epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Брыль

Дырэктарка

У кожнай вёсцы, у кожным куточку нашай зямлі, дзе ты быў ці не быў, возьме ды зноў, яшчэ і яшчэ раз вырасце падобнае да іншых і да нікога не падобнае дзяўчо.

Ірынка вырасла ў сваім Доўгім Сяле, там і школу закончыла, і не паехала адтуль нікуды. Старшыня калгаса ўгаварыў яе стаць дырэктаркай іхняга дома адпачынку, пабудаванага на раздольным узлессі над Шчарай.

Смяяліся са старшыні яго калегі, што фантазёр ён з гэтай сваёй «Шчарынкай», і нерэнтабельнай, і непатрэбнай, а ён спакойна, з прыязнай усмешкай адказваў, што кожны з яго калгаснікаў, які там заслужана адпачыў два тыдні, можа спакойна назначацца хоць нампалітам палка. І растлумачваў: «Па сацыяльнай і палітычнай свядомасці». Сам ён з вайны вярнуўся капітанам з двума ордэнамі і трыма раненнямі, з роднай Віцебшчыны быў пасланы сюды, у адзін з заходніх раёнаў, на партыйную работу. На старшыню калгаса прыйшоў з райкома, дзе працаваў другім сакратаром. Знячэўку гэта атрымалася. Калгас быў слабенькі і, калі ён, сакратар, прывёз сюды выбіраць чарговага старшыню, людзі пажартавалі: «Нам каб, таварыш, такога, як вы!» — «А што вы думаеце — і пайду!» Яго адпусцілі, бо гэта было ў той час, калі на дапамогу сельскай гаспадарцы ішлі «трыццацітысячнікі». Пакуль да той «Шчарынкі», папрацаваць давялося многа, і людзі ад жарту «нам каб такога» дайшлі спакваля да пашаны, якое гэты, яшчэ раз новы, старшыня, талковы ў працы і прыемны ў абыходжанні, аказаўся вартым. Была яму пашана і ад кіраўніцтва. Сам сакратар абкома параіў мне паехаць з сям’ёй у «Шчарынку», пазнаёміцца з тым калгасам і «са станоўчым, — як ён сказаў, — героем нашай сучаснасці».

«Шчарынка» нам спадабалася, на другое лета мы сагітавалі туды дзве пары сваіх сяброў, якіх на трэцяе лета агітаваць ужо не трэба было.

Улетку калгаснікам не да адпачынку, і туды прыязджалі бліжэйшыя і далейшыя гараджане. Інтэлігенцыя не ўся і не заўсёды бывае інтэлігентнай. Капрызы, гонар, неахайнасць, хамства, — калі не сам інтэлігент, дык жонка, дзеці, а то і ўсёю сям’ёй.

Дзяўчо-дырэктарка неяк прызналася мне:

— Калі ўжо што зусім-зусім не так, не вытрываць, дык я пайду сабе ў лес, там паплачу-паплачу, а потым зноў...

Я расказаў пра гэта старшыні, і ён сабраў адпачываючых на «невялічкі агульны сход». Спакойна, тактоўна, з гаспадарскай годнасцю ён напрасіў нас захоўваць парадак, паважаць персанал і дырэктара дома або, калі каму не даспадобы тут, «дык мы не будзем настойваць на тым, каб нам рабілі вялікую ласку...».

Пасля сходу, — а было гэта на першым годзе майго там з сям’ёй адпачынку, — Ірынка, здаецца, больш не хадзіла ў лес супакойвацца.

Пасмялела яна спакваля, пасталела.

Тады ж, на першым годзе, адзін з інтэлігентаў, з выгляду чалавек прыстойны, як аказалася, патаемна ўсё думаў пра хуткую пенсію. Не так сабе, а ў сувязі са «Шчарынкай». «От дзе каб стаць дырэктарам! Паветра, рыбка, грыбы, малачко... Перавесці б толькі дом на прафсаюзны, зняць гэтае дзяўчо!» Ажыццяўленне задумы пачаў ён з таго, што кожны дзень запісваў пра ўсе непаладкі ды непаладачкі, а потым, на развітанне, сшытак свой даў старшыні.

— Паглядзіце, падумайце, ці такі вам патрэбен дырэктар.

Старшыня пагартаў той сшытак, прачытаў два-тры запісы і, як заўсёды стрымана, сказаў:

— Дзякую вам за пільнасць. У нас праўленне ёсць. Мы абмяркуем.

А сшытак потым паказаў Ірынцы.

Паколькі першы спосаб «не спрацаваў», на другое лета пільны таварыш, яшчэ на год паразумнеўшы, пачаў капацца пад самога старшыню.

— Ты камсамолка? — сам-насам спытаўся ён у Ірынкі.

— Ну, камсамолка.

— Дык давай пагаворым пра недахопы вашага старшыні.

— А вы што, ужо і на яго сшытачак завялі?

Бачу яе маладзенькі, усмешлівы твар. Бачу разгублена-злосную губу таго барацьбіта... Ірынка расказала мне пра тую іх размову.

Даўно гэта было, пятнаццаць год таму назад. Шаноўны Павел Фёдаравіч, старшыня, памёр. Пасля яго там ужо другі ці, можа, і трэці прыйшоў. Калі ў мяне летась узнікла пільная патрэба зноў звярнуцца ў «Шчарынку», я не надумаў, што дырэктарка там тая самая. Пазваніў як незнаёмы, пачаў прадстаўляцца, тлумачыцца, пакуль у міжгароднім хрыпе ды трэску не распазнаў па-даўняму вясёлы голас. Яна адразу пазнала мяне, адразу назвалася тым даўнім, звычным імем, потым зрабіла ўсё, пра што я папрасіў, аднак, здаецца, найбольш прыемна было проста пачуць яе, нібы ўбачыць — праз столькі гадоў тую самую.

Днямі, яшчэ праз год, перабіраючы старыя запісы, я, ледзь не як штосьці чужое, перачытаў чарнавыя накіды да напісанага ў «Шчарынцы» апавядання-эсэ «Дажджлівы, сонечны жнівень». Я гавару там пра старшыню безымянна, а гэта быў ён, Павел Фёдаравіч. Ён прыехаў па мяне пахмурным ранкам і, моўчкі павітаўшыся, рука ў руку, ціха, з усмешкай захаплення расказаў ажно пра трох ласёў, што запынілі яго на лясной дарозе.

— Яны стаяць, і я стаю. Проста цуд!..

А для мяне гэта, у тую раніцу, цуд быў не першы, а другі. Так і запісана было, што першы цуд — Ірынка.

Устаў я вельмі рана, выйшаў на двор, у хмарную, ледзь-ледзь не зноў шапатліва мокрую ціхасць асцярожна, бо вокны на першым і другім паверхах былі яшчэ зусім сонна прыадчынены. Нідзе нікога, ні каля дома, ні трохі далей. І раптам з-за шаляванага вугла выйшла яна, гаспадыня. Павіталася, як заўсёды, з непрытворна прыязнай усмешкай.

— Толю да рэчкі правяла, — сказала прыцішана. — Можа, што-небудзь і возьме. Гароху наварыла вечарам. Такі ўжо рыбак, — усміхнулася, як пра малога, роднага.— Сёння ж во свята ў яго з учарашняга вечара: дождж.

У самое таксама ж свята. Толя прыехаў увечары на матацыкле і заначаваў. Яны пажаніліся гэтай вясной, да іхняй вёскі дзевяць кіламетраў, а ён жа механізатар — часамі па тыдню і болей не бачацца.

— А вам пісьмо, — успомніла яна. — Прабачце ўжо, што вечарам не аддала. Забылася. Я вынесу.

Я пайшоў следам за ёю, у пакойчык на другім паверсе, і спыніўся там на парозе.

На стале ў дырэктаркі — кветкі ў збанку, а на чысценькім, ужо засланым ложку стаіць вялікая лялька. Не вясельны галыш з аўтамабільнага капота, а светлая беларусачка ў народным, што і летась яшчэ стаяла каля падбітай, пухкай падушкі. Тады, калі ў гаспадыні пакоя была, відаць, толькі мара, надзея, загадка: хто ж сюды прыйдзе гаспадаром?..

Чарнявая, блакітнавокая, з вяснушкамі на загары, ад чаго яе... ну, зусім маладая, шчасцем адораная краса — цяпер, здалёк — бачыцца яшчэ больш сумнавата-соладка-прывабнай. У светла-стракатай сукенцы, з фігуркай яшчэ ўсё дзявочай.

Дзякуй, Ірынка, за мілы ўспамін!


1983

Тэкст падаецца паводле выдання: Брыль Я. Сёння і памяць: Апавяданні, мініяцюры, эсэ. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 317 с., 317 л.
Крыніца: скан