epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Брыль

Манархі і Кудлач

На іншыя кантыненты мне дагэтуль не пашанцавала, а з афрыканскага і азіяцкага двух манархаў меў гонар бачыць.

Абісінскага негуса — выпадкова. У Ленінградзе. З сябрам, які праводзіў мяне, мы ехалі на таксі ў аэрапорт, спяшаліся, аднак нас затрымалі. Пакінуўшы таксі на бакавой вуліцы, мы — хочаш не хочаш — далучыліся да тых, што павінны былі вітаць высокага госця.

Ці гэта праспект быў залішне шырокі, ці людзей прыйшло малавата, але — помніцца — аблямоўка асфальта выглядала з абодвух бакоў даволі вузкай, нават вузенькай.

Тым не менш, яго вялікасць, нярослы, чорненькі барадачок, стаяў у чорнай адкрытай машыне з усёй адпаведнай важнасцю, руку трымаючы пад казырок вайсковай шапкі з чырвоным аколышам.

Пакуль я бачыў яго анфас, пасля, адпаведна руху машыны, у профіль, паспела згадацца даўняе, з трыццаць пятага года. Як гэтае слова, «негус», упершыню тады пачутае, спалучалася з іншымі, таксама экзатычнымі: Эрытрэя, Адыграў Адыс-Абеба і, як вянец усяму, Абісінія. Бедная Абісінія, першая ахвяра фашызму, першы намёк пра набліжэнне сусветнай бяды. Аднак і гэтая краіна, і сама вайна, як вайпа для ўсіх, здаваліся тады вельмі і вельмі далёкімі ад нас...

Калі машына з негусам мінула нас, яго нярослая вялікасць ззаду ўбачылася мне... толькі шапкай. Вялікай шапкай з нейчай галавы, як у меншага брата, якому яе прыйшлося даношваць. Яна трымалася на вушах. Так і змалеў ён, імператар, на вачах, зацёрся ў перспектыве — толькі вушы і завялікая шапка...

Іранскага шаха бачыў я дома, у Мінску. І, як ні дзіўна, аніяк не магу прыгадаць ні праезда гэтай вялікасці, ні выгляду яго, хоць і стаяў я вельмі зручна, на самым краёчку панелі. Усё для мяне абарвалася ў памяці на адным непрадбачаным, незвычайным здарэнні.

Праспект наш, відаць, не вузейшы за той, ленінградскі. Шырокай паласой ён віднеўся далёка ў абодва канцы, — туды, адкуль мы чакалі высокага госця, і туды, дзе ён знікне, куды яго гасцінна павязуць. Мусіць, таму, што мы ўсётакі правінцыя, і манархі з іншых краін нас абмінаюць, на тую сустрэчу народу сабралася процьма. Панелі былі забіты людзьмі, балконы, вокны, нават дахі — у людзях, усюды яны, як быццам іх і сапраўды чакае нейкая радасць.

Яна прыйшла. Раней за высокага госця.

Яшчэ брынела нячутна, у многіх сотнях душ, струной нацягнутая напружанасць чакання. Шырокі і даўжэзны, чысценькі ў летнім сонцы асфальт гатовы быў вось-вось прыняць і гладзенька панесці многія колы ўрачыстага картэжа... Але адтуль, адкуль чакаўся госць, паказаўся і стаў набліжацца да месца, дзе я стаяў, здаравенны рыжы кудлач, аблавухі, крывавата разлапісты, наланцужны гаўкала, прасцецкі рабачай. Адкуль узяўся? Дзе, з чаго сарваўся?.. З бакоў і зверху, ззаду і спераду яго падганяў тысячагалосы крык, смех і свіст, — уся напружанасць чакання вылілася на яго. І не было куды падзецца. Бедны дварняга лупіў наперад, як сіла мага, а натоўп, умомант стаўшы адным, агромністым, бяздумным блазнам, галёкаў і рагатаў!..

Ды тут якраз недзе далёка там, адкуль Кудлач той вырваўся, паказаўся пачатак урачыстага картэжа. А перад Кудлачом, адрэзаўшы громам бліскучай медзі дарогу далей, грымнуў маршам ваенны аркестр... Сабака рэзка тармазнуў, як перад прорвай, ушчэнт спалохана-разгублена-нявінна сеў і моўчкі, мудра апрастаўся. На самым чыстым-урачыстым месцы.

І толькі гэта мне аналітычна помніцца праз гром і рогат.


1984

Тэкст падаецца паводле выдання: Брыль Я. Сёння і памяць: Апавяданні, мініяцюры, эсэ. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 317 с., 317 л.
Крыніца: скан