epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Брыль

Касатачка

 

Касатка — ластаўка, птушка Ніrundо domestica.

І тое самае, што мілая, галубка, золатка.

З тлумачальных слоўнікаў.

 

Удовін дарослы сын паміраў пры памяці і доўга.

— От, мама, — ціха і цяжка сказаў ён неяк, ужо бліжэй да канца, — я цяпер думаю... як гэта рыба... калі яе... на бераг... выкінеш... як яна... дыхае... тады...

На пахаванне з горада прыехала з сям’ёй дачка. Яшчэ на вуліцы, толькі з машыны вылезла, а ўжо... не пачала, вядома, плакаць — зноў заплакала. Зяць нешта тоўкся каля сваіх шафёрскіх дзвярэй, а дачка, з унучкай на руках, штурханула нагою брамку, а тады пусціла з рук малую. Нібы прасветлы прамень з-паміж цёмных хмараў — на чыстую сцежку ў веснавой траве, да новай хаты ад журботна-новых варот, зробленых таксама ім.

На дварэ было многа людзей. Яны ўсе стаялі, ішла адна бабуля. Унучка — быстранькая, румяная, з дзвюма чорнымі коскамі — бегла насустрач старой, ручаняты ўзняўшы здалёк, у шчаслівай гатоўнасці зноў апынуцца высока, на яшчэ адных родных руках. Штосьці яна крычала радасна, у святым сваім няведанні, далёка над усім дарослым смуткам...

Сын — спраўны работнік, дужы, спакойны дзяцюк — з далёкай службы вярнуўся з нейкай таямніцай. Ніяк жаніцца не хацеў, і ў без нечага трыццаць, усё ўсміхаўся, што паспее. Працуючы экскаватаршчыкам на меліярацыі, недзе там, на халодным асеннім балоце, ударыў і, звыш таго, застудзіў нагу. Неўзабаве хвароба з яшчэ адной вучонай, нават мілагучнай назвай — саркома — папаўзла з нагі вышэй. Лічачы збоку, для знаёмых і нават сваякоў, хто з іх жыве далей, паўзла яна паволі, больш за паўгода. А для самога, для маці як ён ішоў, чым быў напоўнены той час?.. Спачатку дома, пасля ў бальніцах, бліжэй і далей, тады зноў дома, на адыходзе. Час невымерна доўгі і безнадзейна хуткі, калі яно ўсё скончыцца...

Унучка дробненька бегла, радасна штосьці крычала. Нібы яна з бабуляй былі па поўным людзей панадворку толькі адны.

І старая, як быццам таксама тут адна, як быццам яна хоць на момант адышлася ад самага краёчку чорнай бездані свайго маўклівага мацярынскага гора, хутка ішла насустрач госцейкі, здалёк прыгнулася з працягнутымі спрацаванымі рукамі. Падхапіла, нарэшце, малую, прыпала сухімі, бяссоннымі вуснамі да цёпленькай, пругкай, салодкай шчакі і прашаптала горача, нібы толькі сабе:

— Касатачка... шчабятушка мая!..

...Пра рыбу на пяску, якая задыхаецца, — гэта пасля ўжо, дзён праз некалькі, у яе знайшлася сіла расказаць уголас.

1982


1982

Тэкст падаецца паводле выдання: Брыль Я. Сёння і памяць: Апавяданні, мініяцюры, эсэ. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 317 с., 317 л.
Крыніца: скан