epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Брыль

Memento mori

Позняй восенню сорак трэцяга года на адным з самых спакойных перагонаў Беларускай чыгункі ўзарваўся нямецкі вайсковы эшалон.

Праз дзень, халодным, золкім досвіткам, бліжэйшую да месца катастрофы вёску акружылі карнікі. Жандары ў касках і стракатых плашч-палатках і мясцовыя здраднікі-паліцаі ў чорных, прамоклых шынялях прыехалі з райцэнтра на пяці машынах. Вёска была вялікая, але «накрыць» яе ўдалося хутка і спраўна. Як высветлілася значна пазней, уцалела толькі двое: хлапчук, які выпаўз баразной у загуменныя кусты, і дзед, што якраз заначаваў у сваяка на дальнім хутары.

Усе іншыя жыхары сагнаны былі ў той канец вёскі, дзе стаяла старая вялізная адрына, - усё, што ўцалела ад калгаснай фермы.

Зондэрфюрэр, начальнік экспедыцыі, разважыў, што прымусіць «бандытаў» капаць сабе яму - доўгая гісторыя. Значна прасцей спаліць іх у гэтай адрыне. Пакуль яго падначаленыя заганялі вёску ў трое шырокіх варот драўлянай будыніны, ён стаяў трохі збоку, на ўзгорачку, і непрыемна моршчыўся ад дзікага крыку і плачу...

Побач з ім амаль непрыкметна ўздрыгвала ад пранізлівай слаты маладая збялелая перакладчыца.

- Мы хутка скончым гэтае швайнэрай*, і тады, фройляйн Вэра, паедзем дахаты. Будзе зноў цёпла... О так!..

* Свінства.

Істота ў скураным паліто і белай вязанай хустцы выклікала на твар крывое падабенства службова-інтымнай усмешкі.

Так бы ўсё і было, як бывала, аднак, зірнуўшы ў натоўп сваіх ахвяр, што набліжаліся да крайняй ад яго чорнай пячоры варот, зондэрфюрэр заўважыў знаёмага.

- Адкуль я ведаю яго?.. О! Мэншэнскінд*, дык гэта ж той пячнік! Скажыце, фройляйн Вэра, каб яго падагналі сюды.

* Даслоўна - «дзіця чалавечае», адпавядае беларускаму «хлопча».

Печніка падагналі.

- Біст ду дох аўх гір, майн лібэр кэрль?* - засмяяўся начальнік.

* І ты таксама тут, мой дарагі?

Пячнік нічога не зразумеў. Ды, відаць, і не чуў. Бледны, без шапкі на лысіне, аброслы сівеючай шчэццю, ён упёрся ў немца скамянелымі вачыма і маўчаў. Толькі бяскроўныя губы перасмыкаліся, як ад нязбытнага жадання гаварыць.

Улетку ён рабіў зондэрфюрэру печы. Знайшлі яго і прывялі, вядомага на ўсю ваколіцу. Пяць раніц дзяжурны жандар абшукваў яго і кожны раз аднолькава весела знаходзіў у кішэнях майстра тое самае крэсіва, самасад і кавалак чорнага хлеба. А печы атрымаліся выдатныя. Кухар хваліць пліту, а сам зондэрфюрэр - грубку з белай кафлі. Вось і цяпер ён ледзь не заахкаў на ўспамін аб яе гладкай цеплыні.

- Скажыце яму, фройляйн Вэра, што ён не будзе спалены. Спытайцеся, ён хоча жыць?

- Спадар зондэрфюрэр кажа, што вы, дзядзька, будзеце жыць. І ён пытаецца, ці вы гэтага хочаце?

Пячнік толькі паварушыў бяскроўнымі губамі.

- І скажыце яму... Спытайцеся, хто ў яго там ёсць.

- Спадар зондэрфюрэр пытаецца, хто ў вас там ёсць? Там - у адрыне?

З вуснаў у чалавека сарваліся словы:

- Там... мая... баба...

- Ён кажа, што там яго жонка.

- Скажыце яму, што жонка яго таксама не згарыць. Ён можа ўзяць яе.

- Спадар зондэрфюрэр кажа, што фраў... што жонку сваю вы можаце забраць.

Бяскроўныя губы ў сівеючай шчэці заварушыліся зноў:

- У мяне там і дачка... з малымі дзет... камі...

- Ён кажа, што там у яго ёсць дачка са сваімі дзецьмі.

- О! Мэншэнскінд! Можа, у яго яшчэ хто-небудзь ёсць?

- Спадар зондэрфюрэр пачынае выказваць нездавальненне. Ён пытаецца, хто ў вас там ёсць яшчэ?

- Скажы яму, што ў мяне там суседзі... А ты скажы, што яны сваякі...

- Ён кажа, што ў яго там многа сваякоў. А таксама суседзі.

- Суседзі?! Эс іст абэр этвас цу ляхен!..* Можа, ён хоча, каб я аддаў яму ўсю гэтую банду? Спытайцеся ў яго апошні раз: чаго ён хоча, вар'ят?

* Гэта ўжо проста смешна!..

- Спадар зондэрфюрэр пачынае злаваць. Вы, дзядзька, не дурыцеся, калі хочаце жыць. Зараз адрыну падпаляць. Ён кажа, што вы, мусіць, хацелі б забраць адтуль усю банду.

Пад чорнай навіссю броваў ажылі нарэшце вочы. Губы зусім перасталі дрыжаць. Нібыта не сваю, незвычайным жэстам, пячнік узняў галаву:

- А ён што думаў? І ўсіх! Усіх добрых людзей!.. Можа, ён ім раўня - гэты твой гаспадар? Або ты, можа?.. Цьфу!..

Чалавек плюнуў пад ногі, тады павярнуўся і ўжо не тым няпэўным крокам, як сюды, пайшоў да варот адрыны.

Быў нейкі момант разгубленасці, а потым зондэрфюрэр сарваў з правай рукі мокрую скураную пальчатку, адшпіліў кабуру, выхапіў пісталет і прыцэліўся...

У жудасным ляманце стрэл амаль не пачуўся.

Але пячнік упаў.

Ён яшчэ ўздрыгваў, калі яго паднялі і кінулі цераз парог, пад ногі збою аднавяскоўцаў.

Тады вароты назаўсёды зачыніліся.

І ён згарэў - адзін, хто мог бы ў той дзень не згарэць.

І ён жыве.

 

1958

 

Каментары

 

Друкуецца паводле выд: Выбр. тв. У 3 т. Т.1. Мн., 1992; Т.2. Мн., 1993.

Упершыню - час. «Полымя», 1958, No.12.


1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Брыль. Выбраныя творы. Менск, МФ «Беллітфонд», 1999.
Крыніца: невядомая