epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Брыль

Можа і блісне?

Бацька вельмі хацеў, каб дачка вывучылася хоць на фельчарку, калі ўжо на дакторку не ўдалося, а яна паслухалася старшыні, стала на ферме цялятніцай. І нічога – працуе, замуж выйшла за добрага хлопца, жывуць – «няма чаго грашыць». Бацька, можна сказаць,зусім ужо не злуецца. Нават аднойчы, калі той старшыня спыніўся перад яго дваром, пачаў запрашаць:

— Асмяялі вы мяне тады, Данілавіч, дык ужо ж і гонар зрабіце — выпіце ў маёй хаце.

І той, хоць не вельмі, як тут гавораць, «лятóнцы да чаркі», зайшоў.

Другая дзеўка ўцякла адгэтуль у іншы раён. Там выйшла замуж і неўзабаве папрасілася назад у свой калгас.

Старшыня сядзіць за сталом, яна на крэсле перад ім, брыгадзір і я — на канапе, збоку. Ён, гаспадар, спакойны і ветлівы, і па натуры такой, і па свядомасці, ці, можа, трохі і перада мною, «карэспандэнтам». А маладзічка ніштаватая, бойкая, зубы, калі засмяецца, беленька роўныя, усе свае.

— Шукаць чагосьці ездзіла, — усміхаецца старшыня. — Уцякла.

— Чаго шукала, Данілавіч, тое знайшла. І вам жа я трактарыста прывезла!..

Калі яна задаволена выйшла, ён сказаў:

— Вясёлая. І трохі злосная, заядлая. Па маме. Ды злосць і ў рабоце патрэбна. Ну, а ў цябе, Напорка, што?

Гэта — да брыгадзіра.

— Трэба вам, Данілавіч, — загуў той у адказ, — пагаварыць з Маханьком. Можа, у яго, туняяда, совесць якая заблішчыць!

Старшыня, зноў з усмешкай:

— А што ты думаеш, можа і блісне? Хай зойдзе.

1983


1983

Тэкст падаецца паводле выдання: Брыль Я. Сёння і памяць: Апавяданні, мініяцюры, эсэ. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 317 с., 317 л.
Крыніца: скан