОЧ З 4 НА 5 КРАСАВІКА 1953 ГОДА
  ВОЛАГДА
  ВАРКУТА
  ШАХТА № 8
  СУСТРЭЧА З ЖОНКАЮ І МАЛОДШАЙ ДАЧУНЬКАЙ ЛІЛЯЙ
  У ОЛП ШКОЛА
  РАЗВІТАННЕ
  ДРУГІ ТЭЦ
  НА АБЛЕГЧАНЫМ
  СУСТРЭЧА З ТАВАРЫШАМІ
  КАМІСІЯ З МАСКВЫ
  ТУНДРА І ЯЕ ПРЫРОДА
  ПАЎНОЧНАЕ ЗЗЯННЕ
ПЕДАГАГІЧНАЯ ПРАЦА Ў ВІЛЕНСКІХ ШКОЛАХ
  ПАВІЛЬНІС, 23-я ШКОЛА
  ПАЛКОЎНІК СМАЛЯНІНАЎ — ШЭФ НАШАЙ ШКОЛЫ
  ШКОЛА № 22
  ВЫЕЗД У ПОЛЬСКУЮ НАРОДНУЮ РЭСПУБЛІКУ
  ШКОЛА № 11
КАРОТКІ БІЯГРАФІЧНЫ ПАКАЗАЛЬНІК


 

 

З мінулых дзён

 

І

У 1915 годзе, пад канец лета, з кожным днём усё часцей і часцей праязджалі праз нашу вёску рускія казакі і цэлыя роты жаўнераў, якія часта спыняліся ў нас на адпачынак і раскладалі свае лагеры па хатах, агародах, садах. Быў я тады яшчэ зусім малы, не разумеў, што такое вайна, і часта ў бацькі пытаўся, чаго гэтыя жаўнеры па нашай вёсцы лазяць. Ад бацькі можна было пачуць толькі адно слова «вайна», і на гэтым наша гутарка канчалася. Потым я ў бацькі не пытаўся, бо ён і так выглядаў перапалоханым, пабялеў, вочы яго павялічыліся, а твар асунуўся...

Дні хутка беглі адзін за адным, і ўсё страшней і страшней рабілася на свеце... З кожным днём вецер мацней дзьмуў з захаду, неба пакрывалася чорнымі хмарамі, якія паволі сунуліся на ўсход. Уся прырода пачала заміраць: перасталі птушкі пець, конікі стракатаць, камары і авадні звінець, скаціна ў полі рыкаць, і песні людскія гэтак жа заціхлі, занямелі.

Штораз часцей былі чутны гарматныя стрэлы, кулямётныя чэргі. Народ кідаўся з кута ў кут, не ведаў, ці ўцякаць куды, ці заставацца на сваёй роднай зямельцы.

Сумны час! Ад усяго адпалі рукі, ніхто не хацеў брацца за работу, бо сам не ведаў, хто будзе з яе карыстаць. У нас якраз у гэты год надта ўрадзіў лён, усе вяскоўцы зайздросцілі маёй маці, але яна казала, што першы раз у жыцці нарвала такога харошага лёну і што, здаецца, не прыйдзецца ім карыстацца.

І сапраўды, казакі здратавалі яго коньмі ў гародзе, дзе яго паставілі сохнуць.

Аднойчы казакі, якія стаялі ў лесе, схітравалі: яны ўзарвалі адзін снарад, каб трохі пастрашыць вяскоўцаў. Пасля гэтага выбуху ўся вёска як мага скарэй пазапрагала коней, палажылі на вазы самыя важныя рэчы і пачалі ўцякаць, а куды — самі не ведалі. Ад’ехаліся мо на якіх пяць-шэсць вёрст, у двор Біляны, і там чакалі вечара. Пад вечар некалькі чалавек адправілі на разведку ў вёску.

Вярнуўшыся з вёскі, мужчыны расказалі, што ўсіх курэй, качак, гусей, свіней казакі пазабіралі і цяпер пякуць іх у лесе і смяюцца з нас, што мы такія дурныя. Даведаўшыся пра гэта, сяляне скарэй узяліся запрагаць коней і ехаць дамоў.

Уехаўшы ў лес, яны пабачылі вогнішчы, каля якіх сядзелі жаўнеры і елі гарачую кураціну, а ў нашых бедных «бежанцаў» толькі слінка цякла па губе, гледзячы на іх.

Пасля вяртання ў вёску, на другі дзень вечарам, у нашу хату ўвайшло поўна жаўнераў. Маці зараз жа запаліла ў печы, каб згатаваць бульбы на вячэру. Жаўнеры прынеслі поўнае рэшата круп і папрасілі маці згатаваць для іх добрую кашу, маці выканала іх просьбу.

Ціхая ночка... Панурая ночка, неба асветлена такім страшным чырвоным полымем, быццам і яно само занялося агнём. Навокал вёскі было ціха, спыніліся стрэлы, крыкі жаўнераў і людзей — пасля вандровак і перапалоху ўсе спалі як забітыя. Паглядзеўшы далей у бок лесу, можна было пабачыць агонь і дым, што вялікімі клубамі ішоў уверх: гарэлі розныя пабудовы, масты на чыгунцы, станцыі, вёскі. Гэта ўсё было падпалена рускімі войскамі, якія нічога не хацелі пакідаць сваім ворагам.

У гэту ноч бацьку не прыйшлося ні на хвіліну задрамаць: мусіў увесь час пільнаваць скаціну і збожжа ад жаўнераў; маці, лёгшы на пяколак, можа, якую гадзінку і паспала, але дзе ж там заснеш, калі думкі страшныя ў галаве рояцца, думаецца аб страшэнных разрухах, пра тое, што ўвесь свет займаецца агнём і з кожным днём з’яўляюцца новыя магілкі са свежанькімі насыпамі жоўценькага пясочку і крыжамі з просценькіх круглячкоў бярозы ці якога іншага дрэва.

Ночка хутка прайшла. Прачнуўшыся раніцай, я ўбачыў, што ў хаце нікога не было, ні жаўнераў, ні бацькі з маткай. Злезшы з печы, я пайшоў шукаць бацькоў сваіх; доўга лазіў усюды, але нідзе не мог знайсці іх. Сеў я на прызбе перад хатаю і з жалю пачаў горка плакаць, ажно раптам чую голас маці:

— Ты ўжо ўстаў?

Я з радасці аж падскочыў, лягчэй мне стала на душы, і ў вачах пасвятлела, як пабачыў сваю дарагую матульку.

Маці ўзяла мяне за руку, павяла ў хату, дала есці, а сама ізноў пайшла да працы. Пасля снядання памагаў я бацькам насіць рознае рыззё на будову акопа для «схову ад смерці».

Каля паўдня сонейка выглянула на зямельку і пачало сваімі касулькамі саграваць людзей, весялей і лягчэй зрабілася на сэрцы. Хмарка за хмаркай плылі чарадою, мо і яны шукалі старонкі супакою і справядлівасці? Пакуль мы знасілі рэчы ў акоп, сонейка зусім нізка спусцілася і пачало хавацца за хмаркі.

Настаў вечар.

Гэты астатні вечар перад прыходам немцаў быў найстрашнейшы з усіх: усё навокал было ахоплена агнём.

Тых, хто сабраўся ў акоп, было ўсіх чалавек дваццаць — і старых, і малых. Кожны сядзеў у страху, як мыш пад мятлою, і не мог высунуць галавы, каб паглядзець на свет божы. Жанчыны, павыцягваўшы з-за пазухі ружанцы, пачалі ціха маліцца, а мужчыны таксама сабе пад нос нешта шапталі. Раптам па версе акопа забрахаў наш чорненькі сабачка, які асцерагаў людзей ад ворагаў. Усе заціхлі і пачалі слухаць, што будзе далей. Сабачка не пераставаў брахаць. Было ясна, што нехта прыйшоў — ці рускі, ці немец. Аж раптам у акоп усунулася галава немца і пачуўся крык:

— Матка, хлэба, масла! Хлэба, масла, матка! Хлэба! Масла!

Усе пачалі дарыць новапрыйшоўшым гасцям хлеб і сала, бо не было масла ў тую цяжкую часіну. І так бадай цэлы дзень прыходзілі да нашага акопа немцы, просячы хлеба і масла.

 

ІІ

Немцы, прыйшоўшы да нас, пачалі заводзіць свае парадкі, як прыказка кажа, кожны па-свойму ад розуму адыходзіць, дык і тут было тое самае. Жывёлы, якая засталася пасля рускіх, за адну ноч не стала — усю немец перадушыў.

Раніцай, вылазячы з акопа, усе, як старыя, так і маладыя, пайшлі ў вёску глядзець на гэтыя нямецкія «парадкі». Помню як сягоння, калі прыйшоў да суседа, убачыў я, як пасярод хаты стаяў вялікі цэбар, напоўнены курынай і гусінай крывёю, вуліца ўся была засыпана пер’ямі, а выган і гароды — саломай, сенам і збожжам, якое жаўнеры павыцягвалі з гумнаў. Паглядзеўшы на ўсё гэта, як нішчылася праца людская, над каторай многа пралівалася поту, так што маглі паўстаць новыя рэкі і акіяны, сумна стала. Немцы ў нас усё пазабіралі: вазы, санкі, бароны, сохі, нават якія былі вяроўкі і наогул самую драбязу. Вось жа ў маёй памяці і засталіся «забраныя вяроўкі», праз каторыя мне прыйшлося цэлую зіму хварэць. Гэта было так.

Немец, забраўшы нашы вяроўкі, прычапіў іх да студні, каб даставаць ваду. Я быў тады яшчэ зусім малы, пайшоў да студні, адчапіў я гэныя вяроўкі, скруціў іх і як мага бягом да акопа. Наліха дало гэта заўважыць немцу. Ён калі скочыць за мной, ды так моцна крыкнуў па-нямецку, што мне аж цёмна ў вачах зрабілася, і я сам не ведаў, куды і дзе ўцякаць. Праз некалькі мінут, калі дайшоў троху да памяці, бачу, што ляжу ў акопе, а нада мною стаіць многа кабет, што паміж сабою радзяцца, і адна са старэйшых кабет кажа, што трэба зёлкамі пакурыць... Праўда, праз некалькі дзён пасля таго перапалоху я стаў хадзіць па хатах, дзе жылі немцы, і пачаў з імі трохі ладзіць. Прынясу катораму вады ці так чым услужуся, а за гэта атрымліваў ад іх невялічкі мяшочак салодкіх сухароў, да якіх вялікі меў смак.

Стрэлы чуліся хвілёва, бывала, у дзень якія дзве-тры гадзіны не чуваць стрэлаў, тады так зробіцца на дварэ ціха і спакойна, што, здаецца, усё замёрла навекі, як зямля, так сонца і зоры... Салдаты і тыя, прылёгшы дзесьці пад кустком, спакойна адпачывалі на вольным і лёгкім свежым паветры. Часам катораму, відаць, штосьці забаліць, бо так цяжка застогне, што, здаецца, зараз памрэ. У гэту спакойную часіну прывозілі раненых у адну хату — шпіталь. О Божа! Які ж страх агартаў мяне, калі я глядзеў на гэтых бедных людзей, што енчылі ад вялікага болю і смагі і толькі рукі выцягвалі, просячы «васар, мутар! васар, мутар!» (вады, матка! вады, матка!). Кабеты спрабавалі падаць, але немец не дазваляў і адганяў усіх ад гэтых няшчасных людзей. Шмат бедакоў адыходзіла на той свет, не было таго дня, каб не прыходзілася хаваць двух, трох, чатырох і болей чалавек.

Могільнік немцы дужа прыгожы зрабілі, абнеслі навокал плотам, з камення вымуравалі невялікі помнічак з надпісам нейкім — ніхто не мог прачытаць, бо напісана было па-нямецку. І на гэтым жа могільніку капалі магілы, дзе клалі па некалькі чалавек у адну, магілкі абкладалі дзярном, а зверху ставілі крыж з надпісам.

Аднойчы вечарам многа немцаў паселі на веласіпеды і паехалі ў бок лесу, аж раптам іх сустрэў снарад, які шмат пазабіваў і параніў. Сярод іх быў забіты і нямецкі ксёндз. Назаўтра раніцаю хавалі аднаго толькі ксяндза, і мы прымалі ўдзел у гэтым пахаванні. Калі апусцілі яго ў магілу, старшы падаў каманду, і салдаты некалькі разоў выстралілі і штосьці па-нямецку заспявалі. Гэта песня кожнага, хто быў там, так сціскала за сэрца, што аж слёзы пачалі капаць з вачэй. Магілку прыгожую зрабілі. Наверх яе палажылі некалькі вянкоў і абразкоў з надпісамі, хто іх клаў. Яшчэ і да сягонняшніх дзён ляжаць тыя вянкі, толькі паіржавелі.

Гэтак увесь час ходзячы і гледзячы на такія страшныя падзеі, стаў я неспакойны. Бывала, як прыйду да акопа і сяду на якім-небудзь каменьчыку або бервянцу, пачыналі ў маёй галаве раіцца розныя дзіўныя думкі, што аж часам есці не хацелася. Няраз маці кліча на гарачую бульбу:

— Ідзі скарэй есці, бо бульба астыне!

Бывала тады, што і слоўца няветлівае выскачыць:

— Не хачу!

Але калі супакойваўся, то памаленьку ўлазіў у акно і прасіў прабачэння ў маці, а яна давала есці. Пад’еўшы, калі было спакойна, вылазіў наверх, а калі не — дык прыходзілася мне сядзець як птушцы ў клетцы. Але ж што можна зрабіць у такі жыццёвы час? Няраз думалася: Божа мой, Божа, ці калі гэта ўсё знішчанае паўстане, пабудуецца нанава, ці не?! Гэта ж цяпер прыйдзецца не аднаму чалавеку жыць пад голым небам, дзе могуць яго напаткаць голад і холад, нуда і бяда! З другога боку нешта шаптала: не бядуй — пакуль вырасцеш, то ўсё можа быць: там, дзе цяпер стаялі старэнькія хаткі, будуць стаяць новыя, дзе лясы былі, будуць засеяныя збожжам нівы, а дзе былі зялёныя загоны, там лясы могуць вырасці.

Дзень за днём праходзяць, а мы як сядзелі ў акопе, так і сядзім, у хату не дазваляюць перабірацца, бо там жывуць афіцэры. А ў гэтым акопе такая сырасць, што пачынаюць хварэць маленькія дзеткі і нават некаторыя з старэйшых. Я доўга не паддаваўся хваробе, але нарэшце-такі аблажыла яна мяне, і мусіў я легчы ў ложак. У гэтым душным акопе малая надзея была на папраўку. Днём, калі было спакойна і цёпла, выносілі мяне на двор, клалі на саломе, тады рабілася трохі лягчэй.

Вось аднойчы, як ляжаў на дварэ, прыйшлося заўважыць нейкую «птушачку», якая круцілася непадалёку ад нашага акопа,— гэта быў рускі аэраплан, які кінуў пару бомбаў у нямецкіх салдат, а сам як мага ўцякаў за лес. Спалоханыя немцы паднялі крык, пабеглі да сваіх гармат і сталі страляць у яго, але дарэмна. Мяне, хворага, у той час скарэй схапілі і панеслі ў акоп.

Сонейка пад поўдзень пачало мацней прыграваць, хоць і было ўжо зусім слабое, бо восень веяла халоднымі вятрамі. Лісты з дрэў з кожным днём ападалі ўсё шпарчэй і шпарчэй і пакрывалі зямельку, як узімку снегам. На палях яшчэ віднеліся пасохшыя бульбоўнікі і несабраныя льны або аўсы. У агародах стаяла счарнеўшая ад дажджоў капуста і віднеліся цыбукі цыбулі, памідораў, бобу і фасолі. Сады былі акалочаны немцамі так, што нідзе не было відаць аніводнага — хоць бы на лякарства! — яблычка або грушкі. Усё для «добрага госця» згадзілася падчас гашчэння на нашай зямельцы!

У адну нядзелю немцы папрасілі нашых жанчын, каб яны напяклі для іх бліноў. Просьба была выканана. Наеўшыся нашых смачных беларускіх бліноў, немцы (толькі цяпер!) дазволілі нам увайсці ў сваю родную хату і спячы для сябе хлеба ці які праснак. Кабеты ў гэту хвіліну мелі многа работы, мусілі расчыніць вялікую дзяжу цеста, каб хапіла на доўгі час, бо, можа, не скора такое шчасце ізноў пакажацца... Пасадзіўшы хлеб у печ, пайшлі да акопа на сняданне, а праз пару гадзін пайшлі даставаць з печы хлеб. Ажно там ужо раней за іх пастараліся немцы і раздзялілі хлеб паміж сабой, а нашы кабеткі маглі толькі слёзамі паміж сабой падзяліцца!.. Вось такая была «заплата» за бліны, якія пяклі для «добрых ягамосцяў», пануючых па нашых хатах і не спагадаючых, што кабеты з малымі дзецьмі душацца ў зямлі — у акопе!..

Вось якія «парадкі» заводзілі немцы над нашым беларускім народам падчас сусветнай вайны!

Нядоўга нам прыйшлося яшчэ сядзець у гэтым акопчыку, можа, якія тры тыдні. Аднаго дня прынёс старшы немец паперку ад каменданта, дзе пісалася, каб мы да заўтрашняе раніцы спакавалі ўсе свае рэчы і прыгатавалі вазы. Калі гэта ўсё было зроблена, раніцай прыехала нейкіх пяць немцаў конна, якія прыгналі з сабой яшчэ адну фурманку, дзе сядзеў нейкі старычок, якога немец увесь час сцёбаў па плячах нагайкай, а за што — ніхто не ведаў. Мо ён ехаць не хацеў, а можа, так з якой прычыны, адзін Бог толькі ведаў! На гэту новую фурманку таксама палажылі некалькі пакункаў маёй цёткі — удавы, якая не мела каня.

У майго бацькі быў якраз тады зусім маладзенькі канёк, каторага перад прыходам вайны купіў у Крэве за 40 рублёў. Не мог ён яшчэ шмат чаго на воз палажыць, бо баяўся, што конік не пацягне. Але неяк было ўладжана. Што пакінулі, а што з сабою забралі — і рушылі ў дарогу. Яшчэ мелі адну-адзіную пацеху — гэта кароўку, але не доўга, бо кожны дзень немцы прыходзілі па яе, прасілі бацькоў, каб «прадаў» ім, а цяпер — перад выездам — прыйшлі, далі бацьку нейкую картачку ў рукі, а самі адвязалі ад плота кароўку і павялі да свайго лагера. Праўда, што за два гады атрымалі грошы за гэтую кароўку, але колькі!.. Смех і казаць! Калі сабраліся ў дарогу з гэтым маладзенькім каньком, катораму прыйдзецца мо гэтулькі дарогі прагайсаць, і калі ўсе суседзі з вёскі з’ехаліся ў наш канец, двух немцаў заехала наперад, адзін ззаду і двух па баках гэтага абозу, і чакаюць, пакуль старшы падасць каманду. Старшы сядзеў на добрым белым кані з паперамі ў руках, усё нешта ў іх прыглядаўся і з другім радзіўся.

Праз некалькі мінут даў знак рукой, каб памаленьку ўжо рушылі. І вазы пачалі пасоўвацца ўперад...

Раптам пачуўся плач, енк кабет і дзяцей, каторыя развітваліся са сваім мілым кутком, не ведаючы, надоўга ці накоратка, а мо і назаўсёды!..

 

ІІІ

Мінаючы свае палі, кожны, як стары, так і малады, кінуў яшчэ вокам на загончыкі і хаткі, якія адлучаліся ад сваіх людцоў і сумна паглядалі ў сінюю даль... Дарогі цягнуліся то ўправа, то ўлева, то звужаліся, то пашыраліся, і на кожнай можна было заўважыць некалькі фурманак, што памаленьку цягнуліся ўперад, а за возам — ідучых мужчын, жанчын і нават большых дзетак. Пасярэдзіне палёў уздоўж цягнуўся вялікі гасцінец, на які ўсе фурманкі з’язджаліся і ўтваралі сабою велізарны ланцуг, што памаленьку пасоўваўся на захад.

Па абодва бакі гасцінца разлягаліся сялянскія палеткі, прыбраныя ў рознага роду збожжа. Бедныя людцы, не паспеўшы прыняць сваёй працы з поля, пакінулі ўсё гэта і ўцяклі, куды доля гнала, недзе ў няведамую старонку... Развітваліся з уцекачамі рэчкі, узгоркі, лясы, бары, гаі і ўсё, што сустракалася ў дарозе. Уся прырода была як нежывая: тут калісьці шумелі лес, бор і гай, а цяпер яны толькі пазіраюць панура і сумна на сваіх суседзяў, якія едуць у чужую далёкую старонку.

Ох, дарога, дарога... І куды ж яна, сапраўды, вядзе гэты няшчасны, пакутны народ? І дзе ж канец яе будзе?.. Скарэй можа завесці туды, адкуль людзі адыходзяць назаўсёды ў нябеснае гаспадарства, дзе можна вольна і свабодна адпачыць!

Праехаўшы некалькі вёрст, мы пабачылі вялікі панскі двор — Гарэцкаўшчыну. Пана ў ім не было: выехаў перад прыходам немцаў у Маскву: засталося толькі некалькі парабкаў, якія даглядалі за ўсім. Даехаўшы да гэтага двара, людзі зрабілі невялікую папаску. Нашы суседзі мелі там знаёмых, дык і схітравалі: як толькі немцы пайшлі есці, тады яны скарэй за свае вазы і ў пуню ўехалі, такім спосабам асталіся там на ўвесь час. Іншыя ж, адпачыўшы, рушылі наперад...

Сонейка зусім было нізенька. Надыходзіў вечар. На дварэ зрабілася холадна, бо вільготную зямельку пачаў пакрываць туман. Глянуўшы наперад, не можна было ўбачыць ні пачатку, ні канца гэтага абозу. Праз нядоўгі час мы ўехалі ў лес, дзе было так цёмна, што некаторыя мужчыны і жанкі рабілі з саломы вехці і палілі іх; з гэтай лясной гушчы былі чутны толькі енк дзетак і трэск галля з-пад калёс і конскіх капытоў.

Запанавала ночка, а яшчэ ўсе памаленьку карэпскаліся ў гэтым цёмным, панурым і глухім, як пустыня, лесе. Каля поўначы ўсе змагліся — прымлелі. Як людзі, так і жывёла шукалі ратунку, каб дзе як пераначаваць гэту няшчасную і пакутную ночку. Затрымаўшы вазы, немцы паехалі шукаць начлегу. Праз некаторы час яны вярнуліся і скіравалі фурманкі ў іншы бок, праз нейкія рвы, межы і драты.

О Божа, чаго тады толькі людцы не дазналіся! Пакалечылі ногі, рукі і твары, пакуль выехалі на нейкую досыць вялікую прагаліну, дзе і зрабілі начлег.

Мужчыны скора павыпрагалі коней і пусцілі іх на пашу, а жанчыны, падаставаўшы з мяшкоў гаршкі і прадукты, пачалі варыць сумную вячэру. У адзін міг заззяла ад вогнішчаў уся прагаліна. Было добра відаць, як каля кожнага агеньчыка сядзела кучка маленькіх дзетак і паглядала на гэтыя гаршчочкі, у каторых варылася вячэра, а некаторыя нават яшчэ нязвараную бульбачку хапалі з гаршкоў, відаць, згаладаліся за цэлы дзень, як ваўчаняты. Павячэраўшы, некаторыя спраўлялі сабе будкі, у якіх лажыліся спаць, а іншыя і так, пад сінім небам адпачывалі.

Пераначаваўшы, самай ранічкай, яшчэ да ўсходу сонца, усе як адзін рыхтаваліся ў далейшую, сумную, нямілую дарогу. Некаторыя пачалі былі снеданне варыць, але дарэмна. Немцы, прыехаўшы конна, пачалі паганяць мужчын, каб скарэй запрагалі коней і ехалі. Ізноў дарога, дарога...

Праязджаючы праз вёскі, мы бачылі, як сяляне выходзілі з хат, глядзелі на нас, няшчасных бежанцаў, і плакалі, бо і іх можа такая ж доля спаткаць, як і нас. Некаторыя выносілі хлеб і раздавалі падарожнікам, распытваючыся, «куды вас, людцы, гэтыя «недаверкі» вязуць?». Адказвалі ім, што і самі не ведаем, дзе гэтай дарозе будзе канец...

Праходзілі дні і ночкі, а за імі і тыдні, а канца ўсё не было.

І вось пасля доўгіх цярпенняў наш няшчасны караван апынуўся ў адной такой вёсачцы, што хіба ўвесь свет перабраўшы падобнай не знайшоў бы: хаты паабдзіраныя, вокны павыбіваныя, дзверы пазніманыя, печы таксама знішчаныя. І вось у гэтыя хаты нас рассялілі, у кожную па якіх пяць-шэсць сем’яў. Нягледзячы, аднак, на паганыя абставіны, усе ўзяліся за працу: хто якую меў посцілку, пачалі забіваць вокны, дзверы, каб усцерагчыся ад зімовага і вясенняга холаду самім і дзеткам.

Памаленьку пачалі зжывацца з бядой і горам і адначасова думаць аб жыцці далейшым. Праз некалькі дзён жыцця ў гэтай гаратлівай вёсцы немцы ўсіх мужчын і жанчын пагналі на поле капаць бульбу; прыходзілася палову дня на немцаў працаваць, а палову для сябе. Кожны з бежанцаў стараўся, каб найболей для сябе накапаць — нарыхтаваць спажыву на цэлую зіму. Гэта капанне цягнулася нейкіх паўтара тыдні, за гэты час мы сабе назапасілі на цэлую зіму, але не прыйшлося з гэтай працы карыстаць: прыйшоў наказ ад каменданта збірацца ў дарогу.

Дарога, ізноў дарога... Сяляне-бежанцы плакалі, бо ўсё трэба было пакідаць і збірацца ізноў няведама куды. Шкода было пакідаць гэту вёсачку, бо прывыклі ўжо да яе. Жаль было тае працы, якую пакідалі няведама каму.

Калі спатыкалі дзе якія стагі сена ці збожжа, падбягалі да гэтых стагоў і скублі з іх пошар для скаціны, якая не менш людзей адчувала «бежанскую нядолю». Ой, цяжкая была падарож, бо маразы з кожным днём павялічваліся. Восеньскае балота пачало змярзацца ў цвёрдыя груды, якія ўскладнялі падарож бежанцам. Пры такіх цяжкіх абставінах прыходзілася ехаць некалькі дзён гэтай простай і няведамай дарогай, якая цягнулася недзе далёка-далёка на захад...

Дні рабіліся штораз карацейшымі, а ночы даўжэйшымі і халаднейшымі. Пасля непрытульнага начлегу зноў прыходзілася ехаць і ехаць у невядомасць. Памлеўшыя людзі і жывёла не маглі ўжо далей цягнуцца; няраз, калі дарога ішла ў гару, немцам прыходзілася злазіць са сваіх коней і памагаць папіхаць вазы. Многа было такіх выпадкаў, што бедная жывёліна цягне, цягне воз, а потым упадзе і ўжо больш не ўстае. Бачачы гэта, немцы пачалі шукаць якога-небудзь ратунку; вось двух немцаў паехалі шукаць якой пустой вёскі або двара, каб гэтыя няшчасныя людцы маглі трохі адпачыць. Неўзабаве прыйшлося пабачыць разведку, якую ўсе чакалі як збаўлення. Зараз жа гэтых немцаў, што вярнуліся, усе абступілі і сталі прыслухоўвацца, якія навіны. Але нічога не змаглі даведацца, бо немцы гаварылі між сабою па-нямецку. Нарэшце яны пачалі рукамі паказваць у бок дарогі. Тады здагадаліся бежанцы, што недзе недалёка ад гэтага месца ёсць пустая вёска ці двор, а можа, нават і мястэчка. Звярнуўшы абоз з доўгай і шырокай дарогі на нейкую вузенькую, травой паросшую прагонку, пакіравалі ў бок апусцелага двара.

Праехаўшы добрых пару вёрстаў, з-за горкі мы пабачылі вялізарныя каміны — гэта быў бровар у двары Канвэлішках, які здалёк выглядаў як палац. А далей за броварам то там, то сям цягнуліся невялікія чварачкі з разваленымі камінамі і павыбіванымі вокнамі. На самай сярэдзіне двара, каля саду, стаяў доўгі мураваны дом — відаць, некалі быў панскі палац, а цяпер немцы з яго зрабілі стайню. Уехаўшы ў двор, немцы пачалі рассяляць па бараках бежанцаў. Некаторым выпала аж на самым версе бровара. Мой бацька з дзядзькам пайшоў да старшага немца прасіць, каб нас пасялілі дзе-небудзь у цяплейшай кватэры дзеля таго, што былі дзеці хворыя. Праўда, немец іх просьбу выканаў і даў нам вельмі добры і цёплы барак.

 

IV

Нядоўга прыйшлося і ў гэтым двары пажыць, толькі, здаецца, нейкія тры-чатыры месяцы. Вось тут, калі ўсё было ўпарадкавана і трохі прыгледжана з кватэрай, бацькі і дзядзькі мусілі ісці да працы. Была тады зусім глухая восень, але, нягледзячы на гэта, у тым двары яшчэ амаль зусім не пачыналі капаць бульбу, буракі, капусту і іншую гароднінку.

Неяк на трэці дзень пасля прыезду прыйшлі немцы да чваракоў і загадалі, каб усе мужчыны бралі коней і вялі да вялікіх гумнаў малаціць збожжа, а ўсе кабеты — капаць бульбу, нягледзячы на тое, што ўжо была замерзлая зямля. Усе пайшлі, дома засталіся толькі малыя дзеці ды зусім старыя кабеткі. За працу немцы нічога не плацілі, давалі толькі ў месяц на душу шуфаль жыта і некалькі пудоў бульбы, а для коней — вязку саломы, змешанай разам з сенам; загад жа мусілі выконваць як след. Ну і што ж зробіш, чалавеча,— вайна, мусіш кожнага салдата слухаць, бо не паслухаеш — нагайка засвішча па тваёй спіне!..

Вось так з дня на дзень кідаліся і чакалі чагосьці лепшага, а мо і горшага...

Быў вельмі цікавы і сумны ў гэтым двары адзін выпадак: малыя дзеці гулялі на двары і знайшлі нейкую «люлячку». Прынёсшы дамоў у бровар, дзе жыло каля сарака чалавек, яны пачалі яе ножыкам калупаць і пароць, аж раптам гэта люлячка разарвалася і некалькі чалавек пакалечыла. Пасля гэтага бацькі не выпускалі малых дзяцей на двор. Гэта была перасцярога для дзяцей, а таксама і для дарослых, бо шмат аказалася выпадкаў і са старэйшымі людзьмі, што праз такую «люлячку» трацілі здароўе, а часам нават і жыццё.

Двор гэты знаходзіўся ў даволі прыгожым месцы. За дваром цякла невялічкая рэчка, убраная па абодва бакі ў прыгожыя зялёныя дрэўцы. Вадзічка, вельмі чыстая і хуткая, бегла ў вялікі стаў, а з ставу ізноў у няведамую даль... Каля ставу стаяў вялікі млын, каторы і дзень і ноч усё лапатаў і лапатаў: ён малоў для людзей збожжа на хлеб. Часта наязджала вельмі многа фурманак, так што ставілі вазы ў каляю, ці, інакш кажучы, у доўгі шнур. У млыне мужчыны, пасеўшы, гутарылі між сабою пра сваё жыццё, пра няшчасную і дакучлівую вайну, каторая так доўга цягнецца, а таксама бедавалі па сваіх сынах, якіх забралі на вайну, а найгорш пра тое, ці прыйдзецца ім вярнуцца да свайго родненькага кутка. Часам і крык раздаваўся: гэта заходзілі сваркі паміж мужчынамі. І за што, каб хто спытаў,— за няшчасную калейку, хто мае першы засыпаць. А тут немец прывозіў і без калейкі засыпаў сваё збожжа ў кашы...

Далей за гэтым млыном цягнулася вялікая і даволі шырокая дарога да мястэчка, а па баках раскінуліся вялікія абшары дворных палёў і лугоў. Па палях то там, то сям віднеліся невялічкія бярэзнічкі або хваёвыя ляскі.

Усярэдзіне двара рос вялікі малады сад, каля якога знаходзілася многа капцоў, напоўненых бульбай. Немцы часта адкопвалі гэтыя капцы і напаўнялі іх або выбіралі бульбу. Для нас, малых, гэта была найбольшая ўцеха: як толькі немец адкапае, дык тады набярэцца малых дзяцей, і ідуць да капцоў. Тады давай у кішэні або фартушкі браць, што там было, а немец ганяецца за намі ды крычыць рознымі словамі. Вось так і праходзіла жыццё беднага выгнанага народу, каторы мусіў працаваць толькі за няшчасны кавалак хлеба і за бульбу.

Настала зіма. Снег пакрыў зямельку. На полі перарвалася праца. Цяпер кабеты маглі дома адпачыць і дагледзець за дзецьмі, каторыя ўсе паабдзіраліся, лазячы па балоце. Толькі для мужчын не было адпачынку, яны мусілі заўсёды працаваць, як увосень, так і зімою.

Надыходзіла свята — Каляды. Трэба было штосьці падрыхтаваць сабе на свята, хоць якую скварку, а ў той час і гэта было цяжка дастаць. Вось мой бацька з дзядзькам паехалі ў адну вёску, якая знаходзілася недалёка ад двара, каб купіць украдкам якога кабанчыка на свята.

Вярнуўшыся дамоў апоўначы, яны прывезлі з сабою даволі вялікага кабана. Закалолі і абсмалілі яго ў гэтую самую ноч, каб не бачылі немцы. Раніцай ужо маглі есці свежанінку, якой даўно не бачылі. Дзень гэты выдаваўся нам, малым, вялікім святам і застаўся радасным успамінам аж да сягонняшняга дня.

Не магу ўспомніць, ці прыйшлося дачакацца Каляд у гэтых чвараках, ці не, бо пасля таго вясёлага дня скора ізноў трэба будзе збірацца ў дарогу. Наколькі памятаю, здаецца, свята Каляд спаткала ўсіх бежанцаў у вялікай дарозе.

Як толькі пачаў разлягацца голас немца «Сабірайся! Сабірайся!», раздаўся крык, шум, плач усіх людцоў. Вось ізноў выязджай у дарогу, якая так абрыдла, нібы горкі перац. Трэба слухаць «пана», такі лёс выпаў табе, народзе! Давай ізноў пакавацца. Пазбіраўшы свае лахманкі і спакаваўшыся на вазы, зварухнуўся ізноў вялікі абоз у няведамую даль...

Цяпер жа ехаць было зусім немагчыма, таму што шмат было навеяна снегу. Саней не было, а ў калёсах дык зусім было цяжка. Мучыўся чалавек, а яшчэ больш — жывёліна, што цягнула вазы.

Але найгоршая бяда напаткала кабет, каторыя мелі малых дзетак, якіх трэба было на такім марозе напаіць і накарміць, падчас калі старому чалавеку носа не можна было выткнуць з кажуха ці з якога бурноса. Але што ж зробіш, такая, відаць, божая воля.

Цяпер ужо малая была надзея на жыццё: дарога няведамая, прадуктаў у запасе няма, а есці трэба. А скуль іх возьмеш, з-пад снегу не дастанеш?..

Адна пацеха была — абяцанка правадыроў абозу, яны казалі, што будзе чаго есці і піць. Толькі на гэта і спадзяваліся.

Калі мінулі знаёмыя месцы, разлягліся перад намі вялікія, бясконцыя белыя палі, толькі дзе-нідзе стаяў шэра-белы сасоннік і скрыгатаў ад цяжару снегу, які наваліўся на яго так, нібы хацеў адабраць жыццё... Неба было пакрыта хмарамі, відаць, яно хацела падсыпаць свежага сняжку, каб было мякчэй ісці беднаму народу. Вецер быў заходні і дзьмуў якраз у твар падарожнікам...

 

V

Дарога цягнулася даволі доўгі час. Прыходзілася цэлы дзень ехаць, толькі нанач заязджалі ў якое-небудзь мястэчка, дзе маглі трохі адпачыць і павячэраць. Праўда, яды трохі давалі немцы, так, напрыклад, у адным мястэчку падчас заезду бежанцаў прынеслі вялікі кацёл кавы і хлеба белага, якога доўгі час мы ўжо не бачылі ў вочы, і кожнаму дасталося па кубку кавы і па кавалку белага хлеба. Бывалі такія выпадкі, што і страву давалі, але надта рэдка трапляліся гэткія аказіі.

Цяперашняя дарога была найбольшая з усіх. Але, нарэшце, даехалі да таго месца, куды гналі нас «паны нашы». Былі гэта дзве вялікія і пустыя вёскі, адна называлася Заполле, а другая — Шляхты. У гэтай вёсцы, Шляхтах, да нашага прыезду амаль нікога не было, толькі дзве хаты былі занятыя: у адной жыў нейкі шляхтун, а ў другой — двое старых братоў-кавалераў, адзін з іх быў дурны. Усе астатнія хаты былі пустыя. Тут нам давялося жыць каля трох гадоў.

Прыехаўшы ў гэту вёску якраз вечарком — заходам сонца — і з вазоў паздымаўшы свае рэчы, пайшлі мы ў хату, а хата — Божа мой мілы! Не было там ні вокнаў, ні дзвярэй, страха аблупленая, адным словам, адна пустая рагаўня стаяла. Холадна было. Пайшлі грэцца ў хату да гэтых двух старых кавалераў. Прыйшоўшы, паселі на лавах і сядзім, узіраемся на ўсё, што было ў хаце. Аж чуем, нехта злазіць з печы — гэта быў той дурны — і давай нас з хаты выганяць. Мы, малыя, дык моцна перапалохаліся, але скора брат яго супакоіў, і зноў пачалася гутарка мужчын і жанчын з гаспадаром.

Вечарам усе мужчыны пайшлі да старасты ў хату, дзе немцы раздавалі для бежанцаў прадукты. А тым часам жанчыны пазабівалі посцілкамі вокны і дзверы і пачалі паліць у печы. Прыйшоўшы ў хату, мужчыны прынеслі з сабой хлеба, рыбы, круп нейкіх, мяса конскага, цукру, чаю і чагось яшчэ, нейкай сушанай бручкі. Скора была зварана вячэра. Павячэраўшы, ляглі ўсе на зямлі спаць. А як жа добра спалася пасля такога цяжкага і доўгага падарожжа!

Мелі мы коней, а карміць іх не было чым. Трэба было нейкую раду даваць. Вось назаўтра пайшлі да гумнаў і давай дзерці страху ды карміць змучаную жывёлу. Але гэтага надоўга не хапіла, калі яшчэ ўся зіма была наперадзе. Паспрабавалі мы жабраваць — ездзіць па людзях, але людзі ў той час былі бедныя, і ніхто нічога не даваў. Ну і што ж, мусілі мы прадаваць сваіх коней за бясцэн, а самі заставацца з голымі рукамі.

Вялікага голаду ўсё ж бежанцы не ведалі, усё-такі немцы дбалі трохі пра гэтых людзей: кожны тыдзень прывозілі прадукты і раздавалі. Прывёзшы ў вёску, збіраліся мужчыны ў хату якую-небудзь і там гэта ўсё дзялілі так, каб нікому крыўдна не было. Вось так і жылося памаленьку, чакалася, каб ужо скарэй гэта ўсё скончылася і можна было вярнуцца ў свой родны кут.

Скора немцы перасталі выдаваць прадукты для бежанцаў, затое ўсіх мужчын пагналі працаваць на станцыю. Плацілі па тры маркі ў дзень і кожную сераду давалі па некалькі фунтаў пшанічнай мукі на бліны. Вось неяк памаленьку кідаліся з боку на бок. Чакалі, каб скарэй вясна прыйшла, можа, трохі было б лягчэй. Жанчыны пайшлі б да людзей працаваць — быў бы кавалак хлеба.

Прыйшла вясна, сонейка прыгрэла, пачало са стрэх капаць, пацяклі ручаёчкі па вуліцах, палі зазелянелі. Людцы тамтэйшыя выйшлі на поле са сваімі конікамі, пачалі зямельку збожжам засяваць, а нашым людцам, гледзячы на гэта ўсё, пачало за сэрца браць!.. О Божа наш добры, хто ж нашу зямельку ўзарэ, хто ж яе засее, хто ж ёй паможа, хто ж ёй палечыць тыя раны, што вайна нарабіла? Прыляцелі птушачкі, пачалі песенькі спяваць, але людзям было няміла іх слухаць, калі сэрца рвалася туды, да свайго загончыку, да сваіх палеткаў, да сваіх імшараў, палёў і лугоў!

І так памалу праходзілі дзень за днём, месяц за месяцам, год за годам, а ўсё думалася і думалася аб вяртанні. Перажываць даводзілася ўсяго, і добрага, і благога, але больш благога, чым добрага.

Прайшло лета, настала ізноў зіма, прыйшлі грамніцы — ужо людзі пачалі гаварыць, што зімы палавіна. Якраз у гэты момант прыйшлося нам развітацца назаўсёды з малой Ганначкай — сястрычкай, каторая мела ўжо чатыры гадкі. Пахаваўшы яе, маці наплакалася на могільніку, а прыйшоўшы дамоў, як лягла ў ложка, так і праляжала два гады, а пасля і пайшла следам за ёю. Смутныя насталі хвіліны жыцця. Маці хворая ляжыць у ложку, не можа есці зварыць, бацька ад цямна да цямна мусіў працаваць на кавалак хлеба, а мы з меншым братам былі малыя і не маглі нічога зрабіць, хіба толькі часам схадзіць да мястэчка купіць малака ў немцаў. Але калі гора прыціснула, навучыўся я ўсё рабіць.

Недалёка ад нашай вёскі жыў адзін хлапец з маткай, можа, якіх вёрст шэсць ці сем. Ён заўсёды дбаў пра нашых людцаў. Бывала, намеле некалькі воркаў мукі, прывязе ў гэтыя вёскі, дзе былі бежанцы, і ў кожную хату дае па некалькі гарцаў. Людзі яго паважалі і шанавалі і называлі збавіцелем сваім. Вось гэты чалавек многа і нам памог у нашым жыцці няшчасным. Прывозіў ён усяго: масла, сыру, яек, хлеба і да хлеба, а нават і каня пазычаў матку вазіць да доктара.

Урэшце выпадкова даведаліся, што ўжо вайна ўспакоілася і можна варочацца дамоў на свае сядзібы. Варочацца то варочацца, але каб потым ізноў не выгналі назад. Мой бацька, не помню з кім, пайшоў пехатою аж да самай сваёй вёскі — пераканацца, што можна варочацца. Усе людцы чакалі іх вяртання як збаўлення, але калі дачакаліся, то мала было ўцехі, бо было там усё панішчана, як будыніна, так і зямля. Наша хата стаяла, толькі было разабрана гумянцо, а нашага дзядзькі і другіх вяскоўцаў усё дашчэнту было знішчана, як хаты, так хлявы, але тыя суседзі, што адсталі ад нас, ужо вярнуліся.

Пачалі ў немцаў прасіць, каб далі цягнік для ўсіх, трэба ж было як-небудзь вярнуцца. Але гэта ўсё не так скора рабілася: прыходзілася абысці ўсе мястэчкі, што знаходзіліся навокал гэтай вёскі, а потым аблазіць усе іхнія начальствы, а там пасылалі адзін да другога, другі да трэцяга, а трэці да чацвёртага і г. д. Час скора праходзіў, адказу ўсё не было.

Аж нарэшце прыйшоў загад ад нейкага старшага, каб далі некалькі вагонаў. Загад быў выпаўнены: усіх людзей і рэчы, якія хто меў, спакавалі ў два таварныя вагоны, як селядцоў у бочку, і павезлі туды, адкуль прывезлі...

 

VI

Вярнуўшыся да сваіх загонаў, цяжка было распазнаць, дзе, што і калі было. Дзе стаяла будыніна, там цяпер праведзена вузкакалейка, а дзе не было дамоў, а цягнуліся шнуры поля, там цяпер знаходзіліся вялікія, новапабудаваныя дамы, акопы і розныя склады. Усё было перавернена дагары нагамі. Вёскі нашай была большая палова спалена, а тыя хаты, што асталіся, былі таксама перароблены на нямецкі лад, і ўсюды быў праведзены электрычны дрот (самой электрычнасці ўжо не было, хоць немцаў знаходзілася тут многа).

Усе суседзі былі вярнуўшыся, толькі некалькі хат засталося на рускім баку. Каб мы прыехалі дамоў раней, маглі б з пачатку вясны што-небудзь сеяць або пасадзіць. А наш позні караван не мог нічога пасеяць, бо было позна — пачатак лета. Праўда, былі такія, што пасадзілі бульбу, але мала з яе карысталі.

Насталі страшэнныя часы. Пачаўся голад, людзі самі не ведалі, што рабіць, бо ў іх жыцці да гэтага часу такога страху яшчэ не было.

Чаго толькі не пробавалі, чаго не рабілі, чаго не елі! Хіба толькі таго, чаго на свеце не было! Хадзілі ў лес па шышкі, што растуць на ляшчыне, збіралі верас і з яго зацірку варылі, сушылі траву і з яе пяклі хлеб. Быў і такі выпадак: адзін селянін купіў няведама дзе пуд лубіну, прывёз яго да млына, каб змалоць. Калі высыпаў у кош, дык людзі жменькамі расхапілі. Вось якія былі часы! Аднак жа людзі неяк жылі, кідаліся памаленьку. Шмат памёрла з голаду і старых і малых, а некаторым і пара была памерці.

Час мінаў. Падышла зіма, надышлі сумныя Каляды, прыйшоў і Вялікдзень. Гэта апошняе свята найбольш асталося ў памяці, і вось чаму: як ведама ўсім, у вялікую суботу або на першы дзень Вялікадня ўсе людзі — ці бедныя, ці багатыя — мусяць пасвяціць яечка, кавалачак скораму, хлеба кусочак і солі якую драбінку.

А ў гэты час якраз не было чаго свяціць, ніхто не меў ніякай скваркі, толькі мо часам дзе-нідзе ў каго засталася адна-адзіная курачка. Вось помню як цяпер, калі людцы прыйшлі ў вялікую суботу да невялічкага касцёла Богу памаліцца і пасвяціць які прасначок, спечаны з травы, пасля набажэнства ксёндз выйшаў з касцёла і пачаў свяціць, а людцы ў немы голас пачалі плакаць. Такім чынам былі пасвячаны людскія слёзы — маглі на першы дзень імі разгавецца і адсвяткаваць гэта вялікае свята...

Прыйшло лета. Трэба было хадзіць на працу — калючы дрот здымаць. Быў я яшчэ зусім малы, а брат і таго меншы, дык немцы спачатку не хацелі мяне прыняць, але потым, як людзі сказалі, што я бацькоў не маю і што няма з чаго пражыць, тады яны злітаваліся і прынялі мяне да працы. Меншым хлапчукам плацілі адну марку ў дзень, дарослым мужчынам тры маркі, а дзяўчатам адну марку і дзесяць пфенігаў. Праўда, работа была цяжкая, не раз прыходзіў з працы акрываўлены, абарваны каля гэтага калючага дроту, але што ж зрабіць — дзякуй і за гэта. Шмат чаго прыйшлося пры гэтай працы пабачыць: акопаў незлічоныя дзесяткі, розных снарадаў, трупаў многа і іншага. Калі паглядзіш удаль, дык аж жудасна робіцца на душы. Нідзе не ўбачыш ні вёсачкі, ні нават асобнай хацінкі — усюды ўсё знішчана, пазарастала бярэзнікамі, парыта акопамі, абмотана ўсюды калючымі дратамі.

Найстрашнейшай праявай была электрычнасць, праведзеная па дроце ўздоўж граніцы, каб людзі не ішлі ў Расію. Праз яе шмат людзей загінула, а таксама нямала і жывёлы, што неяк была схавана ад рукі нямецкай. Працаўнікоў заўсёды раздзялялі на невялічкія групкі, у каторыя ўваходзілі адзін старэйшы мужчына, дзве кабеты або дзяўчыны і трох-чатырох падлеткаў. Гэта групка мусіла за дзень накруціць восем шпуль калючага дроту, а часам і памагчы немцам узарваць некалькі снарадаў.

Але нядоўга прыйшлося хадзіць да гэтага дроту. Аднаго дня самай раніцай сабраліся работнікі з розных вёсак на гэта поле, дзе працавалі, прыехаў туды старшы немец — называлі яго камендантам — выплаціў усім грошы і сказаў, каб болей ужо не выходзілі на работу, бо немец мусіць выязджаць дадому.

Праўда, з аднаго боку, было сумна, што перарываецца работа і не будзе дзе зарабіць нават гэту няшчасную марку, а з другога — плыла ў сэрцы нейкая радасць: мо хто іншы прыйдзе і будзе лепей. Так вось усе людцы маліліся і рукі ўверх узносілі, каб хаця скарэй сталіся якія змены ў іхнім жыцці. Не раз у святочныя дні збіраліся нашы людцы на вуліцы ці ў якой хатцы і гаварылі, што Керанскі як прыйдзе, дык для сялян палепшае. Прыйшоў і Керанскі, але нічога новага і добрага не паказаў і не даў. Пры яго панаванні грошы валяліся аж на сметніках, але за іх нічога не можна было купіць.

Вось помню, адзін раз, пайшоўшы ў лес, набраў я невялічкі збаночак ягад і нясу дамоў, аж спатыкае мяне салдат і кажа:

— Мальчышка, прадай мне гэтыя ягады.

— А колькі ж дасі мне за іх?

— Маеш табе семдзесят рублёў.

Мне, як малому яшчэ, што не разумеецца ў грошах, тады здалося надта многа, бо помню: мой бацька перад вайной за сорак рублёў купіў добрага коніка, на якім прыходзілася падарожнічаць увесь час. Дык я з вялікай прыемнасцю аддаў яму гэту жменьку ягад за семдзесят рублёў. А што купіў я за іх? Усяго дзве маленькія скрыначкі шпілек.

Пачалі ўрэшце некаторыя людцы цешыцца, што прыйдуць да нас нейкія легіёны і прынясуць «шчасце» для беларускага сялянскага народу. Шмат хто пайшоў з нашай вёскі ў гэтыя «легіёны», якім памагалі ваяваць, бо былі абяцаны «і зямля, і шчасце, і свабода»... Але калі сягоння запытацца, пачуем адны словы: «Кепска... кепска... кепска...» Значыцца, куды ні кінемся, дзе ні глянем — усюды кепска...

1931

 

 

Барунскі прытулак

Баруны — невялікае правінцыяльнае мястэчка, размешчана паміж Ашмяной і Крэвам — па дарозе едучы з Вільні праз Ашмяну і далей праз Баруны да Крэва. Крэва такжа малое мястэчка, а мае значэнне гістарычнае — пабудаваны замак, безумоўна, гэты замак знішчаны, стаяць толькі руіны. Але вернемся да мястэчка Баруны. Да вайны яно не мела ніякага росту: былі дзве-тры крамкі і некалькі сем’яў жыдоўскіх. Касцёл досыць вялікі і пры касцёле ўзносіўся дом мураваны трохпавярховы. Вось у гэтым доме і знаходзіўся прытулак для дзяцей-сірот, якія засталіся пасля вайны без бацькоў. Гэты прытулак заложаны праз вядомага беларуса кс. М. Пятроўскага, які ў той час з’яўляўся пробашчам гэтага ж касцёла. Многа рук і працы прылажыў тут ягоны бацька Пятроўскі.

Пачну з самага пачатку, як усё было, раскажу падрабязна.

Пасля першай сусветнай вайны па вёсках панаваў фармальны голад, людзі не мелі чаго есці, бо ўсё было вайною знішчана: будынкі, хлявы, гумны і г. д. Трэба было пачынаць ад новага, купляць жывёлу, а яе не было, будаваць дамы, хлявы, а з будаўнічым матэрыялам такжа стаяла праблема. І вось вёска апынулася ў вельмі крытычным палажэнні.

У 1918 годзе мае бацькі памёрлі, пакінулі адну дзесяціну зямлі і хатку малую, нават падлогі ў хаце не было: дзве лавы стаялі і з дошак стол, а збоку ложак стары з дошак — вось і ўсё багацце, праўда, адна засталася курыца, і тую панесла ліса. Мне было тады 12 гадоў, а брату Віктару 9 гадоў. З чаго трэба было пачынаць жыць? Ні кала ні двара — гавораць людзі, але не нам адным так было, не мы адны знаходзіліся ў такой цяжкой сітуацыі. Хто меў бацькоў, тому лягчэй, а хто не меў, тому было вельмі цяжка пражыць.

Кідаліся на ўсе бакі як маглі, але неяк давалі рады — праз зіму сушылі ў печы сена, таўклі ў ступе і пяклі «ляпешкі» — елі, хаця і не смачныя былі. Вясною збіралі крапіву і іншыя расліны, як лебяду, і таксама ўсё гэта «смакавалі». Вось так ратаваліся ад голаду і холаду. Настаў вельмі крытычны момант, і трэба было проста хадзіць па вёсках прасіць куска хлеба ці бульбіны.

І вось аднойчы, ходзячы і плачучы, добрыя людзі параілі пайсці ў Баруны да кс. М. Пятроўскага папрасіць прыняць у прытулак. Так мы і зрабілі. Пайшоў я ў Баруны прасіць аб прыняцці нас у прытулак.

Праўда што, кс. Пятроўскі і ягоны бацька старэнькі прыхільна аднесліся да маёй просьбы. Сказалі, што трэба прынесці даведку з Вішнеўскай воласці, што я не маю бацькоў. Перада мною стала вялікая задача: даведку дык выдадуць, але ж зіма, па калена снегу, ледзь дайшоў да Барун — 12 кіламетраў, а трэба ж яшчэ назад вярнуцца, а пасля да Вішнева 8 вёрстаў, ды з Вішнева да нашае вёскі, ды ізноў у Баруны — сколькі валакіты, а хто ведае — пойдзеш, а мо не адразу дастанеш?

Так і было — прыйшлося хадзіць за даведкай да Вішнева аж тры разы па гурбах снегу і вялікім марозе. Але ўсё ж такі дастаў.

Забраўшы брата Віктара, пайшлі ў Баруны. Былі прыняты. Настала новая эра ў нашым жыцці. Безумоўна, што хоць у нашай хаце нічога не было, аднак шкада было яе пакідаць — сваё роднае, спадчына па бацьках, каторую пакінулі для нас. У той час у нашай хаце яшчэ жыў бацькаў брат Янка, але быў вельмі нядобрым чалавекам, мог памагчы дастаць даведку, але не толькі не памог, а нават добрага слова ад яго не пачулі.

У Барунскім прытулку знаходзілася больш-менш няпоўная сотня дзяцей, прыбылых з усіх куткоў Барунскай, Крэўскай і Вішнеўскай воласцей-гмін, хлопчыкі і дзяўчаткі, маленькія і большанькія, некаторыя мелі маці або бацьку, а многія не мелі бацькоў, у тым ліку і я з братам.

Трэба шчыра сказаць, што кармілі і апраналі нядрэнна. Праўда што, з хлебам было цяжэй, але заўсёды міска стравы — крупа з фасоляй ці зацірка, забеленая кансэрвавым малаком. Часам на снеданне атрымоўвалі кавалачак хлеба з какавай, гэта ўжо было для нас вялікім святам. У дні святочныя даставалі кашу з крупы рысавай — гэта вялікі быў люксус.

Вельмі часта на кухню прыходзіў бацька кс. Пятроўскага і правяраў ежу — памятаю, як браў апалонік і мяшаў у катле, шукаючы зацірачных клёцак. Не давяраў кухаркам, яны часта частку прадуктаў забіралі, а больш вады далівалі, але калі бачылі, што часта правяраецца, не рабілі гэтай «камбінацыі». Праўда што, гэтага старэнькага дзеці празвалі «комкі» — так ён называў клёцкі — дык вось, не разумеючы яго, бедненькага, які стараўся для дзяцей дабра, яны яго называлі «комкі».

Дні міналі. Не ўспомніў яшчэ пра жыллё. Памяшканне не было халодным — зімою апальвалі печы, а дровы людзі падвозілі з лесу. Многія мелі ўжо коні і сані. На просьбу кс. Пятроўскага адклікаліся з прыхільнасцю. Вось тут трэба ўспомніць пра постаць арганізатара кс. Пятроўскага. Вельмі быў прыемны чалавек, высокага росту, вялікі прыхільнік да дзяцей і любіў свой народ, народ беларускі, за што даводзілася і цярпець, але аб гэтым будзе гутарка далей. Апрача бацькі і маці, была сястра Кася, яна нас вучыла чытаць, пісаць і лічыць — усе вельмі яе любілі, проста лічылі за сваю маці. Загадчыцай прытулку была назначана Марыя Куцько, жыла яна ў мястэчку Баруны — на цэлы дзень прыходзіла ў прытулак і апекавалася дзецьмі. Адны яе любілі, другія — не. У гэтым выпадку цяжка ўсім дагадзіць. Мне асабіста вельмі падабалася, і я магу аб ёй успомніць толькі добрым, шчырым, прыемным словам. Многа яна такжа прыклала рук над апекай маладога пакалення ў той час. Наогул, усе тыя апекуны працавалі з гуманнай душой.

Будучы ў Барунскім прытулку, мне давялося першы раз пазнаёміцца з беларускаю кніжкаю, праўда што, нас у школе вучылі толькі па-польску, мы паміж сабою гаварылі толькі па-беларуску, нават, наколькі памятаю, нашыя, як кажуць, пшэложонэ таксама гутарылі на беларускай мове. Кніжачка на беларускай мове трапіла адному прытулковаму хлопчыку, а была гэта кніжачка да набажэнства. Вось, памятаю, сабралася нас групка дзяцей у будцы, дзе была вадакачка, каторая качала ваду наверх у бак, а з бака разыходзілася па ўсім доме. Чыталі з вялікім зацікаўленнем, пыталі яго, адкуль ён яе дастаў — не сказаў, але можна было здагадацца, што з рук кс. М. Пятроўскага.

Вось аднойчы ў Барунах адбываўся, як кажуць, фэст. На гэты фэст прыходзіла многа людзей, а таксама з'язджалася многа духоўных ксяндзоў. На гэтую ўрачыстасць прыехаў ведамы беларускі пісьменнік, гісторык, навуковец і палітычны дзеяч кс. Адам Станкевіч, ён жа ў касцёле падчас набажэнства гаварыў навуку-казанне на беларускай мове. Пасля ўрачыстасцяў засцянковая шляхта пачала смяяцца і крытыкаваць кс. Адама Станкевіча за тое, што быццам гаварыў казанне «па-простаму». Сялянам гэта казанне вельмі спадабалася, гаварылі, што «хоць адзін ксёндз сказаў па-нашаму ў касцёле казанне». Усе Адама добра зналі, што ён паходзіў з вёскі Арляняты ў пяцёх кіламетрах ад Барун. У нас, у прытулковых дзяцей, было вельмі добрае ўражанне што да асобы кс. Адама Станкевіча. Праўда, яшчэ да кс. М. Пятроўскага прыязджалі беларускія клерыкі, як Віталіус, Шмулька і другія. Яны нам часта чыталі «Беларускую Дудку» Францішка Багушэвіча. Многія вывучылі на памяць такія вершы, як «Здарэнне», «Хрэсьбіны Мацюка» і другія, амаль кожны дзень іх паўтаралі. Любілі гэтых клерыкаў і ім спакою не давалі — як толькі іх пабачаць — просяць чытаць «Дудку». Час ад часу высвятлялі нам фільмы, у той час фільмы былі нерухомыя. Вось застаўся адзін такі фільм у памяці. У нядзелю, пасля касцёла, у салі парафіяльнай сабраліся людзі, а адначасова і прытулковыя дзеці — паказвалі фільм «Чэнстахова». Першы раз бачачы такія абразкі, мы мелі трохі страху глядзець на палатно, адначасова было і вельмі цікава. Часта псаваўся апарат, і ў канцы паказвання быў перапынак.

Апрача беларускіх клерыкаў, у Баруны прыязджалі і настаўнікі з Кракава, якія толькі гаварылі па-польску. Чаго яны сюды прыязджалі — цяжка сказаць, можа, адбываліся летнія настаўніцкія курсы, магчыма, і так было. Яны праз усё лета прабывалі ў Барунах і часта спявалі польскія песні.

Як ужо было ўспомнена аб кс. Адаме Станкевічу, хацелася б больш падрабязна напісаць на гэтых старонках аб чалавеку, каторы вельмі шмат добрага зрабіў для беларусаў і Беларусі. Нарадзіўся ён, як ужо гаварылася, у вёсцы Арляняты Ашмянскага павету Віленскай губерні — у той час — пры цары. Вучыўся ў рэальнай школе Ашмянскай, пазней у Віленскай духоўнай семінарыі ў Вільні, а ў 1913 годзе ўжо закончыў Пецярбургскую акадэмію і вярнуўся ў Вільню. У Вільні арганізаваў Беларускі прытулак, апекаваўся гэтым прытулкам, далей з’яўляўся выкладчыкам і дырэктарам якісь час Віленскай беларускай гімназіі. З’яўляўся рэдактарам часопіса «Хрысціянская Думка». Аўтар многіх беларускіх кніжак, такіх, як «Доктар Фр. Скарына», «Беларускі Хрысціянскі Рух», «Хрысціянства на Беларусі», «Казімір Сваяк». У касцёлах Яна, Баніфратараў, Мікалая, Міхала адпраўляў набажэнствы для беларусаў-католікаў. Заснавальнік Беларускай друкарні імя Фр. Скарыны ў Вільні, апрача друкарні такжа і беларускай кнігарні «Пагоня». Адным словам, шмат прыклаў рук да беларускай справы. У 1949 годзе памёр у далёкай Сібіры. Вечная яму памяць! Бацькі ягоныя і брат пахаваны на арляняцкім могільніку, а сястра — не ведаю.

У 1920 годзе пачалася вайна польска-балынавіцкая. Настаў вельмі трывожны час, адбываліся перамены ў прытулку. Насталі вельмі цяжкія дні. Забракла прадуктаў, не было чым карміць дзяцей. Кс. М. Пятроўскі быў затрыманы на якісь час. Праходзіў час галодны і халодны. Летам у 1920 годзе вярнуўся кс. М. Пятроўскі ў Баруны. Матэрыяльнае становішча цяжка было выправіць: па-першае, шмат было, як кажуць, «разбазарана» прадуктаў, а дастаць не было скуль. Прыходзілася прасіць у багацейшых, а яны адмаўляліся, можа, і самі па вайне не мелі. Вось і з’явілася прычына да ліквідацыі Барунскага прытулку.

Восенню прыйшлося кс. М. Пятроўскаму многа дзяцей адаслаць па дамах, а гэтая справа была вельмі непрыемнай.

Высылалі тых дзяцей, каторыя мелі бацьку або маці, а тых, каторыя не мелі бацькоў, не адсылалі.

Дык вось такіх дзяцей асталося толькі шаснаццаць, у тым ліку і я з братам Віктарам. Пачалі хадзіць чуткі, што гэтых 16 дзяцей павязуць у Вільню, далучаць да другога прытулку, паўставаў страх у душы. Куды павязуць, які лёс нас там чакае?..

Трэба з душой адкрытай сказаць, што ўжо атмасфера паўстала вельмі непрыемная: па-першае, што на дзяцей прытулковых глядзелі ўжо зусім іначай, не было тэй ласкавай душы, каторая працякала раней. Па-другое, што намнога пагоршала з ежаю, а гэта мела вялікае значэнне для дзяцей.

Вось за пяць кіламетраў ад Барун распаложана вёска Біцяняты. З гэтай вёскі выйшаў вядомы беларускі ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі, і хацелася б хоць коратка аб ім успомніць.

Нарадзіўся ў беднай вясковай хаціне. Вучыўся ў Каўнасе і Вільні ў духоўнай семінарыі. Закончыў у 1944 годзе. У той час арцыбіскупам віленскім быў ведамы польскі шавініст Ялбжыкоўскі, іменна ён не хацеў Ул. Чарняўскага пасвяціць у духавенства, матывуючы, што Чарняўскі беларус, не любіць палякаў і г. д.

Пасвяціў Уладзіслава Чарняўскага біскуп Рэйніс, літовец, які замяшчаў біскупа Ялбжыкоўскага. Ксёндз Ул. Чарняўскі праз які час працаваў у касцёлах на Літве, пазней пераехаў на Беларусь, дзе працуе ў мястэчку Вішнева Валожынскага раёна. Многа ўкладае працы над тым, каб беларускае насельніцтва малілася ў сваёй роднай мове, многа гэтаму перашкаджаюць палякі.

Пішучы пра Баруны, успамінаючы некаторыя вёскі, з каторых выйшлі вялікія людзі, сыны, верныя свайму народу, хацелася б яшчэ хоць пару слоў папісаць пра мястэчка Альшаны, а яно такжа не так далёка ад Барун, кіламетраў не больш як дванаццаць.

Чым жа Альшаны праславіліся? Там працавалі як касцельныя настаўнікі беларускія пісьменнікі Андрэй Зязюля (кс. А. Астрамовіч), ягоная выдана кніга «З родных загонаў», і Вінцук Адважны — кс. Я. Германовіч, ягоныя кніжкі «Хлапец», «Як Казюк сабіраўся да споведзі», «Гануліны клопаты» і цэлы рад другіх кніжак. Вось памятаю, што Вінцук Адважны пісаў пра альшанскіх жыхароў, а дакладней — якую характарыстыку даў Альшанам: «Хоць альшанцы — пільчаўнікі і канаводы, але народ ганаровы».

Пісьменнік Зязюля даўно памёр, памяць па ім засталася, а Вінцук Адважны жыве па сёння, вельмі старэнькі — мае больш 80 гадоў1. Сястра яго жыла ў Вільні па вуліцы Зыгмунтоўскай. У часе вайны немцы кінулі ў схон бомбу, і яна была забіта, была пахавана на гародзе, які належаў разам з домікамі да айцоў Марыянаў. Трэба адмеціць, што тут і жылі да вайны беларускія клерыкі, якія вучыліся ў Віленскай духоўнай семінарыі, а было іх да дзесяцёх. Апекаваўся імі, як ведама, кс. Германовіч. Гэта пляцоўка была як філіял Друйскай гімназіі.

Хочацца яшчэ ўспомніць некаторыя аўтэнтычныя факты.

Памятаю, пасля вайны польска-бальшавіцкай у нашым прытулковым гародзе, дзе стаяў невялічкі свіран, жыў паранены салдат-бальшавік. Вось я пастараюся больш падрабязней апісаць гэты абразок.

Салдат быў высокага росту, твар выглядаў даволі інтэлігентна. Прозвішча мы не ведалі. Паранены быў у нагу, хадзіць не мог, а толькі поўзаў па гародзе, збіраў кавалачкі хлеба. Гэты салдат, як відаць, быў вельмі гуманным, шчырым, з добрай душой чалавекам. Дзеці падносілі яму свае скромныя кавалачкі хлеба, але ён ад дзяцей не прымаў, а сам, не могучы хадзіць, поўзаў, збіраючы крошкі. Яго мы ўсе шкадавалі, але былі не ў сілах аблегчыць яго цярпенне. Прасілі кухаркі, загадчыцы прытулку, каб памагала ім апекавацца. Жыў ён у гэтым свіронку да позняй восені, пачаў патроху хадзіць. І вось аднойчы, калі мы прыйшлі, яго пабачыць ужо не маглі. Куды ён пайшоў, цяжка сказаць. Спачатку мы яго вельмі баяліся, а пасля прывыклі, адважна падыходзілі да свірна і падавалі яму ежу. Трэба сказаць, што мы самі ў той час даставалі вельмі малыя порцыі, але дзяліліся з чалавекам-салдатам.

Другім такім эпізодам быў непрыемны выпадак.

А было гэта так.

Пасля вайны засталася на нашым панадворку бочка ад бэнзыну. У бочцы бэнзыну не было, а можа, трохі на дне. Прытулковыя дзеці, гуляючы, часта заглядалі праз дзірку ў гэтую бочку. Былі такія «смельчакі», каторыя прапаноўвалі ўкінуць запалку з агнём, але старэйшыя перасцерагалі іх, каб гэтага не рабілі.

Вось аднойчы рана, калі дзеці падняліся з ложкаў і пайшлі на снеданне, раздаўся моцны выбух, з вокнаў высыпаліся ўсе шыбы. Мы, доўга не думаючы, кінуліся ў схрон, ніжэй, дзе хаваліся ў часе вайны. Вось некаторыя дзеці замест у схрон, а ў тым ліку і я, выбеглі на панадворак і проста ўбачылі непрыемны выпадак.

Адзін з нашых прытулковых, звалі яго Антусь, падгаварыў яшчэ другога, каторы жыў недалёк ад Барун, і кінулі запалку з агнём. Наступіў моцны выбух. Вырвала дно бочкі і ўдарыла гэтым дном Антуся па нагах, абедзве нагі паламала Антусю, а суседу апаліла твар. Трэба было паведаміць аб гэтым выпадку бацькам Антуся. Загадчыца прытулку выслала мяне з Лісоўскім. Пайшлі — кіламетраў было пяць. Калі ступілі на парог іхны, маці падняла крык, пачала плакаць. Яны чулі гэты выбух дома. Прыйшлі бацькі да Барун, пазычылі возік і адвезлі Антуся ў Ашмяну ў бальніцу.

Пачалася падрыхтоўка да вывазу дзяцей з Барун у горад Вільню, а гэта ні больш ні менш кіламетраў да ста. З Барун да Вільні ў той час адзіная камунікацыя была коньмі, падводамі, бо калейкі не было, аўтобусы не хадзілі. Фурманкі часта ездзілі ў Вільню за прадуктамі для кааператыву, які знаходзіўся ў гэтым доме, дзе і прытулак. То ж мелі магчымасць адаслаць дзяцей фурманкамі, падводамі. Трэба адзначыць, што прадуктаў не было, але ўбрання, чаравікоў і інш. прытулак меў шмат, і таму ўсё трэба было запакаваць у скрынкі, а тут стаяла таксама праблема і з дошкамі. Заботы-клопаты немалыя. Усім давялося паднатужыцца, як кажуць, падціснуць пас да жывата.

Вельмі часта прыходзілася мяняць чысло на выезд, не ведаю, што была за прычына з боку польскай адміністрацыі і адміністрацыі прытулку, цяжка сказаць.

Непрыемна было так доўга чакаць, увесь час у страху, каб не адаслалі дахаты, а такія погаласкі хадзілі, нават даволі аўтарытэтныя. Праз які час ужо зусім не мелі надзеі на выезд, аб усім гэтым нам дакладваў вось гэты Антусь, аб якім я ўжо ўспамінаў. Ён іменна быў і закрыстыянам, ведаў аб усім.

У лістападзе, а мо нат на пачатку снежня шаснаццаць дзяцей былі адпраўлены ў Вільню, далучаны там да Беларускага прытулку. Сярод іх былі: Язэп Багдановіч, Віктар Багдановіч, Янка Багдановіч з вёскі Гірбяняты; Язэп Лісоўскі і Ванда Лісоўская з вёскі Каранды; Язэп Лісоўскі з вёскі Копцевічы; Пятруся і Лявося — прозвішчы іх забыў — і другія.

З гэтых у 1924 годзе Язэп Багдановіч памёр, будучы вучнем 4-й клясы Віленскай беларускай гімназіі.

Зараз у Вільні з тых прыезных, апроч мяне, нікога не засталося. Хадзілі чуткі, што Лісоўскія памёрлі яшчэ да вайны. Праўда гэта ці не — не магу сказаць. Віктар Багдановіч згінуў на вайне польска-нямецкай, служыў у войску, 4-м палку кавалерыі, адным словам, не вярнуўся з вайны. Што датычыць Пятрусі і Лявосі — сёстры былі з прытулку забраны праз іхную цётку, якая жыла за Барунамі па дарозе да мястэчка Крэва. Вось такім спосабам і зліквідаваўся Барунскі прытулак.

Будучы ў Віленскім беларускім прытулку, мне прыходзілася некалькі разоў спатыкацца з кс. М. Пятроўскім. А было так.

Як я ўжо ўспамінаў, кс. М. Пятроўскі быў свядомым беларусам. Гэта не падабалася біскупам віленскім, дык яны яго з Барун выслалі ў кляштар на ізаляванне ад беларускага насельніцтва. Дык вось яго прыслалі ў Вільню да касцёла св. Стэфана па вуліцы Панарскай. Гэты касцёлак у часе вайны быў дашчэнту знішчаны і так застаўся па сённяшні дзень.

Вось памятаю, аднойчы кс. А. Станкевіч папрасіў мяне занесці кс. М. Пятроўскаму падушку, што я і зрабіў. Прыйшоўшы, бачыў, як сядзеў каля печкі, а была зіма, і грэўся. Вельмі шкада было добрага чалавека, апекуна бедных дзяцей.

У той час такіх, як кс. М. Пятроўскі, многа было саслана з Беларусі ў кляштары, ізалявана ад свету польскім нацыяналізмам, шавінізмам, які гуляў па нашых землях2.

Час ад часу спатыкаў я ў Вільні сястру Пятроўскага Касю. Дзе яна працавала — не ведаю, не прыйшлося з ёю гаварыць, проста не меў адвагі да яе падысці, а яна, можа, мяне не пазнавала. Безумоўна, да сённяшняга дня ніхто з іх не дажыў. Вельмі добрыя былі старэнькія маці і бацька кс. М. Пятроўскага, вельмі шчыра адносіліся да прытулковых дзяцей, проста як бацькі-апекуны.

У Барунах пасля вайны пры Польшчы праз які час была арганізавана польская настаўніцкая семінарыя. Многа нашых настаўнікаў, з якімі мне прыходзілася працаваць, закончылі Барунскую настаўніцкую семінарыю.

1974

 

 

1 Кс. Язэп Германовіч памёр у 1972 годзе ў Лондане.

2 Ведамы беларускі дзеяч ксёндз Міхал Пятроўскі, які за працу на беларускай адраджэнскай ніве быў вязнены польскімі ўладамі, памёр 25.VII. 1931 г. у м. Вінна Бельскага павета.

Беларускі прытулак у Вільні і Віленская беларуская гімназія

Віленская беларуская гімназія і Беларускі прытулак знаходзіліся па вуліцы Вастрабрамскай пад № 9. Будынак складаўся з дзвюх часцей: з правага і левага крыла. Пасярэдзіне дома стаяў Траецкі манастыр.

Беларускі прытулак размяшчаўся ў левым крыле дома на трэцім паверсе. На першым знаходзіўся Беларускі музей імя Івана Луцкевіча. Правае крыло і часць левага займала Віленская беларуская гімназія. Па другой старане дома быў сад і агарод, у гародзе стаяў невялікі домік, у якім жылі праваслаўныя манашкі, якія маліліся ў Траецкім манастыры. Кухня прытулку была на першым паверсе па правай старане корпуса. Побач з панадворкам была брама, праз якую можна было выйсці на вуліцу Коньскую і адначасова да Галі, дзе былі розныя ларкі з прадуктамі і прамысловымі таварамі. На гэтым панадворку вучні гулялі ў футбол, лапту і гарадкі, там такжа адбываўся ўрок-лекцыя гімнастыкі. Вокны амаль усіх клясаў выходзілі на панадворак. Усё відаць было як на далоні. Праўда, трэба прызнацца, што вокны ад мяча былі бедныя, часта вучні выбівалі, за што мелі вялікія непрыемнасці з боку адміністрацыі школы, а таксама і ад дырэктара.

У 1920 годзе ў месяцы снежні нас 16 дзяцей хлопцаў і дзяўчатак прывезлі з Барунскага прытулку ў Віленскі беларускі прытулак.

Беларускі прытулак у Вільні арганізаваўся ў 1919 годзе. Наколькі прыпамінаецца, у гэтым жа годзе была заснавана Віленская беларуская гімназія.

Закладчыкам Беларускага прытулку з’яўляўся ведамы беларускі дзеяч кс. Адам Станкевіч, які нарадзіўся ў вёсцы Арляняты ў сям’і селяніна, бацькі мелі невялікую гаспадарку не больш васьмі гектараў зямлі, домік невялічкі і забудоўку. Брат ягоны, не адной маці, Валюсь, якісь час прабываў у Амэрыцы. У 1926 годзе, наколькі прыпамінаю, вярнуўся з Амэрыкі да бацькоў, і тут іх напаткала вялікае гора: адной ночы дабраліся на памяшканне зладзеі і застрэлілі бацьку кс. Адама Станкевіча. Зладзеяў палавілі, і яны былі асуджаны польскім судом на шэсць і сем гадоў. Маці Адама была вельмі скромная, добрая, шчырая кабеціна. У часе акупацыі нямецкай памёрла і пахавана на могільніку арляняцкім непадалёк ад свайго доміка, там жа і брат і ягоная жонка Людвіка.

Пры заснаванні прытулку, не сумняваюся, Адаму Станкевічу дапамагалі і другія віленскія беларусы. Кіраўнікамі, ці, дакладней, загадчыкамі, прытулку былі Люба Васілеўская — старшая загадчыца, а Марыя Шутовіч — малодшая загадчыца, хаця ў той час Марыя Шутовіч мела большы голас, як Люба Васілеўская, а гэта зразумела, бо М. Шутовіч была больш нахайлівая, дасужая, без яе нідзе не абышлося, каб яна не ўсунула носу, а Люба Васілеўская была жанчына вельмі культурная і скромная.

Будучы яшчэ малышамі ў Вільні, нам прыйшлося які час патужыць за Барунамі, дзе пражылі няпоўныя два гады. У Барунах, як я ўжо згадваў, запазналіся мы з беларускім друкам. У Барунах мы хадзілі ў школу, дзе вучылі нас па-польску. Вучыцелі былі прыехаўшыя з Польшчы з Кракава.

Як ужо ўспаміналася, у 1920 годзе гэты прытулак быў зліквідаваны. Дзеці, каторыя мелі бацьку або маці, адасланы былі дамоў, а тых дзяцей, каторыя не мелі бацькоў, былі круглымі сіротамі, прывезлі ў Вільню. Везлі нас падводамі на санях і колах, пачыналася зіма, было мала снегу. У прытулку прынялі нас вельмі шчыра, душэўна, накармілі, завялі на трэці паверх спаць, а пасля абеду павялі паказаць горад, касцёлы і г. д.

Трэба прызнацца, што кармілі вельмі слаба, жыццё ў Вільні было вельмі цяжкае пасля вайны, дваццаты год. Часта прыходзілася быць без хлеба. Даставалі толькі жытнюю зацірку на снеданне, абед і вячэру. Нічога дзіўнага, што семінарысты, якія вучыліся ў гэтым доме, называлі нас «зацірачнікамі».

Многа гадоў прыходзілася вучыцца ў голадзе і холадзе. Бывала, што ідзеш на ўрокі нашча, нічога не меўшы ў роце, жываце, а такжа не маючы сшытка да пісання.

Пры гэтай нагодзе хацелася б усім шчыра падзякаваць, каторыя апекаваліся намі, аддавалі душу і сэрца для прытулковых дзяцей. Вялікі вам і шчыры дзякуй!.. Многіх ужо не стала на зямлі, але яшчэ і знойдзецца групка, якая жыве раскінутая па свеце.

 

ПЕРШАЕ СНЕДАННЕ Ў ВІЛЬНІ

Раніцаю 1920 года ў месяцы снежні нас прывезлі падводамі ў Вільню. Спатыкалі на панадворку і адразу павялі на кухню. У гэтым часе на кухні знаходзілася вельмі многа дзяцей, елі снеданне і спяшаліся да школы. Нам прыйшлося больш гадзіны чакаць, пакуль будуць свабодныя сталы. Пасадзіўшы нас за стол, далі па куску хлеба і па кубку какавы — вялікае было свята,— даўно бачылі ўсё гэта ў вачах. Пасля снедання пайшлі спаць. Спалі мы да абеду, а пасля абеду павялі нас у горад пазнаёміцца з старадаўняй Вільняй. Першым месцам была Вострая Брама. Тут мы даўжэй затрымаліся, яна на нас зрабіла вялікае ўражанне. Доўга-доўга маліліся, каб як вярнуцца назад у Баруны...

Пасля пайшлі па вуліцы Вялікай аж да Замкавай гары і Катэдры. Усё нас вельмі цікавіла, кожны куток, кожнае выставовае акно. Мы ж ніколі гэтага не бачылі.

Як вярнуліся мы з горада, ужо ў нас быў другі настрой, мы дзяліліся ўражаннямі, расказвалі адзін другому і забывалі аб нашым мястэчку Барунах.

У тым часе ў Вільні ходнікаў яшчэ не было. На вуліцах былі пакладзены цэглы або дошкі, па якіх прыходзілася хадзіць. Электрычнага святла таксама не было, а калі і было, дык вельмі мала. Горад асвятляўся газам. Газавая станцыя знаходзілася паміж вуліцамі Віленскай і Адама Міцкевіча, зараз там пабудаваны оперны тэатр. Што датычыла камунікацыі аўтобусаў — нават і мовы не было. Па вуліцах ездзілі дарожкі-вазнікі, а іх было ў той час вельмі многа. На кожнай вуліцы былі зроблены стаянкі. Усе гэтыя дарожкі былі індывідуальнымі, дзяржаўных не было.

Што датычыць у той час базараў, самы большы быў на Лукішках, дзе зараз пастаўлены помнік Леніну і называецца плошча Леніна.

Кірмашы адбываліся два разы ў тыдзень. Сяляне прыязджалі з усіх куткоў нашага краю. Вясною, чацвёртага сакавіка, кожны год праходзіў традыцыйны кірмаш «Казюк». На працягу трох дзён на гэтым кірмашы вясковыя сяляне, а таксама мястовыя прадавалі розныя народныя вырабы: начоўкі, балеі, коні з дрэва і другія тавары, а з мястэчка Смаргоні жыхары прывозілі вельмі смачныя смаргонскія абаранкі. У той час Смаргонь славілася сваімі абаранкамі нават за мяжой дзяржавы.

Другім такім рынкам-базарам з'яўлялася Галя, непадалёк ад нашай гімназіі, дзе мы вельмі часта наведваліся. Гэты базар быў вельмі негігіенічным, праносіўся непрыемны запах селядцоў, якія прадаваліся пад адкрытым небам.

На другі дзень мы пазнаёміліся з калегамі, якіх лёс узнагародзіў так, як і нас. Гэтыя дзеткі паглядалі на нас, што мы даставалі лепшую ежу, а нам сэрца балела, бачачы, што яны ядуць жытнюю зацірку. Пазнаёміліся з загадчыцамі Любай Васілеўскай і Марыяй Шутовіч. Люба Васілеўская па мужу, а яе дзявочае прозвішча, наколькі прыпамінаю, Чарняўская.

Тут жа прыйшлося спаткацца з сваімі землякамі: В. Сяцько, які пражываў у Вішневе, маім родным мястэчку. З бацькамі часта ездзіў на кірмаш. Бацька купляў вялікую абаранку, качку і доўгі цукерак. Станкевіч, каторы вучыўся ў гімназіі і прабываў у прытулку, хоць у яго бацькі былі і жылі ў вёсцы Арляняты. Найбольш дзяцей было з смаргонскага кутка, з вёскі Шутавіч, пераважна прозвішчы мелі Шутовічы і Жабінскія. Былі яшчэ з Прудоў і Залесся па прозвішчы Янчуковічы, Жабінскі Антось і Валодзя. Далей з Наваградка, Баранавіч і другіх куткоў Беларусі. У Беларускім прытулку знаходзіліся і пляменнікі Варонкі — Ядвіга Варонка, пісьменнік А. Салагуб, мастакі Семашкевіч Р., Сідаровіч, Марцінчык — брат доктара Марцінчыка, Мурашка і другія.

У 1921 годзе прыехала яшчэ дзяцей да нас з Горадна. Былі ўжо падросткі, паступалі ў старшыя клясы гімназіі, пераважна дзяўчаткі, хлопцаў было толькі двух — Марцінчык і Мурашка, я аб іх ужо ўспамінаў. Прыбылі не больш як сто чалавек, некаторыя гаварылі, што налічвалі сто тры, сто пяць чалавек. Беларускі прытулак намнога павялічыўся, трэба сказаць, што і варункі матэрыяльныя, больш дзяцей, больш трэба прадуктаў, каб выкарміць дзяцей.

З другога боку — намнога прытулак ажывіўся. Амаль кожны вечар дзяўчаткі выходзілі ў сад і да позняй ночы спявалі беларускія песні. Нам вельмі добра было чуваць, бо нашыя вокны выходзілі ў сад.

Марцінчык і Мурашка былі вялікімі наставохамі і з намі не дружылі, што на нас рабіла вельмі прыкрае ўражанне. Калі яны позна вярталіся з гароду, дык у той час мы ўжо спалі. Яны нас будзілі сваімі падрыхтоўкамі да спання. Нас яны вымушалі рабіць ім розныя непрыемнасці, вось мы так і паступалі з імі: зацягвалі вяроўкі ад аднаго ложка да другога. Яны падалі, а потым пачыналася вялікая «сумятня». Прайшло некалькі месяцаў, і ўсё наладзілася, яны пачалі жыць з намі па-сяброўску, мы на іх ужо не скардзіліся настаўніцы прытулку.

Вось памятаю адзін выпадак. Яшчэ мы знаходзіліся на каранціне, гэта значыць нікуды нас не выпушчалі з прытулку, нават не дазвалялі хадзіць у клас вучыцца. Аднойчы дзеці пайшлі ў лазню, якая знаходзілася па вуліцы Партовай, 10. Выходзячы з лазні, дзяжурныя забыліся нанасіць вады ў кухню, а без вады і не было б абеду. Старшая настаўніца Люба Васілеўская ўзялася сама насіць ваду, перажывала за дзяцей, каб толькі не засталіся без абеду. Тут праявіла яна сваю гуманнасць.

У гэты час да яе памяшкання дабраўся нядобры чалавек і ўсё яе «багацце» вынес: паліто, сукенкі, чаравікі і іншыя прадметы. Яна засталася без нічога. Непрыемная гісторыя адбілася на ўсіх дзецях. Кожны з нас вельмі шкадаваў Любу Васілеўскую, бо ўсё гэта сталася толькі праз нашых дзяжурных, каторыя так халатна аднесліся да свайго дзяжуру. І зараз, калі пішу гэтыя радкі, бярэ за сэрца той непрыемны выпадак.

 

ПЕРШАЯ МАЯ НАСТАЎНІЦА Ў ВІЛЬНІ АЛЁНА САКАЛОВА

Прыпамінаецца адзін эпізод. Пасля ранішняга снедання я, замест ісці ў прытулак на трэці паверх, пайшоў на другі — у гімназію. Былі заняткі. Я стаяў на калідоры і плакаў. Пачуўшы голас, плач, выйшла з клясы вучыцелька. Гэта і была Алёна Сакалова.

— Чаго, дзетка, плачаш?

— Я хачу вучыцца! — адказаў.

— Добра, хадзі ў клясу!

Павяла мяне, пасадзіла за школьную парту, дала кніжку — наколькі прыпамінаю — «Родны Край» — і сказала:

— Вучыся, вось гэты вершык на памяць.

Я яго доўга вучыў, праўда, частку вывучыў, а частку адклаў на другі раз.

Пасля ўрокаў я пайшоў у прытулак, дзе было многа непрыемнасці. Тут па маім адрасе пасыпалася шмат слоў непрыемных ад старэйшых вучняў, каторыя, па загаду загадчыцы, шукалі мяне па ўсім горадзе. Гэта непрыемнасць так закранула сэрца, што я расплакаўся, праўда, сорамна было перад загадчыцай Любай Васілеўскай.

Былі ў прытулку і вельмі добрыя дзеці. Яны мне сказалі:

— Ідзі і перапрасі загадчыцу!

Я так і паступіў. У той час яе дома не было, паехала на склад за прадуктамі. Калі вучні прывезлі частку прадуктаў і паехалі другі раз, узялі мяне з сабою. Ногі дрыжэлі, сэрца білася ад страху! Убачыўшы мяне, Люба Васілеўская пачала гразіць пальцам. Яшчэ больш працінаў страх цела і душу. Доўга не чакаючы, перапрасіў, і яна мне даравала.

Я з вялікай радасці хапаў скрыні з прадуктамі і насіў на воз, стараўся паказаць, што я добрым буду і больш таго не зраблю.

Ад гэтага часу загадчыца заўсёды мяне пасылала за прадуктамі, ад душы і сэрца прызнаюся, што ніколі не браў ні кавалачка цукру ці сланіны. Аб гэтым добра ведала загадчыца і заўсёды ставіла ў прыклад другім. Вельмі многа памагала дзеткам, мела добрую, шчырую, гуманную душу.

Муж Любы Васілеўскай вельмі часта нам даваў грошы на сшыткі. Вельмі часта прасілі мяне, каб паглядзеў за памяшканнем. Аб гэтым будзе яшчэ гутарка ў далейшым. А цяпер вярнуся да маёй першай настаўніцы Алёны Сакаловай.

Алёна Сакалова-Лекант працавала ў гімназіі ад самага яе пачатку існавання. Працавала з дзецьмі малодшых клясаў. Была вельмі добрай настаўніцай, любілі яе дзеткі, і яна іх любіла, апекавалася так, як родная маці. Жыла яна па вуліцы Вастрабрамскай пад нумарам, наколькі памятаю, 12-м, побач з гімназіяй. Мела двух сыноў, аднаго звалі Тосік, а другога — не памятаю. Вучыліся ў гімназіі. Малодшы памёр, а старэйшы закончыў гімназію і вучыўся ў Віленскім універсітэце. Вельмі часта прыходзілася памагаць пілаваць дровы і насіць, складаць у складзік. Пасля працы заўсёды садзіла за стол і частавала. У Сакаловай часта можна было застаць настаўніцу Банцлебен, яна ў гімназіі выкладала нямецкую мову, добрая была і як настаўніца, і як чалавек.

Банцлебен жыла па вуліцы Антокаль, у канцы мела свае два невялічкія домікі, жыла з братамі.

Сказаў бы, што гэтыя дзве настаўніцы сапраўды былі постацямі для дзяцей у гімназіі, а мо і маткамі. Апекаваліся шчыра, адносіліся з любоўю і сэрцам да дзяцей, памагалі чым маглі. Слаўная ім памяць!

Алёна Сакалова памёрла пасля вайны, пахавана ў Вільні на праваслаўным могільніку Быліны. Банцлебен таксама памёрла, дзе пахавана — не ведаю, не прыйшлося мне там бываць. Да майго зняволення адведваў яе з таварышамі па школе.

 

МАЛОДШАЯ ЗАГАДЧЫЦА ПРЫТУЛКУ МАРЫЯ ШУТОВІЧ

Марыя Шутовіч пражывала ў будынку, дзе знаходзіліся прытулак і гімназія. Спачатку ў левым крыле будынка на першым паверсе, а пасля перанеслася на правае. Жыла вельмі добра, так гаварылі галодныя дзеці прытулку.

— Сама смачна есць і ўсю сваю радню корміць, а дзетак-сірот абіжае і ўсё ад іх аднімае...

Ключы ад кладовай заўсёды знаходзіліся ў руках настаўніцы. А гэта для яе вялікі быў скарб. Гаварылі кухаркі, што Марыся Шутовіч вельмі часта прыходзіць за прадуктамі па начах і бярэ белую муку, сала, цукар і другія прадукты. Ніхто яе не правяраў. У гэтай кладовай тварыліся «цуды»: атрымлівалі белую муку, а для дзяцей зацірку гатавалі з чорнай жытняй мукі; таксама атрымлівалі какаву, цукар, сала — усё гэта такжа знікала, як вясною снег.

Аб усім гэтым добра ведаў вартаўнік Руды, які жыў каля варотаў ад вуліцы Коньскай. Часта для прытулковых дзяцей расказваў, як нашыя прадукты з прытулку вывозіў Марысі Шутовіч брат Вінцук.

Уся гэта валакіта цягнулася даўжэйшы час. Нарэшце дзеці прытулковыя не сцярпелі і пайшлі са скаргай у камітэт, ад якога атрымлівалі прадукты-харчы. Аб усім расказалі, што рабіла і якія цуды тварыла загадчыца М. Шутовіч. Не паспелі «дэлегаты» вярнуцца да прытулку, як ужо даведалася малодшая загадчыца аб тым, хто хадзіў і што там гаварылі — добры быў нюх у яе братоў, каторыя таксама знаходзіліся ў гэтым прытулку. Усе дэлегаты, каторыя хадзілі са скаргай, не атрымалі вячэры, былі пакараныя за «праступкі». На другі дзень усіх дэлегатаў сабралі, далі па кавалку хлеба, вызначылі «канваіра» Янку Шутовіча і адаслалі на вёску, адкуль яны былі родам.

Вось, як бачым, у нашым прытулку былі вялікія непарадкі з боку малодшай загадчыцы М. Шутовіч.

На гэтым не быў канец. Аднойчы другая група дзяцей прытулковых таксама хадзіла са скаргай на М. Шутовіч. Праўда, была прыслана камісія ў часе абеду. Правяралі, як кормяць. Пыталі дзяцей. Усе ў адзін голас крычалі, што загадчыца крыўдзіць, аднімае прадукты, а гэта гаварылася пры загадчыцы. Марыя Шутовіч не магла праўды перанесці і пачала плакаць.

Гэтых некалькі толькі слоў успомнена. Я думаю, што знойдуцца прытулковыя дзеці, каторыя напішуць больш падрабязна, укажуць больш фактаў, а іх было вельмі многа і ёсць аб чым пісаць. Тое, што я напісаў — кропля ў моры.

М. Шутовіч ведаю як нячэсную і несумленную жанчыну, многа прыносіла зла для прытулку. Заўсёды падкрэслівала, што яна з’яўляецца патрыёткай беларускай, а нават называла сябе «маці» Беларусі. Гэтыя словы вельмі часта паўтараў віленскі беларус А. Яцына: «Маці» Беларусі, каторая крыўдзіла дзяцей!» «Апекавалася» яна не толькі дзецьмі, але і старушкамі, каторыя мелі золата. Так, напрыклад, Юля, якая жыла па вуліцы Ігнацыя. Перад смерцяю забрала яе да сябе, і засталося ёй усё багацце.

У іхняй сям’і былі чэсныя, добрыя дзве сястры, гэта Эмця Шутовіч і Ганна Шутовіч. Першая была вучыцелькай, а другая працавала бухгалтарам у Міністэрстве фінансаў ЛССР. Памёрлі і пахаваны на могільніку Бернардынак. Вечная намяць добрым беларускам!

Яшчэ хачу некалькі слоў успомніць аб брату яе Вайцеху Шутовічу, каторы быў забіты польскім паліцыянтам у Астроўцы, дзе ён працаваў. Слаўны быў беларус, любіў свой народ і сваю Радзіму. Гэтыя трое людзей на М. Шутовіч глядзелі мгліста, не ўважалі яе добрай сястрою, часта і нам на яе скардзіліся, што нават іх крыўдзіць.

Эмілія Шутовіч праз якісьці час жыла ў нашым доме па вуліцы Чарнаса і таму вельмі многа нам расказвала аб нячэснасці сястры М. Шутовіч.

Было яшчэ так: вучні Віленскай беларускай гімназіі, едучы да сваіх бацькоў у час канікул, не мелі на білет грошай, звярталіся да кс. А. Станкевіча. Той ніколі не адмаўляў, але заўсёды даваў грошы на рукі М. Шутовіч, каб яна купіла білет. Рэшту, што заставалася, яна сабе забірала. Гэта не раз было і са мною. Адам даваў ёй пяць злотых, а білет каштаваў тры злоты, значыць, ёй у кішэню пападала два злотых, і вось так накапіла грошай.

Ну, што ж, гісторыя яе добрым словам не ўспомніць!

 

СТАРШАЯ ЗАГАДЧЫЦА ПРЫТУЛКУ ЛЮБА ВАСІЛЕЎСКАЯ

Аднойчы вызвала да сябе Люба Васілеўская. Пара была ўжо позняя. «Нешта сталася,— падумаў я,— што ў такі час, напэўна, гадзіна была 24-я, ноч у той час». Калі я ступіў на яе парог, муж яе Мікалай Васілеўскі паручыў мне аднесці пісьмо для яго маці, каторая жыла па вуліцы Латоча. Я, доўга не чакаючы, панёс пісьмо. Праўда, страху меў трохі, позняя пара, мала народу на вуліцы. Выканаўшы справу, прынёс адказ і аддаў для загадчыцы. Яны мне вельмі падзякавалі, а ў мяне на душы паявілася радасць, што я хоць гэтым зрабіў добры ўчынак. На другі дзень Люба Васілеўская сказала мне, што яны пакідаюць Вільню і ад’язджаюць, наколькі памятаю, у Менск.

Вярнуўшыся ў прытулак з гэтай навіной, расказаў усім дзецям, што Люба Васілеўская пакідае нас. Усе падняліся на ногі, паўстала замяшанне, пачалі плакаць, ніхто не ведаў, што за прычына яе выезду.

Люба Васілеўская была вельмі добрая загадчыца і, як маці дзяцей, усім спачувала, усіх любіла, нікога не пакрыўдзіла, усе яе любілі. Растацца з такой кіраўнічкай вельмі цяжка было. Хадзілі розныя чуткі, што пакідае прытулак па прычыне малодшай загадчыцы М. Шутовіч. Гэта, наколькі пазней выяснілася, была ісцінная праўда. Прычына была ў тым, што ўсе любілі Л. Васілеўскую, а М. Шутовіч ніхто не ператраўляў. Дык вось так і атрымалася — яна змусіла старшую загадчыцу пакінуць прытулак.

Пасля ад’езду Любы Васілеўскай усё ў прытулку пайшло на горшае, дзеці чуліся быццам сіротамі, засталіся без маці і апекі матчынай. Малодшая загадчыца не магла глядзець на дзяцей, яна злавала за тое, што на яе хадзілі скардзіцца ў камітэт, які выдаваў прадукты. У яе на першым плане было: як найлепш карміць сваіх братоў і сясцёр, а на другім — дзяцей прытулковых. Многія з дзяцей хадзілі боса ў школу, праўда, праз калідор, але ўсё ж позняя восень і на дварэ замаразкі...

Прывяду хоць адзін прыклад: вучыцель Шнаркевіч, бачачы босых дзетак, пашыў чаравічкі для Ізабэлі Шутовіч. І што ж? М. Шутовіч не дапусціла, каб трапілі Ізабэлі, а забрала і аддала сваім сёстрам.

Перад выездам Л. Васілеўскай я спаткаўся з ёй выпадкова на вуліцы два разы. Першы раз яна дала мне грошы купіць цукерак для дзяцей. Мы з Янчуковічам Валодзікам купілі і раздалі прытулковым дзеткам. Другі раз, калі спаткаліся на вуліцы Вялікай, яна дала грошы і прасіла купіць мяса і на нядзелю зрабіць добры абед. Так было і зроблена — усе атрымалі па катлеце. Вялікая была радасць!..

Доўга, доўга ўспаміналі Любу Васілеўскую! Успаміналі добрым, шчырым словам, а таксама і яе мужа, каторы таксама многа памагаў для сірот-дзетак, якія знаходзіліся ў прытулку.

Ад таго часу прайшло многа гадоў, ніхто не ведае, які яе напаткаў лёс, але хто з нас яшчэ жыве, успамінаем і будзем успамінаць добрым, шчырым словам.

Пішучы гэтыя радкі, якія мо з часам надрукуюцца, пабачаць свет, я думаю, што знойдуцца вучні, каторыя пражывалі ў Беларускім прытулку і аб гэтым усім добра памятаюць, ды дапішуць і дакончаць гісторыю дваццатых гадоў, успомняць тых, каторыя заслужылі, добрым словам...

 

НОВАЯ ЗАГАДЧЫЦА ПРЫТУЛКУ

Як ужо ўспаміналася, калі гаворка была аб выездзе Любы Васілеўскай, на месца яе прыйшла новая кіраўнічка Кавэрда, імя яе не памятаю. Яшчэ перад паступленнем на пасаду загадчыцы прытулку часта, амаль кожны дзень, прыходзілі ў сталовую двое дзяцей — хлопец і дзяўчына, узростам не больш 12— 15 гадоў. Хлопец быў вышэйшага росту, а дзяўчына — нізейшага, апранутыя ў чорныя доўгія кажухі, прыходзілі з кацялкамі па зупу — страву. Наша кухарка Аня ў часе абеду налівала ім у кацялкі страву. Яны прыходзілі толькі падчас абеднага часу. Жылі ў горадзе. Ніхто аб іх нічога не ведаў, за выключэннем малодшай загадчыцы прытылку М. Шутовіч. Пазней даведаліся іх прозвішча і імя — хлопца звалі Барыс Кавэрда, а дзяўчыну — Людміла.

Неўзабаве ў прытулак з’явілася іх маці, новая загадчыца. У хуткім часе прыйшлі ў прытулак Барыс і Люся, мне здаецца, што было яшчэ і трэцяе дзіця — дзяўчынка.

Пры паяўленні новай загадчыцы пачаўся новы перыяд жыцця ў Беларускім прытулку. Загадчыца мела вельмі цвёрды характар, на кожным кроку чаплялася да кожнай дробнай справы: то за нечысціню, то за нейкую паперку, саломінку і г. д. Настала проста гора для дзяцей. Карала рознымі спосабамі, нэронаўскімі метадамі. Найбольш дасталося мне і майму таварышу Я. Лісоўскаму. Яна нас два разы так карала, што ўсё гэта засталося ў памяці і па сённяшні дзень. Мы яе і празвалі «Чатырохачковая змяя», дзеля таго, што яна насіла пенснэ-акуляры. Калі яна заходзіла ў спальню, усе даслоўна заміралі ад страху. Ведалі добра, што можа знайсці які «грэх» і пакараць так, што ты доўга будзеш памятаць. Вось аднойчы было так.

Загадчыца Кавэрда паслала мяне і Лісоўскага вучыцца ў агародніцкую школу на Звярынцы. А было гэта летам, калі былі ўжо закончаны школьныя заняткі. У агародніцкай школе вучыліся так: першую палавіну дня была тэорыя раслін, а пасля абеду праца на гародзе, палолі градкі, крапіва пякла рукі, непрыемная была праца на гэтых гародах. Нам гэта было не па душы, мы пастанавілі больш не ісці ў агародніцкую школу.

Даведаўшыся аб гэтым, Кавэрда выдаліла нас з прытулку, не дазволіла нават заходзіць на кухню і ў спальню спаць. Настала гора, бяда. Не мелі мы ні бацькоў, ні родных,— праўда, у Я. Лісоўскага быў брат на вёсцы Каранды непадалёк ад Барун. Раіліся, многа перадумалі. Першую ноч спалі пад ложкамі да дванаццатае гадзіны, а пасля перайшлі на ложкі. Раніцай неспадзявана ўбегла ў спальню Кавэрда і знайшла нас, хоць я і схаваўся за печкаю. Яна расправілася з намі як найгоршы тыран гішпанскай інквізіцыі.

На другую ноч прыйшлося начаваць у прыбіральні наверсе. Там ляжала некалькі дошак. Вось на гэтых дошках мы і спалі. Вельмі дакучалі нам холад і смурод. Пазней прыйшлося начаваць у складзіку, дзе жыў вартаўнік Руды. Зараз ён жыве ў Вільні, вельмі ўжо старэнькі, ходзіць на мыліцах. Даводзілася мне з ім гаварыць і ўспамінаць аб тым трагічным жыцці ў прытулку. Добры ён быў чалавек і часта дзяліўся кавалкам хлеба.

Так міналі тыдзень за тыднем. Голад і холад дакучалі нам. Наша кухарка Ганна, ці, як мы яе называлі, Аня, давала нам ежу, праўда,— крадком — баялася Кавэрды.

Аднойчы я спаткаў Ю. Саковіча, вучня Віленскай беларускай гімназіі, які родам з хутара Баўдыры, не больш як пяць вёрст ад Крэва. Я і расказаў усю бяду-гора, якое напаткала мяне і майго земляка Я. Лісоўскага. Ён запрапанаваў нам паехаць на лета да ягоных бацькоў на працу, а праз лета загадчыца аб усім забудзецца і прыме ў прытулак.

Я згадзіўся паехаць да Ю. Саковіча, а Лісоўскі не даў згоды, ён сказаў, што паедзе да брата ў Каранды. Так і было. Мы з Іванам Касцюкевічам паехалі на вёску да Саковічаў.

Праз лета працавалі вельмі цяжка: пасвілі каровы, карчавалі беразняк, пасвілі коні, гэта была самая лёгкая праца, і шмат іншай працы даводзілася рабіць. Хутар быў не малы — да ста дзесяцін зямлі. Было многа кароў, коней — усё трэба было дагледзець. Вельмі здоўжылася нам у іх. Янка Касцюкевіч часта плакаў — яму больш прыходзілася пасвіць каровы, а ў дадатку пяць бычкоў, каторыя часта адлучаліся ад стада і беглі ў другія мясцовасці. Гэта праца была вельмі цяжкая, але думалася, што яны нам добра заплацяць за такую цяжкую і няўдзячную працу.

Нарэшце надышоў доўгачаканы месяц жнівень. Ю. Саковіч мусіў нас адвезці ў Вільню ў прытулак, а адначасова разлічыцца з намі. Нават у сне не снілі, што яны нас так пакрыўдзяць. Атрымалі картовыя рубашку і порткі, апрача таго, па баханцы хлеба і па дзве кілбасы. Вось і ўсё! Праўда, яшчэ бацька даў пару злотых на дарогу, але Юліку, а не нам заплацілі за мазольную працу. Так паступіў чалавек, каторы быў багаты і не меў ні сэрца, ні душы да бедных дзяцей.

Вярнуўшыся ў Вільню, мы напісалі лаяцельны ліст, дык пазней яны прыслалі яшчэ па баханцы хлеба.

Загадчыца Кавэрда доўга мяне не дапушчала ў прытулак, але калі з вёскі вярнуўся Лісоўскі і прывёз ёй гасцінец, яго прыняла. Даведаўся аб гэтым вучань VI клясы гімназіі Валодзя Янчуковіч — родам з Залесся ці Смаргоні — і пайшоў да Кавэрды прасіць, каб прыняла мяне: «Лісоўскага прынялі, трэба прыняць і Багдановіча». Яна апынулася ў крытычным становішчы, і я быў прыняты ў прытулак.

Кавэрда вызначыла нам кару: Лісоўскаму меншую, а мне большую, але, аднак, не прымяніла гэтую кару.

Другое здарэнне было такое: я з Мазуркаю дзяжурылі па спальні. Вечарам вучняў павялі ў Мейскую залю на прадстаўленне, ставілі «Птушку шчасця». Мы як дзяжурныя засталіся напаліць печкі, каб было цёпла ў спальні. Запалілі дзве печкі, выкарысталі — паставілі гатаваць гаршчочак бульбы. Мы былі ўпэўнены, што Кавэрда пайшла разам з дзецьмі на прадстаўленне. На жаль, раптоўна нехта стукнуў дзвярыма — убегла Кавэрда і адразу да печкі — пачула пах бульбы, крыкнула: «Гатуюць!» Мазурка паспеў схапіць кацялок з бульбай і паставіць пад мой ложак, а сам схаваўся пад ложак. А я хутка на свой ложак і накрыўся коўдрай, удаў, што сплю.

Кавэрда вельмі хутка знайшла «парушальніка» і пакарала досыць моцна: Мазурку прымусіла на працягу шасці месяцаў чысціць прыбіральню, а мяне пакарала на шэсць месяцаў нарыхтоўваць дровы для яе печкі.

Вось такія факты засталіся ў памяці да сённяшняга дня. Вось такая «апека» была над дзецьмі загадчыцы Кавэрды.

 

ЛЮДЗІ З ДОБРАЙ ДУШОЙ І МЯККІМ СЭРЦАМ

Пасля выхаду з прытулку загадчыцы Кавэрды намнога лягчэй стала жыццё прытулковае. Ніхто з дзяцей добрым словам не ўспамінаў яе, усе былі вельмі задаволеныя яе выхадам. Была яна сапраўднай тыранкай для дзяцей. Вельмі ўсе дзівіліся, што такую жанчыну з вострым сэрцам і подлай душой дапусцілі быць загадчыцай прытулку.

Хто заняў яе месца — не памятаю, многа часу прайшло ад таго дня, цяжка ўсё прыпомніць. Прыпамінаецца, што вельмі коратка жыла ў нашым будынку п. Шнаркевічыха, не памятаю яе дзявочага прозвішча. Жыла яна ў нас нядоўга, але пакінула па сабе добрую, шчырую, гуманную памяць.

Памятаю, з польскай мовы была ў мяне слабая ацэнка і яна мне многа памагала падрыхтавацца да экзамену, давала бясплатныя лекцыі-ўрокі не толькі мне, але і іншым маім таварышам, каторыя знаходзіліся ў прытулку. Жыла вельмі скромна, апрача стала і нейкага тапчанчыка нічога больш не было. Кожны з вучняў адчуваў яе скромнасць і апеку над дзецьмі. Часта прыходзіцца ўспамінаць добрымі, шчырымі словамі. Сёння ўжо вельмі старэнькая1, але вельмі цікавіцца ўсім і ўсімі. Чытае многа літаратуры і добра ва ўсім арыентуецца, мае вельмі добрую памяць, памятае ўсіх тых, каторыя вучыліся ў Віленскай беларускай гімназіі, а таксама тых, каторыя знаходзіліся ў прытулку. Многія наведваюць, многія забыліся, а частка дзяцей рассыпалася па свеце і не мае магчымасці наведаць.

Другой такой асобай з’яўляўся гр. Рыгор Шырма. Наколькі прыпамінаю, ён не жыў у гэтым будынку, часта прыходзіў у прытулак памагаць дзецям рыхтаваць урокі. Мы ўсе палюбілі яго. Кожны аб ім успамінаў толькі добрым словам. Быў вельмі скромным чалавекам, умеў да кожнага дзіцяці, падысці, пагаварыць, параіць і памагчы ў бядзе. Называлі яго «дзядзька Шырма». Не памылюся — сёння таксама мінчане яго называюць «дзядзькам». На гэта ён заслужыў пашану і любоў. Вялікі дзякуй яму за ўсё шчырае і добрае, якое праяўляў у Віленскім беларускім прытулку!

Было яшчэ многа добрых людзей — вучыцялёў, загадчыкаў прытулку. Можа, знойдуцца добрыя людзі і дапішуць да гэтых радкоў прозвішчы, каторыя буду прыпамінаць.

 

 

1 Памерла ў 1974 годзе.

М. КРАСІНСКІ — ІНСПЕКТАР ВІЛЕНСКАЙ БЕЛАРУСКАЙ ГІМНАЗІІ

Чалавек высокага росту, з чорнай барадой — павага, аўтарытэт гімназіі. Любілі гэтага чалавека ўсе, як малыя, так і старыя, успаміналі заўсёды добрым словам. Жыў у будынку гімназіі, наколькі памятаю, быў нежанаты, жыў з сястрою. Добры як інспектар, так і вучыцель, выкладчык рускай мовы і лаціны. Застаўся ў маёй памяці на доўгія гады. У нашай клясе, дзе я вучыўся, ён не выкладаў, працаваў са старэйшымі клясамі. Чаму ж застаўся ён на доўгія гады ў памяці?

Адміністрацыя Віленскага беларускага прытулку ўзяла ў арэнду сад, каторы быў распаложаны пры Віленскай беларускай гімназіі. Над гэтым садам загадчыкам быў назначаны М. Красінскі. Аднойчы паклікаў мяне і запрапанаваў назначыць мяне ў сад памочнікам вартаўніка Рудога. За продаж яблыкаў грошы прымаць ад Рудога і перадаваць яму. З вялікай ахвотай я прыняў гэтую прапанову, спадзяваўся, што паямо многа яблыкаў, ніхто не будзе шкадаваць, сад вялікі, яблыкаў многа.

Пачалася новая праца, пара летняя, заняткаў у школе не было, часу вольнага было шмат. Трэба сказаць, што ўраджай быў вельмі добры: яблыкаў, грушаў, сліў — ламаліся дрэвы, пад Галю насілі на дзень па некалькі разоў. Атрыманыя за фрукты грошы перадаваў М. Красінскаму. Давер быў атрыманы, не браў сабе ні капейкі, хоць хадзіў босы і слаба апранены. Вартаўнік Руды часта мне прапанаваў узяць на чаравікі, але сумленне не дазваляла — ні сабе, ні яму.

Прайшло лета. Наступіла восень. Прыехалі вучні з вёсак у гімназію вучыцца. Пачаліся заняткі ў школе, гімназіі. Спачатку ўсё ішло як па масле. Аднойчы пасля заняткаў пайшоў я ў сад збіраць фрукты, падрыхтаваць на рынак. Прытулковыя дзеці, што жылі на трэцім паверсе, прывязалі да вяровачкі кошык, у кошык паклалі кавалачак сыру, апусцілі ўніз у сад і паднялі крык:

— Янка, бяры сыр, насып у кошык яблыкаў!

Гэты кошык прайшоў над акном вучыцельскага пакою, а там у той час быў інспектар М. Красінскі. Убачыўшы гэтую сцэнку, адчыніў акно і пачаў пальцам гразіць мне. Мне зрабілася непрыемна, і я ўцёк з саду і схаваўся ў падвале. Дзеці зверху не бачылі і працягвалі крычаць далей:

— Насыпай хутчэй!

На наступны дзень прыйшлося мне мець гутарку з інспектарам. М. Красінскі заявіў, што яблыкаў для дзяцей не шкада, але на ўсё ёсць свой час!..

М. Красінскі часта любіў жартаваць з вучнямі, асабліва з вучаніцамі старэйшых клясаў. Пазней выехаў ў Менск. Колькі ён там жыў, дзе працаваў — не ведаю. Напэўна ўжо не жыве. Вечная яму памяць! Заслужыў на пахвалу і пашану не толькі школьнікаў, але таксама і старэйшага грамадзянства. Аб ягонай сястрыцы не ведаю таксама, думаю, што і яна памёрла.

Вось вельмі кароценькая характарыстыка М. Красінскага, які з’яўляўся інспектарам Віленскай беларускай гімназіі ў дваццатых гадах.

 

НАВАГОДНЯЯ ЁЛКА Ў БЕЛАРУСКІМ КЛЮБЕ НА ВУЛІЦЫ БІСКУПЯЙ, 12

У 1921 годзе ў часе навагодніх свят адбылася ёлка для беларускіх дзетак. Загадчыца прытулку павяла нас у Беларускі клюб, які размяшчаўся па вуліцы Біскупяй, № 12. Зараз гэты будынак заняты Міністэрствам пошт і тэлеграфу. Назоў вуліцы зменены на Талат-Кялпшы, літоўскага музычнага дзеяча.

Завялі на трэці ці мо на чацвёрты паверх, пасадзілі ў першыя рады. Вокны залы выходзілі на пляц Катэдральны. Праз кароткі час мы маглі палюбавацца катэдраю і Замкавай гарою. Хутка надышло многа дзетак з розных беларускіх школ, якія ў той час існавалі ў Вільні, амаль у кожным раёне горада. Усе дзеткі гаварылі на беларускай мове. Разам з дзецьмі былі таксама і настаўнікі-беларусы. Вось як было прыемна спаткацца на навагодняй ёлцы ў Беларускім клюбе.

Нягледзячы, што зала была вялікая, усе месцы былі перапоўнены. Дзеці, нягледзячы, што былі з розных беларускіх школ, захоўваліся вельмі спакойна, чакаючы пачатку прадстаўлення.

Пачатак прадстаўлення: ставілі «Русалкі». Гэты сцэнічны абразок застаўся ў памяці і да сёння. Усім вельмі спадабалася прыгожая дэкарацыя сцэны — выглядала, як над возерам танцуюць русалкі з доўгімі валасамі і ў светла-блакітных сукенках.

Усё было так прыгожа размалёвана, тым больш што мы, прыехаўшы з Барун, ніколі не бачылі такіх прадстаўленняў і дэкарацыяў сцэны. Адчувалася ў дзяцей столькі радасці, што нат цяжка апісаць. Праз увесь час прадаўжаліся апладысменты.

Пасля прадстаўлення пачаліся гульні-забавы вакол ёлкі, якая стаяла пасярод залы. Вадзілі розныя карагоды, танцы, спевы і г. д. Гульнямі і забавамі кіравалі настаўнікі беларускіх школ. Нашы настаўнікі таксама прымалі актыўны ўдзел у гэтых забавах. На заканчэнне прынеслі падарункі. Дзяцей паставілі ў некалькі радоў, кожны атрымаў па мяшэчку цукерак, пернічкаў, па яблычку. Мяшэчкі былі пашытыя з прыгожага матэрыялу і выглядалі вельмі эстэтычна. Для дзяцей было вялікае свята, радасць, ніколі мы такога падарунку не мелі, не бачылі ў вочы.

Па сканчэнні пайшлі ў прытулак. У прытулку гэтым падарункам трэба было падзяліцца з таварышамі, каторыя не былі ў Беларускім клюбе.

Навагодняя ёлка, каторая адбылася ў 1921 (а мо і ў 1922 годзе?) у Беларускім клюбе, засталася ў памяці па сённяшні дзень.

У наступных гадах ёлку арганізоўвалі ў Беларускім прытулку па вуліцы Вастрабрамскай, № 9. Ёлку ставілі ў адной з клясаў. На правядзенне ёлкі грошы збіралі па горадзе. Вучні з настаўнікамі хадзілі з скарбонкамі і прасілі ахвяраваць на Беларускі прытулак.

Аднойчы загадчыца прытулку паслала мяне да загадчыка беларускай школы па вуліцы Кальварыйскай (прозвішча яго не памятаю). У яго былі сабраныя грошы на прытулак. Калі я яго наведаў, прыняў з душой і сэрцам. Пачаставаў булкай і какавай, а ў той час гэта было нешта незвычайнае. Атрымаў я ад яго канверт з грашыма і, прыйшоўшы ў прытулак, перадаў загадчыцы. Вось такім спосабам у той час існаваў Віленскі беларускі прытулак.

Трэба сказаць, што не ўсе ахвотна давалі: адны давалі, а другія нават лаялі, не любілі беларусаў польскія нацыяналісты, шавіністы. А ў той час у Вільні такіх было вельмі многа, яшчэ іх называлі хадэкамі, эндэкамі і другімі.

Дачакаліся таго дня, калі была пастаўлена ёлка ў нашым прытулку. Дзеці забаўляліся: танцавалі, спявалі, гулялі ў хованкі, жмуркі да рана, на заканчэнне атрымалі падарункі.

Навагодняя ёлка арганізавалася і ў Віленскай беларускай гімназіі, але толькі для вучняў гімназіі, а не прытулковым. У гімназіі ёлку арганізаваў бацькоўскі камітэт. На чале гэтага камітэта стаялі маці Арсенневай, Падагель і Кепель. З усіх найдужэй старшынёй камітэту з’яўляўся Кепель, які жыў на Антокалі па вуліцы Сёстраў міласэрдзя.

Спачатку дырэктарам гімназіі быў Кахановіч, пазней Астроўскі, коратка Міхалевіч, Паўловіч, Анцукевіч, Кавалевіч, Грышкевіч, А. Станкевіч, а настаўніцкай семінарыі А. Карнюк і г. д. Успомню аб кожным на наступных старонках.

Трэба сказаць, што ў той час былі вельмі цяжкія матэрыяльныя ўмовы, мы, вучні, пераносілі многа гора, многа голаду і холаду. Аднак, нягледзячы на ўсё гэта, дзеці вельмі добра вучыліся, кожны стараўся ў будучыні быць чалавекам добрым, шчырым, гуманным.

 

ПІСЬМЕННІКІ, МАСТАКІ І МУЗЫКАНТЫ

У хуткім часе ў прытулковых дзяцей пачалі выяўляцца таленты. Нашы хлопцы пачынаюць пісаць, маляваць, займацца скульптурай, а таксама знаходзяцца здольныя да музыкі і г. д. Першым такім пісьменнікам стаў Салагуб. Пісаў ён вершам, вельмі часта, ходзячы па нашай спальні, любіў дэкламаваць свае творы. Нам гэтыя творы падабаліся, але мы часта любілі трохі з яго і пасмяяцца, паўтараць яго словы, як: «Вобразы мае родныя, вобразы мае мілыя...» Дзеці пачалі яго і называць «вобразы».

Аднойчы я паўтарыў пры ім гэтыя «вобразы». Салагуб мне на гэта адказаў:

— Янка, ты паэт, толькі што не маеш рыфмы!

Мой адказ быў:

— У цябе не было, аднак паявілася. З часам і ў мяне паявіцца.

Беларускі прытулак і Беларуская гімназія — гэта было адно цэлае, таму што ўсе прытулковыя дзеці вучыліся ў гімназіі, пачынаючы ад клясаў першых да восьмых. Вучні гімназіі і прытулку выдавалі сценныя газеты, такія, як «Крапіва», «Камар», «Муха» і другія. Рэдактарамі былі: Урбановіч, Салагуб, Рамаслоўскі В., Янчуковіч В. і другія даволі здольныя да гэтае працы хлопцы. Асаблівыя здольнасці праяўляліся ў Салагуба, Лукашыка, Бакача і другіх.

Апрача пісьменніцкіх, рэдактарскіх выяўляліся і іншыя мастацкія здольнасці, як у Рамана Семашкевіка, Сідаровіча і другіх. Семашкевіч Раман не толькі маляваў на палатне, але займаўся і скульптурай. З гліны ляпіў розныя фігуры людзей, нават зрабіў свой партрэт, а дзеці да ягонага партрэта дарабілі рогі і называлі «бараном». Маляваў вельмі ўдала, меў да гэтага вялікія здольнасці. Вось аднойчы ён намаляваў на сценах нашае спальні некалькі абразоў, а маляваў вуглём «Распяцце Хрыста на крыжы». Да гэтага абраза мы заўсёды раніцай і вечарам маліліся. Раман Семашкевіч быў вельмі працавіты, ніколі часу не марнаваў, прыйшоўшы з гімназіі, адразу браўся за сваю працу: маляваў, ляпіў, а нават меў мандаліну, выводзіў розныя салаўіныя трэлі — гэта музыка ўсіх зачароўвала, дзеці забываліся аб голадзе і холадзе.

Другім такім мастаком быў Сідаровіч, росту высокага, хударлявы. Вельмі працавіты, да мастацтва здольнасць меў, аднак з навукай цяжкавата яму прыходзілася, проста яна не давалася яму. Які лёс яго спаткаў — не ведаю. Спадзяюся, што мінчане аб ім добра ведаюць, тым больш што ён пакінуў нашу гімназію і выехаў у Менск.

Музыкальных здольнасцей у вучняў было многа. Гралі ад раніцы да вечара хто на мандалінах, хто на гітарах, балалайках і іншых інструментах. Вучыліся ў дзве змены, так што адныя гралі, другія вучыліся і г. д. Прыемна было паслухаць музыку спачатку, а пазней проста не хацелася заходзіць у спальню.

Пры Віленскай беларускай гімназіі быў арганізаваны духавы аркестр, а таксама і струнны. Мне давялося граць у духавым аркестры на працягу шасці гадоў. Струнным кіраваў Дзешкін, а духавым аркестрам — Карэтнікаў.

У духавым аркестры гралі: Пракаповіч, Бакач, Тарасевіч, Місько, Лешка, Маслоўскі, Лукашык, Мурашка, Кунцэвіч і другія.

Спачатку прыходзілася многа і доўга дзьмухаць у гэтыя трубы, пакуль не навучыліся граць. Выступалі з канцэртамі ў гімназіі, Беларускім інстытуце гаспадаркі і культуры і г. д.

Беларуская гімназія часта ладзіла прадстаўленні, заўсёды запрашалі граць. За тое, што мы гралі, ніхто нам не плаціў. Часам частавалі бясплатна ў буфеце, але гэта залежала ад дырэктара гімназіі. Першыя канцэрты нам не ўдаваліся, як кажуць — не атрымліваліся так, як належыць. Пазней пайшло як «па масле». Нас намнога падняло на душы і сэрцы. Граць прыходзілася кожны дзень, а на гэта патрабавалася шмат часу, мусілі адрывацца ад школьнае працы. Вясною гімназія рабіла паходы за горад, безумоўна з аркестрам. У той час у гімназіях мала каторая мела свой духавы аркестр, а тут Віленская беларуская гімназія маршыруе па горадзе з аркестрам. Хто нас запрашаў — мы гралі, як кажуць, за «вячэру». Адміністрацыя нашае гімназіі вельмі добра адносілася да аркестрантаў, асабліва дырэктар Паўловіч.

 

«КАШАЕДЫ»

У нашу гімназію памясцілі Праваслаўную духоўную семінарыю. Гэта для нас быў вялікі ўдар. Нас сціснулі ў адно крыло дома. З гэтым не маглі пагадзіцца. Пачалася заўзятая барацьба вучняў гімназіі з семінарыстамі. Спачатку гэтыя канфлікты праходзілі ў форме даволі прызваітай, культурнай, далей пачалі адны другіх празываць: мы іх называлі «кашаедамі», а яны нас «зацірачнікамі». Сілы былі няроўныя: у іх мужчыны высокія і здаровыя, пажылыя, а ў нас, гімназістаў, элемент складаўся з дзяцей і ў дадатак дзяўчаткі, а яшчэ і другая прычына — частка нашых вучняў жыла па горадзе. Паміж імі і намі вельмі часта завязваліся бойкі ў форме непрызваітай, асабліва па нядзелях, калі мы выходзілі з сталовай пасля абеду. Семінарысты спачатку нам уступалі, а пазней вельмі заўзята біліся з намі. Пачыналася змаганне снежкамі, а пазней — чым папала: паленам, каменем, мятлою і г. д. Памятаю, аднойчы напалі на нашых вучняў за царквою. На жаль, у гэту бойку і я ўмяшаўся. Дасталося вельмі моцна. На наступны дзень сабраліся мы ў большай грамадзе, каб адпомсціць за ўсе іх непрыемныя ўчынкі. У гэтым выпадку мы з імі паступілі негуманна, проста было пазней непрыемна і спатыкацца. Але гэта многа памагло надалей, пачалася згода і перапын у нашых непаразуменнях.

У Праваслаўнай духоўнай семінарыі былі і беларусы, як, напрыклад, у цяперашнім часе бацюшкі: Башлык, Несцяровіч, Сімановіч, Бубін і другія.

Памятаю, адзін з семінарыстаў ажаніўся з нашай вучаніцай. Давялося мне быць на вяселлі. Вяселле рабіў прытулак над брамай ля ўвахода на панадворак. Жаніх быў першага ці другога багаслоўскага курса, а маладая — вучаніцай пятай клясы Віленскай беларускай гімназіі.

Любілі мы хадзіць у царкву, слухаць казанні маладых свяшчэннікаў. Бывалі і такія, што выйдзе, пачырванее, не можа звязаць некалькі слоў. Адзін, нашыя вучні яго называлі «Рыжы», не мог гаварыць. Усе ў царкве з яго смяяліся.

З бацюшкам Башлыком мне давялося спаткацца па Поўначы, дзяліліся мы ўспамінамі аб мінулым, да слёз смяяліся з «грахоў» маладых семінарыстаў і школьных дзяцей. Зараз ён мае прыход на Беларусі непадалёк ад маёй роднай мясцовасці, дзе я нарадзіўся — Вішнеўшчыны каля Багданава.

 

НАСТАЎНІК Н. СІНЯЎСКІ

Нельга забыць тых людзей, каторыя былі добрымі, шчырымі, адданымі для дзяцей. Такім з’яўляўся настаўнік Н. Сіняўскі — выкладчык матэматыкі, гімнастыкі. Праўда, гімнастыка яму не ўдавалася, а матэматыку ведаў. Ростам невялічкі, жыў у свайго цесця па вуліцы Ліпоўка. Па характару быў вельмі добры, можа, і залішне добры. Жыў вельмі сціпла, хаця быў добрым камбінатарам: закупляў сады, проста кажучы, займаўся продажам яблык.

Вось памятаю, аднойчы ён купіў новае паліто шэрае, а было на яго зацеснае. Выйшаў з вучнямі ў гэтым паліто на гімнастыку, пачаў паказваць практыкаванні гімнастычныя — гэта выглядала вельмі смешна, што нават усе вучыцялі гімназіі глядзелі праз вокны на яго, смяяліся да слёз. Нашыя вучні падхапілі настаўніка на рукі, пачалі падкідаць угору і крычаць: «Гура, гура, гура!» — гэтак «віншавалі» з новым паліто. Спачатку, калі падкідалі, смяяўся, а пасля пачаў нас называць «бакасы» — што гэта слова абазначала, ніхто не разумеў, апрача яго самога. Доўга гневаўся на нас, пакуль не забыў тае «ўрачыстасці», якую вучні арганізавалі яму на панадворку гімназіі.

Ведаючы ягоную слабасць, вучні выкарыстоўвалі розныя мамэнты, каб адцягнуць ад заняткаў — на кожнай ягонай лекцыі. Аднойчы ён быў у добрым настроі, пачаў у кожнага вучня пытаць: «На каго будзеш вучыццца?» Я яму адказаў: «На дохтара». Памятаю, спытаўся ў Жабінскага з Смаргоні: «На каго ты будзеш вучыцца?» Той яму адказаў: «На папу рымскага!» На ўсю клясу столькі было смеху, што нават і сам настаўнік смяяўся. У хуткім часе гэты «папеж» Жабінскі быў за хуліганства выключаны з школы — гімназіі і прытулку. Наогул, яшчэ раз падкрэсліваю, Н. Сіняўскі быў чалавек добры і, можа, залішне добры, і таму вучні выкарыстоўвалі ягоную дабрату, шчырасць, гуманнасць.

Былі ў яго жонка і дачка. Дачка вучылася ў нашай гімназіі, жонка была нейкі час хатняй гаспадыняй.

Аднойчы, а была пара восені, субота, пасля заняткаў у гімназіі, папрасіў ён нас дапамагчы вымалаціць ячмень. Гаспадарка цесця была немалая, чатыры гектары зямлі ў самым месце, гэта многа значыла. Пайшло нас, вучняў, да дзесяцёх чалавек. Калі мы прыйшлі, настаўніка яшчэ дома не было — быў у школе. Жонка паказала нам ячмень і малатарню. Мы прыступілі да працы. Добра не ведаючы машыны, чакалі настаўніка. Хлопцы хутка дабраліся да яблыкаў, каторыя знаходзіліся на стрыху. Усім была радасць, наеліся дасыта, нават падрыхтавалі ўзяць з сабою, пачаставаць нашых прытулковых дзяцей. Вярнуўся Н. Сіняўскі з школы, дастаў гнілых яблыкаў і частаваў нас. Мы яму падзякавалі, сказалі, што пасля працы з’ямо.

Прыступілі да работы — малацілі ячмень. Адны круцілі машыну, а другія падавалі снапы. Трэба сказаць, што напрацаваліся — вымалацілі ўвесь ячмень. Было ўжо даволі позна. Запрасіў настаўнік нас на вячэру. Жонка прынесла кумпяк, аб’едзены, у канцы касці было трохі мяса, папярэдзіла: «Толькі ўсяго не «кушайце»! Мы былі галодныя, і ў хуткім часе засталася толькі косць. Убачыўшы такую «гісторыю», лаяла нас, а муж яе супакойваў і сказаў:

— З’елі, няхай ім будзе на здароўе!..

Забыў успомніць, што нават і па чарцы гарэлкі наліў, мы выпілі — закружылася ў галаве.

Жонка Н. Сіняўскага была вельмі скупая, а жончын бацька быў скнара, яго ведалі ўсе жыхары Ліпоўкі. Доўга мы ўспаміналі гэту малацьбу. Жончынага бацьку звалі Нікіцін.

Вельмі шмат можна было б прывесці фактаў, якія здараліся на сцэне гімназіі. Вось яшчэ не ўспомніў:

Н. Сіняўскі быў добрым артыстам, асабліва ўдала ён выконваў «Збянтэжанага Саўку». Які яго лёс у далейшым — не ведаю. Перад вайной выехаў ва Усходнюю Беларусь. Былі чуткі, што нейкі час знаходзіўся ў Сібіры і там памёр. Дачка выйшла замуж і жыла недзе на Беларусі. Жонка трагічна загінула. Па начы знайшлі на вуліцы нежывую, гаварылі, што была прывязана да слупа. Ці гэта праўда, мне не давялося канкрэтна даведацца. Магчыма, што так было з ёю!..

 

«ПАСТУХІ»

На заканчэнне школы нас, прытулковых дзяцей, высылалі на вёскі да сваякоў, знаёмых. А калі ў каго не было такіх, аддавалі на вёску пасвіць каровы. Безумоўна, некаторыя дзеці баяліся і заставаліся на лета ў прытулку.

Пры вельмі цяжкіх матэрыяльных умовах на прытулковых дзяцей часта нападала хвароба «курыная слепата», нястача ў арганізме вітамінаў. Вось гэтай хваробай захварэў і я. Мучыла яна мяне праз тры гады. Калегі параілі паехаць на вёску, бо там хутка пройдзе. Вось я і пастанавіў выехаць на лета з Вільні.

Прыехаў з вёскі Насканцы селянін, які жыў непадалёк ад Табарышак, і прасіў «пастуха» на лета. Загадчыца прытулку запрапанавала мяне. І мы паехалі. Пакуль было відно — усё добра, а пачало цямнець — у вачах пачалося мітуценне, і я даслоўна нічога не бачыў. Давялося ехаць вельмі доўга канём, хутка не пабяжыш. Спачатку сядзеў на возе, а потым гаспадар сказаў сысці з воза, бо пад гару каню зацяжка — высокая гара. Трымаючыся за воз, так памалу пасоўваўся за возам: пад нагамі перашкаджалі то калдобіны, то камяні. Відаць, гаспадар заўважыў, бо казаў сесці на воз.

Прыехалі на месца апоўначы. Распрэглі каня, гаспадар пайшоў у хату і мне казаў ісці. А я, як не бачачы, не ведаў, у які бок ісці. Выйшла гаспадыня, завяла ў хату. Павячэралі, пайшлі ў гумно спаць. Вялі праз сад — пах прыемны, паветра добрае. Праспаў ночку, устаў, прыйшоў дахаты. Пачалі мяне пытаць. Я адказваў усю праўду і ім спадабаўся.

Як ужо ўспомніў, вёска называлася Насканцы, Табарыскай парафіі, Тургельскай гміны. Прозвішча гаспадара не памятаю. Сям’я яго складалася з пяцёх чалавек. Жыў небагата. Меў шмат пасаджаных вішняў. Штогод атрымліваў за вішні немалыя грошы. За вішні купіў сячкарню, малатарню і арфу.

Тры разы ў тыдзень прыходзілася гнаць у поле быдла, апошнія дні — няньчыць дзіця. Дзіця было вельмі крыклівае, прыходзілася вельмі цяжка няньчыць.

Аднойчы раніцаю я пагнаў статак на пасбішча. Пасбішча размяшчалася паміж лясоў, бярэзніку і кустоў. Раптам у статку паднялася трывога. Што сталася? Пачаў прыглядацца ва ўсе бакі і ўбачыў ваўка, які хітра падкрадаўся да статка. Я пачаў на ўвесь голас крычаць. Прыбеглі суседзі і адагналі ваўка. Пасля абеду прыгнаў жывёлу на тое ж месца.

Зноў жывёла неспакойная. Я выламаў грубую палку, пачаў бегаць вакол жывёлы — неспакойная. Аж раптам бачу — воўк ужо панёс здабычу — вялікую авечку. На крык прыбеглі вяскоўцы, але ўжо было позна. Вярнуўся я з жывёлай дамоў, аказалася, што гэтая авечка была майго гаспадара і то самая найлепшая. Мне было непрыемна глядзець на перажыванне гаспадароў. Безумоўна, у гэтым выпадку маёй віны не было, але здарылася гэта падчас майго дзяжурства.

Прабыў я ў іх цэлае лета, а перад пачаткам школьнага года гаспадар адвёз мяне ў Вільню ў прытулак.

За маю летнюю працу ён мне нічога не даў, а сказаў, што разлічыўся з загадчыцай прытулку. Гэта праўда, бо яна не магла дарма пасылаць вучня на вёску пасвіць каровы.

У наступныя гады летам я выязджаў да бацькоў Адама Станкевіча. Праца была няцяжкая, але трэба было часта пасвіць тры каровы на павадах і то па межах сярод збожжа — нялёгкая справа. Апрача мяне ў іх служыла дзяўчына. Яна значна больш працавала. Бацькі не было, жылі маці, брат і жонка брата. Маці была вельмі сціплай кабетай, спакойнай, з добрым і шчырым характарам, добрым сэрцам і чулай душой. Любіла мяне, дзялілася са мною аб усім і добрым і кепскім. Вельмі не любіла М. Шутовіч, якая была гаспадыняй Адама Станкевіча.

Жылі яны ў вёсцы Арляняты, паміж мястэчкамі Барунамі і Крэвам Ашмянскага павета. Жонка Валюся — брата А. Станкевіча была сціплая кабета, займалася гаспадаркай, была вельмі працавітая, рана ўставала і позна ішла спаць. Называлі яе Людвіка, родам з вёскі Шальціны. непадалёк ад Арлянят. Усе паўміралі, пахаваны на арляняцкім могільніку. Вечная ім памяць!..

 

НАСТАЎНІК А. МІХАЛЕВІЧ

А. Міхалевіч выкладаў латынь і нейкі час быў дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі. Быў росту сярэдняга, поўны, меў шмат энергіі. Жыў на Звярынцы ў Вільні. Сям’я яго: жонка і дзве дачкі. Дочкі вучыліся ў Віленскай беларускай гімназіі. Жонка вельмі сціплая кабета, запрацаваная, забітая хатнімі справамі.

Вучыцель А. Міхалевіч быў чалавек добры. У нашай клясе выкладаў латынь. Патрабаваў «зуброжкі», ягоны прадмет «выкоўвалі» на памяць.

Наша гімназія часта давала прадстаўленні. У гэтых прадстаўленнях прымалі ўдзел вучні, а таксама і настаўнікі, студэнты-беларусы, якія вучыліся ў Віленскім універсітэце. Часта ставілі п’есу «Наталка-палтаўка». У гэтым прадстаўленні заўсёды прымаў удзел А. Міхалевіч. Ролю, дадзеную яму, выконваў вельмі ўдала, як прафесіянальны артыст. Прыпамінаецца, як яго ў клясе віншавалі, у яго стылі — любіў хваліцца, што быццам ён звязаны з тэатрам з пятнаццацёх гадоў ягонага жыцця. Магчыма, праўда, да гэтага меў здольнасці. Ягоным выступленнем былі захоплены як настаўнікі, так і вучні. Граў як добры артыст, нават меў ненайгоршы голас. Магчыма, размінаўся з сваёй прафесіяй. Вельмі часта на лекцыях падкрэсліваў, што ён з'яўляецца дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі.

На яго лекцыі дысцыпліна была, як кажуць на лаціне,— «пэрфэктум». Патрабаванні да вучняў былі максімальныя. У часе кантрольных не даваў спісваць, патрабаваў самім адмяняць прыклады з граматыкі. Бывала і так, што пачынае на вучня крычаць: «Ты спісваеш з граматыкі!» Часам і трапна пападзе, тады з радасці гаворыць: «У мяне ніхто не спіша, я здалёк бачу, хто чым займаецца!»

Такіх сцэнак у клясе на яго прадметах паўтаралася даволі часта. Вучні ягоную хітрасць ведалі, да галавы не бралі.

Да мяне меў давер, дзе трэба было прасіў, пасылаў ці даручаў якое пісьмо. Ягоныя просьбы я выконваў вельмі добра.

На сшыткі я не меў капеек-грошаў — ён даваў. Часта прыходзілася хадзіць да ягонага памяшкання на Звярынец.

Вось аднойчы надыходзіла свята Вялікдзень. Вясна ў поўным разгары. Мне было вельмі непрыемна ісці да настаўніка, але мае сябры ўгаварылі, і я пайшоў. Прыйшоў да іх, А. Міхалевіч яшчэ спаў, хоць была гадзіна дванаццатая дня. Жонка папрасіла мяне да яго. Я павіншаваў. Пасадзілі мяне на крэсле, пагутарылі, папрасілі да стала. На стале чаго толькі не было, проста не ведаў за што брацца. Наеўся за ўсе гады: пірагоў, мяса, розных бабак і чаго там не было — усяго пакаштаваў, засталося ў памяці на ўсё жыццё. Вярнуўшыся, я расказваў прытулковым вучням — усе зайздросцілі мне.

У прытулку на свята мы атрымлівалі па кавалку хлеба, памазаным рыбаю,— гэта было таксама вялікае свята.

Памятаю, адзін раз спатыкалі Новы год у гімназіі. На гэтым спатканні былі вучыцялі нашай гімназіі, а таксама некаторыя беларусы, пражываючыя ў Вільні, і нас чатырох вучняў: я, Бакач, Лешка і Шчасны-Пасынак. Мы працавалі нейкі час у гімназіі — замяталі і вартавалі. У гэты мамэнт падавалі на стол, гатавалі, заварвалі гарбату, кроілі хлеб і г. д. Людзей было вельмі многа — поўны зал, стаялі два рады сталоў.

Пачалося спатканне Новага года. Падняліся чаркі ўгору... Пажаданні навагоднія, штораз мацней разлягаліся галасы, а пазней — яшчэ галасней. Нарэшце раздаўся крык непаразумення паміж А. Міхалевічам і Арэхваю — кааператарам. Быццам Арэхва назваў Міхалевіча «мужыком», а зрэшты, ліха іх там ведае. Адным словам, папаштурхаліся кулакамі.

Пасля супакоіліся, усё пайшло па-старому — дружба, згода. Прыемна ўсім было сядзець за навагоднім сталом.

Старэйшае беларускае грамадзянства А. Міхалевіча не любіла за тое, што ён, апрача жонкі, меў каханку Выхаўцову. Муж Выхаўцовай працаваў на чыгунцы, а дачка вучылася ў нашай гімназіі. Выхаўцова была вельмі непрыгожая, твар быў апалены, ніхто яе не любіў.

Лёс Міхалевіча напаткаў наступны. Пасля таго як выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі, пакінуўшы настаўніцтва, пасвяціўся ў бацюшкі — стаў свяшчэннікам. Так закончыў свой, як кажуць, жывот вечны.

На канец трэба яшчэ пералічыць ягоныя прафесіі: настаўнік, дырэктар, артыст і бацюшка... Ну, што ж, былі і дадатныя бакі ў ягоным жыцці, а былі і адмоўныя — цяжка сказаць аб ім, што ён быў дрэнным чалавекам.

 

НАСТАЎНІК ЯН КАТОВІЧ

Ян Катовіч быў настаўнікам Віленскай беларускай гімназіі ад першых дзён яе існавання. Выкладаў прыроду. Быў росту сярэдняга. Па характары вельмі добры чалавек, ніколі не падносіў голас, заўсёды любіў пасмяяцца, пажартаваць. Вадзіў дзяцей на экскурсіі. Празывалі мы яго «вондзя». Гэта слова паўтаралася ў яго вельмі часта ў гутарцы з дзецьмі, вось з гэтых прычын і называлі «вондзя».

Жыў у Вільні на вуліцы Вітольдавай — Звярынец. Ажаніўся ён з дачкою бацюшкі Пліса. Бацюшка Пліс праз нейкі час у Віленскай беларускай гімназіі выкладаў для беларусаў праваслаўных рэлігію. Для католікаў выкладалі кс. А. Станкевіч, кс. Рэшаць, кс. Талочка і іншыя. Бацюшка Пліс быў старэнькі, з вучнямі гаварыў толькі па-беларуску, усе яго любілі. Што датычыць ксяндзоў, каторых я назваў, усе яны ведамыя беларусы, каторыя працавалі для беларускай справы.

Ян Катовіч уважаў сябе за беларуса. Ягоныя браты таксама ведалі беларускую мову. Адзін брат быў доктарам, а другі — бацюшкам. Бацюшка Катовіч памёр пасля вайны ў Валожынскім раёне.

Памятаю, настаўнік Ян Катовіч у гімназіі арганізаваў куток жывой прыроды. Адна частка гэтых акварыумаў знаходзілася ў гімназіі, а другая — у нашай прытулковай спальні. Былі там пад шклом гадзюкі, жабы, рыбкі і іншыя жывёліны. Нам даводзілася іх карміць у час летніх канікулаў. Спальня, у якой мы жылі, была вельмі доўгая і шырокая. Вельмі часта вучні гулялі ў «лапту», і аднойчы, гуляючы, пабілі шкло ў акварыуме. За гэта настаўнік Ян Катовіч моцна нас лаяў, меў поўную рацыю, тым больш што там была змяя-гадзіна.

Трэба яшчэ раз падкрэсліць, што Ян Катовіч меў добрую, гуманную душу, ніколі не крыўдзіў вучняў, заўсёды дапамагаў чым мог. Калі вучню паставіў двойку з свайго прадмета, то сапраўды гэты вучань не хацеў вучыцца, нічога не ведаў і нічым не цікавіўся.

Як доўга настаўнічаў у Віленскай беларускай гімназіі — не памятаю. Ведаю адно, што пасля вайны настаўнік Ян Катовіч выкладаў рускую мову ў літоўскай школе. Вельмі часта даводзілася мне з ім спатыкацца на школьных сходах. Гаварылі мы паміж сабою па-беларуску. Апошнім часам хварэў страўнікам — спатыкаў яго ў Першай савецкай паліклініцы, дзе ён лячыўся. Падчас гутаркі заўсёды скардзіўся на страўнік. Магчыма, ад гэтага памёр. Дату смерці не ведаю, а таксама і дзе пахаваны, думаю, што на праваслаўных могілках Быліны г. Вільнюса.

Памятаю, аднойчы мы з былым вучнем Сяргеем Кажанавым яго наведалі. Засталі яго дома. Ён быў вельмі здаволены, што яго вучні не забываюць. Шчыра, душэўна пагаварылі аб мінулым.

Гэта было апошняе спатканне. Вельмі шкада, што сям’я не паведаміла аб яго смерці. Магчыма, што ў той час мяне ў Вільнюсе не было — знаходзіўся на Поўначы...

Вечная памяць добраму, шчыраму, сумленнаму настаўніку Яну Катовічу!..

 

ДРУЙСКАЯ ГІМНАЗІЯ

У 1925 годзе, пасля летніх канікулаў, прыехаў я з вёскі Арляняты, мяне выклікаў кс. Адам Станкевіч і запрапанаваў выехаць у Друю ў гімназію. Ахарактарызаваў, якія будуць там матэрыяльныя ўмовы і галоўнае тое, што намнога лепш будзе. Я гэтай справай зацікавіўся: першае, што ў Друі гімназія была дзяржаўная, а другая справа тая, што мо не прыйдзецца галадаваць. На перашкодзе стаяў малодшы брат, каторы знаходзіўся ў прытулку. Кс. Адам Станкевіч абяцаў ім апекавацца.

Я, доўга не думаючы, пастанавіў ехаць. У той жа вечар сабраў свае пакуначкі, і з адным настаўнікам мы выехалі. Тут была мая памылка, што я нікога не папярэдзіў — ні дырэктара, ні загадчыцу прытулку. Выехалі з Вільні даволі позняй парою. Прыехаўшы ў Дукшты, давялося доўга чакаць на перасадку. У Друю прыехалі раніцай. На вакзале нас сустрэлі гімназісты з кс. Германовічам (Вінцуком Адважным), аўтарам многіх беларускіх кніжак. Прыйшоўшы ў інтэрнат, пазнаёміліся, яны мяне пакармілі, і я пайшоў спаць. За інтэрнат не трэба было плаціць, утрымліваўся з гаспадаркі, якая належала гімназіі. Безумоўна, трэба было шмат працаваць на гаспадарцы. Праца адбывалася пасля заняткаў у гімназіі. Кармілі вельмі добра, наракаць нельга, на абеды заўсёды давалі мяса, не параўнаць з Вільняй. У дзень атрымлівалі харчаванне пяць разоў. Сядзелі за адным сталом з настаўнікамі. У інтэрнаце панавала атмасфера чыста беларуская, а ў гімназіі — польская. Рэжым дня быў даволі строгі, усюды трэба было прытрымлівацца парадку і дысцыпліны, за парушэнне закону караліся. Гэта было вельмі непрыемнай карай.

Калі параўнаць Вільню і Друю, дык у Друі лепш кармілі, а ў Вільні было значна лепш пераносіць дысцыпліну.

Прабыўшы там месяцы два, я пастанавіў вярнуцца ў Вільню, перадусім праз тугу за братам, які быў на тры гады малодшы ад мяне.

Аднойчы, у час абеду, я заявіў, што думаю ехаць у Вільню. Кс. Цікота прабаваў мяне ўгаварыць, але гэта было дарма, мяне цягнула Вільня і наша гімназія, у якой я вучыўся. Атрымаў я некалькі злотых на дарогу, адвялі на вакзал і адправілі ў Вільню.

Калі я прыехаў, мяне напаткала вялікае гора. Дырэктар Р. Астроўскі адмовіўся прыняць мяне ў прытулак, матывуючы тым, што я выехаў без дазволу ў Друю. Прыйшлося многа галадаваць. Былі такія дні, што чакаў смерці. Спачатку не паддаваўся, а пасля прыйшлося легчы ў ложак, на якім спаў брат. Брат дапамагчы не мог, сваёй порцыяй дзяліўся, а пасля сталовая забараніла выносіць.

Нарэшце, дзякуючы сыну дырэктара, з якім я вучыўся ў адной клясе і які ўгаварыў бацьку, я быў прыняты ў прытулак. Вельмі часта дырэктар успамінаў маё «преступление», а пазней дазволіў граць на духавых інструментах.

Дырэкцыя гімназіі запатрабавала чатырох вучняў да ўборкі гімназіі. У гэту чацвёрку трапіў і я. Апрача мяне былі Бакач, Лешка, Шчасны-Пасынак. Атрымлівалі па некалькі залатовак, а гэта была вялікая дапамога ў той час — мелі грошы на сшыткі, кнігі, а нават і на баціначкі. У гімназіі часта адбываліся канцэрты. Вешалку давалі нам, даход напалавіну, і гэта таксама мела вялікае матэрыяльнае значэнне.

У гімназіі сакратаром у той час працаваў Лукашэвіч, а ягоная жонка працавала ў прытулку на кухні. Вельмі добрыя і працавітыя людзі. Шмат дапамагалі дзеткам у іхнім горы. Трэба сказаць, што і самі жылі вельмі сціпла, мелі на ўтрыманні пляменніц. Сакратар Лукашэвіч працаваў у гімназіі па днях і начах, проста ўсе дзівіліся, як ён вытрымлівае. Часта жаліўся на дырэктара Р. Астроўскага, што прымушае вельмі шмат працаваць.

Апошнім часам Лукашэвічы жылі ў Вільні па вуліцы Піярамонт, здаецца, № 54, разам з Мятлою. Памёрлі абое, пахаваны на праваслаўных могілках Быліны ў Вільні.

 

НАСТАЎНІК ВІЛЕНСКАЙ БЕЛАРУСКАЙ ГІМНАЗІІ ДАНІЛЕВІЧ

Настаўнік Данілевіч выкладаў у гімназіі матэматыку. Вучні любілі яго за дабрату і шчырасць да дзяцей. На лекцыях дысцыпліна была добрая, часам ацэнкі заніжаў, але заўсёды давалася выправіць. Спачатку працаваў нядоўга, выехаў у Наваградскую беларускую гімназію. Па якой прычыне — не ведаю, магчыма, адносіны паміж Астроўскім і Данілевічам не ўкладаліся ўдачна: адзін матэматык і другі — гэта, напэўна, і прывяло да таго, што мусіў пакінуць Віленскую беларускую гімназію. Магчыма, і іншыя былі прычыны. У Наваградку Данілевіч меў свой домік, магчыма, што яго цягнула да сваёй маёмасці. Колькі гадоў быў у Наваградку — не ведаю, не магу сказаць — даволі доўгі час. Другі раз, калі пераехаў у Вільню, то ў Наваградку прадаў дом і купіў у Вільні па вуліцы Капаніца. Падчас нямецкай акупацыі Данілевіч выкладаў матэматыку ў Беларускай настаўніцкай семінарыі ў Вільні. Пасля вайны, пераходзячы вуліцу, трапіў пад аўтобус. З гэтай аварыі выйшаў з паламанай нагой, даўнейшы час давялося ляжаць у ложку. У хуткім часе памёр. Пасля смерці засталіся жонка і дачка. Жонка працавала настаўніцай у 19-й сярэдняй школе горада Вільнюса, а дачка вучылася на медыцыне.

Данілевіча пахавалі на праваслаўных могілках Быліны г. Вільні.

 

ДЫРЭКТАРЫ ВІЛЕНСКАЙ БЕЛАРУСКАЙ ГІМНАЗІІ

Віленская беларуская гімназія была арганізавана ў 1919 годзе. Першым яе дырэктарам быў Кахановіч, ці Каханоўскі,— добра не прыпамінаю. Вельмі добра выкладаў гісторыю, гэта ягоная спецыяльнасць. Сам дырэктар быў беларус, а жонка полька і то нават шавіністка, не любіла беларусаў і часта гаварыла, што ў яе жывот баліць, калі гавораць па-беларуску. Дырэктар як чалавек быў добры і вельмі разумны, ведаў добра свой прадмет гісторыю. Жыў пры Віленскай беларускай гімназіі па вуліцы Вастрабрамскай, № 9. Не магу сказаць, ці яго звольнілі з займаемай пасады, ці ён сам пастанавіў пакінуць г. Вільню і выехаць. Куды выехаў — чуткі хадзілі, што ва Усходнюю Беларусь у Менск. Напэўна, ужо памёр — мне нічога невядома.

Наступным дырэктарам быў Р. Астроўскі. Не памятаю, ці дырэктар С. Паўловіч быў перад Астроўскім ці пазней, думаю, што пазней, калі Астроўскі пакінуў гімназію.

С. Паўловіч ведамы аўтар беларускіх буквароў «Засеўкі» і іншых кніг-падручнікаў. Быў вельмі гуманным і культурным чалавекам. Жыў у Вільні недзе на Зарэччы, жонка жыве там і па сённяшні дзень. Памёр і пахаваны на праваслаўных могілках на Былінах у Вільні. Вечная яму памяць.

Пазней быў дырэктарам А. Міхалевіч, праўда, нядоўга. Магчыма, што не спраўляўся з сваімі функцыямі і звольнілі. У гімназіі выкладаў латынь.

Пазней дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі быў Кавалевіч. Да вайны ён выкладаў беларускую мову ў Польскай настаўніцкай семінарыі, а пасля вайны быў настаўнікам Віленскай сярэдняй школы № 5, выкладаў рускую мову. Памёр у 1968 г., пахаваны таксама на Былінах.

Пасля Кавалевіча дырэктарам гімназіі быў ведамы беларус ксёндз Адам Станкевіч. Выдадзена шмат ягоных кніжак. Нейкі час быў паслом на польскі Сойм, абраны беларускімі галасамі. Памёр у 1949 годзе ў Сібіры пры Сталіне.

Нейкі час дырэктарам гімназіі быў Анцукевіч, выкладчык латыні. Характар меў вельмі нядобры. Беларусы не любілі яго. Памёр і пахаваны таксама на Былінах.

Пасля Анцукевіча дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі быў Францішак Грышкевіч, шляхетны, інтэлігентны чалавек з добрым і гуманным сэрцам.

 

КАРОТКІ ЎСПАМІН АБ НАСТАЎНІКАХ, ЯКІЯ ПРАЦАВАЛІ Ў ВІЛЕНСКАЙ БЕЛАРУСКАЙ ГІМНАЗІІ

М. Ільяшэвіч — скончыў універсітэт у Празе Чэшскай. Вярнуўшыся ў Вільню, працаваў настаўнікам нашай гімназіі, выкладаў геаграфію.

Хв. Ільяшэвіч (брат) — паэт, выдадзены ягоныя дзве ці тры кніжкі на беларускай мове. Выкладаў у гімназіі беларускую мову.

Я. Сасноўская — настаўніца, выкладала ў гімназіі маляванне. Як настаўніца — добрая, шчырая, вучні вельмі любілі яе.

Радзюк — настаўнік. Скончыў Віленскі універсітэт, выкладаў фізіку. Пасля вайны жыў у Польшчы.

Карпюк — настаўнік. Скончыў Віленскі універсітэт. Да вайны працаваў дацэнтам ва універсітэце, а пазней выкладаў фізіку ў гімназіі, а пасля вайны — у польскай школе ў Лентварове, там і жыве, мае свой домік. Вельмі важны чалавек. Падчас вайны быў дырэктарам Віленскай беларускай семінарыі.

М. Матэйчук — скончыў Віленскі універсітэт. У Віленскай беларускай гімназіі выкладаў фізіку, а мо нават і хімію. Выехаў у Польшчу.

Р. Падабед — настаўніца, скончыла Віленскі універсітэт, у гімназіі выкладала гісторыю. Працавала даўжэйшы час. Зараз працуе ў вячэрняй школе № 2 на Звярынцы, таксама выкладчыцай гісторыі. Выйшла замуж за літоўца — прафесара Віленскага універсітэта.

Праф. Каліноўскі — настаўнік, паляк, выкладаў польскую мову. Чалавек добрай душы, мяккага сэрца, лёгкага характару. Вельмі любіў жартаваць з вучнямі, а вучні гэтую ягоную слабасць выкарыстоўвалі, што адмоўна адбівалася ў навуцы. Трапіў у аварыю, паламаў нагу, даўжэйшы час хадзіў з мыліцай. Памёр да вайны, дзе пахаваны — не ведаю. Пасля яго ў гімназіі польскую мову выкладаў Швэхловіч. Вучні называлі яго «зглоска». Па характары да вучняў быў вельмі «востры». Вучні яго вельмі баяліся, гэтак, як настаўніка М. Заморына, які выкладаў беларускую мову, гімнастыку і нейкі час царкоўнаславянскую мову.

Я. Шнаркевіч — настаўнік, у гімназіі выкладчык геаграфіі. Чалавек спакойны, зраўнаважаны, з мяккім і гуманным сэрцам. Дапамагаў вучням чым мог: шыў чаравічкі і прыносіў у прытулак гімназіі. Зараз жыве, мае ўжо 87 гадоў, жыве па вуліцы Пакрашчу, 39 у г. Вільні1.

Пані Н. Шнаркевіч — яго жонка — вельмі слаўная як кабета, а таксама сведамая беларуска. Даўжэйшы час ляжыць у ложку спаралізаваная. Характэрна, што, нягледзячы на пажылы век, мае вельмі добрую памяць.

На пачатку існавання Віленскай беларускай гімназіі настаўнічалі: ведамы беларускі пісьменнік, аўтар беларускіх падручнікаў М. Гарэцкі з жонкаю, выкладалі беларускую мову. Таксама праз нейкі час настаўнічаў А. Смоліч — аўтар падручніка геаграфіі.

У Віленскай беларускай гімназіі быў настаўнікам Г. Багдановіч, выкладаў геаграфію, пазней выехаў у Менск. Які ягоны лёс — не ведаю.

Савіцкі — настаўнік, выкладчык гісторыі, паважаны чалавек, праўда, не доўга ён працаваў у Віленскай беларускай гімназіі, выехаў, наколькі памятаю, ва Усходнюю Беларусь.

Пазней шмат яшчэ настаўнічала маладых настаўнікаў, якіх прозвішчы не прыпамінаю, бо шмат мінула гадоў.

Віленская беларуская гімназія, як я ўспамінаў, закладзена ў 1919 годзе, спачатку знаходзілася па вуліцы Вастрабрамскай, № 9. Перад самай вайной была перанесена на вуліцу Дамініканскую. Падчас нямецкай акупацыі знаходзілася па вуліцы Вастрабрамскай, № 29. У 1945 годзе была далучана да рускай гімназіі Чарняхоўскага, якая знаходзілася нейкі час па вуліцы Нямецкай.

Вось так закончылася гісторыя Віленскай беларускай гімназіі.

Шмат матэрыялу аб беларускіх гімназіях пададзена ў літаратурным часопісе «Шлях Моладзі», які выдаваўся ў Вільні. Успамінаецца праследаванне вучняў гімназіі польскай паліцыяй за прыналежнасць да камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Усе падзеі, якія ў той час адбываліся, друкаваліся ў беларускіх часопісах, газетах, якія выдаваліся ў Беларускай друкарні імя Францішка Скарыны. Друкарня была размешчана па вуліцы Людвісарскай, № 1, Завальнай, № 6 — 10, пазней па Завальнай, № 1.

Апрача таго, яшчэ друкавалася беларуская прэса ў друкарні Левіна па вуліцы Нямецкай, № 22. Апрача гэтай друкарні шмат кніжак выпускала друкарня Клецкіна па вуліцы М. Стэфанаўскай.

Вось у кароткіх нарысах апісаў я Беларускі прытулак у Вільні і Віленскую беларускую гімназію. Безумоўна, матэрыялу было сабрана вельмі шмат, але, з пэўных прычын, не хацеў пашыраць гэтай гісторыі і таму абмежаваўся вельмі кароткімі момантамі, урыўкамі, успомніў добрых і шчырых людзей, каторыя працавалі для Бацькаўшчыны!

1970

 

1 Памёр у 1978 годзе.

Беларуская друкарня імя Францішка Скарыны ў Вільні

У верасні 1927 года я паступіў у Беларускую друкарню імя Францішка Скарыны, якая размяшчалася па вуліцы Людвісарскай, № 1 у г. Вільні. Неўзабаве таксама паступіў туды і Альфонс Шутовіч, і так нас дваіх прынялі вучыцца на наборшчыкаў-друкароў. У той час у друкарні ўжо працаваў Язэп Найдзюк. Кіраўніком друкарні быў Аўрыцэвіч, несімпатычны чалавек. Да яго ў друкарні працавалі Вольскі, Паплаўскі. Паплаўскі лічыў сябе беларусам, а Вольскі — палякам. Абодва п’яніцы, што зараблялі, тое і прапівалі, а сям’я заставалася без хлеба. Пазней працаваў наборшчыкам В. Малей — беларус, родам недзе з Пастаўшчыны, а мо і з Браслаўшчыны — добра не памятаю. Нам з ім прыходзілася даўжэй працаваць, добры, шчыры чалавек, заўсёды быў на месцы, не выскачка, усе паважалі яго як чалавека і добрага працаўніка друкарні. Пазней не памятаю, што з ім сталася, ці быў звольнены з прычыны недахопу працы, а ў той час вельмі многа друкароў былі без працы — у друкарнях быў застой, не хапала працы, звальнялі, і працаўнікі былі ў вельмі цяжкіх матэрыяльных умовах. Хто належаў да прафсаюза друкароў, таму плацілі ў тыдзень дзесяць злотых, а хто не належаў — заставаўся без капейкі, а сям’ю трэба было пракарміць і апрануць. Такіх беспрацоўных было вельмі многа, лічыліся ў Польшчы сотнямі тысяч, яны часта выходзілі на вуліцы з пратэстамі і дэманстрацыямі.

У Друкарні імя Ф. Скарыны я і Шутовіч Альфонс спачатку былі вучнямі, гэта значыць пасланцамі, куды трэба і дзе трэба пасылалі выканаць справы, як, напрыклад, хадзіць за паперай на Завальную вуліцу, насіць матрыцы да Стоцкага ў працоўню, якая знаходзілася на вуліцы Татарскай, і г. д. Калі было трохі вольнай хвіліны, станавіліся да касты і вучыліся набіраць тэкст, які даставалі ад Найдзюка. Найдзюк ужо быў памочнікам Аўрыцэвіча.

У друкарні працавалі: на машыне Антон Ходзька, паляк — працаваў аж да канца, гэта значыць да прыходу савецкай улады. Чалавек вельмі добрага характару, ведаў беларускую мову, у друкарні з намі заўсёды гаварыў толькі па-беларуску. Мне з ім найбольш прыходзілася бачыцца, бо я працаваў у наборнай і на машыне. У гэтым выпадку выяўляў незадаволенасць з маёй працы на машыне, добра ведаў, што ў будучым можа застацца без працы і таму паказваў неахвотна, а часам стараўся завясці ў заблуду. Я добра яго разумеў і спрабаваў без ягонай навукі абысці ўсё бокам, самому зразумець, як браць форму на машыну і ў які спосаб расставіць старонкі на машыне. Шаснаццаць старонак вельмі лёгка давалася, а трыццаць дзве вельмі цяжка, але з часам я і гэта зразумеў. З Вільні ён выехаў у Польшчу і там памёр, засталася адна жонка, сынок загінуў у час вайны.

Калі ўжо была мова аб Найдзюку, дык хацелася б хоць у некалькіх словах успомніць Найдзюка і Альфонса Шутовіча.

Язэп Найдзюк родам з Ваўкавышчыны — пляменнік пасла Ярэміча, каторы і дапамог Язэпу Найдзюку паступіць у друкарню, да гэтага часу ён быў кантралёрам у аўтобусе. У той час аўтобусы былі індывідуальнымі, дык вось такі аўтобус купіў Більдзюкевіч, беларус, нейкі час ён быў старшынёй Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. Вось Найдзюк і быў у ягоным аўтобусе кандуктарам — прадаваў білеты. Пазней Більдзюкевіч зліквідаваў свой аўтобус і залажыў у Вільні Гандлёвыя курсы з пісаннем на машынках. Язэп Найдзюк паступіў у Друкарню імя Францішка Скарыны ў Вільні на год раней ад мяне, гэта значыць у 1926 годзе. Я паступіў у 1927 годзе, а Альфонс Шутовіч на некалькі месяцаў пазней. Жылі мы ўтрох пры друкарні, спалі на зямлі, на падлозе, на саламяных матрацах. Было холадна і голадна, але верылі, што ў будучыні будзе лепш жыць і працаваць. Пазней Найдзюк узяў з вёскі свайго брата Чэся, які вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі. Па сканчэнні гімназіі паступіў у Віленскі універсітэт на права і закончыў. Не ведаю, які ягоны лёс у далейшым. З Язэпам Найдзюком давялося працаваць разам да 1941 года. Ведаю добра, што ён быў жанаты на Олі Калядзе, якой бацькі жылі на вуліцы Людвісарскай, працавалі вартаўнікамі — прыбіралі вуліцу. У Олі Каляды былі дзве дачкі і адзін сын. Старэйшую дачку звалі Рэня, малодшую — Люся, а сына — Янка, усе жывуць у Вільні. Сам Найдзюк цяпер жыве ў Польшчы1. Дзеці ездзілі да яго ў госці. Язэп у Вільню не прыязджаў.

З Альфонсам Шутовічам працавалі таксама да 1941 года. У час акупацыі ён выехаў працаваць на Беларусь. Пасля вайны ён вярнуўся з Беларусі, а ў 1945 годзе быў забраны органамі бяспечнасці і ў Старой Вялейцы памёр ад тыфусу. Пакінуў толькі жонку І. Шутовіч, якая зараз жыве ў Вільні на вуліцы Жырмуну, атрымлівае пенсію па старасці.

Трэба сказаць, што мы з ім шмат гора мелі — не соладка было насіць паперу, матрыцы, фарбу і іншыя друкарскія прылады. Вечная яму памяць!..

Трэцім вучнем паступіў у друкарню М. Рэшатаў, брат У. Рэшатава, які працаваў друкаром на грамадаўскіх газетах у друкарні Левіна па вуліцы Нямецкай, № 22. Памёр, пакінуў жонку. Добра не памятаю — меў дзяцей ці не, здаецца, што не было. М. Рэшатаў у нашай друкарні не працаваў з прычын нячэснасці, якую праявіў падчас працы. Звольнены з друкарні, не ведаю куды паступіў на працу і дзе зараз жыве.

Даўжэйшы час у нашай друкарні працаваў Баўман, паляк, часта яго выбіралі старшынёй прафсаюза друкароў Вільні. Між іншым, ведаў беларускую мову і нават нядрэнна, а быў чалавек з галавой. Адна бяда была, што вельмі піў, атрыманыя грошы прапіваў, дома дзеткі галадавалі, а было дзетвары многа. Пасля вайны жонка яго пакінула ў Вільнюсе, а сама выехала ў Польшчу.

Аднойчы, калі я вяртаўся са школы дамоў, а працаваў настаўнікам у Павільнісе, дык спаткаў яго на вуліцы Кам’яўніма і проста сваім вачам не верыў, як ён выцягваў руку і прасіў у праходзячых капейку на жыццё. Я дастаў тры чырвонцы і даў яму. Ён горка заплакаў... Мне больш і не давялося яго сустрэць.

Пазней я даведаўся, што ён жыў у сваіх родных на вуліцы Полацкай, памёр, і Адам Станкевіч яго пахаваў на Бернардынах...

Варта было б успомніць яшчэ аб адным друкары — Багаткевічы. Сябе ён лічыў беларусам, працаваў даўжэйшы час, чалавек быў нячэсны, несумленны. Смяяліся ўсе друкары: «Багаткевіч ужо ўсе сцежкі вытаптаў, ходзячы з скаргамі на друкароў да гаспадароў друкарні...»

Пазней залажыў сваю друкарню ў Вільні. Як доўга існавала — адмаўляюся напісаць. Ведаю добра ягоную дачку, якая разам са мною працавала ў сярэдняй школе — выкладала матэматыку. Вось аднойчы паведаміла школу, што яе бацька памёр. Адміністрацыя школы даручыла мне дапамагчы ў паховінах Багаткевіча. Выканаў я свой абавязак ад пачатку да канца. Пахавалі яго на праваслаўных могілках Быліны.

 

1 Памёр у 1984 годзе.

ВЫБАРЫ Ў ПОЛЬСКІ СОЙМ

У 1928 годзе праходзілі выбары ў польскі Сойм. У гэтых выбарах прымалі ўдзел і беларусы. Беларусы падзяліліся на тры групы: Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, Грамада, і, як іх называлі, трэцяя група — Беларускія палянафілы.

Працы ў друкарні было вельмі шмат: трэба было многа друкаваць лістовак для прапаганды, а яшчэ больш — гэта нумары, з якімі выбаршчыкі ідуць на выбары. Спаць не было калі, як дзень, так ноч грымела машына «плаская» — вялікая, а таксама і малая, на якой друкаваліся меншыя работы. Дык вось, на малую машыну паставілі мяне. Ну і далася яна мне ў знакі, што доўга забыць не мог.

Можа, хто падумае, што добра зарабляў? Не, плацілі вучнёўскую стаўку спачатку — пяць злотых у тыдзень, а пазней трохі больш. Пражыць было вельмі цяжка. Не раз Язэп Найдзюк дзяліўся сваёй зупай, якую гатаваў на прымусе. Кандыдаты ў паслы часта прыходзілі ў друкарню глядзець, як ідзе праца, але ніхто не спытаў, ці ты працуеш пад’еўшы, ці галодны, а толькі іх цікавіла, як хутка гэтыя афішы, лістоўкі, нумары будуць надрукаваны.

 

МІТЫНГ У ЗАЛІ КРЭНГЕЛЯ ПА ВУЛІЦЫ ЛЮДВІСАРСКАЙ, ЯКІ ПРАВОДЗІЎ ДВАРЧАНІН

Вокны друкарні выходзілі на вуліцу Людвісарскую, можна сказаць, проста ў вокны залі Крэнгеля. Чым жа гэтая заля была ведамая ў той час? А вось чым. У гэтай залі вельмі часта праводзіліся маніфестацыі польскай лявіцы ці, як называлі, «ППСлявіцы». У гэтую лявіцу ўваходзілі ўсе нацыянальнасці, якія знаходзіліся пад Польшчай: палякі левых поглядаў, беларусы, літоўцы, яўрэі і іншыя — уся апазіцыя. Выступалі прамоўцы розных нацыянальнасцей, асабліва перад Першым Мая. Часта падчас выбараў праз вокны залі выкідваліся лістоўкі антыўрадавыя і іншая літаратура. У гэтым месцы можна было заўважыць няпрошаных гасцей, і таму здараліся частыя канфлікты паміж дэманстрантамі і паліцыяй. Вельмі часта нас цікавілі гэтыя зборы, і мы заходзілі ўсярэдзіну залі, прыглядаліся да прамоўцаў і прысутных. Слухалі прамовы, якія гаварылі выступаючыя.

Аднойчы трапілі перад Першым Мая. Выступаў беларускі пасол у польскі Сойм Дварчанін. Выступленне яго было даволі агрэсіўным, і таму польская паліцыя не магла перанесці ягоных крыкаў супраць урада і паноў. Паліцыя пачала разганяць народ, а Дварчаніна моцна патурбавалі. Паход пайшоў на вуліцу Вялікую, а там напала конная паліцыя. Многа было патурбаваных грамадзян, а ў тым ліку і самога пасла Дварчаніна даволі моцна пабілі. Такіх сцэнак можна было бачыць даволі часта.

Калі адбывалася маніфестацыя на вуліцы, то заўсёды можна было заўважыць няпрошаных людзей, якія правакавалі паходы.

Адно трэба сказаць, што Дварчанін быў вельмі адважным чалавекам, ішоў проста ў агонь, не спыняўся ні перад кім і чым. Ведаў я яго, яшчэ калі ён нейкі час у Віленскай беларускай гімназіі выкладаў беларускую мову, любілі яго вучні і часта аб ім добра ўспаміналі. Выдадзена ёсць ягоная «Беларуская хрэстаматыя» і, па-мойму, яшчэ мусіла б быць нешта выдадзена, не прыпамінаю.

Яшчэ хочацца ўспомніць, што на гэтай вуліцы Людвісарскай знаходзілася «Беларуская Хатка», якая была ведамая на ўсю Вільню. Больш шырока пісаць аб гэтай хатцы не варта. Па-мойму, яна нічога добрага не прынесла для беларускага народа, а сама назва яшчэ нічога не гаворыць.

У той час я яшчэ не арыентаваўся ў гэтых правіцах і лявіцах і таму глядзеў на ўсё як на адну цэлую арганізацыю пілсудчыкаў. Пазней, калі давялося спаткацца з Дэмбінскім, Путрамэнтам і іншымі палякамі, паслухаць іх выступленні, тады стукнулі ў галаву іх разбежнасці...

 

ЯКАЯ ПРЭСА ДРУКАВАЛАСЯ Ў ДРУКАРНІ ІМЯ ФРАНЦІШКА СКАРЫНЫ Ў ВІЛЬНІ

Трэба адзначыць, што ў той час у Заходняй Беларусі выходзіла вельмі мала газет і часопісаў, нягледзячы на яе насельніцтва — не менш трох мільёнаў. Мусіла б выдавацца вельмі многа і ў вялікай колькасці, аднак так не было. Прычыны гэтаму наступныя:

Польскія паны і паліцыя праследавалі беларусаў.

На беларускіх землях праводзілася поўная паланізацыя беларускага насельніцтва.

Касцёл, абсаджаны польскімі ксяндзамі, праводзіў сярод беларусаў аграмадную палітыку паланізацыі.

Школ было вельмі мала, і тыя пад наглядам польскіх уладаў.

Беларускае насельніцтва было вельмі беднае, не мела грошай і не магло дапамагчы ў выдавецтве беларускай прэсы.

Вось асноўныя прычыны беднаты беларускага друку ў Заходняй Беларусі. Аднак, нягледзячы на ўсе перашкоды, друкаваліся ў Беларускай друкарні імя Францішка Скарыны ў Вільні наступныя газеты і часопісы: «Беларуская Крыніца», «Сялянская Ніва», «Хрысціянская Думка», «Калоссе», «Шлях Моладзі», «Самапомач», «Зорка» для дзяцей і многа, многа іншых.

Апрача газет і часопісаў выходзілі кніжкі — Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Максіма Танка, Міхася Машары, Таўлая, Іверса, Васілька, А. Станкевіча, Грынкевіча, Семашкевіча і цэлы рад іншых кніжак, якія выйшлі з друку вышэй успомненай друкарні. Вось гэты друк — гэта кропля вады для Заходняй Беларусі.

Праўда, яшчэ друкаваліся газеты і кнігі ў другіх друкарнях — Левіна па вуліцы Нямецкай і Клецкіна па вуліцы Малой Стэфанаўскай.

 

БЕЛАРУСКІ КАЛЯНДАР НАСЦЕННЫ І КНІЖКА

Хацелася б успомніць аб друку календароў. А гэта ў сваім часе мела вялікае значэнне. У той час панская Польшча старалася як найбольш засыпаць беларускія хаты польскім календаром.

Беларусы спачатку выдавалі каляндар-кніжку, а што датычыць календара насценнага, дык праблема была вельмі цяжкая. З аднаго боку, дазвол на друк календара, а з другога — фінансавая справа. І гэтак праз даўжэйшы час выходзіла толькі кніжка «Каляндар гаспадарчы».

Пазней пачаў выходзіць насценны каляндар у колькасці ста тысяч. Выдаўцамі былі тры кнігарні: «Пагоня», Станкевіча і Манкевіча — Мятлы (добра не прыпамінаю, ці гэта кнігарня была яшчэ Манкевіча ці ўжо Мятлы). Мала таго, найбольш працы ўкладвала ў гэты каляндар Друкарня імя Францішка Скарыны. Машын ратацыйных не было, а трэба было друкаваць на пласкай машыне, а яна больш не давала друку, як у гадзіну толькі 1800 аркушаў. Вось праз усё лета і грымела машына над гэтым календаром.

З боку эстэтычнага каляндар аформлены быў удала, толькі, на жаль, трэба сказаць, што першы год прайшоў праз польскую адміністрацыю даволі лёгка, а вось на наступны год ужо выдаваўся з вялікімі перашкодамі. Па выдрукаванні трэба несці да старасты гарадскога ці, як ведама ўсім, да пана Вульфа, які ведаў беларускую мову і правяраў змест беларускіх газет, кніжак, календароў і іншага. Шмат не гаворачы, пачалі канфіскаваць беларускі насценны каляндар, каб не пусціць яго ў беларускія вёскі, а ён сваю працу рабіў. Дык вось паны і баяліся — стане перашкодай для польскага календара. Безумоўна, што беларусы яму не ўступалі, дэлегаты хадзілі да ваяводы і там даказвалі, што змест календара не мае палітычнага характару, што гэты каляндар чыста гаспадарчы і г. д. І вось як польская адміністрацыя ў рэшце рэшт рабіла: пратрымае гэты каляндар да таго часу, пакуль не разыдзецца польскі, а потым здымае «арышт», накладзены на каляндар.

Праўда, мы таксама ўхітрыліся ў такі спосаб: давалі інтралігатару (пераплётчыку) толькі некалькі экземпляраў, апошнія трымалі ў сябе. Калі наступае канфіската, то забіраюць толькі тыя экземпляры, якія былі ў пераплётчыка. Праўда, нас лаюць, страшаць арыштам, але па гэтым і заканчваецца. Пазней даведваліся, за якія бачыны сканфіскавалі, выкідвалі і гатовы «новы» каляндар — «другое выданне». Адзін раз яны нам сканфіскавалі другі раз, але ім так лёгка не прайшоў гэты нумар — інтэрвенцыя паслоў у ваяводы зняла канфіскату. Дык вось як даводзілася весці змаганне за беларускі каляндар.

Аўтараў, каторыя пісалі ў календары, было вельмі многа, асабліва шмат пісаў У. Паўлюкоўскі (Улад-Ініцкі). Жыў ён спачатку ў Беларускім інстытуце гаспадаркі і культуры, пазней пры рэдакцыях, жыў вельмі бедна, цяжка працаваў на кавалак хлеба. Займаўся рысаваннем і ненайгорш у яго выходзіла. Вось ён многа вельмі пісаў у каляндар-кніжку: ягоныя матэрыялы былі гаспадарчыя, розныя парады для гаспадароў, а таксама падаваў надвор’е паводле Бруса. Трэба сказаць, што ў той час, калі ў календары не было змешчана аб надвор’і, дык такі каляндар не меў поспеху ў рэалізаванні. Другім такім аўтарам быў Свістун — рэдактар «Сялянскай Нівы». Ён таксама падаваў шмат матэрыялаў да календара.

Выбіраліся таксама матэрыялы з гаспадарчых часопісаў — «Саха», «Самапомач» і г. д. Вокладку календара заўсёды афармляў У. Паўлюкоўскі — краявід нашай беларускай вёскі — пераважна зімою. Даволі ўдала выглядала афармленне, асабліва «зіма» на вёсцы беларускай. У. Паўлюкоўскі апошнім часам працаваў у музеі Пушкіна ў Вільні. Пазней быў затрыманы органамі бяспекі. Вярнуўшыся да сваёй хаты ў Вільні, якая была па вуліцы Ванвозы,— памёр. Пахаваны на могільніку Росы. Пастаўлены сціпленькі помнічак.

У «Шлях Моладзі» пісалі вершы, прозу і іншыя матэрыялы з вёсак, мястэчак і гарадоў беларусы, каторыя пачыналі толькі свой першы крок у жыцці. Сёння гэтыя людзі выйшлі на шырокую дарогу — Максім Танк, Міхась Машара, Васілёк, Таўлай, Іверс, Тарасюк і цэлы шэраг іншых, аб каторых цяжка і ўспомніць, а было іх вельмі шмат. Рэдактарам «Шляху Моладзі» быў Язэп Найдзюк. Праз нейкі час быў Мар’ян Пяцюкевіч, друкаваў у «Шляху Моладзі» многа этнаграфічных матэрыялаў. У рэдакцыйнай калегіі былі: Пяцюкевіч, Тарасевіч, Шутовічы А. і І. і Янка Багдановіч. Маё прозвішча было пастаўлена як выдаўца, за што давялося шмат пагараваць на Поўначы.

У часопісе «Калоссе» працавалі ўсе пісьменнікі Заходняй Беларусі. Рэдактарам быў Янка Шутовіч. Яму таксама давялося пабываць у Карагандзе. Памёр у 1973 годзе ў Вільні, пахаваны ў Павільнісе побач былога беларускага пасла на польскі Сойм Ярэміча.

Гаспадарчым часопісам апекаваўся і быў рэдактарам Адольф Клімовіч, каторы закончыў аграномію ва універсітэце ў Чэшскай Празе. У 1952 годзе праз даўжэйшы час знаходзіўся ў Інце. Вярнуўшыся ў Вільню, памёр 11 лістапада 1972 года. Пахаваны на могілках ягоных бацькоў Казяны.

Рэдактарам «Хрысціянскай Думкі» быў вядомы беларус кс. А. Станкевіч. Памёр у 1949 годзе. Між іншым, ён і быў гаспадаром друкарні, магчыма, нейкі ўзнос меў і Ярэміч Фабіян, але найбольшы голас меў Адам Станкевіч.

Рэдактарам «Сялянскай Нівы» быў Свістун, а выдавалася гэта газета Фабіянам Ярэмічам.

Вось коратка ўспомнена гісторыя працы ў той час у Друкарні імя Францішка Скарыны ў Вільні.

 

ПЕРАМЯШЧЭННЕ ДРУКАРНІ З ВУЛІЦЫ ЛЮДВІСАРСКАЙ, № 1 НА ВУЛІЦУ ЗАВАЛЬНУІО, № 6—10 І № 1

Прычыны на перанос склаліся наступныя: у друкарні па вуліцы Людвісарскай, з аднаго боку, паўставалі вялікія цяжкасці адносна цеснаты і не было ніякіх выгодных умоваў да працы, а з другога боку — трэба было шмат плаціць каморнага, што таксама складала цяжкасці фінансавыя.

Пераехаўшы ў новае памяшканне, давялося ўкласці вельмі шмат працы: злажыць машыны, а іх было дзве, адна вялікая, называлася плаская, а другая малая. Паўстаўляць касты ў наборнай — адным словам, пакуль давялі да парадку, прайшло шмат часу.

Занятыя ўсе пакоі, за выняткам аднаго, у каторым мы ўтрох: Я. Найдзюк, А. Шутовіч і я. Паставілі ложкі і праз нейкі час жылі, пакуль не пажаніліся. У гэтай друкарні друкаваліся ўсе тыя газеты і часопісы, якія выдаваліся і па вуліцы Людвісарскай. Трэба адзначыць, што быў адведзены пакойчык на кіёск з беларускімі кніжкамі. Рэалізавала іх Ізабэля Шутовіч, жонка Альфонса Шутовіча. Пры гэтым кіёску размяшчаўся і Беларускі Камітэт. У Камітэце можна было часам спаткаць і беларускіх паслоў Ярэміча, Стэповіча і іншых, якія наведвалі яго. Пазняк, рэдактар «Беларускай Крыніцы», і далей жыў з сям’ёй па вуліцы Людвісарскай, № 1. Пад гэтым нумарам Друкарня імя Францішка Скарыны прабыла да 1935 года. Праўда, гэта памяшканне не зусім адпавядала санітарным патрабаванням, а найважнейшае тое, што жыхары гэтага дома часта падавалі скаргі, што друкарня перашкаджала ім спаць. Стараліся ўначы не працаваць, але былі і выняткі, калі трэба было тэрмінова надрукаваць газеты ці календары.

Праца ў друкарні была нялёгкай, бо ў машынным памяшканні было даволі цёмна, а ў наборных вокны выходзілі на вуліцу Завальную, а гэта вуліца вельмі рухлівая, вечны шум і стук, а яшчэ і машына даволі моцна грукала, проста жыць і працаваць было вельмі цяжка. Але чалавек да ўсяго прывыкаў.

У 1936 годзе прыйшлося друкарню пераносіць на другі бок вуліцы Завальнай — у дом № 1. Як кажуць, ізноў пачалася валакіта — разбіраць машыны, часцямі пераносіць, касты з літарамі таксама перастаўляць, але ўжо гэтае памяшканне больш падыходзіла пад друкарню, а ў дадатку і немалая заля таксама належала да беларусаў. У гэтай залі арганізавалі вечары, канцэрты, даклады і г. д. Можна было праводзіць культурна-масавую працу сярод беларускага насельніцтва. А беларусаў у той час у Вільні было нямала. Нават касцёл і царква былі адпушчаны для беларусаў-католікаў і праваслаўных. У гэтым доме нават і рэдактар Пазняк знайшоў куток для сваёй сямейкі. Сям’я яго складалася з двух сыноў, жонкі і яго самога. Адзін пакойчык адпусцілі для беларускіх студэнтаў, якія вучыліся ў Віленскім універсітэце. А ў той час нямала было нашых студэнтаў ва універсітэце. Адзін пакой быў адпушчаны пад кніжны кіёск і невялікі склад на кніжкі.

У друку нічога не змянілася, заставалася ўсё па-даўнейшаму. У наборнай засталіся мы ўтрох, а ў машынных адзін толькі Ходзька, паляк, аб ім ужо ўспаміналася.

Дом, у каторым размясцілася друкарня, належаў да кальвінаў, а кіраўніком дамамі быў літовец Каросас. Ён быў добры чалавек: бывала, прыйдзе ў друкарню і даволі цікава ахарактарызуе віленскіх літоўцаў, а ведаў усіх вельмі добра. Прыходзіў вельмі часта па грошы, гэта значыць кожны месяц не даваў спакою. Мы яго называлі «карась». Памёр, дзе пахаваны — не ведаю, думаю, што па вуліцы Каліноўскага.

Вось вельмі коратка ўспомнена праца, якая адбывалася ў друкарні па вуліцы Завальнай, № 1.

Ужо падыходзіла завіруха, Гітлер рыхтаваўся напасці на Польшчу. Палякі рыхтаваліся да вайны. Вялікі цяжар паў на беларусаў, літоўцаў, украінцаў і другія меншасці. Пачаліся арышты, праследаванне беларусаў. Мяне выклікалі на вуліцу Святаянскую і папярэдзілі, што калі дзе будзеш умешвацца, дык адразу ў Вільні не будзеш. Язэп Найдзюк, Альфонс Шутовіч, Янка Шутовіч, Уладзіслаў Паўлюкоўскі былі забраны ў Бярозу-Картузскую. Вярнуліся пасля таго, калі Заходняя Беларусь была вызвалена савецкімі войскамі.

18 верасня 1939 года Чырвоная Армія вызваліла горад Вільню і далучыла да Заходняй Беларусі. У нашу друкарню прыйшлі рэдактары з Менска: Васілеўскі, Бураў, прынеслі да друку на беларускай мове пракламацыю да насельніцтва г. Вільні. Прыйшлося мне набраць, а на машыне таксама ўмеў працаваць. Заказ быў выкананы. Ад гэтых рэдактараў я атрымаў назначэнне загадчыкам Друкарні імя Францішка Скарыны.

Няшмат дзён давялося быць загадчыкам друкарні, бо ўсе друкарні былі сцэнтралізаваны ў адным будынку на пляцы Гедыміна, у той час гэта вуліца называлася Біскупяй, а сёння Талат-Кялпшы, дзе зараз знаходзіцца Міністэрства пошт і тэлеграфу. У гэтай друкарні выходзілі беларускія газеты: «Віленская праўда», «Свабодная Беларусь», «За свабоду». Галоўным рэдактарам гэтых газет быў Охэнгейм, па нацыянальнасці яўрэй. У рэдакцыі працаваў Краўцоў Макар, праўда што, не доўга. Жонка пасля таго выпадку жыла даўжэйшы час у Вільні і толькі пасля вайны памерла.

У наборных, апрача нас траіх, працавала вельмі многа палякаў, між іншым, некаторыя працавалі калісьці ў Друкарні імя Фр. Скарыны, як Баўман, Маркоўскі, Ківілса, Урбановіч і іншыя. Працавалі пераважна ўначы, мелі начныя пропускі, было ваеннае становішча. Вельмі часта, калі вярталіся з працы дахаты, правяралі пропускі. Многія цікавіліся жыццём горада да вайны. Трэба было ў кароткіх нарысах расказаць тое, што іх цікавіла.

Мінула няшмат месяцаў, як усё пачынае мяняцца. Горад Вільнюс перадаюць літоўцам. Літоўскія войскі займаюць, а савецкія адыходзяць далей за горад. Пачынаецца ізноў перамена ў жыцці. Друкарню перавозяць на Беларусь у мястэчка Старая Вялейка. Туды ж пераязджае і рэдакцыйны калектыў. Няшмат машын засталося, у тым ліку і наша вялікая плаская машына. Віленскія беларусы прыступілі да мантажавання і ўстанаўлення новай Друкарні імя Францішка Скарыны. Незадоўга пачалася праца ўжо ў літоўскай сталіцы Вільнюсе.

Пры літоўскай уладзе Друкарня імя Францішка Скарыны яшчэ існавала, выходзіла «Беларуская Крыніца», «Хрысціянская Думка» і іншыя. «Шлях Моладзі» ўжо не выходзіў. У чэрвені месяцы 1940 года Літва стала Савецкай Рэспублікай. У друкарні пайшлі змены, перасталі друкавацца вышэй успомненыя газеты, а на іх месца пачала выдавацца «Камсамольская праўда» на польскай мове. Рэдактарам быў Пракаповіч, начным рэдактарам Чэслаў Будзька, сын Эдварда Будзькі, беларускага кааператара.

У рэдакцыі працавала Качаргінская — галоўны цэнзар газеты, па нацыянальнасці яўрэйка, і Вінаградаў, рускі па нацыянальнасці. Газета выходзіла штодзень, набіралі яе мы ўтрох, г. зн.: Найдзюк Язэп, Шутовіч Альфонс і я, а іншыя былі ўзятыя з другіх друкарняў, а можа, нават з прафсаюза друкароў, які ў той час быў у Вільні. Плацілі за працу вельмі неакуратна. На гэту газету на польскай мове ніхто не вызначаў грошы, і рэдактары мусілі па цэлых днях хадзіць па арганізацыях прасіць сродкі на зарплату працаўнікам. Сядзелі, як кажуць, па вушы ў даўгах. З кожным днём іх становішча пагаршалася, і, нарэшце, перасталі выдаваць «Камсамольскую праўду». Куды рассыпаліся выдаўцы — цяжка сказаць. Пасля я некаторых спатыкаў: Качаргінская працавала ў рэдакцыі «Цеса», Пракаповіч — па будове мастоў, Вінаградаў жыў у Вільні, а дзе працаваў — не ведаю, Будзьку немцы вывезлі ў Германію.

 

ДРУКАРНЯ«РАЙДА»

Пасля ўсяго гэтага Язэп Найдзюк паступіў у друкарню «Райда» і стаў яе кіраўніком. Пазней забраў мяне ў гэту друкарню, а праз некалькі месяцаў — і Альфонса Шутовіча забралі працаваць у друкарні. Так вось ізноў усе мы разам працавалі. Праца была нялёгкай: газеты тут не выходзілі, а праца заключалася ў табелях бухгалтэрыі. Праўда, у нашай друкарні такой працы было вельмі мала, дык спачатку давялося пакруціць галавою, але хутка апанавалі тэхніку і норму выконвалі спраўна і лёгка.

Пачалася вайна. 1941 год. З прыходам гітлераўскіх немцаў тая ж праца табелечная працягвалася, але, трэба сказаць, намнога паменшала, і вось перад дырэкцыяй стаяла праблема — часць працаўнікоў звольніць з работы. На кіраўнічым становішчы Язэп Найдзюк ужо не быў, яго месца заняў літовец Кунцэвічус. Зразумела, што ўсіх нас трох ён звольніў з працы. Мы засталіся беспрацоўнымі, хаця надта не шкадавалі, бо атрыманыя маркі амаль ніякага значэння не мелі, апрача таго, што можна было выкупіць прадукты, якія давалі на талоны, ці, як іх называлі, «картачкі».

На гэтым наша праца друкарская і закончана. Настаў новы час у жыцці — вайна, кашмар, бамбёжка горада Вільнюса, нішто не міла. Трэба сказаць праўду, што ніхто да працы і не гарнуўся, кожны стараўся пражыць без працы: паехаць у горад Менск, купіць якіх шматаў і завезці ў Літву, каб выменяць на хлеб і іншыя прадукты.

Разышлася наша тройка: Язэп Найдзюк выехаў на працу ў горад Менск, Альфонс Шутовіч у мястэчка Смаргонь, а я з сям’ёй застаўся ў Вільні. Жыў я тады па вуліцы Чарнаса, а раней гэту вуліцу называлі Плютановай. Усе бамбёжкі, якія адбываліся ў нашым горадзе, неяк шчасліва абмінулі наш домік. І толькі ў 1967 годзе, калі пачалася ў гэтай мясцовасці пабудова вялікіх дамоў, наш домік быў знесены, і мы атрымалі памяшканне на вуліцы Жырмуну.

 

ЗАКЛЮЧЭННЕ АБ ПРАЦЫ ДРУКАРСКАЙ

Калі хто спытае, што добрага і карыснага дала Друкарня імя Францішка Скарыны ў Вільні?

На гэта адказ просты. Калі б беларусы не мелі сваёй друкарні ў Вільні, дык я з пэўнасцю, з адкрытым сэрцам магу сказаць: тае працы, якую выпускала друкарня з сваёй кузні — безумоўна не было б зрэалізавана. Па-другое, каб усё тое, што друкавалася ў Друкарні імя Францішка Скарыны, раскінуць на іншыя, польскія друкарні — пра гэта нават і мовы не было. Польскі шавінізм стараўся не дапусціць беларускі друк у масы. Праводзілася паланізацыя беларускага народа. Па-трэцяе, Друкарня імя Францішка Скарыны групавала каля сябе беларусаў, яе наведвалі ўсе кірункі, як левыя, так і правыя, а беларускае насельніцтва аб гэтай друкарні ведала і наведвала праз увесь час панавання польскай адміністрацыі.

І, нарэшце, гэта пляцоўка ў той час адыграла каласальную ролю ў жыцці Заходняй Беларусі.

Вывады такія, што многія памяталі і да сёння памятаюць гэту культурную ўстанову, асабліва тыя паэты, каторыя рабілі свае першыя крокі ў літаратуры: Міхась Машара, Максім Танк, Таўлай, Васілёк, Іверс, Тарасюк, Явар, Леанід з-пад Вішнева і цэлы шэраг іншых маладых літаратараў, некаторыя з якіх зараз з’яўляюцца вядомымі беларускімі пісьменнікамі.

Тут ужо было ўспомнена аб друкарах, якія працавалі ў беларускай друкарні і ў газетах. Хацелася б аб некаторых успомніць падрабязней, бо многія з іх прычыніліся да працы на беларускай ніве. Трэба іх адзначыць хоць у кароткіх нарысах, даць ім характарыстыку на старонках гэтых сціплых лісткоў.

Дык вось і пачну па чарзе з тых, каторыя прыклалі свае рукі да беларускага друку ў трыццатыя гады ў Вільні. Праўда, вышэй ужо ўспаміналася пра іх, але вельмі каротка, дык вось тут я ўжо буду апісваць у больш шырокім маштабе.

Друкары, якія працавалі ў Беларускай друкарні імя Францішка Скарыны ў Вільні:

Язэп Найдзюк паступіў у друкарню ў 1926 годзе. Нарадзіўся ён у 1909 годзе на Ваўкавышчыне ў вясковай сялянскай хаце. Бацька быў малазямельны, жыць было цяжка, і Язэп шукаў выхаду з вёскі. Спачатку паехаў у горад Слонім і там паступіў на першы курс настаўніцкай семінарыі, скончыў адзін курс і пераехаў у Вільню. У той час у Вільні жыццё было вельмі цяжкае, і таму Язэп Найдзюк не мог далей вучыцца, а паступіў спачатку працаваць на аўтобус кандуктарам, а пазней, у 1926 годзе,— у Друкарню імя Францішка Скарыны, каторая размяшчалася па вуліцы Людвісарскай, № 1. У той час загадчыкам друкарні быў Аўрыцэвіч. Язэп Найдзюк працуе вучнем гэтай пляцоўкі. Трэба на гэтых старонках успомніць, што гаспадаром друкарні быў і пасол беларускай фракцыі Ф. Ярэміч, які даводзіўся сваяком Я. Найдзюку. Неўзабаве Аўрыцэвіч быў зняты з кіраўнічай пасады, а на яго месца назначылі Я. Найдзюка. Працуючы ў Беларускай друкарні, Я. Найдзюк запісаўся ў Вільні на курсы бухгалтэрыі Пшэвлоцкай, якія былі на вуліцы Адама Міцкевіча. У каторым годзе ён закончыў — не памятаю. Пазней ён быў рэдактарам часопіса «Шлях Моладзі», які выходзіў у Вільні з 1929 года па 1939 год. Часопіс быў прызначаны беларускай моладзі. Да вайны выйшла ягоная кніжачка пад назвай «Беларусь учора і сёння», частка першая, а ў час нямецкай акупацыі ён выдаў другую частку пад той самай назвай. Працаваў тады ў Менску, кім — не ведаю. Пасля вайны пераехаў у Польшчу і там даўжэйшы час працаваў дырэктарам адной з польскіх друкарняў. Ажаніўся з Калядой. Жонка памерла пасля вайны, пахавана на праваслаўных могілках Быліны, пакінула трое дзяцей: дзве дачкі і аднаго сына. Дзеці і па сяння жывуць у Вільні — жанатыя, маюць дзяцей, Язэп Найдзюк у Польшчы ажаніўся з другой, быццам з настаўніцай-полькай, ад якой меў дачку.

Другім такім друкаром у Беларускай друкарні быў Альфонс Шутовіч, родам з вёскі Шутавічы, непадалёк ад Смаргоні. Нарадзіўся ён у 1909 годзе, а паступіў у Беларускую друкарню ў 1927 годзе. Вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, не скончыў. Ажаніўся з Ізабэляй Шутовіч, якая працавала ў беларускай кнігарні «Пагоня», а пазней — у беларускім кіёску па вуліцы Завальнай.

Альфонс Шутовіч у час нямецкай акупацыі працаваў на Беларусі. З прыходам Савецкай Арміі ў Вільнюс А. Шутовіч вярнуўся ў горад да жонкі, якая жыла па вуліцы Сярбянту, дом № 5. У 1945 годзе Альфонс Шутовіч быў узяты органамі бяспекі. Праз нейкі час знаходзіўся ў зняволенні ў Старой Вялейцы на Беларусі. Пазней захварэў на тыфус і там памёр. Ягоная жонка жыла ў Вільнюсе па вуліцы Жырмуну. Браты Альфонса жылі на вёсцы. Альфонс Шутовіч працаваў у Беларускай друкарні імя Францішка Скарыны да 1941 года. Праўда, некалькі месяцаў ён працаваў у друкарні «Райда», якая размяшчалася па вуліцы Віленскай — пазней Людаса Гіры, № 15 у г. Вільнюсе. Дзяцей у іх не было. Уваходзіў у рэдакцыйную калегію «Шляху Моладзі», які выдаваўся з 1929 па 1939 год.

Трэцім такім друкаром Беларускай друкарні імя Францішка Скарыны быў Янка Багдановіч.

Хацелася б яшчэ ўспомніць пра друкара Уладзіслава Рэшатава. Працаваў ён у друкарні Левіна па вуліцы Нямецкай, № 22. У друкарні Левіна праз увесь час друкаваліся газеты Беларускай Грамады. Назвы гэтых газет будуць пададзены на гэтых лістках ніжэй. Выходзілі газеты з рознымі загалоўкамі, бо часта адбывалася іх канфіската, а законам указвалася: калі дадзеную газету некалькі разоў канфіскуюць, то «маюць права» яе закрыць. Вось так і тут рабілася з грамадоўскімі газетамі, якія выходзілі ў г. Вільні ў друкарні Левіна.

Як ужо ўспаміналася, У. Рэшатаў працаваў наборшчыкам і належаў яшчэ да вайны да камуністычнай партыі (Заходняй Беларусі). Да вайны быў нейкі час кіраўніком беларускага гуртка, каторы знаходзіўся на Новым Свеце. Там жа жыў і сам Рэшатаў з жонкаю. Дзяцей не было, была ў яго толькі сястра, якая звалася Насця, і брат Міша, жылі ўсе разам, а перад самай вайной Насця выйшла замуж, а Міша ажаніўся. Друкар У. Рэшатаў памёр. Насця выехала ў Польшчу, а Міша — не ведаю, дзе ён зараз.

Вось адзін абразок, аб каторым мне расказваў Рэшатаў і аб якім я вельмі коратка ўспомню. А было гэта так.

Аднойчы У. Рэшатаў задумаў пакінуць панскую Польшчу і перайсці граніцу польска-савецкую, каб застацца жыць у Савецкай Беларусі.

Выбраўся аднойчы, паехаў у Радашковічы, а адтуль праз лес яго людзі перавялі на другі бок граніцы. Вось так ён і трапіў у Савецкую Беларусь.

Спачатку, вядома, быў затрыманы. Прайшоў праверку і тымчасова застаўся там жыць. Аднак гэта было нядоўга. Выклікалі яго органы бяспекі і запрапанавалі У. Рэшатаву вярнуцца ў Заходнюю Беларусь далей працаваць.

У. Рэшатаў, пераходзячы другі раз граніцу да Вільні, трапіў у бяду: ён быў затрыманы польскімі пагранічнікамі, дастаўлены ў горад Ліду, дзе прайшоў цяжкую інквізіцыю, і засудзілі яго на 8 месяцаў зняволення — астрогу. Гэтак закончылася ягонае падарожжа ў Савецкую Беларусь.

Жыў вельмі сціпла, памяшканне было малое, разгарнуцца не было дзе. Але трэба адкрыта сказаць, што чалавек любіў свой народ, многа працы паклаў для людзей. Арганізаваў розныя вечары, на каторых прысутнічалі беларусы маладыя, гарачыя, якія не пераносілі таго часу польскіх паноў і ўрада Пілсудскага. Пасля вайны працаваў на фабрыцы лёгкай прамысловасці бухгалтарам. Вельмі часта, калі я спатыкаў яго, бедаваў, што мае вельмі слабае здароўе — засталіся яшчэ сляды Лідскай турмы.

Вельмі шкада, што я не ведаў аб ягонай смерці. Расказваў мне Янка Шутовіч, які быў на ягоных паховінах. Пахаваны на Былінах.

З гэтай нагоды хацелася б таксама некалькі радкоў напісаць аб друкары Знамяроўскім. Добра яго таксама не ведаў, спатыкаўся з ім час ад часу, даводзілася размаўляць, але аб ягоным жыцці вельмі мала што магу сказаць. Знамяроўскі, як ужо ўспаміналася, меў сваю невялічкую друкарню ў г. Вільні па вуліцы Субач, нумару дома не памятаю. У ягонай друкарні праз нейкі час друкавалася «Беларуская Крыніца», выдавалася «Хрысціянская Думка». Пазней гэтыя выданні друкаваліся ўжо ў Беларускай друкарні імя Францішка Скарыны. Знамяроўскі быў жанаты, меў аднаго сына. Дзе яны жылі пасля — не ведаю, па-мойму, у Польшчы. Пасля вайны я сустрэў яго на Віленскай вуліцы. Ён казаў, што збіраецца выехаць з Вільнюса ў Польшчу. Намаўляў і мяне ехаць разам, але я адмовіў яму, сказаў, што я тут нарадзіўся і тут хачу памерці. На гэтым наша гутарка і закончылася.

Знамяроўскі быў самастойным — не далучаўся ні да Хрысціянскай Дэмакратыі, ні да Грамады, быў вельмі збліжаны да палякаў. Магчыма, гэта было пад уплывам жонкі, каторая па нацыянальнасці была полька.

І яшчэ варта ўспомніць друкара Багаткевіча. Праз нейкі час ён працаваў у Друкарні імя Францішка Скарыны. Пазней арганізаваў сваю друкарню, а што ён там друкаваў — не ведаю. Па-мойму, беларускай літаратуры ў ягонай друкарні і не было. Багаткевіч да вайны і пасля вайны жыў па вуліцы Млыновай, № 12. Памёр пасля вайны і пахаваны па праваслаўных могілках Быліны.

На гэтых могілках Быліны пахавана многа беларусаў: М. Ільяшэвіч, С. Паўловіч, А. Сакалова, С. Кароль, Я. Катовіч, Шнаркевіч, Анцукевіч, Більдзюкевіч, жонка Найдзюка, Біндзюк, а таксама многа іншых.

На заканчэнне гэтай сціплай працы варта было б хаця коратка ўспомніць пра прэсу, якая выходзіла ў гэтай друкарні. Маю перад сабою зборнічак пад загалоўкам «Па дарагіх мясцінах», аўтар гэтай кніжачкі У. А. Урбановіч, выдадзена ў Менску ў 1964 годзе. У гэтай кніжачцы ёсць нават здымкі газет, якія выдаваліся ў Заходняй Беларусі. Да прагрэсіўных беларускіх газет і часопісаў у кніжцы залічаны: «Беларуская Справа», «Родны Край», «Сялянская Ніва», «Калоссе» — літаратурна-навуковы часопіс, «Беларуская Ніва», «Народная справа», «Шлях Моладзі», «Літаратурная Старонка», «Заходняя Беларусь» (зборнік), «Бюлетэнь», «Родныя Гоні», «Золак», «Саха». Але, на мой погляд, усе беларускія газеты і часопісы, выдаваныя ў Заходняй Беларусі, трэба лічыць прагрэсіўнымі.

Безумоўна, на сённяшні дзень друкарняў шмат у Менску і беларускіх гарадах, але ў той час Друкарня імя Францішка Скарыны адыграла вялікую ролю ў жыцці нашага беларускага сялянства і рабочых.

1974

 

Поўнач

У 1986 годзе споўнілася мне 80 год, а 30 год як вярнуўся з Поўначы — Варкуты, там прабыў чатыры гады ў холадзе і голадзе, праўда што, хлеба хватала — 800 грамаў у суткі.

Пра гэту гісторыю пастараюся коратка ўспомніць на гэтых лістках паперы, мо часам знойдуцца добрыя людцы, прачытаюць і ўспомняць добрым, шчырым словам дзядзьку Янку.

22 жніўня 1952 года да мяне на памяшканне прыйшло двое з органаў бяспекі. Зрабілі рэвізію ў маёй індывідуальнай бібліятэцы, рэвізія не дала ніякіх кампраметуючых дакументаў, аднак пячатку на бібліятэку налажылі, а такжа і на радыё. Пасля майго суда жонцы прыйшлося заплаціць за сваё 520 рублёў. Вельмі дзіўная гісторыя, нічога не знайшлі і не ўзялі, а патрабавалі ўплаты.

Як прайшла ноч — лепш і не ўспамінаць. А зачну ад таго, калі першы раз мой следавацель Букаўскі вызваў у следчы кабінет, прадставіўся. Праверка ішла праз некалькі дзён, а спраўдзіць было лёгка — я пры акупацыі з Вільні нідзе не выязджаў. Рэзультаты праверкі нічагусенькі не далі, працаваў пасля вайны ў школе, а школа дала вельмі добрую характарыстыку.

І вось аднойчы следчы вызваў мяне і гавора:

— Судзіць няма за што, у сераду пойдзеш працаваць у школу, на сваё мейсца.

Прайшла серада, маё жаданне не споўнілася. У чацвер вызывае мяне другі следчы — Дзегцяроў, заяўляе мне, што прыйдзецца справу нанова заводзіць, адпусціць не можам, нам далі ўказанне: усіх па нацыянальнасці беларусаў, што маюць адукацыю, не звальняць, а пасылаць на Поўнач. Калі б я не быў беларусам і не меў бы настаўніцкай семінарыі — ніхто мяне не браў бы. Думалі нават затрымаць Ізабэлю Тумаш, каторая мае 6 клясаў гімназіі і працавала ў беларускай кнігарні «Пагоня».

Нанова пачалося следства: чапіўся да кожнай найменшай макулінкі, як, напрыклад,— чаму кс. Адам Станкевіч наведваў сям’ю Найдзюка. Чаго ён толькі не выдумляў — пісаў і рваў, пісаў і рваў, і гэтак праходзіла ночка, а днём спаць не давалі.

Далей адшукаў ён пратаколы Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні, знайшоў мой подпіс, што я быў на сабранні, далей — што быў я выдаўцом «Шляху Моладзі», што пры акупацыі прадаў «нацыяналістычную» кніжку «Шляхам жыцця» Янкі Купалы, а таксама падручнік «Псыхалёгія». Арганізавалі «Будучыню» і г. д. і г. д.

Следства цягнулася аж да 11 кастрычніка 1952 года.

Да суда прыйшлося сядзець у адзіночцы.

У гэтым часе Мар’яна Пяцюкевіча прывезлі з Краснаярскага краю, куды ён быў вывезены з сям’ёй раней як «кулак», бо яго жонка мела з дзесятак гектараў зямлі пад Вільняй.

Віленскі суд 11—13 кастрычніка 1952 года разглядаў справу Мар'яна Пяцюкевіча і Янкі Багдановіча. Пракурор, каторы нас абвінавачваў,— Новікаў, відаць па ўсім, беларус, патрабаваў мне 10 год, а Мар'яну — 15.

13 кастрычніка 1952 года рэспубліканскі суд ЛітССР засудзіў Мар'яна Пяцюкевіча і Янку Багдановіча на 25 год кожнага.

Вось і пачалася гісторыя Мар’яна і Янкі.

Пасля суда «варанок» нас прывёз на старое месца «Ахвярнае» ў Вільні. Праз некалькі дзён мы ўжо на Лукішках. Тут было намнога лягчэй: можна было і днём паспаць — гэта адно, а другое — што камеры з вокнамі, прыходзіла святло, вокны былі не зацемнены, як на «Ахвярным».

Далі дазвол пабачыцца з жонкай, перакінуліся мы парай словаў, даведаўся, што дачка ў бальніцы моцна хворая, а гэта яшчэ ўдар па душы і сэрцы: як кажуць, дзе коратка, там і рвецца.

23 сакавіка нас з Мар’янам Пяцюкевічам забіраюць з Лукішак на этап у Ленінград.

 

ЛЕНІНГРАД

Прывезлі ў Ленінград раніцою, у 10 гадзін. Пасялілі бытавікоў асобна, а па 58 арт.— у камеру 35. Адбывалася ўсё гэта на Вялікім Тыдні, перад Вялікаднем. Першы абед у Ленінградзе проста як надзіва: суп густы з мясам, нават давалі і часнок для дэзінфекцыі арганізма. Вячэра такжа не адставала ад абеду. Не верылася, што мы адарваныя ад сям’і. У памяці засталася Вялікая Субота — 4 красавіка 1953 года. Усе нашы калегі, каторыя былі разам з намі, прыгатаўляліся да вялікага свята — Вялікадня. Адбываліся, як кажуць, рэпетыцыі. Мы з Мар’янам такжа падгатаўляліся як беларусы. Літоўцы, латышы, эстонцы праспявалі свае песні, а на канец мы з Мар’янам заспявалі беларускую песню з п’есы «На папасе» Янкі Купалы: «Жыў на свеце Лявон».

Пасля абеду, а была гэта другая гадзіна, нас наведаў юрыст Маёр — пацяшаў, што не прыйдзецца доўга быць у лагеры, таму што ўжо хутка справа будзе разглядацца ў Маскве, ён такжа ўваходзіць у камісію. Весялей стала.

 

НОЧ З 4 НА 5 КРАСАВІКА 1953 ГОДА

Як ужо ўспаміналася, у Вялікую Суботу, пасля абеду, з перасылкі ленінградскай чалавек дваццаць, а ў тым ліку і мяне, узялі на этап. Ужо стала на дварэ змяркацца, калі нас падвялі да цягніка. Бачылі яшчэ, як ленінградцы вярталіся з царквы, неслі з сабою свянцоную паску, а вярней сказаць, велікодную паску, чыста адзетыя, у чорных паліто і белых хустачках на галовах, проста быў настрой святочны. Надвор’е стаяла сцюдзёнае. Гэта самы трудны час майго жыцця. Апісваць усё не буду, бо можа сэрца не выдзержаць.

Дома асталася жонка і трое малых дзяцей.

Надышла цёмная ноч, цягнік тронуўся. Паехалі — а куды? Ведаў толькі адзін Бог. Калі ехалі, безумоўна, праз вокны адбівалася толькі электрычнае святло Ленінграда.

5 красавіка 1953 года даехалі мы да Волагды.

 

ВОЛАГДА

Праз цэлы дзянёк стаяла прыгожая сонечная пагода. У душы адчувалася свята Вялікдзень. Думалася пра жонку і дзетак, сядзяць яны за сталом святочным — слёзы праліваюць. Вязуць нас, а куды? Ніхто не ведаў. З Ленінграда выязджаючы, мае калегі па няшчасці гаварылі, што быццам нас павязуць у Нарыльск. Але не споўнілася іхняе прадбачанне.

Пакуль даехалі да Волагды, ужо наступіла змярканне. Завялі нас у нейкі падвал разам з бытавікамі. Тут пачалася непрыемная гісторыя: непрыемнасць заключалася ў тым, што бытавік — народ неспакойны, мелі пры сабе нажы, хацелі кагосьці з палітычных зарэзаць за здраду, а якая гэта здрада? А вось у чым была справа. Паміж палітзняволеных знайшоўся адзін малады пацан, каторы спачатку сядзеў па бытавым артыкуле, а пасля па палітычным. Дык ён і быў іхнім ворагам, яму было не больш за дваццаць год. На перашкодзе стаяла ахова, ім гэта не падабалася. І так хутка яго паміж нас не стала. Наступіў спакой. Перавялі ў камеру, не малую, светлую, з нарамі і матрацамі. Далучылі да нас і бытавікоў, трэба сказаць, што непрыемна з імі было жыць. Не паспелі разлажыцца, як да кожнага падыходзілі і прасілі: «Мужык, дай беленькага і салодкага».

Мая торба была бедная, некалькі баранак, хлеба, сухароў і цукру, можа, і было з паўкілаграма. Падышлі да майго мяшка і сказалі: «Баця, дай нам салодкага і беленькага». Я адвязаў мяшок, паставіў і гавару: «Бярыце, што вам падобіцца». Паглядзелі на мяне: «Баця, ты, відаць, добры чалавек, дзе працаваў?» — «У школе настаўнікам».— «Закройце мяшок, ад цябе браць нічога не будзем». Я даў па абаранцы і па кусочку цукру, і на гэтым закончылася маё знаёмства з бытавым артыкулам.

Горшая справа стаяла з латышамі, бо адмовіліся даць салодкага і беленькага. Раніцою, калі нас павялі ў вымывальнік, усе мяшкі ім апаражнілі — нічога не аставілі. Пачалася валынка між латышамі і бытавікамі, але цягнулася нядоўга, ахова супакоіла. Вось так прайшлі дні нашай падарожжы з бытавікамі.

У Волагдзе на перасыльным пункце прабылі адзінаццаць дзён. Вечарам 12 красавіка павялі на этап у цягнік, каторы стаяў на станцыі Волагда. У цягніку нас памясцілі ў адзін перадзел. Трэба прызнацца, што ў Волагдзе кармілі нядрэнна.

Праседзелі ў адным перадзеле хіба ж з гадзіны дзве, вельмі душна было — перагародка малая, а людзей хіба да трыццаці чалавек. Цягнік зрушыўся, і нас рассадзілі па вальнейшых месцах. Мне давялося быць разам з немцамі, каторых везлі з Германіі, нас напаткаў аднолькавы лёс. У гэтым перадзеле было пару чалавек рускіх. Спачатку не ведаў я, хто тут сядзіць. Усе сядзелі ціхенька, не было ніякага разгавору. Нарэшце чую нямецкую мову, я трохі разумеў, вучыўся ў школе. І вось узнаў, што мой сусед па бядзе яўляецца рэдактарам адной з нямецкіх газет. Нягледзячы на тое, што разгавор быў забаронен, мы параю словаў абменьваліся. На станцыі Пячора прыйшлося з ім развітацца, яго высадзілі, а нас павезлі далей.

 

ВАРКУТА

На Варкуту прыйшоў эшалон днём, у 12 гадзін. На дварэ стаяла халодная пагода, мароз у поўным разгары. Прыйшлося доўга чакаць на марозе, адміністрацыя лагера не тарапілася. Назва Варкуты азначае ў мове комі «Нізіна смерці». Нас некаторы час пратрымалі на перасыльным пункце. Праца была такая: чыстка снегу, пілаваць і секчы дровы і г. д.

Не прайшло многа часу, як і Мар’ян Пяцюкевіч прыбыў на гэты перасыльны пункт. Прызнаюся шчыра, што на душы зрабілася весялей — усё ж свой чалавек. Доўга не чакаючы, Мар'ян Пяцюкевіч разлажыў свой ворак з прадуктамі — частаваў мяне. Умесце прабылі хіба нейкі тыдзень, многа пра што было расказваць. Прыпомніў яму, што не добра паступіў на «Ахвярным», мне гаварыў, што не пісаць пасля суда скаргі, а сам напісаў. І толькі выпадкова, праз сакратарку турмы, даведаўся, што Мар’ян злажыў скаргу на суд.

У хуткім часе яго вывезлі на этап, на 29-ю шахту, а мяне на 8-ю шахту, каторая размяшчалася за рэчкаю Варкутой. Аднак Мар’ян астаўся ў самім горадзе Варкута на шахце №1.

Да 1953 года нам не давялося сустракацца — хаця прамежак паміж шахтамі састаўляў не больш за два-тры кіламетры.

 

ШАХТА № 8

На восьмую шахту нас направілі чалавек 30—40. Прайшлі дзесяцідзённы карантын. Кармілі нядрэнна, хлеба хватала, стравы кожны дзень паўтараліся тыя самыя: суп крупяны, такое ж і снеданне, абед і вячэра, як гаварылі: крупа, крупа і яшчэ раз крупа.

Не паспеў разлажыцца, як прыйшлі нашы землякі з Беларусі наведаць. Адкуль даведаліся, што я беларус? Па прозвішчу, калісь чыталі ў часопісе «Шлях Моладзі». Помню — Юшко, Семянюк, Засім, Загуста, Шышэя, Федаровіч і многія другія. Усе яны былі з Заходняй Беларусі. Запазналіся — наша дружба засталася аж да канца прабывання на восьмай шахце. Працаваць у шахце мне не давялося, а працаваў я на паверхні, у бухгалтэрыі, праўда, спярша працаваў на будове, будавалі домікі, баракі для тых, каторыя ўжо адбылі свой тэрмін пакарання. Праца была нялёгкай: капаць ямы ў вечнай мерзлаце пад фундаменты домікаў. Кіркай ударыць па мерзлаце — аж сыплюцца іскры, а норма немалая, мусілі выпаўніць.

Помню, як у адну ноч нехта будзіць мяне. Прабудзіўся, бачу — перада мною стаіць адзін такжа, як і я, зняволены, гэта быў украінскі кампазітар Краўчанка.

Параіў мне ўступіць працаваць у яго брыгаду, у нарадную. Растлумачыў, якая мае быць праца. Доўга не чакаючы, я падняўся, пайшоў у рабочую зону, тут трэба было працаваць і днём і ноччу, калі з шахты паступалі нарады.

У першых чыслах месяца была перадышка — ухвалялі новыя расцэнкі для шахцёраў.

Атрымаў участкі 2, 3 і 4 — пагрузка, лямпавае і абагашчэнне. Спачатку праца ішла тугавата, але пазней рука прывыкла да скорасці, пісалася скора без усякіх памылак. Брыгада Краўчанкі была падабрана працавітая, калектыў дружны.

Будучы ўжо на Варкуце, атрымаў я пасылку з дому. Весялей стала на душы, бо ўжо была страчана надзея ад сям’і атрымаць не толькі якуюсь вестачку, але і пасылку.

Жывучы ў новых абставінах, чалавек не думаў пра сваё здароўе і жыццё, а толькі пра сям’ю, дзетак малых, каторыя асталіся без бацькі, з хвораю маткай. Лістоў да сям’і высылаць не дазвалялі, але калі атрымаеш пасылку, можна было пару слоў напісаць — атрымаў, дзякую — і ўсё.

Аднойчы пасля працы, палажыўшыся на палатку, заснуць не мог, у галаве роіліся думкі пра сям’ю і крыжовую дарогу жыцця, якая напаткала маю сямейку і мяне. Устаўшы, пайшоў пазнаёміцца з нашым «гарадком», у якім нас размясцілі. Прайшоўся каля «пошты», убачыў спіс на пасылкі — і, як надзіва, бачу сваё прозвішча, прыйшла пасылка, шчыра сказаць — не верылася, пакуль не папала ў рукі. Перада мною была загадка — скуль сямейка даведалася, што я знаходжуся на Варкуце і на 8-й шахце? У пасылцы, апрача сала, каўбасы, была уложана прыгожая невялічкая падушачка. Як бачыў я ўсё гэта, слёзы з вачэй не пераставалі цячы, проста трагедыя людская.

З пасылкай вярнуўшыся ў барак, сам паспрабаваў, усё было смачнае, і другіх пачаставаў. З падушачкай была гісторыя: стараста барака сабе забраў, а мне палажыў сваю брудную, старую падушку. Я яму гэтай замены не дараваў. Забраў сваю новую і аддаў яму старую.

Дастаў паштовую картачку, напісаў падзяку за пасылку і яшчэ пару слоў дабавіў, пошта не прыняла, трэба было другі раз запаўняць. Аднойчы чуўся вельмі дрэнна, не хватала паветра — Поўнач, палажылі ў стацыянар, пра сваю хваробу не думалася, а толькі пра сямейку.

Помню, як на дварэ стаяла сонечная пагода, што ў нас на Варкуце рэдка бывае. І вось прыйшоў у стацыянар адзін з нашых сяброў і падаў мне аж тры лісты ад сямейкі. Радасці было столькі, што расказаць няма магчымасці. Доўга не чакаючы, прачытаў, на душы намнога стала лягчэй. Падумаў, што яшчэ застаецца надзея сустрэцца ў будучым з сямейкай. Атрыманыя лісты чытаў амаль кожны дзень, былі яны для мяне рэліквіяй. Паволі здароўе пачало папраўляцца, паветра хватаць. Да ўсяго чалавек прывыкае, з кліматам зжываецца.

 

СУСТРЭЧА З ЖОНКАЮ І МАЛОДШАЙ ДАЧУНЬКАЙ ЛІЛЯЙ

У 1954 годзе было мне дазволена сустрэцца з сямейкай, спачатку тры дні, а пасля сем дзён. Спецыяльна быў пабудаваны домік за межамі ОЛП. Разам пражылі ў адным пакойчыку гэтых сем дзён. Гэта сустрэча была вялікай падзеяй на паварот да сваёй сямейкі ў горад Вільнюс.

 

У ОЛП ШКОЛА

Жыццё ішло сваёй дарогай, штораз заходзілі пэўныя змены ў нашым жыцці.

Вось помню, аднойчы атрымаў я з дому пісьмо, што жонка ў бальніцы — рабілі аперацыю, аднялі грудзь — страшная трагедыя. У такой бядзе згасла апошняя надзея на паварот да сямейкі. Нечакана прыйшло ў ОЛП уведамленне, што можна да сямейкі пісаць лісты не раз у год, а кожны месяц. Будзе часцейшая сувязь з сям’ёй, а значыць, заўсёды можна будзе атрымаць вестачкі з дому.

Аднойчы да мяне прыйшоў жыдок, а звалі яго Арон. Зняволены. Запрапанаваў працаваць у школе, каторая арганізавалася ў ОЛП.

Доўга не думаючы, даў згоду і прыступіў да працы, а праца мне была знаная. Мяне ж узялі з школы ў Вільні, дзе я ўжо адпрацаваў восем год.

Кіраўніком школы быў масквіч — такжа зняволены, насколькі помню прозвішча — Вазнясенскі, спецыяльнасць — фізік, ад яго многа чаго прыйшлося даведацца пра наш лёс у далейшым. Зрабіўшы спіс сваіх вучняў, а гэта чацвёрты клас, даведаўся, што не ўсе могуць быць у гэтай клясе, былі вельмі слабыя, пераважна кітайскай нацыянальнасці.

Кітайцы вельмі цікавы народ, мне давялося першы раз з імі сустракацца. Кітайцы вельмі ўдзячны народ, калі ты ім зробіш што-небудзь добрае, яны стараюцца аддзячыць. І так, працавалі пераважна на кухні і ў пральні, мылі пасцель і бялізну. Калі з імі займаўся, запрашалі ў сталовую на абед, частавалі бульбай з мясам, што на Поўначы было вялікім люксусам. Амаль кожны тыдзень мянялі пасцель, гэта такжа многа значыла. Спачатку ў школе ні капейкі не плацілі, тады не было ні аднаго жыдка, а калі пачалі плаціць, тады іх маса набралася, і назвальнялі, бо старшы па ОЛП быў жыдком. Адным словам, гэта народ камерчаскі, дзе грошы, там і яны.

У гэтай школе нядоўга ім давялося працаваць, школу давялі, як кажуць, да абуха. Школу закрылі.

Нядоўга і нам давялося працаваць на восьмай шахце, нас да сарака чалавек перавезлі на другі ТЭЦ, на будоўлю, адлегласць ад восьмай шахты больш-менш 23 кіламетры.

 

РАЗВІТАННЕ

Пакідаючы шахту № 8, мяне праважалі мае калегі па няшчасцю, беларусы з Заходняй Беларусі.

Развітанне было слёзнае, два, а мо і тры гады пражылі разам на ОЛП. Нашы, беларусы, прыгатавалі развітанне ў олпаўскай аптэцы, дзе працавалі землякі. Надарылі мяне лякарствамі і г. д. Лёс мой улажыўся, што больш з імі сустракацца не прыйшлося. Быў гэта месяц сакавік, у вагончыках было вельмі сцюдзёна.

 

ДРУГІ ТЭЦ

Калі прыехалі мы на будову варкуцінскай электроўні, пачалося новае жыццё, новыя абставіны, а такжа і новае начальства, нагляд. Нас не зналі, хаця восьмая шахта і напісала кожнаму характарыстыку.

Прыехаўшы, атрымалі тры дні вольныя ад працы, а за гэты час можна было падшукаць лягчэйшую працу, а каб знайсці — трэба мець знаёмых.

Доўга не думаючы, пайшоў я ў рэгістратуру запісацца да доктара. У рэгістратуры працаваў пажылы чалавек, такжа адбываў пакаранне. Гэта быў беларус, бацюшка Башлык, які скончыў Духоўную семінарыю ў Вільні, у Базыльянскіх мурах, тамжа і наша Віленская беларуская гімназія размяшчалася па вул. Вастрабрамскай, № 9. Калі пачуў маё прозвішча, гаворыць: «А вы не будзеце бацька д-ра Багдановіча?» Я адказаў: «Не! Але добра знаю, разам вучыліся ў гімназіі». Дастаў я талончык да доктара Багдановіча. Іду ў яго прыёмную. Дамовіліся, што я захварэў на жалудак, трэба ісці да доктара-ўкраінца, доктар Багдановіч быў хірургам.

Па рэкамендацыі прыняў і звольніў ад работы толькі на два дні. Прайшоў мой «отпуск» і направілі працаваць у чацвёртую брыгаду, гэта праца была па майму здароўю, толькі не атрымлівалі ні капейкі на рукі. Усе заробленыя капейкі забіраў ОЛП, ці, як кажуць, адміністрацыя.

У самым ОЛП была яшчэ платная сталовая, калі меў грошы, мог з’есці смачнейшы абед. Апрача сталовай быў і склепік.

На другім ТЭЦы запазнаўся я з многімі нашымі хлопцамі-беларусамі: Загустам, Лаўрэнцьевым, Васілём Супруном і многімі другімі, апрача беларусаў былі і літоўцы, прыйшлося з некаторымі калегаваць, асабліва з інжынерам Ятаўтасам. Выпадкова запазнаўся з адным беларусам з-пад Баранавіч Сівунчыкам, працаваў у дыспетчарскай па ТЭЦу, добры быў чалавек, канчаў свой срок у заключэнні. Прыняў мяне ў дыспетчарскую на работу сваім памочнікам. Жыў ён на пасёлку шахты № 7, меў жонку і маленькага сынка. Два, а мо і тры разы запрашаў мяне і доктара Багдановіча да сябе, частаваў чым хата багата.

На шахце № 7 адбываў сваё пакаранне доктар Геніюш, муж беларускай паэтэсы Геніюш. З ім мне давялося сустрэцца некалькі разоў. Перажываў за сям’ю, жонка такжа затрымана, знаходзілася ў ОЛП паміж Інтай і Варкутой, у лагеры інвалідаў.

І так, дзякуючы Сівунчыку, працаваў я на другім ТЭЦы, работы было многа, кожны дзень прыходзілі вагоны з будаўлянымі матэрыяламі: гравіем, пяском, цэментам, цэглай і г. д. На дзень у дыспетчарскую прыходзіў жыдок, а ноччу баяўся, дык вось мяне і паставілі як «адважнага».

Мая работа заключалася вось у чым: прыняць вагоны з матэрыяламі, расставіць пад выгрузку, для разгрузкі выклікалася саракавая брыгада з ОЛП. Трэба было добра арыентавацца на матэрыялах, асабліва вызначаць «марку» цэменту, прымаць вагоны, запісваць нумары, а такжа і пры адпраўцы зарэгістраваць нумары. У дыспетчарскай цяжка было працаваць, пакойчык невялічкі, горача, часта сэрца неспакойным было, а што да плошчы — дванаццаць вузлоў чыгункі.

Найтруднейшы час працы быў, калі пускалі ў ход ТЭЦ, трэба было без канца падаваць дровы, пакуль не распачалі працаваць турбіны.

Трэба прызнацца, што інжынеры Дабравольскі і Шчадзека былі вельмі добрыя, шчырыя людзі, каторыя аказвалі вялікую помач для нашага брата.

Калі заканчвалася цяжкая праца на ТЭЦы, тады з'явіліся тры жыдкі і занялі маё месца. Прызнаюся, што я не шкадаваў, меў тут многа знаёмых, а яны мяне добра зналі, як я шчыра працаваў: гэта інжынер Манчанка, Трачук — украінцы, добрыя людзі, назначылі мяне рэгістраваць вагоны з матэрыяламі, каторыя паступалі на ТЭЦ.

Закончылася праца на ТЭЦы, распачалася новая праца — будова плаціны на рэчцы. Бывала, што прыходзілася працаваць на тры змены. Праца на плаціне падабалася, час скора праходзіў, а галоўнае — зачоты адзін за два.

І вось аднойчы прачыталі мы ў указе: хто адбыў 1/3 з пакарання, таго перавесці на аблегчаны рэжым. Трапіў пад указ і я, з надзеяй, што мо скора вярнуся да сваёй сямейкі.

 

НА АБЛЕГЧАНЫМ

Вось, помню, неяк вярнуўся я з начнога дзяжурства ў ОЛП, таварышы, такія ж, як і я, паведамілі, што вечарам у загадзе прачыталі, каго пераводзяць на аблегчаны рэжым, дык там было і маё прозвішча. Сусед мой, а быў ён армянінам, кажа, што быстрэй бяры свае манаткі і пераходзь у барак аблегчанага рэжыму.

Доўга не чакаючы, сабраў усё, што ў мяне было: бялізну, пасцель, матрасік і іншае.

На аблегчаным можна было на працу хадзіць па-за зонай, а нядзелямі выехаць у горад Варкуту, а гэта многа значыла — сустракацца з вольнымі людзьмі.

Не паспеў пераступіць вахтавую, як у зоне той, у якой я знаходзіўся, зачалося пекла. Наехала многа ахоўнікаў, была такая валынка, Божа мой, проста немагчыма апісаць. Многа папала ў стаццю.

Прадуктамі магазіны былі поўнасцю забяспечаны — цукрам, мукой, мясам і т. д. У горад ездзіў цягніком, адлегласць была не больш за дваццаць кіламетраў. Сустракаўся я з таварышамі па бядзе, а такжа і з Мар'янам Пяцюкевічам. Прайшло нямнога часу, олпаўская адміністрацыя запрапанавала перайсці на пасяленне. Адны з маіх калег адразу, не думаючы, пайшлі, а я застаўся. Многа прыйшлося перадумаць, перадусім — на носе больш за пяцьдзесят год, трэба цяжка працаваць, каб зарабіць грош, а здароўе было падорвана.

За працу на пасяленні плацілі поўнасцю з вылічэннямі. У месяц два разы прыходзілася мэльдавацца.

Пасяленцаў сталовыя аблягчалі абедамі, а сняданне і вячэру трэба было самому гатаваць, плаўка тапілася круглыя суткі.

Вось усё ж такі пастанавіў я перайсці на пасяленне. У сталовую мала хадзіў — пераважна гатаваў у бараку, у якім жыў. З бульбай была вялікая праблема, з першых дзён верасня пачыналася зіма, даставаць бульбу было немагчыма. Пра ўсё можна напісаць многа, але хто будзе чытаць, ці будзе па душы.

 

СУСТРЭЧА З ТАВАРЫШАМІ

Аднойчы атрымаў пісьмо ад Мар’яна Пяцюкевіча, у пісьме было падана месца, дзе мы можам спаткацца, а такжа і гадзіны.

Нядзеляю я наведаў тое месца, Мар’ян ужо мяне чакаў. Прывіталіся. Сказаў мне, якая мэта сягонняшняга спаткання. Сустрэча з нашымі землякамі па няшчасці. Многія працавалі на шахтах. Сышліся да аднаго сябра, жыў у пакойчыку невялікім. Стол быў прыгатоўлены з ядой. Запазналіся. Многіх прозвішчы былі знаёмыя, з беларускай прэсы, якая выходзіла ў Вільні.

Неўзабаве пры стале сядзела наша сямейка з Варкуты. Слаўныя землякі з Заходняй Беларусі. Даведаўся я сумную вестку, што, спускаючыся ў шахту, няведама ў якіх абставінах, жывым не астаўся беларус-юрыст Пятроўскі, сканчаў Віленскі універсітэт, ушанавалі яго памяць — мінутай маўчання. Ягоная смерць — трагічная, ніхто не ведаў, як усё сталася, здагадак многа было. За сталом сабралася чалавек пятнаццаць, усе сведамыя беларусы, за выняткам аднаго прахвоста, які часта глядзеў на мяне і гаварыў: «Ты хітры чалавек, як цябе завуць і ў якім ОЛП жывеш?»

Я яму смаліў проста з моста, не шкадаваў слоў, не глядзеў на тое, што данясе маёй адміністрацыі. Безумоўна, гэты чалавек быў падасланы. Бог з ім!

Гэта спатканне асталося надоўга ў памяці, асобенна ўрачысты стол нашых землякоў-зняволеных, засуджаных на розныя гады.

Мар'ян мяне правёў да дарогі, за намі хадзіў такжа нейкі прахвост, не мелі магчымасці пагаварыць.

Вярнуўшыся ў барак, доўга сон не браў, многа перадумалася: столькі нашых беларусаў знаходзіцца на Варкуце? Гэта ж маладыя людзі, самы цвет беларускай інтэлігенцыі.

Хацелася б яшчэ ўспомніць аднаго інжынера-літоўца, адбыў свой час на Сібіры, працаваў у лабараторыі на ТЭЦ. Вельмі інтэлігентны чалавек з гуманнай душой і добрым сэрцам. Жонка руская, але культурная жанчына.

У Вільні на Антокалі жыла яго маці, аднойчы, у часе водпуску, наведалі яны сваю маці, а такжа і маю сям’ю.

Вярнуўшыся на Варкуту, многа чаго мне расказалі пра мой дом, сям’ю, як жывуць, вучацца і працуюць. Намнога стала лягчэй на сэрцы. Пасля ўсяго гэтага палюбілі мяне, часта запрашалі да сябе на абед, ведама ж, нядзелямі. Жылі на пасёлку сёмай шахты. Стол заўсёды быў багаты. Дзякуючы гэтай сямейцы, я намнога памаладзеў, і здароўе такжа палепшала.

 

КАМІСІЯ З МАСКВЫ

Да нас на Варкуту дайшла добрая вядомасць, што на першую шахту прыехала з Масквы камісія і пачала пераглядаць справы зняволеных. У хуткім часе ўсё спраўдзілася. Па парадку наведвалі шахты і правяралі справы зняволеных. Чакаць на камісію — калі прыедуць на наш ОЛП — прыйшлося не менш двух месяцаў. Безумоўна, давялося многа нерваў за гэты час страціць, пакуль дачакацца камісіі. У канцы ліпеня 1956 года камісія закончыла разглядаць справы, перабралася на другія шахты. Неўзабаве мяне наведаў Мар'ян Пяцюкевіч, а ён перабываў на першай шахце, паведаміў, што ўжо яго вызвалілі, у нас з ім аднолькавыя артыкулы, надзея ёсць, што і я буду такжа вызвалены. У канцы жніўня 1956 года камісія наведала наш ТЭЦ. Вывешаны быў спіс па групах, 75 чалавек у кожнай групе, а маё прозвішча знаходзілася аж у семнаццатай групе.

Надышоў мой дзень, раніцою прывялі нас на пасёлак сёмай шахты, гэта якія тры кіламетры ад нашага жылля.

У камісіі за сталом сядзела да дзесяці чалавек. Выклікалі па два, я быў разам з украінцам, які быў засуджаны асобым савяшчаннем. Выклікалі першымі. Задавалі пытанне і перагортвалі дакументы. Нарэшце, пасля ўсёй працэдуры, сказалі:

— Ідзіце ў ОЛП, а там вас паведамяць аб рэзультатах.

Камісія Вярхоўнага Савета СССР зняла судзімасць і дазволіла вярнуцца ў Вільнюс да сямейкі.

Прайшлі тыдні тры, а можа, і больш, нарэшце атрымаў я абхадную, што нідзе на працы нікому не вінен, а вярней — трэба было рабочую вопратку здаць. Усё на хаду было зроблена: інжынер Манчанка падпісаў спраўку, Ткачук напісаў з работы характарыстыку. Завялі мяне ў сталовую, хаця гэта было вечарам, заказалі вячэру, безумоўна, не абышлося без чарачкі.

У нядзелю, 16 верасня 1956 года, прыехаў я ў Вільнюс. На станцыю прыйшла жонка з дзеткамі сустракаць, колькі было радасці, трудна і расказаць, і апісаць.

У канцы хацелася б трохі ўспомніць пра тундру Варкуты, дзе прыйшлося пражыць чатыры гады.

 

ТУНДРА І ЯЕ ПРЫРОДА

Тундра, як яе называюць, вечная мерзлата. Прастор тэрытарыяльны агромны, раўняецца як узяць разам Англію, Францыю, Германію. Тундру дзеляць на дзве часці: Еўрапейскую і Азіяцкую.

Клімат вельмі суровы, зіма доўгая, а лета кароткае, тэмпература ў зімнія месяцы дасягае да 60° марозу, часта праходзяць пургі, снегам замятае палі і забудовы — снегу няма дзе задзяржацца, бо няма дрэў, а толькі маленькія карлікавыя бярозкі.

Зіма пачынаецца з першых дзён верасня і канчаецца ў палавіне чэрвеня, часамі ў маі марозы дасягаюць да дваццаці градусаў.

Лета кароткае, сонца не заходзіць, травой хутка тундра пакрываецца, кустарнік скора зазелянее, праз два месяцы бачыш — ужо лісце пажаўцела.

Да першай сусветнай вайны ў тундры жылі толькі мясцовыя людзі — комі.

Пазней на Варкуце знайшлі вялікія паклады вугалю, значыць, некалі тут рос лес і было нармальнае жыццё. Цяпер Варкута забяспечвае вугалем Ленінград і другія гарады. Апрача вугалю, яшчэ ёсць жалезная руда, золата, карасіна і многа другіх карысных рэчываў.

У тундры жывёльны свет бедны, тут пераважна гадуюць раніфэраў, якія абеспячаюць жыхароў мясам і шкурамі.

Апошнім часам ужо паявіліся фермы — гадуюць маладняк, прывучаюць да клімату, так што малако, яечкі і мяса свіное на месцы, не трэба дастаўляць.

Травы на сена хапае, апрача таго, сеюць авёс на корм, бо не даспявае. У парніках гадуюць радыс, салат, цыбулю, а такжа і кветкі.

 

ПАЎНОЧНАЕ ЗЗЯННЕ

У канцы хацелася б успомніць пра паўночнае ззянне на небе. Гэта прыходзіць зімою. Па небе хвалі праходзяць, не раўнуючы, як па моры. Спачатку, калі бачыш, агортвае страх, а пасля да гэтага прывыкаеш.

Вось коратка ўспомніў пра марозную тундру, у якой давялося жыць чатыры гады. На душы вялікая туга па прыродзе, бо там бедната, няма лясоў.

Дарагія сябры-беларусы, жывіце шчасліва на беларускай зямлі, яна наша Маці, нас корміць і поіць, і таму для нас найдаражэйшая ў нашым жыцці.

1988

 

ПЕДАГАГІЧНАЯ ПРАЦА Ў ВІЛЕНСКІХ ШКОЛАХ

У 1944 годзе, калі яшчэ не змоўклі ваенныя падзеі, наш горад Вільнюс быў ахоплены полымем, чуліся стогны раненых савецкіх салдат, бальніцы былі перапоўненыя.

Аднойчы я сядзеў на лавачцы пры доміку, у якім жыў з 1932 года, па вуліцы Чарнаса, 22. Перада мной стаяла праблема, куды паступіць на работу: у школу, а можа, на якую іншую працу. Трэба прызнацца, што я друкарскі работнік, а са здароўем было ў мяне дрэнна, і таму хацелася б прафесію змяніць на іншую. На руках я меў дыплом настаўніка — закончыў Віленскую настаўніцкую семінарыю.

Нашу Ласёўку, дзе я жыў, вызваліла Савецкая Армія, а ў горадзе яшчэ пралівалася кроў. Седзячы, бачу, як да нашага доміка прыбліжаецца савецкі воін — лейтэнант. Па-рознаму тады думалася...

Пазнаёміліся, запрасілі да сябе на абед, пачаставалі чым змаглі, даведаліся, што ён па прафесіі настаўнік, сям’я яго знаходзілася падчас нямецкай блакады ў самім Ленінградзе, сынок адзін памёр з голаду, а жонка з другім, меншым, засталіся жывыя. Пасля блакады ён забраў жонку з сынам і адаслаў іх у Сібір. На фронце быў ужо доўгі час... Вельмі шкада, што не запісаў яго прозвішча.

Вось гэты лейтэнант і параіў мне, на якую работу направіцца — у школу.

Вось яго словы: «Я бачу, што вы чэсны чалавек, паступайце на работу ў школу. У гандлёвай сетцы вам не месца: вы не возьмеце, а другі возьме, а вам прыйдзецца адказваць!» Гэта ісцінная праўда, у мяне такі характар, што я чужога не вазьму...

На другі дзень, паслухаўшыся слоў лейтэнанта, пайшоў я паступаць на работу ў школу. Наведаў гарана, і па рэкамендацыі настаўніка С. Караля быў прыняты працаваць у школу на пасаду настаўніка.

Мне ніколі і не снілася, што буду працаваць у школе многа гадоў. Прайшло аж 32 гады, а здаецца, што гэта быў мой сон...

 

ПАВІЛЬНІС, 23-я ШКОЛА

1 верасня 1944 года. Аддзел народнай асветы накіроўвае працаваць у школу, што знаходзілася ў пяці кіламетрах ад Вільнюса.

Прыйшоўшы ў школу, я нікога не застаў. Даведаўся ад суседзяў, што загадчык школы Андрушкевіч школу наведвае вельмі рэдка. Мне паказалі вуліцу, на якой ён жыў, і я, доўга не чакаючы, наведаў яго «рэзідэнцыю». Дома яго не было. Дачакаўся толькі пры заходзе сонца. Пры сустрэчы ён здаўся чалавекам разумным, але, калі зазірнуць глыбей, розуму ў ім відно не было. У размове ён прасіў прыйсці раніцай, казаў, што пастараецца быць у школе.

На наступны дзень, ідучы ў гарана, зайшоў да настаўніка Сымона Караля, каторы меў добрую, шчырую беларускую душу і сэрца.

Пайшлі ў гарана да кіраўніка аддзела. Настаўнік С. Кароль даў мне вельмі харошую характарыстыку, і загадчык аддзела адразу направіў мяне на работу ў школу. Гэтак пачалася мая педагагічная праца.

На настаўніцкай канферэнцыі я пазнаёміўся з настаўнікамі, каторыя працавалі ў 23-й школе. Мне даручылі чацвёрты клас, а акрамя таго — выкладанне матэматыкі ў пятым класе. Спачатку перада мною ўставалі цяжкасці, і немалыя, але пазней усё ўладкавалася, пайшло, як кажуць, з поспехам, толькі не мог перацярпець шум, які цэлымі днямі прыходзілася чуць на калідоры, а школа працавала на дзве змены. Усё ўнармавалася, толькі перад школай стаяла вялікая праблема: частка настаўнікаў жыла ў самім горадзе, а транспарту не было, рабілі ў дзень па многа кіламетраў, што для школы было ўемна. Цягнікі прыходзілі да Павільніса, але паколькі гэта былі ваенныя эшалоны, то трэба было заўсёды прасіць у каменданта дазвол, каб праехаць.

Не прайшло і года, як я атрымаў у гарана загад аб назначэнні на пасаду кіраўніка школы № 23.

Будучы кіраўніком школы, я напаткаў многа перашкод. Школа была не прыстасаваная да вучобы, настаўнікі выходзілі са школы ў сувязі з выездам у Польскую Народную Рэспубліку. Вялікая праблема была са сшыткамі і падручнікамі, набліжалася зіма, і трэба было думаць пра паліва і г. д. Калектыў школы мала займаўся справамі, бо меў нямала асабістых клопатаў з выездам у Польшчу.

Школа атрымлівала дапамогу ў выглядзе прадуктаў, гэта былі так званыя сняданні. Іх выдавалі ў горадзе, і я кожны дзень быў змушаны за гэтымі прадуктамі хадзіць, а гэта было нялёгка. У той час жыццёвыя варункі настаўнікаў былі нялёгкія, нават вельмі цяжкія.

Настаўнікі перад выездам у Польскую Народную Рэспубліку арганізавалі развітальны вечар. Нягледзячы на тое, што з прадуктамі была праблема, стол прыбралі ўрачыста: мясныя стравы, торты і іншыя прысмакі.

Вось гэты развітальны вечар астаўся ў маёй памяці і па сённяшні дзень. Многа слоў было сказана ў мой адрас, нават і не снілася мне, што мая праца будзе так высока ацэнена, прыйшлося аж заплакаць з радасці... Усе добра ведалі, што я па нацыянальнасці беларус, а яны, палякі, палюбілі мяне як свайго роднага брата.

Прызнаюся, я быў да ўсіх шчырым, з адкрытай душой дзяліўся ўсім, чым можна было ў той час.

 

ПАЛКОЎНІК СМАЛЯНІНАЎ — ШЭФ НАШАЙ ШКОЛЫ

Гэты чалавек вельмі многа зрабіў для нашай школы, памагаў ва ўсім. Калі трэба было машыну дастаць — даваў, на сходах школьных прасіў бацькоў дзяцей, каб памаглі настаўнікам сельскагаспадарчай прадукцыяй: бульбай, капустай, буракамі і г. д. Бацькі да гэтай просьбы аднесліся прыхільна. Нейкі час у нашу школу хадзіла і яго дачушка Нэля. Хадзіла ў польскую школу, бо рускай у горадзе не было.

Нэля была вельмі слаўнай вучаніцай, мне таксама прыйшлося яе вучыць. Нэля мяне называла дзядзечкам, што мне вельмі падабалася.

Трэба праўду сказаць, што Нэлі ў нашай школе было цяжка, паколькі яна не разумела польскай мовы. Пазней воінская часць была пераведзена ў Кіртымай. Наша школа засталася сіратою — не стала нашага шэфа палкоўніка Смалянінава, а разам і яго маленькай слаўнай дачуні Нэлі.

Нашы настаўнікі доўга ўспаміналі яго добрую душу і сэрца.

Усе настаўнікі выехалі ў Польскую Народную Рэспубліку. Астаўся я адзін; паўсталі перада мной вялікія цяжкасці: пяць класаў і нават прадбачваўся шосты, а я толькі адзін настаўнік. У такіх абставінах працаваць было немагчыма, проста не ведаў, за што ўзяцца: навука, а ў дадатак яшчэ і «сняданні», сшыткі, падручнікі, ацяпленне і г. д.

Прыйшла вясна. Я атрымаў з гарана загад зрабіць перапіс вучняў школы па мікрараёну Павільніс. Вёскі, пасёлкі былі раскіданы на немалыя адлегласці. Ды яшчэ і раўчукі разліліся, хаткі проста ў вадзе стаяць... З вялікімі цяжкасцямі спісы былі прыгатаваны своечасова. За маю працу гарана падзякавала, а на настаўніцкай канферэнцыі ўспаміналі добрым словам. Адначасова я папрасіў кіраўніка гарана перавесці мяне на работу ў горад. Гарана папрасіў яшчэ трохі папрацаваць, а пасля будзе відаць, як зложацца справы ў школе № 23.

Працую далей. Дні праходзяць, падышло лета. У школе трэба зрабіць рамонт, а матэрыялу няма і не прадбачыцца.

Прыходзіць мне павестка — выклікае ваенны камісарыят. Прызнаюць, што годны для службы ў арміі. Маўчу, стаю перад афіцэрам, нічога не адказваю. Паглядзеў ён на мяне і пытаецца:

— Дзе працуеш?

— У школе,— адказваю.

— А што цяпер там робіце?

— Праводжу рамонт.

— Ну, добра. Ідзі і працуй!

Такім чынам дастаў «браніроўку» да канца вайны.

У Павільніскай школе прыйшлося працаваць да восені. У ходзе настаўніцкай канферэнцыі, дзе было сказана на мой адрас многа цёплых слоў, атрымаў назначэнне на кіруючую пасаду ў школу № 22, што знаходзілася на вуліцы Канкеню, 9.

 

ШКОЛА № 22

Калі пакідаў школу № 23, сэрца сціснулася ў вялікім жалі, бо столькі пакладзена было працы для дабра школы і дзяцей, што шкада было ісці адсюль. Душа цешылася тым, што мне не прыйдзецца так многа хадзіць і наладжваць школьныя справы, што закончылася маё гора.

Паступіўшы ў школу № 22, мне прыйшлося сустрэцца з людзьмі добрымі, шчырымі, душэўнымі. Школа да заняткаў не была падрыхтавана: рамонт не зроблены, вокны — да палавіны забітыя дошкамі, падлогі прадзіраўленыя, сцены ў шчылінах, сам будынак — у аварыйным стане... А што да школьнага інвентару, то ўвогуле мовы не было. Перада мной стаяла задача — давесці школу да больш-менш нармальнага стану.

У гэтым будынку былі размешчаны дзве школы: 16-я і 22-я. Кіраўніком першай быў Б. Лаўрынас, а другой — я. У школе я пазнаёміўся з таварышамі, завязалася дружба, каторая і па сягонняшні дзень прадаўжаецца. Праўда, не ў такой форме, у якой была, але наведваем адзін аднаго.

Да пачатку вучэбнага года заставаліся лічаныя дні, а рамонт не праведзены, інвентар не спарадкаваны і г. д.

Працавалі з надзеяй, што вайна скора закончыцца, працаваць будзе лягчэй, дастанем матэрыялы, неабходныя для правядзення рамонту.

Рамонт школы быў зроблены, ужо можна было дзятве за партай сядзець. На душы лягчэй стала. У школе паявіліся новыя настаўнікі — Баніслаўская, Пулкаўнінкайтэ, Сабіла і іншыя. Школа № 16 працавала з раніцы, а 22-я — пасля абеду. Хачу зазначыць, што ў маёй школе былі пераважна дзяўчаткі, а пэўны час дык толькі адзін хлопчык, звалі яго Будзько.

Перад школай стаяла праблема з палівам. Аднойчы з райана пазванілі, што паступілі дровы і трэба іх забраць да ночы. А была ўжо чацвёртая гадзіна вечара. Паўстала задача з машынай. У той час шэфам нашай школы быў палкоўнік Гапановіч — чыгуначны забеспячэнец. Арганізацыя яго была багатая, але мела ўсяго дзве машыны. Наведалі нашага шэфа, далажылі, у якім становішчы знаходзімся. Выслухаў нас, паслаў да свайго кіраўніка транспартам таварыша Элерта на таварную станцыю. Расказалі сваю бяду і былі ўпэўнены, што дастанем так неабходную нам машыну.

Але раптам — як з неба пярун ударыў. Ён пачаў на нас крычаць, што мы «бессовестные», што ў іх толькі дзве машыны, і тыя занятыя. Выслухалі, пайшлі да палкоўніка Гапановіча. На вуліцы, як на злосць,— лівень, прамоклі да ніткі. Прыйшоўшы, выліваем свой жаль. Палкоўнік, бачачы нас мокрых, дый пара была ўжо позняя, усхваляваўся і пачаў званіць. Абяцаў, што дастанем машыну, мы паверылі ягонаму слову.

Вярнуўшыся да Элерта, мы папалі ў тую самую гісторыю — не хоча з намі нават і гаварыць. Доўга не чакаючы, пайшлі ў райком партыі, да першага сакратара Сямёнава. Далажылі, у якім мы знаходзімся становішчы. Сямёнаў, доўга не чакаючы, падышоў да тэлефона і пазваніў Элерту.

— Элерт, у вас ёсць дзеці?

— Так,— быў адказ.

— У школу ходзяць?

— Так.

— Як думаеш, добра будзе дзецям сядзець у халоднай школе? Прашу неадкладна даць машыну, няхай возяць дровы, бо праз ноч іх ужо не будзе.

Такім чынам мы дасталі машыну, усю ноч вазілі дровы да школы. Складвалі дровы проста на вуліцы пры школе. Нас чакала яшчэ нялёгкая праца: гэтыя дровы трэба было знасіць на другі паверх.

Тры дні мы з Лаўрынасам насілі дровы наверх, змучыліся так, што цяжка і апісаць. Але сэрца сагравала радасць, што прыйдзе зіма, а дзеці мерзнуць не будуць. У той час праца ў школе была цяжкая і няўдзячная, дзе ні пойдзеш — усюды цяжкасці, перашкоды, трэба было мець і трохі «нахальства», а настаўнікам яно не да душы.

Зазначаю, што пазней, пасля вайны, працаваць у школе мне падабалася тым, што ў райана былі прысланы добрыя, шчырыя людзі: Пучкова, Чамаданава, Купчын, а нейкі час спачатку з’яўляўся і П. Марэцкас. 3 гэтымі людзьмі праца пасоўвалася з кожным днём наперад, людзі інтэлігентныя, добра разбіраліся ў школьных справах, памагалі настаўнікам у іх нялёгкай працы, не затрымлівалі, не тармазілі, а прыходзілі з дапамогаю, з добрым, шчырым, душэўным словам...

Хацелася сказаць слова пра нашых інспектароў: Бігіліса з гарана і Іванаўскаса з райана. Яны аказвалі вельмі вялікую дапамогу ў школьным жыцці.

 

ВЫЕЗД У ПОЛЬСКУЮ НАРОДНУЮ РЭСПУБЛІКУ

Прыйшоў той час, калі дзеці, каторыя вучыліся ў нашай школе, пачалі выязджаць у Польшчу. Кожны дзень дзяцей убывала на некалькі дзесяткаў. А гэта пагражала школе ліквідацыяй.

З гарана прыйшоў загад аб далучэнні школы № 22 да школы № 16. Абедзве гэтыя школы былі польскія.

Загад быў выкананы. Але гарадская камісія не дазволіла школе праводзіць заняткі ў гэтым будынку, бо ён знаходзіўся ў аварыйным стане. Пачалася новая беганіна па школьных справах.

Дасталі новы будынак па вуліцы Голешынкеля, але без капітальнага рамонту заняткі ў ім праводзіць нельга было. Звярнуліся да нашага шэфа Гапановіча. Просьба наша была прынята, і рамонт зроблены ў пару. 20 жніўня 1948 года атрымалі ключы ад новай школы і можна было праводзіць заняткі, пачынаць новы навучальны год. У гэтай школе працавалі аж дваццаць год — да 1968 года. Пазней гэту школу знеслі, а на яе месцы пабудавалі аўтобусную станцыю пры чыгуначнай станцыі.

У школе час ад часу арганізоўваліся канцэрты для вучняў і іх бацькоў. Спачатку для мяне было нялёгкай справай падрыхтаваць дзяцей да выступленняў самадзейнасці, але пазней усё ўсталявалася. З выступленняў і школьнай працы за трыццаць год зроблены альбом.

 

ШКОЛА № 11

У 1967 годзе я ўжо працаваў у сярэдняй школе № 11. Тут мне прыйшлося спаткацца з многанацыянальным калектывам: літоўцы, рускія, палякі, яўрэі, беларусы і г. д. У школу № 11 нас, настаўнікаў, перавялі пяць чалавек, у тым ліку і жонку нашага дырэктара Лаўрынаса. Асабіста я быў задаволены: большая школа, можна будзе большую пенсію зарабіць... Так яно і сталася...

З нашай дырэктаркай мы ў свой час разам вучыліся ў Настаўніцкім інстытуце горада Вільнюса, на адным факультэце, толькі што не на адной лаўцы. Таму я добра ведаў яе характар і яе здольнасці. Школа размяшчалася ў старым будынку на вуліцы Кропу. У хуткім часе школа была пастаўлена на знос, а на яе месцы запланавалі пабудаваць новую школу. Так і зрабілі. Класы пераносілі ў іншыя школы. Так мы і працавалі некалькі гадоў, пакуль не пабудавалі новае памяшканне.

У школе завучамі працавалі Мацюкенс, Наневіч, а пазней Сівіцкая. Усе выконвалі свае абавязкі сумленна, па інструкцыі гарана. Аднак ад настаўнікаў яны патрабавалі максімум, бо жадалі дабра для вучняў, каторыя ў будучым аддзячаць сваёй працай на заводах, фабрыках і г. д. Настаўнікі любілі такіх інспектараў-завучаў і заўсёды ўспаміналі іх шчырым, добрым словам.

У верасні 1967 г. у школе адбыліся выбары ў мясцовы камітэт. І вось, як надзіва, выбралі мяне старшынёй камітэта, ніколі такога і не снілася. Прасіў зрабіць перавыбары, але не памагло, так і аставілі, мусіў з гэтым пагадзіцца. Перада мной паўстала многа працы, а праца адказная як перад дзецьмі, так і перад настаўнікамі, а ў дадатак — калектыў настаўнікаў мала ведаў. Стараўся працаваць добрасумленна, па меры магчымасці ўсім памог: дастаць пуцёўкі ў санаторый, дом адпачынку, і, галоўнае, жыллёвую плошчу. Скажу праўду, што праца гэтая праходзіла нядрэнна. Безумоўна, вялікую дапамогу мне аказала дырэктар Ф. М. Мацкевіч.

У 11-й сярэдняй школе я нейкі час працаваў на паўтары стаўкі, бо хацеў атрымаць пабольшаную пенсію, а дакладней, правесці тарыфікацыю, бо першапачатковая пенсія была невялікая. У новай школе прыйшлося працаваць не больш як тры гады: валасы на галаве ўжо цалкам ссівелі, надыходзіў ужо сямідзесяты гадок. Калі я збіраўся на пенсію, дырэктар Ф. М. Мацкевіч мне гаварыла:

— Не спяшайся, працуй, класы моцныя, усе давольны.

Гэта праўда, але здароўе даражэй за ўсё, што ёсць на свеце.

Успамінаў пра школы, у якіх даводзілася працаваць, можна напісаць добрую кнігу з ілюстрацыямі. Але я пакуль спарадкаваў ілюстраваны альбом, што адлюстроўвае маю педагагічную працу ў віленскіх школах. Пра гэты альбом пісала газета «Чырвоны Штандар».

На заканчэнне трэба ўспомніць тых маладых настаўнікаў, якія праходзілі ў нашай школе практыку. На развітанне я сказаў ім ад шчырага сэрца некалькі слоў: «Працуйце ў школе з сэрцам і душой! Любіце дзетак-малышоў, якіх вучыце! Не шкадуйце сваёй працы! Выхоўвайце добрых людзей!..»

Вось я і зачанчваю свае нататкі... Тут — тое, што найбольш мне запомнілася з жыцця школ, дзе мне пашчасціла працаваць. Тут — увесь мой шлях, усё жыццё...

1974

Можа, з часам сціплыя нататкі гэтыя ўбачаць свет і будуць чытаць іх унукі і праўнукі ды ўспомняць дзядзьку Янку, што жыў у Вільні і працаваў для дабра Радзімы. Любіў усіх беларусаў, шанаваў і другія народы, каторыя жылі чэсна і справядліва, не імкнуліся падбіць сваіх суседзяў.

Даражэнькія мае суродзічы, жывіце шчасліва і багата! Шануйце ўсіх, хто заслужыў, тады стане супакой на нашай зямлі.

Бывайце!

Ваш Янка Багдановіч

 

Янка Багдановіч памёр 13 ліпеня 1990 года

 

КАРОТКІ БІЯГРАФІЧНЫ ПАКАЗАЛЬНІК

Анцукевіч, Мікалай — педагог, выкладчык лацінскай мовы і дырэктар Віленскай беларускай гімназіі (ВБГ), аўтар брашуры пра «Слова аб палку Ігаравым», пасля вайны — выкладчык Вільнюскага універсітэта.

Астроўскі, Радаслаў (1887—1976) — культурна-грамадскі і палітычны дзеяч, дырэктар ВБГ і Віленскай настаўніцкай семінарыі. У снежні 1943 г. узначаліў Беларускую цэнтральную раду, пасля 1944 г. на эміграцыі, жыў у Нямеччыне, Аргенціне, Вялікабрытаніі, ЗША.

Багдановіч, Генадзь — выкладчык геаграфіі ў ВБГ, рэдактар газеты «Незалежная Думка» (1920), эміграваў у СССР.

Бакач, Пётра — выпускнік Пражскага універсітэта, аўтар падручніка нямецкай мовы для беларусаў (1941), у 1945 г. арыштаваны органамі НКУС, пасля адбыцця пакарання жыў у Магаданскай вобласці.

Більдзюкевіч, Адам — эканаміст, сакратар Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры (БІГіК), аўтар кнігі «Асновы грамадскай гаспадаркі», адзін з кіраўнікоў Беларускага сялянскага саюза.

Будзька, Эдвард (1882—1958) — кааператар, публіцыст, выдавец газеты «Светач» (Петраград, 1916, разам з Л. Хвецькам), пасля 1944 г. на эміграцыі.

Васілеўскі, Антон (1891—1980-я гг. ХХ ст.) —хірамант, празаік, выдавец часопіса «Авадзень».

Васілеўскі, Мікалай (1904—1937) — мастак, скончыў ВБГ. супрацоўнічаў у часопісе «Маланка». У 1930 г. эміграваў у СССР.

Глякоўскі, Станіслаў (1896—1943) — рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, выкладчык ВБГ і настаўніцкай семінарыі, арыштаваны немцамі ў 1943 г. і адпраўлены ў Бухенвальд, дзе і загінуў.

Грабінскі, Баляслаў — доктар-стаматолаг, у 1942—1944 гг. узначальваў Віленскі беларускі камітэт, пасля 1944 г. на эміграцыі.

Грынкевіч, Станіслаў (1901—1945)— псіханеўролаг, пісьменнік, публіцыст, палітычны дзеяч, член ЦК БХД, аўтар шматлікіх навукова-папулярных кніг і брашур.

Грышкевіч, Вінцэнт — публіцыст, палітычны дзеяч, скончыў Пражскі універсітэт, пасля вайны на эміграцыі, заснавальнік Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі, першы дырэктар Беларускай секцыі «Радыё Вызваленне», прэзідэнт Рады БНР (1970—1983).

Грышкевіч, Францішак (пам. 1945)— паэт, публіцыст, скончыў Пражскі універсітэт, дырэктар ВБГ (1941—1944).

Германовіч, Язэп (1890—1971) — рэлігійны дзеяч, паэт (псеўд. Вінцук Адважны), аўтар кнігі ўспамінаў «Кітай — Сібір — Масква» (1962).

Данілевіч, Аляксандр (1877—1949) — выкладчык матэматыкі ў ВБГ.

Дасюкевіч, Адам — выдавецкі работнік, старшыня Беларускага студэнцкага саюза, у часе акупацыі старшыня Беларускай народнай самапомачы ў Пастаўскім павеце, расстраляны немцамі ў 1943 г.

Забэйда-Суміцкі, Міхась (1900—1982) — оперны спявак (лірычны тэнар), педагог, ад 1940 г. жыў у Празе.

Знамяроўскі, Уладзіслаў — віленскі выдавец.

Ільяшэвіч, Мікалай (пам. 1934) — выпускнік Пражскага універсітэта, выкладчык у ВБГ, аўтар падручніка па псіхалогіі, брашуры на чэшскай мове «Беларусь і беларусы».

Ільяшэвіч, Хведар (пам. 1948) — паэт, выкладчык у ВБГ, аўтар манаграфіі «Друкарскі дом Мамонічаў», у часе акупацыі рэдактар газеты «Новая Дарога» (Беласток), пасля 1944 г. на эміграцыі, выдаваў часопіс «Шляхам Жыцця» (Нямеччына), загінуў у аўтамабільнай катастрофе.

Казлоўскі, Уладзіслаў (пам. 1943) — паэт, публіцыст, палітычны дзеяч, адзін з заснавальнікаў Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі, у часе акупацыі рэдактар «Беларускай газэты», забіты партызанамі.

Карпюк, Анатоль — дырэктар Віленскай настаўніцкай семінарыі (1941—1944).

Кароль, Сымон (пам. 1947) — выкладчык хіміі ў ВБГ.

Катовіч, Ян — педагог, выкладчык батанікі ў ВБГ.

Кахановіч, Міхал — педагог, першы дырэктар ВБГ (1919— 1922), палітычны дзеяч, пасол на Сойм, эміграваў у СССР.

Клімовіч, Адольф (пам. 1970) — выпускнік Пражскага універсітэта, дзеяч БХД, працаваў над біяграфічным слоўнікам беларускіх культурных і палітычных дзеячаў.

Коўш, Аляксандр (1890—1943) — рэлігійны і асветны дзеяч, выкладчык Закону Божага ў ВБГ, рэдактар часопіса «Праваслаўная Беларусь», расстраляны немцамі ў 1943 г. у Плешчаніцах.

Красінскі, Мікола — педагог, адзін з заснавальнікаў Беларускай драматычнай майстроўні, калекцыянер твораў мастацтва, эміграваў у СССР.

Краўцоў, Макар (сапр. Косцевіч) (1890—1941?) —паэт, публіцыст, перакладчык, аўтар тэкста беларускага гімна «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». У 1939 г. арыштаваны органамі НКУС.

Малецкі, Язэп — доктар-гінеколаг, публіцыст, старшыня Віленскага беларускага камітэта (1941—1942), намеснік БЦР на Віленскую акругу (1944), пасля 1944 г. на эміграцыі. Аўтар кнігі ўспамінаў «Пад знакам Пагоні» (1976).

Мятла, Пётра (1880—1936) — публіцыст, палітычны дзеяч, дэпутат Сойма, у 1930 г. эміграваў у СССР.

Найдзюк, Часлаў — юрыст, журналіст, пасля вайны на эміграцыі (ЗША).

Найдзюк, Язэп (1909—1984) — публіцыст, гісторык, аўтар кнігі «Беларусь учора і сяння» (1940, другое выданне 1944), пасля вайны жыў у Польшчы.

Пазняк, Янка (пам. 1939?) — дзеяч БХД, як рэдактар «Беларускай Крыніцы» 27 разоў быў прыцягнуты да суда польскімі ўладамі, у 1939 г. арыштаваны органамі НКУС.

Папуцэвіч, Вацлаў — дзеяч Беларускага студэнцкага саюза, выдавец часопіса «25 Сакавіка».

Паўловіч, Сяргей (1875—1940) — педагог, аўтар падручнікаў для беларускіх школ, дырэктар ВБГ (1927—1928), адзін з кіраўнікоў ТБШ.

Паўлюкоўскі, Уладзіслаў (1895—1955) — паэт, перакладчык, этнограф.

Пяцюкевіч, Мар'ян (1904—1985) — этнограф, публіцыст, дырэктар Беларускага музея імя І. Луцкевіча ў Вільні, пасля вайны жыў у Польшчы.

Сакалова, Алена (пам. 1960) — педагог, выкладчыца ў ВБГ.

Саковіч, Юльян — удзельнік камсамольскага падполля, сябра Беларускага студэнцкага саюза, у часе акупацыі камендант беларускай паліцыі ў Менску, забіты ў 1943 годзе польскімі падпольшчыкамі.

Сасноўская, Ніна — мастачка, выкладчыца малявання ў ВБГ.

Свістун — рэдактар газеты «Сялянская Ніва» (1926—1931).

Семашкевіч, Раман (1907—1937) — мастак, у 1925 г. эміграваў у СССР.

Сіняўскі, Мікалай — выкладчык у ВБГ, рэдактар газеты «Наперад» (1929—1930).

Смоліч, Аркадзь (1891—1937) — педагог, вучоны, палітычны дзеяч, выкладчык у ВБГ, аўтар падручніка па геаграфіі, эміграваў у СССР.

Станкевіч, Адам (1891—1949) — рэлігійны, палітычны і культурна-асветны дзеяч, адзін з заснавальнікаў БХД, рэдактар часопіса «Хрысціянская Думка», у 1949 г. арыштаваны органамі НКУС, памёр у лагеры ў Іркуцкай вобласці.

Станкевіч, Станіслаў («кнігар») (пам. 1964) — культурна-грамадскі дзеяч, выдавец.

Станкевіч, Станіслаў («малодшы», «доктар») — літаратуразнавец, публіцыст, у часе акупацыі займаў розныя пасады ў беларускай адміністрацыі, пасля вайны на эміграцыі, рэдактар газет «Бацькаўшчына», «Беларус».

Стэповіч, Альбін (1896—1934) — кампазітар, музыколаг, культурны і палітычны дзеяч, аўтар зборніка песень «За Бацькаўшчыну», брашуры «Беларусы і незалежнасць».

Талочка, Уладзіслаў (1887—1942) — рэлігійны дзеяч, актывіст унійнага руху, адзін з першых, хто пачаў ужываць беларускую мову ў рэлігійным жыцці.

Трэпка, Антон (пам. 1939) — інжынер, педагог, грамадска-культурны дзеяч, удзельнік Беларускага навуковага таварыства, Беларускага выдавецкага таварыства, аўтар падручнікаў па фізіцы, выкладчык фізікі ў ВБГ.

Тумаш, Вітаўт — сябра Беларускага студэнцкага саюза, у ліпені— лістападзе 1941 г. бурмістр Менска, пасля вайны на эміграцыі, аўтар шматлікіх прац у галіне скарыназнаўства, шматгадовы дырэктар Беларускага інстытута навукі і мастацтва (ЗША).

Цікота, Андрэй (1892—1952) — рэлігійны дзеяч, закладчык і першы кіраўнік беларускага дому айцоў Марыянаў у Друі, у 1939—1948 гг. кіраўнік уніяцкае місіі ў Харбіне, у 1948 г. арыштаваны органамі НКУС.

Шкялёнак, Мікалай — культурна-грамадскі і палітычны дзеяч, юрыст, актывіст БХД, Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, аўтар гістарычных прац і артыкулаў, у часе акупацыі ў БЦР.

Шнаркевіч, Надзея (1897—1974) — настаўніца, супрацоўніца галоўнай управы ТБШ, рэдактар часопіса «Жаночая справа».

Шнаркевіч, Язэп (пам. 1981) — педагог, выкладчык ВБГ, адзін з кіраўнікоў ТБШ.

Шутовіч, Альфонс (пам. 1947) — журналіст, супрацоўнік часопіса «Шлях моладзі».

Шутовіч, Янка (1904—1973) — публіцыст, культурна-грамадскі і палітычны дзеяч, рэдактар часопіса «Калоссе».

Шчорс, Мікола — доктар, палітычны і грамадскі дзеяч, у часе другой сусветнай вайны старшыня Беларускага Камітэта ў Варшаве.

Ярэміч, Фабіян (1891—1958) — грамадска-палітычны дзеяч, дэпутат Сойма, адзін з заснавальнікаў Беларускага сялянскага саюза, публіцыст.


1970-1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Багдановіч, Янка. На жыццёвым шляху: Успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1992. - с. 7-138
Крыніца: скан