epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Брыль

Яго імя

У гісторыі беларускай літаратуры імя Максіма Багдановіча — адно з найпрыгажэйшых і, разам з тым, найбольш трагічных.

Тады, калі ён паміраў, сышлося тры вясны: вясна яго маладосці, чароўная крымская вясна і Вясна ўсёй нашай краіны — год 1917-ты. Як жа цяжка было пакідаць усё гэта, развітвацца з ім у поўнай яснасці такога розуму, у безвыходных пакутах такога сэрца!.. Ці не таму яны так хвалююць, яго чатыры апошнія радкі? Калі гэта на людзях, перад большай ці меншай аўдыторыяй, або для людзей, па радыё ці па тэлебачанні, сказаўшы першае: «У краіне светлай, дзе я ўміраю...», мне заўсёды бывае боязна змоўкнуць на якім-небудзь з трох наступных радкоў. Якая проза ў іх і якая паэзія, якая прастата і вусцішная глыбіня!..

Выдатны сын Украіны Аляксандр Даўжэнка, у канцы жыцця азіраючыся на свой нялёгкі творчы шлях, горка сказаў: «Я быў разлічаны на большае».

Наш Багдановіч быў разлічаны на вялікае. Усё, што зроблена ім, — у паэзіі, прозе, крытыцы, у перакладах з розных моў, — дае падставы меркаваць, прадбачыць, быць упэўненым, як многа мог бы ён зрабіць, каб пажыў — проста кажучы — трохі больш, ну, хоць на дзесяць, па пяць гадоў больш...

У нашай класічнай тройцы — Купала, Колас, Багдановіч — наймаладзейшы вылучаецца не толькі сваім голасам, але ж і тым, што ён першы так актыўна і плённа павёў маладую беларускую літаратуру ў вялікі свет, на збліжэнне з іншымі літаратурамі. Пры ўсёй яго абаяльна глыбокай беларускай народнасці яму вельмі ўласціва было і тое, што мы прывыклі азначаць трыма крылатымі словамі: пачуццё адзінай сям'і — сям’і народаў, сям’і чалавецтва.

У нашы дні, у нашай неспакойнай рэчаіснасці, калі і найбольшай трывогай і наймудрэйшай палітыкай для людзей добрай волі з’яўляецца захаванне міру на Зямлі, умацаванне разумнай дружбы паміж народамі, слова Максіма Багдановіча гучыць вельмі свежа, сучасна, патрэбна.

Ён з намі — вечна малады і звонка, сонечна родны.

Хай жа свяціцца яго імя!

1981


1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Брыль Я. Сёння і памяць: Апавяданні, мініяцюры, эсэ. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 317 с., 317 л.
Крыніца: скан