epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Брыль

На шаснаццатым

1
2


 

1

У нашай мясцовасці здаўна ў пашане былі коні. Спрадвечнае, «пры панах» гміннае мястэчка Мір, да якога ад пас дванаццаць кіламетраў, славілася не толькі недаразбураным княжацкім замкам, былою вядомасцю двойчы няпісанай сталіцы — цыганскай, на ўсю Еўропу, і старцоўскай, ці не на ўсю Беларусь, — але яшчэ і конскімі кірмашамі. Па панядзелках былі кірмашы звычайныя, а двойчы, на веснавога і на зімовага Міколу, гадавыя, вельмі шматлюдныя, з далёкімі купцамі. Тады жартавалася так: «Ну і кірмаш быў, браток, — што ні пан, то сабака, што ні мужык, то свіння!» Хапала, вядома, і паноў, і свіней, аднак найбольш было коней. Цяпер, праз далеч гадоў і кіламетраў, бачу і чую тыя «Міколавы» кірмашы. На ўсіх шасці гасцінцах, што сыходзіліся ў мястэчка, бачу калёсную ці санную паўзучую чаргу фурманак з сялянскім таварам, з прадажнымі коньмі ў прыпрэжку, а ў «агародзе», як называлася месца, дзе тыя фурманкі тоўпіліся пасля, пазадзіраўшы безліч аглабель, чую як па-марскому нястомную, няспынную людскую гаману, бездапаможны віск ды вераск узважваных ці правяраных на «круп» свіней, а больш і галасней за ўсё — залівіста-прызыўное іржанне жарабцоў, неспакойных, вядома, на Міколу першага, вясной.

Коней у сялян куплялі не толькі іншыя сяляне, не толькі гандляры далейшыя, гуртаўшчыкі, — таксама і купцы вайсковыя, раманцёры. Цэны ў гэтых былі шалёныя: здатныя ў кавалерыю кабыліца ці конь каштавалі ў тры разы даражэй за гаспадарскіх, артылерыйскія — у два разы, нават абозныя і то разоў у паўтара. Адбор быў вельмі строгі, аднак рызыкавалі многія і некаторым шанцавала. А князь, у якога быў не толькі гістарычны замак, але і некалькі буйных маёнткаў, бліжэй і далей навокал Міра, у цэнтральным маёнтку, побач з замкам, трымаў конны завод. Жарабцы былі розных парод, ад арабскага ці англійскага «панічоў» да дзябёлых ардэнаў, «шведаў» і краёвых цягачоў, якіх найбольш паважалі сталыя, нялёгкія на рызыку гаспадары. Калі ўжо той прыплод і не пройдзе ў высокія цэны, для войска, дык ці сабе, ці на продаж выгадуецца нешта надзейнае ў плузе ды ў возе. Князь князем, а яшчэ ж трымалі жарабцоў і багацейшыя сяляне, і слава пра таго ці іншага стаенніка ішла далёка, руплівыя дзядзькі не ленаваліся весці кабылу кіламетраў за дзесяць, пятнаццаць, а то і больш, з начлегам у той вёсцы.

Я гатоў папрасіць прабачэння ў журботнай памяці мноства бядняцкіх або нядбальскіх коней ды каняжын — заезджаных, недакормленых, абхвастаных вузлаватымі пугамі, абабітых па сухарэбрыцы, па кантовым крыжы кіямі, клышаногіх ад заўчаснай працы, з дыхавіцай, з макрацом, напаўсляпых і сляпых пакутніц ды пакутнікаў, але... Але і спраўных, дагледжаных коней было тады шмат. І не толькі ў маёнтках, маёнтачках і ў багацейшых сялян. Каторы і небагаты гаспадар, а кабылу сваю так «пяленгуе», што аж равок у яе на спіне, і пугай над ёю пі разу не лясне, а толькі ўсё ласкай ды памаленьку.

Я быў падлеткам, а наш Васіль добра ўжо браўся на гаспадара. Маці яшчэ толькі сеяць яму не давала, святую гэтую работу з урачыстай важнасцю робячы сама. Я ж быў у гаспадарцы яшчэ ўсё «на падхопе», больш каля дому, маме памагаў, і толькі як вазілі гной, у касавіцу, па жніве, на бульбе і мяне выводзілі ў поле. Тады ўжо і я авалодваў канём па-сталаму, амаль як паўнапраўны гаспадар, — ва ўсякім выпадку, так мне, падлетку, здавалася.

У нас тады быў не які-небудзь конь, а гладкая, быстрая кабыліца.

І ў сувязі з ёю помняцца два выпадкі.

Завёз я ў поле воз гною і вяртаўся праз суседаў двор, насупраць нашага. І не сядзеў, як трэба, на возе, адклаўшы адну, збітую з дошак, восланку сухім, знешнім бокам наверх, спусціўшы босыя ногі паміж пярэднім і заднім левымі коламі. Я фанабэрыста кленчыў ззаду, нават пасвістваў весела і не заўважыў, што ніжняя восланка пад маімі каленьмі на ямках пасоўваецца наперад і вось-вось дастане кабыле па задніх нагах. Так і сталася, калі я з нашага поля, праз лагчыну-выбоіну загуменнай дарогі сігануў возам на суседава прыгуменне. Кабыла ўпудзілася. Такое тады здаралася часта — коні пудзіліся найбольш ад вельмі рэдкіх аўтамашын на гасцінцы, дый так сабе ад якога страху, і гэта было так цікава, так страшна для нас, вясковых дзяцей. Я быў ужо не дзіця, я намагаўся стрымаць яе лейцамі, упяўшыся назад, ад чаго тая ніжняя восланка яшчэ больш даставала кабыле да ног. Мы ляцелі па прыгуменні, па агародняй дарозе і па дварэ так шалёна, што я не паспеў і спалохацца. Убачыў толькі, як сусед, бравы дзядзька Раман, то махаў перад сабою нейкай ламачынай, то кінуўся да варот, паспеў зачыніць адпу палавіну, а сам махнуўся ўбок, да сцяны. Кабыла шухнула ў вузкую, палавінную пройму варот, прарвалася з перадком, зад воза зачапіўся правым колам за шула, адарваўся і паляцеў налева, а я — направа. Потырч упаў на цвёрды дол ужо не гразкай вуліцы і — першы раз у жыцці — як быццам самлеў.

«Як быццам» — таму, што я памятаў і яшчэ памятаю — тады непасрэдна, а сёння з даўно па-бацькоўску сталай адлегласці, — як я ляжаў на зямлі, як мяне прыпомніла наша суровая, сухаватая маці. Яна кленчыла побач, паднімала мяне аберуч пад галаву і плечы, цалавала і плакала:

— Міша, сыночак, не трэба! Не трэ-ба!

А я, здаецца, усміхаўся, пачынаў усё разумець, мне было добра, я быў шчаслівы ад такой, яшчэ дзіцячай, радасці. Тады было так, а сёння гэта бачыцца мне не проста расчулена па-старэчы — я цяпер тое «не трэба» чую і разумею інакш...

Такім было развітанне з маленствам.

Другі выпадак.

Васіль наш захварэў, не ўставаў ужо чацвёрты дзень. І вось я сам ужо, як гаспадар, вадзіў кабылу да жарабца. У князеў двор.

Мы ўжо адтуль вяртаемся. Я сяджу на возе, перада мною, збоку, ляжыць непатрэбная пуга. А кабыліца, прыкметна паспакайнелая, то тупае спраўнай, спорнай ступою, то лёгка, імкліва рысіць, толькі крані ляйчынай ці цмокні, а то і самахоць, асабліва як з горачкі. Яшчэ і папырхвае весела.

А я ўспамінам перажываю сваё зусім нядаўняе, толькі тры кіламетры назад, хваляванне.

Калі я пасля ўсяго зайшоў у князеву канцылярыю, каб выпісаць пасведчанне, мяне накіравалі да століка, за якім сядзела маладзенькая паненка. У той час кожны, хто чыста апрануты ў будзень, здаваўся і называўся панам. Тая паненка — чарнявая, у белай кофтачцы, нізка адкрытай над грудзьмі.

А мне — пятнаццаты. Я многа працаваў, але ж і чытаў нямала. Сярод выпадкова знойдзеных кніг трапляліся і такія, дзе мне не ўсё было зразумела, хоць і цягнула ў тую панадную, таямнічую незразумеласць. Жанчына таксама была яшчэ недзе далёка — тая, што будзе маёй, аднак уяўляць тое наша, што калісьці прыйдзе, было то нясцерпна, хвалююча соладка, то ад пэўнай прыблізнасці прыкра, то зноў паэтычна, і таямніча, і радасна. Шчасце расло ў маёй душы, паўнапраўная маладосць спакваля падкрадалася мужнаю сілай, з боку гледзячы — я быў і сарамлівы трохі, і вуграваты, і ніштаваты з выгляду хлопец.

А чарнявай ды паўнагрудай паненачцы гэта было як быццам зусім нецікава. Яна пісала, запаўняла бланк, на якім я, праз нечаканую тут гарачыню хвалявання і нейкага сораму, бачыў буйныя польскія літары друкаванага загалоўка: Swiadectwо роkrусіа. У маім уяўленні яшчэ так свежа і неспакойна жыло зусім нядаўняе відовішча красы і сілы, а цяпер на тое, што было, гарачай хваляй ішло ўяўленне новае. Я стаяў над сталом, маладое, цыбатае, расхваляванае боўдзіла, і, калі яна, узняўшы позірк ад паперыны, спыталася, як маё прозвішча і як завуць маю «кляч», ледзь прыпомніў другое, ледзь вымавіў такое простае, ніколі яшчэ не пісанае: Каштанка...

Наступнай вясной у Каштанкі ўжо быў жарэбчык, па бацьках каштанавай масці, бо і яго панічык тата, англічанін «огер Джон», як стаяла ў пасведчанні, быў такі самы.

Шэсцьдзесят пяць гадоў — гэта многа. Прасцей акінуць іх вокам з канца да пачатку, непараўнана цяжэй, складаней было жыць дзень за днём, калі не лічачы іх, а калі дык і дробячы на мінуты, секунды. Пад снарадамі ў акопе, у бяссоннай трывозе за жыццё кагосьці з найбліжэйшых... Я многіх блізкіх перажыў, нямала пахадзіў ды паездзіў, паплаваў ды палятаў, пабачыў многа рознага, у тым ліку, вядома, і добрага, прыгожага. І сярод гэтага ўсяго мне іншы раз светла і цёпла згадваюцца нашы бяскрайнія лугі ў раскошнай квецені, ціхая, чыстая рэчка майго пачатку. А ў гэтай рэчцы, у павольнай, ласкавай у паўдзённую спёку вадзе плыве наша быстрая красуня, наша работніца Каштанка. Шчасліва, вольна плыве, толькі папырхвае над вадой, выцягнуўшы крутую шыю, храпай нібы п’ючы тую ваду, нібы гулліва цмокаючы асцярожным пацалункам. А побач з ёю плыве яе першы сынок. Такі яшчэ нясмелы, што мне прыйшлося піхнуць яго з берага ў ваду, такі яшчэ безабаронна трапяткі, а ўжо так хораша, адразу так свабодна, сам па сабе ўмеючы тое, чаму мы, людзі, змалку і часамі доўга вучымся.

З павадамі ў руцэ я плыву побач з маткай і сынам. Таксама шчаслівы.

 

2

У тыя дні, калі я сам даўно ўжо быў не дзіця, аднак мне яшчэ вельмі далёка было да шчасця бацькоўства, любіў я сябраваць з суседскімі малымі. Яны гэта адчувалі, і ад іх было, як часамі казала наша маці, не абагнацца, каб і хацеў. А я, вядома, не хацеў. Яны дапамагалі мне і працаваць, і есці, ахвотна і спалі б са мною, асабліва ўлетку, на сене, калі б іх не клікалі ды не гналі дахаты.

Іх было трое. Валодзя, найменшы сынок бравага дзядзькі Рамана, асірацелы яшчэ тады, калі ён гэтага не разумеў. Маму яму сяк-так замяняла сястра, гультаяватая Люба, і ён, як збоку здавалася, быў недагледжаны, з нямытай, нястрыжанай галавой, нейкі заўсёды галаднаваты, спадцішка вясёлы, разумны пяцігадовы хлапчук. Другая была Валя, таксама сірата, ужо без бацькі. Чатыры гады і худзенькая, але гэта ўжо не ад нядогляду, а па такой прыродзе. Светлыя валасы і вялікія сінія вочы. Добра запамінала ўсё і, па маме сваёй, была галасістая. Папросіш, і яна пачне спяваць. З усёй дзіцячай шчырасцю ды сур’ёзнасцю, і голасна, як птушка, якой гэта трэба, як быццам і не звяртаючы ўвагі на тое, слухаюць яе ці не. Песні былі дарослыя, маміны, і гэта неяк расчульвала сваёй неадпаведнасцю, заўчаснасцю для такога благоцця. А трэці быў Толя, першы, шчаслівы сынок Пронькавай Зосі, нашай маладой суседкі. Шчаслівы не проста таму, што ў яго былі і мама, і тата, і бабуля, але таму, што мама такая, як у нікога іншага...

Ды гэта ўжо думкі не ягоныя — мае.

Толю было два з нечым гады, у тройцы маіх сяброў ды памочнікаў ён быў малым і для Валодзі з Валяй, і так мы ўсе глядзелі на яго, на нашага найменшага, вясёленькага, шустрага, чарнавокага пестуна. І Валодзя, і Валя, як ім зусім сур’ёзна думалася, былі ўжо далёка ад таго, чым быў мілы наш найменшы, і яны разам са мной, а часамі і з Васілём, і з мамай паблажліва і прыемна смяяліся з яго ўсё новай ды новай пацешнасці. То ён ката возьме аберуч за вушы і смачна раз і два, а то і тры разы, калі паспее, цмокне ў самую сонна-муркатлівую, нездаволеную гэтай ласкай пысачку. То ён, абедаючы ў кампаніі са мною, Валодзем і Валяй, з адной місы дружна чэрпаючы бульбяны забелены «булён», раптам кідае лыжку на стол і — тыц у місу зноў жа аберуч. Бо там мільгануў, перавярнуўся і знік, у белым — чырвоны, салодкі скрылік морквы, і нельга ж не схапіць яго самым падзейным спосабам, хоць скрылік той і не адзін. А колькі пытанняў у яго, бясконцых і мілых, дакучлівых і зноў пацешных: «А хэта што, ха? А чаму хэта, ха?» І свая, непаўторная словатворчасць. «Толя, чаму ж ты болей не ясі?» Ён тады зноў за лыжку і радасна: «Я ясю!» На цвік казаў ён ціка, а на малаток — цюка, што так дасціпна, дакладна ішло ад цюкання тым малатком. Замест люблю — любум, замест не магу — мугугу. І зноў якое-небудзь: «Міся, ха? Ты зловіш мне верабея?...»

Я ўжо быў на шаснаццатым годзе, аднак любаваўся жыццём разам з гэтаю тройкай, многае бачачы нібы іхнімі вачыма, а каб выказаць радасць, карыстаўся і тым, што ўжо даўно адчута і прыдумана, што мне вядома было з кніг і ад людзей, карыстаўся і тым таксама, што хацелася зрабіць самому. Дзе не хапала да вершаў мелодыі, «падбіраў» сам. І сам складаў для малых, а потым для сябе запісваў, вершыкі пра кума-вераб’я, пра шпака на бярозе, яшчэ пра нейкую радасць. Няхай сабе тыя «творы» мае і непрыгодныя, каб тут іх паўтараць, але тады яны і слухачам, і аўтару падабаліся. Дзеці запаміналі іх, лепш Валя, горш Валодзя, і гэтай славы ці проста радасці мне хапала. Дзецям гульні — таксама. Як хапае кіёчка замест каня — і таму, хто так едзе, і хто гэтым любуецца.

Толя да нашай самадзейнасці яшчэ не дарос, яму заўсёды было цікава ды весела і з гэтым, і без гэтага. А я, зверху любуючыся ім ці беручы яго на рукі, часта лавіў сябе на тым, што любуюся не проста мілым хлапчуком, але сынам яе, нават цераз яго — ёю самой...

Тым больш і люба, і пакутліва, і сорамна, і зноў — найбольш! — хвалююча гэта бывала для мяне пасля аднаго здарэння. Нават і не са мной здарэння, а з Васілём.

Ён ужо быў дзецюком, кавалерам, хадзіў да дзяўчыны ў суседнюю вёску. Са мной, па пашай даўняй прывычцы, ён дзяліўся ўсім патаемным, якое, зрэшты, дайшло ў яго тады толькі яшчэ да пацалункаў. І ён не разумеў, відаць, што гэтымі расказамі не выводзіў мяне ў сталасць, а дадаваў маёй адзіноце трывогі, пакуты, зайздрасці, спякотна-тужлівага чакання. Я не ведаў, як у яго, а ў мяне, у маім патаемным, было і такое, што заставалася толькі маім, і падзяліцца гэтым нават з ім, не проста братам, але і другам з маленства, было нялёгка. Скажам, пасля той леташняй збянтэжанасці ў князевай канцылярыі я расказаў Васілю пра паненачку і маё хваляванне, аднак не ўсё расказаў. Без таго, што за ёю, чарнявай ды паўнагрудай, у тым складаным, і чыстым, і брыдкім хваляванні стаяла для мяне другая, непараўнана мілейшая — мая яна, суседка Зося, што потым яна яшчэ больш ярка і шчасліва мучыла маё ўяўленне... І такога не скажаш, нават яму, Васілю, што мне часамі, узяўшы маленькага, шчабятлівага Толю па рукі, хацелася пацалаваць... Ну, не проста яго, не так, як цалуюць малых, як я, дарэчы, ніколі не цалаваў ні Валодзю, ні Валю, а праз яго, Толіка, — яе, зноў жа яе, яго маму.

Яна прыйшла за Проньку з далёкай вёскі. Тады маладзенькая, сарамлівая, цяпер і памажнелая і пасмялелая ў хаце і з людзьмі. Пасля Толі пагодкам нарадзілася дзяўчынка, а Зося зноў была прыгожай, маладой, як і раней, і ў новай сталасці са сваёй, назаўсёды дадзенай, мілай, як быццам дзіцячай усмешкай, якую ўзяў ад яе, і так хацелася, каб назаўсёды захаваў яе Толік.

У панядзелак, пасля чарговага паходу да свае Зіны, Васіль не пра яе расказаў мне яшчэ што-небудзь, а расказаў... пра маю... пра Зосю... Не думаючы, што вось ён яшчэ раз залез у маё патаемнае.

Васіль ішоў Раманавым дваром, потым па агароднай дарозе, а тады, штосьці заўважыўшы, спыніўся пад вішняй.

Што ж ён заўважыў? Ды нічога незвычайнага. Быў ранні пагодлівы адвячорак, нядзеля, прыемная пара, пярэдых паміж сенаваннем, якое закончылася, і жнівом, якое вось-вось пачнецца. Стараваты, як мне здавалася, Пронька па-свойму спакойна і важна ішоў са свайго двара ў прыгуменную адрыну. Не бачачы Васіля, адчыніў палавіну дзвярэй, увайшоў туды, знік, а дзверы засталіся прыадчыненыя.

Сюды ж, аказваецца, ішла і Зося. Нібы чагосьці там, у хаце, не закончыўшы, а то і знарок не надта спяшаючыся («Вытрывае, вельмі ўжо загарэлася», — як за яе падумаўшы, сказаў мне Васіль), яна ішла за мужам зводдаль. На свежае сена, у вольную волю, бо дзе ж там — у люднай хаце ды ў белы дзень...

Адрынку з сярэдзіны зачыніла яна. А пакуль зачыніць, пакуль зусім не звузілася шчыліна паміж дзвюма палавінкамі шырокіх, шэрых дзвярэй, Зося ўсміхнулася. Заўважыла пад вішняй Васіля і ўсміхнулася. Ужо як сталаму, які ведае, што да чаго, аднак і маладзейшаму не толькі за Проньку, але і за самую яе: хоць ты ўжо і дзяцюк, ды шчасце такое, як наша, звычайнае, спакойнае, табе яшчэ недаступна...

«На трэцяе былі, відаць, закладзіны», — закончыў свой расказ Васіль. І гэта не здалося мне, калі па-сённяшняму ўспамінаю, грубаватым, але вельмі змястоўным — было. Зайздросным, раўніва пакутлівым — таксама.

І вось тады, у тыя дні са мною адбылося страшнае, дзеля чаго я наогул усё гэта ўпамінаю.

3

Ад рання я быў у полі, даворваў папар пад жыта, на восень, вярнуўся ў самы пачатак спёкі, выпрагаў з плуга (на санках) Каштанку, а мой найменшы сябрук круціўся каля мяне адзін, без Валодзі і Валі. Прыбег, бо быў якраз на вуліцы.

Толя не «намагаў» у чым-небудзь, са сваімі бясконцымі «што хэта, ха?», а вельмі ж нешта раздурэўся. Спачатку ён, смеючыся, бегаў вакол жарабяці, якое таксама стамілася на ворыве, то гойсаючы там, то поўзаючы побач з маткай за плугам, і было вялаватае, нават і потнае. Потым Толя забегаў вакол Каштанкі і мяне. Я быў штосьці задуманы і не заўважыў, як ён, збочыўшы з круга, скокнуў кабыле пад жывот і, выскачыўшы па другі бок, радасна, пераможна крыкнуў:

— Міся, глядзі!

Я вінаваты быў, што не спыніў, не паўшчуваў яго, і ён, нібыта разгуляўшыся паміж ножкамі стала, шмыгануў пад Каштанку зноў. І ўжо не проста пад жывот, а з-пад жывата паміж задніх ног. Стомленая, злосная ад мух кабыліца капрызна трэпнула нагой, і Толя паляцеў ад яе — збоку ад плуга. Я рвануўся да яго, а Каштанка, з яшчэ нязнятым хамутом, — ад нас. Як быццам са страху: чаго нарабіла!.. Малы — на зямлі, пад нагамі — зайшоўся ад плачу, заліўся крывёю... На мой страшэнны крык прыбег сам Пронька, бо дома ў нас нікога не было. Ён моўчкі схапіў Толіка з маіх рук і подбегам панёс дамоў.

А я, ужо не памятаючы не толькі пра кабылу з жарэбем ды пра плуг сярод двара, — нічога не памятаючы, пайшоў чамусьці да гумна.

У пустым, падрыхтаваным для новых снапоў прыстаранку, ад мышэй засланым церпка-духмяным палыном, я вяла лёг вачыма ў той палын і, нічога не бачачы, не чуючы, паўтараў:

— Я за-біў ча-ла-ве-ка... Я за-біў ча-лаве-ка...

Паўтараў і трымаўся за гэтыя бездапаможна доўгія словы, як быццам нацягнутыя вяровачкай, сям-там перацёртай, нацягнутыя назаўсёды над чорнай ужо прорвай, паўтараў і нібы ў іх, у слоў гэтых, прасіў паратунку.

Павінна была прыйсці Толева бабуля, жміндлівая «мая каманда», і праклясці мяне самым апошнім праклёнам. І я нават не варухнуўся б у сваім палыне.

Павінен быў прыйсці важны Пронька і, як бацька, забіць мяне тут. І я не падумаў бы абараняцца або крычаць.

Павінна была прыйсці сама яна, Зося, і ў мяне не знайшлося б ні духу, ні сілы, каб устаць і зноў упасці — да ног яе, ногі ёй цалаваць...

Ніхто не ішоў.

Хоць бы ўжо маці наша прыйшла напаследак, але ж яна яшчэ там усё недзе, у цёткі Агаты, сваёй сястры, што захварэла цяжка ў сваіх Несутычах.

І прыйшоў мой Васіль, што ездзіў з дзядзькам Раманам у Мір, прадаваць вішні, і вось якраз — як жа дарэчы! — вярнуўся.

Васіль таксама многа чытаў. Днямі ён з нейкай, як заўсёды, выпадковай кнігі (цяпер не памятаю ўжо, з якой) вычытаў мянушку для мяне, яшчэ адну, нязлосную і толькі нашу, смешную для нас дваіх.

— Ганс-бублік, — сказаў ён, — не плач! Толя жывы. Адно на лобе трошкі шкрабанула. Уставай!

Толькі тады я заплакаў.

...Якое шчасце! — я не забіў, ён і сёння жыве, толькі з ледзь-ледзь прыкметным рубчыкам на разумным ілбе матэматыка. Мы сустракаемся рэдка, але прыемна. Толькі ні разу за сорак гадоў не сустрэліся ў нашай вёсцы, дзе ўжо нікога ў нас абодвух не засталося, а ўсё тут, у горадзе, дый то больш па тэлефоне. Адносіны ў нас сталыя, бо і яму ўжо за пяцьдзесят, але ж і сёння ў мяне, нібы калісьці з Васілём, ёсць і толькі сваё, патаемнае. Не сказаць жа яму, што падлеткам я быў закаханы ў ягоную маці, цяпер даўно ўжо бабулю, што дажывае недзе пры адной з вясковых дачок.

«Быў закаханы...» А ці ж яно — усё тое — зусім-зусім прайшло?..

Вось жа і сёння я не той свой жах успомніў адразу, а ці не раней за яго — тую ўсмешку, хоць і не мне, праз дзверы, што зачыняліся з сярэдзіны.

Чаму ён, гэты ўспамін, які мне зрэдку пабліскваў калісьці у маладзейшай памяці, цяпер паўтарыўся, нібы зусім не паблеклы ад часу?

Учора бачыў я хлопчыка на руцэ ў маладзенькай і маладосцю сваёй сімпатычнай мамы. Мы стаялі ў магазіне самаабслугоўвання, у чарзе да касы. У правай руцэ маладой гаспадынькі, што стаяла перада мною, быў металічны кошык з хлебам, маслам і пакетам малака, а на левай яна трымала малога. Яго чарнявая галоўка была, над маміным плячом, павернута тварыкам да мяне, а мама не азіралася, і твару яе я не бачыў. Толькі профіль мільгнуў разы два.

Малы, які пакуль што ведае, відаць, адно-два-тры першыя словы, так пільна прыглядаўся да мяне, і смех так міла хадзіў па ягоных губах і вачах, што я, ледзь не міжволі, падміргнуў яму. І ён, нарэшце, усміхнуўся. А мне прыгадалася раптам яшчэ падлеткам сустрэтае ў Лермантава: «Воздух чист и свеж, как поцелуй ребенка». І любоў да дзяцей, асабліва бацькоўская, непасрэдна найшчаслівейшая, быццам уся адразу, як сонечны, буйнакраплісты дождж на траву і лістоту, вярнулася да мяне.

Маладзенькая маці малога мне, вядома ж, не ўсміхнулася. Мне гэта ўчора як быццам і не патрэбна было. Зрэшты, твару яе я так і не ўбачыў, а ўсмешку хлопчыка, адрасаваную мне, не бачыла яна.

Затое праз усмешку, чыстую і свежую, як пацалунак дзіцёнка, — як ні дзіўна, а то і недарэчна, няскромна здасца каму-небудзь, — я зноў убачыў усмешку тое матулі, нашай вясковай суседачкі Зосі, убачыў амаль па-юнацку хвалююча, сёння здаецца — усё-такі чыста.


1983

Тэкст падаецца паводле выдання: Брыль Я. Сёння і памяць: Апавяданні, мініяцюры, эсэ. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 317 с., 317 л.
Крыніца: скан