epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Брыль

Нацюрморт

Вясковыя суседзі. Былыя падпольшчыкі, пасля партызаны, якім было тады па дваццаць з нечым. Цяпер адзін з іх падпалкоўнік на пенсіі, а другі, пасля адыходных заробкаў, нарэшце, звычайны калгаснік, дома гаспадар, маладзейшы па стажы пенсіянер.

Сусед прынёс суседу кошык яблыкаў. Падпалкоўнік здзіўлена смяецца:

— А я занясу табе кошык сваіх!

Процьма сёлета гэтага дабра, людзі не ведаюць, што з ім рабіць. І ніхто ў гэтым не памагае.

Утрох мы гаворым пра такую безгаспадарчасць, а кошык стаіць на чыстай, охрыстай, асветленай сонцам падлозе. Звычайны кошык сваёй работы, з недалёкай надрэчнай лазы. Ужо спрацаваны, бо многа папанасіў, перш за ўсё бульбы, у розную пагоду-непагадзь. А яблыкі — я ем адно — такія свежыя, вялікія, чырванабокія, салодкія. І хочацца сказаць пра гэты кошык, повен яблыкаў. З увагі на таго, хто вырасціў іх, хто кошык сплёў, я гавару як найпрасцей:

— І паглядзець на такое добра.

А ён, сусед, з выгляду прасцецкі, малазнаёмы мне чалавек, дадае нечакана:

— Ага. Нацюрморт!

Гэта гучыць не як акрэсленне — як пахвала. Толькі ж не хочацца згадзіцца з тым, што гэта — «натура мёртвая». Хай сабе рабачай-кошык — ён стары, безліч разоў то мокры, то сухі, хай сабе дошкі падлогі таксама сухія, а яшчэ і прыглушаныя фарбай. Але ж сонца, што свеціць так шчодра і весела, але ж яблыкі, што румяныя ў сопцы — ну, як жывыя!

Пасля, калі сусед пайшоў, гаспадар расказаў:

— Які цудоўны быў хлопец! Напрадвесні сорак другога, дома яшчэ седзячы, майстраваў міну, а яна ўзяла ды ўзарвалася. Сабе пакалечыў нагу, маці крыху пакалечыў. Як ні страшна было, павезлі ў раён, у бальніцу. Зондэрфюрэр пачуў і так зацікавіўся, што сам прыходзіў хлопца паглядзець. Валодзя быў непрытомны, дык немец маці яго дапытваў, з перакладчыцай. Маці прыдумала, што разбівалі па полі гной і нешта, ліха яму, узарвалася. «Больш нічога, паночак, не памятаю...» Медсястра, калі паранены апрытомнеў, сказала яму гаварыць толькі так, як гаварыла маці. Калі ж ён трохі акрыяў, яна параіла лепш уцякаць дахаты. Ён і ўцёк, да лесу, два кіламетры, сяк-так дакульгаў, а там з падводай пашанцавала... У партызанах таварыш здорава міны рабіў. І з самалётных бомбаў тол выплаўляць сам прыдумаў, і такую міну змайстраваў, што ўзрывалася не пад платформай, якая ішла спераду, а пад самім паравозам. А сталі яны дзве платформы спераду пускаць — ён і на гэта міну прыдумаў!.. Цяпер мы ведаем, што не адзін ён быў такі вынаходнік, што так рабілі і ў іншых брыгадах, што потым міны нам прысылалі, прыносілі з-за фронту, з Вялікай зямлі. Ведаем. Але ж спачатку былі мы толькі самі па сабе, ад самага глухога нізу, ад самай беднай беднасці пачыналі. І вось такія ўмельцы...

Падпалкоўнік расказвае, захапіўся.

А поўны кошык, асветлены сонцам, стаіць сярод хаты. Натура жывая.

1981


1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Брыль Я. Сёння і памяць: Апавяданні, мініяцюры, эсэ. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 317 с., 317 л.
Крыніца: скан