epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Брыль

Гіпноз

Каржакавата-тоўсценькі, сыта-загарэлы пад выцвілай ад сонца кепачкай, ён сядзіць на лаўцы каля зялёнага плоціка. На асфальце, побач з яго кірзачамі, стаіць пустое вядро, прымурзана-чырвонае ўсярэдзіне. Парэчкі толькі што прададзены недалёчка адгэтуль, на доўгім стале пад павеццю, дзе прадаецца сёе-тое з агарода, з саду, з лесу. Схіліла з паўдня, нягорача. Людзей тут, на пасялковай аўтобуснай станцыі, нямнога, і яго, і майго аўтобусаў яшчэ няма. Ёсць час пагаварыць, дый хочацца, бо бачыліся мы нячаста.

— Здароўя пытаеш. Якога ты хочаш, браце, у маіх гадах здароўя? Семдзесят шосты. Калі дзе трохі скокам, дык потым і бокам. Але ж не возьмеш, ліха яму, з капліцы старую пратэсу ды не пойдзеш, сам па сабе жывы галосячы. Трымаюся, пакуль трымаецца. Да доктара, можна сказаць, і зусім не хаджу. От, павітаемся на вуліцы. А да Чмута не пойдзеш — памёр. Які, кажаш, Чмут? Я і сам, браце, мог бы быць такім чмутам, як ён. Мой дзядзька быў у Амерыцы, у Канадзе. Яшчэ пры цары паехаў, лепшага хлеба шукаць. А пры Польшчы быў прыслаў мне кнігу пра гіпноз. Па-руску напячатана. Я яшчэ ў войску тады не служыў, толькі-толькі на кавалера браўся. Усю зіму тую кнігу чытаў. І сам пачаў практыкавацца. Тры пальцы во так настаўлю, ці так сабе, ці ў твар каму-небудзь, вочы натарапачу — гляджу, як ён міргае. А ўжо далей мне і самому смешна — засмяюся! І сарваў сеанс. Не ў кожнага яно і палучаецца.

А Чмут наш без кнігі, а нейкім таксама гіпнозам лячыў. Сам, можа, класаў са два і прайшоў, але разумных слоў нахапаецца і гаворыць, браце, так, што людзі і вераць, асобенна бабы. Часаслоў чытаў у царкве. Я кажу: «Ты ж тых цітлаў не ведаеш, як жа ты іх чытаеш?» — «Па памяці». Памяць у яго была. І ўсюды ён лез. «На вайне, — казаў, — і афіцэры мяне баяліся. Як гэта можна,— выступіў я раз у Германіі, ужо Берлін было ўзяўшы, — як гэта можна, каб нашы доблесныя воіны, не толькі радавыя славяне, але і камандны састаў, лібзалі вуста фашысцкім медхенам ды фравам? Што гэта за разурат!..» Во, браце, як.

А то прыходзіць раз да яго адна маладзіца. За дваццаць пяць, падлічыўшы, вёрст. Во куды погалас дайшоў! І гэта ж ужо не даўней, не пры панах, і не ў акупацыю, а гадоў нешта з дзесяць таму назад. Наша баба, калхозна-саўхозная. Просіць, каб даў ёй чаго такога, каб свякроў памерла. Чмут спачатку ўзяў яе на гіпноз, у вочы ёй наталопіўся, ці не правакацыя якая. А потым гэта бярэ канапель, шчопці зярнятак са свайго ўсялякага прыпасу. Расцёр тыя каноплі, вады імі у бутэлечцы закрасіў і кажа: «Тры разы на дзень папырскай старой на пасцель — праз тры дні памрэ. Але глядзі, каб у дарозе ані разочку не азірнулася!» А дзе ж ты, браце, бачыў, каб гэта баба за дваццаць пяць вёрст ні разу не азірнулася? Ці машына якая ззаду, ці сабака, ліха яму, ці проста так, таму што няможна. Прыходзіць яна потым зноў. Лякарства — усё, а свякроў жыве. Чмут уталопіўся зноў ды як гаркне сваім гіпнозам: «Што, азіралася?!» Баба — у дрыжыкі. «Дзядзечка, толькі разочак адзін. Дайце лякарства, дзядзечка, што ні скажаце — не пашкадую». — «Маё срэдствія,— кажа ён, — за другім разам не дзействуя. Ідзі». Так яна і патэпала.

А то яшчэ раз было...

Слухаць чужое, а думаць сваё — гэта можна. А запісаць такое адразу, падвойным цягам, нельга. А думаў я так... ці, лепш — успомнілася мне, слухаючы, такое.

Малога мяне маці паслала ў суседнюю вёску да бабы, што памагае. Нашай карове стала нядобра. А мама сама пайсці не магла. І брат старэйшы некуды паехаў. Ці, можа, і трэба было, каб пайшоў не сталы хто, а малы, так сказаць, з поўным даверам. Гэта ўжо сёння я так думаю. А помніцца яно прыемна, з пажылым цеплаватым сумам, — тое маё хлапечае адчуванне важнасці такога даручэння. Што гэта дрэнна нашай Кухарцы, і што гэта мама паслала мяне. А яшчэ ж і навіна, нечаканасць такая — не на нашу іду, як штораніцы, не па іржышчы, не па траве, а па гладкай сцежцы ўзбоччам гасцінца, у іншую вёску, у людзі!..

Была ў мяне з Кухаркаю віна... Праўда, і кара ды пакаянне адразу ж былі. Першага красавіка трэба было ашукаць каго-небудзь, з самай раніцы, а дома была адна мама. Яна паліла ў печы, а я ўбег з двара ды з парога, як найбольш спалохана: «Кухарка наша павалілася каля хлява, раве!..» Мама — на двор. Кухарка стаіць сабе, жвайку жуе, на першае сонейка жмурыцца. Мама яшчэ на хаду расперазала фартух, давай мяне ў хаце махрамі шалёстаць. Крычаў я, што гэта звычай такі і што болей не буду, але сваё атрымаў. Махры не толькі пякліся, асабліва калі па вушах, па руках, але і няўмольна сведчылі, што ты яшчэ ўсё малы і дурны, хоць і перайшоў ужо ў пяты клас і кніжкі ўсякія дарослыя чытаеш.

Кухарка, калі яна добра наесца, калі яе так напасеш, што і клубоў не відно, ужо здалёк, да брамы падыходзячы, стане і зараве. Маму кліча з даёнкай. А мама, калі яна дома і чуе, адгукаецца: «Іду ўжо, іду!..» Сырадой быў, вядома, смачны і сам па сабе. Калі ж яго не з конаўкі, а ў міску наліць, накрышыць туды чорствага хлеба або палажыць тварагу, дык гэта ўжо будзе — ну!.. Біць масла ў бойцы-стаўбуне — работа была нудная і найчасцей мая. Толькі смятана, што выступае з бойкі, добра ліжацца з пальца. Спачатку густая, потым усё радчэйшая і, нарэшце, з крупінкамі масла. І смачна, і перамога — збілася! Добрая луста хлеба са свежым кіславаценька-мяккім на смак, зверху пасоленым маслам, які-небудзь Рабінзон або Чычыкаў — дачытваць іх жуючы, — плата на месцы і такая шчодрая!..

І вось Кухарцы нашай нядобра...

Прыйшоў я да тое бабы, пра хату яе дапытаўшыся, а баба стаіць каля печы. Я павітаўся і расказаў, як мне было загадана, што да чаго. У печы гарыць, а баба, старая ўжо, босая, ногі чарнейшыя, чым у мяне, аберуч абаперлася на гаршчэшнік, рожкамі ўніз, і глядзіць мне ў самыя вочы. І пакуль гаварыў, і калі ўжо кончыў. Відаць, таксама гіпноз. Глядзела, глядзела, а потым правай рукой пацягнула-зачэрпала з носа і ляпнула перад сабой, на няроўны, нямецены ток. Ледзь не пад ногі мне — цэлым курыным зліўкам.

— Добра, — сказала пасля такое кропкі. — Я солі дам. Паможа.

ЦІ памагло або як памагло — не памятаю. Бо толькі тым ляпам мой паход у памяці і канчаецца.

І другое.

Тады я ўжо быў дзецюком, калі да старэйшага брата зноў прычапілася рожа і мне прыйшлося везці яго да шаптухі, у іншую вёску.

Там ужо баба была не старая, даволі гладкая. Вёскі пашы амаль суседнія, можна сказаць, што ведалі ўсе пра ўсіх калі не ўсё, дык вельмі многа. На мужыку сваім яна ездзіла, казалі, уссеўшы адразу пасля вяселля. У вочы яму, як быццам і не злуючы: «Усё ж сяло, усенечкія людзі ведаюць, што ты дурны!..» А то і пры некім: «Усё ж сяло пра яго...» А ў чалавека толькі і граху, што рахманы, маўчун. І работнік на ўсё, пры пані сваёй — і на бабскае. Натура ў бабы — не жыве, а толькі прыглядаецца, тапырыцца, чакаючы нападу немаведама ад каго, ад чаго, абараняецца, забягаючы без прычыны ды без патрэбы наперад.

Але гіпноз у яе быў лісліва-ласкавенькі. Шаптала, загаворвала яна не талопячыся, а з заплюшчанымі вачыма. І так, як заяц можа спаць з раскрытымі, яна з заплюшчанымі бачыла ўсё. Не толькі тое, як ты ўсміхаешся, але і што ты думаеш, і што ты будзеш думаць заўтра.

Спачатку яна пашаптала пад хворым, тады над кавалкам кужалю, які я прывёз, пасыпала кужаль жытняй мукой, знізу абвязала братаў чырвоны, распухлы твар тым палатном, зноў расчулена ды ўрачыста пашаптала, заплюшчыўшы вочы, і з той самай лісліва-хітранькай усмешкай, з якой сустрэла нас, не вытрымала, сказала мне на «вы»:

— Што ж вы прыехалі да мяне? Вы ж у гэта не верыце.

— А я не прыехаў, я брата прывёз.

Ці толькі так я сказаў, ці яшчэ што — добра не помніцца. Бо ў памяці найлепш жыве галоўнае, як я, малодшы, дома захутваў на сем год старэйшага ў доўгі кажух, як памагаў яму, амаль зусім бездапаможнаму, сесці, прылегчы ў санях-вазку, як спяшаўся па белай, ціхай дарозе, як рады быў, што дрэвы тады стаялі ў нейкай святочна-чысценькай шэрані...

Адно было вельмі даўно, другое таксама даўно.

А зусім нядаўна, не ў колішняй вёсцы, а ў сённяшнім горадзе, з «гіпнозам» трапілася і такое.

Добры хлопец, замучаны яшчэ студэнцкай язвай, перабраўшы ўсялякі ратунак, апытаў недзе «дзіва-жанчыну», што таксама памагае. Прыляцела яна ажно з поўдня, ледзь не адтуль, дзе з’явілася легендарная Зора, што лечыць як быццам толькі па вельмі высокаму класу. Гэтая Зора, другая, нічога за лячэнне не бярэ. Нават можа пакрыўдзіцца, калі памкнешся плаціць. Так папярэдзіў добры хлопец, спачатку па тэлефоне, а потым і пры сустрэчы.

Па дабраце сваёй ён запрасіў не толькі мяне. Калі я прыйшоў да яго, там ужо людзі былі. Хто знаёмы, з кім ён мяне цішком пазнаёміў, а каму я толькі кіўнуў, павітаўшыся, як у царкве якой, святочна-ўрачыста. У бакавым пакоі, за дзвярыма, лячэнне ўжо ішло.

Неўзабаве і я дачакаўся чаргі.

Жанчына тая была ўжо крыху ў гадах, аднак узяць гіпнозам, чаго добрага, яшчэ магла б. Чарнявая, паўнаватая, як гаворыцца, «аб сабе», з адкрытым дабрадушным тварам і чорнымі, вялікімі вачыма. Здалося, што цыганка, а потым яна пра сябе тое-сёе сказала. І што «зусім не цыганка», і што лячэнне яе — па дзеду, які многім дапамог, і што вучонаму брату не падабаецца яе новы занятак. А ў яе гэта — радасць, калі чалавеку паможа.

— І вам памагу. Пройдзе ўсё. Нават тут жа, адразу адчуеце, як палягчэе.

Гаварылася гэта ва ўтульным пакойчыку, з паліцаю кніг, пісьмовым сталом і вялікім светлым акном, за якім далёка ўнізе і яшчэ далей у тры бакі распасціралася стракатая панарама гарадской ускраіны.

Жанчына пачала лячыць. Я быў ласкава пасаджаны на крэсле, мне было сказана пра нічога не думаць. Яна стала перада мной, лёгкімі, плаўнымі жэстамі малых далоней з рухавымі пальцамі без манікюра зводдаль сілуэціла мяне ўсяго ад галавы да ног, ад ног да галавы, то адну хворую нагу, то зноў усяго, і шаптала, шаптала... Гледзячы сваімі чорнымі, вялікімі зусім упэўнена і вельмі ж неяк прастадушна ды прыязна.

Ад гэтай прыязнасці, да таго ж, як запэўніў мой малады сябар, поўнасцю шчырай, бескарыслівай, мне было... проста прыемна. І не шкада, што прыехаў сюды, згадзіўся на тэлефонную прапанову без веры, што гэта паможа, толькі з цікавасці і таму, што здалося няёмкім добраму хлопцу адмовіць.

Гэта — не ўсё, што я адчуў, успомніў за тыя хвіліны, калі я павінен быў пра нічога не думаць.

Згадаўся жнівень сорак чацвёртага, камандзіроўка ў Мінск, наогул першая ў маім жыцці службовая камандзіроўка. Прыехаў я са свайго гарадка не адзін, а з таварышам, я — часовы рэдактар, ён — сакратар раённай газеты. Час быў, пахадзілі па горадзе, зайшлі ў цырульню, што прытулілася ў нейкім бараку каля цагляных руінаў. Таварыш сеў першы і здзівіў мяне сваёю просьбай да маладой жанчыны: «Перш за ўсё, дарагая, памыем галаву». Ён быў старэйшы, гарадскі, бывалы, з акружэнцаў, а мне, вясковаму, галаву мылі толькі ў маленстве, маці, а то ўсё сам. Таварыша потым галілі, рабілі яму масаж. А я тым часам рыхтаваўся ў думках да такое ж поўнае раскошы. Гэта цяпер паняцце «камандзіроўка» звязана з другім паняццем — аўтобус, цягнік, самалёт. А тады мы доўга чапалі пешкі ў той бок, дзе сталіца, пакуль з нас не злітаваўся нейкі выпадковы грузавік. Спачатку поту было на спёцы, потым пылу ў кузаве, і памыцца вельмі хацелася. Да таго ж яшчэ я быў малады, клопат жаночых рук, спрытных, пакуль яна мыла ды паласкала маю чупрыну, і пяшчотных, калі рабіла масаж, успрымаўся з затоеным хваляваннем.

Цяпер, у сябравым пакойчыку, рукі «дзіва-жанчыны» не дакраналіся да мяне, аднак яны і здалёк хвалявалі, наводзілі на ўспаміны. Не толькі інтымныя — больш, адпаведна ўзросту, бывала-мудрыя, ці што.

Згадалася маленькая, асобная палата ў далёкім чарнаморскім санаторыі, скручаны радыкулітам... зноў жа друг, даўні, надзейны, нашмат старэйшы за мяне.

Два месяцы перад гэтым ён аўдавеў, цяжка, замкнута перажываў сваю адзіноту, і мы, бліжэйшыя сябры, угаварылі яго паехаць са мной. Бо і яму палячыцца таксама трэба было, хоць ён пра гэта спачатку і гаварыць не даваўся. Восем год панскай турмы, уся вайна ў пяхоце, разведчыкам, жонка доўга хварэла, самому ўжо зусім пад семдзесят, а ён: «Клін клінам трэба выбіваць». Пакупаўся халодным ранкам (хай сабе поўдзень, але ж канец кастрычніка), і аблажыў яго востры радыкуліт.

Санаторныя медсёстры — таксама ў белым, як і бальнічныя, аднак на курорце людзі менш лечацца, больш адпачываюць, да таго ж яшчэ не заўсёды па ўзросту молада. І сёстры гэтыя не вельмі ўмеюць і не надта любяць даглядаць таго, каму раптам заняможацца па-сапраўднаму. Мой друг быў чалавек вясёлы, любіў прыязна жартаваць, знаёміцца, пра гэта ўжо ведаў і медперсанал. А як скруціла яго, дык толькі сёй-той са знаёмых заходзіў, асабліва калі непагодлівы дзень. Сёстры мяняліся, аднак іх клопат пра хворага быў аднолькава лёгка-казённы, яны ўсё больш з паперкамі ды ледзь не з пазяханнем каля тэлефона. Разоў колькі заходзіў доктар, таксама па-дзяжурнаму канстатаваў наяўнае, пра сёе-тое пытаўся, сяк-так абнадзейваў. А чалавек ляжаў ды курчыўся ў старым спартыўным касцюме, ноччу адзін у сваёй адзіночцы, а перад усімі, хто заходзіў, паказваючы свой аптымізм, штодня ўсё з меншым падабенствам.

Неяк уранні, калі я, як звычайна, пастукаўся да яго, з палаты пачулася жаночае: «Няможна. Трохі пачакайце». Чакаць прыйшлося даўгавата. Пасля адтуль выйшлі дзве ў белым. Адна, з пасудзінай і ахапкам бялізны, шмыганула па калідоры, другая спынілася перада мною. Павіталася з цёплым святлом спакою на прыемным абліччы, усёй паставай здалася мне чысценька белай.

— Вы з трыццаць пятай? Друг ваш цяжкі, але памаленьку ўсё будзе добра.

Пасля гэтых чыстых слоў пайшлі «нячыстыя», што зусім не здаліся такімі:

— Страўнік трэба было ачысціць. Столькі дзён... — Яна з дакорам пакруціла галавой. — Памыць яго трэба было, пасцель змяніць. Заходзьце.

З сябрам цуду, вядома, адразу не адбылося. Перада мною ён звычайна не лічыў патрэбным усміхацца, калі горка. А тут усміхнуўся сяк-так — чысты, у чыстай пасцелі — і скупа, але без натугі сказаў:

— Во чалавек... Прысядзь.

Можа, так яно і не вельмі тактоўна было, але праз тыдзень, калі мы ўжо збіраліся ад’язджаць, сябар, яшчэ ўсё лежачы, намогся, а я не змог не паслухаць, і — ад яго — прапанаваў ёй грошай... У вестыбюлі, сам-насам. Сказаць, што жанчына надта здзівілася, не скажу: відаць, такое бывала ўжо неаднойчы. Сказала, праўда, «навошта гэта?», а я сказаў, што ён вельмі прасіў не пакрыўдзіць яго, прыняць. «Што ж...» Яна ўзяла тыя ружовыя купюрынкі, палажыла ў кішэню халата, і мы пастаялі, пагаварылі.

Я не памыліўся — яна тут новая, не толькі ў гэтым корпусе, а наогул у санаторыі. Дагэтуль працавала ў анкалагічнай бальніцы, за дваццаць год наглядзелася ўсяго. Муж на адказнай рабоце, сын ужо кандыдат. А пра сябе: «Ну, як сказаць? Проста сваю работу я люблю»..

На развітанне я працягнуў руку. Яна падала сваю — малую, цёплую і чыстую пасля ўсяго «нячыстага» і цяжкага, што ёй так часта, многа даводзілася і яшчэ давядзецца рабіць. Пацалаваўшы гэтую руку, я, каб схаваць шчаслівую збянтэжанасць, зманіў:

— І гэта па ягонай просьбе.

...Штосьці падобнае, трошкі падобнае я адчуваў і цяпер, седзячы перад «дзіва-жанчынай».

Калі яна пераставала шаптаць ды чараваць рукамі і пыталася: «Што, адчуваеце палёгку?» — я, затаіўшы ўсмешку як найглыбей, гаварыў: «Ага, адчуваю». Так паўтаралася разоў са тры. А потым мы з гэтай светлай дзівачкай ціха, прыязна рассталіся. Я і падзякаваў, сказаўшы, што гэта — за дабрату.

Нешта такое ж сказалася пасля і добраму хлопцу, гаспадару.

Я выйшаў у прыхожую, а з другога пакоя ў той, дзе засталася жанчына, быў запрошаны наступны. Яшчэ адзін паважаны таварыш, якога, дарэчы, раней не было. Наш агульны з гаспадаром знаёмы, ужо не толькі літаратар, але і вучоны, доктар ажно філасофскіх навук. З выгляду — дай бог кожнаму, але ж таксама з нейкай бядой ды з усмешкай, заўсёды ў яго поўнай веры ў бясхмарную бясконцасць, а цяпер — нібы крыху вінаватай, ці што, а больш дык такой, што і ён, разумеецца, трапіў сюды толькі з чыста прафесійнай цікаўнасці...

Успамінаю ўсё гэта, а маналог на лаўцы каля зялёнага плоціка яшчэ ўсё ідзе. І тэма тая самая — пра Чмута.

— ...Сустрэў я раз яго, — расказвае таварыш весела, — гадоў са тры таму назад, дык ён гэта, браце, ледзьве ўжо хвост валачэ. «А дзе ж гіпноз? — пытаюся.— Што ж ты сам сябе не палечыш?..» Толькі рукою махнуў. Толькі пратэсу, ліха яму, бяры ды ідзі... Стой, браце, гэта ўжо мой аўтобус!

Маналог абарваўся. Расказчык амаль усхапіўся, узяў вядро, яшчэ ўсё моцна паціснуў маю руку, спешна падаўся да аўтобуса. Хоць ён толькі што спыніўся і як быццам адразу дваімі дзвярмі ўздыхнуў, адчыніўся з духаты ўсярэдзіне — на свежасць на дварэ. Пасажыры выходзяць, хто назусім, а хто праветрыцца ды размяцца. Новых сабралася няшмат. Нам яшчэ можна было б і пастаяць, бо і аўтобус жа пастаіць. Аднак таварыш ведае, што і пра месца трэба загадзя... Сеў ды махае мне рукой. І на развітанне, і каб я ўжо ішоў сабе, на лавачку, чакаць свайго.

Ну што ж, бывай! Мо і сустрэнемся яшчэ. Без пратэсаў, на самагіпнозе, не стогнучы.


1983

Тэкст падаецца паводле выдання: Брыль Я. Сёння і памяць: Апавяданні, мініяцюры, эсэ. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 317 с., 317 л.
Крыніца: скан